СЕРАКАРО́ТНЯ,

возера ў Сенненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лучоса, за 34 км на У ад г. Сянно. Пл. 1,75 км², даўж. 5,2 км, найб. шыр. 650 м, найб. глыб. 5,8 м, даўж. берагавой лініі 12,3 км. Пл. вадазбору 194 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 10—15 м (на З да 20 м), на У і ПдУ выш. 4—5 м, пад хмызняком, часткова разараныя. Тэраса выш. 1,5 м. Берагі на Пн зліваюцца са схіламі, на Пд і З нізкія, на У участкамі сплавінныя. Мелкаводдзе пясчанае, астатняя ч. дна ілістая. Паласа надводнай расліннасці шыр. да 30 м, месцамі адсутнічае. Моцна зарастаюць зах. і ўсх. ч. возера. Расце ахоўны від флоры Беларусі — наяда марская. Праз С. цячэ р. Серакаратнянка.

т. 14, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ПУЦЬ,

рака ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., Добрушскім і Гомельскім р-нах Гомельскай вобл., Смаленскай і Бранскай абл. Расіі, левы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 437 км (у межах Беларусі 64 км). Пл. вадазбору 10 900 км². Пачынаецца за 800 м на З ад в. Нядзведзь Клімавіцкага р-на. Асн. прытокі Надва, Унеча (злева), на Беларусі — Няцёша, Харапуць (злева), Ачоса (справа). Вярхоўе ракі на Аршанска-Магілёўскай раўніне, прывусцевыя ўчасткі ў Гомельскім Палессі. Даліна трапецападобная, шыр. ў вярхоўі 1—1,5 км, ніжэй 2,5—3,5 км, на ўчастку ад г. Сураж да вусця 4—8 км. Пойма двухбаковая, у нізоўі перасечаная старыцамі з азёрамі старычнага тыпу, шыр. ад 200 м да 3,5 км. Рэчышча каналізаванае ад вытоку да мяжы з Расіяй на працягу каля 24 км, ніжэй звілістае, шыр. яго ў вярхоўі 1,5—12 м, на астатнім працягу 20—50 м. Берагі стромкія і абрывістыя, выш. да 2 м. Замярзае ў 1-й пал. снеж., крыгалом у канцы сак. — пач. красавіка. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 55,6 м³/с. На рацэ каля в. Цімошкі Клімавіцкага р-на плаціна і сажалка, плаціна ў г. Добруш. Гарады: Сураж (Расія), Добруш.

Рака Іпуць каля Добруша.

т. 7, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́СВІДА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., на мяжы з Віцебскім р-нам, у бас. р. Храпаўлянка, за 7 км на Пд ад г. Гарадок. Пл. 11,42 км², даўж. каля 7,1 км, найб. шыр. каля 4,9 км, найб. глыб. 20,2 м, даўж. берагавой лініі 25,6 км. Пл. вадазбору 107 км². Схілы катлавіны выш. да 15 м (на ПнЗ і З да 4 м), на Пн і У стромкія, парослыя лесам, часткова разараныя. 3 вял. залівы, паўн.-зах. аддзелены ад возера пясчанай водмеллю (глыб. 0,2 м). Берагі выш. да 1,5 м, месцамі абразійныя ці зліваюцца са схіламі, на паўн.-зах. і паўд.-зах. нізкія, часткова забалочаныя. Падводная ч. катлавіны складанай будовы (упадзіны чаргуюцца са шматлікімі мелямі). Шыр. зоны мелкаводдзя да 25 м у залівах і да 250 м уздоўж паўд. і паўд.-ўсх. берагоў. Дно ў прыбярэжнай ч. да глыб. 6 м выслана пяскамі, на У і Пн пясчана-галечнымі адкладамі і валунамі. Уздоўж берагоў зарастае надводнай расліннасцю (шыр. паласы да 150 м). У возеры растуць рэдкія для флоры Беларусі ахоўныя віды: палушнік азёрны, наяды малая і марская, частуха Валенберга, гідрыла кальчаковая. У возера ўпадае р. Чарніца і 4 ручаі, на У выцякае ручай у воз. Цыганова. Уваходзіць у зону адпачынку Лосвіда. На беразе турбаза «Віцебская», спарт. база, лодачная станцыя.

т. 9, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАВІ́ТА,

возера ў Беларусі, у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнуйка, за 30 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,48 км², даўж. 0,65 км, найб. шыр. 0,25 км. Пл. вадазбору 18,1 км². Дно выслана гліністымі глеямі. Зарастае.

т. 2, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́МУНДСЕНА КАТЛАВІ́НА,

падводная катлавіна ў Паўн. Ледавітым ак., паміж хрыбтамі Ламаносава і Гакеля. Даўж. каля 2 тыс. км; шыр. 200—400 км. Глыб. да 4485 м. Дно выраўнаванае, укрытае гліністымі глеямі. У межах Амудсена катлавіны — Паўночны полюс. Названа ў гонар Р.Амундсена.

т. 1, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ТАЧ,

возера ў Беларусі, у Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., на пойме Прыпяці, за 15 км на ПдУ ад г. Жлобін. Пл. 0,2 км², даўж. 2,5 км, найб. шыр. 160 м. Злучана пратокай з воз. Паграбы, выцякае ручай у р. Окра.

т. 3, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ХШСКАЯ ДАЛІ́НА,

міжгорная даліна паабапал сярэдняга і ніжняга цячэння р. Вахш у Таджыкістане. Даўж. 110 км, шыр. 7—25 км, выш. ад 400 да 1200 м. Складзена пераважна з алювіяльных адкладаў. Радовішчы нафты і газу. Арашальныя сістэмы. Пасевы доўгавалакністага бавоўніку. Пладаводства.

т. 4, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ВЕЦ,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Палата, за 26 км на ПнУ ад Полацка, сярод лесу. Пл. 0,3 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 400 м. Пл. вадазбору 4,88 км². Пратокай злучана з воз. Чарвятка.

т. 4, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМАШЭ́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Шчара, за 7 км на ПнЗ ад г. Баранавічы. Пл. 0,25 км², даўж. 550 м, найб. шыр. 500 м. Праз ручай і сістэму меліярац. каналаў злучана з р. Шчара.

т. 6, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́БРАЕ ВО́ЗЕРА,

у Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., у пойме р. Дняпро, за 5 км на Пд ад г. Рагачоў. Пл. 0,28 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 120 м. Старычнае. Ўсх. бераг пад лесам. На Пн злучана ручаём са старыцамі.

т. 6, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)