пісьменства, створанае на аснове уйгурскага алфавіта (гл.Уйгурскае пісьмо). Першыя помнікі М.п. — надпіс на т.зв. Чынгісавым камені (1225), Пісьмо іль-хана Аргуна (1289). Напрамак пісьма зверху ўніз, радкі чытаюцца злева направа, знакі паліфоннага характару (многія перадаюць па 2 ці 3 фанемы). У залежнасці ад становішча ў слове некат. знакі маюць 2 ці 3 абрысы. У алфавіце 20 асн. і 8 дадатковых літар (для перадачы іншамоўных гукаў) — вытворныя ад 14 асн. знакаў уйгурскага алфавіта, які захоўваўся ў манголаў у запазычаным выглядзе; на мяжы 16—17 ст. у яго ўнесены значныя змены. Вядомы таксама квадратнае пісьмо (13—14 ст., на аснове тыбецкага алфавіта), з 17 ст. — айрацкае «яснае пісьмо» Зая-Пандзіты (на аснове «старога пісьма»; атрымала шырокае распаўсюджанне сярод айратаў і калмыкаў). М.п. існавала да 1931 у буратаў (Бурація) і да 1945 у Манголіі; ва Унутр. Манголіі (Кітай) ім працягваюць карыстацца.
Літ.:
Санжеев Г.Д. Старописьменный монгольский язык. М., 1964;
Яго ж. Лингвистическое введение в изучение истории письменности монгольских народов. Улан-Удэ, 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКЕТРЫ́ (франц. marqueterie),
розныя паводле колеру і тэкстуры фігурныя пласцінкі фанеры, якія наклейваюць на аснову (дрэва і інш.) для аздобы мэблі і інш. хатніх рэчаў, пры вырабе дэкар. пано; від мазаікі. Вядомы з даўніх часоў. Найб. росквіту дасягнулі ў 17—18 ст. у Францыі і Германіі. На Беларусі вядомы з сярэднявечча, у 17—19 ст. у тэхніцы М. аздаблялі дзверы палацаў, мэблю, куфэркі і інш. рэчы дэкар.-прыкладнога характару. Пашырыліся ў 1940—60-я г. (пано з сюжэтнымі кампазіцыямі, партрэты, арнаментацыя мэблі работы Я.Арлова, С.Вольскага, Р.Гебелева, Дз.Сакажынскага, К.Цяўлоўскага, Р.Чарнова, А.Шахновіча і інш.). У сюжэтна-тэматычных кампазіцыях прыкметна імкненне да імітацыі жывапісных твораў; мэблю, куфэркі аздаблялі арнаментам, які імітаваў вышыты ці тканы. Майстры 1970—90-х г. падкрэсліваюць прыродныя асаблівасці дрэва (слаістасць, рысунак валокнаў), што часам абумоўлівае характар кампазіцыі твораў. Дэкар. пано (пейзажы, партрэты, нацюрморты, сюжэтныя кампазіцыі) вырабляюць майстры ф-к маст. вырабаў, прафес. мастакі (П.Гапак), самадз. майстры (І.Раманчук, У.Іваноў, П.Грыгор’еў).
Я.М.Сахута.
Да арт.Маркетры. Спендлер П.Л. Фрагмент кампазіцыі «Паляванне».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВЫ ШЛЯХ»,
часопіс. Выдаваўся ў студз. 1942 — маі 1944 у Рызе з дазволу і пры падтрымцы герм. улад на рус. (наз. «Новый путь») і бел. мовах. Матэрыялы агульнапаліт. характару былі аднолькавыя. Рэдакцыя бел. варыянта знаходзілася ў Мінску (гал. рэдактар У.Сядура), у Рызе выданне рыхтаваў да друку К.Езавітаў. У падрыхтоўцы матэрыялаў прымаў удзел аддзел прэсы рэйхскамісарыята «Остланд». Друкаваў агульнапаліт. і ваен. агляды, артыкулы, у якіх усхваляліся лад жыцця, навука і культура фаш. Германіі, нарысы і фотанарысы пра розныя краіны і рэгіёны свету. Змясціў шмат публікацый пра бел.нар. творчасць, архітэктуру, жывапіс, музыку, тэатр, дзейнасць Беларускага культурнага згуртавання, матэрыялы да юбілеяў Ф.Аляхновіча, К.Каганца, А.Кіркора, І.Насовіча, Е.Раманава і інш., успаміны Аляхновіча, Я.Лёсіка, літ. творы Н.Арсенневай, У.Дудзіцкага, М.Кавыля, У.Клішэвіча, Т.Лебяды, А.Салаўя, М.Сяднёва і інш. фотанарысы «Вуліцамі Менска», «25 год Віленскай беларускай гімназіі», «Першае пасяджэнне аб урачыстым адкрыцці і дзейнасці Беларускай цэнтральнай рады» і інш. Друкаваў хроніку з гарадоў Беларусі. Выйшла 45 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПА́МЯЦЬ»,
шматтомнае серыйнае выданне энцыклапедычнага характару гісторыка-дакументальных хронік раёнаў і гарадоў Беларусі. Выдаецца паводле пастановы ўрада Рэспублікі Беларусь «Аб выданні ў рэспубліцы кніг Памяці» на бел. мове (асобныя дакументы і матэрыялы на рус. мове). Для падрыхтоўкі рукапісаў створаны гар. і раённыя камісіі з удзелам вучоных і краязнаўцаў. Выданне пачата выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі ў 1985 («Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Шумілінскага раёна»). На 2000 над выданнем кніг серыі працуюць усе дзярж. выд-вы, выдадзена больш за 70 кніг. Кожная кніга мае раздзелы: «Ад часоў першабытных — 1917», «1917—1941», «1941—1945», «1945 — да нашых дзён». Цэнтр. месца ў выданні прысвечана перыяду Вял.Айч. вайны, у якім змешчаны спісы воінаў Чырв. Арміі, што загінулі ў час абароны і вызвалення раёна (горада) і пахаваны на яго тэрыторыі; воінаў-землякоў, якія загінулі ці прапалі без вестак; партызан, падпольшчыкаў, удзельнікаў антыфаш. руху, асоб, якія садзейнічалі партыз. руху і падполлю. У апошнім раздзеле вельмі значныя падраздзелы «Матэрыяльная і духоўная спадчына» і «З гісторыі населеных пунктаў». У кнізе вял. месца адведзена дакумент. матэрыялам. Кожнае выданне багата праілюстравана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Яраслаў Фёдаравіч) (н. 11.6.1942, г. Буда-Кашалёва Гомельскай вобл.),
бел. спявак (бас). Нар.арт. Беларусі (1984). Скончыў Бел. кансерваторыю (1974). З 1973 у Нац.акад. т-ры оперы Беларусі. Валодае моцным голасам прыемнага тэмбру, шырокага дыяпазону, сцэнічнай абаяльнасцю. Творчасці ўласцівы тэмперамент і шчырасць у перадачы пачуццяў, глыбокае пранікненне ў вобраз, гранічная выразнасць кожнага характару. Стварыў запамінальныя эпічна-велічныя, глыбока драм. і разам з тым чалавечныя вобразы. Сярод партый: Найміт («Сівая легенда» Дз.Смольскага), Дварэцкі («Візіт дамы» С.Картэса), Рыгор («Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Канчак, князь Ігар, Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Грэмін, кароль Рэнэ («Яўген Анегін», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Іван Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Кутузаў («Вайна і мір» С.Пракоф’ева), Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Сальеры («Моцарт і Сальеры» М.Рымскага-Корсакава), Філіп П, Рамсіс, Спарафучыле, Мантэроне («Дон Карлас», «Аіда», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Бартала (Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Зарастра («Чароўная флейта» В.А.Моцарта). У канцэртным рэпертуары бел. і рус.нар. песні, творы бел. кампазітараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНЕ́ШНІ ГА́НДАЛЬ,
продаж і купля тавараў, каштоўных папер на міжнар. рынку; адна з форм знешнеэканамічных сувязей. Падзяляецца на экспарт (вываз) і Імпарт (увоз) тавараў і паслуг. У аснове экспартна-імпартных адносін паміж краінамі ляжыць міжнародны падзел працы. Знешнегандл. аперацыі залежаць ад характару крэдытнай сістэмы краіны, форм і ўмоў банкаўскага забеспячэння знешнегандл. разлікаў, валютных правіл і валютнага рэгулявання, а таксама канкрэтных фін. умоў знешнегандл. кантактаў. Дзейнасць знешнеэканам. комплексу базіруецца на шэрагу палажэнняў прававога, арганізац.-тэхн., гандл.-паліт., эканам. і інфармацыйна-кансультатыўнага характару, якія дазваляюць яго ўдзельнікам эфектыўна выступаць на знешнім рынку і ўзгадняць вынікі знешнеэканам. аперацый з агульнымі вынікамі гасп. дзейнасці. Сродкі рэгулявання З.г.: тарыфы, падаткі, акцызныя зборы, колькасныя абмежаванні, ліцэнзіі і інш.Найб. пашыраны мытныя тарыфы, рэгуляванне знешнегандл. патокаў або абарона нац. вытворцаў. Гандлюючыя краіны знаходзяцца ў розных дагаворна-паліт. адносінах, могуць з’яўляцца членамі мытнага саюза, эканам. саюза, мець падпісаныя дагаворы аб спрыяльным рэжыме або не мець ніякіх пагадненняў у сферы гандлю. Прывілеі і льготы тычацца велічыні мытнай абароны, г.зн. ставак мытнай пошліны. Існуючая міжнар. прававая сістэма выключае магчымасць прыняцця аднабаковых мер па павышэнні або змяненні мытна-тарыфных ставак. Для змены тарыфаў цяпер патрэбны кансультацыі на міжнар. узроўні і падрабязнае абмеркаванне сітуацыі ў нац. эканоміцы. Імкнучыся захаваць за дзярж. кіраўніцкімі структурамі магчымасць хутка рэагаваць на зменлівыя абставіны, нац. дзяржавы разам з пошлінамі выкарыстоўваюць і інш. блізкія да іх меры рэгулявання (імпартныя тавары абкладаюцца спец. падаткамі і зборамі, імпартныя і экспартныя субсідыі, колькасныя абмежаванні, кватаванне і ліцэнзаванне). Колькаснае выражэнне ступені залежнасці эканомікі краіны ад З.г. вызначаецца адносінамі аб’ёму экспарту або імпарту да аб’ёму нац. даходу. Пры ацэнцы стану краіны ў міжнар. разліках перш за ўсё вызначаюцца суадносіны экспарту і імпарту, якія адлюстроўваюцца ў гандл. балансе. Рэспубліка Беларусь ажыццяўляе знешнегандл. сувязі больш як са 150 краінамі свету. У 1996 агульны аб’ём З.г. Беларусі склаў 12,4 млрд.дол. ЗША (павялічыўся ў параўнанні з 1995 на 20%), экспарт тавараў — 5,5 млрд.дол. (на 17%), імпарт — 6,9 млрд.дол. (на 23%). Тавараабарот з краінамі СНД у 1996 склаў 8,2 млрд.дол., у т. л. з Расіяй — 6,4 млрд.дол. Аб’ём З.г. Рэспублікі Беларусь з інш. краінамі ў 1996—4,2 млрд.дол., у т. л. з Германіяй — 978 млн.дол., Польшчай — 519,6 млн.дол., Літвой — 320,6 млн.дол., ЗША — 212 млн.дол. 3 дапамогай каэфіцыента пакрыцця (суадносіны экспарту да імпарту ў працэнтах) можна супастаўляць дынаміку абодвух патокаў, што складаюць З.Г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ДКАСЦЬ,
агрэгатны стан рэчыва, прамежкавы паміж цвёрдым і газападобным. Фіз. ўласцівасці і структура (блізкі парадак) залежаць ад хім. прыроды часцінак вадкасці і характару ўзаемадзеяння паміж імі. Спалучае ўласцівасці цвёрдага (малая сціскальнасць, свабодная паверхня, трываласць на разрыў пры ўсебаковым расцягненні і інш.) і газападобнага (зменлівасць формы) рэчываў. Існуе пры т-рах у інтэрвале ад т-ры крышталізацыі да т-ры кіпення і цісках большых, чым у трайным пункце.
Цеплавы рух малекул вадкасці складаецца з ваганняў каля стану раўнавагі і рэдкіх пераскокаў з аднаго раўнаважнага стану ў іншы, чым абумоўлена асн. ўласцівасць вадкасці — цякучасць. Адрозненні паміж вадкасцю і газам знікаюць у крытычным стане; пры больш высокіх т-рах вадкасць не існуе ні пры якім ціску. Некат. рэчывы маюць некалькі вадкіх фаз (напр., квантавыя вадкасці, вадкія крышталі). Нераўнаважныя цеплавыя і мех. працэсы ў вадкасці. (напр., дыфузія, цеплаправоднасць, электраправоднасць і інш.) вывучаюцца метадамі тэрмадынамікі неабарачальных працэсаў; мех. рух вадкасці як суцэльнага асяроддзя вывучае гідрадынаміка, няньютанавы (структурна-вязкасныя) вадкасці — рэалогія.
Літ.:
Крокстон К. Физика жидкого состояния: Пер. с англ.М., 1978;
Динамические свойства твердых тел и жидкостей: Пер. с англ.М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННЫ САВЕ́Т,
калегіяльны орган ваен. і паліт. кіраўніцтва, прызначаны для абмеркавання прынцыповых пытанняў ваен. будаўніцтва, арганізацыі ваен. дзеянняў, кіравання, падрыхтоўкі і забеспячэння войск. У залежнасці ад задач і прызначэння ваенны савет можа стварацца ў маштабе ўзбр. сіл, віду ўзбр. сіл, фронту, арміі, корпуса. Пастаянныя ваенныя саветы дарадчага характару існуюць у вышэйшых ваен. інстанцыях большасці дзяржаў свету. У Вялікабрытаніі пры Мін-ве абароны дзейнічае савет абароны, а пры дэпартаментах відаў узбр. сіл — адпаведныя яго к-ты (армейскі, ваенна-паветр., адміралцейства). Блізкія па структуры сістэмы ваенных саветаў існуюць у Германіі, Францыі і інш. У пач.Вял.Айч. вайны ў СССР існавалі ваенныя саветы франтоў на чале з камандуючымі войскамі, ВПС, войск ППА краіны, у 1942 — бранятанк. і механіз. войск, у 1943 — пры камандуючым артылерыяй і ваенным саветам. Гал. ўпраўлення фарміраванняў і ўкамплектавання Чырв. Арміі. У мясцовасцях, дзе абвешчана ваен. становішча, ваенныя саветы перадаваліся функцыі органаў дзярж. улады. Ва ўзбр. сілах краін СНД існуюць ваенныя саветы ў відах узбр. сіл, ваен. акругах, акругах ППА, на флатах, у арміях, флатыліях, пагран. войсках, войсках МУСі г.д. Вышэйшым калегіяльным органам ваен. кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь з’яўляецца калегія Мін-ва абароны, а ў ВПС, войсках ППА і армейскіх карпусах — ваенны савет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЯ́ЛЬНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н, бактэрыёзы,
хваробы раслін, якія выклікаюцца неспараноснымі бактэрыямі з сямействаў мікабактэрый, псеўдаманадаў, бактэроідаў. Пашыраны ва ўсім свеце. Многія вельмі шкодныя, асабліва ў паўд. раёнах зямнога шара. Прычыняюць страты с.-г. культурам: бульбе, памідорам, агуркам, капусце, буракам, бабовым, бавоўніку, тытуню, пладовым, вінаграду і інш. Пашкоджанні бываюць: агульныя (выклікаюць гібель усёй расліны або асобных яе частак — гамоз бавоўніку, сасудзісты бактэрыёз капусных), выяўляюцца на каранях (каранёвыя гнілі) або ў сасудзістай сістэме (гл.Сасудзістыя хваробы раслін); мясцовыя (захворванні асобных частак або органаў расліны — бактэрыяльная мокрая гніль агародніны, бактэрыёз агуркоў і дыні), выяўляюцца на парэнхімных тканках у форме апёкаў раслін, плямістасцяў раслін і мокрых гніляў: мяшанага характару (сасудзіста-парэнхіматозныя хваробы, напрыклад, бактэрыёз сланечніку). Асобнае месца займаюць бактэрыяльныя хваробы раслін, звязаныя з утварэннем пухлін (бактэрыяльны каранёвы рак пладовых). Бактэрыі пранікаюць у расліну праз вусцейкі лісця, вадзяныя поры, розныя раны. Перадача ўзбуджальнікаў магчыма з насеннем і пасадачным матэрыялам, расліннымі рэшткамі, кроплямі дажджу, паліўнымі водамі, насякомымі, нематодамі і інш. Меры барацьбы гл. ў арт.Хваробы сельскагаспадарчых раслін.
Літ.:
Бактериальные болезни растений. М., 1981;
Дорожкин Н.А., Бельская С.И. Болезни картофеля. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́НТЭ (Brontë),
англійскія пісьменніцы, сёстры. Нарадзіліся ў Торнтане, графства Йоркшыр (Вялікабрытанія). Працавалі настаўніцамі. У 1846 выдалі зб. вершаў пад псеўд. браты Бел. Тэма жаночай свабоды, ідэал паўнакроўнага, яркага, не ўшчэмленага жорсткімі ўмоўнасцямі жыцця ўласцівы творчасці ўсіх Бронтэ: увялі ў англ. л-ру 19 ст. вобраз незалежнай жанчыны, роўнай мужчыне па інтэлекце і сіле характару.
Шарлота (псеўд.Карэр Бел; 21.4.1816—31.3.1855), аўтар сац.-псіхал. раманаў «Настаўнік» (1846, выд. 1857), «Джэйн Эйр» (т. 1—3, 1847), «Шэрлі» (т. 1—3, 1849), «Вілет» (т. 1—3, 1853). Эмілі Джэйн (псеўд.Эліс Бел; 30.7.1818—19.12.1848) належаць рэфлексійна-філас. вершы і раман «Пагоркі буйных вятроў» (1847, рус.пер. «Навальнічны перавал», 1956) — гісторыя трагічнага кахання батрака і дачкі яго гаспадароў — цесна звязаны з эстэтыкай рамантызму. Ганна (псеўд.Актан Бел; 17.1.1820—28.5.1849), аўтар вершаў, раманаў «Агнес Грэй» (1847, аўтабіягр.), «Арандатар Уайлдфел-Хола» (1848).
Тв.:
Рус.пер. — Бронте Ш. Городок: Роман. М., 1990;
Джейн Эйр: Роман. Мн., 1992;
Бронте Э. Грозовой перевал: Роман. М., 1988;
Бронте А. Агнес Грей: Роман;
Незнакомка из Уайлдфелл-Холла: Роман;
Стихотворения. М., 1990.
Літ.:
Тугушева М. Шарлотта Бронте: Очерк жизни и творчества. М., 1982.