сістэма поглядаў і ідэй, у якіх адлюстроўваюцца адносіны людзей да рэчаіснасці. Засн. на веры ў ажыццявімасць сацыяльна значных патрэбнасцей, інтарэсаў і мэт сац. груп, класаў, партый і інш. суб’ектаў грамадскіх адносін. Уласна І. з’яўляюцца рэлігія і філасофія, якія зыходзяць з ідэалізаванага, бясконцага быцця і небыцця; ідэалаг. кампаненты прысутнічаюць у эканам., паліт., эстэт. і інш. поглядах. Тэрмін «І.» ўвёў у навук. ўжытак франц.філосаф і эканаміст А.Дэсцют дэ Трасі («Элементы ідэалогіі», т. 1—4, 1801—15) для абазначэння навукі аб ідэях як асновы этыкі, маралі і палітыкі. Пазней пад І. сталі разумець не вучэнне пра ідэі, а самі ідэі, погляды, вучэнні, якія валодаюць спецыфічнымі прыкметамі. К.Маркс і Ф.Энгельс разглядалі І. як гістарычна зменлівыя погляды, адносілі да іх рэліг. і ідэаліст. вучэнні, сваё філас.-сац. вучэнне. У.І.Ленін увёў паняцце навук. І. для характарыстыкі марксізму. Прыхільнікі канцэпцыі дэідэалагізацыі (Р.Арон, Д.Бел і інш.) разглядалі І. як суб’ектыўна-прадузятае і адпаведна ненавук. адлюстраванне інтарэсаў розных сац. груп. Прадстаўнікі тэорыі рэідэалагізацыі (Э.Вінер, О.Лемберг і інш.) разглядаюць І. як сістэму ідэй, што вызначаюць каштоўнасці цывілізацыі, якія не паддаюцца рацыянальнаму, а значыць, навук. абгрунтаванню. Прыхільнікі канцэпцыі «контркультуры» (Ч.Рэйч, Т.Розак) звязвалі І. з праяўленнем ірацыянальных форм свядомасці. Прадстаўнікі «крытычнага рацыяналізму» (Г.Альберт, Т.Гайгер) атаясамлівалі І. з каштоўнаснымі суджэннямі і проціпастаўлялі яе «навук. суджэнням аб фактах».
Процістаянне ідэалаг. плыней вядома са старажытнасці. Новай з’явай стала паступовае фарміраванне (з 17 ст.) буйных паліт.-ідэалагічных плыней, якія афармляліся ў вучэнні, паліт. партыі, рухі (кансерватызм, лібералізм, утапічны сацыялізм, марксізм, анархізм, фашызм, народніцтва, сацыял-дэмакратыя і інш.). Характэрнай сучаснай з’явай стала абнаўленне традыц. І., з’яўленне іх некласічных форм: неамарксізму, неалібералізму, неакансерватызму і інш.
І. — кампанент грамадскай свядомасці, аб’ектыўная магчымасць існавання ў грамадстве розных І. Кожная І. прадпісвае сваім прыхільнікам, як трэба безумоўна ўспрымаць свет; у сапраўднасці існуе столькі вераванняў, колькі і «ісцін веры», ні адна з якіх не мае пераваг перад іншай з пункту гледжання аб’ектыўнай рэальнасці. І. здольныя аб’яднаць, мабілізаваць дзеянні сваіх прыхільнікаў, але яны здольныя і раз’ядноўваць людзей, якія прытрымліваюцца розных ідэалаг. поглядаў, ствараць паміж імі канфрантацыю (рэліг. войны, нац. канфлікты). Дэмакр. дзяржава гарантуе розныя светапогляды, у т. л.ідэалаг. плюралізм. У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь адзначаецца, што дэмакратыя ў краіне ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці паліт. ін-таў, 1. і поглядаў, a І. паліт. партый, рэліг. або іншых грамадскіх аб’яднанняў, сац. груп не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАДАЛО́ГІЯ,
1) сукупнасць прыёмаў даследавання, якія ўжываюцца ў якой-н. навуцы.
2) Вучэнне пра метадынавук. пазнання і пераўтварэнне свету, ужыванне навук. светапоглядных прынцыпаў да працэсу тэарэт. пазнання і практыкі. Пытанні М. пазнання былі аб’ектам увагі яшчэ ў антычнасці, калі Арыстоцель распрацаваў вучэнне аб катэгорыях як арганізуючых формах пазнання (сваю лагічную сістэму ён называў «арганонам» — універсальным сродкам ісціннага пазнання). У сярэдневякоўі праблемы М. не выходзілі за рамкі лагічных пабудоў. У новыя часы М. набыла самастойны статус у сістэме навук. ведаў. Англ.філосаф Ф.Бэкан упершыню ўзброіў навуку распрацоўкай індукцыйнага метаду, шляхам абгрунтавання ролі эмпірычных метадаў у пазнанні. Франц. вучоны Р.Дэкарт паставіў на першы план распрацоўку рацыяналістычных асноў М. пазнання, выкарыстанне дэдуктыўнага метаду. Спроба пераадолець абмежаванасць рацыяналістычнай і эмпірычнай плыней у М. была зроблена прадстаўнікамі ням. класічнай філасофіі І.Кантам, І.Фіхтэ, Ф.Шэлінгам, Г.Гегелем, якія ажыццявілі пераход да распрацоўкі дыялектычнай М. ў яе ідэаліст. форме. Пры гэтым дыялектыка разглядалася як усеагульны метад пазнання і духоўнай дзейнасці. Пераапрацаваныя на матэрыяліст. аснове дыялект. прынцыпы былі пакладзены ў аснову марксісцкай М. Дыялектычна-матэрыяліст. М. (К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін) зыходзіць з таго, што навук. пазнанне магчыма толькі тады, калі яно адлюстроўвае аб’ектыўныя законы прыроды і грамадства. Надаючы такой М. рысы ўсеагульнасці, марксізм разглядае яе таксама як сродак рэвалюцыйна-практычнага пераўтварэння рэчаіснасці.
Патрэбы навукі і практыкі 20 ст. абумовілі ператварэнне М. ў спецыялізаваную галіну ведаў. У адрозненне ад тэорыі пазнання, аб’ектам якой з’яўляецца пазнавальная дзейнасць у цэлым, М. акцэнтуе ўвагу на структурнай арганізацыі і сродках пазнання, унутр. механізмах і логіцы развіцця ведаў. Змястоўны аспект М. ўключае ў сябе такія праблемы, як: структура навук. ведаў увогуле і навук. тэорый у прыватнасці; структура і аперацыянальны склад метадаў навукі; крытэрыі навуковасці; заканамернасці нараджэння, функцыянавання і змены навук. тэорый; паняційны апарат навукі і прынятыя ў ёй спосабы тлумачэння; умовы і межы выкарыстання канкрэтных сродкаў М. і інш. Фармальны аспект М. ўключае фармалізаваныя і фармальныя метады даследавання; мову навукі; тыпалогіі сістэм ведаў і г.д. Істотны ўклад ў распрацоўку гэтага кірунку М. зрабілі прадстаўнікі неапазітывізму, якія шырока выкарыстоўвалі метады фармальнай логікі для аналізу навук. ведаў.
Літ.:
Бэкон Ф. Новый Органон // Соч. 2 изд. М., 1978. Т. 2;
Горский Д.П. Проблемы общей методологии наук и диалектической логики. М., 1966;
Кун Т. Структура научных революций: Пер. с англ. 2 изд. М., 1977;
Идеалы и нормы научного исследования. Мн., 1981;
Лоўдзі Д. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі: Пер. з англ.Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЮ́ ((Camus) Альбер) (7.11.1913, г. Мандові, Алжыр — 4.1.1960),
французскі пісьменнік, філосаф, прадстаўнік экзістэнцыялізму. Скончыў Алжырскі ун-т (1937). З 1939 у Францыі. Займаўся журналістыкай, тэатр. дзейнасцю. Загінуў у аўтамаб. катастрофе. Творчасць умоўна падзяляюць на 3 перыяды: «абсурду» (зб-кіфілас.-лірычных эсэ «Ніцво і твар», 1937; «Шлюбны баль», 1938; філас. эсэ «Міф пра Сізіфа». 1942; раманы «Шчаслівая смерць», нап. 1938, выд. 1971; «Чужаніца», 1942; п’есы «Калігула», «Непаразуменне», абедзве 1944), «бунту» (раман «Чума», 1947; п’есы «Аблога», 1948; «Праведныя», 1950; філас.-гіст. трактат «Чалавек, які бунтуе», 1951), «выгнання» (раман «Падзенне», 1956; зб-кі эсэ і апавяданняў «Лета», 1954, «Выгнанне і царства», 1957). Аўтар кніг «Злабадзённыя нататкі» (т. 1—3, 1950—58), «Шведскія прамовы» (1958), інсцэніровак твораў Ф.Дастаеўскага, У.Фолкнера і інш. У творах пераважаюць тэмы абсурднасці існавання, адзіноты, закінутасці чалавека і адначасова яго адказнасці за свае паводзіны, непазбежнасці маральнага выбару. Філас. глыбіня спалучаецца ў іх з моўным лаканізмам, амаль поўнай адсутнасцю метафар, рэмінісцэнцый. Зыходны пункт філас. разважанняў К. — трагічнае перажыванне смерці Бога, абвешчанай у свой час Ф.Дастаеўскім і Ф.Ніцшэ. Для К. яна азначала страту метафізічнага сэнсу жыцця чалавека.
На яго думку, вопыт чалавечага існавання, якое непазбежна заканчваецца смерцю, прыводзіць мыслячую асобу да ўсведамлення абсурднасці зямнога быцця; аднак гэта не павінна абяззбройваць чалавека, і ён выбірае бунт супраць усіх багоў, які надае каштоўнасць індывідуальнаму жыццю. Чалавек мусіць жыць і дзейнічаць так, каб адчуць сябе шчаслівым у гэтым абсурдным свеце. Трагічны вопыт вайны і Супраціўлення прывёў К. да эстэтыкі бунту, якая адраджала колішняе, антычнае значэнне л-ры і мастацтва, усёй духоўнай культуры, значэнне адзінства прыгажосці, дабра і справядлівасці ў жыцці як асобнага чалавека, так і ўсяго грамадства. Менавіта яны надаюць сэнс і веліч чалавечаму жыццю, творчасці і самой смерці; усведамленне абсурду прыводзіць да бунту, а бунт — да свабоды, у якой чалавек знаходзіць сэнс жыцця. К. лічыў, што жыццё чалавека — гэта пастаянная і няспынная творчасць, магчымая толькі ва ўмовах свабоды; без свабоды няма творчасці і ўсяго таго, што складае асноўныя вымярэнні чалавечых каштоўнасцей.
На бел. мову прозу К. перакладаў З.Колас. У Бел. т-ры імя Я.Коласа пастаўлена п’еса К. «Непаразуменне». Нобелеўская прэмія 1957.
Калігула // Пры зачыненых дзвярах: Драм. творы. Мн., 1995;
Рус.пер. — Избранное. Мн., 1989;
Сочинения. М., 1989;
Избр. произв.М., 1993;
Бунтующий человек. М., 1990;
Творчество и свобода: Статьи, эссе, зап. книжки. М., 1990.
Літ.:
Великовский С.И. Грани «несчастного сознания»: Театр, проза, филос. эстетика, эстетика А.Камю. М., 1973: Яго ж. В поисках утраченного смысла. М., 1979;
Кушкин Е.П. Альбер Камю: Ранние годы. Л., 1982;
Акудовіч В. Камень Сізіфа;
Білацэрківец Н. Ганебная «чалавечнасць» гісторыі;
Лявонава Е. Дастаеўскі і Камю // Крыніца. 1994. № 11(5);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫСТО́ЦЕЛЬ (Aristotelĕs; 384, грэчаская калонія Стагір, Фракія — кастрычнік 322 да нашай эры),
старажытнагрэчаскі філосаф і вучоны-энцыклапедыст. Вучань Платона. У 367—347 удзельнік Акадэміі платонаўскай. З 343 пры двары македонскага цара Філіпа, выхавальнік Аляксандра Македонскага. У 335 стварыў у Афінах філасофскую школу Лікей. У 323 быў абвінавачаны ў злачынстве супраць рэлігіі, пакінуў Афіны. У сваёй навуковай дзейнасці Арыстоцель ахапіў і сістэматызаваў практычна ўсе існуючыя ў антычнасці галіны ведаў. Галоўныя творы Арыстоцеля: «Катэгорыі», «Аналітыкі» 1-я і 2-я, «Метафізіка», «Фізіка», «Гісторыя жывёл», «Пра душу», «Нікамахава этыка», «Палітыка», «Рыторыка», «Паэтыка». У сваёй філасофіі крытыкаваў вучэнне Платона пра ідэі. У аснове быцця бачыў 4 пачаткі: форму, матэрыю, крыніцу руху і мэту. Паводле Арыстоцеля, форма як прынцып рэчы ператварае матэрыю як чыстую магчымасць рэчы ў рэальны, канкрэтны прадмет. Першарухавіком свету і вышэйшай мэтай яго развіцця лічыў Бога. Погляды Арыстоцеля мелі аб’ектыўна-ідэалістычны характар. Працэс пазнання разумеў як рух адчуванняў да універсалій, паколькі «ўсякія навуковыя веды ёсць веды пра агульнае». У касмалогіі стаяў на пазіцыях геацэнтрызму, прызнаваў мэтазгоднасць у жывой прыродзе, апісаў шматлікія віды жывёл. Як палітык быў выразнікам поліснай ідэалогіі: мэта дзяржавы — забеспячэнне шчаслівага жыцця грамадзян, выхаванне ў іх дабрачыннасці. «Добрымі» формамі ўлады лічыў арыстакратыю, манархію, «палітыю» (памяркоўная дэмакратыя), найгоршымі — тыранію, алігархію, ахлакратыю (панаванне натоўпу). У эстэтычных трактатах развіў тэорыю мастацтва, якая збліжаецца з рэалізмам. Вучэнне Арыстоцеля моцна паўплывала на пазнейшае развіццё філасофскай думкі.
Ідэі Арыстоцеля пачалі пранікаць на ўсходнеславянскія землі ў часы Кіеўскай Русі разам з элементамі грэка-візантыйскай і балгарскай пісьменнасці. У 14—15 стагоддзях на Беларусі распаўсюджваліся зборнікі, якія ўключалі ўрыўкі твораў Арыстоцеля. У эпоху Адраджэння ў беларускай грамадскай думцы рэзка ўзмацнілася цікавасць да яго твораў. Гэтаму садзейнічала навучанне беларускай моладзі ў еўрапейскіх універсітэтах (Кракава, Прагі, Падуі, Вітэнберга і інш.), дзе вучэнне Арыстоцеля складала аснову вышэйшай адукацыі. Ф.Скарына пісаў пра неабходнасць злучэння «Саламонавай і Арыстоцелевай мудрасці». Ва ўмовах рэфармацыйнага руху, пашырэння гуманістычнай ідэалогіі, узмацнення класавага і нацыянальнага проціборства прадстаўнікі прагрэсіўнай грамадскай думкі Беларусі асаблівае значэнне надавалі сацыяльна-палітычным і этычным дактрынам Арыстоцеля (С.Будны, Л.Зізаній, А.Волан і інш.). Элементы філасофіі Арыстоцеля ў гэты перыяд сталі вывучаць у пратэстанцкіх і праваслаўных брацкіх школах на Беларусі. У 1586 Ян Ліцыній Намыслоўскі выдаў «Дапаможнік для авалодання вучэннем Арыстоцеля». У 17—18 стагоддзях, у перыяд панавання ў навучальных установах Беларусі «другой схаластыкі», вучэнне Арыстоцеля тлумачылася ў духу рэлігійна-каталіцкай артадоксіі, але значна вырасла цікавасць да яго прыродазнаўчанавуковых канцэпцый; эклектыкі імкнуліся злучыць ідэі Арыстоцеля з новай навукай. У канцы 18 стагоддзя навуковая думка Беларусі канчаткова адышла ад схаластызаванага арыстоцелізму (А.Скарульскі, С.Шадурскі, Б.Дабшэвіч, К.Нарбут).
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—4. М., 1976—83;
Риторика. Кн. 1—3 // Античные риторики. М., 1978;
Поэтика // Аристотель и античная литература. М., 1978.
Літ.:
Лосев А.Ф. История античной эстетики. Т. 4. Аристотель и поздняя классика. М., 1975;
Чанышев А.Н. Аристотель. 2 изд. М., 1987;
Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. Мн., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКА́РТ ((Descartes) Рэнэ) (латынізаванае Картэзій; Renatus Cartesius; 31.3.1596, Ла-Э, цяпер г. Ла-Э-Дэкарт, Францыя — 11.2.1650),
французскі філосаф, матэматык і прыродазнавец. Адукацыю атрымаў у езуіцкім калегіуме. З 1629 жыў у Нідэрландах, дзе выйшлі яго гал. творы — «Геаметрыя» і «Роздум аб метадзе» (абедзве 1637), «Разважанні аб першай філасофіі» (1641), «Пачаткі філасофіі» (1644), з 1649 у Стакгольме. У аснове філас. сістэмы Д. — дуалізм душы і цела, духоўнай і матэрыяльнай субстанцый, якія сталі асновай для разумення феномена т.зв. «гнасеалагічнага цвішэнізму» — стану паміж жыццём і смерцю, розумам і целам, логікай і страсцю, дабром і злом, бездухоўнасцю і маральнасцю, дэмакратыяй і дэспатызмам, свабодай і дэтэрмінацыяй і інш.Гал. і неад’емнай уласцівасцю матэрыі лічыў працягласць, або прастору, а гал. атрыбутам духоўнай субстанцыі — мысленне. З факта відавочнасці мыслення, або свядомасці чалавека, на думку Д., можна непасрэдна вывесці заключэнне пра сваё існаванне: «Я мыслю, значыць я існую». У гнасеалогіі Д. — пачынальнік рацыяналізму. Гал. ролю ў працэсе пазнання ён надаваў дэдукцыі, якая абапіраецца на цалкам відавочныя, інтуітыўна спасціжымыя аксіёмы. У матэматыцы ён — адзін са стваральнікаў аналітычнай геаметрыі, увёў літарныя абазначэнні, паняцці пераменнай велічыні і функцыі, сістэму каардынат; у механіцы сцвярджаў адноснасць руху і спакою, сфармуляваў агульныя законы дзеяння і процідзеяння, захавання пэўнай колькасці энергіі, даў паняцце імпульсу сілы; у касмалогіі выказаў ідэю натуральнага развіцця Сонечнай сістэмы і ўтварэння нябесных цел у выніку віхрападобнага руху часцінак матэрыі вакол цэнтра — Сонца (віхры Д.); у фізіялогіі раскрыў сутнасць адвольных і міжвольных рухаў і даў навук. апісанне рэфлектарнага акта (дуга Д.). Ідэі Д. сталі тэарэт. крыніцай картэзіянства, былі прадметам усебаковага даследавання і крытычнага аналізу Дж.Лока, Ж.Ламетры, І.Канта, Б.Спінозы і інш. Даследаванні Д. ў галіне матэматыкі і фармалізацыі працэсу пазнання разам з вынайдзенай Г.Лейбніцам дваічнай сістэмай злічэння пакладзены ў аснову тэорыі сучаснай выліч. тэхнікі і інфарматыкі.
На Беларусі філас., прыродазнаўчыя і гнесеалагічныя ідэі атрымалі шырокае распаўсюджанне ў 2-й пал. 18 ст. ва ўмовах пераадолення сярэдневяковай схаластыкі, пашырэння ідэалогіі Асветніцтва. Асн. элементы філас. сістэмы Д. ўключаліся ў праграмы лекцыйных курсаў па філасофіі, абмяркоўваліся ў навук. і перыядычных выданнях.
С.Шадурскі ў сваіх кнігах, выдадзеных у Навагрудку і Вільні, абвясціў Д. найвышэйшым навук. аўтарытэтам, падзяляў яго прынцыпы і пункт гледжання пра існаванне дзвюх субстанцый. У інтэрпрэтацыі А.Скарульскага рацыяналізм Д. і сфармуляваныя ім крытэрыі ісціны набылі тэалагічную афарбоўку. Крытыкавалася яго ідэя прыроджаных ідэй і інтуітыўнай свядомасці. На дэдуктыўную рацыяналістычную логіку Д. спасылаўся Б.Дабшэвіч у сваіх разважаннях аб крытэрыі ісціны. Да механістычнай карціны свету, распрацаванай Д., схіляўся А.Доўгірд. У абарону ідэй Д. выступаў К.Нарбут, што сведчыць аб ломцы і трансфармацыі айчыннай эклектыкі, пераходзе мысліцеляў Беларусі ад сярэдневяковага перыпатэтызму да філасофіі і навукі новага часу.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—2. М., 1989—94.
Літ.:
Спиноза. Принципы философии Декарта. М., 1926;
Ляткер Я.А. Декарт. М., 1975;
Матвиевская Г.П. Рене Декарт, 1596—1650. М., 1976;
Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;
Двенадцатые республиканские чтения «Великие преобразователи естествознания Декарт и Лейбниц»;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСІ́ЛЛЕ,
выкарыстанне сілы або пагрозы сілай якім-н. сац. суб’ектам (асобай, групай, супольнасцю, арг-цыяй, партыяй, дзяржавай і да т.п.) з мэтай прымусу людзей да пэўных паводзін, набыцця або захавання эканам. і паліт. панавання, заваёвы пэўных правоў, прывілеяў або тэрыторый. Н. як адзін з канстытуіруючых кампанентаў гіст. працэсу адыграла істотную ролю ў працэсах утварэння дзяржаў, імперый, заваёў, паўстанняў, рэвалюцый, войнаў, сцвярджэння рэлігіі, у рэалізацыі рэпрэсіўных стратэгій пануючымі дзярж. структурамі. Мэтамі Н. могуць быць: захоп, захаванне, умацаванне, змена ўлады, перамены ў ажыццяўленні палітыкі, заваёва. інш. народаў, тэрыторый і краін, эканам. ўзбагачэнне, задушэнне апазіцыі, іншадумства і да т.п. Паводле маштабаў бывае адзінкавае (асобныя адзінкавыя дзеянні), групавое ці абмежаванае (у адносінах да пэўных сац., этн., паліт., рэліг. груп), масавае (масавыя рэпрэсіі, тэрор, вайна і інш.). Асн. віды і формы Н.: агрэсія, унутрыдзярж. (грамадзянская), міждзярж., сусв. войны, рэвалюцыя, паўстанне, бунт, пераварот, путч, тэрор, забойства, збіванне, згвалтаванне, замбіраванне. Вылучаюць таксама Н. інструментальнае, якое мае канкрэтную мэту (напр., захоп улады), і сімвалічнае, якое арыентавана на засваенне створанага прапагандай пэўнага ўзору (напр., прапагандаванага ў фаш. Германіі вобраза «сапраўднага арыйца»). У сучасным свеце шырока ўжываецца ўскоснае, псіхал. Н. ў выглядзе навязвання скажонай інфармацыі, сац. міфаў, маніпуліравання свядомасцю людзей.
Існуе некалькі тэорый Н. напр., Я.Дзюрынг лічыў, што прычынай паяўлення ў грамадстве проціборствуючых класаў з’яўляецца менавіта Н. Абапіраючыся на яго тэорыю, аўстр. сацыёлаг Л.Гумпловіч, тэарэтык сацыял-дэмакратыі К.Каўцкі лічылі выкарыстанне Н. вырашальнай прычынай узнікнення класаў і дзяржавы. К.Маркс, а ўслед за ім У.І.Ленін разглядалі Н. як характар сац. прагрэсу, асабліва перабольшвалася роля рэв. Н. ў стварэнні новых, больш прагрэс., сацыяліст. форм грамадскага ладу. Буйнамаштабныя формы выкарыстання масавага Н. ў 20 ст. (2 сусв. вайны, сац. рэвалюцыі, масавы тэрор, які ажыццяўляўся таталітарнымі паліт. рэжымамі і інш.) паказалі абмежаванасць, аднабаковасць толькі сац.-класавай трактоўкі Н. і зноў прыцягнулі ўвагу да пошукаў вытокаў Н. ў асаблівасцях чалавечай прыроды, што бярэ пачатак у канцэпцыях Т.Гобса, Ф.Ніцшэ і З.Фрэйда. Аўстр.філосаф К.Лорэнц лічыў уласцівую чалавеку агрэсіўнасць, звязаную з Н., ахоўнай рэакцыяй арганізма на неспрыяльнае ўздзеянне навакольнага асяроддзя. Э.Фром, даследуючы «анатомію чалавечай дэструктыўнасці», якая выяўлялася ў розных формах Н. над сабой і інш. (садызм, мазахізм, імкненне ўладарнічаць, падпарадкоўваць), паказаў, што ўсе яе праяўленні абумоўлены сац. фактарамі «хворага грамадства», якое адчувае неабходнасць у лячэнні на аснове «гуманістычнага псіхааналізу». У гісторыі грамадска-паліт., філас. і рэліг. думкі існавала мноства канцэпцый, якія абвяргалі неабходнасць выкарыстання Н. Ідэя ненасілля зарадзілася ў стараж.-ўсх.рэліг. культах індуізму, будызму і канфуцыянства, знайшла ўвасабленне ў стараж.-грэч. традыцыі і ў раннім хрысціянстве. Прынцып цярплівасці і звязаных з ім ненасільных дзеянняў знайшоў адлюстраванне ў філас. працах Вальтэра, Ж.Ж.Русо, Дж.Лока, І.Канта. У найноўшы час прынцып ненасілля атрымаў яркае ўвасабленне ў вучэнні аб непраціўленні злу насіллем Л.М.Талстога, аб ненасільных дзеяннях у паліт. сферы М.Гандзі, у імкненні М.Л.Кінга выкарыстоўваць ненасілле ў барацьбе з расавым прыгнётам. Гэтыя прынцыпы ў сучасных умовах выкарыстоўваюцца ў міжнар. адносінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСІЯЛО́ГІЯ (ад грэч. axia каштоўнасць + ...логія),
вучэнне аб каштоўнасцях; філас. тэорыя агульназначных прынцыпаў, якія вызначаюць матывацыю і накіраванасць дзеянняў чалавека. Як навук. дысцыпліна сфарміравалася ў 2-й пал. 19 ст., хоць пытанні прыроды каштоўнасцяў (сэнс жыцця, сутнасць дабра і зла, справядлівасці і несправядлівасці) ставіліся на працягу ўсёй гісторыі філасофіі, пачынаючы са старажытнасці. У ант. і сярэдневяковай філасофіі (Арыстоцель, Платон, Пратагор, Сакрат, Аўгусцін, П.Абеляр, Фама Аквінскі і інш.) каштоўнасныя характарыстыкі ўключаліся ў само паняцце рэальнасці і вызначаліся нерасчлянёнасцю анталогіі і аксіялогіі, быцця і каштоўнасці. Упершыню разгорнутае вучэнне аб каштоўнасці даў ням.філосаф Р.Г.Лотцэ, які ўвёў у навук. ўжытак паняцце «аб’ектыўнай значнасці лагічных і матэматычных ісцін» у адрозненне ад іх эмпірычнага існавання — быцця. Адзін з заснавальнікаў бадэнскай школы неакантыянства В.Віндэльбанд да агульназначных каштоўнасцяў адносіў ісціну, дабро і прыгажосць, а навуку, правапарадак і рэлігію разглядаў як даброты культуры, без якіх чалавецтва не можа існаваць. Паводле Г.Рыкерта, найб. агульнай характарыстыкай эмпірычных каштоўнасцяў з’яўляецца воля звышіндывід. суб’екта, якая імкнецца спасцігнуць ісціну. З паняцця волі пры абгрунтаванні аксіялогіі зыходзілі і прадстаўнікі ням. школы неакантыянства Г.Коген і Н.Мюнстэрберг. Паслядоўнікі гусерліянскай школы неакантыянства Ф.Брэнтана, М.Гартман, А.Мейнанг, М.Шэлер лічылі, што крыніцай станоўчых каштоўнасцяў з’яўляюцца эмацыянальныя акты перавагі (любоў, спачуванне), а адмоўныя каштоўнасці ўзнікаюць ад акта агіды (нянавісці). Як незямную сутнасць «па-за прасторай і часам» трактуюць каштоўнасць прадстаўнікі неапратэстанцызму, неатамізму, інтуітывізму і інш. Прыхільнікі натуралістычных тэорый каштоўнасці (геданізм, эвалюцыйная этыка, эўдэманізм, тэорыя інтарэсаў) разглядаюць каштоўнасць як функцыю прыстасавання да навакольнага асяроддзя, выражэнне натуральных патрэбнасцяў чалавека і яго імкнення да асалоды і шчасця. У сацыялогіі паняцце каштоўнасцяў увёў М.Вебер, які зыходзіў з непазбежнай сувязі любога пазнання з «каштоўнаснымі ідэямі», інтарэсамі кожнага даследчыка. Паводле «структурнага функцыяналізму» Т.Парсанса каштоўнасці — вышэйшыя прынцыпы, на аснове якіх забяспечваюцца нармальнае функцыянаванне «сістэмы грамадства» і «сістэмы асобы» — згода (кансенсус) у малых грамадз. групах і ў грамадстве ў цэлым. Аналіз прычын трагічных канфліктаў і бедстваў, пошук шляхоў пераадолення экалаг. і ядзернай катастроф, якія пагражаюць чалавецтву, натуральна прывіў у сярэдзіне 20 ст. да ідэі прыярытэтнасці агульначалавечых каштоўнасцяў, надання ім статуса зыходных арыенціраў міжнар. і ўнутрыпаліт. жыцця, маральных паводзін людзей. Такое разуменне ўзаемасувязі глабальных праблем і агульначалавечых каштоўнасцяў выказвалі А.Эйнштэйн, Д.Бел, Б.Расел, Т. дэ Шардэн, А.Швейцэр, М.А.Бярдзяеў, А.Д.Сахараў і інш.
На Беларусі філас. прынцып духоўнай самакаштоўнасці чалавека, маральныя ідэалы дабра і справядлівасці знайшлі адлюстраванне ў дзейнасці і творчасці Клімента Смаляціча, Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага. У самаахвярным служэнні Бацькаўшчыне, агульнаму дабру і шчасцю суайчыннікаў бачыў галоўнае прызначэнне асобы Ф.Скарына. Яго паслядоўнікі і пераемнікі М.Гусоўскі, С.Будны, В.Цяпінскі, А.Волан, Мялецій Сматрыцкі, Л.Карповіч, Сімяон Полацкі і інш. мысліцелі-гуманісты вылучалі як каштоўныя якасці чалавечай асобы высокую духоўнасць, талерантнасць, нац. самасвядомасць, павагу да людзей інш. нацыянальнасцяў. Дыялектычную ўзаемасувязь асобасных, нацыянальна-своеасаблівых і агульначалавечых каштоўнасцяў і інтарэсаў адзначалі ў сваёй творчасці К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч, М.Багдановіч, Я.Купала, А.Луцкевіч, Я.Лёсік, В.Ластоўскі, І.Канчэўскі, У.Самойла, Ф.Шантар і інш. дзеячы культуры, ідэолагі нац.-культ. Адраджэння. Прадстаўнікі сучаснай бел. гуманістыкі разглядаюць каштоўнасці як неад’емны кампанент чалавечага быцця і існавання, даследуюць іх у арганічнай узаемасувязі з праблемамі ўмацавання суверэнітэту краіны, усведамлення кожным чалавекам сваёй нац. годнасці, прыналежнасці да цывілізаванай сям’і еўрапейскіх народаў і агульначалавечай супольнасці.
Літ.:
Абдзіраловіч І. Адвечным шляхам: (Даследзіны бел. светапогляду). Вільня, 1921;
4 выд.Мн., 1993;
Глобальные проблемы и общечеловеческие ценности: Пер. с нем. и фр.М., 1990;
Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992;
Праблемы развіцця сучаснай філасофіі. Мн., 1994;
Weber M. Gesammelte Aufzätze zur Wissenschaftslehre. Tübingen, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ГЕЛЬ ((Hegel) Георг Вільгельм Фрыдрых) (27.8.1770, г. Штутгарт, Германія — 14.11.1831),
нямецкі філосаф. Вучыўся ў Цюбінгенскім тэалагічным ін-це (1788—93). Быў хатнім настаўнікам у Берне і Франкфурце-на-Майне. З 1801 выкладаў у Іенскім ун-це. У 1808—16 дырэктар Нюрнбергскай гімназіі. З 1816 праф. філасофіі Гайдэльбергскага, з 1818 Берлінскага (у 1829—30 рэктар) ун-таў. Зыходным палажэннем філас. сістэмы Гегеля, выкладзенай ім у «Фенаменалогіі духу» (1807), з’яўляецца тоеснасць быцця і мыслення, г. зн. разуменне рэальнага свету як паступовага выяўлення і развіцця «абсалютнай ідэі», «сусветнага розуму» або «сусветнага духу». Унутр. крыніцай такога развіцця з’яўляецца супярэчнасць, якая ўяўляецца як пераход ад абстрактнага да канкрэтнага і будуецца ў выглядзе трыяды: тэзіс, антытэзіс, сінтэз процілегласцей у новым адзінстве. Паводле тэорыі Гегеля («Энцыклапедыя філасофскіх навук», 1817), абс. ідэя ў сваім развіцці праходзіць тры этапы: развіццё ва ўласным улонні, у стыхіі «чыстага мыслення» — логіка; у форме «іншабыцця», г. зн. у форме прыроды — філасофія прыроды; у мысленні і гісторыі (у «духу») — філасофія духу. Развіццё «абсалютнай ідэі», «сусветнага духу» стала цэнтр. паняццем гегелеўскай тэорыі дыялектыкі, якая найб. поўна адлюстравана ў «Навуцы логікі» (ч. 1—2, 1812—16). У «Філасофіі права» (1821) Гегель раскрыў этапы развіцця аб’ектыўнага духу: абстрактнае права — мараль — маральнасць; апошняя, у сваю чаргу, ахоплівае сям’ю, грамадз. супольнасць і дзяржаву, якой належыць роля гаранта рэальна спраўджанай свабоды. Сусв. гісторыю Гегеля вызначаў як «развіццё духу ў часе», «прагрэс духу ва ўсведамленні свабоды», які мы павінны пазнаць у яго неабходнасці; пры яе аналізе ён вылучаў 4 асн. перыяды: Усх. Свет (Кітай, Індыя, Персія, Егіпет) — Грэчаскі свет — Рымскі свет — Германскі свет. У сваім вучэнні аб эстэтыцы Гегель даў змястоўную трактоўку прыгожага як «пачуццёвага з’яўлення ідэі», якая бярэцца не ў яе «чыстай, лагічнай форме, а ў яе канкрэтным адзінстве з некаторым знешнім быццём». У лекцыях па гісторыі філасофіі Гегель упершыню паказаў гісторыка-філас. працэс як паступовы рух да абсалютнай ісціны, а кожную асобную філас. сістэму — як пэўную ступень у гэтым працэсе. На аснове вучэння Гегеля ўзніклі розныя філас. сістэмы і плыні (гл.Гегельянства, Младагегельянства, Неагегельянства).
У Беларусі творы Гегеля былі вядомы з 1830-х г., яго ідэі выкарыстоўвалі ў сваіх працах прадстаўнікі рэв.-дэмакр. кірунку грамадскай думкі (М.Рукевіч, Ф.Савіч, М.Валовіч, М.Лавіцкі, Ш.Канарскі, М.Бакшанскі і інш.). Гегелеўская канцэпцыя развіцця і прынцыпу гістарызму знаходзіла адлюстраванне ў час. «Gwiazda» («Звязда»), «Pamiętnik naukowo-literacki» («Навукова-літаратурны дзённік»), час. «Athenaeum» («Атэнэум»), якія ў той час былі органамі прагрэс. грамадскай думкі на тэр. Беларусі, Украіны і Літвы. Адно з цэнтр. месцаў у філас. палеміцы 1830—50-х г. у Беларусі занялі ідэі Гегеля аб сутнасці філас. ведаў, гісторыка-філас. працэсу, суадносін эмпірычнага і рацыянальнага, узаемасувязі філасофіі і інш.навук. Г.Жавускі, М.Грабоўскі, І.Галавінскі лічылі філас. сістэму Гегеля «філасофіяй адмаўлення, няздольнай ствараць і натхняць», трактавалі яе як «разбуральны пачатак», крытыкавалі тэзіс Гегеля аб тоеснасці быцця і мыслення і яго гнасеалагічны рацыяналізм. Палемізуючы з Гегелем, К.Буйніцкі і Галавінскі сцвярджалі, што філас. ісціны не маюць «універсальнага» характару, што яны нацыянальныя, а таму прымальныя толькі для аднаго народа. В.Давід і А.Марцінкоўскі разглядалі гісторыка-філас. працэс як пэўную цэласнасць, неад’емнай часткай якой з’яўляецца філасофія асобнага народа.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—14. М.; Л., 1929—58;
Философия права. М., 1990.
Літ.:
Дворцов А.Т. Гегель. М., 1972;
Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;
Гулыга А.В. Немецкая классическая философия. М., 1986;
Лазарев В.В., Рау И.А. Гегель и философские дискуссии его времени. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІФАЛО́ГІЯ (грэч. mithologia ад mithos паданне + ...логія),
сукупнасць міфаў, стараж. апавяданняў, якія ў фантаст. форме абагульнена адлюстроўваюць жыццё прыроды і людзей: будову Сусвету, паходжанне Зямлі, раслін, жывёл, уяўленні аб гераічных учынках, высокіх чалавечых пачуццях, каханні, вернасці і інш. М. часта знаходзіцца ў непасрэднай сувязі з рэлігіяй. Гал. яе героямі выступаюць багі. М. ўзнікла ў эпоху абшчынна-радавога развіцця грамадства. Ва ўзнікненні міфаў вял. ролю адыгралі раннія рэліг. ўяўленні — фетышызм, татэмізм, анімізм, магія. Міфалагічныя вобразы эпохі матрыярхату характарызаваліся нязграбнымі формамі (напр., шматгаловыя злыя пачвары). У эпоху патрыярхату зарадзіліся ўяўленні пра гераічных асоб, якія перамагалі злыя сілы. З пераходам людзей да аселага жыцця ўзмацніліся ўяўленні пра адзінства роду, пачаў складвацца культ продкаў і з’явіліся міфы аб продках. Спробы разабрацца ў будучыні прывялі да ўзнікнення эсхаталагічнай М. У раннякласавай абшчыне М. стала алегарычнай формай выражэння рознага роду рэлігій.
Навук. падыход да вывучэння М. ўзнік у эпоху Адраджэння. Аднак да 18 ст. ў Еўропе вывучалася пераважна ант. М. У 18 ст.гіст. тлумачэнне М. даў італьян.філосаф Дж.Віка. Рамантызм узмацніў цікавасць да М.; пачалося збіранне і пераказванне нар. паданняў, казак і міфаў, стала складвацца міфалагічная шкала, якая тлумачыла міфы як крыніцу нац. культуры. У рамках міфалагічнай школы ў сярэдзіне 19 ст. ўзнік шэраг тэорый: салярна-метэаралагічная вытлумачвала міфы як алегорыю астр. з’яў; тэорыя «ніжэйшай міфалогіі» разглядала міфы як адлюстраванне звычайных з’яў жыцця; прыхільнікі анімістычнай тэорыі лічылі, што міфы — вынік пераносу ўяўленняў аб чалавечай душы на ўсю прыроду; пашыраная ў 19 ст.гісторыка-філалагічная тэорыя разглядала міф як пераасэнсаванне стараж. магічных абрадаў. Асабліва багатая М. была ў стараж. грэкаў (міфы пра Зеўса, Афрадыту, Праметэя і інш.). Даволі развітымі былі М. ў Стараж. Егіпце, Індыі, Міжрэччы, Кітаі і інш Старажытнаслав. М., што зарадзілася ў праславянскія (да сярэдзіны 1-га тыс. в.э.) часы, дыферэнцыравалася па меры рассялення славян ў Цэнтр. і Усх. Еўропе. Паводле функцый герояў і характару іх сувязей з калектывам у слав. М. вылучаюць некалькі ўзроўняў. Вышэйшы іх узровень характарызуецца найб. абагульненым тыпам функцый багоў, іх сувяззю з афіц. культам. Да яго адносяць Перуна, Вялеса і інш., якія ўвабралі ў сябе ваен. і гасп.-прыродную функцыі. Да больш нізкага ўзроўню адносяць багоў, звязаных з гаспадаркай і абрадам, а таксама багоў, што ўвасаблялі цэласнасць замкнёных невял. калектываў (Род, Чур і інш.). Элементы наступнага ўзроўню характарызуюцца большай абстрагаванасцю функцый (Доля, Ліха, Праўда, Смерць, Злыдні і інш.). Да ніжэйшага ўзроўню адносяць класы індывідуалізаванай нячыстай сілы, духаў, жывёл, звязаных з прасторай ад дома да лесу (дамавікі, лесавікі, русалкі, вадзянікі і інш.). У бел. М. пашыраны міфы пра дрэвы (дуб, бярозу, рабіну, явар, каліну), кветкі (зязюльчыны слёзы, папараць-кветку), птушак (зязюлю, бусла, ластаўку, салаўя, дзятла, варону), паходжанне асобных рэк, балот, азёр, узгоркаў і інш., міфалагічныя паданні пра волатаў і курганы-валатоўкі. Багата міфаў, звязаных з Купаллем, з агульнаслав. божаствамі (Перун, Жыжаль, Вялес) і з божаствамі, звязанымі з земляробчым календаром (Зюзя, Ярыла, Цаца, Лёля, Лада, Цёця, Жыцень і інш.).
Літ.:
Мифы народов мира: Энцикл. Т. 1—2. 2 изд. М., 1991—92;
Евсюков В.В. Мифы о Вселенной. Новосибирск, 1988;
Грейвс Р. Мифы Древней Греции: Пер. с англ.М., 1992;
Міфы Бацькаўшчыны. Мн., 1994;
Асов А.И. Мифы и легенды древних славян. М., 1998;
Легенды и мифы Древней Греции и Древнего Рима. СПб., 1998;
Котерелл А. Мифология: Энцикл. справ.: Пер. с англ.Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТ ((Kant) Імануіл) (22.4.1724, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 12.2.1804),
нямецкі філосаф, родапачынальнік ням. класічнага ідэалізму. Скончыўшы Кёнігсбергскі ун-т (1745), працаваў хатнім настаўнікам у розных гарадах Усх. Прусіі. З 1755 прыват-дацэнт, у 1770—96 праф. логікі і метафізікі Кёнігсбергскага ун-та (быў дэканам факультэта, двойчы рэктарам ун-та). У творчай біяграфіі К. вылучаюць 2 перыяды: «дакрытычны» (1746—69) і «крытычны» (1770—97). Для першага перыяду характэрны творы па пытаннях прыродазнаўства і філасофіі прыроды. У працы «Усеагульная натуральная гісторыя і тэорыя неба» (1755) развіў касмаганічную гіпотэзу пра паходжанне і развіццё Сонечнай сістэмы (гл.Касмагонія). У фізіцы, у развіццё ідэй Р.Дэкарта і Г.Галілея, абгрунтаваў новае вучэнне пра адноснасць руху і спакою, у біялогіі сфармуляваў ідэю генеалагічнай класіфікацыі жывёльнага свету, у антрапалогіі — ідэю натуральнай гісторыі чалавечых рас.Гал. творы «крытычнага» перыяду — «Крытыка чыстага розуму» (1781), «Крытыка практычнага розуму» (1788) і «Крытыка здольнасці суджэння» (1790). Паводле К., па-за межамі пачуццёвых феноменаў існуе непазнавальная, але аб’ектыўная ў абсалютным сэнсе рэальнасць, аб якой у тэорыі пазнання маюцца толькі даволі абстрактныя паняцці — наўмены, якія не даюць нічога для пазнання «рэчаў у сабе», але дазваляюць мысліць пра іх як аб спасцігальных сутнасцях. Ён адзначаў супярэчлівасць розуму і мыслення наогул, паказаў, што пазнанне рухаецца ў рэчышчы гнасеалагічных процілегласцей, якія ўзнікаюць і патрабуюць свайго вырашэння (гл.Антыномія). Аснова этыкі К. — вучэнне аб годнасці і самакаштоўнасці кожнай асобы, якое адпавядала ідэям Франц. рэвалюцыі 1789 аб усеагульных і неад’емных правах чалавека і грамадзяніна. Яно выкладзена ў працах «Асновы метафізікі і маралі» (1785), «Метафізіка нораваў» (1797), «Рэлігіі ў межах толькі розуму» (1798) і інш. Маральны закон, паводле К., патрабуе ад кожнага індывіда дзейнічаць так, каб правіла яго асабістых паводзін магло стаць правілам паводзін для ўсіх (гл.Катэгарычны імператыў.) У сувязі з аўтаномнасцю і самастойным існаваннем маральнасці К. прапанаваў сваё разуменне права, дзяржавы, палітыкі і гісторыі. У працах «Ідэі ўсеагульнай гісторыі ў сусветным грамадзянскім плане» (1784), «Да вечнага міру» (1795) і інш. паказаў, што «натуральнае» права павінна ўмацоўваць маральную свабоду асобы, г. зн. ствараць умовы для выканання ёю свайго абавязку. К. вызначыў 3 неадчужальныя прынцыпы грамадскага жыцця ва ўмовах дзяржавы: свабода кожнага члена грамадства, роўнасць усіх падданых, самастойнасць кожнага грамадзяніна. У цэлым, на яго думку, чалавечае грамадства як адзіны механізм развіваецца ў кірунку да «ўсеагульнай прававой грамадзянскай супольнасці» або «сусветна-грамадзянскага стану», г. зн. да дасканалай ідэальнай рэспублікі. Дасягнуць ідэальнага стану грамадства, у якім панаваў бы мір паміж асобнымі людзьмі і дзяржавамі, можна, паводле К., толькі праз пераадоленне ўласцівых гісторыі антаганізмаў, супярэчнасцей, войнаў і звязаных з імі пакут і бедстваў людзей. У сваіх творах ён выклаў асновы крытычнай эстэтыкі, у прыватнасці, эстэтыкі прыгожага, узнёслага і геніяльнага. Ужо сама цікавасць да прыгожага ў прыродзе, лічыў ён, узвышае чалавека ў маральных адносінах. На аснове вучэння К. ўзніклі розныя філас. кірункі і плыні (гл.Бадэнская школа, Кантыянства, Марбургская школа, Неакантыянства).
На Беларусі філасофія К. вядома з канца 18 ст. Некаторыя яго творы, у т. л. трактат «Да вечнага міру», пераклаў і выдаў у Вільні Ю.Быхавец. Праф. Віленскага ун-та Ян Г.Абіхт чытаў лекцыі ў духу вучэння К. Ян Снядэцкі лічыў асноватворным пачаткам навук. сістэмы К. сенсуалізм, крытыкаваў яго тэзіс аб «чыстых» (апрыёрных) формах ведаў. А.Доўгірд прааналізаваў супярэчнасці ў канцэпцыі К. аб «рэчах у сабе», даследаваў на аснове прынцыпаў філасофіі «разважнага розуму» яго ўяўленні аб трансцэндэнтальнай дыялектыцы і яго этычную канцэпцыю. Актыўна прапагандавалі погляды К. філосафы Ф.Вігура, М.Чацкі, Ю.Шаняўскі, Ф.Яронскі і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—6. М., 1963—66;
Трактаты и письма. М., 1980.
Літ.:
Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Асмус В.Ф. Иммануил Кант. М., 1973;
Нарский И.С. Кант. М., 1976;
Кузнецов В.Н. Немецкая классическая философия второй половины XVIII — начала XIX в. М., 1989;
Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр.Мн., 1996;
Кассирер Э. Жизнь и учение Канта: Пер. с нем. СПб., 1997.