МЕРАСЛА́ЎСКІ ((Mieroslawski) Людвік) (17.1.1814, г. Немур, Францыя — 22.11.1878),
польскі паліт. дзеяч, пісьменнік, ваенны гісторык. Генерал. Вучыўся ў кадэцкім корпусе ў г. Каліш. Удзельнік паўстання 1830—31. Потым у эміграцыі ў Францыі, чл. масонскай ложы. У 1834—36 дзеяч «Маладой Польшчы», з 1839 — Аб’яднання польск. эміграцыі. З 1843 чл.Польскага дэмакратычнага таварыства (з 1845 у яго кіраўніцтве); прызначаны кіраўніком запланаванага нац.-вызв. паўстання. У 1845 прыехаў у Велікапольшчу, дзе арыштаваны прускімі ўладамі і асуджаны да смяротнага пакарання (1847). Вызвалены ў выніку рэвалюцыі 1848 у Германіі, узначаліў паўстанцкія атрады ў Велікапольшчы. У 1849 узначаліў паўстанне на Сіцыліі (атрымаў чын генерала), потым армію бадэнска-пфальцкіх паўстанцаў. У 1861—62 кіраваў польск. вайсковай школай у г. Генуя (Італія). У 2-й пал. 1862 рэзка выступаў супраць крыла «чырвоных» у Цэнтральным нацыянальным камітэце і заснаваў апазіцыйны Нац.-рэв. камітэт; адстойваў канцэпцыю аднаўлення Польшчы ў межах да 3 падзелаў Рэчы Паспалітай, не прызнаваў нац. своеасаблівасці Беларусі, Літвы і Украіны. У пач.паўстання 1863—64 абвешчаны яго дыктатарам, пацярпеў 2 паражэнні і выехаў у Францыю. Аўтар прац «Паўстанне польскага народа ў 1830 і 1831 гг.» (т. 1—8, 1845—87), «Крытычны разбор кампаніі 1831 г...» (1845), «Пазнанскае паўстанне ў 1848 г.» (1852), «Дзённіка (1861—1863)» (выд. 1924).
Літ.:
Chmiel L. General Ludwik Mierostawski, 1814—1878. Warszawa, 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЁМУХА, Тройца, зялёныя святкі,
старажытнае земляробчае свята ў беларусаў і інш. славянскіх народаў. Лакальная назва зелянец. Святкавалася на сёмы (русальны) тыдзень пасля Вялікадня. Вытокі С. ў родавым грамадстве; у аснове яе культ зеляніны, шлюбу і продкаў. Пераходнае паміж веснавым і летнім земляробчымі цыкламі («На зелянец вясны канец»). Перад святам прыбіралі і ўпрыгожвалі хату і двор «маем» (аерам, галінкамі і дрэўцамі бярозы, клёну, рабіны, дубу і інш.), прыбіралі магілы. У суботу напярэдадні свята спраўлялі дзяды. Як пазнейшую з’яву трэба разглядаць асвячэнне ў нядзелю (1-ы дзень свята) у царкве лугавых і палявых зёлак, якія потым захоўваліся (у некаторых мясцовасцях імі абкурвалі нябожчыкаў, клалі іх у труну). Залежна ад мясц. традыцый на другі ці іншы дзень рабілі т.зв. «піва», кірмашы ці фэсты (прымяркоўваліся і да інш. свят), на якія збіраліся сваякі, нават далёкія. У час свята ў некаторых мясцовасцях адбывалася кумаванне, завівалі бярозку, ладзілі гульні, карагоды, потым агульнае частаванне, вілі вянкі. З вянкамі, «маем» звязаны ўяўленні, якія раней мелі характар магічных дзеянняў. На С. спявалі сёмушныя (траецкія) песні, асн. матывы якіх — каханне і шлюб (у паўд.-зах. раёнах спявалі яшчэ куставыя песні). На С., перад пачаткам летніх палявых работ, на Беларусі спраўлялі шмат вяселляў. Свята Тройцы ўведзена ў культавую практыку правасл. царквы ў 14 ст. Сергіем Раданежскім. Хоць С. і злілася з гэтым святам, яна захавала многія рысы язычніцтва і земляробчага культу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНАГЕНЕ́З (ад грэч. organon прылада, інструмент + ...генез),
утварэнне зачаткаў органаў і іх дыферэнцыроўка ў анта- або філагенез шматклетачных арганізмаў. Амаль ва ўсіх жывёл зародак мае 3 зародкавыя лісткі: эктадэрму, мезадэрму і энтадэрму. У пазваночных з эктадэрмы ўзнікаюць зачаткі ц. н. с., органаў пачуццяў, покрываў, з мезадэрмы — шкілета, мускулатуры, крывяноснай сістэмы, палавых органаў і органаў выдзялення, з эктадэрмы — кішачная трубка, з якой потым утвараюцца зачаткі печані, падстраўнікавай залозы, органаў дыхання. Антагенетычны арганагенез да пэўнай ступені ўзнаўляе філагенетычны. У раслін арганагенез — гэта фарміраванне і развіццё асн. органаў (кораня, сцябла, лісця, кветак) у працэсе антагенезу з мерыстэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЫ́КУЛ (ад лац. articulus артыкул, раздзел),
1) невялікі (бывае і значны памерам) навуковы, публіцыстычны або літ.-крытычны твор у газеце, часопісе, зборніку, кнізе.
2) У праве — асобная самаст. частка нарматыўнага акта, у якой найчасцей змешчана адна юрыд. норма, адно абавязковае правіла. На Беларусі падзел нарматыўных актаў на паасобныя артыкулы практыкаваўся са старажытнасці, але тэрмін «артыкул» стаў ужывацца ва «Уставе на валокі» 1557, а потым і ў Статутах 1566 і 1588. З часам і асобныя законы пачалі называць артыкуламі.
3) У бухгалтарскім уліку і фін. планах — раздзел, які змяшчае назвы крыніц прыбытку і мэтавага прызначэння фінансавых затрат.
дзеяч рэвалюцыйнага руху на Беларусі і ў Польшчы. Вучыўся ў Нова-Александрыйскім інстытуце сельскай гаспадаркі (горад Пулавы, Польшча), у 1883 выключаны. Выехаў у Пецярбург, потым у Варшаву, дзе ўступіў у партыю «Пралетарыят», браў удзел у стварэнні яе падпольнай друкарні. Падтрымліваў сувязі з рэвалюцыянерамі Гродна і Віцебска. У 1883 выехаў на радзіму, аказваў фінансавую і іншую дапамогу беларускім і польскім рэвалюцыянерам. 14.11.1884 арыштаваны ў сваім маёнтку Марыянполь (Віцебская губерня), у ліпені 1885 зняволены на 8 месяцаў у турму. Пасля жыў у Віцебскай губерні пад наглядам паліцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯАСТРАНА́ЎТЫКА (ад бія... + астранаўтыка),
комплекс біял. навук, якія вывучаюць жыццядзейнасць зямных арганізмаў ва ўмовах адкрытай касм. прасторы і пры палётах на касм. лятальных апаратах. Даследаванні праводзіліся з 1930-х г. спачатку на паветр. шарах, потым на ракетах, штучных спадарожніках Зямлі, касм. караблях і станцыях. Вывучаюцца дзеянне экстрэмальных фактараў (бязважкасці, паскарэнняў, вібрацыі, шуму) на жывыя арганізмы, асаблівасці іх рэакцыі, межы ўстойлівасці і цярплівасці, распрацоўваюцца сістэмы медыка-біял. забеспячэння працяглых касм. палётаў і адаптацыі жывых арганізмаў, у т. л. чалавека. Атрыманы новыя фундаментальныя даныя аб ролі гравітацыі ў ажыццяўленні клетачнага дзялення, перадачы генет. інфармацыі, росту і развіцця арганізмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОРЗАБАГА́ТЫ (Уладзіслаў Канстанцінавіч) (5.5.1831, маёнтак Рутка, цяпер Навагрудскі р-н — 28.3.1886),
удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі. За ўдзел у Братнім саюзе літоўскай моладзі выключаны з Мінскай гімназіі (1849). Пасля 1855 скончыў мед.ф-т Маскоўскага ун-та, працаваў урачом у Навагрудку. У 1863 паўстанцкі камісар Навагрудскага пав. Аднадумец К.Каліноўскага, абараняў інтарэсы сялян. Пасля задушэння паўстання хаваўся, завочна прыгавораны да пакарання смерцю. У 1865 эмігрыраваў у Італію. З 1869 у Парыжы, удзельнік Парыжскай камуны. У 1874 вярнуўся на радзіму, сасланы ў Архангельск, потым у Кастрамскую губ. У 1884 вярнуўся на Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНТ (Пётр Уладзіслаў Казіміравіч) (15.2.1836, в. Рудакі Свянцянскага пав. Віленскай губ. — 1912),
удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі, у Літве і Польшчы. Вучыўся ў Маладзечне. Напярэдадні паўстання служыў у Беластоку, паручнік. У крас. 1863 з групай афіцэраў Лібаўскага пях. палка ўдзельнічаў у фарміраванні гал. паўстанцкага атрада Гродзенскай губ. Змагаўся супраць царскіх войск на Беласточчыне, потым на чале асобнага атрада ў Аўгустоўскім пав., вызначыўся ў баях на сумежжы Літвы і Польшчы. У 2-й пал. 1863 кіраваў атрадамі паўстанцаў з сялян у Курпёўскай пушчы Ломжынскага пав. З канца 1863 у эміграцыі (Парыж, Галіцыя). Аўтар успамінаў пра паўстанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДСО́РБЕР,
асноўны апарат тэхн. установак для адсорбцыі. Адрозніваюць адсорбер перыядычнага і бесперапыннага дзеяння (т.зв. гіперсорберы).
У адсорберы перыядычнага дзеяння адсорбцыя і дэсорбцыя адбываюцца папераменна: спачатку адсарбент насычаюць пэўным рэчывам, потым яго адганяюць, кандэнсуюць, сушаць гарачым газам і пасля ахаладжэння паўтараюць цыкл. У гіперсорберах зярністы адсарбент перамяшчаецца па вертыкальнай калонцы, у верхняй частцы якой адбываецца адсорбцыя, у ніжняй пад дзеяннем нагрэву — дэсорбцыя. Выкарыстоўваецца таксама адсорбер бесперапыннага дзеяння з кіпячым (псеўдазвадкаваным) слоем адсарбенту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСЦЭ́СЫ МНО́ЖНЫЯў дзяцей, псеўдафурункулёз,
хвароба, якая характарызуецца гнойным запаленнем экрынавых потавых залоз. Узбуджальнік — залацісты стафілакок. Узнікненню спрыяюць расшыраныя і ўкарочаныя вывадныя пратокі потавых залоз у грудных дзяцей. На скуры ў вусцях праток з’яўляюцца пустулы (як шпілечная галоўка), якія прарываюцца з утварэннем гнойнай скарынкі. Адначасова ўзнікаюць шматлікія вузельчыкі і вузлы (памерам ад гарошыны да яйца) чырвона-бардовага колеру, якія потым размнажаюцца і прарываюцца з вадкім гноем. Высыпанні бываюць прыступамі і суправаджаюцца агульнай слабасцю, ліхаманкай, паносам. Хвароба працяглая; пры загойванні застаюцца рубцы. Лечаць УФ-апрамяненнем, пераліваннямі крыві маці, ін’екцыямі пеніцыліну; абсцэсы ўскрываюць, прамываюць антысептыкамі.