ГАРБУНО́ВА (Людміла Васілеўна) (н. 13.8.1939, г. Новасібірск, Расія),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыла студыю пры Астраханскім драм. т-ры (1961), у якім і працавала. З 1968 у Гомельскім абл.драм. т-ры. Актрыса шырокага творчага дыяпазону. Сярод лепшых роляў: Паланея, Альжбета («Прымакі», «Паўлінка» Я.Купалы), Марыля («Легенда пра песню няспетую» М.Пало і І.Папова), Ігнаціха («Подых навальніцы» паводле І.Мележа), Марфа («Дагарэла свечачка да палічкі» А.Петрашкевіча), Насцёна («Жыві і помні» паводле В.Распуціна), Юлечка, Ларыса («Даходнае месца», «Беспасажніца» А.Астроўскага), Фінея («Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі), Інеса («Каханне не жарты» П.Кальдэрона).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАВЫ ПРО́ФІЛЬ,
вертыкальны разрэз глебавай тоўшчы ад паверхні да мацярынскай пароды. Мае слаістую будову, утварае сукупнасць генетычна ўзаемазвязаных глебавых гарызонтаў і падгарызонтаў. Магутнасць ад дзесяткаў сантыметраў да некалькіх метраў. Паводле глебавага профілю вызначаюцца назвы глеб і іх месца ў глебавай класіфікацыі. Адрозніваюць прыродныя і змененыя дзейнасцю чалавека глебавыя профілі (меліяраваныя, акультураныя і інш.). Кожны від глебы мае свой спецыфічны глебавы профіль і яго будову. Паводле характару суадносін глебавых гарызонтаў глебавыя профілі падзяляюць на простыя і складаныя, сярод якіх вылучаюць некалькі тыпаў будовы: прымітыўныя, нармальныя, слабадыферэнцыраваныя, парушаныя (эрадзіраваныя і перагорнутыя), рэліктавыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́МЕЛЬСКАЯ МЫСЛЬ»,
грамадска-палітычная і літ. газета ліберальна-асветнага кірунку. Выдавалася 3 разы на тыдзень з 5(18).2.1913 да 17(30).7.1914 у Гомелі на рус. мове. Асн.месца адводзіла асвятленню мясц. праблем. Выступала супраць курсу на хутарызацыю, за свабоду друку, усеагульнае і бясплатнае пач. навучанне. Шмат увагі аддавала сац.-эканам. і юрыд. праблемам яўр. насельніцтва ў Рас. імперыі, у т. л. супраць нацыяналізацыі крэдытнай сістэмы, якая падрывала яўр. капітал. Вітала станаўленне бел.тэатр. мастацтва, адзначала багатую нац. паэзію, прапагандавала рус. л-ру. У час 1-й сусв. вайны займала пацыфісцкія пазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕНІ́Т-ТЭЛЕСКО́П,
астронама-геадэзічная прылада для вымярэння малых рознасцей зенітных адлегласцей зорак з мэтай вызначэння шыраты месца назірання (гл.Шырата геаграфічная). Складаецца з устаноўленага на азімутальнай манціроўцы рэфрактара, у факальнай плоскасці якога знаходзіцца акулярны мікрометр. Труба тэлескопа замацавана на гарыз. восі, вярчэннем вакол якой устанаўліваецца неабходная зенітная адлегласць візірнай лініі інструмента. На процілеглым баку гарыз. восі знаходзяцца процівага і круг для адліку зенітнай адлегласці. Нязменнасць нахілу трубы кантралююць дзвюма высокадакладнымі грунтвагамі. Вымярэнні на З.-т. — найб. дакладныя ў класічнай астраметрыі. Сярэдняя квадратычная хібнасць у вызначэнні шыраты ±0,001".
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́Ў (Канстанцін Канстанцінавіч) (21.5.1907, г. Яфрэмаў Тульскай вобл., Расія — 15.4.1984),
рускі дырыжор. Нар.арт.СССР (1958). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1937, клас Л.Гінзбурга). З 1941 дырыжор Вял.сімф. аркестра Усесаюзнага радыё, у 1946—65 гал. дырыжор Дзярж.сімф. аркестра Расіі. Цэнтральнае месца ў яго рэпертуары займалі сімф. творы рус. і зарубежнай класікі, творы сучасных айч. і зарубежных кампазітараў. Яго мастацтву былі ўласцівы яркая эмацыянальнасць, імкненне да манументальнасці, буйных форм. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу дырыжораў (1938). Аўтар сімфоніі, сімф. паэмы, канцэрта для кантрабаса з арк., вак. твораў, кн. «Чарадзейства музыкі» (1983). Дзярж. прэмія СССР 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМАНЕ́НТНАЕ [ад лац. immanens (immanentis) уласцівы чаму-н.],
нешта ўнутранае, уласцівае дадзенаму прадмету, з’яве, працэсу. Напр., аб’ектыўныя законы і заканамернасці іманентныя, г. зн. арганічна ўласцівыя свету, матэрыі. Тэрмін «І.» ўзнік у схаластычнай філасофіі і абазначаў прычыны і дзеянні, што мелі месца ў саміх аб’ектах. Паводле І.Канта, паняцце «І.» арганічна звязана з гнасеалогіяй, выконвае метадалагічную функцыю ў працэсе выяўлення межаў пазнавальных здольнасцей суб’екта. Процілеглае І. — трансцэндэнтнае. Іманентнай называюць таксама філас. крытыку, якая разглядае тое ці інш. вучэнне з пункту погляду паслядоўнага правядзення яго ўласных прадпасылак. Гл. таксама Іманентная філасофія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НБЕР (Вера Міхайлаўна) (10.7.1890, г. Адэса, Украіна — 11.11.1972),
руская пісьменніца. Аўтар паэт. зб-каў «Мэта і шлях» (1925), «Сыну, якога няма» (1927), «Напаўголаса» (1932), «Анкета часу» (1971), аповесці «Месца пад сонцам» (1928), нарысаў. Подзвігу блакаднага Ленінграда прысвяціла зб. вершаў «Душа Ленінграда» (1942), «Амаль тры гады (Ленінградскі дзённік)» (1946) і паэму «Пулкаўскі мерыдыян» (1941—43; Дзярж. прэмія СССР 1946). Выдала кн. «Натхненне і майстэрства» (1957), зб. вершаў «Красавік» (1960), успаміны «Старонкі дзён перабіраючы...» (1967). На бел. мову асобныя вершы І. пераклала Э.Агняцвет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НІН (Мікалай Арцёмавіч) (10.5.1937, в. Карма Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 12.2.1974),
бел. кінарэжысёр. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1965). У 1958—60 і з 1967 на кінастудыі «Беларусьфільм» Гал.месца ў творчасці займалі фільмы героіка-рамант. плана. Рэжысёр маст. фільмаў «Ствары бой» (1970), «Рудабельская рэспубліка» (1972), тэлевізійных «Камлючок» (1968), «Тыя, што ідуць за гарызонт» (1972), «Корцік» (1973), «Бронзавая птушка» (1974). У 1965—67 у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі паставіў спектаклі «Справа Даўбмана» («Герой Фатэрланда») Л.Кручкоўскага і «Мая старэйшая сястра» А.Валодзіна (1965), «Дзеля жыцця» («Першы ўрок») К.Губарэвіча (1968).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭНТРА́ЦЫЯ НАПРУ́ЖАННЯЎ,
рэзкае павелічэнне напружанняў механічных у месцах змен формы цела (каля краёў адтулін, выступаў, драпін, зварных швоў, у вуглах і інш.). Зоны К.н. з’яўляюцца месцамі пачатку пластычнай дэфармацыі або разбурэння.
К.н. ацэньваюць каэф. К.н. — адносінамі мясц. найбольшых каля месца канцэнтрацыі напружанняў да намінальных. Унутраныя К.н. ўзнікаюць пры неаднароднай структуры матэрыялу, пры наяўнасці ў ім пор і шчылін. Найб. небяспечныя К.н. пры знакапераменных і ўдарных нагрузках, нізкіх т-рах. Змяншаюць або ліквідуюць К.н. разгружальнымі надрэзамі, умацаваннем краёў адтулін, выразаў і інш. слабых месцаў наклёпам (накаткай, тэрмахім. апрацоўкай і інш.). Вывучаецца К.н. пругкасці тэорыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯНЕ́ВІЦКІ БОЙ 1944.
Адбыўся паміж партыз. брыгадай імя В.Т.Варанянскага (камандзір В.В.Сямёнаў) і ням.-фаш. захопнікамі ў в. Касцяневічы Куранецкага р-на Вілейскай вобл. 31.1.1944 у Вял.Айч. вайну. Гарнізон у в. Касцяневічы (каля 140 гітлераўцаў, узброеных 2 мінамётамі, 10 кулямётамі, аўтаматамі) ахоўваў шашу Мінск—Даўгінава і падыходы да чыгункі Маладзечна—Полацк. 30.1.1944 партыз. атрады ў цяжкіх умовах бездарожжа зрабілі 37-кіламетровы марш з месца дыслакацыі да в. Касцяневічы. У выніку раптоўнасці налёту праціўнік не здолеў аказаць сур’ёзнага супраціўлення і гарнізон быў захоплены, знішчана шмат гітлераўцаў, захоплена зброя, боепрыпасы, абмундзіраванне і запасы харчавання.