БО́БРЫК (Янка) (Іван Іванавіч; 21.7.1905, г.п. Глуск Магілёўскай вобл. — 25.8.1942),
бел. паэт. Скончыў БДУ (1929). Быў навук. супрацоўнікам Дзярж. акадэміі мастацтвазнаўства ў Ленінградзе, працаваў у Белдзяржкіно, Упраўленні па справах мастацтваў Ленінградскага гарвыканкома. Друкаваўся з 1924. Выдаў зб. вершаў «Пунсовае ранне» (1926, з А.Звонакам і Я.Туміловічам). Аўтар паэмы «Галіна» (1930) пра жыццё вясковай інтэлігенцыі. Загінуў у блакадным Ленінградзе.
Літ.:
Грахоўскі С. Так і было. Мн., 1986. С. 160—163.
т. 3, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛУ́ЕЎ (Валянцін Васілевіч) (н. 25.8.1936, г. Горкі Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1990). Скончыў БСГА (1959). З 1959 на Зах. машынна-выпрабавальнай станцыі, з 1965 у Бел. НДІ бульбаводства, з 1994 у Бел. НДІ эканомікі і інфармацыі аграпрамысл. комплексу. Працы па эканоміцы, планаванні і арганізацыі галін сельскай гаспадаркі.
Тв.:
Пути становления и развития белорусского картофелеводства. Мн., 1987;
Самообеспеченность зерном: Реальность и перспектавы. Мн., 1996.
т. 3, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎЧА́НКА,
рака ў Беларусі, у Асіповіцкім і Бабруйскім р-нах Магілёўскай вобл., правы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 37,5 км. Пл. вадазбору 374 км². Пачынаецца за 1,8 км на ПдЗ ад р.п. Татарка Асіповіцкага р-на. Асн. прытокі: канава Ваўчанка (справа), Ясенка (злева). Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне.
Даліна трапецападобная, шыр. 200—250 м. Пойма двухбаковая, шыр. 200—400 м. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае: выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў.
т. 4, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ДРЫЦКІ ЗАВО́Д СУХО́Й ПЕРАГО́НКІ ДРАЎНІ́НЫ.
Дзейнічаў на Беларусі ў 1900—16 ва ўрочышчы Выдрыца Аршанскага пав. Магілёўскай губ. Адно з буйных хім. прадпрыемстваў Рас. імперыі. Выпускаў драўняны і метылавы спірт, воцат, фармалін, воцатную кіслату, воцатнакіслы натрый, драўняны вугаль, смалу, ацэтон і інш. У 1913 меў 9 паравых рухавікоў, працавала 150 пастаянных і 300 часовых рабочых, выпушчана прадукцыі на 500 тыс. руб. У час 1-й сусв. вайны пастаўляў прадукцыю ваен. ведамству.
т. 4, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́ЦКІ ((Wysocki) Уладзіслаў) (1908 — 12.10.1943),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1943). Паляк. З мая 1943 у Польскай дывізіі імя Т.Касцюшкі. Вызначыўся ў баях каля в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл.: на адказным участку наступлення батальён пад камандаваннем капітана Высоцкага авалодаў апорным вузлом супраціўлення гітлераўцаў, уклініўся ў 2-ю лінію абароны ворага каля в. Трагубава (цяпер в. Касцюшкава). Загінуў у гэтым баі.
т. 4, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЫЛЁВА БАЛО́ТА,
на У Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл., у вадазборы р. Ухлясць і яе прытока р. Варонінка. Пераважна нізіннага (92%) тыпу. Уключае торфамасівы Гадылёва, Ухлясць—Цэнтральнае, Вараніно. Агульная пл. 8,3 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 6,5 тыс. га. Глыб. торфу да 7,3 м, сярэдняя 2,4 м. На пл. 210 га ёсць сапрапель. Каля 6,4 тыс. га асушана. На неасушанай ч. расце рэдкі лес з хвоі і бярозы.
т. 4, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЎНЁЎ (Аляксей Іванавіч) (н. 25.2.1925, в. Каўшова Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. філосаф. Д-р філас. н. (1973), праф. (1974). Скончыў БДУ (1950). З 1954 у Ін-це філасофіі і права, на кафедры філасофіі АН Беларусі. Даследаваў пытанні сац. філасофіі, філас. праблемы развіцця культуры, навукі і навук. дзейнасці, сучаснасць і будучыню нац. Культур. Аўтар прац «Нацыянальная культура і камунізм» (1967), «Інтэрнацыянальнае і нацыянальнае ў развіцці сацыялістычнай культуры» (1974) і інш.
т. 4, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУТЛЯ́НКА, Балатнянка,
рака ў Кармянскім і Рагачоўскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток Дняпра. Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 378 км². Пачынаецца за 2 км на ПдУ ад в. Бярозаўка Кармянскага р-на. Цячэ па паўд. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 1,5—2 км. Пойма двухбаковая, супясчаная і тарфяністая, шыр. 50—100 м, у верхнім і ніжнім цячэнні забалочаная. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае.
т. 5, с. 550
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКО́ЛЬКА, Даколь,
рака ў Старадарожскім р-не Мінскай вобл. і Глускім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток р. Пціч (бас. р. Прыпяць). Даўж. 43 км. Пл. вадазбору 462 км². Пачынаецца за 2 км на ПнУ ад в. Кармазы Старадарожскага р-на, цячэ па паўн. ч. Прыпяцкага Палесся. Асн. прытокі — р. Сноўка (справа) і р. Ольніца (злева). Даліна невыразная. Шыр. рэчышча 5—20 м, у вусці — 12 м. Каналізаваная на ўсім працягу.
т. 6, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗМІ́ТРЫЕЎ (Барыс Міхайлавіч) (11.6.1924, Масква —23.2.1944),
удзельнік партыз. руху ў Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў спец. школу падрыўнікоў-мінёраў (1942). 3 чэрв. 1942 у партызанах у Асіповіцкім р-не. Удзельнічаў у падрыве 18 варожых эшалонаў. 23.2.1944 у баі за апорны пункт партызан у в. Каменічы замяніў загінуўшага камандзіра групы, паранены, працягваў бой. Калі скончыліся патроны, гранатай падарваў сябе і ворагаў, што наблізіліся да яго.
т. 6, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)