ІНДЫКА́ЦЫЯ (ад лац. indicatio указанне) біялагічная, выяўленне і ідэнтыфікацыя, вызначэнне агульнага характару ці ўласцівасцей прыроднага асяроддзя біял. метадамі. Існуе І. біягеахім., геабат., экалагічная, маніторынг і інш. Стан, пэўныя колькасныя і якасныя ўласцівасці, экалагічныя ўмовы навакольнага прыроднага асяроддзя (напр., ступень і характар яго забруджвання, размяшчэнне ўзроўню грунтавых вод і інш.) вызначаюць пры дапамозе біяіндыкатараў. Засноўваецца на аналізе паводзінскіх рэакцый, морфафізіял., біяхім., генет. і інш. асаблівасцей жывых арганізмаў (напр., наяўнасць у вадзе лічынак шыцікаў сведчыць пра чысціню вадаёмаў, хіранамід — пра моцнае забруджванне; некат. віды фіялак з’яўляюцца І. павышанай колькасці цынку ў глебе).
Літ.:
Галактионов С.Г., Юрин В.М. Водоросль сигнализирует об опасности. Мн., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТАРЭ́СУ ТЭО́РЫЯ,
кірунак у сучаснай зах.аксіялогіі і этыцы, блізкі да прагматызму. Узнікла ў 1920-я г. ў межах натуралізму. Яе прыхільнікі — Р.Перы, Д.Паркер (ЗША), Ф.Тэнант (Англія) і інш. — выяўляюць значэнне для чалавека прадметаў і з’яў рэчаіснасці (іх каштоўнасць, у т. л. і маральную), зыходзячы з суб’ектыўных адносін да іх чалавека, яго інтарэсу. Сам інтарэс разумеецца чыста псіхалагічна — як жаданне, схільнасць, прыязнасць, сімпатыя, любоў (ці наадварот, агіднасць, антыпатыя, нянавісць), якія адчуваюць людзі. Маральнасць разумеецца як сродак узгаднення і прымірэння прыватных інтарэсаў, дабро — як тое, што адпавядае макс. суме індывід. інтарэсаў, а доўг — як задавальненне найб.колькасці жаданняў і імкненняў, што існуюць у дадзеным грамадстве (гл.Утылітарызм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРСЕКСУА́ЛЬНАСЦЬ (ад лац inter паміж + сексуальнасць),
наяўнасць у раздзельнаполых арганізмаў прыкмет абодвух полаў. Гэтыя прыкметы развіты няпоўна, маюць прамежкавы характар і ў адрозненне ад гінандрамарфізму праяўляюцца сумесна на адных і тых жа ч. цела асобін. Эмбрыянальнае развіццё такога інтэрсексу пачынаецца нармальна, але з пэўнага моманту працягваецца па тыпе інш. полу. Можа ўзнікнуць як вынік генет. заган развіцця (зіготная І.) або пры парушэнні работы залоз унутр. сакрэцыі (гарманальная І.). Розныя формы І., ці т.зв. псеўдагермафрадытызму, якія зрэдку выяўляюцца ў чалавека, могуць выклікацца парушэннем нармальнай колькасці палавых храмасом. Гарманальная І. узнікае ў зыходна разнаполых жывёл пры зменах у эндакрыннай сістэме. Яе можна выклікаць кастрацыяй жывёлы і перасадкай ёй палавой залозы інш. полу. Гл. таксама Гермафрадытызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭНТРА́ТАР,
1) у акустыцы — прыстасаванне для павелічэння інтэнсіўнасці гуку. Бываюць факусавальныя (сферычнай, цыліндрычнай ці інш. формы) і хваляводныя (напр., у выглядзе труб пераменнага сячэння з цвёрдымі сценкамі). Выкарыстоўваюцца ў хірургічных інструментах, ультрагукавых станках, для ультрагукавой зваркі і інш. 2)У тэлеграфіі — аўтаматычная (ці паўаўтаматычная) прылада, з дапамогай якой паведамленні ад многіх малазагружаных ліній сувязі канцэнтруюць на адным (або больш) тэлегр. апараце. Дае магчымасць без змяншэння колькасці ліній сувязі рабіць тэлегр. станцыі больш кампактнымі.
3) У тэлефаніі — прылада з клавішнай камутацыяй для непасрэднай сувязі з некалькімі абанентамі мясц. сувязі або абанентамі гар.тэлеф. сетак. Дае магчымасць адначасова размаўляць з некалькімі мясц. абанентамі, далучаць іх да тэлеф. станцыі і інш. Выкарыстоўваецца для аператыўнай сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЦЕ́ЧНІЦА,
агнястрэльная зброя 2-й пал. 19 ст. Інтэнсіўнасць стральбы (да 600 стрэлаў за мінуту) дасягалася за кошт павелічэння колькасці ствалоў (да 25) і паскарэння працэсу зараджання праз ужыванне унітарнага патрона. Прататып К. — арган выкарыстоўвалі ў 16—18 ст. у Еўропе, у т. л. на Беларусі. Розныя сістэмы К. ствараліся і меліся на ўзбраенні ў ЗША (у час грамадз. вайны 1861—65), у Францыі, Швецыі, Расіі і інш. Іх калібр ад 11—12 да 25,4 мм, маса 25-ствольнай К. дасягала 800 кг. Былі папярэдніцамі аўтаматычнай зброі, але іх механізмы зараджання і стральбы прыводзіліся ў дзеянне мускульнай сілай чалавека. Зняты з узбраення ў сувязі з вынаходніцтвам і распаўсюджаннем кулямёта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫ́НІНА (Ларыса Сямёнаўна) (н. 27.12.1934, г. Херсон, Украіна),
украінская спартсменка (спарт гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1956), засл. трэнер СССР (1972), суддзя міжнар. катэгорыі (1968). Скончыла Кіеўскі ін-тфіз. культуры (1959). Ст. трэнер жан. зборнай каманды СССР (1966—77), дзяржтрэнер Маскоўскага спарткамітэта (1980—90). Уладальніца найб.колькасці медалёў (18) у гісторыі сучасных Алімп. гульняў, 9-разовая чэмпіёнка XVI, XVII і XVIII Алімп. гульняў (1956, г. Мельбурн, Аўстралія — у асабістым і камандным першынствах, апорных скачках, вольных практыкаваннях; 1960, Рым — у асабістым і камандным першынствах, вольных практыкаваннях; 1964, Токіо — у камандным першынстве і вольных практыкаваннях). Абс. чэмпіёнка свету (1958, 1962), Еўропы (1957, 1961), СССР (1961—62). Аўтар успамінаў «Гімнастыка праз гады» (1977).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІКЁРА-ГАРЭ́ЛАЧНЫЯ ВЫ́РАБЫ,
моцныя алкагольныя напіткі, якія з’яўляюцца мех. сумессю рэктыфікаванага спірту вышэйшай ачысткі, рафінаванага цукру, смакавых і пахучых рэчываў расліннага паходжання. Паводле колькасці спірту і цукру ў Л.-г.в. адрозніваюць лікёры, наліўкі, настойкі, настойкі горкія і бальзамы.
Л.-г.в. гатуюць са спіртаваных сокаў, фруктаў і ягад, настояў духмяных траў, каранёў, кветак, лісця, лупіны цытрусавых, зярнят кавы і какавы, прыпраў (ваніль, карыца і інш), грубыя — з эсенцый спіртаваных раствораў эфірных алеяў, сінт. араматызаваных спіртоў. Асн.тэхнал. аперацыі ў вытв-сці Л.-г.в.: прыгатаванне спіртаваных сокаў фруктаў і ягад і настояў (мацэрацыя ці інфузія); змешванне кампанентаў (купаж); фільтрацыя; вытрымліванне прыгатаваных напіткаў (старэнне) у дубовай, керамічнай, эмаліраванай тары; разліў. Гл. таксама Лікёра-гарэлачная прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РА,
філасофская катэгорыя, якая абазначае арган. адзінства якаснай і колькаснай акрэсленасці прадмета або з’явы. У гісторыі філасофіі распрацавана Г.Гегелем. Кожнаму якасна своеасабліваму аб’екту ўласцівы пэўныя колькасныя (зменлівыя і рухомыя) характарыстыкі. М. паказвае межы, за якімі колькасныя змены ўласцівасцей, складу, структуры прадметаў або працэсаў прыводзяць да змены іх якасці (закон пераходу колькасных змяненняў у якасныя). У сваю чаргу змена якасці дадзенага аб’екта вядзе да змены яго колькасных характарыстык і М. Сувязь і адзінства колькасці і якасці абумоўлены прыродай данага аб’екта. Калі разглядаць развіццё аб’екта, то пункты пераходу ад адной ступені да другой выступаюць як вузлавыя пункты змены М.; пра сістэму такіх вузлоў прынята гаварыць як аб вузлавой лініі М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕПТЫ́ДЫ,
арганічныя рэчывы, якія маюць астаткі аднолькавых або розных амінакіслот, што злучаюцца пептыднай сувяззю. Малекула П. — звычайна лінейны ланцуг з амінагрупай (—NH2) на адным і карбаксільнай групай (—COOH) на другім канцы ланцуга. Бываюць П. з замкнёным ланцугом — цыклапептыды (таксіны, гармоны і антыбіётыкі). Па колькасці амінакіслотных астаткаў адрозніваюць ды-, тры-, тэтрапептыды і г.д., а таксама поліпептыды. Да П. адносяць шэраг біялагічна актыўных рэчываў: глутатыён, анзерын, карназін, некат. гармоны (інсулін, глюкагон, вазапрэсін, аксітацын і інш.). У жывых клетках П. сінтэзуюцца з амінакіслот ці ўтвараюцца пры ферментатыўным расшчапленні бялкоў. Шэраг актыўных П. і іх аналагі атрыманы штучна шляхам хім. сінтэзу. Дасягненні хіміі П. спрыялі вырашэнню некат. праблем біяхіміі і малекулярнай біялогіі (напр., расшыфроўка генет. кода).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЫМІДЗІ́НАВЫЯ АСНО́ВЫ, пірымідзіны,
прыродныя вытворныя пірымідзіну. Уваходзяць у састаў нуклеінавых кіслот, нуклеатыдаў, каферментаў і інш. біялагічна актыўных злучэнняў. У малекулах нуклеінавых кіслот акрамя кананічных П.а. — цытазіну (4-аміна-2-пірымідон), тыміну (5-метыл-пірымідзін-2,4-дыен), урацылу (пірымідзін-2,4-дыен) ёсць, у адносна невял. колькасці, т.зв. мінорныя П.а. (5-метылцытазін, 5-карбаксіметылурацын і інш.). Паслядоўнасць пурынавых і П.а. у полінуклеатыдным ланцугу вызначае генетычную інфармацыю ДНК і матрычных РНК.
П.а. — бясколерныя высакаплаўкія (tпл >300°C) крышталі. Раствараюцца ў гарачай вадзе, нерастваральныя ў этаноле і дыэтылавым эфіры. Існуюць у таўтамерных формах. Біясінтэз П.а. у клетках адбываецца ў выніку ператварэнняў вытворных аротавай кіслаты. Атрымліваюць звычайна метадам кіслотнага гідролізу нуклеінавых кіслот.