СУГЛІ́НАК,
рыхлая пясчана-гліністая асадкавая горная парода, якая складаецца з часцінак памерам менш за 0,01 мм (30—50 %) і абломкавых часцінак больш за 0,01 мм (70—50 %). Мае ў сабе каля 10—30 % гліністых часцінак памерам менш за 0,005 мм. Лік пластычнасці 7—17.
Адрозніваюць С. груба-, дробназярністыя і пылаватыя. Паводле колькасці гліністага матэрыялу С. падзяляюцца на лёгкія, сярэднія і цяжкія. Мінер. склад пясчаных С. больш кварцавы, гліністых — з каалініту, іліту, мантмарыланіту і інш. Паходжанне пераважна кантынентальнае. Сыравіна для вытв-сці цэглы, аглапарыту. На Беларусі С. пашыраны сярод антрапагенавых адкладаў.
т. 15, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)