парадак двухдольных раслін. Найб. прымітыўныя з існуючых кветкавых раслін 8 сям., 174 роды, каля 3 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных паясах. На Беларусі 2 інтрадукаваныя віды з родаў магнолія і лірыядэндран (гл.Цюльпаннае дрэва) сям магноліевых.
Вечназялёныя і лістападныя дрэвы і кусты. Лісце з прылісткамі або без іх. Кветкі спіральныя, спірацыклічныя, часта з доўгай воссю, адзіночныя ці ў суквеццях. Калякветнік просты або дыферэнцыраваны на чашачку і вяночак. Тычынкі пераважна шматлікія, часта стужкападобныя. Лек., дэкар., тэхн., харч. расліны.
Літ.:
Жизнь растений. Т. 5, ч. 1. Цветковые растения. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЧ-ТРАВА́ (Cladium),
род кветкавых раслін сям. асаковых. 3—4 віды. Пашыраны ва ўмераных, субтрапічных і трапічных паясах, акрамя Аўстраліі. На Беларусі 1 від М.-т. звычайная (C. mariscus). Атлантычна-еўрап. рэліктавы від, занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў прыбярэжнай паласе азёр ландшафтнага заказніка Блакітныя Азёры на заглееным або затарфаваным грунце на глыб. 0,2—0,5 м.
Шматгадовыя травы выш. да 1,5 м з тоўстым паўзучым карэнішчам. Шэра-зялёныя сцёблы пустыя, тоўстыя, густааблісцелыя. Лісце лінейнае, трохграннае, вострапілаватае, рэжучае (адсюль назва). Суквецце — складаная мяцёлка. Каласкі дробныя, бурыя, кветкі без калякветніка. Плод — яйцападобны цёмна-карычневы бліскучы арэшак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́КАТНІЦА (Malaxis),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 300 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 1 від — М. адналістая (M. monophyllos), трапляецца ў паўн. і цэнтр. раёнах. Занесена ў Чырв. кнігу. Расце на сфагнавых балотах, багністых берагах вадаёмаў і ў забалочаных лясах (ельнікі, бярэзнікі) М. адналістая — шматгадовая жаўтавата-зялёная травяністая расліна выш. 6—30 см. Сцябло тонкае, трохграннае, каля асновы клубнепадобна-патоўшчанае, пераходзіць у падземны клубень. Ліст адзіночны, яйцападобны, даўж. да 10 см, размешчаны каля асновы сцябла. Кветкі дробныя, бледна-зялёныя, сабраныя ў доўгую прамую шматкветную гронку. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРЦЫ́С (Narcissus),
род кветкавых раслін сям. амарылісавых. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. Трапляюцца ў вільготных месцах, на высакагорных і далінных лугах, травяністых схілах гор. Культывуюць са стараж. часу, вядома больш за 12 тыс. сартоў. На Беларусі вырошчваюць каля 40 сартоў Н. гібрыднага (N. hybridus).
Шматгадовыя цыбульныя травяністыя расліны. Лісце прыкаранёвае, лінейнае. Кветанос бязлісты, выш. да 0,5 м. Кветкі белыя, жоўтыя, адзіночныя ці ў гронках, у некат. пахучыя; эфірны алей з іх выкарыстоўваецца ў медыцыне і парфумерыі. Плод — каробачка. Усе віды ядавітыя. Ранневеснавыя дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІВЯ́НІК (Leucanthemum),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 1 від Н. звычайны, або папоўнік (L. vulgare, нар. назвы белая ляхаўка, лугавы рамонак, румянак лясны, пастрэл). Трапляецца каля дарог, на лугах, у хмызняку. Мае шмат садовых форм і сартоў пад агульнай назвай садовы рамонак. Разам з Н. найвялікшым (L. maximum) культывуецца як дэкар. расліна.
Шматгадовыя карэнішчавыя травы выш. да 1 м з прамастойнымі галінастымі сцёбламі. Лісце суцэльнае, радзей перысталопасцевае, чаргаванае. Суквецце — буйны адзіночны кошык. Краявыя кветкі несапраўднаязычковыя, белыя, сярэдзінныя — трубчастыя, жоўтыя. Плод — сямянка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУТ (Cicer),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 30 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. і Усх. Афрыцы. Трапляюцца па камяністых месцах на горных лугах, утвараюць характэрныя для мясц. расліннасці фітацэнозы. Культывуюць Н. культурны, або бараноў гарох (C. arietinum), які інтрадукаваны ў Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі.
Н. культурны — адналетнік выш да 80 см з верт. або ўзыходнымі парасткамі, густа апушанымі залозістымі валаскамі. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі адзіночныя, дробныя, чырв., ружовыя або белыя. Плод — боб. Насенне мае да 30% бялку, да 60% вугляводаў, да 7% тлушчу. Харч. (гатуюць крупу, муку, кандытарскія вырабы), кармавая расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРНА́С (Parnasos),
горны масіў у Грэцыі, на Пн ад Карынфскага зал. Выш. 2457 м. Складзены з вапнякоў, вяршыня скалістая. Да выш. 1000 м укрыты міжземнаморскімі хмызнякамі і хваёвымі лясамі. Каля падножжа П. — стараж.-грэч.г. Дэльфы, археал. запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны; рэшткі помнікаў архітэктуры 7 ст. да н.э. — 1 ст.н.э. Паводле стараж.-грэч. міфалогіі П. — месцазнаходжанне Апалона і муз; у пераносным значэнні — садружнасць паэтаў, парнаскія кветкі — вершы, парнаскія сёстры — музы. Адсюль выраз «Узысці на П.»: дасягнуць сапр. поспеху і прызнання ў л-ры і мастацтве. Арх. музей. Нац. парк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЭНАКАРПІ́Я (ад грэч. parthenos нявінніца + karpos плод),
утварэнне на расліне пладоў без апладнення. Адрозніваюць П.: вегетатыўную (або аўтаномную) — плады завязваюцца і развіваюцца без апладнення, і стымулятыўную — для ўтварэння плода неабходна раздражненне рыльца кветкі чужародным пылком (напр., пылок яблыні здольны выклікаць П. ў грушы, пылок памідора — у баклажана). Такія плады не маюць насення або маюць яго без зародка. Расліны з безнасеннымі пладамі размнажаюцца вегетатыўна. Вядома П. ў многіх пладовых раслін (вінаград, груша, мандарын, яблыня і інш.) і часта з’яўляецца замацаванай сартавой адзнакай. Штучная стымулятыўная П. (мех., хім. і інш. раздражненнямі) мае гасп. значэнне (безнасенныя плады маюць добрыя смакавыя якасці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТА́Н (Platanus),
род кветкавых раслін сям. платанавых. 7—10 відаў. Пашыраны ў Амерыцы (ад Мексікі да Канады) і ў Еўразіі (ад Балканскага п-ва і Усх. Міжземнамор’я да Індакітая). З ант. часу культывуюць П. усходні, або чынару (P. orientalis).
Лістападныя дрэвы выш. да 50 м, дыяметр ствала да 5 м. Жывуць больш за 2 тыс. гадоў. Крона густая, шырокая, ствол прамы, калонападобны. Кара зеленавата-шэрая. Лісце буйное, доўгачаранковае, пальчаталопасцевае. Аднаполыя кветкі дробныя, у звіслых галоўчатых суквеццях. Плод — арэшак. Драўніна прыгожая, лёгкая, моцная, выкарыстоўваецца як дэкар. мэблевы матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЮШЧ (Hedera),
род кветкавых раслін сям. араліевых. 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. Растуць у лясах, на камяністых месцах, падымаюцца на значную вышыню па дрэвах, якія з гэтай прычыны часта гінуць. На Беларусі 1 атлантычна-міжземнаморска-еўрап. рэліктавы від — П. звычайны (H. helix), занесены ў Чырв. кнігу (цвіценне ў вер.—кастр., плоданашэння не назіраецца, размнажэнне вегетатыўнае).
Вечназялёныя драўнінныя ліяны з паветранымі каранямі-прысоскамі на сцёблах. Лісце суцэльнае ці 3—5-лопасцевае. Кветкі дробныя, у шарападобных парасоніках ці сабраныя ў мяцёлкі. Плод — ягада. Выкарыстоўваюцца для прысценнага азелянення як хатнія і аранжарэйныя расліны. Меданосныя, дэкар. расліны.