КАРЫ́ЗНА Уладзімір Уладзіміравіч (н. 30.9.1962, в. Опса Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. кампазітар. Сын У.І.Карызны. Скончыў Бел. кансерваторыю (1990, клас Я.Глебава). Яго лепшыя творы ўвасабляюць нац. вобразы і рамант. муз. традыцыі. Значнае месца ў творчасці займае песенны жанр. Сярод твораў: кантата «Таемнасць цішыні» на словы П.​Броўкі, М.​Танка, А.​Гаруна, П.​Ланчанкі, У.​І.​Карызны; сюіта «На гары дубочак» на нар. словы (1990), ронда «Пачастунак» для аркестра бел. нар. інструментаў; цыкл для фп. «Дзіцячыя песні», саната для скрыпкі і фп.; хары, рамансы, песні на словы бел. паэтаў («Зямля мая», «Звон часу», «На азёрах сініх» і інш.). Лаўрэат Рэсп. конкурсаў патрыят. песні 1986, 1987.

Э.​А.​Алейнікава.

У.І.Карызна.

т. 8, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСАДО́ (Cassadó) Гаспар (30.9.1897, г. Барселона, Іспанія — 24.12.1966),

іспанскі віяланчэліст, кампазітар. Вучыўся ў Д.​Марча і ў кансерваторыі «Лас Мерседэс» у Барселоне. Удасканальваўся ў П.Касальса. Выступаў з 9 гадоў. Жыў у Парыжы, Барселоне, Фларэнцыі. З 1918 гастраліраваў як саліст і ансамбліст з буйнейшымі аркестрамі і інструменталістамі ў многіх краінах свету. З 1947 выкладаў у Акадэміі Кіджана ў Сіене (Італія), з 1958 — у Вышэйшай муз. школе ў Кёльне. Аўтар «Каталонскай рапсодыі» для арк., канцэрта для віяланчэлі з арк., «Санаты ў старадаўнім іспанскім стылі» для віяланчэлі з фп., сюіты для віяланчэлі сола, камерна-інстр. ансамбляў, шматлікіх транскрыпцый для віяланчэлі. З 1969 у Фларэнцыі раз у 2 гады праводзяцца міжнар. конкурсы віяланчэлістаў імя К.

т. 8, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕВАНЕ́Ц Аляксандр Васілевіч (н. 14.5.1948, г. Бердск Новасібірскай вобл., Расія),

бел. кампазітар. Скончыў Новасібірскую (1972, клас фп.) і Бел. (1980, клас Я.Глебава) кансерваторыі. З 1980 выкладае ў Бел. ун-це культуры Працуе пераважна ў галіне аркестравай, камерна-інстр. і вак. музыкі. Сярод твораў: араторыя «Беларускі народ» на словы М.​Багдановіча (1978), 6 сімфоній (1981—98, у т. л. 6-я «Чарнобыль»), 6 інстр. канцэртаў 1979—92, (у т. л. 4 для нар. інструментаў); аркестравая сюіта «Летнія падарожжы»; уверцюра «Юнацтва»; п’есы для камерна-інстр. ансамбля; санаты, прэлюдыі, ронда, варыяцыі для фп.; вак. цыклы «Я мужык-беларус» на словы Я.​Купалы (1979), «Кацярына» на словы М.​Някрасава (1981), апрацоўкі бел. нар. песень.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 8, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́ШНЕР Міхаіл Яўхімавіч (1900, Кіеў — ліп. 1942),

бел. кампазітар. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Бел. кансерваторыю (1937, клас В.Залатарова). У 1918—31 канцэртмайстар-піяніст у канцэртных арг-цыях і т-рах Кіева, Масквы, Свярдлоўска. У 1933—38 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. Аўтар першага нац. балета «Салавей», у муз. драматургіі якога вял. ролю адыгрывае нар. танец (паст. 1939, Мінск, Адэса). Сярод інш. твораў: кантата «Тапелец» на сл. А.​Пушкіна, Сімф. танцы, смыковы квартэт (усе 1937); Варыяцыі на бел. тэму для фп.; хары «Мы любоўю Радзімы багатыя», «Чырвонаармейская»; рамансы на вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Пушкіна, М.​Лермантава, апрацоўкі бел. і яўр. нар. песень.

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 8, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ЙЦЭР (Kreutzer) Радольф (16.11.1766, г. Версаль, Францыя — 6.1.1831),

французскі скрыпач, кампазітар, дырыжор, педагог. Немец па паходжанні. Канцэртаваў з 13 гадоў. З 1783 саліст Каралеўскай капэлы ў Парыжы, шэрагу тэатр. аркестраў, у т. л. з 1801 Парыжскай оперы (з 1817 капельмайстар, музік-дырэктар); камер-віртуоз двара Напалеона I (з 1802), Людовіка XVIII (з 1815). З 1795 праф. Парыжскай кансерваторыі. Адзін з заснавальнікаў і найб. яркі прадстаўнік т.зв. парыжскай скрыпічнай школы. Аўтар канцэртаў для скрыпкі, стр. трыо, квартэтаў, опер («Поль і Віржынія», «Ладаіска», абедзве паст. ў 1791). Яго эцюды (зб. «42 эцюды або капрысы») паклалі пачатак новаму кірунку ў скрыпічнай педагогіцы. Л.​Бетховен прысвяціў К. «Крэйцэраву санату» для скрыпкі з фп.

т. 8, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́БЕЛІК (Kubelík) Іеранім Рафаэль (29.6.1914, Біхары, Чэхія — 1996),

швейцарскі дырыжор і кампазітар. Вучыўся ў бацькі Я.Кубеліка. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1933). З 1934 дырыжор, у 1942—48 і з 1989 маст. кіраўнік Чэш. філармоніі. У 1950—53 узначальваў аркестр у г. Чыкага (ЗША), з 1961 — аркестр Баварскага радыё ў Мюнхене. Муз. кіраўнік многіх спектакляў у буйнейшых оперных т-рах Еўропы («Ковент-Гардэн», Лондан, 1955—58) і ЗША (з 1972 муз. кіраўнік т-ра «Метраполітэн-опера», Нью-Йорк). Сярод твораў: оперы, у т. л. «Вераніка» (паст. 1947); кантаты; рэквіемы (1942, 1962, 1963); «Stabat Mater» (1968); 2 месы; сімфоніі; канцэрты для інструментаў з арк. (1940, 1944, 1950, 1951); камерна-інстр. ансамблі і інш.

т. 8, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў Іван Іванавіч (24.1.1919, в. Ціманава Валуйскага р-на Белгародскай вобл., Расія — 29 1.1986),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1967). Вучыўся ў Бел. кансерваторыі (1948—53. клас М.​Аладава). У 1953—70 працаваў у Мін-ве культуры Беларусі, выд-ве «Беларусь». Асн. творы: аперэта «Новая прыстань» (1977, лібр. І.​Васілеўскара); кантаты, у т. л. «Палі стэпавыя» (1958), «Радуйся, наша зямля» для хору а капэла (1961), «Гімн Радзіме і чалавеку-тварцу» (1963), «Светлы шлях» (1967); «Нёманскі край» для нар. хору з арк. нар. інструментаў (1968), сюіта для хору а капэла «У родным краі», «Дзіцячы альбом» (25 хароў а капэла); песні і інш.

Літ.:

Загародні Г.М. Іван Кузняцоў. Мн., 1971.

Г.​М.​Загародні.

т. 8, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПА́ЦІНА Таццяна Карнееўна (15.8.1891, в. Азершчына Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 22.3.1980),

бел. дзеяч самадз. мастацтва, кампазітар-аматар. Засл. дз. маст. Беларусі (1949). Працавала ў калгасе, загадвала сельскай б-кай, навучала спевам у сярэдняй школе на радзіме. На аснове сямейнага гурту Лапаціных арганізавала і ў 1936—54 узначальвала Азершчынскі нар. хор — адзін з лепшых бел. самадз. калектываў. Пры яе ўдзеле ў хоры створаны найб. папулярныя песні «Наша сяло», «Кучаравая вішня», «Дождж ідзе», «Падзяка». «Прыязджайце да нас у калгас», «Дняпро», «За Азершчынай палі залатыя», а таксама песня Л. «Марфута».

Літ.:

Есакоў А., Смольскі Б. Калгасны хор сяла Азершчына Мн., 1953;

Нисневич И. Татьяна Лопатина. М., 1962.

Г.​І.​Цітовіч.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТО́Ў Канстанцін Якаўлевіч (199. 1900, г. Адэса, Украіна — 6.9.1983),

расійскі кампазітар. Нар. арт. Расіі (1973). Скончыў Саратаўскую кансерваторыю (1922). З 1919 у Саратаўскім т-ры мініяцюр, з 1923 у Маскве. Асн. галіна творчасці — песня (больш за 800, у т. л. «Песня пра тачанку», «У зямлянцы», «Махорачка», «Хадзілі мы паходамі», «Севастопальскі вальс» і інш.). Аўтар опер «Алеся» паводле А.​Купрына (паст. 1959), «Дачка Кубы» (паст. 1962), 10 аперэт, у т. л. «Караліна» паводле К.​Гальдоні (паст. 1948), «Севастопальскі вальс» (паст. 1961), «Сэрца балтыйца» (паст. 1964), вак.-сімф. паэмы «Грэнада» (1968), араторыі, сімфоніі, фантазіі для аркестра, канцэрта для скрыпкі з арк. (1970), музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў.

Літ.:

Тищенко А. К.​Листов. М.,1987.

т. 9, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ДЫНЬШ (Mediņš) Язепс (13.2.1877, г. Каўнас, Літва — 12.6.1947),

латышскі кампазітар, дырыжор. Засл. дз. маст. Латвіі (1945). Брат Екабса Медыньша і Яніса Медыньша. Скончыў 1-ы Рыжскі муз. ін-т па класах скрыпкі, віяланчэлі і фп. (1896), потым кіраўнік гэтага ін-та і педагог. У 1906—11 дырыжор т-ра Рыжскага лат. т-ва, у 1915—22 кіраўнік розных оперных труп. У 1922—25 канцэртмайстар і дырыжор Латв. нац. оперы. Выкладаў у Латв. кансерваторыі (з 1946 праф.). Асн. творы: оперы «Жрыца» (паст. 1927), «Земдэгі» (1947, закончана М.​Зарыньшам); 3 сімфоніі (1922—41), сімф. паэма «Латышская зямля» (1935); канцэрт для скрыпкі з арк. (1911); хары, сольныя песні і інш.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 10, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)