(Rowlands) Джон; 28.1.1841, г. Дэнбі, Вялікабрытанія — 10.5.1904], англійскі падарожнік і журналіст, даследчык Афрыкі. Як карэспандэнт амер. газеты ў 1871—72 адправіўся на пошукі Д.Лівінгстана і разам з ім даследаваў воз. Танганьіка. У 1874—77 перасек Афрыку з У на З да вусця р. Конга; вызначыў абрысы воз. Вікторыя, адкрыў азёры Джордж і Эдуард, горны масіў Рувензоры, даследаваў р. Кагера; дасягнуў вярхоўяў р. Луалаба (удакладніў, што яна з’яўляецца вытокам р. Конга),
спусціўся па р. Конга да вусця і пазначыў на карце яе сярэднюю частку. У 1879—84 па даручэнні бельг. караля прымаў удзел у захопе зямель у бас.р. Конга, адначасова адкрыў азёры Маі-Ндомбе і Тумба. У 1887—89 кіраваў англ. экспедыцыяй, якая перасекла Афрыку з З на У, даследаваў р. Арувімі, выявіў, што воз. Эдуард належыць да сістэмы р. Ніл. Яго імем названы вадаспады на р. Конга (з 1983 — Баёма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДЗЕ́БНІК 1497,
зборнік законаў Рус. дзяржавы, накіраваны на ліквідацыю яе феад. раздробленасці і стварэнне агульнарус. права. Яго крыніцамі былі Руская праўда, Пскоўская судная грамата, звычаёвае права, граматы і велікакняжацкія ўказы, перапрацаваныя дастасоўна да сац.-эканам. змен. Зборнік устанавіў адзіную сістэму дзярж.суд. органаў, вызначыў іх кампетэнцыю і супадпарадкаванне, рэгламентаваў суд. пошліны. Ён пашырыў кола ўчынкаў, якія прызнаваліся крымінальнымі [напр., крамола, «царкоўная тацба» (святатацтва), паклёп], увёў новыя паняцці злачынстваў і асабліва небяспечных злачынстваў, вышуковую форму працэсу. У якасці меры пакарання прадугледжвалася смяротная кара, лупцаванне (біццё бізуном у людных месцах, на таргах). Абмяжоўвалася права сервітутаў, павялічваліся тэрміны іскавай даўнасці ў адносінах да велікакняжацкіх зямель. Парушэнне межавых знакаў на велікакняжацкіх, баярскіх і манастырскіх землях каралася лупцаваннем, за тыя ж учынкі на сялянскіх землях — грашовым штрафам. Судзебнік увёў плату пажылога (карыстанне сядзібай) пры адыходзе селяніна ад феадала, устанавіў адзіны для ўсёй дзяржавы тэрмін пераходу сялян ад аднаго ўладальніка да другога — Юр’еў дзень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУКЦЭ́СІЯ (ад лац. successio пераемнасць, наследаванне),
паслядоўная змена біяцэнозаў на пэўным участку зямной паверхні. Класічную тэорыю С. распрацаваў амер. батанік Ф.Клеменс (1916). С. адбываецца на фоне ўскладнення стратэгіі відаў, структуры папуляцый, трафічных ланцугоў і інш. і вядзе да ўстойлівага стану — клімаксу. Біяцэнозы, што змяняюць адзін аднаго, утвараюць сукцэсійны рад або серыю. Асн. механізм С. — аднаўленне раўнавагі экалагічнай паміж біятычнымі згуртаваннямі і фактарамі знешняга асяроддзя.
Пры першасных С. згуртаванні раслін і жывёл узнікаюць на месцах, пазбаўленых жыцця (пясчаных дзюнах, горных пародах, лавах, маладых алювіях). Пры другасных С. адбываецца самаўзнаўленне парушаных згуртаванняў (напр., пасля пажараў, паводак, засух). Вылучаюць С. прыродна абумоўленыя (энда- і экзагенныя) і антрапагенныя. Эндагенныя С. адбываюцца ў выніку ўнутр. працэсаў развіцця біягеацэнозаў (напр., пры зарастанні вадаёмаў), экзагенныя С. выкліканы ўздзеяннем знешніх экалагічных фактараў (напр., эрозіяй глеб, кліматычнымі ўздзеяннямі). Экзагенныя С., што абумоўлены агульнымі геал. зменамі, наз. голагенетычнымі. Антрапагенныя С. развіваюцца пад уздзеяннем гасп. дзейнасці (высечкі лесу, разворванне зямель, выпас жывёл, выкіды і сцёкі прамысл. прадпрыемстваў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАВАРЫ́СТВА СЯБРО́Ў НАВУ́К, Таварыства аматараў навук. Існавала ў Вільні ў 1907—39. Даследавала гісторыю, этнаграфію і культуру, прыроду Літвы, Беларусі і Польшчы. У 1907—22 выдавала «Rocznik Towarzystwa...» («Штогоднік таварыства...»), у 1923—39 час.«Атэнэум віленьске», дзе асвятлялася гісторыя і культура зямельВКЛ, публікаваліся дакумент. матэрыялы, бібліяграфія даследаванняў па гэтых пытаннях. Т-ва стварыла б-ку (больш за 50 тыс. кніг, рукапісы пісьменнікаў, дзеячаў культуры, у т. л. творы і рукапісы А.Міцкевіча), якой былі падораны рукапісы і б-кі Я.Карловіча, Я.Шванскага, збор М.Федароўскага, Я.Французовіча, б-ка Э.Ажэшкі. Аснову калекцыі музея склалі зборы А.Заборскага, В.Шукевіча, Французовіча (фотаздымкі, замалёўкі бел. адзення). Архіўныя матэрыялы т-ва (лісты Ф.Багушэвіча, дакументы пра К.Каліноўскага і інш.) зберагаюцца ў Дзярж.гіст. архіве Літвы, кнігі — у Цэнтр. б-цы АН Літвы. калекцыі па мастацтве і нумізматыцы — у Маст. музеі Літвы, археал., этнагр. і гіст. экспанаты — у Гіст.-этнагр. музеі Літвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛЕЙРА́Н, Талейран-Перыгор (Talleyrand-Périgord) Шарль Марыс (13.2.1754, Парыж — 17.5.1838), французскі дзярж. дзеяч, дыпламат.
Князь Беневенцкі (1806—15), герцаг Дзіно (з 1817). У 1775—91 генеральны вікарый, біскуп. У 1789 выбраны ад духавенства ў Ген. штаты; далучыўся да трэцяга саслоўя. Ініцыятар дэкрэта аб перадачы царк.зямель у распараджэнне нацыі. Пасля звяржэння манархіі (1792) у эміграцыі (да 1796). У 1797—1807 міністр замежных спраў Францыі. У 1808 уступіў у тайныя зносіны з рас. імператарам Аляксандрам I, пазней з аўстр. міністрам замежных спраў К.В. фон Метэрніхам. У 1814—15 у перыяд 1-й рэстаўрацыі Бурбонаў кіраўнік урада і міністр замежных спраў. На Венскім кангрэсе 1814—15 узначальваў франц. дэлегацыю. Выкарыстаўшы супярэчнасці паміж краінамі-пераможцамі, дамогся расколу антыфранц. кааліцыі еўрап. дзяржаў і прыняцця выгадных для Францыі рашэнняў. У 1830—34 пасол у Лондане.
Літ.:
Тарле Е.В. Талейран. М., 1962;
Борисов Ю.В. Шарль Морис Талейран. 2 изд. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫНАЦЦАЦІГАДО́ВАЯ ВАЙНА́ 1454—66,
вайна паміж Тэўтонскім ордэнам і Польскім каралеўствам. Пачалася ў лют. 1454 паўстаннем супраць ордэна, падрыхтаваным т.зв. Прускім саюзам (створаны ў 1440, аб’ядноўваў апазіцыйныя ордэну гарады, дробных рыцараў Памор’я Прусіі). З-пад улады ордэна былі вызвалены Гданьск, Торунь, Эльбланг, Кралявец (Кёнігсберг). У сак. 1454 польскі кароль Казімір IV абвясціў пра ўключэнне зямель ордэна ў склад Польшчы. Польскае апалчэнне ўступіла ва ўладанні ордэна, аднак у вер. 1454 пацярпела паражэнне каля Хайніцаў. Вайна прыняла зацяжны характар, ордэн атрымаў падтрымку Брандэнбурга і інш.герм. княстваў. Паваротным пунктам у вайне стала перамога польскіх войск у 1462 у бітве каля Жарноўца; шэраг паражэнняў войскі ордэна пацярпелі ў 1465—66. Скончылася вайна Тарунскім мірам 1466, паводле якога Польскае каралеўства зноў атрымала выхад да Балт.м.; вярнула сабе Усх. Памор’е з г. Гданьск, Хэлмскую і Міхалоўскую землі з г. Торунь, зах. частку Прусіі і Вармію. Тэўтонскі ордэн, пад уладай якога засталася Усх. Прусія, прызнаў сябе васалам польскага караля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫРВОНАСЛАБО́ДСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.
Размешчана ў Клецкім, Капыльскім р-нах і на мяжы з Салігорскім р-нам Мінскай вобл., каля г.п. Чырвоная Слабада, за 34 км на З ад г. Салігорск. Пл. 23,6 км², даўж. 6,6 км, найб.шыр. 5,8 км, найб.глыб. 5,5 м. Аб’ём вады 69,5 млн.м³. Катлавіна — забалочаная пойма р. Морач. 77% даўж. берагавой лініі штучныя агараджальныя дамбы; на астатнім працягу берагі нізкія. Дно выслана торфам, пяском. Сярэдні шматгадовы сцёк 78,7 млн.м³. Рэгуляванне сцёку сезоннае, шматгадовае. Ч.в. слабапраточнае, сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню вады 1 м. Замярзае ў пач.снеж., лёд (таўшчыня да 70 см) трымаецца да пач. красавіка. Слаба зарастае (маннік вадзяны, рагоз шыракалісты, рдзесты). Колер вады чырвона-буры ў выніку пашырэння тарфянікаў на вадазборы і ў донных грунтах. Водзяцца шчупак, акунь, плотка, сом, уюн, краснапёрка, карась. Выкарыстоўваецца для рэгулявання сцёку ракі і воднага рэжыму прылеглых зямель, водазабеспячэння сажалак рэсп.вытв.-гандл. унітарнага прадпрыемства «Рыбгас «Чырвоная Слабада».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЯ РУСЬ,
гісторыка-геаграфічная назва некаторых зямель сучасных Беларусі і Расіі ў 13—18 ст. Упершыню зафіксавана ў Дублінскім рукапісе (2-я пал. 13 ст.) без дакладнай лакалізацыі паблізу Прыбалтыкі. У канцы 14 ст. польскі храніст Я.Чарнкоўскі назваў Полацк замкам Белая Русь. Прыкладна ў той жа час аўстр. паэт П.Зухенвірт згадваў Белую Русь (у адным выпадку разам з Ізборскам на Пскоўшчыне) як месца падарожжа сваіх герояў. У 1413 магістр Тэўтонскага ордэна ўжыў назву Белая Русь адносна пскоўска-наўгародскіх зямель як сінонім назвы Вялікая Русь. У 2-й пал. 15 ст. Белая Русь пазначана на картах фра-Маўра (прыкладна на месцы Наўгародскай і Маскоўскай Русі) і М.Кузанскага (з надпісам «Белая Русь або Масковія»). «Князем Белай Русі» тытулаваў сябе вял.кн. маскоўскі Іван III. У 16 ст.зах.-еўрап. і польск. храністы і падарожнікі шырока выкарыстоўвалі назву Белая Русь, але лакалізавалі яе вельмі неакрэслена, у асн. на паўн. або паўн.-ўсх. частцы стараж.-рус.тэр., адасабляючы яе ад Чорнай і Чырвонай Русі, што ў цэлым адпавядае супастаўленню Вялікай і Малой Русі. У мясц. ужытку на Русі гэтая назва, за выключэннем тытулатуры Івана III, у 13—16 ст. дакументальна не зафіксавана. В.М.Тацішчаў у 18 ст. сцвярджаў, што ў некаторых летапісах пад Белай Руссю ўжо з 12 ст. разумелася Растова-Суздальская зямля, але гэта нічым не пацвярджаецца. З пач. 17 ст. назва Белая Русь усё больш трывала звязваецца з верхнім Падняпроўем і Падзвіннем, якія раней наз. ў ВКЛ проста Руссю. У скарзе правасл. шляхты ВКЛ на Варшаўскім сейме 1623 пад Белай Руссю разумеўся раён Полацка—Віцебска—Магілёва. На Полаччыне яна змешчана і на карце Г.Баплана (1651). Гэтая традыцыя ў 18 ст. стала агульнапрынятай і была ўспрынята рас. урадам, які лічыў «беларускімі» Магілёўскую і Віцебскую губ. На працягу 19 ст. назва Белая Русь пашырылася на ўсю этнічную тэр. беларусаў і дала пачатак сучаснай назве Беларусь. Паходжанне назвы Белая Русь трактуецца па-рознаму, ні адно з тлумачэнняў не стала агульнапрызнаным. Паводле розных меркаванняў, тэрмін паходзіў ад мноства снегу на Беларусі, ад белай вопраткі насельніцтва, колеру валасоў, меў значэнні «вялікая», «старажытная», «заходняя» або «свабодная» Русь (незалежная ад манголаў і літоўскіх феадалаў).
Літ.:
Імя тваё Белая Русь / Склад. Г.Сагановіч. Мн., 1991;
Рогалев А.Ф. Белая Русь и белорусы: (В поисках истоков). Гомель, 1994;
Насевіч В., Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў. Наш край. Мн., 1996. Вып. 1.
масавая легальная рэв.-дэмакр.нац.-вызв.арг-цыя працоўных Зах. Беларусі ў 1925—27. Арганізавана ва ўмовах сац. і нац. прыгнёту з мэтай вызвалення Зах. Беларусі з-пад улады Польшчы. Дзейнасць БСРГ узначальваў ЦК. Старшыня ЦК Б.А.Тарашкевіч, нам. старшыні С.А.Рак-Міхайлоўскі, чл. П.П.Валошын і П.В.Мятла; кіраўнік Цэнтр. сакратарыята БСРГ М.Т.Бурсевіч, нам. сакратара В.Макоўскі, паліт. рэдактар газет Я.С.Бабровіч. Праграма БСРГ (прынята 12.5.1926) змяшчала асн.дэмакр. і асобныя сацыяліст. патрабаванні: самавызначэнне Зах. Беларусі і аб’яднанне ўсіх бел.зямель у рэспубліку сялян і рабочых (уз’яднанне з БССР); стварэнне сял.-рабочага ўрада; устанаўленне дэмакр. свабод; канфіскацыя памешчыцкіх і царк.зямель, пераход іх ва ўласнасць дзяржавы і падзел без выкупу паміж малазямельнымі сялянамі і парабкамі; скасаванне асадніцтва; устанаўленне 8-гадзіннага рабочага дня; увядзенне рабочага кантролю ў вытворчасці, развіццё спажывецкай, вытв. і крэдытнай кааперацыі; нац. роўнасць і навучанне на роднай мове; свабода сумлення і інш.Гал. сродкам сац. і нац. вызвалення працоўных БСРГ лічыла адкрытую барацьбу нар. мас з эксплуататарамі на аснове саюзу рабочага класа і прац. сялянства. БСРГ супрацоўнічала з рэв.-дэмакр. партыяй польскіх сялян (гл.Незалежная сялянская партыя), укр.рэв.-дэмакр. арг-цыяй «Сельроб». 24.6.1925 дэпутаты польск. сейма Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Валошын і Мятла выйшлі з бел.нац. фракцыі сейма (гл.Беларускі пасольскі клуб) і стварылі пасольскі клуб БСРГ. Карыстаючыся дэпутацкай недатыкальнасцю, яны разгарнулі актыўную дзейнасць па стварэнні масавай арг-цыі працоўных для барацьбы супраць сац. і нац. прыгнёту. У студз. 1927 больш за 2 тыс. гурткоў БСРГ аб’ядноўвалі каля 120 тыс. членаў. Дзейнічала 18 павятовых к-таў БСРГ. ЦКБСРГ выдаваў газ.«Жыццё беларуса», «Беларуская ніва», «Беларуская справа», «Народная справа», «Наша справа», «Наш голас», «Наша воля», «Народны звон», сатыр.час.«Маланка». Пад уплывам грамады актывізавалі работу прагрэсіўная культ.-асв. арганізацыя Таварыства беларускай школы, бел. выдавецкае, навук. і дабрачыннае т-вы, Беларускі студэнцкі саюз. У выніку дзейнасці КПЗБ і грамады ў 1926 у Зах. Беларусі пачаўся ўздым масавага рэв. і нац.-вызв. руху, у якім у канцы 1926 — пач. 1927 наспявалі элементы рэв. сітуацыі. 21.3.1927 БСРГ афіцыйна забаронена польскімі ўладамі. Больш за 400 яе кіраўнікоў і актывістаў аддадзены пад суд.
Літ.:
Беларуская Сялянска-Работніцкая Грамада. Мн., 1928;
Палуян У.А. Беларуская сялянска-рабочая грамада Мн., 1967.
У.А.Палуян.
Паштоўка з партрэтамі арыштаваных у студзені 1927 уладамі Польшчы лідэраў Беларускай сялянска-работніцкай грамады П.Мятлы, П.Валошына, Б.Тарашкевіча, С.Рак-Міхайлоўскага і дзеяча Незалежнай сялянскай партыі Ф.Галавача. 1927.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯМ-ЗАПО́ЛЬСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1582,
дагавор аб 10-гадовым перамір’і паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй; адзін з дыпламат. дакументаў, які завяршыў Інфлянцкую вайну 1558—82 (гл.Лівонская вайна 1558—83). Падпісаны 15.1.1582 у в. Ківерава Гара каля Яма-Запольскага на Пд ад Пскова. Перагаворы вяліся з 13.12.1581 да 6.1.1582. З боку Рэчы Паспалітай у іх удзельнічалі ваявода брацлаўскі Я.М.Збаражскі, маршалак надворны ВКЛ А.Радзівіл, пісар ВКЛ М.Гарабурда; з боку Маскоўскай дзяржавы — князь Дз.П.Ялецкі, Р.В.Алфер’еў, дзяк М.М.Верашчагін; старшынстваваў папскі легат А.Пасевіна. Гал. спрэчкі на перагаворах разгарэліся з-за Інфлянтаў (Лівоніі). Маскоўская дзяржава хацела захаваць за сабой г. Дэрпт (Тарту), але цар Іван IV імкнуўся хутчэй перакінуць свае сілы супраць Швецыі, таму адмовіўся ад заваяваных інфлянцкіх зямель. Дэлегацыя Рэчы Паспалітай хацела ўтрымаць г. Себеж і інш. занятыя гарады. Паводле падпісанага дагавора Маскоўская дзяржава адмовілася на карысць Рэчы Паспалітай ад заваяваных раней інфлянцкіх і бел.зямель і ад уладанняў сваіх васалаў і саюзнікаў: 40 гарадоў у Інфлянтах, Курляндыі, Полацкага ваяв. і Веліжа з акругай. Рэч Паспалітая вярнула Івану IV занятыя ў апошнія гады вайны пскоўскія, наўгародскія і цвярскія землі. Узаемная перадача замкаў і абмен ваеннапалоннымі павінны былі адбыцца на працягу 8 тыдняў. Рэч Паспалітая адмовілася ад першапачатковых прэтэнзій: накладання кантрыбуцыі на Маскоўскую дзяржаву і ад інш. кампенсацый страт ад вайны. Яна адмовілася таксама ад вызначэння прыналежнасці прыбалт. гарадоў, падлеглых рус.-шведскім перагаворам (скончыліся падпісаннем Плюскага перамір’я 1583). Кампрамісна вырашана спрэчнае пытанне аб царскім тытуле Івана IV. У рус. тэксце дагавора тытул «цар» прысутнічаў, у польскім ён не ўпамінаўся. У рус. экзэмпляры Іван IV наз. «ўладаром лівонскім і смаленскім», у польскім — «уладаром Інфлянтаў» названы кароль польскі і вял. князь ВКЛСтафан Баторый, а тытул «смаленскі» не належаў нікому. У дадатак да дагавора летам 1582 падпісаны яшчэ 3 пратаколы. Яны вызначалі ўмовы абмену і выкупу ваеннапалонных, прадугледжвалі ненапад бакоў на спрэчныя інфлянцкія і наўгародскія гарады да сканчэння перамір’я. Дагавор быў ратыфікаваны ў Маскве царом Іванам IV і Збаражскім. Пацвярджаўся і прадаўжаўся ў 1584, 1585, 1586, 1587, 1591, 1601.
Літ.:
Успенский Ф. Переговоры о мире между Москвой и Польшей // Зап. Новороссийского ун-та. Одесса, 1887. Т. 45;
Новодворский В. Борьба за Ливонию между Москвою и Речью Посполитою (1570—1582). СПб., 1904;
Королюк В.Д. Ливонская война. М., 1954;
Флоря Б. Россия, Польша и конец Ливонской войны // Сов. славяноведение. 1972. №2.