БЕЛАРУ́СКАЕ ГРАМА́ДСКА-КУЛЬТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БГКТ) у Польшчы, грамадская арг-цыя, якая праводзіць культ.-асв. работу сярод бел. насельніцтва Польшчы. Засн. ў 1956. Гал. праўленне ў Беластоку; з 1957 там вядзе радыёперадачы на бел. мове. Асн.віды дзейнасці — літ., асв., культ., выдавецкая, навук., лектарская. Садзейнічала стварэнню кафедры бел. філалогіі ў Варшаўскім ун-це. Пры БГКТ працуюць літ.-маст. аб’яднанне «Белавежа», 35 калектываў маст. самадзейнасці, клубы, бібліятэкі. Выдае «Беларускі каляндар» (штогод), газ.«Ніва», рэпертуарныя зборнікі. Арганізоўвае культ.-маст. фестывалі, святы, з 1989 — адпачынак моладзі на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РТНАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць нормаў права, якія рэгулявалі функцыянаванне бортніцтва на Беларусі з глыбокай старажытнасці да канца 18 ст. Спачатку бортнае права было вуснае, усе віды яго парушэння разглядаліся копным судом. Асн. яго нормы без істотнай юрыд. трансфармацыі ўвайшлі поруч з афіц. прававымі актамі, што рэгулявалі бортніцтва, у Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588. Пры вызначэнні меры пакарання прадугледжваўся дыферэнцыраваны падыход: ненаўмыснае пашкоджанне бортнае дрэва каралася штрафам у 2 капы (120) грошай, наўмыснае — у 5-разовым памеры; злоўленых на месцы злачынства за крадзяжом мёду маглі прысудзіць і да смяротнай кары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДО́МЕЦ (Parnassia),
род кветкавых раслін сям. відомцавых. Больш за 50 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных і субтрапічных рэгіёнах Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляецца відомец балотны (Parnassia palustris). Расце на балотах, забалочаных лугах, берагах рэк і ручаёў.
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом і кароткім карэнішчам. Лісце суцэльнае, сцябловае сядзячае, прыкаранёвае ў разетцы, доўгачаранковае, з сэрцападобнай асновай. Кветкі адзіночныя, белыя, з нектарнікамі. Плод — шматнасенная аднагнездавая каробачка. Лісце мае дубільныя і горкія рэчывы. Лек. (заспакаяльны, вяжучы, мачагонны, жаўцягонны, кровааднаўленчы і гаючы сродак), дэкар., кармавыя і меданосныя расліны. Некаторыя віды ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГАЦЯЁМІСТАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,
здольнасць глебы паглынаць і затрымліваць вільгаць. Вызначаецца ў працэнтах ад аб’ёму або ад масы сухой глебы. Залежыць ад грануламетрычнага саставу і структуры глебы, колькасці ў ёй гумусу. Найб. вільгацяёмістыя чарназёмы і балотныя глебы. Адрозніваюць поўную, капілярную, палявую, максімальную адсарбцыйную, або гіграскапічную, і інш.віды вільгацяёмістасці глебы. Для с.-г. вытв-сці найб. значэнне мае палявая вільгацяёмістасць глебы, якая вызначае макс. велічыню запасу карыснай для раслін глебавай вільгаці. Па яе велічыні вызначаюць аптымальныя нормы палівання с.-г. і інш. культур. Гл. таксама Вільготнасць глебы, Водны рэжым глебы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОЛАСАГАЛО́ВЫ (Trichocephalus),
род паразітычных гельмінтаў кл. круглых чарвей. 62 віды. Пашыраны ўсюды, у т. л. на Беларусі. Паразітуюць у тоўстым кішэчніку дзікіх і свойскіх жывёл, таксама чалавека. Найб. вядомыя воласагалоў чалавечы (Trichocephalus trichiuris), у дзікай і свойскай жывёлы Trichocephalus ovis, Trichocephalus globulosa, Trichocephalus suis, Trichocephalus vulpis, Trichocephalus nutria.
Даўж. самцоў 20—80 мм, самак 39—90 мм. Галаўны канец воласападобны, хваставы патоўшчаны. Жывёлы і чалавек заражаюцца пры заглынанні інвазійных яец з ежай і вадой. Паразіты глыбока пранікаюць у слізістую абалонку кішэчніка і выклікаюць хваробу — трыхацэфалёз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОСТРАПРЫПРА́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
расліны, якія назапашваюць у розных органах пахучыя вострасмакавыя рэчывы (эфірны алей, гліказіды, таніны, алкалоіды, фітанцыды) і ўжываюцца як прыправа. Вядома каля 150 відаў, пашыраных ва ўсім свеце, асабліва ў паўд. шыротах. Найб. значэнне сярод трапічных вострапрыпраўных раслін маюць гваздзіковае дрэва, карычнае дрэва, мускатнік, кардамон, імбір, перац струкавы. На Беларусі культывуюцца каля 30 відаў, у т. л. аніс звычайны, гарчыца белая, ісоп лекавы, каляндра пасяўная, крэс-салата, кмен звычайны, хрэн звычайны, розныя віды цыбулі, часнок, меліса лекавая, мята перцавая, кроп пахучы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІУ́МЫ (Amphiumidae),
сямейства хвастатых земнаводных. 3 віды. Найб. вядомая амфіума меанс. Пашыраны на ПдУ ЗША. Жывуць у забалочаных вадаёмах, азёрах, непраточных глеістых вадаёмах, на рысавых чэках (абвалаваных участках палёў).
Даўж. 0,8—1 м. Цела чорнае, вугрападобнае. Маюць 2 пары малых рудыментарных канечнасцяў з 2—3 недаразвітымі пальцамі, унутр. шчэлепы і схаваныя пад скурай вочы. Лічынкі дыхаюць шчэлепамі, дарослыя — лёгкімі. Зімуюць у глеі. Кормяцца беспазваночнымі, радзей дробнымі рыбамі, земнаводнымі. Адкладваюць на сушы ў вільготных месцах да 150 яец. Палавая спеласць на 4-м годзе. Выкарыстоўваюцца мяса, тлушч і скура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУРО́ЧНІК, бурачнік (Borago),
род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. бурачнікавых. 3 віды, пашыраныя пераважна ў Міжземнамор’і. Лёгка дзічэе, як пустазелле трапляецца ў Еўропе і Зах. Азіі. На Беларусі — агурочнік лекавы, або агурочная трава (D. officinalis), — адналетнік.
Выш. 30—100 см, сцябло прамастойнае. Лісце суцэльнае з агурочным пахам і смакам (адсюль назва). Цвіце ў чэрв. — ліпені. Кветкі блакітныя, ружовыя, белыя, у суквеццях-завітках. Плод — чатырохарэшак Лекавая (мачагонны, патагонны, змякчальны сродак), меданосная і дэкар. расліна, вырошчваюць як агародніну (маладое лісце прыдатнае на салату).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛО́ГАВАЯ ТЭ́ХНІКА,
машыны, прылады, прыстасаванні, якія ў стараж. часы выкарыстоўвалі для прыкрыцця атакуючых, штурму і разбурэння ўмацаванняў. Уключала пераносныя і рухомыя (на катках) шчыты, вінеі, рухомыя аблогавыя вежы ў некалькі ярусаў з адкіднымі мосцікамі, штурмавыя драбіны, кідальныя машыны, тараны і інш. На Беларусі аблогавая тэхніка выкарыстоўвалася да 14—15 ст., калі на змену ёй стала прыходзіць аблогавая артылерыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РЫШТ (нямецкае Arrest ад лацінскага arrestum судовая пастанова),
1) у крымінальным працэсе мера стрымання; часовае пазбаўленне волі, узяцце пад варту абвінавачанага (падсуднага) паводле санкцыі пракурора або рашэння суда.
2) Арышт дысцыплінарны — мера дысцыплінарнага спагнання, якая ўжываецца да ваеннаслужачых і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў за наўмыснае парушэнне службовай дысцыпліны і інш. 3) Арышт адміністрацыйны — мера адміністрацыйнага спагнання, якое назначае раённы суд або суддзя за асобныя віды адміністрацыйных правапарушэнняў.
4) Арышт маёмасці — забарона распараджацца маёмасцю; прымусовая мера, якую выкарыстоўваюць органы следства і суда для забеспячэння цывільнага іску або канфіскацыі.