маладая расліна, вырашчаная з сеянцаў або чаранкоў для пасадкі на пастаяннае месца. С. пладовых дрэў атрымліваюць у пладовых гадавальніках з прышчэпаў на працягу 1—2 гадоў. С. ягадных культур (агрэст, парэчкі) — аднагадовыя непрышчэпленыя расліны (укаранёныя чаранкі, адводкі). У якасці С. маліны выкарыстоўваюць каранёвыя атожылкі, С. суніцы — ліставыя разеткі на вусах. У лесаводстве С. — маладыя дрэўцы (часцей парод дрэў, якія марудна растуць у раннім узросце — елка, піхта), прызначаныя для закладкі лясных культур і ахоўных лясных насаджэнняў, вырошчваюць 2—8 гадоў у школьным аддзяленні ляснога гадавальніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНЬГО́, Трохцарства,
перыяд у гісторыі Кітая (220—265 або 220—280), калі пасля распаду імперыі Хань ён быў падзелены на тры царствы (Вэй, У і Шу), якія вялі паміж сабой бясконцыя войны за гегемонію над усёй краінай. Напачатку дамінавала царства Шу, але ў 263 знясіленае ўнутр. барацьбой яно было заваявана царствам Вэй. У 265 уладу ў царстве Вэй захапіў палкаводзец Сыма Янь, які заснаваў дынастыю Цзінь [265—420], а ў 280 канчаткова заваяваў царства У. Перыяд С. адлюстраваны ў гіст. рамане 14 ст. «Апавяданні з гісторыі Трохцарства».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПРАПЕЛІ́Т (ад грэч. sapros гнілы + pēlos глей, гразь),
выкапнёвы вугаль пераважна з прадуктаў ператварэння рэшткаў ніжэйшых раслін і жывёльных арганізмаў. Паводле саставу, ступені раскладання і ператварэння зыходнага матэрыялу вылучаюць уласна С. і гуміта-С. (пераходная рознасць паміж уласна С. і сапрагумалітамі). Паводле саставу адрозніваюць С.: кенель-богхеды, касьяніт-богхеды і чарамхіты. Колер цёмна-карычневы, шаравата-чорны. Аднародныя, масіўныя, цвёрдыя, вязкія. Выхад лятучых кампанентаў 55—70%. Складаюць праслоі (лінзы) у пластах гумалітаў, якія зведалі буравугальную або пач. этапы кам.-вуг. стадыі метамарфізму. Каштоўная хім. сыравіна. Трапляецца на многіх буравугальных радовішчах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́РНАВЫЯ АГНЁЎКІ,
матылькі сям.агнёвак. Шкоднікі зерня, насення, харч. прадуктаў і фуражу. Пашыраны паўсюдна, найб. млынавая, зерневая, паўд. свірнавая і мучная.
Крылы ў размаху 12—30 мм, пераважна шараватага колеру. Самкі адкладваюць яйцы на паверхню зерня. Вусені даўж. 12—20 мм, жаўтаватыя, зеленаватыя, ружаватыя ці інш., жывуць групамі ці адзіночна ў камяках ці трубачках, якія склейваюць з рэшткаў прадуктаў і павуціны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЫ́ КА́МЕНЬ СЯНЕ́ЖЫЦКІ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Размешчаны на могілках в. Сянежычы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Ружавата-шэры дробназярністы граніт з двума ксеналітамі цёмна-шэрага гнейсу (18 × 7 і 28 × 15 см), якія ўтвараюць паглыбленні да 6 см. Даўж. 1,65 м, шыр. 1,43 м, выш. 0,5 м, у абводзе 4,7 м, аб’ём 0,6 м³, маса каля 1,7 т. Мае прасападобную форму. Прынесены ледавіком каля 220—150 тыс. гадоў назад са Скандынавіі. У дахрысціянскія часы валун меў культавае значэнне, захаваліся легенды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ АРЦЕ́ЛЬ,
калектыўная сялянская гаспадарка; добраахвотнае аб’яднанне грамадзян для сумеснай вытв-сці с.-г. прадукцыі. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь грунтуецца на членстве яе ўдзельнікаў, якія абавязаны ўнесці свой паявы ўзнос, прымаць асабісты прац. ўдзел у дзейнасці арцелі і несці субсідыярную адказнасць па яе абавязацельствах. Прававое становішча С.а., правы і абавязкі іх членаў вызначаюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб вытв. кааператывах. Устаноўчым дакументам С.а. з’яўляецца статут, зацверджаны агульным сходам яе членаў. Вышэйшым органам кіравання С.а. з’яўляецца агульны сход, выканаўчымі органамі — праўленне і яго старшыня. Гл. таксама Калгас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМЯЗА́ВЯЗЬ, семязачатак,
шматклетачнае ўтварэнне насенных раслін, з якога развіваецца насенне. Мае ў сабе нуцэлус, дзе знаходзіцца мацярынская клетка мегаспор (мегаспарацыт), 1—2 інтэгументы, якія пры змыканні ўтвараюць вузкі канал — мікрапіле (праз яго пылковая трубка пранікае да зародкавага мяшка) і фунікулюс (семяножку), што прымацоўвае С. да плацэнты. У кветкавых раслін С. утвараецца ў завязі, у голанасенных — адкрыта на відазмененым лісці (мегаспарафіле). Пасля апладнення, з пачаткам развіцця зародка С. ператвараецца ў семя, што развіваецца. Колькасць С. у завязі кветкавых раслін ад аднаго (у злакаў) да 1 млн. (у архідных).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́РГІЕЎ (Пётр Рыгоравіч) (10.7.1893, с. Срэценскае Кіраўскай вобл., Расія — 12.7.1973),
расійскі вучоны ў галіне паразіталогіі і эпідэміялогіі. Акад.АМНСССР (1944). Герой Сац. Працы (1963). Скончыў Казанскі ун-т (1918). З 1927 у Ін-це мед. паразіталогіі і трапічнай медыцыны (у 1934—69 дырэктар). У 1937 нарком аховы здароўя Расіі. У 1957—60 віцэ-прэзідэнт АМНСССР. Навук. працы па эпідэміялогіі малярыі і арганізацыі барацьбы з ёй. Кіраваў распрацоўкай комплекснай сістэмы мерапрыемстваў, якія забяспечылі ліквідацыю малярыі ў СССР як масавага захворвання. Дзярж. прэмія СССР 1946, 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІВІ́ЛЫ, Сібілы,
у старажытных грэкаў, рымлян і некат. інш. народаў легендарныя жанчыны-прарочыцы, якія ў экстатычным стане ў вершаванай форме «абвяшчалі» волю багоў, прадказвалі будучыню (звычайна — розныя беды). У рымлян найб. вядомасцю карысталіся т.зв. Куманская і Цібурцінская С. Іх нібыта запісаныя прадказанні («сівіліны кнігі») як вялікую таямніцу захоўвалі жрацы ў храме Юпітэра Капіталійскага і выкарыстоўвалі (да 5 ст.н.э.) у надзвычайных выпадках (паліт. крызісы, войны і інш.). Верагодна, ад імя С. выступалі невядомыя грэч., рым., іудзейскія і інш. аўтары. Да вобразаў С. звярталіся многія ант. і пазнейшыя мастакі і пісьменнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛЕ́ЗСКІЯ ПАЎСТА́ННІ ТКАЧО́ЎПаўстанне 1793 адбылося ў сак.—красавіку ў горных акругах Сілезіі (тады ўваходзіла ў склад Прусіі). Пачалося стыхійна ў г. Шомбург, перарасло ў барацьбу супраць прускіх феад.-прыгонніцкіх парадкаў і ахапіла каля 20 тыс.чал. Было жорстка задушана прускімі войскамі. Паўстанне 1844 адбылося 4—6 чэрв. ў горных паселішчах Сілезіі і выклікана празмернай эксплуатацыяй рабочых прадпрымальнікамі-мануфактурыстамі і мясц. памешчыкамі, якія спаганялі з ткачоў падатак за права займацца прамысл. працай. Штуршком да выступлення паслужылі скарачэнне аплаты працы рабочым і пагаршэнне іх становішча з прычыны неўраджаю. Паўстанне задушана.