МНЕМО́НІКА (ад грэч. mnēmonikos які мае добрую памяць),
сукупнасць асаблівых (адмысловых) прыёмаў і спосабаў, якія аблягчаюць запамінанне як мага большай колькасці звестак, фактаў шляхам утварэння штучных асацыяцый. Шырока выкарыстоўваецца ў выглядзе мнеманічных схем на пультах кіравання, сігнальных табло, панэлях шчытоў.
Выкарыстоўваецца таксама ў мовах праграмавання ў выглядзе абрэвіятур-мнемакодаў для абазначэння кодаў аперацый. Напр., мнеманічная каманда асемблера «LDA A1» (ад англ. Load Accumulator — загрузіць акумулятар) азначае «прачытаць лік з ячэйкі памяці з адрасам, пазначаным сімвалічна A1, і запісаць (загрузіць) яго ў акумулятар працэсара ЭВМ». Асацыятыўныя запамінальныя прыстасаванні заснаваны на наданні розным запісам асацыятыўных адзнак. Выбар запісу робіцца не па канкрэтным (зададзеным) адрасе, а па спалучэнні (асацыяцыі) адзнак, уласцівых інфармацыі, якую шукаюць. Дзякуючы стварэнню такіх штучных асацыяцый пошук і апрацоўка даных паскараецца на 2—3 дзесятковыя парадкі. Прыклады М. — левай рукі правіла, а таксама цыркавы і эстр. нумар «угадвання» думак на адлегласці і «знаходжання» прадметаў (гл.Мнематэхніка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОР ((More) Томас) (7.2.1478, Лондан — 7.7.1535),
англійскі гуманіст, пісьменнік і дзярж. дзеяч, адзін з заснавальнікаў утапічнага сацыялізму. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це, юрыд. школах Лондана. У 1504 выбраны ў палату абшчын парламента, у 1529—32 лорд-канцлер каралеўства, падтрымліваў Контррэфармацыю. У гал. творы «Утопія» (1516) даў разгорнутую крытыку сац. ўкладу Англіі, паказаў ідэальную мадэль дзярж. і грамадскага ладу, які грунтуецца на грамадскай уласнасці, усеагульнай і абавязковай працы, справядлівым размеркаванні багацця, свабодным развіцці асобы; паліт. лад Утопіі заснаваны на прынцыпах выбарнасці і старшынства, сям’я прадстаўлена ячэйкай камуніст. быту і гасп. дзейнасці. Пабудову новага грамадства звязваў з развіццём свядомасці і маральным выхаваннем народа і валадароў, рэліг. верацярпімасцю. Абвінавачаны ў дзярж. здрадзе і пакараны смерцю; кананізаваны каталіцкай царквой (1935). Утапічныя ідэі М. станоўча паўплывалі на гуманістаў розных эпох (Марэлі, Ф.Бабёф, А.Сен-Сімон, Ш.Фур’е і інш).
Тв.:
Рус.пер. — Утопия. М., 1978.
Літ.:
Горфункель А.Х. Философия эпохи Возрождения. М., 1980;
расійскі дырыжор, педагог. Нар.арт.СССР (1954). Герой Сац. Працы (1973). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1931), вучань А.Гаўка і М.Малько; у 1936—37 і з 1961 выкладаў у гэтай кансерваторыі (з 1963 праф.). З 1932 дырыжор Ленінградскага т-ра оперы і балета, з 1938 — гал. дырыжор і маст. кіраўнік сімф. аркестра Ленінградскай філармоніі, які пад яго кіраўніцтвам стаў адным з лепшых у свеце. Першы выканаўца 5-й, 6, 8 (прысвечана яму), 9, 10-й сімфоній і араторыі «Песня аб лясах» Дз.Шастаковіча, 6-й сімф. С.Пракоф’ева, сімфоніі-паэмы А.Хачатурана і інш. Ганаровы чл. венскага Т-ва сяброў музыкі (1982). 1-я прэмія на Усесаюзным конкурсе дырыжораў (1938). «Залаты дыск» Усесаюзнай фірмы грампласцінак «Мелодыя» (1982). Дзярж. прэмія СССР 1946. Ленінская прэмія 1961.
Літ.:
Фомин В. Оркестром дирижирует Мравинский. Л., 1976;
Яго ж. Е.А.Мравинский. М., 1983;
Яго ж. Патриарх советского дирижирования // Муз. жизнь. 1987. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫ́КА,
назва народнага скрыпача, пашыраная на тэр. Беларускага Паазер’я. У інш. этнакульт. рэгіёнах сінонімы М. — «скамарох» (Магілёўшчына), «іграч» (Міншчына). М. спрадвеку адыгрываў значную грамадскую ролю ў жыцці бел. вёскі, выконваў сакральна-магічную функцыю ў розных каляндарна-земляробчых (калядных, валачобных, купальскіх і інш. абходах) і сямейна-родавых (асабліва вясельных) абрадах, а таксама эмац.-псіхал. функцыю стваральніка і носьбіта радаснага настрою ў час усіх сямейных і агульнавясковых урачыстасцей (бяседы, ігрышчы, танцы). М звычайна тураваў спевам, разам з інш. інструменталістамі іграў песні, танцы, маршы. Ігру на скрыпцы спасцігаў самавукам («сам па сабе»), у сям’і або ў славутага мясц. выканаўцы. Паводле нар. уяўленняў, сапраўдны М. — чараўнік, які валодае звышнатуральнай сілай уздзеяння на ўвесь навакольны свет. Вобраз М. ўвасоблены ў шматлікіх нар. казках і легендах, выслоўях і песнях, творах бел. л-ры («Сымон-музыка» Я.Коласа, «Музыка» М.Багдановіча, «Страшная музыкава песня» М.Гарэцкага) і выяўл. мастацтва (М.Шагал, Я.Драздовіч). У наш час назву «М.» часам пераносяць і на гарманіста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́МІЯ,
высахлы труп чалавека або жывёлы, які натуральным (пры спрыяльных умовах) ці штучным спосабам захаваўся ад гніення. Самы стараж. спосаб муміфікацыі зафіксаваны сярод рыбакоў племя чынчорас, што жылі на ўзбярэжжы Ціхага ак. паміж Іла (Перу) і Антафагастай (Чылі) больш за 6 тыс.г. назад. З 3-га тыс. да н.э. практыка стварэння М. бальзаміраваннем пашырылася ў Стараж. Егіпце, дзе целы нябожчыкаў апрацоўвалі пераважна прыроднай соллю (натронам), а шырокія льняныя палосы, якімі абгортвалі М., прамочвалі камеддзю і смоламі. Лічылася, што захаванне цела — адна з гал. умоў захавання душы. Пахаванні з М. звычайна маюць багаты пахавальны інвентар і даюць каштоўныя матэрыялы аб культуры, мастацтве, рэлігіі і побыце стараж. грамадстваў. Муміфікацыя была пашырана ў краінах Лац. Амерыкі і на Канарскіх а-вах. На Алтаі ў час раскопак Пазырыкскіх курганоў 5—4 ст. да н.э. знойдзены М. У шматлікіх хрысц. цэрквах захоўваюцца натуральныя М., т.зв. мошчы святых.
І.М.Язэпенка.
Галава муміі фараона Рамсеса II (1317—1251 да н.э.).
расійскі дзярж. дзеяч, археограф і гісторык. Граф. Чл.Рас. акадэміі (1789). Служыў у арміі, потым на прыдворнай і грамадзянскай службе. У 1791—97 обер-пракурор Сінода, у 1794—99 прэзідэнт Акадэміі мастацтваў. З 1775 збіраў пісьмовыя і рэчавыя помнікі рас. гісторыі. Засн. гурток гісторыкаў, які адкрыў Лаўрэнцьеўскі летапіс, выдаў шэраг помнікаў стараж.-рус. пісьменнасці, у т. л.«Рускую праўду» (1792), «Кнігу Вялікаму Чарцяжу» (1792), «Духоўную вялікага кн. Уладзіміра Усеваладавіча Манамаха...» (1793, гл.«Павучанне Уладзіміра Манамаха»); сам адкрыў і выдаў «Слова пра паход Ігаравы» пад назвай «Гераічная песня пра паход на полаўцаў удзельнага князя Ноўгарада-Северскага Ігара Святаславіча» (1800). Зборам М.-П. (частка яго, у т. л. адзіны спіс «Слова аб палку Ігаравым», згарэла ў Маскве ў вайну 1812) карысталіся многія рас. гісторыкі, у т. л. М.М.Карамзін.
Літ.:
Козлов В.П. Кружок А.И.Мусина-Пушкина и «Слово о полку Игореве»: Новые страницы истории древнерус. поэмы в XVIII в. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЧНІ́СТАЯ РАСА́, папяліца, бель,
хвароба вышэйшых раслін, якая выклікаецца мучністарасянымі грыбамі. Пашырана амаль усюды. Найб. развіваецца ў засушлівыя гады. Пашкоджвае многія с.-г. і дзікарослыя расліны, напр.: бабовыя, злакавыя, парасонавыя, буракі, капусту (узбуджальнікі — грыбы роду эрызіфе), гарбузовыя, маліны, ружы, сунічнік, агрэст і парэчкі, Хмель (сфератэка), ігрушы, яблыні і інш. пладовыя культуры (падасфера), дубы і інш. лясныя дрэвы (мікрасфера). Расліны заражаюцца вясной (азімыя і ўвосень) аскаспорамі, пазней канідыямі грыба. На маладых надземных органах паяўляюцца плямы мучніста-белага парашкападобнага або павуціністага налёту з міцэлію і канідыяў грыба, які паступова разрастаецца, робіцца больш шчыльным (лямцавым) і цёмным. Хворыя органы дрэнна растуць і развіваюцца, дэфармуюцца, засыхаюць, плады могуць растрэсквацца і загніваць. У канцы вегетац. перыяду на паверхні міцэлію ўтвараюцца клейстатэцыі, у якіх выспяваюць (звычайна зімой) аскаспоры; зімуе таксама міцэлій (на азімых культурах і шматгадовых раслінах).
Літ.:
Головин П.Н. Мучнисторосяные грибы, паразитирующие на культурных и полезных диких растениях. М.; Л., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСЦО́ВЫ БЮДЖЭ́Ту Рэспубліцы Беларусь,
асноўны фін. план складання і расходавання грашовых сродкаў для забеспячэння дзейнасці мясцовага кіравання і самакіравання, эканам. і сац. развіцця адпаведных адм.-тэр. адзінак. Кожная адм.-тэр. адзінка (вобласць, раён, горад, пасёлак гар. тыпу, сельсавет) мае свой бюджэт, які не ўваходзіць у бюджэты вышэйстаячых узроўняў. Складанне, разгляд, зацвярджэнне і выкананне М.б. ажыццяўляецца мясц.выканаўчымі і распарадчымі органамі і мясцовымі Саветамі дэпутатаў самастойна ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй. М.б. мае даходную і расходную часткі. У М.б. залічваюцца мясц. падаткі: зборы і пошліны, паступленні ад прыватызацыі камунальнай уласнасці, ад здачы камунальнай маёмасці ў арэнду, адлічэнні ад агульнарэсп. падаткаў і даходаў па адпаведных нарматывах, частка прыбыткаў камунальных прадпрыемстваў і арг-цый, датацыі і дапамогі ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Грашовыя сродкі, якія паступілі ў М.б., накіроўваюцца на вырашэнне пытанняў мясц. значэння. Мінімальныя памеры М.б. вызначаюцца на аснове нарматываў бюджэтнага забеспячэння на аднаго жыхара, інш.сац. нарматываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБЛІ́ЖАНАЕ ІНТЭГРАВА́ННЕ,
раздзел вылічальнай матэматыкі, які вывучае метады набліжанага вылічэння вызначаных інтэгралаў і набліжанага рашэння (інтэгравання) дыферэнцыяльных ураўненняў. Выкарыстоўваецца, калі дакладнае вылічэнне немагчыма або вельмі складанае.
Набліжанае вылічэнне вызначаных інтэгралаў выконваецца аналітычнымі і графічнымі (гл.Графічныя вылічэнні) метадамі, а таксама з дапамогай спец. прылад (планіметр, інтэгратар). Сярод аналітычных найб. пашыраны метады, заснаваныя на замене падынтэгральнай функцыі адрэзкам яе Тэйлара шэрагу, інтэрпаляцыйным паліномам (гл.квадратурная формула) і інш. Для многіх правіл інтэгравання складзены табліцы вузлоў і каэфіцыентаў квадратурных формул. Нявызначаныя інтэгралы зводзяць да вызначаных з пераменнай верхняй мяжой інтэгравання. Кратныя інтэгралы вылічваюць як паўторныя, з дапамогай кубатурных формул або спец. метадамі, напр., Монтэ-Карла метадам. Для набліжанага рашэння дыферэнцыяльных ураўненняў карыстаюцца пераважна лікавымі метадамі (Рунге—Кута, Эйлера, рознаснымі метадамі і інш.), якія дазваляюць даць рашэнне ў выглядзе табліцы. Аналітычнымі метадамі (напр., шэрагаў, Чаплыгіна, варыяцыйнымі) рашэнне выяўляецца ў аналітычным выглядзе; графічнымі метадамі — у выглядзе графіка. Існуюць таксама метады, заснаваныя на выкарыстанні аналагавых вылічальных машын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ (НАП),
працэс удасканальвання арганізацыі працы на аснове дасягненняў навукі і тэхнікі з мэтай аптымізацыі яе ўмоў і вынікаў.
Пачынальнік укаранення НАП і кіравання — амер.інж. Ф.Тэйлар (гл.Тэйларызм). Рас. філосаф А.А.Багданаў вылучыў у 1912 ідэю стварэння навукі аб агульных законах арганізацыі — тэкталогію, якая пазней была развіта ў канцэпцыях НАП. Ініцыятар і арганізатар НАП у СССР — эканаміст А.К.Гасцеў, які ў 1920—38 узначальваў Цэнтр.ін-т працы. У СССР дзейнічала дзярж. сістэма планавання НАП і дзярж. стат. справаздачнасць прадпрыемстваў аб выкананні планаў, створаны ўсесаюзныя, галіновыя і рэсп. цэнтры НАП.
Асн. кірункі практычнай дзейнасці па ўкараненні НАП: удасканальванне форм падзелу і кааперацыі працы на прадпрыемствах, паляпшэнне арганізацыі і абслугоўвання прац. месцаў, рацыяналізацыя прыёмаў і метадаў працы, падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі работнікаў, паляпшэнне ўмоў працы, рацыяналізацыя рэжымаў працы і адпачынку, выкарыстанне матэрыяльных стымулаў. Пры распрацоўцы і ўкараненні НАП выкарыстоўваюцца дасягненні сацыялогіі, агульнай і інж. псіхалогіі, фізіялогіі і гігіены працы, эрганомікі, тэхн. эстэтыкі і інш.