РЭ́ЧЫШЧА,

найбольш паніжаная частка рачной даліны, па якой адбываецца сцёк вады ў міжпаводкавыя перыяды. Шырыня Р. буйных рэк ад дзесяткаў і сотняў метраў да некалькіх кіламетраў. Па даўжыні Р. плёсы чаргуюцца з перакатамі. Для Р. раўнінных рэк характэрны рукавы, меандры і рэчышчавыя ўтварэнні (астравы, асяродкі, косы, мелі, пляжы і інш.). Р. горных рэк парожыстыя, часта скалістыя. Пры разводдзях і паводках вада не ўмяшчаецца ў Р. і выходзіць на пойму. У гэтыя перыяды фарміруюцца прырэчышчавыя валы, адбываецца найб. эразійная работа рэк, што можа выклікаць істотныя змены ў мікрарэльефе і форме Р. У засушлівых раёнах Р. многіх рэк б.ч. года застаюцца сухімі. Для рэк Беларусі характэрны Р. раўнінных і нізінных рэк — звілістыя, месцамі падзеленыя на рукавы, часта суправаджаюцца пратокамі, старыцамі. Шыр. Р. пераважна 10—20 м, у ніжніх цячэннях 30—50 м. Шыр. Р. буйных рэк звычайна 80—120 м, месцамі да 300—500 м. Глыбіні большасці Р. 0,3—1 м, на плёсах 1—4 м, месцамі да 6—8 м.

Да арт. Рэчышча. Формы рэчышчавых утварэнняў.

т. 14, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́РКА (Юрась) (Юрый Мікалаевіч; н. 6.5.1933, в. Маргавіца Докшыцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт і перакладчык. Скончыў БДУ (1959). Працаваў у час. «Камуніст Беларусі», газ. «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», на Бел. радыё. Друкуецца з 1952. У першым зб. «Шэпчуцца ліўні» (1959) пераважна пейзажная лірыка. Аўтар зб-каў паэзіі «Вечнасць» (1963), «Баравіна» (1967), «Крэўнасць» (1971), «Аўтограф» (1974), «Люблю і веру» (1975), «Памятная вярста» (1978), «Біяграфія памяці» (1981), «Ядранасць» (1983), «Паўшар’е блакіту» (1986), «Узаемнасць» (1993, Літ. прэмія імя А.​Куляшова 1993), у якіх малюнкі прыроды, жыццё і праца людзей, барацьба з ворагам у час Вял. Айч. вайны і інш. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.​Пушкіна, Ф.​Цютчава, А.​Пракоф’ева, А.​Твардоўскага, Р.​Казаковай, Зульфіі, С.​Нерыс, К.​Сейтліева, О.​Вацыеціса, Дз.​Паўлычкі і інш. Песні на словы яго вершаў напісалі М.​Аладаў, М.​Наско, Ю.​Семяняка і інш.

Тв.:

Выбранае: Лірыка (1956—1990). Мн., 1993;

Кружка з пясчаным дном. Мн., 1990.

Літ.:

Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968;

Гніламёдаў У. Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984.

Л.​М.​Гарэлік.

Ю.Свірка.

т. 14, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВО́ЛЬНА,

рака ў Расіі і Беларусі, правы прыток р. Дрыса (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 99 км, у т. л. ў межах Беларусі 93 км, пл. вадазбору 1510 км². Выцякае з воз. Нечарыца (Себежскі р-н Пскоўскай вобл.), вусце насупраць в. Цясты Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. (на левым беразе р. Дрыса). Цячэ па Асвейскай градзе і Полацкай нізіне. Асн. прытокі на Беларусі: Лонніца, Лешня (злева), Піжаўка, Водзьга (справа). Даліна трапецападобная, шыр. ў верхнім і сярэднім цячэнні 400—600 м, у ніжнім 800—1500 м. Схілы спадзістыя, месцамі ўмерана стромкія, выш. 10—20 м. Пойма перарывістая, месцамі забалочаная, шыр. 100—300 м. Рэчышча звілістае, месцамі моцназвілістае, шыр. 18—20 м, берагі стромкія. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 40% гадавога сцёку. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў ніжнім цячэнні ў 1-й дэкадзе крас., сярэдняя выш. над межанным узроўнем 4,5 м, найб. 7,7 м. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у пач. красавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 11,7 м³/с. Рака — водапрыёмнік меліярац. сістэм.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 14, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМЯННІКІ́, тэстыкулы,

мужчынскія палавыя залозы, у якіх утвараюцца сперматазоіды і палавыя гармоны, пераважна тэстастэрон і інш. мужч. палавыя гармоны (андрагены), а таксама жан. палавыя гармоны (эстрагены). Найб. простыя — скопішчы палавых клетак у кішачнаполасцевых, у якіх семя выводзіцца шляхам разрыву сценкі або праз кішачна-сасудзістую сістэму і далей праз ротавую адтуліну. У большасці пазваночных жывёл С. парныя, размешчаныя ў брушной поласці, у млекакормячых жывёл — у яе задняй ч. (клаачныя, хобатныя, кітападобныя і інш.) або ў машонцы (сумчатыя, драпежныя, капытныя, прыматы, чалавек), куды С. звычайна апускаюцца з брушной поласці праз пахвінны канал у працэсе развіцця зародка. Звонку С. ўкрыты шчыльнай абалонкай, унутры — веерападобна падзелены злучальнатканкавымі перагародкамі на долькі з семяннымі семеннымі* канальцамі, дзе ўтвараюцца сперматазоіды. Семявыносныя пратокі адкрываюцца ў мочаспускальны канал.

У тканцы паміж семяннымі семеннымі* канальцамі знаходзяцца клеткі Лейдыга, якія выпрацоўваюць палавыя гармоны. У чалавека С. наз. семявымі залозамі або яечкамі. У мужчын даўж. С. 3—5 см, шыр. 2—3 см, маса 15—30 г. Функцыя С. рэгулюецца гіпаталамусам (рылізінг-фактары), адэнагіпофізам (ганадатропныя гармоны), гармонамі наднырачнікаў і шчытападобнай залозы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЁРА́ ((Seurat) Жорж П’ер) (2.12.1859, Парыж — 29.3.1891),

французскі жывапісец; заснавальнік неаімпрэсіянізму. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1878—79). Працаваў пераважна ў Парыжы. Сюжэты ранніх твораў блізкія традыцыям барбізонскай школы: сельскія віды і сяляне за працай. Пазней пад уплывам імпрэсіяністаў запазычыў у іх тэхніку і тэмы. Першы значны твор — «Купанне ў Аньеры» (1884). У карціне «Нядзеля пасля паўдня на востраве Гранд-Жат» (1886) упершыню выкарыстаў тэхніку пуантылізму. У творах імкнуўся стварыць «лагічную навуковую і жывапісную» сістэму, з дапамогай якой імкнуўся надаць карціне гармонію і ўзгодненасць колеру: «Парад» (1888), «Канкан» (1890), «Цырк» (1891). Пераважную большасць яго работ складаюць пейзажы, марскія віды, у якіх дакладныя натурныя назіранні спалучаюцца з рытмічнай кампазіцыяй: пейзажы Порт-ан-Бесена (1888), Кратуа (1889), Граўліна (1890). Яго маст. канцэпцыі паўплывалі на фавістаў, кубістаў, ням. экспрэсіяністаў і італьян. футурыстаў і інш.

Літ.:

Ж.​Сёра. П.​Синьяк. Письма. Дневники..: Пер. с фр. М., 1976;

Перрюшо А. Жизнь Сёра: Пер. с фр. М., 1992.

Я.​Ф.​Шунейка.

Ж.Сёра. Нядзеля пасля паўдня на востраве Гранд-Жат. 1886.

т. 14, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛІКА́ТЫ (ад лац. silex крэмень),

солі крэмніевых кіслот. У прыродзе пашыраны ў выглядзе мінералаў (гл. Сілікаты прыродныя).

Прыродныя С. і іх сінт. аналагі звычайна даволі тугаплаўкія рэчывы (tпл 1000—1300 °C, часам да 2000 °C і вышэй), маюць высокую цвёрдасць (6—8 па шкале Моаса). За выключэннем С. шчолачных металаў практычна нерастваральныя ў вадзе, інертныя ў растворах мінер кіслот (акрамя фторыставадароднай к-ты) і шчолачаў. Раскладаюцца расплавамі карбанатаў і гідраксідаў шчолачных металаў. Расплавы многіх С. цвярдзеюць у выглядзе шкла. Сінт. С. атрымліваюць награваннем сумесей аксідаў крэмнію і адпаведных металаў, гідратэрмальным сінтэзам, асаджэннем з раствораў і газавай фазы, крышталізацыяй з расплаваў. Пры вытв-сці сілікатных матэрыялаў (цэмент, шкло, буд. кераміка) звычайна выкарыстоўваюць керамічны, ці абпальны, спосаб сінтэзу — спяканне прыроднай мінер. сыравіны (гліна, кварцавы пясок, тальк і інш.) з карбанатамі (часам з сульфатамі). Сінт. С. выкарыстоўваюць як адсарбенты і носьбіты каталізатараў, С. шчолачных металаў (пераважна калію і натрыю) — у вытв-сці клею, фарбаў (гл. Сілікатны клей, Сілікатныя фарбы), розных замазак, у мылаварэнні. Гл. таксама Алюмасілікаты.

А.​П.​Чарнякова.

т. 14, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСЛЕ́Й ((Sisley) Альфрэд) (30.10.1839, Парыж —29.1.1899),

французскі жывапісец, адзін з вядучых майстроў імпрэсіянізму. Па паходжанні англічанін. Вучыўся ў майстэрні Ш.​Глейра ў Парыжы (1860—63). Зазнаў уплыў К.​Каро, К.​Манэ. Адлюстроўваў пераважна ваколіцы Парыжа, прыроду Іль-дэ-Франса. Адметныя рысы яго жывапісу — работа на пленэры, сціпласць матываў, вытанчаная гама светлых тонаў, кампазіцыйная завершанасць і манументальная раўнавага. Раннім пейзажам уласціва некаторая змрочнасць: «Вясковая вуліца ў Марлоце» (1866), «Від на Манмартр» (1869). Каля 1870 ён асвятляе палітру, пачынае супрацьпастаўляць мазкі, ва ўраўнаважаных і лёгкіх па фактуры творах значнае месца займае неба і выяўленне неабсяжнай прасторы: «Баржы на канале Сен-Мартэн» (1870), «Лувесьен.

Сеўрская дарога» (1873), «Кузня ў Марлі» (1875), «Паводка ў Пор-Марлі» (1876), «Снег у Лувесьене» (1878). Пасля 1880 фактура яго твораў стала больш пастознай: «Белы крыж у Сен-Маме» (1884), «Сен-Маме» (1885), «Мост у Марэ, эфект навальніцы» (1887), «Стагі сена ў Марэ, эфект раніцы» (1891), «Канал у Луэне» (1892), «Царква ў Марэ пасля дажджу» (1894).

Літ.:

Бродская Н. Картины Сислея в Эрмитаже. Л., 1963.

С.​У.​Пешын.

А.Сіслей. Паводка ў Пор-Марлі. 1876.

т. 14, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РАГ,

паласа ўзаемадзеяння паміж сушай і вадаёмам (мора, возера, вадасховішча і інш.) ці вадацёкамі (рака, канал і інш.). Мае надводную частку і падводны берагавы схіл, падзеленыя берагавой лініяй. Фарміруецца пад уздзеяннем гідралагічных (ветравыя хвалі, прылівы, адлівы, цячэнні, рачныя плыні і інш.), геал. (тэктанічныя рухі, састаў горных парод), геамарфал. (вышыня і формы рэльефу), антрапагенных (гідрабудаўніцтва, водакарыстанне) і інш. фактараў. Паводле вядучых фактараў у марскіх, рачных і азёрных берагах адрозніваюць абразійныя і эразійныя (гл. Абразія, Эрозія), акумулятыўныя і складаныя. Вывучае берагі геамарфалогія.

Бераг марскі з боку сушы абмежаваны лініяй, якой дасягае прыбой у час найб. прыліваў і штормаў, з боку мора — глыбінёй, дзе затухаюць рухі хваляў. У развіцці марскіх берагоў гал. роля належыць хвалям і прыбою. Яны разбураюць сушу і ўтвараюць абразійныя, часта з кліфам (уступам), берагі або перамяшчаюць і адкладаюць наносы, утвараючы акумулятыўныя берагі. Фарміруюцца яны таксама ў выніку дзейнасці рэк у вусці (дэльтавыя берагі) і пад уплывам занальных фактараў: у Арктыцы і Антарктыцы ад дзеяння вады на мёрзлы грунт і лёд узнікаюць тэрмаабразійныя, у трапічных морах жывыя арганізмы ствараюць біягенныя, пераважна каралавыя берагі (гл. Каралавыя пабудовы). Сучасныя берагі пачалі фарміравацца каля 6 тыс. гадоў назад, пасля позналедавіковай трансгрэсіі, калі ўзровень акіяна павысіўся на 90—100 м і заняў цяперашняе становішча. У выніку затаплення нізінных ускраін мацерыкоў утварыліся інгрэсійныя марскія берагі. Яны падзяляюцца на ледавіковыя (фіёрдавы, шхерны), эразійныя (рыясавы і ліманны), эолавыя (аральскі), структурна-дэнудацыйныя (далмацінскі), ватавыя і інш. (гл. таксама Інгрэсія, Фіёрд, Шхеры, Ліман, Ваты). Берагі рачныя развіваюцца пад уздзеяннем рэчышчавай плыні, якая выклікае бакавую і лінейную эрозію і ўтварэнне карэннага (тэрасавага) незатапляльнага берага або акумуляцыю наносаў і ўтварэнне акумулятыўнага (поймавага) затапляльнага берага. Рэкі Паўн. паўшар’я, якія цякуць на Пн, маюць правы стромкі, абразійны, левы нізкі, акумулятыўны бераг (пад уплывам Карыяліса сілы). У фарміраванні берагоў рэк вял. значэнне маюць апоўзні, абвалы, асыпкі і ўтварэнне яроў. Берагавыя працэсы на рэках паскараюцца пры змене базісу эрозіі.

На Беларусі берагі вадаёмаў і вадацёкаў пераважна акумулятыўныя, на іх развіты берагавыя валы і пляжы. Абразійныя берагі найб. уласцівы вадасховішчам (на некаторых да 50% даўжыні берагавой лініі) і рэкам. На многіх азёрах берагі амаль не перапрацоўваюцца, параслі лесам, хмызняком і травой. Балотная расліннасць стварае на іх сплавінныя берагі.

Літ.:

Берега. М., 1991.

Л.​У.​Мар’іна.

Бераг. Тыпы інгрэсійных берагоў: 1 — фіёрдавы; 2 — шхерны; 3 — рыясавы; 4 — ліманны; 5 — аральскі; 6 — далмацінскі.

т. 3, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫХА́ННЕ,

сукупнасць працэсаў, якія забяспечваюць паступленне кіслароду ў арганізм, выкарыстанне яго ў акісляльна-аднаўленчых працэсах, выдаленне з арганізма вуглякіслага газу і некат. інш. канчатковых прадуктаў абмену рэчываў; адна з асн. жыццёвых функцый. Аснова Д. — спажыванне кіслароду жывымі клеткамі, якое суправаджаецца рэакцыямі дэгідрагенізацыі з пераносам вадароду ад арган. рэчываў (субстратаў) на кісларод з утварэннем вады (гэтыя рэакцыі ідуць у спец. структурах клеткі — мітахондрыях). Д. ажыццяўляецца пераважна за кошт акіслення вугляводаў. Мае 2 этапы: пачатковы (анаэробны), які адбываецца па тыпу гліколізу (цукры ў анаэробных умовах распадаюцца да піравінаграднай кіслаты) і канчатковы (аэробны), пры якім піравінаградная кіслата акісляецца да вуглякіслага газу і вады (цыкл Крэбса). Д. жывых арганізмаў узнікла на Зямлі, калі ў яе атмасферы з’явіўся кісларод.

У аднаклетачных і некат. шматклетачных жывёл абмен газаў паміж клеткамі і асяроддзем ажыццяўляецца шляхам дыфузіі праз паверхню цела. Больш высокаарганізаваныя жывёлы і чалавек маюць спец. органы дыхання і сістэму кровазвароту, у якой цыркулююць кроў і гемалімфа, здольныя звязваць кісларод і вуглякіслы газ (гл. Гемаглабін). Адрозніваюць Д. вонкавае, якое забяспечвае абмен газаў паміж лёгкімі і вонкавым асяроддзем, перанос газаў крывёю (гл. Газаабмен), і тканкавае. У насякомых кісларод паступае ў тканкі з сістэмы паветраносных трубачак — трахей. У многіх водных жывёл вонкавае Д. ажыццяўляецца паверхняй цела і шчэлепамі, якія маюць вял. сетку крывяносных сасудаў. Раствораны ў вадзе кісларод дыфундзіруе ў кроў, якая цыркулюе ў сасудах шчэлепаў. У многіх рыб значную ролю адыгрывае кішэчнае Д., калі заглытваецца паветра і кісларод паступае ў кроў праз крывяносныя сасуды кішэчніка. У сухапутных жывёл вонкавае Д. забяспечваецца пераважна лёгкімі. У амфібій і інш. жывёл разам з лёгкімі функцыянуе скурнае Д. У птушак ёсць паветраныя мяшкі, якія злучаюцца з лёгкімі і мяняюць аб’ём пры лятальных рухах (палягчае Д. ў палёце). Вонкавае Д. забяспечваецца дыхальнымі рухамі (удыхам, выдыхам), колькасць якіх у стане спакою ў чалавека 16—20. Пры адным спакойным удыху чалавека ў лёгкія паступае каля 350 см паветра (гл. Жыццёвая ёмістасць лёгкіх), мінутная лёгачная вентыляцыя ў стане спакою складае 4—8 л. Прычына абмену паветра ў альвеолах лёгкіх — рознасць парцыяльнага ціску. Рэгуляцыя Д. ў чалавека і пазваночных жывёл адбываецца дыхальным цэнтрам. Аснова тканкавага Д. — акісляльнааднаўленчыя рэакцыі. Пры іх вызваляецца энергія, якая ідзе на аднаўленне жывога рэчыва, рост і развіццё тканак, скарачэнне мышцаў, сакрэцыю залоз і інш. (гл. Акісленне біялагічнае). Пры парушэннях Д. і механізмаў яго рэгуляцыі ўзнікаюць змяненні газавага саставу крыві. Пры парушэннях або адсутнасці Д. робяць дыханне штучнае.

т. 6, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МАВІЦКІ РАЁН.

На У Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 17.4.1962). Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 33,7 тыс. чал. (1998), гарадскога 50,7%. Сярэдняя шчыльн. 21 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Клімавічы. 161 сельскі нас. пункт. 10 сельсаветаў: Высакоўскі, Галіцкі, Гусаркаўскі, Дамамерыцкі, Кісялёва-Будскі, Лабжанскі, Лазовіцкі, Мілаславіцкі, Раднянскі, Ціманаўскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, з 1986 у зоне радыяцыйнага кантролю, адселены 15 нас. пунктаў.

Тэр. раёна знаходзіцца ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінна-ўзгорыстая, пераважна на выш. 160—200 м, найвыш. пункт 214 м (на Пд ад в. Галічы). Карысныя выкапні: торф, мел, мергель, сілікатныя пяскі, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -7,8 °C, ліп. 18,5 °C. Ападкаў 610 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. У раёне р. Сож з прытокамі Іпуць, Лабжанка, Асцёр (з Сасноўкай), на Пд — р. Жадунька (з Крупняй) і р. Сураў (правыя прытокі Беседзі). На р. Іпуць Мілаславіцкае вадасх. Пашыраны дзярнова-падзолістыя (46,7%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (33,5%) глебы. Лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя і асінавыя, займаюць 34% тэрыторыі, з іх 30,5% — штучныя насаджэнні. Пад балотамі 4% тэрыторыі, асушана 345 га, найб. масівы Булгакаўскае, Фаміно, Саўскае, Вял. Мох. Зона адпачынку Лабжанка. Помнікі прыроды мясц. значэння: лес яловы Гірэевічы ў Клімавіцкім лясніцтве, лес бярозавы Пянькоўка ў Гусаркаўскім лясніцтве.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 82,8 тыс. га, з іх асушаных 13,9 тыс. га. На 1.1.1998 у раёне 9 калгасаў, 5 саўгасаў, 25 фермерскіх гаспадарак, племзавод «Ціманава», навуч. гаспадарка с.-г. тэхнікума, эксперым. база «Раднянская» па насенняводстве бульбы, птушкафабрыка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, бульбаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харч. (спірт, мясныя і малочныя вырабы), металаапр., буд. матэрыялаў і паліўнай (торфабрыкет) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Орша—Унеча і Магілёў—Рослаўль, аўтадарогі, якія звязваюць цэнтр раёна з гарадамі Касцюковічы, Крычаў, г.п. Хоцімск, адгалінаванне ад нафтаправода «Дружба» Унеча—Полацк. У раёне 16 сярэдніх, 7 базавых (у т. л. школа-інтэрнат), 6 пач., 2 муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, тэхнікум, СПТВ, 22 дашкольныя ўстановы, раённы цэнтр культуры, 8 дамоў культуры, 26 клубаў, 35 б-к, 4 бальніцы, паліклініка, 3 амбулаторыі, 22 фельч.-ак. пункты. Помнікі архітэктуры: цэрквы ў вёсках Дубравіца (пач. 20 ст.), Куляшоўка (1893), Лазовіца (пач. 20 ст.), Мілаславічы (2-я пал. 19 ст.). Выдаецца газ. «Родная ніва».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 8, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)