хвароба чалавека, якая выклікаецца паразітаваннем у яго арганізме дызентэрыйнай амёбы (Entamoeda histolytica) і характарызуецца язвавым пашкоджаннем тоўстага кішэчніка. Цысты ўзбуджальніка выдзяляюцца ў навакольнае асяроддзе з калам, у вадзе могуць захоўваць жыццяздольнасць да 8 месяцаў; трапляюць у арганізм праз брудныя рукі, прадметы ўжытку, забруджаную агародніну, ваду. Інкубацыйны перыяд да 1,5 месяца. Хвароба пачынаецца слабасцю, зніжэннем апетыту, болямі ў жываце. Надворак пачашчаецца да 5—15 разоў за суткі, вадкі, са сліззю і крывёй. Развіваюцца з’явы інтаксікацыі. Без лячэння магчымы пераход у хранічную форму з ускладненнямі (разрывы кішак і абсцэсы ў печані і мозгу). Лячэнне толькі ў стацыянары з наступным наглядам урача.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПЕ́Р (А),
1) адзінка сілы эл. току; адна з сямі асн. адзінак Міжнар. сістэмы адзінак (СІ). Названы ў гонар А.М.Ампера. Ампер — сіла нязменнага току, які пры праходжанні па двух бясконцых прамалінейных паралельных правадніках з малой плошчай папярочнага кругавога сячэння, што размешчаны на адлегласці 1 м адзін ад аднаго ў вакууме, выклікае сілу ўзаемадзеяння паміж імі, роўную 2∙10−7Н на і м даўжыні (абсалютны ампер). У якасці эталона карыстаюцца міжнар. амперам: нязменны ток, які выдзяляе з воднага раствору азотнакіслага серабра за 1 с 0,00118 г серабра. Міжнар. ампер роўны 0,99985 абсалютнага.
2) Адзінка магнітарухальнай сілы замкнёнага контуру і рознасці магн. патэнцыялаў магнітастатычнага поля ў СІ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКО́ЛЬ,
від кароткатэрміновага крэдыту, які выдаецца банкам на няпэўны тэрмін з прадастаўленнем пазычальніку права выкарыстоўваць гэты крэдыт паступова. Выдаецца па першым патрабаванні крэдытора. Выкарыстоўваецца банкамі для падтрымання неабходнага ўзроўню іх ліквіднасці. Анколь, як правіла, забяспечваецца залогам тавараў, вэксаляў і каштоўных папер. Ад звычайнай пазыкі адрозніваецца тым, што сума доўгу і сума забеспячэння маюць бягучы характар і па патрабаванні кожнага з бакоў у любы момант можа быць спынены. Пазычальнік плаціць банку працэнты толькі за фактычна ўзятыя сумы. У знешнім гандлі анколь прадугледжвае пастаўку тавару з фіксацыяй цаны, якая вызначаецца на аснове каціроўкі адпаведнай біржы ў выбраныя пакупніком дні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́ЎСКІ (Восіп Фаміч) (1859, в. Райск Беластоцкага ваяв., Польшча — 1935),
бел. рэвалюцыянер-народнік, дзеяч польскага сацыяліст. руху. З 1878 чл. народніцкай арг-цыі «Зямля і воля». У 1879 перайшоў на пазіцыі «Народнай волі». Разам зчл. нарадавольскага гуртка ў Гродне планаваў серыю тэрарыст. актаў. Быў арыштаваны, прыцягваўся да дазнання па справах аб сацыяліст. прапагандзе ў Пецярбургу, Гродне, «працэсе 137-і» ў Варшаве. У 1880 высланы ў Кастраму, у 1881 — у Цюменскую вобл., дзе ў 1884 удзельнічаў у хваляваннях ссыльнапасяленцаў. У 1886 вярнуўся ў Беласток. За сувязі з «Народнай воляй» і польскай рэв. арг-цыяй «Пралетарыят» у 1887 арыштаваны, у 1888 высланы ў Іркуцкую вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВАЛАТО́ЎКА»,
помнік прыроды, камавы ўзгорак на Беларусі, каля паўн.-зах. ускраіны в. Свяціца Полацкага р-на Віцебскай вобл., недалёка ад воз. Янова. У плане круглаватай формы, дыям. каля 100 м, узвышаецца над нізінай на 20 м. Складзены з водна-ледавіковых адкладаў: пяску, жвіру, гліны. Утварыўся ў час дэградацыі паазерскага зледзянення (каля 16 тыс.г. назад). «валатоўка» з даўніх часоў — месца святкавання Купалля. Мела сувязь са стараж. каменнай абсерваторыяй «Янова» (захавалася) на паўд.-зах. беразе возера, з якой назіралі за «валатоўкай»: калі сонца пры захадзе датыкалася да вяршыні ўзгорка, наступала самая кароткая ноч года (купальская).
«Валатоўка» каля в. Свяціца Полацкага раёна Віцебскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎЧА́,
вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл.За 32 км ад Докшыц, 165 км ад Віцебска, 42 км ад чыг. ст. Параф’янава. 199 ж., 105 двароў (1995).
Упершыню згадваецца ў 1395 як цэнтр вял. капітульнага маёнтка. У 16—17 ст. неаднаразова ўпамінаецца сярод уладанняў віленскага каталіцкага біскупства. Частка Ваўчы належала Тышкевічам, Пацам. З 1861 у Бягомльскай вол. Барысаўскага пав. У 1897 — 311 ж., 83 двары. З 1924 у Бягомльскім р-не. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі часткова знішчылі вёску. Пасля вайны адноўлена. З 1960 у Докшыцкім р-не. Каля Ваўчы курганны могільнік 11—13 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ГЕН (Мікалай Аляксандравіч) (24.3.1895, в. Лахта, цяпер у межах Санкт-Пецярбурга — 20.5.1969),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, ген.-лейт. (1943). Скончыў Вышэйшую ваенна-пед. школу (1929). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У ліп. 1941 153-я стралк. дывізія пад яго камандаваннем утрымлівала абарону на падыходзе да Віцебска (гл.Віцебска абарона 1941), з 22 ліп. да вер. 1941 знішчыла каля 200 танкаў, 56 гармат, шмат інш. тэхнікі і жывой сілы праціўніка. За стойкасць у гэтых баях і ў Смаленскай бітве дывізія адна з першых удастоена наймення «гвардзейскай». Да 1959 на камандных пасадах у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЦІХ (Міхаіл) (? — 1654),
літаратар, палеміст. Нарадзіўся на Беларусі. Выхоўваўся ў духу арыянства. Вучыўся ў Альтдорфскай гімназіі (з 1607, Германія), выключаны за прапаганду прагрэс. ідэй. Паслядоўнік С.Буднага. У 1611 вярнуўся на Беларусь, жыў у Навагрудку. Вядомы філас. трактатамі, палемікай, перапіскай. Пісаў на лац. мове. У 1612 напісаў трактат «Аб задавальненні Хрыста», у 1649 склаў алфавітны даведнік «Багаслоўскія зборнікі». У перапісцы з польск. мысліцелямі Я.Крэлем, І.Маскажэўскім, М.Руарам выказваў думкі пра сілу чалавечага розуму і законы прыроды (апубл. ў Амстэрдаме, 1677). Палеміка Гіціха з альтдорфскім праф. Л.Люцыусам надрук. пад назвай «Аб задавальненні... паміж М.Гіціхам, сацыніянцам і Л.Люцыусам артадоксам» (Базель, 1628).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЕ́ДЗІЧ (Мікалай Іванавіч) (13.2.1784, г. Палтава, Украіна — 15.2.1833),
расійскі паэт, перакладчык. Скончыў Харкаўскі калегіум (1800), вучыўся ў Маскоўскім універсітэцкім пансіёне (1800 — 02). Чл.-кар. Пецябр. АНз 1826. Уваходзіў у т-ва«Бяседа аматараў рускага слова», зблізіўся зВольным таварыствам аматараў расійскай славеснасці; падтрымліваў сувязі з дзекабрыстамі. Вольналюбівыя матывы ў вершах «Інтэрнат» (1804), «Перуанец да іспанца» (1805). Аўтар аповесці «Морыц, альбо Ахвяра помсты» (1802), паэмы «Нараджэнне Гамера» (1817), ідыліі «Рыбакі» (1822) і інш. У 1829 апублікаваў поўны пераклад «Іліяды» Гамера, над якім працаваў больш за 20 гадоў. Перакладаў таксама творы Ф.Шылера, Вальтэра, У.Шэкспіра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАВІЦ ((Horowitz) Уладзімір Самойлавіч) (1.10.1904, г. Бярдзічаў, Украіна — 5.11.1989),
амерыканскі піяніст укр. паходжання. Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1921). Шмат канцэртаваў. З 1928 у Нью-Йорку. Адзін з буйнейшых піяністаў-віртуозаў 20 ст. Яго выкананне вызначалася бліскучай тэхнікай, бурным тэмпераментам, дынамічным напорам і разам з тым рамант. адухоўленасцю, паэт. вытанчанасцю, своеасаблівасцю трактоўкі. Сусв. вядомасць атрымаў перш за ўсё выкананнем буйных твораў Ф.Ліста (многія ва ўласных, больш віртуозных апрацоўках), а таксама Ф.Шапэна, П.Чайкоўскага, С.Рахманінава, А.Скрабіна, Р.Шумана, М.Мусаргскага, Д.Скарлаці і інш. Сярод вучняў Б.Джайніс.
Літ.:
Коган Г. Владимир Горовиц // Сов. Музыка. 1965. № 1;