ІНВЕ́РСІЯ (ад лац. inversio перастаноўка) у мовазнаўстве, мэтазгоднае змяненне звычайнага (прамога) парадку слоў у сказе. У гутарковай мове служыць сродкам сэнсавага члянення выказвання (падзел на зыходную частку — дадзенае і тое, што гаворыцца пра яе — новае). Параўн. «Ён не прасіў мяне дапамагчы» і «Мяне дапамагчы ён не прасіў». У мовах з фіксаваным парадкам слоў І. мае грамат. нагрузку (напр., для стварэння пытальных сказаў у рус., англ., франц. мовах). У публіцыстыцы і маст. творах І. — стылістычная фігура, якая ўзмацняе выразнасць выказвання, падкрэслівае тую ці інш. думку, паняцце: «У імя беззваротнага мінулага я прашу аб адным: ратуйце ад смерці дзяцей маіх і ўнукаў!» (М.Лынькоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДАНЕЗІ́ЙСКАЯ МО́ВА,
адна з аўстранезійскіх моў (малайска-палінезійская галіна). З 1945 афіц. мова Інданезіі. Дыялектаў не мае. І.м. — працяг і развіццё ў Інданезіі малайскай мовы, фаналагічны і грамат. строй якой, а таксама лексіка складаюць яе аснову.
У фанет. складзе 6 галосных, 4 дыфтонгі і 18 зычных, што ўтвараюць апазіцыю па глухасці — звонкасці. Большасць карэнных марфем двухсастаўныя. У лексіцы шмат запазычанняў з яванскай, суданскай, нідэрландскай, англ., араб. моў. Грамат. і лексічныя формы склаліся да канца 1960-х г., арфаэпічныя — выразна не акрэслены. Пісьменства з пач. 20 ст. на аснове лац. алфавіта.
Літ.:
Грамматика индонезийского языка. М., 1972;
Кондрашкина Е.А. Индонезия: Языковая ситуация и языковая политика. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЗЕ́ЙЦЫ,
карэннае насельніцтва Амерыкі (акрамя эскімосаў і алеутаў). Каля 35 млн.чал. (1992). Буйнейшыя народы — кечуа, аймара, ацтэкі, мая, гуарані і інш.Навук. даследаваннямі ўстаноўлена, што продкі І. пачалі перасяляцца ў Амерыку 30—20 тыс. гадоў назад з Паўн.-Усх. Азіі. У выніку еўрап. каланізацыі многія плямёны цалкам ці часткова знішчаны або выцеснены ў інш. раёны. У ЗША і Канадзе жывуць пераважна ў рэзервацыях. У Балівіі і Гватэмале складаюць б.ч. насельніцтва. Моцна метысаваны. Гавораць на індзейскіх мовах, значная ч. таксама на ісп. (Лац. Амерыка) і англ. (Паўн. Амерыка) мовах. Паводле веравызнання католікі, пратэстанты, ёсць прыхільнікі сінкрэтычных культаў і традыц. вераванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРПРЭТА́ЦЫЯ (ад лац. interpretatio тлумачэнне, пасрэдніцтва),
1) вытлумачэнне, пераклад на больш зразумелую мову.
2) І. навуковая ў логіцы — сукупнасць значэнняў (сэнсаў), якія надаюцца якім-н. чынам элементам некаторай тэорыі (выразам, формулам, сімвалам і інш.). Выкарыстоўваецца і ў дачыненні да асобных элементаў такой тэорыі; у гэтым выпадку гавораць пра І. выразу, формулы, сімвала. Мае важнае значэнне пры супастаўленні навук. тэорый з адлюстраванай у іх рэчаіснасцю, пры апісанні розных спосабаў пабудовы тэорыі, яе развіцця і функцыянавання. У выніку І. фармальная лагічная сістэма ператвараецца ў мову, што апісвае пэўную прадметную вобласць. Паняцце «І.» цесна звязана з паняццем «мадэль» (гл.Мадэліраванне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРФЕРО́Н,
бялок, што ўтвараецца ў клетках арганізмаў млекакормячых і птушак пры вірусных інфекцыях; неспецыфічны фактар супрацьвіруснага імунітэту. Малекулярная маса 25000—110000. Асаблівасць І. — высокая відавая спецыфічнасць (напр., І. з клетак курэй актыўны толькі ў клетках курэй) і адсутнасць віруснай спецыфічнасці (адзін і той жа І. прыгнечвае размнажэнне розных вірусаў). Утварэнне І. кадзіруецца геномам клеткі, можа індуцыравацца бактэрыямі і інш. Выкарыстоўваецца для прафілактыкі і лячэння вірусных хвароб. Найб. эфект пры прафілакт. ужыванні (здольны індуцыраваць утварэнне ўласнага І. ў арганізме).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІШЫ́МСКАЯ РАЎНІ́НА,
раўніна на ПдЗах. Сібіры, у міжрэччы Іртыша і Табола у Курганскай, Цюменскай і Омскай абласцях Расіі і Паўн.-Казахстанскай вобл. Казахстана. Перасякаецца р.Ішым. Выш. 120—150 м. Складзена з пясчана-гліністых неагенавых адкладаў, перакрытых лёсавіднымі лёсападобнымі* суглінкамі. Плоская раўніна, слаба нахіленая на У, для яе рэльефу характэрны грывы і лагчыны, што падзяляюць іх. У паніжэннях і далінах шмат (больш за 1600) прэсных, горка-салёных і салёных азёр (Салтаім, Ік, Сазыкуль і інш.). Летам невял. азёры і рэкі перасыхаюць. Глебы пераважна чарназёмныя, таксама шэрыя лясныя. Пераважаюць ландшафты лугавых стэпаў і бярозавых лясоў (калкі). Землі паўд. раёнаў узараныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КА́ЛЕВАЛА»
(«Kalevala»),
карэла-фінскі нар. эпас. Складаецца з карэльскіх, фін. і іжорскіх нар. песень (рунаў), якія сабраў і запісаў у 1-й пал. 19 ст. фінскі фалькларыст Э.Лёнрат. Упершыню апубл. ў 1835 (1-я кампазіцыя, 32 руны), у 1849—2-я кампазіцыя (50 рунаў).
«К.» паэтызуе подзвігі і прыгоды герояў казачнай краіны Калевала. Яе героі — чарадзей Вяйнямёйнен, каваль Ільмарынен, які выкаваў цудоўны млын сампа, што забяспечвае багацце. Сюжэт, які аб’ядноўвае руны — барацьба за млын з чараўніцай Лоўхі, гаспадыняй змрочнай паўн. краіны Пох’ялы. На бел. мову «К.» пераклаў М.Машара, асобныя вершы з 1-й руны — Я.Сіпакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́ДЖ (англ. college),
навучальная ўстанова (вышэйшая, сярэдняя, павышаная сярэдняя) у Вялікабрытаніі, ЗША і некаторых іншых краінах. Самастойныя К. звычайна даюць агульную сярэднюю адукацыю. Могуць уваходзіць у склад ун-та (навучанне ў К. — першая ступень вышэйшай прафес. адукацыі). Узніклі ў пач. 13 ст. ў Англіі.
На Беларусі ствараюцца з 1990. Забяспечваюць паглыбленую сярэднюю спец. адукацыю, інтэграваную з агульнай сярэдняй і вышэйшай пры арыентацыі на канкрэтную галіну прафес. дзейнасці. Падрыхтоўка вядзецца на 2 узроўнях. Першы (узровень тэхнікума) рыхтуе спецыялістаў з сярэдняй спец. адукацыяй, 2-і — з паглыбленай сярэдняй адукацыяй (у праграмы ўключаны дысцыпліны, якія вывучаюцца ў ВНУ, што дазваляе пры паступленні ў ВНУ па профілі займацца па скарочанай праграме).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫ́ЎНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА,
самастойны суб’ект гаспадарання, утвораны пры выкупе прац. калектывам дзярж. прадпрыемства або інш. законным набыцці яго маёмасці. Асаблівасць К.п. — калект. характар уласнасці і падзел маёмасці, кошт якой адлюстроўваецца ў самаст. бухгалтарскім балансе, на ўклады работнікаў. Гэтыя ўклады адпавядаюць долям удзельнікаў гасп. т-ваў, у іх уваходзіць сума, унесеная работнікам у маёмасць прадпрыемства і яго доля ў прыросце. На ўклады налічваюцца і выплачваюцца працэнты. Кіраванне К.п. ажыццяўляецца ў адпаведнасці з яго статутам, вышэйшы орган — сход прац. калектыву. Пры ліквідацыі К.п. яго работніку з кошту маёмасці выплачваецца сума ўкладу і частка даходу, што засталіся пасля разліку з бюджэтам, банкамі і інш. крэдыторамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЁСЫ, воз,
тып гужавых трансп. сродкаў. Традыц.бел. сялянскія К. мелі простую канструкцыю: 4 колы, насаджаныя на драўляныя восі пярэдняга і задняга ходаў, што злучаліся паміж сабой выгнутай трайнёй і жэрдкамі — біламі, або ляжэйкамі, якія ўтваралі аснову кузава. У падушкі пярэдняга і задняга ходаў забівалі ручкі, на іх замацоўвалі гнутыя дужкі (вязы), якія давалі магчымасць заціскаць сюды бартавыя дошкі. У канцы 19 — пач. 20 ст. ва ўсх. Беларусі часцей карысталіся канструкцыяй са стацыянарным кузавам з дошак (прамежкавы варыянт паміж рабочым возам і брычкай) ці платформай замест яго (рабочыя К.). У цэнтр. і зах. раёнах найб. пашыраным тыпам рабочых К. была мажара.