КАЛА́ПС (лац. collapsus аслабелы, знясілены) у медыцыне, вострая сасудзістая недастатковасць. Характарызуецца зніжэннем сасудзістага тонусу і аб’ёму цыркулюючай крыві. Пры гэтым памяншаецца прыток вянознай крыві да сэрца, зніжаецца сардэчны выкід, паніжаецца артэрыяльны і вянозны ціск, парушаецца перфузія тканак і абмен рэчываў, узнікае гіпаксія галаўнога мозга, прыгнечваюцца жыццёва важныя функцыі. Прычыны ўзнікнення К.: уздзеянне інфекц., таксічных, фіз., алергічных і інш. фактараў на сасудзістую сценку, сасударухальны цэнтр, сасудзістыя рэцэптары, памяншэнне масы цыркулюючай крыві (напр., пры вял. страце крыві і плазмы), глыбокі наркоз, недастатковасць наднырачнікаў, хваробы сэрца (інфаркт міякарда, парушэнне сардэчнага рытму і інш.), тромбаэмбалія лёгачных артэрый, хуткі пераход з гарыз. становішча ў верт., доўгі пасцельны рэжым, калі чалавек доўга стаіць і інш. Прыкметы: раптоўная слабасць, бледнасць скуры і слізістых абалонак, халодны пот, прыгнечаны, затарможаны стан, часты пульс, галавакружэнне; прытомнасць звычайна не траціцца (гэтым К. адрозніваецца ад непрытомнасці). Лячэнне: аксігенатэрапія, лякарствы для стымулявання кровазвароту і дыхання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛУМБІ́Я (Columbia),
рака на З Канады і ЗША. Даўж. 2250 км, пл.бас. 670 тыс.км². Пачынаецца ў Канадзе з аднайм. возера ў Скалістых гарах на выш. каля 800 м. Цячэ пераважна ў гарах, утварае парогі. У сярэднім цячэнні перасякае мяжу з ЗША і далей цячэ ў вузкіх глыбокіх каньёнах і цяснінах па Калумбійскім плато. У ніжнім цячэнні прарываецца цераз Каскадныя горы, упадае ў Ціхі ак., утварае эстуарый даўж. каля 50 км і шыр. 5—10 км. Гал. прыток р. Снейк (злева). Вясенне-летняе разводдзе. Сярэдні гадавы расход вады 8470 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. Вял. гідраэнергет. рэсурсы. У ЗША на К. плаціны, вадасховішча, ГЭС (Джон-Дэй, Гранд-Кулі, Чыф-Джозеф і інш.). Суднаходная (з абводнымі каналамі) на 450 км ад вусця, акіянскія судны падымаюцца да г. Портленд. У верхнім цячэнні К. (у межах Канады) нац. паркі. Турызм. На К. — гарады Рычленд, Ванкувер, Портленд (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКАЯ РАЁННАЯ АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ.
Дзейнічала з мая 1942 да ліп. 1944 на тэр. Камянецкага р-на ў Вял.Айч. вайну. Уваходзіла ў Брэсцкую абласную антыфашысцкую арганізацыю, была падначалена кіраўніцтву Брэсцкага абл. антыфаш. к-та. Налічвала каля 100 падпольшчыкаў. Створана на базе падп. патрыятычных груп, якія ў першыя месяцы вайны аказвалі дапамогу байцам і камандзірам Чырв. Арміі, што выходзілі з акружэння, забяспечвалі іх адзеннем, прадуктамі, выводзілі на ўсход, вялі паліт. прапаганду сярод насельніцтва. Арг-цыю ўзначаліў к-т у складзе М.А.Несцерука (1-ы сакратар), Ф.К.Гурмана (2-і сакратар), П.Л.Мурашкі (3-і сакратар), А.С.Гурынчука, П.Ф.Жука, К.А.Замулкі, М.Х.Несцерука, В.М.Хоміча, А.Я.Шырнюка. Складалася з 18 нізавых ячэек (груп). Праводзілі работу ў цесным узаемадзеянні з партыз. атрадамі. Пры падтрымцы насельніцтва падпольшчыкі спалілі больш за 10 маёнткаў. Збіралі сродкі ў Фонд абароны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКІЯ ПРА́СНІЦЫ,
дэкарыраваныя разным арнаментам прасніцы пераважна з Камянецкага, а таксама з суседніх Пружанскага і Брэсцкага р-наў. У канцы 19 — пач. 20 ст. — К.п. традыц. драўляная лапатападобная лопасць з доўгай ножкай, якая мацавалася ў днішча, з пашырэннем калаўрота (пач. 20 ст.) — на кранштэйне да яго. Лопасць аздаблялі трохгранна-выемчатай разьбой геам. характару. Найб. пашыраны дэкор — вял. 6-пялёсткавая разетка ці ромб з трохгранных выемак у цэнтры, абапал — меншыя разеткі, нярэдка год стварэння прасніцы і ініцыялы ўладальніцы. У 20 ст. К.п. сталі рабіць меншых памераў, з больш разнастайным дэкорам. Пасля Айч. вайны прасніцы паступова выходзяць з ужытку. Калекцыі К.п. ёсць у Нац.маст. музеі Беларусі, Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі, Музеі стараж.-бел. культуры ІМЭФНац.АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАЛІЗА́ЦЫЯ,
1) комплекс інж. збудаванняў для прыёму, ачысткі і выдалення за межы населеных пунктаў сцёкавых вод; неабходны элемент упарадкаванасці населеных пунктаў, паляпшэння быт. і сан.-гігіенічных умоў. Падзяляецца на ўнутраную (К. будынкаў) і вонкавую (К. тэрыторый). Унутраная складаецца з сан. прылад — прыёмнікаў (умывальнікаў, ракавін, ваннаў і г.д.) і каналізацыйнай сеткі. Сістэмы К.: агульнасплаўныя — усе сцёкавыя воды (бытавыя, вытв., атм.) выводзяцца па адной сетцы труб; раздзельныя — адна сетка труб для гасп.-фекальных, другая для атм. вод; паўраздзельныя — функцыянуюць як агульнасплаўныя ў час невял. дажджоў і як раздзельныя пры вял. колькасці ападкаў. Калі няма цэнтралізаванай К., для будынкаў з водаправодам робяць мясцовую К., сцёкавыя воды ў ёй ачышчаюцца ў адстойніках (септыках) і на пляцоўках падземнай фільтрацыі.
2) Размеркаванне эл. энергіі паміж асобнымі спажыўцамі; кабельная К. — сістэма керамічных або бетонных труб, укладзеных пад зямлёй; служыць для пракладкі кабелю падземных ліній сувязі (тэлефон, тэлеграф і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРА́ЦЬЕЎ (Мікалай Дзмітрыевіч) (16.3.1892, в. Галуеўская Кастрамской губ., Расія — 17.9.1938),
расійскі вучоны-эканаміст. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1915). У 1917 таварыш міністра харчавання ў Часовым урадзе, пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 праф. Маскоўскай с.-г. акадэміі імя Ціміразева, дырэктар Кан’юнктурнага ін-та пры Наркамфіне. Прыхільнік т.зв. таварнай мадэлі сацыялізму. Выступаў супраць планаў фарсіраванай індустрыялізацыі, лічыў, што эканам. развіццё краіны вызначаецца магчымасцямі сельскай гаспадаркі. У 1920-я г. распрацаваў канцэпцыю вял. цыклаў кан’юнктуры. якая ўвайшла ў сусв. л-ру пад назвай «цыклы (хвалі) Кандрацьева». У 19.30 арыштаваны як кіраўнік сфабрыкаванай АДПУ «працоўнай сялянскай партыі», у 1932 прыгавораны да 8 гадоў зняволення. Расстраляны.
Тв.:
Основные проблемы экономической статики и динамики: Предварительный эскиз. М., 1991;
Избр. соч. М., 1993;
Особое мнение: Избр. произв.Кн. 1—2. М., 1993.
Літ.:
Ефимкин А.П. Дважды реабилитированные: Н.Д.Кондратьев. Л.Н.Юровский. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКІЯ БАІ́ 1942, 1944,
баі партызан брыгады імя Варашылава Мінскай вобл. (адбыліся 9.8.1942) і 27-й імя Чапаева брыгады (29.6.1944) з ням.-фаш. захопнікамі ў г.п. Капыль у Вял.Айч. вайну. Да восені 1942 амаль уся тэр. Капыльскага р-на была ахоплена партыз. рухам. Частка гітлераўцаў схавалася ў добра ўмацаваным гарнізоне ў Капылі. Вечарам 9.8.1942 партызаны брыгады імя Варашылава атакавалі гарнізон, бой працягваўся 3 гадз. Партызаны занялі ўскраіны пасёлка, аднак пераадолець супраціўленне ворага, які засеў у мураваных будынках у цэнтры Капыля, партызанам не ўдалося, і яны адступілі, забраўшы з сабой захопленыя ў баі зброю, боепрыпасы, прадукты. 29.6.1944 партызаны 27-й імя Чапаева брыгады вялі бой за вызваленне Капыля. Камандаваў боем камбрыг М.А.Шастапалаў. Партызаны (каля 1500 чал.) разграмілі гарнізон праціўніка, які налічваў каля 700 салдат і афіцэраў, і ўтрымлівалі гар. пасёлак і ўчастак чыгункі Слуцк—Баранавічы да падыходу 1.7.1944 часцей Сав. Арміі.
рускі акцёр-трагік; прадстаўнік класіцызму. З 1820 у пецярбургскіх Вял. т-ры, з 1832 вядучы трагік Александрынскага т-ра. Выканаў ролі Дзмітрыя Данскога («Дзмітрый Данской» У.Озерава), Сіда («Сід» П.Карнеля), Іпаліта («Федра» Ж.Расіна) і інш. Творчасці характэрны прыўзнятая героіка, манум. параднасць, эфектнасць, грацыёзнасць і прыгажосць рухаў, напеўная дэкламацыя. Пад уплывам класіцыстычнай эстэтыкі імкнуўся да вылучэння гал. рысы характару герояў (Атэла, Гамлет у аднайм. п’есах У.Шэкспіра і інш.). Першы выканаўца роляў Чацкага («Гора ад розуму» А.Грыбаедава, 1831), Дон Гуана, Барона («Каменны госць», 1847, і «Скупы рыцар», 1852, А.Пушкіна), Арбеніна («Маскарад» М.Лермантава, 1852). Пераклаў і перарабіў для пастаноўкі на рус. сцэне больш за 40 п’ес («Кін» А.Дзюма-бацькі, «Кароль Лір» і «Карыялан» Шэкспіра і інш.). У 1845—46 гастраліраваў у Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РПАЎ (Уладзімір Васілевіч) (н. 22.7.1922, г. Арэнбург, Расія),
расійскі пісьменнік. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1947) і Літ.ін-т імя Горкага (1954). Удзельнік Вял.Айч. вайны. Да 1965 служыў у Сав. Арміі. У 1981—86 гал. рэдактар час. «Новый мир». Друкуецца з 1945. Аўтар твораў пераважна вайскова-ваен. тэматыкі: кнігі апавяданняў і аповесцей «Дваццаць чатыры гадзіны з жыцця разведчыка» (1960), «Камандзіры сівеюць рана» (1963), «Жылі-былі разведчыкі» (1970), «Не мячом адзіным» (1979), раманы «Вечны бой» (1967), «Маршальскі жэзл» (1970, за абодва Дзярж. прэмія Узбекістана 1970), «Узяць жывым!» (1975; часткова апубл. як аповесць «Такая работа», 1974), «Палкаводзец» (1982—84, Дзярж. прэмія СССР 1986), «Маршал Жукаў. Яго паплечнікі і праціўнікі ў гады вайны і міру» (кн. 1, 1992), кн. публіцыстыкі «Эстафета подзвігу» (1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛО́Ў (Мікалай Іванавіч) (29.4.1903, с. Вішнёвае Тамалінскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 9.2.1972),
савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1962). Двойчы Герой Сав. Саюза (крас., вер. 1945). Скончыў курсы «Выстрал» (1928). У Сав. Арміі з 1919, удзельнік грамадз. вайны. У Вял.Айч. вайну нач. штабоў Прыморскай (з крас. 1942), 62-й і 8-й гвардз. армій, каманд. войскамі 21-й (з мая 1943) і 5-й (кастр. 1943 — ліст. 1945) армій; удзельнік абароны Адэсы, Севастопаля, Сталінградскай бітвы, Смаленскай, Беларускай (у чэрв. 1944 войскі 5-й арміі прарвалі абарону праціўніка ў раёне г.п. Багушэўск Віцебскай вобл., першыя фарсіравалі Бярэзіну) і Усх.-Прускай аперацый. У сав.-яп. вайну 1945 удзельнічаў у Харбінска-Гірынскай аперацыі. Пасля 1945 нам. камандуючага, каманд. войскамі Далёкаўсходняй, Уральскай, Ленінградскай і Маскоўскай ваен. акруг. З 1963 галоўнакамандуючы Ракетнымі войскамі стратэг. прызначэння, нам. міністра абароны СССР. Аўтар ваен. мемуараў.