ДЫФІРА́МБ (грэч. dithyrambos),
першапачаткова харавая культавая песня ў Стараж. Грэцыі ў гонар бога Дыяніса (Вакха), пазней — літ. форма, блізкая да оды ці гімна. У новай еўрап. л-ры мае пераймальны характар («Дыфірамб Пегасу» А.Сумарокава). У стараж.-бел. л-ры блізкія да Д. панегірыкі. У пераносным сэнсе Д. — перабольшаная пахвала, захапленне ўслаўленнем.
т. 6, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РЫНСКАЯ КАРЦІ́ННАЯ ГАЛЕРЭ́Я,
філіял Нац. маст. музея Беларусі. Адкрыта ў 1976 у в. Гурыны Мазырскага р-на Гомельскай вобл. як музей на грамадскіх пачатках, з 1978 галерэя, філіял Нац. маст. музея. Размешчана ў будынку б. Школы. 7 выставачных залаў, плошча 210 м²; больш за 200 твораў бел. жывапісу, скульптуры, графікі, дэкар.-прыкладнога мастацтва.
т. 5, с. 540
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСАКО́Ў (Валянцін Кузьміч) (н. 3.2.1933, в. Ужляціна Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р біял. н. (1975), праф. (1977). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1959). З 1961 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны. Навук. працы па вывучэнні сакраторна-ферментатыўнай дзейнасці стрававальнага тракту ў розных відаў с.-г. жывёл.
т. 5, с. 541
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМБРО́ЎСКІ (Антоній Самуэль) (10.6.1774, г.п. Тураў Гомельскай вобл. — 22.6.1838),
бел. жывапісец і тэатр. мастак. Вучыўся ў Ф.Смуглевіча. Творчую дзейнасць пачаў дэкаратарам у прыдворным т-ры М.К.Агінскага ў Слоніме ў 1880, потым працаваў у Варшаве. Аўтар фрэсак у палацах Мастоўскага і Сабалеўскага (Варшава); пісаў таксама жывапісныя карціны (партрэты, пейзажы і інш.).
т. 6, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАНО́ВІЧ (Віктар Іосіфавіч) (н. 28.10.1934, в. Карысць Салігорскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р біял. н. (1987), праф. (1989). Скончыў Віцебскі вет. Ін-т (1959). З 1966 у Віцебскім пед. ін-це, з 1969 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны. Навук. працы па вывучэнні вугляводнага абмену ў эндакрыннай сістэме жывёл.
т. 5, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРАВЕ́НКА (Валерый Аляксандравіч) (н. 2.3.1950, г. Кіраў, Расія),
бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н., праф. (1996). Скончыў БДУ (1972), дзе і працуе. Навук. працы па функцыян. аналізе, дыферэнц. ураўненнях, спектральнай тэорыі лінейных аператараў.
Тв.:
О Lp-существенных спектрах некоторых классов несамосопряженных обыкновенных дифференциальных операторов. [Ч.] 1—2 / Дифференциальные уравнения. 1996. № 8—9.
т. 6, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРМАЛІ́НСКІ (Аляксандр Фёдаравіч) (н. 23.1.1929, в. Калінаўка Любанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне тэрапіі. Д-р мед. н. (1974). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1955). У 1965—75 працаваў у ім. Навук. працы па клініка-эксперым. даследаваннях імуналогіі і спецыфічнай дыягностыцы рэўматызму, пытаннях этыялогіі, патагенезу і прафілактыкі гэтай хваробы.
т. 6, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАВЕ́ЙНІЦА»,
бел. нар. танец, блізкі да «Мяцеліцы». Муз. памер 2/4. Тэмп хуткі. Танцоры, нагнуўшыся, парамі прабягаюць пад ручніком, які трымае ў выглядзе аркі адна з пар. Аснова танца — слізготны рух «кроку-бегу» з імклівымі паваротамі і чаргаваннем пар, якія выбягаюць з-пад аркі направа і налева, што стварае ілюзію ўрагану, мяцеліцы.
т. 6, с. 492
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЎРЫЕЎ (Віктар Рыгоравіч) (29.12.1907, г. Уфа, Башкортастан — 14.3.1976),
бел. географ. Д-р геагр. н. (1959), праф. (1960). З 1961 у БДУ. Навук. працы па тэорыі і практыцы комплекснага фізіка-геагр. раянавання горных краін. Даследаваў фізіка-геагр. раёны і ландшафты Азербайджана, В’етнама, займаўся праблемаю Каспійскага м. і вусцямі рэк, якія ўпадаюць у яго.
т. 7, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАРЫ́КІНА (Кіра Аляксееўна) (н. 29.9.1919, г. Мікалаеў, Украіна),
бел. шахматыстка. Засл. майстар спорту (1957), міжнар. гросмайстар (1977). Скончыла Ленінградскі ін-т кінаінжынераў (1943). Чэмпіёнка свету ў камандным першынстве (1957, 1963). Віцэ-чэмпіёнка свету ў асабістым першынстве (1959). Чэмпіёнка СССР у асабістым першынстве (1951, 1953, 1956—58). У 1968—70 старшыня федэрацыі шахмат Беларусі.
т. 7, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)