КО́БЕЦ-ФІЛІМО́НАВА (Алена Рыгораўна) (н. 13.10.1932, Мінск),
бел. пісьменніца. Дачка Р.Я.Кобеца. Скончыла Бел. кансерваторыю (1969), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1971). Выкладала музыку ў навуч. установах Расіі, Беларусі. У 1971—83 працавала на кінастудыі «Беларусьфільм», у выд-ве «Юнацтва». Друкуецца з 1959. У творах для дзяцей і юнацтва тэмы дабрыні, любові да роднай зямлі, праблемы экалогіі і маральна-этычныя. Аўтар паэт. зб-каў «Казка пра месяц» (1963), «Залаты ручнік» (1972), аповесцей «Жаваранкі над Хатынню» (1973), «Блакітны экспрэс» (1976; аднайм. п’еса, паст. 1978), рамана «Агні за перавалам» (1985), кнігі нарысаў пра Грэцыю «У каралеўстве... але не казачным» (1968), сцэнарыя мультфільма «Вася Буслік і яго сябры» (паст. 1974). На бел. мову пераклала зб. вершаў грэч. паэта Я.Рыцаса «Макронісас» (1973).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МПЛЕКСНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
каардынацыйныя злучэнні, злучэнні, якія маюць катыённы, аніённы або нейтральны комплекс, што складаецца з цэнтр. атама ці іона (комплексаўтваральніка) і злучаных з ім атамаў, іонаў ці малекул — лігандаў. Колькасць атамаў, непасрэдна злучаных з комплексаўтваральнікам — каардынацыйны лік — звычайна перавышае велічыню яго спінавай валентнасці. Узаемадзеянне паміж цэнтр. атамам і лігандамі бывае донарна-акцэптарнае (гл.Каардынацыйная сувязь), іон-іоннае ці іон-дыпольнае. Комплексаўтварэнне найб. характэрна для пераходных металаў.
Комплексы бываюць электранейтральныя (напр., карбанілы металаў, у якіх нейтральныя атамы металаў злучаны з атамамі вугляроду карбанільных груп) ці ўяўляюць сабой дадатна або адмоўна зараджаныя іоны, напр., комплексны катыён [Cu(NH3)4]2+; комплексны аніён [Fe(CN)6]3-. У састаў К.з. комплексныя іоны ўваходзяць разам з процііонамі, напр., [Cu(NH3)4]Cl2 хларыд тэтраамін медзі (II); K3[Fe(CN)6] гексацыянаферат (III) калію. У жывых арганізмах К.з. прысутнічаюць у выглядзе вітамінаў, ферментаў — комплексаў металаў (жалеза, медзі, магнію, марганцу, кобальту, малібдэну) з бялкамі.
Літ.:
Берсукер И.Б. Электронное строение и свойства координационных соединений. 3 изд. Л., 1986;
Костромина Н.А., Кумок В.Н., Скорик Н.А. Химия координационных соединений. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РБАН (Уладзімір Іванавіч) (25.8.1910, г. Барань Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 30.11.1971),
бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Працаваў на заводах у Барані, Ленінградзе, Лідзе, Оршы, у 1952—71 у час. «Вожык» (з 1967 гал. рэдактар). Друкаваўся з 1946. Аўтар баек, сатыр. і гумарыстычных вершаў, вершаваных фельетонаў (зб-кі «Мы іх ведаем», 1950; «Байкі», 1953; «З вецярком», 1957; «Свінні ў рэпе», 1968 і інш.), апавяданняў і гумарэсак (зб. «Да цешчы на бліны», 1963, і інш.), кніг для дзяцей («Янка і санкі», 1957; «Пра жывёл і пра звяроў», «Учора, сёння і заўжды», абедзве 1963; «Суседні двор», 1967, і інш.). Яго творы вылучаюцца актуальнасцю тэматыкі, сатыр. вастрынёй, маст. прастатой. Пераклаў на бел. мову паасобныя творы І.Крылова, Л.Украінкі, С.Алейніка, Т.Масэнкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САЎ (Сільвестр) (канец 16 ст., маёнтак Жаробычы Віцебскага ваяв. — 23.4.1657),
бел. і ўкр. царкоўны дзеяч, пісьменнік-публіцыст. Скончыў Віленскую брацкую школу, Люблінскі езуіцкі калегіум і Замасцянскую акадэмію. Выкладаў рыторыку ў Вільні і Львове. З 1631 праф. філасофіі ў Кіева-Пячэрскай школе, з 1633 архімандрыт Кіева-Пячэрскай лаўры, з 1634 епіскап магілёўскі, аршанскі, мсціслаўскі. У 1646 заснаваў Магілёўскі жаночы манастыр пры царкве св. Мікалая. У 1647—57 мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі (у межах Рэчы Паспалітай), экзарх канстанцінопальскага патрыяршага прастола. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 выступаў супраць падначалення Кіеўскай мітраполіі Маск. патрыярхату і далучэння ўкр. і бел. зямель да Расіі. Пісаў на польск. і царк.-слав. мовах. Аўтар публіцыст. і багаслоўскіх твораў «Экзегезіс» (1635, Вільня; прапанаваў новую сістэму адукацыі, абараняў правасл. святароў ад абвінавачванняў у пратэстантызме), «Патэрыкон, або зборнік жыццяў святых пячорскіх айцоў» (1635, перавыд. 1661, 1678), «Дыдаскалія, або навука для святароў» (1637, Куцейна) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАНШТА́Т,
горад у Ленінградскай вобл. Расіі, на в-ве Котлін, у Фінскім заліве. 45,5 тыс.ж. (1996). Порт. Суднарамонт. Прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці. Ваенна-марскі музей і кабінет-музей А.С.Папова. Арх. помнікі: Італьянскі палац (1720—24), дом Мініха (1721—24), ансамблі Адміралцейства (1784—97), Марскі сабор (1903—13) і інш. Помнікі: Пятру I (1841), П.К.Пахтусаву (1886), Ф.Ф.Белінсгаўзену (1870), С.В.Макараву (1913) і інш.
Засн. Пятром I зімой 1703—04 як марская крэпасць Краншлот для абароны зах. падыходаў да Пецярбурга. Гар.буд-ва з 1709—10. Сучасная назва з 1723. З 1820-х г.гал. база Балт. флоту ВМФ Расіі. Месца паўстанняў гарнізона ў 1905 і 1906, Кранштацкага паўстання 1921, баёў у Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ТА (Secaled),
род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. злакаў. 6—8 відаў. Вырошчваюць (з 1—2-га тыс. да н.э.) пераважна ў краінах Паўн. паўшар’я Ж. пасяўное (S. cereale) — азімыя і яравыя формы. На Беларусі Ж. азімае — адна з найважнейшых збожжавых і кармавых прамежкавых культур.
Ж. пасяўное — аднагадовая расліна выш. 60—180 см. Каранёвая сістэма валасніковістая, магутная. Сцябло — саломіна, лісце лінейна-ланцэтнае. Каласы шчыльныя, двухрадковыя, пры выспяванні шэра- або светла-жоўтыя. Каласкі двухкветныя, каласковыя лускавінкі завостраныя, з кароткім асцюком. Зярняўкі маршчакаватыя, з глыбокай баразёнкай і невял. чубком. Зерне мае 9—13% бялкоў, 55—70 крухмалу, 1—2% тлушчу, вітаміны B1, B2, PP. Самая марозаўстойлівая культура сярод азімых злакаў, пераносіць кароткатэрміновыя маразы да -20 °C (на глыб. вузла кушчэння). Перыяд актыўнай вегетацыі 140—170 сутак. Раянаваныя сарты бел. селекцыі: тэтраплоідныя — Пухаўчанка, Верасень, Ігуменская; дыплоідныя — Радзіма, Калінка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫТКО́Ў (Барыс Сцяпанавіч) (11.9.1882, г. Ноўгарад, Расія — 19.10.1938),
рускі пісьменнік. Скончыў Новарасійскі ун-т у Адэсе (1906), Петраградскі політэхн.ін-т (1916). Працаваў іхтыёлагам, капітанам н.-д. судна, штурманам парусніка, рабочым-металістам, кіраўніком тэхн. вучылішча, быў марскім афіцэрам і інш. Друкаваўся з 1924. Аўтар марскіх аповесцей (зб-кі «Злое мора», 1924; «Марскія гісторыі», 1925—37), п’ес («Пяты мост», 1927, «Сем агнёў», 1929), навук.-маст. кніг («Пра гэтую кнігу», 1927, «Параход», 1935, і інш.), «Апавяданняў пра жывёл» (1935). Стварыў дзіцячую аповесць-энцыклапедыю «Што я бачыў» (1939) і інш. На бел. мову творы Ж. пераклаў С.Міхальчук і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБО́РСКІ (Георгій Уладзіміравіч) (н. 11.11.1909, Мінск),
бел. архітэктар. Засл. будаўнік Беларусі (1961), нар. архітэктар СССР (1981). Акад.Рас. акадэміі архітэктуры і буд. навук (1995). Скончыў Ленінградскую АМ (1939). У 1952—64 выкладчык БПІ (дацэнт з 1954). Працаваў у ін-тах «Белдзяржпраект», «Мінскпраект», з 1964 у БелНДІдзіпрасельбудзе (у 1966—79 кіраўнік майстэрні). Асн. работы ў Мінску: корпус Лечсанупраўлення (1948), ансамбль жылых дамоў на вул. Леніна (1949—56), карпусы пед. ун-та (1951—59), гасцініца Бел. саюза мастакоў, Літ. музей Я.Коласа (абедзве 1952), рэканструкцыя будынка сувораўскага вучылішча (1953), аэравакзал «Мінск-1» (1957), музей гісторыі Вял.Айч. вайны (1967), кінатэатр «Піянер», т-р лялек (абедзве 1964). Сааўтар генплана Полацка (1949). Сярод работ у сельскім буд-ве: сааўтар планіроўкі і забудовы вёсак Верцялішкі (Дзярж. прэмія СССР 1971), Сарачы і Рэдкавічы Любанскага р-на (1969), аўтар Палаца культуры, гандл. цэнтра з гасцініцай, жылых дамоў у в.Сноў (1970-я г.) і інш. Творы манум. мастацтва: Манумент Перамогі, помнік Я.Коласу (1972) у Мінску, мемар. комплекс Зыслаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГРАБЕ́ЛЬНЫ (Павел Архіпавіч) (н. 25.8.1924, в. Салошына Палтаўскай вобл., Украіна),
украінскі пісьменнік. Скончыў Днепрапятроўскі ун-т (1951). Дэбютаваў як навеліст (зб-кі «Стэпавыя кветкі», 1955; «Настаўнік», 1957; «Навелы марскога ўзбярэжжа», 1958). Вял.Айч. вайне прысвяціў аповесць «Дума пра неўміручага» (1957) і раманы «Еўропа 45» (1959), «Еўропа. Захад» (1961). Гісторыі Украіны прысвечаны раманы «Дзіва» (1968), «Першамост» (1972), «Смерць у Кіеве» (1973; за 2 апошнія Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1974), «Еўпраксія» (1975), «Раксалана» (1980), «Я, Багдан» (1983). Праблемы духоўнага і матэрыяльнага ў сучасным жыцці асэнсаваны ў раманах «Спякота» (1960), «Пераходзім да любові» (1971), «Разгон» (1976; Дзярж. прэмія СССР 1980), «Львінае сэрца» (1978), «Паўднёвы камфорт» (1984) і інш. Яго творы вызначаюцца вастрынёй сюжэта, дынамічнасцю дзеяння, публіцыстычнасцю. На бел. мову паасобныя творы З. пераклалі Л.Салавей, У.Паўлаў.
Тв.:
Твори. Т. 1—6. Київ, 1979—81;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—5. М., 1986—87.
Літ.:
Фащенко В. Павло Загребельний. Київ, 1984;
Шпиталь А.Г. Історична проза Павла Загребельного. Київ, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРА́ДАВАЯ ЦО́ТНАСЦЬ, C-цотнасць,
квантавы лік сапраўды нейтральнай элементарнай часціцы (сістэмы часціц), які вызначае паводзіны яе хвалевай функцыі пры зарадавым спалучэнні. У працэсах, абумоўленых гравітацыйнымі, эл.-магн. або моцнымі ўзаемадзеяннямі, З.ц. захоўваецца (не мяняецца).
Пры зарадавым спалучэнні хвалевая функцыя сапраўды нейтральнай часціцы не мяняецца (дадатная З.ц.) або мяняе знак (адмоўная З.ц.). Для фатона З.ц. адмоўная: C = −1, гэта вынікае з таго, што пры зарадамі спалучэнні эл. зарады, а значыць, і эл.магн. палі, квантамі якіх з’яўляюцца фатоны, мяняюць знак. Для π0− і η0− мезонаў, якія распадаюцца на 2 γ-кванты, C = 1. Сапраўды нейтральнай сістэмай з’яўляецца пазітроній (звязаны стан электрона і пазітрона), для якога C = (−1)J+l, дзе J — поўны спін сістэмы, l — арбітальны момант іх адноснага руху. Гэтай формулай вызначаецца таксама З.ц. сапраўды нейтральных мезонаў, пабудаваных з кварка і адпаведнага антыкварка.