1) у Польшчы ў 12—13 ст. слуга або дваранін пры дварах князёў, каралёў. Кіраваў хатняй маёмасцю, прадстаўляў інтарэсы і замяшчаў гаспадара пры выкананні малазначных спраў.
2) У ВКЛ у 16—17 ст. геадэзіст-землеўпарадчык, член падкаморскага суда. Прызначаўся падкаморым і замяшчаў яго пры вырашэнні спрэчак на месцы. Займаўся вымярэннем і здымкай мясцовасці (межаў, маёнткаў і г.д.) у якасці судовага выканаўцы, а таксама асабіста за кошт зацікаўленага боку. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі заменены інстытутам землямераў, канчаткова знік у 1840 пасля скасавання межавых судоў і спынення дзейнасці Статута ВКЛ 1588.
3) У бытавым ужытку ў 19 — пач. 20 ст. — землямер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПАЗІ́ТНЫ О́РДЭР,
адзін з арх.ордэраў. Склаўся ў архітэктуры Стараж. Рыма. На Беларусі з 18 ст. вядомы яго разнастайныя варыяцыі. Нясучыя часткі — ствол калоны (аздоблены канелюрамі) з капітэллю і базай. Капітэль К.о. спалучае ніжнюю частку капітэлі карынфскага ордэра і іанічнай валюты. Над капітэллю — прафіляваная пліта абак, квадратная ў плане са зрэзанымі вугламі і ўвагнутымі бакамі. Над абакам — бэлька (архітраў), падзеленая на З паласы (фасцыі). Над архітравам фрыз, над якім выступаюць адна над адной паліцы карніза, дэкарыраванага мадульёнамі. Выкарыстоўваўся ў грамадз., культавай, палацавай архітэктуры барока, класіцызму і архітэктуры 1950-х г.
В.Ф.Валошын, С.А.Сергачоў.
Кампазітны ордэр. Капітэль порціка Гомельскага палаца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМП’Е́НСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1918 Заключана 11.11.1918 у канцы першай сусветнай вайны 1914—18 у Камп’енскім лесе (каля станцыі Рэтонд, Францыя) паміж Германіяй (кіраўнік дэлегацыі М.Эрцбергер) з аднаго боку, і Францыяй, Вялікабрытаніяй, ЗША і інш. краінамі антыгерм. кааліцыі — з другога (ад імя саюзнікаў падпісана маршалам Францыі Ф.Фошам). Прадугледжвала спыненне ваен. дзеянняў, вывад герм. войск з левабярэжжа Рэйна і стварэнне дэмілітарызаванай зоны на яго правым беразе, капітуляцыю герм. войск ва Усх. Афрыцы, адмову Германіі ад палажэнняў Бухарэсцкага мірнага дагавора 1918, Брэсцкага міру 1918 і інш. Было заключана на 36 дзён, але неаднаразова прадаўжалася і дзейнічала да набыцця сілы Версальскага мірнага дагавора 1919.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРА́ЦЬЕЎ (Пётр Васілевіч) (20.6.1909, г. Віцебск — 1.6.1943),
Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў ваенна-тэарэт. школу лётчыкаў у Ленінградзе і Ейскую ваенна-марскую школу лётчыкаў. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40, у час якой пам. камандзіра авіяпалка капітан К. зрабіў 66 баявых вылетаў, патапіў варожае судна з боепрыпасамі, спаліў на аэрадроме праціўніка 7 самалётаў, знішчыў 2 паравозы, 6 аўтамашын. У Вял.Айч. вайну ўдзельнічаў у абароне Ленінграда. Знішчальны авіяполк пад камандаваннем палкоўніка К. за 5 месяцаў правёў 389 паветр. баёў, знішчыў 105 варожых самалётаў, 55 танкаў. Загінуў у баі над Фінскім залівам. Яго імем наз. вуліца ў Віцебску, пасёлак у Выбаргскім р-не Ленінградскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІНЕ́СКУ ((Constantinescu) Пауль) (30.6.1909, г. Плаешці, Румынія — 20.12.1963),
румынскі кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Румыніі (1955). Чл.-кар.АН Румыніі (1962). Вучыўся ў Бухарэсцкай кансерваторыі (1928—33), выкладаў у ёй (праф. з 1941). Праф. Акадэміі духоўнай музыкі (1937—41) і ваен.муз. ліцэя (1941—44) у Бухарэсце. Нац. класікай сталі яго канцэрты для інструментаў з аркестрам (для фп., 1952; для скрыпкі, 1957; для скрыпкі, віяланчэлі і фп., 1963). Аўтар лепшай рум. камічнай оперы «Бурная ноч» (паст. 1935). Сярод інш. твораў: муз. драма «Панэ Лесня Русалім» (паст. 1956), 2 араторыі, 2 сімфоніі, сімф. танцы; камерна-інстр творы; хары, тэатр. і кінамузыка. Дзярж. прэміі Румыніі 1951, 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТАРЫ́НІ ((Contarini) Амброджа) (?—1499),
італьянскі дыпламат і падарожнік. У 1474 накіраваны да правіцеля Зах. Ірана Узун-Хасана з прапановай пачаць вайну супраць Турцыі ў саюзе з Венецыяй. На адваротным шляху наведаў ВКЛ: у лют. 1477 прыняты ў г. Трокі каралём Казімірам IV, быў у Слоніме, Варшаве. У крас. 1477 вярнуўся ў Венецыю. У 1487 апублікавана апісанне яго падарожжа, у якім змешчаны каштоўныя звесткі пра Іран, Расію, Польшчу, ВКЛ, Грузію, Азербайджан, Крым і Астраханскае ханства.
Тв.:
Рус.пер. — Путешествие А.Контарини, посла светлейшей Венецианской республики к знаменитому персидскому государю Узун-Гассану // Библиотека иностранных писателей о России. Отд. 1. СПб., 1836.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПАБЛА́НКА, Капабланка-і-Граўпера (Capablanca y Graupera) Хасэ Рауль (19.11.1888, Гавана — 83.1942), кубінскі шахматыст, дыпламат, Чэмпіён свету (1921—27). Чэмпіён Кубы (1901). Пераможца міжнар. турніраў у г. Сан-Себасцьян, Іспанія (1911), г. Гастынгс, Вялікабрытанія (1911, 1929-30), Нью-Йорку (1913, 1927, 1931), Лондане (1922), Берліне (1928), Будапешце (1928—29), г. Рамсгет, Вялікабрытанія, і г.Барселона, Іспанія (1929), Маскве (1936), г. Нотынгем, Вялікабрытанія (1936; сумесна з М.М.Батвіннікам), Парыжы (1938). З 1962 на Кубе праводзяць міжнар. турніры яго памяці.
Тв.:
Рус.пер. — Учебник шахматной игры;
Моя шахматная карьера. М., 1983. Последние шахматные лекции. М., 1977;
Учебник шахматной игры: Из золотого шахмат. фонда. Комбинации. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПО́ТЭ ((Capote) Трумэн) (30.9.1924, г. Новы Арлеан, ЗША — 25.8.1984),
амерыканскі пісьменнік. Дэбютаваў раманам «Іншыя галасы, іншыя пакоі» (1948). Адзінота і чалавек, мара і рэальнасць амер. жыцця, злачыннасць і грамадства — асн. тэмы яго твораў (зб.апавяд. «Дрэва ночы», 1949; аповесці «Лугавая арфа», 1953; «Снеданне ў Тыфані», 1958; «Самаробныя дамавінкі», 1980; дакумент. рамак «Звычайнае забойства», 1965). Аўтар аўтабіягр. апавяданняў (зб. «Музыка для хамелеонаў», 1980), эсэ, нарысаў, дарожных нататак. У творах выкарыстоўваў гатычныя матывы, гратэск і фантасмагорыю, яны адметныя лірызмам, высокім стылістычным майстэрствам і камерным псіхалагізмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВАДЖЫ́ЗМ,
кірунак у еўрап. жывапісе 17 ст., прадстаўлены паслядоўнікамі М.Караваджа. Процістаяў акадэмізму і барока. Мастакі-караваджысты ўспрынялі ад Караваджа шэраг фармальных патрабаванняў (натуралізм, адлюстраванне фігур у сапраўдны памер, экспрэсію святлаценю, імкненне да манументалізацыі жанравых матываў) і іканаграфічных тэм (сцэны ў карчме, ігра на лютні, варажбіткі), што выяўлялася ў дыяпазоне ад свабоднай трактоўкі яго сюжэтаў да дакладнага капіравання жывапіснай манеры. Пашыраны ў Італіі (А.Джэнтылескі, К.Сарачэні, Дж.Б.Карачола, Л.Спада, Б.Манфрэдзі), Галандыі (Х.Тэрбруген, Г. ван Хонтхарст, Д. ван Бабюрэн), Фландрыі (Т.Ромбаўтс, А.Янсенс), Францыі (Валантэн дэ Булонь, С.Вуэ), Іспаніі (Х.Рыбера), Германіі (А.Эльсхаймер) і інш.
Да арт.Караваджызм. Валантэн дэ Булонь. «Варажбіткі».
сінтэтычныя каўчукі, макрамалекулы якіх маюць карбаксільныя групы (—COOH).
Аморфныя, не крышталізуюцца пры расцяжэнні, шчыльн. 930—970 кг/м³ (у залежнасці ад саставу). Атрымліваюць эмульсійнай супалімерызацыяй ізапрэну ці бутадыену (або яго сумесей са стыролам, α-метылстыролам і інш.) з ненасычанымі карбонавымі к-тамі, пераважна метакрылавай кіслатой (1—5%). Здольныя вулканізавацца (з-за наяўнасці COOH-груп) аксідамі і гідраксідамі двухвалентных металаў (напр., цынку, магнію). Гума з К.к. вызначаецца высокімі супраціўленнем разрастанню трэшчын пры шматразовых выгібах, цепла- і зносаўстойлівасцю, устойлівасцю да цеплавога старэння. Выкарыстоўваюць для вырабу шыннага пратэктара, велакамер, нізу гумавага абутку, у якасці заменніка натуральнай скуры (у кампазіцыі з полівінілавым спіртам).