ПАШУ́ТА Уладзімір Цярэнцьевіч (19.4. 1918, С.-Пецярбург — 10.6.1983),
расійскі гісторык. Чл.-кар.АНСССР (1976), д-ргіст.н. (1960), праф. (1971). Скончыў Ленінградскі ун-т (1941). З 1948 у Ін-це гісторыі АНСССР, з 1969 заг. сектара. Адначасова ў 1949—53 заг. аддзела час. «Вопросы истории», з 1968 выкладаў у Маскоўскім абл.пед. ін-це, Маскоўскім гіст.-архіўным ін-це. Даследаваў гісторыю эпохі феадалізму Расіі, Беларусі, Украіны, Прыбалтыкі, займаўся крыніцазнаўствам і гістарыяграфіяй. Адзін з аўтараў канцэпцыі ўтварэння ВКЛ, паводле якой у 1-й пал. 13 ст. на тэр. сучаснай Літвы ўтварылася раннефеад. балцкая дзяржава, што ў сваім развіцці прайшла 3 этапы: канфедэрацыя зямель, потым іх саюз і раннефеад. манархія. Захоп. літ. феадаламі Беларусі лічыў пачаткам пераўтварэння невял. Літ. дзяржавы ў ВКЛ. Пісаў пра сінтэз грамадскага ладу Літвы са значна больш развітымі феад. ін-тамі Беларусі, але не прызнаваў за бел. землямі актыўнай ролі ў стварэнні і развіцці ВКЛ. Падтрымліваў тэзіс пра шматвяковае імкненне беларусаў да ўз’яднання з Расіяй.
Тв.:
Образование Литовского государства. М., 1959;
Древнерусское государство и его международное значение. М., 1965 (у сааўт);
Древнерусское наследие и исторические судьбы восточного славянства. М., 1982 (разамз Б.М.Флорай, Г.Л.Харашкевіч);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУАТУ́ (Poitou),
гістарычная вобласць на З Францыі, каля ўзбярэжжа Атлантычнага ак. На тэр. П. дэпартаменты Вандэя. В’ена, часткова Дзё-Сеўр. Пл. 20,1 тыс.км². Нас. каля 1,2 млн.чал. (2000). Гал. горад — Пуацье. Тэр. вобласці — пераважна ўзгорыстая раўніна. Гал. галіна эканомікі — сельская гаспадарка, асабліва жывёлагадоўля і птушкагадоўля. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, кармавыя культуры, агародніну. Садоўніцтва і вінаградарства. На ўзбярэжжы — рыбалоўства і вустрычны промысел. Прам-сць: харч., маш.-буд., тэкст., гарбарна-абутковая. Транспарт марскі, аўтамабільны, чыгуначны.
У старажытнасці тэр. П. насялялі плямёны піктонаў. Пасля заваявання рымлянамі ўваходзіла ў Аквітанію. У 5 ст. яе захапілі вестготы, у 507 — кароль франкаў Хлодвіг I. У 8 ст.Піпін Кароткі далучыў П. да Францыі. З 9 ст. — графства. З канца 9 ст. графы П. сталі герцагамі Аквітаніі, разамз якой у 1154 трапілі пад уладу Англіі. У час праўлення Філіпа II Аўгуста Францыя вярнула ч. П. зг. Пуацье, а ў 1259 — і яе паўд. частку. У Стогадовую вайну 1337—1453 П. ў складзе Англіі, у 1369—73 зноў адваявана Францыяй. У час рэлігійных войнаў 16 ст. правінцыя — месца сутыкненняў паміж гугенотамі і католікамі. У час франц. рэвалюцыі 1789—99 П. — адзін з раёнаў Вандэйскіх войнаў. У 1790 тэр. П. падзелена на дэпартаменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНГА́ЛА (Sangallo),
сям’я італьянскіх архітэктараў і скульптараў эпохі Адраджэння. Нарадзіліся ў г. Фларэнцыя.
Джуліяна да С. [сапр.Джамберці (Giamberti); 1445—20.10.1516], развіваў традыцыі Ф.Брунелескі, выразным па кампазіцыі пабудовам надаваў лёгкасць і вытанчанасць: касцёл Санта-Марыя дэле Карчэры ў Прата (1484—95), віла ў Поджа-а-Каяна каля Фларэнцыі (з 1485), шматлікія гар. ўмацаванні, у т. л. ў Поджа-Імперыяле (1488), Пізе і Ліворна (1509—12). Як скульптар блізкі да Данатэла (надмагіллі сям’і Сасеці ў капэле Сасеці касцёла Санта-Трыніта ў Фларэнцыі, 1486). Антоніо да С. Старэйшы (1455 ці 1463—17.12.1534), брат Джуліяна да С., шмат працавалі разам. Зсамаст. работ найб. значны касцёл Сан-Б’яджа каля Мантэпульчана ў Таскане (1518—45). Антоніо да С. Малодшы [сапр.Кардыяні (Cordiani); 1483—3.8.1546], пляменнік і вучань Джуліяна да С. і Антоніо да С. Старэйшага. З 1503 працаваў у майстэрні Д.Брамантэ ў Рыме. Пабудаваў гар. ўмацаванні ў Парме (з 1525) і інш. Пасля смерці Рафаэля стаў гал. архітэктарам Рымскага сабора святога Пятра (з 1520). Сталыя работы С. вылучаюцца масіўнасцю форм і цэласнасцю арх. аблічча: палацца Фарнезе ў Рыме (з 1513, завершана Мікеланджэла і Дж. дэла Портам), банк Санта-Спірыта ў Рыме (1523—24).
А. да Сангала Старэйшы. Касцёл Сан-Б’яджа каля Мантэпульчана ў Таскане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СД (ням. SD скарачэнне ад Sicherheitsdienst des Reichsführers SS служба бяспекі рэйхсфюрэра СС),
служба бяспекі і паліт. разведкі (шпіянажу) унутры СС, якая дзейнічала ў межах Нацыянал-сацыялісцкай партыі (НСДАП) у час дыктатуры гэтай партыі ў Германіі. Засн. ў 1931 Г.Гімлерам як служба разведкі (узначальваў Р.Гайдрых), звер. 1932 наз. СД. Напачатку служыла для збору інфармацыі пра паліт. праціўнікаў і апазіцыянераў унутры НСДАП. З 1933 парт. ведамства з уласнай арг-цыяй на ўсёй тэр. дзяржавы па ажыццяўленні паліт. кантролю над насельніцтвам, з 1934 адзіная разведвальная служба нацысцкай партыі. У 1939 разамз паліцыяй бяспекі падпарадкавана Гал. ўпраўленню імперскай бяспекі (РСХА). Дзейнічала праз штатных і няштатных агентаў, мела архівы (картатэкі), афіц. канторы; выканаўчую ўладу ажыццяўляла гестапа. З СД рэкрутаваліся кіруючыя кадры для паліцыі бяспекі, якія дзейнічалі ў 2-ю сусв. вайну (са студз. 1943 СД узначальваў Э.Кальтэнбрунер) як кіраўнікі т. зв. айнзацгруп у акупіраваных краінах, у т. л. на Беларусі (айнзацгрупы «A» і «B»). Яны арганізоўвалі забойствы паліт. праціўнікаў фашызму, яўрэяў і інш. У падпарадкаванні Мінскага СД знаходзіўся Трасцянецкі лагер смерці. У лют. 1944 да СД перайшлі гал. функцыі органа ваен. разведкі і контрразведкі Абвера. На Нюрнбергскім працэсе пасля 2-й сусв. вайны СД прызнана злачыннай арг-цыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРА́ЎГУТ Рамуальд Людвікавіч (16.1.1826, в. Шастакова Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 5.8.1864),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Польшчы. Вучыўся ў Свіслацкай гімназіі. З 1845 у арміі. Удзельнічаў у падаўленні рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі, Крымскай вайне 1853—56 (у т. л. ў Севастопальскай абароне 1854—55). У 1862 падпалкоўнік у адстаўцы, жыў у маёнтку Востраў Кобрынскага пав. У крас. 1863 узначаліў Кобрынскі паўстанцкі атрад, які ў баях з урадавымі войскамі каля в. Горкі тройчы нанёс ім значныя страты. У чэрв. 1863 разамз Брэсцкім атрадам Я.Ваньковіча зрабіў рэйд на Піншчыну і паўн. Валынь. У ліп. 1863 з дапамогай Э.Ажэшкі выехаў у Варшаву. У чыне генерала быў прадстаўніком паўстанцкіх улад за мяжой. Зкастр. 1863 кіраўнік Нац. ўрада ў Варшаве, фактычна дыктатар паўстання. Шмат зрабіў, каб надаць паўстанню новы размах, пашырыць яго сац. базу, рэарганізаваць паўстанцкія ўзбр. сілы. 30.3.1864 арыштаваны і паводле прыгавору ваен. суда павешаны ў Варшаўскай цытадэлі. У Вял.Айч. вайну ў СССР была створана польская дывізія імя Т. У г. Свіслач Гродзенскай вобл. яму пастаўлены помнік.
Літ.:
Миллер И.С. Ромуальд Траугут // За нашу и вашу свободу: Герои 1863 г.М., 1964;
Бандарэнка М Пра Рамуальда Траўгута // Полымя. 1999. №8;
Dunin-Wąsowicz K. Romuald Traugutt. Warszawa, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАМЯРЫ́ЦКІ Вячаслаў Антонавіч (н. 22.7.1936, в. Рабкі Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. літаратуразнавец, крытык, тэкстолаг, перакладчык. Канд.філал.н. (1967). Скончыў БДУ (1958). З 1958 настаўнік, інспектар Маладзечанскага райаддзела нар. адукацыі, з 1965 у Ін-це л-ры Нац.АН Беларусі (з 1991 заг. аддзела). Даследуе гісторыю бел. летапісання, творчасць і культ.-гіст. ролю пісьменнікаў і дзеячаў бел. культуры эпохі феадалізму. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» на бел. (т. 1, 1968) і рус. (1977) мовах, кн. «Францыск Скарына» (з Г.Я.Галенчанкам, В.Ф.Шматавым; на франц. 1979; англ. 1980), «Гісторыі сусветнай літаратуры» (т. 3—4, 1985—87), «Нарысаў па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (кн. 1, 1993), падручнікаў і дапаможнікаў для ВНУ і інш. Прымаў удзел у выданні «Поўнага збору рускіх летапісаў» (т. 32, 1975; т. 35, 1980), дзе ўпершыню апублікаваў Магілёўскую хроніку, навук.-папулярнага зб. «Беларускія летапісы і хронікі» (1997), складальнік, аўтар прадмовы і каментарыяў да зб. «Слова пра паход Ігаравы» (1986). Дзярж. прэмія Беларусі 1994 за ўдзел у стварэнні цыкла прац «Скарына і беларуская культура».
Тв.:
Беларускія летапісы як помнікі літаратуры: Узнікненне і літ. гісторыя першых зводаў. Мн., 1969;
Традыцыі літаратуры старажытнай Русі ў беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд.Мн., 1982 (разамз А.Ф.Коршунавым, А.А.Лойкам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯДКО́ЎСКІ (Jodkowski) Юзаф (20.12.1890, г. Гродна — 2.1.1950),
бел. і польскі археолаг, нумізмат. Скончыў Гродзенскую гімназію, Маскоўскі археал.ін-т (1912). Працаваў у Румянцаўскім музеі ў Маскве, кансерватарам Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. Выступаў за захаванне помнікаў старажытнасці, у т. л. Сынковіцкай царквы-крэпасці, Мірскага замка. Яго намаганнямі захаваны іканастас 17 ст. ў Супраслі, касцёл з фрэскамі ў Гарадзішчы. Разамз В.Шукевічам праводзіў археал. даследаванні ў в. Нача (Воранаўскі р-н), з Ю.Талька-Грынцэвічам — у вёсках Ланкішкі (Воранаўскі р-н) і Дубічы (замак Вітаўта). У 1920 урад Польшчы зацвердзіў яго кіраўніком бюро дзярж. апекі над помнікамі гісторыі і культуры ў Гродне і Гродзенскім пав. Стварыў Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей і быў яго хавальнікам да 1936. Арганізаваў выданне штогодніка «Музей у Гродне» («Muzeum w Grodnie»). З канца 1930-х г. працаваў у Варшаве, з 1944 у Кракаве, з 1945 хавальнік Народнага музея, старшыня Варшаўскага нумізматычнага т-ва, рэдактар час. «Wiadomości numizmatycznoarcheologiczne» («Нумізматычна-археалагічныя ведамасці»). Правёў археал. раскопкі ў Ваўкавыску (1925), на Замкавай Гары ў Гродне (1932—33), дзе выявіў княжацкі церам, рэшткі 2 мураваных храмаў (пазней атрымалі назвы Гродзенская Ніжняя царква і Гродзенская Верхняя царква). У 1935 даследаваў Каложскую царкву, якую датаваў 11 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯКІМО́ВІЧ Юрый Аляксандравіч (13.10.1946, Мінск — 7.2.1994),
бел. гісторык архітэктуры, педагог. Сын Алеся Якімовіча. Канд. архітэктуры (1979). Скончыў БПІ (1969). Працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (з 1969), з 1980 заг. рэдакцыі ў выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». З 1986 выкладаў у Віцебскім пед. ін-це. Даследаваў гісторыю бел. архітэктуры, творчасць мастакоў 19 ст. (Н.Орды, Ю.Пешкі, Дз.Струкава і інш.). Вылучыў Палескія школы дойлідства, паказаў асаблівасці іх развіцця ў 17—19 ст. Адзін з аўтараў артыкулаў у «Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, Мн., 1984—88), «Гісторыі мастацтва народаў СССР» (т. 9, М., 1982), «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 1, Мн., 1987) і інш. Аўтар рэканструкцый асобных сядзібна-палацавых і замкавых пабудоў 16—17 ст.
Тв.:
Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн.,1978;
Беларуская архітэктура ў малюнках Напалеона Орды // Мастацтва Беларусі. 1983. № 7;
Магілёўскі архітэктурны дэкор XIX — пачатку XX ст. // Там жа. 1986. № 6;
З віленскай калекцыі // Там жа. 1989. № 11;
Каштоўны дакумент па гісторыі беларускай графікі і архітэктуры XVIII ст. (разамз Р.В.Баравым) // Помнікі культуры: Новыя адкрыцці. Мн., 1985;
Деревянное зодчество Белоруссии // Дерево в архитектуре и скульптуре славян: Пер. с фр.М.,1987;
Зодчество Белоруссии XVI — середины XVII в.: Справ. пособие. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШЦЯКУ́ЧАСЦЬ,
сукупнасць фіз. з’яў, звязаных з працяканнем без трэння вадкага гелію праз капіляры і вузкія шчыліны пры тэмпературах, блізкіх да абсалютнага нуля. Адкрыта эксперыментальна П.Л.Капіцам (1938), тэорыя створана Л.Д.Ландау (1941).
Пры т-ры 2,17 К (λ-пункт) у вадкім геліі (ізатоп 1He) адбываецца фазавы пераход 2-га роду: з нармальнага стану (гелій I) ён пераходзіць у звышцякучы стан (гелій II). З. суправаджаецца вельмі вял. цеплаправоднасцю і наяўнасцю рознасці тэмператур у двух сасудах са звышцякучым геліем, злучаных капілярам, што вядзе да значнай рознасці ціску ў іх (тэрмамех. эфект). У звышцякучым геліі разам са звычайным гукам (ваганні ціску) існуе другі гук (ваганні т-ры). Тэорыя З. заснавана на квантавых уяўленнях аб квазічасціцах — фанонах. У вадкім геліі змена энергіі суправаджаецца вылучэннем або паглынаннем фанона, які мае такую ж залежнасць паміж частатой і энергіяй, як і квант святла, але распаўсюджваецца са скорасцю гуку. Калі гелій II працякае праз капіляр са скорасцю, меншай за скорасць гуку, яго кінетычная энергія не пераходзіць у цеплавую, бо фаноны не могуць узнікнуць (трэнне адсутнічае). Калі скорасць руху перавышае скорасць гуку, узнікае трэнне і З. знікае.
Літ.:
Капица П.Л. Вязкость жидкого гелия при температурах ниже точки λ // Докл.АНСССР. 1938. Т. 18, № 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАСІФЛЯ́НЕ, Асіфляне,
царкоўна-палітычны рух і філас. плынь у Рус. дзяржаве ў 15—16 ст. Заснавальнік і кіраўнік — ігумен Успенскага (Іосіфа-Валакаламскага) манастыра Іосіф Волацкі (адсюль назва). І. распрацавалі і праводзілі ў жыццё ідэі аб пануючым становішчы царквы ў рус. грамадстве. Напачатку Іосіф Волацкі выступаў за абмежаванне велікакняжацкай улады на карысць духавенства і ўдзельных князёў. Пасля збліжэння звял. князямі Іванам III і Васілём III ён распрацаваў тэзісы пра боскае паходжанне ўлады манарха. На яго думку, свецкая па форме манархія павінна была з’яўляцца тэакратычнай па сутнасці. Карыстаючыся сваім уплывам на вярх. ўладу, І. жорстка распраўляліся з ератыкамі і сваімі ідэалаг. праціўнікамі. У барацьбе з«несцяжацелямі» яны адстаялі непарушнасць царк. догмаў і царк.-манастырскае землеўладанне. І. зрабілі значны ўклад у распрацоўку ідэі «Масква — трэці Рым», якая разамз тэорыяй пра боскае паходжанне манархіі лягла ў аснову ідэалогіі рас. самадзяржаўя. Аднак з 2-й пал. 16 ст. манархія пачала ўсё больш нецярпіма ставіцца да ўмяшання царквы ў дзярж. справы. Апошняй праявай іасіфлянскай дактрыны была царк. палітыка патрыярха Нікана, які намагаўся практычна ажыццявіць тэорыю тэакратычнай дзяржавы. Перамога І. у 16 ст. значна паўплывала на гіст. лёс праваслаўя, рас. самадзяржаўя і Расіі ў цэлым.