ГЛУ́ША,

рабочы пасёлак у Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл. На аўтадарозе Бабруйск—Слуцк за 26 км ад Бабруйска. 1,7 тыс. ж. (1997).

Паселішча ўзнікла ў сувязі з буд-вам шклозавода (засн. ў 1869) і развіццём дрэваапр. промыслаў. У пач. 20 ст. тут пражывала 240 чал., працавалі Глушская лесапільная фабрыка (з 1908), Глушскі шклозавод, смалярны з, млын, карчма. У 1917 — 581 ж., 96 двароў. З 1924 у складзе 1-га Бабруйскага, з 1927 Бабруйскага р-наў. У 1931—60 цэнтр Рымавецкага с/с. З 15.7.1935 рабочы пасёлак. У 1941—44 акупіравана ням.-фаш. войскамі, у 1942—43 дзейнічала падп. група (больш за 40 чал.). У 1970 у Глушы 1943 жыхароў.

Шклозавод, прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. У Глушы пахаваны бел. пісьменнік А.Адамовіч.

т. 5, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНЕ́ЗНА (Gniezno),

горад на З Польшчы, у Пазнанскім ваяводстве. Каля 100 тыс. ж. (1994). Прам-сць: гарбарна-абутковая, харч., маш.-буд., швейная. Тэатр. Музей Пачаткаў Польскай дзяржавы. Арх. помнікі: гатычныя касцёлы — Дзевы Марыі (каля 1342—1415; ад дараманскага касцёла 10 ст. і раманскага касцёла 11 ст. захаваліся керамічныя пліткі падлогі, «Гнезненскія дзверы», бронза, каля 1170), св. Яна (14 ст., фрэскі 1340—60), касцёл і кляштар францысканцаў (13 ст., перабудаваны ў 17—18 ст.).

Гнезна ўзнікла ў канцы 8 ст. У 10 ст. сталіца стараж. польскай дзяржавы Пястаў, значны рамесніцкі цэнтр, вёў гандаль з араб. Усходам, падтрымліваў гандл. сувязі з Кіевам. З 1000 сталіца архіепіскапства, месца каранацыі (да 14 ст.) польск. каралёў. Гар. правы атрымала да 1243. З 1793—1918 у складзе Прусіі (у 1807—15 уваходзіла ў Варшаўскае герцагства). Адзін з гал. цэнтраў велікапольскага паўстання 1918—19.

Літ.:

Dzieje Yniezna. Warszawa, 1965.

т. 5, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́БІ ((Gobbi) Ціта) (24.10.1913, г. Басана-дэль-Грапа, Італія — 5.3.1984),

італьянскі спявак (барытон). Скончыў юрыд. ф-т Падуанскага ун-та. З 1938 саліст оперных т-раў Італіі (з 1942 — «Ла Скала»), з 1947 — інш. еўрап. і амер. т-раў. Голас рэдкай прыгажосці, майстэрства бельканта і акцёрскае дараванне здабылі яму славу аднаго з лепшых спевакоў свайго часу. Стварыў рознахарактарныя муз.-сцэнічныя вобразы. Сярод лепшых партый: Рыгалета, Яга, маркіз ды Поза, Жэрмон, Макбет, Рэната («Рыгалета», «Атэла», «Дон Карлас», «Травіята», «Макбет», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Скарпія, Джані Скікі («Тоска», «Джані Скікі» Дж.​Пучыні), Фігара («Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта), Воцэк («Воцэк» А.​Берга). 1-я прэмія Міжнар. конкурсу вакалістаў (Вена, 1936). Аўтар шэрагу кніг, у т. л. «Свет італьянскай оперы» (з І.​Кук, пер. з англ., М., 1989). Здымаўся ў муз. кінафільмах.

Літ.:

Лаури-Вольпи Дж. Вокальные параллели: Пер. с итал. Л., 1972.

Ц.Гобі ў ролі Скарпія.

т. 5, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЛІСЕ́ЕЎ (Аляксей Станіслававіч) (н. 13.7.1934, г. Жыздра Калужскай вобл., Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1969), лётчык-касманаўт СССР (1969), д-р тэхн. н. (1973). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (МВТВ) імя М.​Э.​Баўмана (1957). З 1966 у атрадзе касманаўтаў. 15—16.1.1969 з Б.В.Валынавым і Я.В.Хруновым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-5» (як бортінжынер), 16.1.1969 з Хруновым перайшоў праз адкрыты космас (37 мін) у касм. карабель «Саюз-4» (пілатаваў У.А.Шаталаў), на якім 17.1.1969 вярнуўся на Зямлю. 13—18.10.1969 з Шаталавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-8» (як бортінжынер), 23—25.4.1971 з Шаталавым і М.М.Рукавішнікавым — палёт на касм. караблі «Саюз-10» (як бортінжынер). У ліпені 1975 — кіраўнік палёту па праграме «ЭПАС». З 1985 рэктар МВТВ імя Баўмана. Правёў у космасе 8,9 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР. Залаты медаль імя Ю.​А.​Гагарына. Дзярж. прэмія СССР (1980).

А.С.Елісееў.

т. 6, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖАНІ́ЦЬБА ЦЯРЭ́ШКІ»,

традыцыйнае гульнявое прадстаўленне «вяселля для ўсіх», прымеркаванае да Каляд. Паводле характару адпавядае карнавалізавана-гульнявым звычаям (з абрадавым травесці), уласцівым культуры многіх еўрап. народаў. Пашырана на Бел. Паазер’і. Адлюстроўвае настрой калядных святкаванняў як «крывых вечароў» (з амбівалентнасцю дзеянняў «шыварат-навыварат»). Уключае некалькі этапаў: выбар са старэйшых удзельнікаў «бацькі» і «маці», якія потым «дабіраюць» і «жэняць» пары, «прыпяваюць» іх адзін да аднаго («Ай, роўная парачка — ім гарэлкі чарачка») і «скручваюць» у танцы (часцей «Лявоніха»); пачарговае «пералоўліванне» «маладых», агульнае застолле з песнямі і танцамі. Скразным элементам, які цэментуе ўсю гульню, з’яўляюцца рытуальныя «цярэшкінскія песні» з адметнай тыповай рытмаформулай. Разнастайныя тэксты «Ж.Ц.» амбівалентна пераафарбоўваюць драматызм сапраўднага вяселля ў гумарыстычным (часам гратэскавым) плане («Дзед бабу — чабок на дно, а мне, дзед, і тут ладно»). Умоўнасць «несапраўднага» гульнявога вяселля адзначана і ў «цярэшкінскіх песнях» («Мне з табой не век векаваць — адну ночаньку пагуляць»).

Літ.:

Жаніцьба Цярэшкі. Мн., 1993.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 6, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМО́Р,

масавая гібель рыбы і інш. водных жывёл. Адбываецца пры памяншэнні колькасці растворанага ў вадзе кіслароду (да 5—30% нармальнага насычэння) або са з’яўленнем у вадзе атрутных рэчываў у выніку скідвання прамысл. неачышчаных сцёкавых вод ці змыву з сушы ядахімікатаў. Колькасць кіслароду памяншаецца ў вадаёмах, багатых арган. рэчывамі (напр., балотныя воды), у стаячых вадаёмах у перыяд інтэнсіўнага развіцця водарасцей («цвіценне» вады) і зоапланктону. З. бывае летам у начны час у ціхае цёплае надвор’е і зімой пад ільдом (пераважна са студзеня да красавіка).

З’ява З. звязана з празмерным эўтрафіраваннем вадаёмаў. Да недахопу кіслароду найб. адчувальныя некат. рыбы (ласасёвыя, асятровыя, акунёвыя), ракі, малюскі (бяззубкі, перлаўкі) і інш.; менш адчувальныя вугры, карасі, ліні, уюны, лічынкі хіранамід і інш. Папярэджваюць З. насычэннем вады кіслародам у працэсе яе аэрацыі, аховай вадаёмаў ад забруджвання і атрутных рэчываў, павелічэннем іх праточнасці. На Беларусі З. найчасцей у азёрах Палесся і р. Прыпяць.

т. 6, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПА́ЛЬВАННЕ ў карбюратарных рухавіках,

узгаранне гаручай сумесі ў цыліндрах у адпаведнасці з парадкам і рэжымам работы рухавіка. Адбываецца з дапамогай запальных свечак, паміж электродамі якіх пад уздзеяннем высокага напружання праскаквае эл. іскра. Выкарыстоўваецца ў аўтамабілях, матацыклах і інш.

З. ад эл. іскры дастаткова надзейнае, момант успышкі лёгка рэгулюецца. Для стварэння высокага напружання выкарыстоўваюць акумулятарныя батарэі разам з індукцыйнай шпуляй (найб. пашырана) або магнета. Батарэйнае З. забяспечвае надзейны пуск рухавіка, аднак абмяжоўвае яго быстраходнасць. Для павышэння эканамічнасці рухавіка павялічваюць ступень сціскання і абядняюць гаручую сумесь, што патрабуе павелічэння зазору паміж электродамі запальнай свечкі і, адпаведна, магутнасці іскравага разраду і суправаджаецца павышаным зносам кантактаў. Найб. дасканалыя кантактава-транзістарныя, бескантактава-транзістарныя і электронныя сістэмы З. забяспечваюць большую эканамічнасць, поўнае згаранне паліва і меншую таксічнасць выхлапных газаў.

А.​С.​Рукцяшэль.

Сістэма запальвання аўтамабіля: 1 — шпуля запальвання; 2 — першасная абмотка; 3 — другасная абмотка; 4 — размеркавальнік; 5 — перарывальнік; 6 — бегунок; 7 — свечка запальвання.

т. 6, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУ́КТАР (лац. inductor ад induco уводжу, наводжу, вымушаю),

1) І. награвальны — электрамагнітнае прыстасаванне для індукцыйнага нагрэву віхравымі токамі цвёрдых, вадкіх і газападобных праваднікоў. Складаецца з проваду, з дапамогай якога ствараецца пераменнае магн. поле, і токападводаў для падключэння проваду да крыніцы эл. энергіі. Бывае адначасовага і бесперапынна-паслядоўнага (асобнымі ўчасткамі) награвання.

2) І. тэлефонны — магнітаэлектрычны генератар пераменнага току нізкай (18—21 Гц) частаты з ручным прыводам. Выкарыстоўваўся ў тэлеф. апаратах для пасылання сігналаў выкліку і адбою на станцыях ручнога абслугоўвання (у тэлеф. сетках з мясц. батарэяй сельскай і ваен. сувязі).

3) І. электрычнай машыны — частка эл. машыны, прызначаная для стварэння ў ёй асноўнага магн. поля.

Індуктары: а — награвальны (1 — загартовачная камера, 2 — патрубкі падачы вады, 3 — індукцыйны провад з адтулінамі для выхаду загартовачнай вады, 4 — трубаправод вадзянога ахаладжэння); б — тэлефонны шматполюсны (1 — вярчальны магніт, 2 — нерухомая абмотка, 3 — дыск з рукаяткай).

т. 7, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПА́ЦЬЕЎ (Віктар Аляксандравіч) (н. 30.3.1942, г. Омск, Расія),

бел. вучоны ў галіне лесазнаўства. Акад. Нац. АН Беларусі (1996; чл.-кар. з 1994), д-р с.-г. н. (1986), праф. (1997). Акад. Рас. акадэміі с.-г. н. (1995). Сын А.М.Іпацьева. Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1965). З 1967 працуе ў ім (з 1985 заг. кафедры), з 1989 дырэктар Ін-та лесу Нац. АН Беларусі. Навук. працы па лесазнаўстве, лясной гідралогіі, радыеэкалогіі лесу, пытаннях аптымізацыі воднага рэжыму і жыўлення лясных насаджэнняў ва ўмовах залішняй увільготненасці глеб, паскарэння рэабілітацыі лясных экасістэм пасля глабальнага радыенукліднага забруджвання. Аўтар навук. кірунку па праблеме вырошчвання лесу з рэгуляваным назапашваннем радыенуклідаў у дрэвавых пародах.

Тв.:

Ведение лесного хозяйства на осушенных землях. М., 1984 (разам з Л.​П.​Смаляком, І.​К.​Блінцовым);

Водный режим и потребление элементов питания в мелиорированных сосновых фитоценозах. Мн., 1990;

Лес и Чернобыль. Мн., 1994 (у сааўт.).

В.А.Іпацьеў.

т. 7, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЦЭ́ВІЧЫ,

пасёлак у Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл.; чыг. станцыя на лініі Калінкавічы — Лунінец. Цэнтр сельсавета. За 17 км на ПнЗ ад г. Петрыкаў, 191 км ад Гомеля. 1378 ж., 602 двары (1997).

У 16 ст. сяло ў Мінскім ваяв. ВКЛ. У 1886 у Ляскавіцкай вол. Мазырскага пав., 292 ж., 37 двароў, царква, вінакурня. З 1884 чыг. ст. У 1888 адкрыта царк.-прыходская школа. У 1904 прадпрымальнікі браты І. і А. Кеневічы заснавалі лесапільны з. Напярэдадні 1-й сусв. вайны адкрыта чыг. нар. вучылішча. З 1924 у Петрыкаўскім р-не. З 15.7.1935 рабочы пасёлак. У 1942 і 1943 ням. фашысты загубілі ў К. 63 жыхары. З 24.8.1951 вёска, пазней пасёлак. У 1971 у К. 1915 жыхароў.

Агароднінасушыльны з, дрэваапр. цэх, акц. т-ва «Жыткавічлес». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 8, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)