МІЛЮКО́Ў (Павел Мікалаевіч) (27.1.1859, Масква — 31.3.1943),
расійскі гісторык і паліт. дзеяч. Скончыў Маскоўскі ун-т (1882). Чытаў лекцыі ў Маскоўскім, Сафійскім і Чыкагскім ун-тах. Адзін з заснавальнікаў Канстытуцыйна-дэмакратычнай партыі, з 1907 старшыня яе ЦК і рэдактар газ. «Речь». Дэпутат Дзярж. думы 3-га і 4-га скліканняў. Пасля Лют. рэв. 1917 міністр замежных спраў у Часовым урадзе (да 2.5.1917). У грамадз. вайну адзін з арганізатараў Добраахвотніцкай арміі на Доне, пазней у Камітэце вызвалення Расіі ў Лондане. З 1920 у Парыжы, з 1921 рэдактар газ. «Последние новости» (друкаваліся І.А.Бунін, М.І.Цвятаева, У.У.Набокаў і інш.). У 2-ю сусв. вайну выступаў супраць супрацоўніцтва рус. эміграцыі з Германіяй, вітаў перамогі Сав. Арміі. Даследаваў гісторыю рус. эканомікі 15—18 ст., гісторыю грамадска-паліт. думкі, культуры, гістарыяграфію. Аўтар прац «Галоўныя плыні рускай гістарычнай думкі» (1898), «З гісторыі рускай інтэлігенцыі» (1902), «Расія на пераломе» (т. 1—2, 1927) і інш.
Тв.:
Воспоминания. М., 1991;
Очерки по истории русской культуры. Т. 1—3. М., 1993—95.
Літ.:
Думова Н.Г., Трухановский В.Г. Черчилль и Милюков против Советской России. М., 1989;
Думова Н.Г. Либерал в России: трагедия несовместимости: Ист. портрет П.Н.Милюкова. Ч. 1. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ЦАРКВА́ МАРЫ́І МАГДАЛІ́НЫ,
помнік архітэктуры класіцызму ў Мінску. Пабудавана ў 1847 на б. Старажоўскіх могілках. Мураваны аднакупальны сім. па кампазіцыі 3-нефавы аднаапсідны храм. Да асн. прамавугольнага ў плане аб’ёму далучаны з усх. боку прамавугольная апсіда з 2 рызніцамі, з зах. — прытвор з высокай васьміграннай шатровай вежай-званіцай на 2-м ярусе. У цэнтры асн. аб’ёму на светлавым цыліндрычным барабане ўзвышаўся вял. купал. Сцены фасадаў расчлянёны высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і дэкарыраваны пілястрамі. Па перыметры будынка праходзіць тонкапрафіляваны карніз. У канцы 19 ст. перад царквой пабудавана брама з цэглы (захавалася з ч. агароджы), дэкарыраваная пілястрамі, арачнымі нішамі (у іх знаходзіліся скульптуры), валютамі, завершана развітым шматпрафіляваным карнізам. Над арачным праёмам узвышаецца дэкар. атык, завершаны фігурным франтонам з невял. лучковай галоўкай. У 1946—86 у будынку царквы размяшчаўся Цэнтр.дзярж. архіў кінафотафонадакументаў Беларусі. У сувязі з гэтым перабудавана: знесены купал і званіца, да апсіды прыбудаваны порцік, зменены інтэр’ер. З 1990 царква дзейнічае, адноўлена ў першапачатковым выглядзе. У 1998 скончана паліхромная размалёўка інтэр’ера. У 1992 побач з царквой узведзены невял. мураваны храм — Свята-Прачысценская царква.
англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Гайдэльбергскім ун-це, атрымаў мед. адукацыю ў Лондане. Першы раман «Ліза з Ламбета» (1897) напісаны ў традыцыях натуралізму. Вядомасць прынёс аўтабіягр. «раман выхавання» «Цяжар страсцей чалавечых» (1915, экранізацыя 1963), у якім духоўнае станаўленне героя, пошукі ім гуманіст. ідэалаў. Праблемы творчасці і творцы, яго ўзаемаадносін з соцыумам, маральна-этычныя пытанні ў цэнтры раманаў «Месяц і грош» (1919), «Размаляваная вуаль» (1925), «Пірагі і піва» (1930), «Тэатр» (1937, тэлефільм 1978), «Вастрыё брытвы» (1944) і інш. Майстар навелы (зб-кі «Трапятанне ліста», 1921; «Ад першай асобы», 1931; «Забаўкі лёсу», 1947, і інш.). Аўтар п’ес «Лэдзі Фрэдэрык» (1907), «Круг» (1921), «Шэпі» (1933) і інш., мемуарна-крытычных кніг «Падводзячы вынікі» (1938), «Пункт гледжання» (1959). Яго творчай манеры ўласцівы тонкі псіхалагізм, філігранная проза, майстэрства пабудовы сюжэта. На бел. мову навелы М. пераклалі В.Валынскі, Я.Міклашэўскі, Я.Верабей. Дзярж.т-рмуз. камедыі Беларусі паводле яго рамана «Тэатр» паставіў мюзікл «Джулія» (1991).
польскі пісьменнік, драматург; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў тэатра абсурду. Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве. З 1963 у эміграцыі (Італія, Францыя, Мексіка). Дэбютаваў у 1950 фельетонамі і гумарэскамі (зб. «Практычныя паўбраневікі», 1953). Аўтар аповесцей «Маленькае лета» (1956), «Маніза Клаўе» (1963), зб-каў апавяд. «Слон» (1957), «Дождж» (1962), «Два лісты» (1974), «Малая проза» (1990), цыклаў сатыр. малюнкаў і інш. Вядомасць прынеслі гратэскава-сатыр. і парадыйныя п’есы (зб-кі «Пехатой», 1983; «Танга. Вада», 1984), у якіх узнімае праблемы мастацтва і рэчаіснасці, абсурднасці існавання. Яго творы адметныя фантасмагарычнасцю і прытчавасцю, насычаны сімволікай. Паводле п’ес М. Бел.т-р імя Я.Купалы паставіў спектаклі «Эмігранты» (1989), «Дом на мяжы» (1992), «Чароўная ноч» (1997), Гродзенскі абл.т-р лялек — «Стрыптыз. Ка́раль» (1993), Дзярж. маладзёжны т-р — «Запрашэнне на танга» (1995), Мінскі малы тэатр-студыя — «Дзень нараджэння Чэлентана» (1999) На бел. мову асобныя яго творы пераклалі М.Дубянецкі, В.Ракіцкі.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Пры зачыненых дзвярах. Мн., 1995;
Рус. пер — Хочу быть лошадью: Сатир. рассказы и пьесы. М., 1990;
У кн.: Театр парадокса. М., 1991.
Літ.:
Błoński J Wszystkie sztuki Sławomira Mrożka. Kraków, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮРА́Т ((Murat) Іаахім) (25.3.1767, г. Лабастыд-Мюра, Францыя — 13.10.1815),
французскі ваен. і дзярж. дзеяч. Маршал Францыі (1804), герцаг Бергскі і Клеўскі (1806). Кароль Неапалітанскага каралеўства пад імем Іаахім-Напалеон [1808—15]. У франц. арміі з 1787. Вызначыўся пры задушэнні мяцяжу раялістаў у 1795, у Італьянскім (1796—97) і Егіпецкім (1798—99) паходах Напалеона I, садзейнічаў захопу ім улады ў Францыі. Удзельнік усіх Напалеонаўскіх войнаў. У час вайны 1812 супраць Расіі камандаваў кав. корпусам, удзельнічаў у баях каля Астроўна, Смаленска, с. Таруціна, Барадзінскай бітве 1812. Пасля ад’езду Напалеона I у Францыю (5.12.1812) да студз. 1813 камандаваў рэшткамі «вялікай арміі»; на баку Напалеона ўдзельнічаў у бітвах пры Дрэздэне і Лейпцыгу. У студз. 1814 заключыў тайны саюз з Аўстрыяй і Вялікабрытаніяй з мэтай захаваць неапалітанскі прастол, але яго дамаганні адхіліў Венскі кангрэс 1814—15. У перыяд «Ста дзён» выступіў на баку Напалеона I, быў разбіты ў Італіі і ўцёк на в-аў Корсіка. Каб вярнуць сабе прастол, на чале невял. атрада высадзіўся на Пд Італіі, але схоплены аўстрыйцамі і па прыгаворы ваен. суда расстраляны.
Літ.:
Тюлар Ж. Мюрат, или Пробуждение нации: Пер. с фр.М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНЫ ПАТЭНЦЫЯ́Л,
сукупнасць навукова-тэхнічных кадраў, матэрыяльных, фін., інфарм. і інш. рэсурсаў, якія неабходны для стварэння і практычнай рэалізацыі дасягненняў навукова-тэхнічнага прагрэсу. У ’складзе Н.-т.п. вылучаюць элементы: кадры вучоных і спецыялістаў, іх здольнасць ствараць і эфектыўна выкарыстоўваць новыя дасягненні, што маюць тэхн., тэхнал., арганізац., эканам., сац. і інш. характар; неабходны ўзровень патэнтна-вынаходніцкай работы, узоры новай тэхнікі, вырабаў і тэхналогій, іх навізна і патэнцыяльная эфектыўнасць; тэхн. аснашчэнне і магчымасць навук., праектных, канструктарскіх арг-цый і вытв-сці, адпаведнасць іх сучасным задачам навукова-тэхнічнага прагрэсу; формы арг-цыі і метады кіравання навук.-тэхн. дзейнасцю, неабходныя для паскоранага і маштабнага развіцця і ўкаранення ў вытв-сць распрацаваных навук. ідэй і тэхн. рашэнняў. Развіццё сучаснай вытв-сці патрабуе прыцягнення ў сферу навук.-тэхн. дзейнасці вял. і пастаянна нарастаючых аб’ёмаў нац. рэсурсаў і фінансавання. Гэта абумоўлівае неабходнасць удасканалення механізма рэгулявання навук.-тэхн. дзейнасці, павышэння ролі дзярж.навук.-тэхн. палітыкі ў стварэнні, удасканаленні і эфектыўным выкарыстанні гэтага патэнцыялу. На Беларусі асн. частка Н.-т.п. сканцэнтравана ў вытв. галінах — прам-сці, сельскай гаспадарцы, буд-ве, транспарце, сувязі (62,6% паводле аб’ёму работ і 57,9% па колькасці спецыялістаў, занятых навук.-тэхн. дзейнасцю).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУМО́ВІЧ, Наўмовіч Міхась (н. 3.10.1922, в. Рамашкавічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.), грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, мастак, фізіятэрапеўт. Пасля сканчэння Навагрудскай бел. гімназіі (1944) мабілізаваны ў Бел. краёвую абарону, потым у дывізію СС «Беларусь». Восенню 1944 перайшоў да франц. партызан. З канца 1944 у Андэрса арміі. З чэрв. 1945 жыў у Італіі. З 1947 у Францыі, дзе скончыў Нац. вышэйшую школу мастацтва (ф-т скульптуры, 1953) і школу фізіятэрапіі (1955) у Парыжы. Выкладаў анатомію і марфалогію ў дзярж. і прыватных школах фізіятэрапіі і мастацтва. Узначальваў Аб’яднанне бел. работнікаў у Францыі (з 1946), Бел. незалежніцкую арг-цыю моладзі ў Францыі (1949—52), Аб’яднанне бел. студэнтаў, Бел. аб’яднанне камбатантаў. Рэдагаваў час. «Моладзь» (1948—54). З 1991 старшыня Беларускага хаўрусу. Аўтар больш як 10 скульпт. твораў з каменю, у т. л. помніка на магіле М.Равенскага, скульптур для касцёлаў, моста Аляксандра III і Новага моста (Парыж). Пераможца конкурсу на стварэнне статуі Жанны д’Арк. У 1950—60-я г. аформіў выдадзеныя ў замежжы кнігі «Спадчына» Я.Купалы, «Сымон-музыка» Я.Коласа, «Матчын дар» А.Гаруна, альманах «Ля чужых берагоў». Малюе і акварэллю. Узнагарода па анатоміі Prix Hugier (1949).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГРО́ДСКІ (Зыгмунт Вікенцьевіч) (1866, в. Зулова Уценскага пав., Літва —25.3.1937),
бел. паэт і культурны дзеяч. Праводзіў культ.-асв. работу сярод віленскіх рамеснікаў, прапагандаваў творы бел. пісьменнікаў, у т. л. Ф.Багушэвіча, з якім сябраваў. Нелегальна распаўсюджваў «Дудку беларускую» Багушэвіча, у 1896 перавыдаў гэты зборнік. У 1901 зняволены ў пецярбургскі астрог. Удзельнічаў у бел. адраджэнскім руху, матэрыяльна падтрымліваў выданне «Нашай нівы». У 1920-я г. на ўласныя сродкі засн. «Народнае выдавецтва», якое выпускала танныя кніжкі для масавага чытання, у т. л. «Гутаркі і песенькі» У.Сыракомлі (1929). Аўтар напісанай на бел.фалькл.-этнагр. матэрыяле п’есы «На каляды» (з падзагалоўкам «Народны абразок з ваколіц Зулова з 1876 года», на бел. і польск. мовах; пастаўлена ў Вільні ў 1936). Вядомы яго верш «На памяць зычліваму для сям’і» (1900, на смерць Багушэвіча) і верш-прамова «Пастароньцесь, мае братцы...», зачытаная Н. у 1912 у фальварку Барэйкаўшчына (каля Вільні) на адкрыцці помніка У.Сыракомлю. Аўтар успамінаў пра Багушэвіча. Творы Н. зберагаюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы і Бел.дзярж. архіве-музеі л-ры і мастацтва.
Літ.:
Рагойша В. Зыгмунт Нагродскі і яго вершы // Рагойша В. Кантакты. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПАЛЕО́Н III (Napoléon),
Шарль Луі Напалеон Банапарт (20.4.1808, Парыж — 9.1.1873), французскі паліт. і дзярж. дзеяч, імператар Францыі [1852—70]. Сын Луі Банапарта, брата Напалеона I. З 1815 у эміграцыі. У 1836 і 1840 рабіў спробы захапіць уладу ў Францыі. У 1840 асуджаны на пажыццёвае зняволенне, у 1846 уцёк з турмы, жыў у Вялікабрытаніі. Пасля лют. рэвалюцыі 1848 вярнуўся ў Францыю. З чэрв. 1848 дэпутат франц.Нац. сходу. У снеж. 1848 выбраны прэзідэнтам Франц. Рэспублікі. 2.12.1851 ажыццявіў ваен. пераварот, распусціў Нац. сход і ўсталяваў сваю дыктатуру. 2.12.1852 абвясціў сябе імператарам. Праводзіў палітыку падладжвання пад розныя класы франц. грамадства (гл.Банапартызм). Пры ім Францыя ўдзельнічала ў Крымскай вайне 1853—56, вайне з Аўстрыяй (1859), разам з Вялікабрытаніяй — у агрэсіі супраць Кітая (1856—58 і 1860), ажыццявіла ваен. экспедыцыю ў Сірыю (1860—61), захоп паўд. Індакітая (1858—62), Мексіканскую экспедыцыю 1861—67. Паражэнне Мексіканскай экспедыцыі, памылкі і няўдачы франц. дыпламатыі падарвалі аўтарытэт Н.III. Крах імперыі Н.III не здолела прадухіліць палавіністая лібералізацыя, яго паскорыла франка-пруская вайна 1870—71. Пасля паражэння пры Седане 2.9.1870 здаўся ў палон прускім войскам. У выніку рэвалюцыі 4.9.1870 у Парыжы пазбаўлены трона. Пасля вызвалення (1871) жыў у Вялікабрытаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЕ́ДРЭ ((Niedre) Яніс) (24.5.1909, г. Ціхвін Ленінградскай вобл. — 8.12.1987),
латышскі пісьменнік, літ.-знавец. Засл. дз. культуры Латвіі (1959). Канд.філал.н. (1948). Вучыўся ў Латв. ун-це (1928—30), Рыжскім камерцыйным ін-це (1931—33). Друкаваўся з 1927. Першыя раманы «Вікінгі» (1931), «Віхура над Даўгавай» (1932) аб мінулым лат. народа. У кн. апавяданняў «Ератык у Латгаліі» (1932), «У камерах пяці карпусоў» (1941), «33 апавяданні» (1959), гіст.-біягр. трылогіях «Сяло Пушканы» (1947—61), «Ветэран» (1968—72, Дзярж. прэмія Латвіі 1972), гіст. раманах «Веснавыя воды» (1959), «За акном расце дзядоўнік» (1966), «Я быў, я ёсць, я буду» (1972), «У тую раніцу на золку» (1975), «І вятры гуляюць на папялішчы...», «Не кожнаму давяраюць самае цяжкае» (абодва 1978) і інш. трагічныя і драм. старонкі жыцця і барацьбы лат. народа за незалежнасць, праблемы міру і вайны, узаемасувязь чалавека і прыроды, экалогіі і маралі. Аўтар навук. даследаванняў «Латышскі фальклор» (1948), «Латышская літаратура» (т. 1—2, 1952—53), кн. мемуараў «Дзень за днём» (1965). Быў знаёмы з Я.Купалам, П.Броўкам, М.Лыньковым. На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі У. і А.Васілевічы.