кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну супраць партызан і мясц. насельніцтва ў трохвугольніку Ліда—Баранавічы—Ваўкавыск. Адбылася 7—17.12.1942. Мэта аперацыі — наступленнем прыціснуць партызан і мясц. жыхароў, што адыходзілі з імі, да загараджальнай лініі каля сутокаў рэк Шчара і Нёман і знішчыць. Аперацыю праводзілі паліцэйскі полк, 5 паліцэйскіх і ахоўных батальёнаў, 2 батальёны вермахта, больш за 15 спец. каманд паліцыі бяспекі і СД, артыл. рот і дывізіёнаў пад камандаваннем брыгадэнфюрэра СС К. фон Готберга. Ім процістаялі 4 партыз. атрады (800 чал.) і Ленінская партыз. брыгада, якая прыняла асн. ўдар праціўніка. Пасля жорсткіх баёў у ноч на 17 снеж. партызаны, пазбегнуўшы акружэння, выйшлі ў раней намечаныя раёны. У выніку аперацыі карнікамі было загублена 6172 чал., з іх 4498 чал. мірнага насельніцтва. Пасля перагрупоўкі сваіх сіл акупанты працягвалі аперацыю пад кодавай назвай «Альтона».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІЗАВА́ЛЬНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
патокі элементарных часціц ці эл.-магн. квантаў, узаемадзеянне якіх з асяроддзем даводзіць да іанізацыі яго атамы і малекулы. Напр., ультрафіялетавае, рэнтгенаўскае і гама-выпрамяненне, патокі альфа- і бэта-часціц, пратонаў, нейтронаў і інш. Выкарыстоўваецца ў медыцыне, для стэрылізацыі, пастэрызацыі і захоўвання харч. прадуктаў, фармацэўтычных прэпаратаў і інш.
Зараджаныя часціцы іанізуюць атамы асяроддзя непасрэдна пры сутыкненнях з імі; выбітыя электроны пры наяўнасці дастатковай энергіі таксама могуць іанізаваць (другасная іанізацыя). Пры праходжанні нейтральных часціц (напр., нейтронаў, фатонаў) іанізацыя абумоўлена другаснымі зараджанымі часціцамі, якія ўзнікаюць ад узаемадзеяння першасных часціц з асяроддзем. І.в. разбуральна ўздзейнічае на рэчыва і жывыя арганізмы; многія хім. рэакцыі пад уплывам І.в. ажыццяўляюцца больш лёгка або працякаюць пры значна меншых цісках і т-рах. У выніку дзеяння І.в. можна атрымаць розныя мутацыі мікраарганізмаў і раслін. Гл. таксама Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення, Радыяцыйныя дэфекты, Прамянёвая тэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМП’Ю́ТЭРНАЯ МУ́ЗЫКА,
разнавіднасць электроннай музыкі. Заснавана на выкарыстанні камп’ютэраў, а таксама аснашчаных імісінтэзатараў гуку. Камп’ютэры дазваляюць ствараць і ўзнаўляць больш за 100 электронных тэмбраў, імітаваць гучанне сімф. аркестра, джаза, рок-музыкі, пеўчага голасу і інш., пісаць музыку ў розных стылях і жанрах, для любога складу выканаўцаў, сінтэзаваць муз. і немуз. гукі. Напачатку К.м. стваралі кампазітар і праграміст, пазней і аматары, здольныя працаваць з ЭВМ. К.м. ўзнікла ў 1950—60-я г. Першыя ўзоры — «Іліякская сюіта» амер. кампазітара Л.Хілера і праграміста Л.Айзексана (1957). Сярод інш. прадстаўнікоў К.м. — кампазітары М.Бэбіт, П.Барба, К.Штокгаўзен, Я.Ксенакіс, П.Шэфер, П.Булез, С.Грунберг, Э.Арцем’еў, С.Губайдуліна, У.Мартынаў, Я.Мурзін, бел. — В.Раінчык, А.Літвіноўскі, Дз.Яўтуховіч.
Літ.:
Петелин Ю., Петелин Р. Персональный оркестр... в персональном компьютере. СПб., 1997;
Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в: Пер. с чеш. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКСО́Р,
горад у Егіпце, на правым беразе р. Ніл. Узнік на месцы стараж. Фіў (сталіца Егіпта ў 21—11 ст. да н.э.). Каля 60 тыс.ж. (1997). Цэнтр рамесніцкай вытв-сці. Кліматычны курорт. Турызм.
На зах. ускраіне Л. стараж.-егіп. храм багоў Амона-Ра, Мут і Хансу. Уключае прамавугольны двор з падвойнай каланадай, калонную залу-гіпастыль з 32 калонамі, свяцілішча, уваходны пілон і вял.цэнтр. каланаду (усе 2-я пал. 15 ст. да н.э., арх. Аменхатэп Малодшы, аўтары дэкору арх. браты Горы і Суці), 2-і пілон (фланкіраваны 6 калонамі Рамсеса II) і двор, абкружаны 74 калонамі са статуямі фараонаў паміж імі (1317—1251 да н.э., арх. Бекенхонсу). Алеяй сфінксаў злучаўся з Карнакам. У храме ўвасобіліся арх. тэндэнцыі эпохі Новага царства (16—11 ст. да н.э.) — імкненне да грандыёзнасці прасторавай кампазіцыі, яе развіццё па падоўжнай восі, урачыстасць, шырокае выкарыстанне разнастайных па формах калон (лотаса і папірусападобных).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРАЛІЗА́ТАРЫ,
1) жывыя арганізмы (пераважна гетэратрофныя бактэрыі), якія раскладаюць мёртвыя арган. злучэнні да асобных хім. рэчываў і элементаў (азот, калій, кальцый, фосфар, вуглякіслы газ і інш.). Адыгрываюць важную ролю (разам з прадуцэнтамі і кансументамі) у біяцэнозе.
2) Газа- і парападобныя рэчывы — вадарод, бор, фтор, вуглярод, фосфар, сера, хлор, вада і інш., раствораныя ў магме. М. зніжаюць вязкасць магмы і т-ру яе крышталізацыі, змяняюць парадак вылучэння мінералаў, уплываюць на дыферэнцыяцыю магмы. Зрэдку дзейнічаюць як каталізатары, могуць уваходзіць у састаў пародаўтваральных мінералаў або заставацца ў іх як газападобныя ці вадкія ўключэнні. Асабліва багатыя М. пнеўматалітавыя (лятучыя) вылучэнні і гідратэрмальныя растворы, якія ўзнікаюць пры метамарфізме горных парод. Пры ўзгонцы М. нясуць многія металы і ўтвараюць з імі лятучыя злучэнні, якія ўдзельнічаюць у крышталізацыі астаткавага расплаву магмы (гл.Пегматыт) ці пранікаюць у шчыліны ўмяшчальных парод і садзейнічаюць утварэнню новых мінералаў з карыснымі кампанентамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭ́ХЭН ((Mahan) Альфрэд Таер) (27.9.1840, г. Уэст-Пойнт, штат Нью-Йорк, ЗША — 1.12.1914),
амерыканскі ваен.марскі тэарэтык і гісторык. Контр-адмірал (1906). Скончыў ваен.-марскую акадэмію ЗША (1859). Удзельнік грамадз. вайны 1861—65 на баку федэральных сіл (паўночнікаў). У 1886—89 і 1892—93 прэзідэнт ваен.-марскога каледжа ў г. Ньюпарт. З 1893 камандаваў крэйсерам, з 1896 у адстаўцы. У час ісп.-амер. вайны 1898 чл. Марскога к-та па стратэгіі. У 1899 член амер. дэлегацыі на 1-й Гаагскай канферэнцыі (гл.Гаагскія канвенцыі). У сваіх творах, у т. л. «Уплыў марской магутнасці на гісторыю, 1660—1783» (1890), «Марская моц у яе адносінах да вайны 1812» (т. 1—2, 1905), даказваў вырашальнае значэнне перавышаючай марской магутнасці ў сусв.-паліт. канфліктах новага часу, выказваўся за ўзмацненне марскіх узбраенняў ЗША і набыццё іміваен.-марскіх баз. Тэорыя М. значна паўплывала на знешнюю палітыку і стратэгію ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі і Японіі.
нямецкі гісторык антычнасці, дыпламат.Чл. Берлінскай АН (1810). Сын дацкага падарожніка-ўсходазнаўца К.Нібура. З 1800 на дацкай, у 1806—10 і 1813—23 на прускай дзярж. службе. У 1816—23 прускі пасланнік у Ватыкане. У 1810—13 выкладаў у Берлінскім, з 1823 — у Бонскім ун-тах. Гал. праца — «Рымская гісторыя» (т. 1—3, 1811—32; апісаны падзеі да 241 да н.э.). Увёў у гіст. навуку метад крытычнага падыходу да крыніц. Яго інтэрпрэтацыя раннерым. гісторыі (лічыў, што асн. зыходнай адзінкай гіст. развіцця рымлян быў род; родавы лад змяніла дзярж. арганізацыя, засн. на тэр. падзеле, рубеж паміж імі — сістэма рэформ Сервія Тулія; прапанаваў тэорыю пра паходжанне патрыцыяў і плебеяў у выніку заваявання рым. царамі лац. пасяленняў) паўплывала на ням. гістарыяграфію (Л. фон Ранке, Т.Момзен і інш.).
Літ.:
Историография античной истории. М., 1980. С. 57—59.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІГАНАМЕ́ТРЫЯ (ад палі... + грэч. gonia вугал + ...метрыя),
адзін з метадаў вызначэння становішча апорных геад. пунктаў зямной паверхні. Выкарыстоўваецца пры тапаграфічнай здымцы, планіроўцы нас. пунктаў, інжынерна-буд. і інш. работах. Пры П. на мясцовасці складаюць сеткі хадоў, вымяраюць даўжыні ліній (мернымі прыладамі) і гарыз. вуглы паміж імі (тэадалітам). На вял. тэрыторыях, дзе ствараюць апорную геадэзічную сетку, пракладваюць палігонаметрычныя хады, якія ўзаемна перасякаюцца. Пачатковы пункт палігонаметрычнага ходу — геад.апорны пункт з вядомымі геадэзічнымі каардынатамі, зыходным (дырэкцыйным) вуглом. Пункты П. адпавядаюць геадэзічным пунктам (гл. таксама Геадэзічныя знакі). Вылучаюць дзярж. і гар. палігонаметрычныя сеткі. Дзяржаўныя паводле дакладнасці падзяляюцца на 4 класы (памылкі вымярэнняў вуглоў ±0,4″, ±1″, ±1,5″, ±2″; ліній — ±1 м на 300 м, 250 м, 200 м, 150 м ходу); гарадскія на 3 разрады (памылкі вымярэнняў вуглоў ±3″, ±5″, ±10″, ліній — ±1 м на 20 м, 10 м, 5 м ходу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЕРАРО́БНАЯ МАШЫ́НА,
агрэгат для атрымання (адліўкі) паперы і некаторых відаў кардону з папяровай масы. Бываюць плоска- і 2-сетачныя, кругласетачныя, вакуумнага і сухога фармавання, камбінаваныя і інш.
Найб. пашыраныя плоскасетачныя П.м. складаюцца з сетачнай (1 або 2 бясконцыя рухомыя сеткі, на якія паступае папяровая маса), прэсавай (некалькі 2- ці 3-вальных прэсаў, паміж валамі якіх праходзіць папяровае палатно) і сушыльнай частак (з сушыльных вярчальных цыліндраў, якія знутры абаграюцца парай), а таксама каландра (паміж 2—20 валамі яго праходзіць палатно) і накату (змотвае паперу ў рулон). Пры абязводжванні масы на сетках (або паміж імі) адбываецца фармаванне папяровага палатна, якое далей абязводжваецца ў прэсавай і высушваецца ў сушыльнай частках. Рабочая скорасць П.м. да 1500 м/мін, прадукцыйнасць да 8 млн.м²/сут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’ЕЗАЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНІК,
прыстасаванне для пераўтварэння мех. напружанняў у эл. сігналы (і наадварот) на аснове п’езаэл. эфекту (гл.П’езаэлектрычнасць, разнавіднасць вымяральнага пераўтваральніка.
Бываюць механаэл. і электрамех.; п’езапрыёмнікі, выпраменьвальнікі, генератары, рухальнікі (прыстасаванні перамяшчэння), трансфарматары (напружання, току, сілы, скорасці, ціску); вымяральныя. З вымяральных П.п. (датчыкаў) найб. пашыраны механаэл. і п’езарэзанансныя. У найпрасцейшых механаэл. П.п. пад дзеяннем мех. напружання (ціску, паскарэння, сілы) на паверхні п’езаэлемента (або іх групы) узнікаюць эл. зарады і адпаведная эрс, значэнне якой прапарцыянальнае мех. ўздзеянню. Імі вымяраюць у асн. хутказменныя мех. ўздзеянні. Выкарыстоўваюцца ў гідраакустыцы, ультрагукавой і лазернай тэхніцы, аўтаматыцы, тэлемеханіцы і інш.
П.А.Пупкевіч.
П’езаэлектрычныя пераўтваральнікі: а — вымяральны пераўтваральнік ціску (1 — гайка з дыэлектрыка; 2 — электрычны вывад 3 — п’езаэлемент; 4 — металічны электрод; 5 — ізалятар; Р — ціск, які вымяраецца); б — п’езапераўтваральнік лінейнага паскарэння (1 — кварцавыя п’езаэлектрычныя рэзанатары; 2 — вакуумаваная поласць; 3 — інерцыйная маса; 4 — раздзяляльны сільфон; 5 — дэмпферавальная вадкасць).