здабытыя карысныя выкапні, якія выкарыстоўваюцца ў натуральным выглядзе або пасля тэхнал. перапрацоўкі ў якасцібуд. матэрыялаў; разнавіднасць мінеральнай сыравіны. На Беларусі здабываюць М.б.м.: цэментную сыравіну (мел, мергель, гліна), гліны і суглінкі для вытв-сці цэглы, керамікі і лёгкіх запаўняльнікаў, пяскі буд. і шкловыя, пясчана-гравійныя матэрыялы, камень буд. і абліцовачны і інш. Буйнейшымі вытворцамі М.б.м. з’яўляюцца Мікашэвіцкае прадпрыемства«Граніт», распрацоўвае Мікашэвіцкае радовішча буд. каменю, Віцебскае акцыянернае таварыства«Даламіт» працуе на радовішчы даламіту Гралева, прадпрыемства «Беларускі цэментны завод» (пас. Камунары Магілёўскай вобл.) распрацоўвае Камунарскае радовішча мергелю для цэментнай сыравіны, кар’ераўпраўленне «Гайдукоўка» (пас. Гайдукоўка Мінскай вобл.) вядзе распрацоўку глін на аднайм. радовішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЖАЛУДЫ́ (Balanomorpha і Venucomorpha),
2 надсямействы вусаногіх ракападобных жывёл падатр. тарацыкавых. Больш за 400 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах да глыб. 160 м. Жывуць на дне, прымацоўваюцца да цвёрдага субстрату (скалы, канструкцыі) або да прадметаў ці жывёл (кіты, чарапахі і інш.), днішчаў суднаў (адмоўна ўплываюць на іх мараходныя якасці). Устойлівыя да неспрыяльных умоў асяроддзя, могуць некаторы час абыходзіцца без вады.
Вышыня вапністага пласціністага доміка-ракавіны, што ўкрывае цела, да 25 см, шыр. да 10 см. Кормяцца планктонам, водарасцямі, якія фільтруюць праз ракавіну з дапамогай 6 пар двухгалінастых ножак. Пераважна гермафрадыты, развіццё з лічынкай. Некат, ядомыя. Гл. таксама Вусаногія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІЗА́ЦЫЯвытворчасці,
замена ручной працы машыннай, асабліва ў складаных і працаёмкіх працэсах. Адрозніваюць частковую М. (асобныя ручныя аперацыі выконваюць машыны або механізмы), комплексную (ахоплівае ўвесь комплекс работ па выкананні закончанага працэсу або стварэння пэўнага вырабу, пры гэтым работнік кіруе комплексам машын) і якасна больш высокую ступень М. — аўтаматызацыю (машынамі кіруюць механізмы, работнік наладжвае і кантралюе вытв. працэс; гл.Аўтаматызацыя вытворчасці). Ручная праца можа захоўвацца на асобных непрацаёмкіх аперацыях, механізацыя якіх не ўплывае на аблягчэнне працы і з’яўляецца эканамічна немэтазгоднай. М. спрыяе вызваленню чалавека ад выканання цяжкіх работ, росту прадукцыйнасці працы, якасці прадукцыі, павышэнню кваліфікацыі рабочых і ўзроўню арганізацыі вытворчасці. Сацыяльна-эканам. вынікі М. абумоўліваюцца спосабам вытворчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНАМО́ТА,
1-я дынастыя сёгунаў — правіцеляў Японіі ў 12—14 ст. Заснавана Ёрытома М., які перамог у 1185 князёў на чале з Тайра Кіёморы і ў 1192 прыняў тытул сёгуна (вярх. военачальніка). Усталяванне ўлады М. азначала ўзвышэнне новай ваен. арыстакратыі над старой на чале з імператарам, б.ч. зямель якой Ёрытома размеркаваў паміж сваімі прыхільнікамі. Быў створаны сёгунскі ўрад — бакуфу. Але ўлада імператараў намінальна захоўвалася, і сёгуны фармальна дзейнічалі ад іх імя. З пач. 12 ст. рэальная ўлада апынулася ў руках роднаснага М. клана Ходзё, прадстаўнікі якога кіравалі краінай ў якасці рэгентаў (сікэнаў). У 1333 Ніта Ёсісада скінуў апошняга сёгуна М., і да ўлады прыйшла дынастыя сёгунаў Асікага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭФЕ́КТ (ад лац. praefectus начальнік),
1) адм. або ваен. пасада ў Стараж. Рыме, а таксама асоба, якая яе займае.
2) У шэрагу дзяржаў асобы ін-т прадстаўнікоў цэнтр. (Румынія) або рэгіянальнага (Расія) урада на месцах. Ін-т П. узнік у Францыі ў 1802, дзе да ліквідацыі яго ў 1982 у якасці прадстаўніка ўрада П. ажыццяўляў адм. нагляд за дзейнасцю органаў мясц. самакіравання і мясц. кіравання ў дэпартаментах. У Румыніі П. назначаюцца ў кожны павет і муніцыпію Бухарэст, дзе яны кіруюць службамі мін-ваў і інш.цэнтр. органаў у гэтых адм.-тэр. адзінках. У Расіі П. існуюць у Маскве, дзе назначаюцца мэрам для кіраўніцтва ў адм. акругах горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВЕ́ДЧЫК,
асоба, якая займаецца разведвальнай дзейнасцю ў інтарэсах пэўнай дзяржавы (гл.Разведвальныя органы). У залежнасці ад формы развед. дзейнасці адрозніваюць: Р. галоснага складу (кадравыя супрацоўнікі разведкі, спец. падрыхтаваныя для аператыўнай работы, якія выкарыстоўваюць афіц. пасады ў развед. органах); Р. негалоснага складу (кадравыя супрацоўнікі разведкі, якія ажыццяўляюць развед. дзейнасць без раскрыцця сваёй прыналежнасці да органаў знешняй разведкі); Р. нелегалаў, у якасці якіх выкарыстоўваюцца спецыяльна падрыхтаваныя і накіраваныя за рубеж з развед. заданнем кадравыя супрацоўнікі разведкі або агенты (з мэтай маскіроўкі яны выдаюць сябе за інш. асоб); нелегаламі наз. таксама агентаў-іншаземцаў (пастаянныя жыхары пэўнай краіны, якія перайшлі на нелегальнае становішча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТНЫ РУХАВІ́К,
разнавіднасць рэактыўнага рухавіка, дзе ў якасцірабочага цела выкарыстоўваюцца толькі тыя рэчывы і крыніцы энергіі, што ёсць на рухомым апараце (лятальным, наземным, падводным). Калі ў рухавіку выкарыстоўваецца паветра, што забіраецца з навакольнага асяроддзя, ён наз.паветрана-рэактыўным рухавіком.
Паводле віду энергіі, якая пераўтвараецца ў кінетычную энергію рэактыўнага струменя, адрозніваюць хімічны ракетны рухавік, электрычны ракетны рухавік, ядзерны ракетны рухавік, а таксама гібрыдны ракетны рухавік (разнавіднасць хім. Р.р.). Ва ўсіх Р.р. рэактыўная цяга ствараецца за кошт рабочага цела, у хімічных — крыніцы энергіі і рабочага цела сумешчаны ў ракетным паліве. Для ядз. і эл. Р.р. характэрны раздзельныя паасобныя крыніцы энергіі і рабочага цела.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКАНІ́ЙСКАЯ ПАРО́ДАавечак,
танкарунная, воўнава-мяснога кірунку. Выведзена ў запаведніку Асканія-Нова (1925—35) на аснове адбору і падбору мясц. мерыносавых авечак і скрыжаваннем іх з баранамі амер. рамбулье. Гадуюць у стэпавых раёнах Украіны і Расіі, Казахстана, краінах Паўн. Каўказа і інш. З удзелам асканійскай пароды выведзены азербайджанскі горны мерынос, савецкі мерынос.
Авечкі дужай канстытуцыі, добрага целаскладу, маюць высокую воўнавую і мясную прадукцыйнасць. Жывая маса бараноў 110—120 (да 183) кг, матак 55—65 кг. Воўна 64—60-й якасці, даўж. 7,5—9 см. Гадавы настрыг воўны з бараноў 12—15 кг, з матак 6—6,6 кг. Выхад чыстай воўны 42—45%. Пладавітасць 125—130 ягнят на 100 матак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТЭРЫНА́РНА-САНІТА́РНЫ НАГЛЯ́Д,
сістэма мерапрыемстваў па кантролі вет.-сан. стану жывёл і якасці атрыманых ад іх прадуктаў або сыравіны. На Беларусі дзярж. ветэрынарна-санітарны нагляд ажыццяўляецца ўсімі вет. ўстановамі краіны і вет. інспектарамі адпаведных прадпрыемстваў і ўстаноў. У сферу ветэрынарна-санітарнага нагляду ўваходзяць жывёлагадоўчыя гаспадаркі і іх вытв. памяшканні, прадпрыемствы па забоі жывёл, перапрацоўцы мяса і мясных прадуктаў (мясакамбінаты, птушкафабрыкі, халадзільнікі і інш.), працэсы нарыхтоўкі і перапрацоўкі малака, малочных прадуктаў і сыравіны жывёльнага паходжання, а таксама рынкі, выпасы, вадапоі, фуражныя склады, гнаясховішчы, трансп. сродкі, абсталяванне па доглядзе жывёл, кармы, бойні, утылізацыя трупаў жывёл. Па выніках ветэрынарна-санітарнага нагляду праводзяцца неабходныя мерапрыемствы, накіраваныя на прадухіленне пашырэння антрапазаанозаў і інш. хвароб і своечасовае аказанне ветэрынарнай дапамогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧАЯ ЦЕПЛАТЭ́ХНІКА,
раздзел будаўнічай фізікі, які вывучае працэсы перадачы цяпла, вільгаці і паветра ў будынках, збудаваннях і іх канструкцыях.
Метадамі будаўнічай цеплатэхнікі ўстанаўліваюць неабходныя цеплатэхн. якасці і параметры агараджальных канструкцый, заканамернасці іх узаемадзеяння з унутр. і навакольным асяроддзем, вызначаюць цепла- і масаабмен унутры канструкцый, даўгавечнасць збудаванняў, умовы падтрымання (з улікам ацяплення, вентыляцыі, кандыцыяніравання паветра) тэмпературна-вільготнасных гігіенічных умоў у памяшканнях жылых, грамадскіх і прамысл. будынкаў. Даследаванні па будаўнічай цеплатэхніцы вядуць у натурных умовах і кліматычных камерах; у разліках выкарыстоўваюць сродкі матэм. і фіз. мадэлявання, аналітычныя і інш. метады на аснове тэорыі цеплаперадачы, масаабмену, тэрмадынамікі, тэорыі падобнасці і інш. Роля будаўнічай цеплатэхнікі павышаецца пры пашырэнні ў буд-ве аблегчаных агараджальных канструкцый.