1) арганізаванае і хуткае перамяшчэнне войскаў або флоту з мэтай стварэння найб. выгаднай групоўкі сваіх сіл і сродкаў для выканання баявой задачы. Буйныя тактычныя вучэнні войск або флоту (часам сумесныя) ва ўмовах, блізкіх да баявых, наз. манеўры.
2) Пераноснае — хітрасць, выкрутас, удалы прыём.
3) Перамяшчэнне лакаматываў і вагонаў па станцыйных пуцях для састаўлення цягнікоў, сарціроўкі вагонаў і г.д. 4) Змена напрамку руху (курса, арбіты) судна, самалёта, касм. лятальнага апарата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЗЕМНАМО́РСКАЯ ЗО́НА,
прыродная геагр. зона (часам разглядаецца як падзона), уласцівая зах. прыакіянічнаму сектару субтрапічнага пояса сушы. Для М.з. характэрны міжземнаморскі клімат, адметная сезоннасць сцёку рэк (з зімовымі паводкамі), перавага ў прыродным раслінным покрыве вечназялёных лясоў і ксерафітных цвердалістых хмызнякоў. Тэрыторыя М.з. ў значнай ступені асвоена і моцна зменена гасп. дзейнасцю. Тыповая ў Міжземнамор’і, пашырана таксама ў Каліфорніі (ЗША), Чылі, у Паўд. і Паўд.-Зах. Аўстраліі, на Паўд. беразе Крыма і Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІ́СНІКІ,
у беларусаў тонкія бліны з пшанічнай мукі. Муку, часам з крухмалам, перамешваюць з узбітым малаком або вадой з яйкамі. На патэльню цеста наліваюць тонкім слоем, каб толькі закрыць яе дно. У Н. загортваюць тварог, мак, мятыя ягады, скваркі, фарш з варанага мяса. Часта Н. спажываюць без начынкі: перагінаюць у 4 столкі і складваюць у макацёр або каструлю, заліваюць маслам або смятанай і ставяць у печ; ядуць з мёдам, варэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТАСХО́ВІШЧА,
рэзервуар ці сістэма рэзервуараў для захоўвання нафты і прадуктаў яе перапрацоўкі (бензіну, газы, дызельнага паліва і інш.). Бываюць: наземныя, паўпадземныя і падземныя; стальныя, жалезабетонныя і пластмасавыя; цыліндрычныя (верт. і гарыз.), сферычныя, прамавугольныя і кроплепадобныя. Абсталёўваюцца люкамі (для агляду, праветрывання і інш.), проціпажарнымі прыстасаваннямі, засцерагальнымі клапанамі, прыладамі дыстанцыйнага кіравання напаўненнем і апаражненнем і інш.Найб. пашыраны наземныя стальныя і падземныя жалезабетонныя. Ёмістасць пераважна 100—1000 м³, часам да 50—100 тыс.м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІТРАЦЭМЕНТА́ЦЫЯ,
насычэнне (дыфузіяй) паверхні стальных або чыгунных вырабаў адначасова азотам і вугляродам з газавага асяроддзя. Павышае цвёрдасць, зносаўстойлівасць, вынослівасць, часам каразійную трываласць матэрыялаў.
Робіцца пераважна ў шахтавых ці муфельных (гл.Муфель) печах. у асяроддзі прыроднага газу і аміяку. Бывае нізкатэмпературная (адбываецца пры т-ры 500—700 °C) і высокатэмпературная (пры 840—930 °C). Дыфузійны слой, утвораны пры Н., мае таўшчыню 0,25—1,5 мм, па будове і ўласцівасцях ён падобны на слой, атрыманы пры цыянаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУЛЯВЫ́ МЕ́ТАД ВЫМЯРЭ́ННЯЎ,
высокадакладны метад вымярэння фіз. велічыні, заснаваны на параўнанні яе з адпаведнай мерай, пры якім на нулявую прыладу ўздзейнічае сігнал, прапарцыянальны рознасці паміж лікавымі значэннямі вымернай і вядомай велічынь. У працэсе вымярэння гэтую рознасць даводзяць да нуля (часам аўтаматычна). Н.м.в. вымяраюць эл. велічыні (эрс, напружанні, ёмістасці, супраціўленні і інш.) і неэл. велічыні, пераўтвораныя ў эл. (тэмпературы, ціскі, дэфармацыі і да т.п.) з выкарыстаннем патэнцыёметраў і мастоў вымяральных. Разнавіднасць Н.м.в. — кампенсацыйны метад вымярэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПУС (лац. opus праца, твор),
музычны твор з нададзеным яму пры публікацыі парадкавым нумарам, часам зборнік твораў аднаго жанру, пазначаных адным нумарам. Напачатку (з канца 16 ст.) нумар О. ставіў выдавец. Пачынаючы з Л.Бетховена, кампазітары пры публікацыі сваіх твораў самі пазначаюць нумар О. (напр., opus 17 або варыяцыі ор. 17). Пры выданні твораў кампазітарскай спадчыны выкарыстоўваюць абазначэнне opus posthumum (о́пус по́стумум, лац. — пасмяротны твор, скароч. ор. posth.). У пераносным значэнні О. — увогуле твор, праца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́ДАКу біялогіі,
адна з асноўных таксанамічных катэгорый у батаніцы і бактэрыял. наменклатуры, прамежкавая паміж сямействам і класам. Лац. назву атрымліваюць пры дабаўленні канчатка -ales да асновы назвы аднаго з сям. (напр., сям. Urticaceae, а П. — Urticales). У П. аб’ядноўваюць філагенетычна роднасныя сям. ад 1 да 25, буйныя — часам падзяляюць на падпарадкі. Роднасныя П. аб’ядноўваюць у кл., пры гэтым прамежкавымі рангамі таксонаў будуць надпарадак і падклас. У заал. сістэматыцы П. адпавядае атрад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНАЦЫТО́З (ад грэч. pino п’ю + kytos ёмістасць, тут — клетка),
захопліванне клетачнай паверхняй вадкасці з растворанымі ў ёй рэчывамі. Адзін з асн. механізмаў пранікнення ў клетку высокамалекулярных злучэнняў (бялкоў, глікапратэідаў, ліпідаў). Пры П. на спецыялізаваных участках плазматычнай мембраны паяўляюцца кароткія тонкія вырасты, якія акружаюць кроплю вадкасці і перамяшчаюць яе ўнутр клеткі. Адбываецца П. у эпітэліяльных клетках кішэчніка, ныркавых канальцах; найб. характэрны для амёб. Часам тэрміны «П.» і «фагацытоз» аб’ядноўваюць агульным паняццем — эндацытоз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЭ́НДЗАЛЬ,
асноўны інструмент у жывапісе, выкарыстоўваецца таксама ў графіцы і каліграфіі. Вырабляецца з абястлушчанага і загартаванага воласа або поўсці жывёл, часам сінтэт. валокнаў. Адрозніваюцца паводле матэрыялу — цвёрдыя (шчацінныя) і мяккія (каланковыя, вавёркавыя, барсуковыя, тхаровыя і інш.); формы — плоскія і круглыя, завостраныя і тупыя. У гравюры выкарыстоўваюцца шкляныя і драцяныя П. Пад словам «П.» разумеюць таксама характар або спосаб выканання жывапісных твораў (напр., сухі П. — работа цвёрдымі П., слаба насычанымі алейнымі фарбамі на незагрунтаваным палатне).