АНЕМІ́Я (ад ан... + грэч. haima кроў) малакроўе, захворванні чалавека і жывёл, якія характарызуюцца зніжэннем колькасці гемаглабіну ў адзінцы аб’ёму крыві, часцей пры адначасовым зніжэнні колькасці эрытрацытаў. Адрозніваюць 3 асн. групы анеміі: ад страты крыві; пры павялічаным разбурэнні эрытрацытаў; пры парушэнні ўтварэння эрытрацытаў. Суправаджаюць анемію многія захворванні, у т. л. інфекцыйныя, пры якіх у арганізме ўзнікае дэфіцыт жалеза, вітаміну B12, фоліевай кіслаты. Могуць быць вынікам непаўнацэннага харчавання (асабліва пры недахопе ў ежы мяса). Асн. прыкметы жалезадэфіцытных анемій: бледнасць скуры, галавакружэнне, галаўны боль, «мушкі» ў вачах, ломкасць валасоў і пазногцяў. Анемія, звязаныя з вітаміннай недастатковасцю, часцей адзначаюцца ў пажылых людзей; да агульных прыкмет дадаюцца спецыфічныя — адчуванне пякоты ў языку, паносы, у запушчаных выпадках — сімптомы пашкоджання нерв. сістэмы. Пры гемалітычных набытых і спадчынных анеміях, звязаных з павышаным разбурэннем эрытрацытаў, скура і слізістая абалонкі жаўтушныя. Усе віды анеміі патрабуюць неадкладнага лячэння.

т. 1, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАКРЫ́ННЫЯ ЗАЛО́ЗЫ (ад грэч. apokrinō аддзяляю),

залозы, у якіх пры ўтварэнні і выдзяленні сакрэту адрываюцца верхавінкавыя часткі залозістых клетак. Утвараюцца з эпітэліяльных зачаткаў, з якіх узнікаюць тлушчавыя залозы і валасы. У большасці млекакормячых размешчаны ў абваласелай скуры і некаторых інш. месцах. У чалавека і вышэйшых лакалізаваны ў падпахавых упадзінах, вонкавым слыхавым канале, каля грудных саскоў, лабка, ануса, палавых органаў; разам з узбуйненымі тлушчавымі залозамі ўтвараюць пахучыя залозы. Спецыялізаваныя апакрынныя залозы — малочныя залозы. Канчатковае развіццё і пачатак сакраторнай дзейнасці апакрынных залоз у чалавека супадаюць з палавым выспяваннем. Існуе цесная сувязь паміж апакрыннымі залозамі і перыядамі палавога развіцця (менструацыя, цяжарнасць, клімактэрый); фізіялагічная дзейнасць згасае ў старэчы перыяд. Сакрэт апакрынных залоз мае рэчывы, што абумоўліваюць пах, спецыфічны роду, віду, індывідууму. У жывёл з’яўляецца сродкам абароны, пошуку, пазначэння тэрыторыі, прываблівання асобін процілеглага полу, а таксама ідэнтыфікацыі асобін.

А.​С.​Леанцюк.

т. 1, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАЦЁК, гемарагія,

выцяканне крыві з крывяносных сасудаў. Бывае пры траўмах, хваробах крывяносных сасудаў (гл. Гематурыя, Гемафілія, Дыятэз гемарагічны). Адрозніваюць К. артэрыяльны, вянозны, капілярны, змешаны; вонкавы (кроў выцякае вонкі) і ўнутр. (кроў выцякае ў органы, тканкі, поласці цела).

Назапашванне крыві ў калясардэчнай абалонцы наз. гемаперыкардытам, у грудной поласці — гематораксам, у поласці сустава — гемартрозам; выдаленне крыві праз дыхальныя шляхі (крывахарканне) — гемаптос; праз стрававод са страўніка (крывавая рвота) — гематамезіс; матачны К. — метрарагія і інш. Найб. небяспечны артэрыяльны К. Пры К. бывае бледнасць скуры і слізістых абалонак, слабасць, галавакружэнне, смага, задышка, паніжэнне артэрыяльнага ціску, слабы, часты пульс. Лячэнне: спыненне К. часовае (сціскальная павязка, жгут) і канчатковае (сасудзістае шво, перавязка сасудаў), кровазгусальныя і кроваспыняльныя сродкі, пераліванне крыві і кровазаменных вадкасцей.

Літ.:

Вишневский А.А., Шрайбер М.И. Военно-полевая хирургия. 3 изд., М., 1975;

Основы реаниматологии. М., 1966.

А.​У.​Чантурыя.

т. 8, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНІНГІ́Т (ад грэч. mēninx мазгавая абалонка),

запаленне абалонак галаўнога і спіннога мозга ў чалавека і жывёл. Паміж людзей найчасцей хварэюць дзеці, сярод жывёл — сабакі і коні. М. адрозніваюць па ўзбуджальніку (вірусны, бактэрыяльны, грыбковы, сіфілітычны і інш.), цячэнні (востры, падвостры, хранічны), характары змен спіннамазгавой вадкасці (гнойны і серозны). Гнойны М. часцей выклікаюць менінгакокі (60—70%), серозны — вірусы паратытнай інфекцыі, энтэравірусы і інш. Адрозніваюць першасны М. (самастойная хвароба) і другасны — ускладненні туберкулёзу, атыту і інш. Заражэнне адбываецца паветрана-кропельным шляхам, таксама водным, аліментарным, праз укусы насякомых (залежыць ад віду ўзбуджальніка). Прыкметы: т-ра цела 39—40 ℃, моцны галаўны боль, ірвота, уразлівасць да гукаў, святла, характэрная поза хворых (адкінутая назад галава), парушэнне прытомнасці (да беспрытомнасці), сутаргі; пры гнойным М. — гемарагічная высыпка на скуры. Лячэнне тэрапеўтычнае. На Беларусі вял. ўклад у вывучэнне М. зрабілі В.А.Лявонаў, П.Л.Новікаў, І.​А.​Карпаў.

А.​А.​Астапаў.

т. 10, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РНАЕ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,

асобы, якія знаходзяцца на тэрыторыі ваюючай дзяржавы і не належаць да яе камбатантаў. Прававое становішча М.н. рэгулюецца 4-й Гаагскай канвенцыяй 1907, 4-й Жэнеўскай канвенцыяй 1949, Дадатковымі пратаколамі 1 і 2 да Жэнеўскіх канвенцый 1949. Паводле гэтых актаў бакі, якія ваююць, абавязваюцца захоўваць адзін з асн. прынцыпаў права ў дачыненні да вайны: забарону весці вайну супраць грамадз. насельніцтва.

Асобы, што належаць да М.н., маюць права на гуманныя адносіны без дыскрымінацыі паводле расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, веравызнання або інш. перакананняў, нац. або сац. паходжання, маёмаснага становішча, нараджэння або валодання інш. статуса ці інш. неспрыяльнай прыкметы. Забараняецца напад узбр. сіл дзяржаў, што ваююць, непасрэдна на М.н., выкарыстанне імі зброі невыбіральнага характару, вынікам чаго з’яўляецца гібель М.н., напад на яго або асобных цывільных асоб у парадку рэпрэсалій. Недатыкальнымі з’яўляюцца таксама сродкі выжывання М.н.

т. 10, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКРАБАКТЭРЫЁЗ, некрабацылёз,

інфекцыйная хвароба свойскіх і многіх дзікіх жывёл (млекакормячых, птушак, паўзуноў), зрэдку чалавека, якая выклікаецца анаэробнай бактэрыяй некрозу і характарызуецца некратычным распадам тканак. Пашыраны амаль усюды, найб. у паўн. зонах. Часцей хварэе маладняк, са свойскіх жывёл — паўн. алені, авечкі, козы, буйн. раг. жывёла, коні, свінні, куры. Крыніца інфекцыі — хворыя і бактэрыяносьбіты (мікроб пастаянна жыве ў страўнікава-кішачным тракце многіх жывёл, у т. л. насякомых). Заражэнне адбываецца праз пашкоджанні скуры (часцей ніжніх ч. канечнасцей), слізістых абалонак (часцей ротавай поласці), пупавіну (у нованароджаных). Цячэнне вострае (часцей у маладняку), падвострае ці хранічнае. На месцах укаранення мікробаў развіваюцца запаленне і гнойна-некратычныя язвы, якія могуць пашырацца на сумежныя тканкі і ў глыбіню, у т. л. на косці; магчымы метастаз крывёю з утварэннем ачагоў некрозу ва ўнутр. органах, далучэнне гніласнай мікрафлоры. Пры моцным пашырэнні паталаг. працэсу развіваюцца інтаксікацыя, гарачка, знясіленне, жывёлы гінуць.

т. 11, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАСТЫ́ЧНАЯ ХІРУРГІ́Я, аднаўленчая хірургія,

раздзел хірургіі, які распрацоўвае метады аднаўлення формы і функцыі тканак і органаў чалавека. Выкарыстоўваюць пры прыроджанай паталогіі, цяжкіх траўмах. Пашырана на вонкавых скурных покрывах цела (гл. Касметыка), у сківічна-тварнай хірургіі (гл. Рынапластыка), страўнікавым тракце, у практалогіі, уралогіі.

П.х. вядома са стараж. часоў (асабліва скурная пластыка). Напр., у Індыі ажыццяўлялі пластыку носа ласкутом, выкраеным са скуры ілба або шчакі. У Расіі яе асновы залажылі У.П.Філатаў (скурная пластыка) і М.І.Пірагоў (касцявая пластыка). На Беларусі значны ўклад у П.х. зрабілі А.​С.​Арцюшкевіч, Ц.Е.Гніларыбаў, Я.​Б.​Ешэ, Г.​У.​Кручынскі, У.​М.​Падгайскі, А.​П.​Чудакоў. Метады П.х. распрацоўваюцца ў Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Напр. укараненне мікрахірургіі сасудзістых анастамозаў дазволіла перамяшчаць фрагменты скурных акраўкаў разам з падскурнай клятчаткай і мышцамі, каб фарміраваць цэлыя органы; трансплантацыя органаў і тканак.

І.​М.​Грышын.

т. 12, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЎМАТЫ́ЗМ (ад грэч. rheumatismos выцяканне вадкасці),

вострая рэўматычная ліхаманка, запаленне злучальнай тканкі з пераважнай лакалізацыяй працэсу у сардэчна-сасудзістай сістэме. Узнікае пры інфіцыраванні бэта-гемалітычным стрэптакокам групы А пераважна ва ўзросце 7—15 гадоў. Пры Р. развіваецца часовая і ўстойлівая непрацаздольнасць, часта фарміруюцца парокі сэрца.

Прыкметы Р.: ліхаманка, сімптомы пашкоджання сэрца (кардыт), суставаў (артрыт), сасудаў галаўнога мозга (малая харэя); больш рэдкія — кольцападобная эрытэма (бледна-ружовая высыпка на скуры ў выглядзе тонкага кольцападобнага абадка) і падскурныя рэўматычныя вузельчыкі. Пры лячэнні праявы Р. праходзяць, акрамя пашкоджання сэрца (пасля рэўматычнай атакі, асабліва пры паўторных абвастрэннях можа фарміравацца парок сэрца). Лячэнне тэрапеўтычнае.

Літ.:

Матвейков Г.П., Пшоник С.С., Милькаманович В.К. Ревматизм. Мн., 1979;

Насонова В.А. Ревматизм — современное состояние вопроса // Клинич. медицина. 1991. Т. 69, № 5;

Белов В.С. Острая ревматическая лихорадка // Рус. мед. журн. 1998. № 18.

М.​Ф.​Сарока.

т. 14, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЯРА́ЗВАЛЬНЫ ЛІША́Й апяразвальны герпес,

вострая інфекцыйная хвароба з пашкоджаннем нерв. сістэмы і скуры; узнікае ад віруса ветраной воспы. Бывае ў выглядзе спарадычных адзінкавых выпадкаў пераважна вясной і восенню ў дарослых (дзеці да 10 гадоў хварэюць рэдка). Прыкметы захворвання: ліхаманка, боль, пачуццё паколвання, свербу ў вобласці адчувальных нерваў (пераважна міжрэберных і трайчастага на твары). Потым узнікаюць ружовыя плямы (3—5 см і болей), на якіх праз 1—2 сут з’яўляюцца дробныя шматлікія пухіры. Праз 6—8 сут на месцы пухіроў утвараюцца скарыначкі, якія праз 3 тыдні адпадаюць, застаецца пігментацыя. Бываюць атыпічныя формы апяразвальнага лішаю: абартыўная (без высыпкі), генералізаваная (шматлікія пухіры на целе), булёзная (зліццё дробных пухіроў), гемарагічная (крывяністыя пухіры), гангрэнозная (найбольш цяжкая — на месцы пухіроў узнікае некроз тканкі, потым рубцы). У некаторых выпадках пры апяразвальным лішаі пашкоджваюцца нервы (напр., нервы твару), галаўны мозг і яго абалонкі — менінгаэнцэфаліт. Лячэнне: тэрапеўтычнае і фізіятэрапеўтычнае.

т. 1, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕРГІ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ, алергозы,

група захворванняў, выкліканых імуннай рэакцыяй арганізма на экзагенныя (вонкавыя) алергены. Залежаць ад умоў, якія спрыяюць уздзеянню алергена на арганізм, а таксама ад спадчыннай схільнасці арганізма рэагаваць на алергены (выпрацоўваць асобныя антыцелы — рэагіны). У развіцці алергічных хвароб стадыя сенсібілізацыі змяняецца стадыяй клінічных праяўленняў: ацёк слізістых абалонак, скуры, падскурнай клятчаткі, раздражненне нерв. канчаткаў, спазмы гладкай мускулатуры, гіперфункцыя экзакрынных залозаў; у крыві выяўляецца зазінафілія; характэрна абарачальнасць тканкавых змен. Пры агульных рэакцыях (анафілактычны шок) магчымы смяротны зыход. Да алергічных хвароб адносяцца: бранхіяльная астма, сенная ліхаманка, крапіўніца, ацёк Квінке, алергічны рыніт, атыпічны і кантактны дэрматыты, лек. і харч. алергія, сываратачная хвароба, анафілактычны шок. Асобную групу складаюць аўтаалергічныя хваробы (гл. Аўтаалергія). Метады лячэння спецыфічныя (спыненне кантактаў з алергенамі, выпрацоўка антыалергічнага імунітэту) і неспецыфічныя (лячэнне лек. прэпаратамі).

Літ.:

Соколова Т.С., Рошаль Н.И. Аллергические заболевания. Л., 1990;

Пыцкий В.И., Адрианова Н.В., Артомасова А.В. Аллергические заболевания. 2 изд. М., 1991.

М.​Ф.​Сарока.

т. 1, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)