САЛО́ДКАЯ ГАРЭ́ЛКА,

у беларусаў і некат. інш. народаў вясельнае абрадавае пітво, якім частавалі сваякоў і бацькоў маладой за захаванне ёй цнатлівасці, маральнай чысціні. Наз. таксама «чырвоная гарэлка», «калінкі», «рожкі». Пасля шлюбнай ночы малады з дружкамі ехалі з бутэлькай С.г. да бацькоў маладой «на падзяку». С.г. рыхтавалі з падсалоджанай мёдам або цукрам і падфарбаванай чырвонымі ягадамі гарэлкі. На Пн Беларусі і ў Латгаліі С.г. варылі адмысловым спосабам у гліняным гаршку з рознымі духмянымі каранямі, кменам, мёдам або цукрам на прыпечку. Бутэльку з С.г. затыкалі галінкамі каліны і сцяблінкамі аўса, абвязвалі каляровым поясам або чырв. стужкай і загортвалі ў вышыты ручнік. Цешча, атрымаўшы яе, частавала маладога яешняй, а сваіх родных — С.г. У некат. рэгіёнах С.г. бралі з сабой бацькі маладой, калі ехалі на пярэзвы.

Л.​А.​Малаш.

т. 14, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМПАТЫ́ЧНАЯ НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА (ад грэч. sympathēs чуллівы, успрымальны),

частка вегетатыўнай нервовай сістэмы пазваночных. Прымае ўдзел у падтрыманні гамеастазу, спрыяе хуткай мабілізацыі фізіял. функцый арганізма, стымулюе працэсы катабалізму. Мае цэнтры, якія знаходзяцца ў бакавых рагах грудных і паяснічных сегментаў спіннога мозга, у нерв. вузлах (гангліях), размешчаных па баках пазваночніка (паравертэбральныя) і ў брыжэйцы (прэвертэбральныя гангліі). Прэвертэбральныя гангліі здольныя ўтвараць рыхлыя скопішчы, звязаныя валокнамі, — нерв. спляценні (буйнейшае з іх — сонечнае). Гангліі злучаны паміж сабой, са спінным мозгам, з выканаўчымі органамі. С.н.с. інервуе крывяносныя сасуды і ўнутр. органы, што забяспечвае рэфлекторную ўзаемасувязь паміж імі, а характэрнае для гэтай сістэмы галінаванне нерв. ствалоў спрыяе генералізаванаму ўплыву на некалькі ўнутр. структур. Медыятары С.н.с. — ацэтылхалін (прэгангліянарныя валокны) і норадрэналін (постгангліянарныя валокны, акрамя тых, што інервуюць потавыя залозы).

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭМАТЫЗА́ЦЫЯ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,

упарадкаванне і прывядзенне ў пэўную сістэму нарматыўных актаў, якое заключаецца ў іх удасканаленні, вызваленні ад устарэлых і супярэчных паміж сабой норм, стварэнні новых актаў, зборнікаў, збораў законаў. Мае на мэце забяспечыць узгадненне прававых норм, выключыць раздробненасць і мноства актаў, якія назапашваюцца ў працэсе праватворчасці, аблегчыць іх выкарыстанне ў практыцы прымянення закону, павысіць прававую культуру грамадзян. С.з. рэалізуецца ў формах кадыфікацыі заканадаўства і яго інкарпарацыі. Пад тэрмінам «С.з.» разумеецца таксама дзейнасць органаў улады, кіравання, юстыцыі, суда і пракуратуры па бягучым уліку дзеючых нарматыўных актаў. Усе дзеючыя заканад. акты Рэспублікі Беларусь падлягаюць уключэнню ў Звод законаў, які з’яўляецца афіц. выданнем і падтрымліваецца ў кантрольным стане. Падрыхтоўка і падтрыманне Зводу ў кантрольным стане ажыццяўляюцца Нац. цэнтрам законапраектнай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Г.​А.​Маслыка.

т. 14, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕАЦЭНО́З (ад бія... + геа... + цэноз),

узаемаабумоўлены комплекс жывых і нежывых кампанентаў, звязаных паміж сабой абменам рэчываў і абменам энергіі; адна з найб. складаных прыродных сістэм. Паняцце біягеацэнозу прапанаваў сав. вучоны У.​М.​Сукачоў (1940). Жывыя кампаненты біягеацэнозу — аўтатрофы (фотасінтэзавальныя зялёныя расліны, хемасінтэзавальныя мікраарганізмы) і гетэратрофы (жывёлы, грыбы, многія бактэрыі, вірусы), нежывыя — прыземны слой атмасферы з газавымі і цеплавымі рэсурсамі, сонечная энергія, глеба з водамінер. рэсурсамі і часткова кара выветрывання (у водным біягеацэнозе — вада). Сукупнасць усіх жывых арганізмаў біягеацэнозу (біяцэноз) уключае прадуцэнтаў (пераважна зялёныя расліны), што ўтвараюць арган. рэчывы, кансументаў (жывёлы) і рэдуцэнтаў (мікраарганізмы), якія жывуць за кошт гатовых арган. рэчываў і ажыццяўляюць іх раскладанне да простых мінер. кампанентаў, зноў спажываных раслінамі. Біягеацэноз — элементарная адзінка біясферы зямнога шара. Межы біягеацэнозу — канкрэтныя раслінныя згуртаванні. Блізкі да біягеацэнозу тэрмін фацыя.

Літ.:

Основы лесной биогеоценологии. М., 1964.

Схема сувязяў у біягеацэнозе.

т. 3, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАЦЯНО́ ДЗЯЛЕ́ННЯ клеткі, ахрамацінавае верацяно, мітатычнае верацяно,

кампанент клеткі нуклеапратэіднай прыроды, які ўтвараецца пры яе дзяленні і забяспечвае разыходжанне храмасом у мітозе і меёзе. Уяўляе сабой сістэму мікратрубачак з двайным праменепраламленнем, што фарміруецца ў праметафазе і распадаецца ў целафазе. Складаецца з апорных, або безупынных ніцей, арыентаваных ад аднаго полюса клеткі да другога (полюсных), і цягнучых, або храмасомных. Цягнучыя ніці злучаюць полюсы клеткі з цэнтрамі храмасом, якія ёсць на экватарыяльнай пласцінцы. Скарачэнне даўжыні цягнучых ніцей лічыцца гал. фактарам анафазнага руху храмасом да полюсаў клеткі. Верацяно дзяленне бывае прамога і непрамога тыпаў (у залежнасці ад характару сувязі храмасом з полюсамі), астральным (з выяўленымі полюсамі, напр. у шматклетачных жывёл) ці анастральным (без выразных полюсаў, напр. у кветкавых раслін).

Прамы (А) і непрамы (Б) тыпы верацяна дзялення клеткі: 1 — безупынныя ніці; 2 — між-занальныя сувязі; 3 — храмасомы; 4 — храмасомныя ніці верацяна; 5 — полюс.

т. 4, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРВІНІ́ЗМ,

матэрыялістычная тэорыя эвалюцыі арган. свету, заснаваная на поглядах Ч.Дарвіна. Абапіраецца на зменлівасць, спадчыннасць і натуральны адбор. На аснове зменлівасці ўтвараюцца новыя прыкметы і асаблівасці ў будове і функцыях арганізма, спадчыннасць замацоўвае гэтыя прыкметы, пад уздзеяннем натуральнага адбору выжываюць і размнажаюцца арганізмы, найб. прыстасаваныя да пэўных умоў існавання. Дзякуючы спадчыннай зменлівасці і бесперапыннаму дзеянню натуральнага адбору арганізмы ў працэсе эвалюцыі назапашваюць новыя прыстасавальныя прыкметы, што ў выніку вядзе да ўтварэння новых відаў. Д. далей развілі ў працах вучоныя 2-й пал. 19 — пач. 20 ст.: у Расіі — І.А.Мечнікаў, А.А.Кавалеўскі, У.А.Кавалеўскі, К.А.Ціміразеў, М.А.Вавілаў, І.А.Шмальгаўзен і інш.; у Вялікабрытаніі — Т.Гекслі, А.Уолес; у Германіі — Э.Гекель, Ф.​Мюлер; у ЗША — А.​Грэй і інш. Сучасны Д. уяўляе сабой сінтэз класічнага дарвінізму і эвалюцыйнай (або папуляцыйнай) генетыкі, што дазваляе глыбей пазнаць заканамернасці развіцця жывой прыроды і лепш выкарыстоўваць іх у с.-г. практыцы.

т. 6, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕСЯЦІ́НА (лац. decima, франц. décime, dîme, ням. Zehnt, англ. tithe),

1) дзесятая частка даходу, якая збіралася царквою з насельніцтва ў сярэдневяковай Еўропе (Дз. царкоўная). Узнікла ў канцы 6 ст. У Стараж. Русі ўстаноўлена кн. Уладзімірам Святаславічам пасля хрышчэння Русі і прызначалася першапачаткова для Кіеўскай Дзесяціннай царквы, а пазней набыла характар паўсюднага падатку, які збіраўся царк. арг-цыямі (але не манастырамі). У ВКЛ у 15—16 ст. была Дз. «снаповая» (сяляне аддавалі кожны 10-ы сноп) і агульная (​1/10 частка збожжа, мёду і інш.).

2) Стараж.-рус. мера зямельных плошчаў. Першапачаткова ўяўляла сабой квадрат з бакамі, якія раўняліся ​1/10 вярсты (адсюль назва); пл. 2500 кв. сажняў. Як гал. пазямельная адзінка Расіі ўведзена Межавой інструкцыяй 1753 у выглядзе казённай Дз. плошчай 2400 кв. сажняў, або 1,0925 га. Скасавана ў 1918 з пераходам да метрычнай сістэмы мер.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 6, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНАЯ ТА́ЙНА,

звесткі ваен., эканам. і паліт. характару, рознага роду адкрыцці, вынаходствы і інш., якія адносяцца да дзярж. сакрэтаў і ахоўваюцца дзяржавай. Ахова Дз.т. прадугледжвае шэраг прававых, арганізац., інж.-тэхн. і інш. мер па абмежаванні распаўсюджання звестак, аднесеных да дзярж. сакрэтаў. У Рэспубліцы Беларусь паводле Закона «Аб дзяржаўных сакрэтах» ад 29.11.1994 ахове падлягаюць звесткі, распаўсюджанне якіх можа нанесці шкоду нац. бяспецы, абараназдольнасці і жыццёва важным інтарэсам дзяржавы. Пералік гэтых звестак зацвярджае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь па прадстаўленні Савета Міністраў. Ахову Дз.т. ажыццяўляюць органы заканад., выканаўчай і суд. улады, органы мясц. кіравання і самакіравання, органы дзярж. кантролю і нагляду, юрыд. асобы. Парадак карыстання і распараджэння звесткамі, якія складаюць Дз.т., вызначаецца заканадаўствам. Нагляд за заканадаўствам у дзейнасці па ахове Дз.т. ўскладзены на Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь і падначаленых яму пракурораў. Выдаванне Дз.т. з’яўляецца крымін. злачынствам і цягне за сабой крымін. адказнасць. С.У.Скаруліс.

т. 6, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛО́ЗЫ ЎНУ́ТРАНАЙ САКРЭ́ЦЫІ, інкрэторныя залозы, эндакрынныя залозы,

органы жывёл і чалавека, якія выпрацоўваюць і выдзяляюць фізіялагічна актыўныя рэчывы (гармоны) непасрэдна ў кроў або лімфу. У іх адсутнічаюць вывадныя пратокі. Да З.у.с. належаць гіпаталамус, гіпофіз, эпіфіз, наднырачныя залозы, парашчытападобныя залозы, палавыя залозы (іх унутрысакраторныя элементы), шчытападобная залоза, астраўкі падстраўнікавай залозы. Эндакрынныя функцыі ўласцівы вілачкавай залозе, плацэнце, эндакрынным клеткам стрававальнага тракту (слінныя залозы, страўнік, кішэчнік), дыхальных шляхоў, нырак, сэрца, печані і інш. З.ў.с. шчодра забяспечваюцца крывёй, таму гармоны хутка паступаюць у кроў, з якой трапляюць да органаў, тканак і аказваюць спецыфічнае рэгулюючае дзеянне на метабалізм. З.ў.с. знаходзяцца паміж сабой у функцыян. залежнасці і складаюць цэласную эндакрынную сістэму, якая ажыццяўляе гарманальную рэгуляцыю ўсіх асн. працэсаў жыццядзейнасці. Разам з нерв. сістэмай З.ў.с. рэгулююць усе функцыі арганізма. Іх рэгулюючы цэнтр — гіпаталамус. Парушэнне функцый З.у.с. вядзе да цяжкіх эндакрынных захворванняў.

А.​С.​Леанцюк.

т. 6, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ПАВА ПЯЧО́РА, Капавая пячора, Шульган-Таш,

адна з найб. пячор на Паўд. Урале, на правым беразе р. Белая, у Башкортастане. Агульная даўжыня больш за 2 км. Утварылася ў вапняках і даламітах дэвонскага ўзросту. Калідоры і гроты размешчаны двума паверхамі. Кальцытавыя нацёчныя ўтварэнні. У 1959 заолаг А.​В.​Румін выявіў тут малюнкі эпохі палеаліту. У 1960—71 гэтыя выявы вывучаў О.​М.​Бадэр. На 2-м паверсе К.п. маюцца малюнкі мамантаў, коней, насарогаў. Даўж. фігур ад 44 да 112 см. Выявы ўяўляюць сабой цалкам зафарбаваныя чырв. фарбай сілуэты або грубыя контуры. Наяўнасць фігур мамантаў і насарогаў дазваляе датаваць малюнкі гэтага паверха эпохай верхняга палеаліту. У задніх залах 1-га паверха К.п. выяўлены выявы геам. характару ў выглядзе лесвіц (хацін?), трохвугольнікаў, касых ліній і антрапаморфных фігур; яны, верагодна, таксама адносяцца да эпохі палеаліту.

Выявы мамантаў, коней і насарога ў Капавай пячоры.

т. 8, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)