КАЖУ́Х,

верхняе зімовае мужчынскае і жаночае адзенне з аўчын. Вядомы ў многіх народаў, асабліва ўсх. славян. У беларусаў шылі з нядубленых, пазней з вырабленых аўчын жоўта-карычневага, вохрыста-цаглянага, радзей белага колераў. Паводле крою былі прамыя, прыталеныя і з «вусам» (ушытым па баках ад таліі шырокім клінам; характэрныя для Палесся). Святочныя К. багата аздаблялі нашыўкамі паскаў белай або чорнай аўчыны воўнай наверх, паскамі і лапікамі сукна, тонкай скуры, плеценымі тасёмкамі, пярэстым шнурам, вышыўкай гладдзю. Сярод традыц. К. маст. афармленнем, дасканаласцю крою і шытва вылучаюцца мотальскія, калінкавіцкія, магілёўскія.

М.​Ф.​Раманюк.

Маладзіца ў мотальскім кажуху. Вёска Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл. 1970-я г.

т. 7, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́МВЕЛА ЦЯЧЭ́ННЕ, экватарыяльнае падпаверхневае проціцячэнне Ціхага акіяна. Рухаецца на У пад Паўднёвым Пасатным цячэннем ад раёна Новай Гвінеі да а-воў Галапагас; даўж. 15 тыс. км, шыр. каля 300 км. Ядро К.ц. з хуткасцю да 5—6 км/гадз рухаецца ўздоўж экватара або адхіляецца ад яго на адлегласць да 100 км. На З акіяна ядро знаходзіцца на глыб. 200 м, на У —50 м і пры аслабленні пасатных вятроў выходзіць на паверхню. Расход вады 25—40 млн. м³/сек. К.ц. з’яўляецца кампенсацыйным і важным у цыркуляцыі водных мас Ціхага ак. ў экватарыяльных шыротах. Адкрыта ў 1952 экспедыцыяй ЗША пад кіраўніцтвам акіянографа Т.​Кромвела, названа яго імем.

т. 8, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. і адкрыты ў 1959 у г. Ліда Гродзенскай вобл. Пл. экспазіцыі 317 м², больш за 31 тыс. адзінак асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў карысныя выкапні, чучалы жывёльнага свету Лідчыны, знаходкі з археал. раскопак стараж. паселішчаў, Лідскага замка, друк. выданні і абразы 19 — пач. 20 ст., дакументы і матэрыялы пра вайну 1812, паўстанне 1863—64, нац -вызв. барацьбу ў Зах. Беларусі, пра дзейнасць патрыят. падполля і партыз. рух у Вял. Айч. вайну, аднаўленне гаспадаркі горада і раёна ў пасляваенны час. Экспануюцца нар. адзенне, узоры дэкар.-прыкладнога мастацтва (разьба па дрэве, вышыванкі, ткацтва), вырабы шклозавода «Нёман» і інш. прадпрыемстваў.

Р.​М.​Жалезны.

т. 9, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБАЧА́НСКІЯ ВАЛУНЫ́,

помнік прыроды рэсп. значэння у Беларусі (з 1988), за 5 км на ПдЗ ад в. Глыбачка Ушацкага р-на Віцебскай вобл. 3 валуны шаравата-ружовага парфірападобнага граніту. Найбуйнейшы камень даўж. 4 м, шыр. 2,6 м, выш. над паверхняй зямлі 1,8 м, у абводзе 12 м. Другі валун ляжыць за 30 м на Пн (даўж. 2,3 м, шыр. 2,3 м, выш. над паверхняй зямлі 0,7 м). Трэці камень знаходзіцца за 1 км на ПдЗ ад вёскі, формаю нагадвае вял. прас (даўж. 3,3 м, шыр. 1,4 м, выш. 1,6 м). Глыбачанскія валуны прынесены ледавіком каля 18 — 20 тыс. гадоў назад з раёна г. Выбарг.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 5, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ КАМІТЭ́Т ДЭЛЕГА́ТАЎ, Камітэт саюза чыгуначнікаў Гомельскага раёна,

стачачны к-т, які кіраваў рэв. барацьбой працоўных Гомеля ў час Снежаньскага паўстання 1905. Дзейнічаў з 21.12.1905 па 1.1.1906. Утвораны на мітынгу рабочых і служачых Лібава-Роменскай чыг., дэпо і ст. Гомель-Палескі ў час усеаг. забастоўкі. Стварыў баявую дружыну, скінуў мясц. ўладу, кантраляваў працу чыг. тэлеграфа. Узяў на сябе ахову грамадскага парадку, абарону насельніцтва ад чарнасоценцаў. Устанавіў цесныя сувязі з забастовачным к-там ст. Жлобін. Заклікаў да забастоўкі ўсе чыг. станцыі, у выніку якой быў спынены рух на Палескай і Лібава-Роменскай чыг. 11 дзён трымаў пад кантролем горад і чыг. вузел. Спыніў дзейнасць пасля падаўлення забастоўкі.

т. 5, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЙСК,

горад у Расіі, у Краснадарскім краі, порт на беразе Таганрогскага зал. Азоўскага м. 80,5 тыс. ж. (1992). Эканамічны цэнтр Кубанскага Прыазоўя.

Чыг. станцыя, вузел аўтадарог, аэрапорт. Цэнтр рыбапрамысл. раёна. Прадпрыемствы харчасмакавай, лёгкай, камбікормавай, дрэваапр. (мэблевая ф-ка) і маш.-буд. (з-ды паліграфічных машын, станкабуд., суднарамонтны, «Атракцыён») прам-сці. Вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча. Музеі гісторыка-краязнаўчы і мастацкі. Прыморскі кліматычны і бальнеалагічны курорт. Клімат умераны, з рысамі марскога, з вельмі цёплым летам. Характэрная асаблівасць — ветранае сонечнае надвор’е (брызы). Мясц. мінер. воды і глеевыя гразі Ханскага воз. з інш. сродкамі выкарыстоўваюцца для лячэння хвароб органаў руху і апоры, гінекалагічнай сферы, нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм, скуры.

т. 6, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖА́ЛЬНІКІ,

магілы 12—16 ст., абазначаныя абкладкай з камянёў, круглаватай, авальнай ці чатырохвугольнай формы, з 1—2 валунамі ў галавах, часам і ў нагах, з каменнымі крыжамі або накрытыя валунамі. На камянях і каменных крыжах часта высечаны знакі (крыжы, крыжыкі, краты, стрэлачкі, свастыкі і інш.). Большасць пахаванняў без інвентару, звычайна з адным пахаваннем у яме, галавой на 3. Пашыраны пераважна на Наўгародчыне і Пскоўшчыне (Расія), дзе звязваюцца з прыбалтыйска-фін. насельніцтвам, таксама ва Усх. Латвіі і некат. мясцінах Пн Беларусі (часцей у складзе курганна-жальнічных могільнікаў).

Л.​У.​Дучыц.

Да арт. Жальнікі. Курганна-жальнікавае пахаванне 11—14 ст. каля в. Сухая Гара Лагойскага раёна Мінскай вобл.

т. 6, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЯЗДА́,

рухомая шматпрамянёвая асветленая знутры зорка на кіі, з якой хадзілі т.зв. звездары; атрыбут каляднай абраднасці. Да каркаса са знешняга боку прымацоўвалі пруткі і злучалі іх папарна так, што атрымліваліся промні (рогі З.). Канструкцыю абклейвалі паперай, аздаблялі рознакаляровымі выцінанкамі, палосамі фігурна выразанай паперы або фольгі. З. мела 5, 8, 16 промняў, якія заканчваліся пышнымі пампонамі з паперы рознага колеру. Цэнтр. асветленую нерухомую частку яе (у рух прыводзіліся толькі промні) займаў малюнак або абраз на біблейскую тэму. Звычай нашэння З. на Беларусі быў пашыраны да 1920—30-х г.

М.​А.​Каладзінскі, М.​Ф.​Раманюк.

Хлопчык з каляднай звяздой. Вёска Капылы Камянецкага раёна Брэсцкай вобл. 1940-я г.

т. 7, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЯМЕ́Й (Niamey),

горад, сталіца Нігера. Адм. ц. дэпартамента Ніямей. 420 тыс. ж. (1994). Вузел аўтадарог. Порт на р. Нігер. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: харчасмакавая (бойня, з-ды мукамольны, мылаварны, піваварны, безалкагольных напіткаў і інш.), тэкст., буд. матэрыялаў. Вытв-сць вырабаў з пластмасы, мэблі, с.-г. інвентару. Рамёствы (выраб скур, упрыгожанняў з золата і серабра, ганчарных вырабаў і інш). Гандл. цэнтр с.-г. раёна (вываз жывёлы, скур, арахісу, бавоўны). Ун-т. Нац. музей. Паблізу ЦЭС.

У 19 ст. рыбацкае паселішча. З 1900 адм. ц. ваен. аўтаномнай тэр. Зіндэр (з 1910 ваен. тэр. Нігер). З 1926 адм. ц. франц. калоніі Нігер, з 1960 стал ша незалежнай Рэспублікі Нігер.

т. 11, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛУПА́НАЎ (Андрэй Васілевіч) (14.9.1888, ст. Ханжонкава Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 5.12.1956),

удзельнік грамадз. вайны ў Беларусі. Скончыў Прамысл. акадэмію. З 1909 на Чарнаморскім флоце. Са студз. 1918 камандзір атрада маракоў, накіраванага ў Кіеў для барацьбы з Цэнтр. радай, камендант Кіева; потым на Усх. фронце, камандзір браняпоезда «Свабода або смерць!». У сак.вер. 1919 камандуючы Дняпроўскай ваеннай флатыліяй (базіравалася і ў Гомелі). Удзельнічаў у баях з польск. войскамі пад Туравам, у абароне Гомельскага ўмацаванага раёна. З ліп. 1920 камандзір брыгады, начальнік бронечасцей 6-й арміі. Пасля грамадз. вайны на парт., сав. і гасп. рабоце. Аўтар кнігі «Свабода або смерць!» (1966).

Р.​К.​Паўловіч.

т. 12, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)