АЗЁРАЗНА́ЎСТВА, лімналогія,

галіна гідралогіі; навука пра кантынентальныя вадаёмы запаволенага водаабмену (азёры, вадасховішчы, сажалкі). Вывучае комплекс узаемазвязаных фіз., хім. і біял. працэсаў у вадаёмах; даследуе азёрныя катлавіны, донныя адклады, водны баланс і рэжым узроўню, тэрміку, лядовыя і аптычныя з’явы, гідрахімію, рух азёрнай вады, берагі, рыбапрадукцыйнасць і інш. Выкарыстоўвае метады геахіміі, геафізікі, геалогіі, гідрабіялогіі, вынікі лабараторных аналізаў станцый і пастоў сістэмы Гідраметслужбы, аэрафотаздымку.

Заснавальнік навуковага азёразнаўства — швейц. вучоны Ф.​А.​Фарэль (1885; працы па тэорыі і методыцы азёразнаўства). У развіцці азёразнаўства вял. значэнне маюць працы рус. вучоных Дз.​М.​Анучына (вывад аб сувязі азёраў з усімі кампанентамі ландшафтаў), Л.​С.​Берга (апісанні азёраў Зах. Сібіры, Аральскага, Ісык-Куля) і А.​І.​Ваейкава (выявіў сувязь вагання ўзроўню вял. азёраў з іх водным балансам і інш.). На Беларусі першыя гідралагічныя даследаванні азёраў праведзены А.​М.​Семянтоўскім (у 1872 апублікаваў гідралагічны агляд Віцебскай губ.).

Сістэматычнае вывучэнне азёраў пачалося з арганізацыі н.-д. станцыі рыбнай гаспадаркі (1928). Комплексныя даследаванні азёраў праводзяцца на біял. і геагр. ф-тах БДУ (складанні азёрнага кадастру, прыродна-гасп. класіфікацыі, стварэнне ахоўных тэрыторый на базе азёраў), выконваюцца маніторынгавыя даследаванні па міжнар. праграме «Чалавек і біясфера». Н.-д. лабараторыя азёразнаўства БДУ (з 1968) комплексна даследавала больш як 500 азёраў і 20 вадасховішчаў (вывучаны гісторыя развіцця ў галацэне, вызначана іх генетычная прыналежнасць, законы азёрнай седыментацыі; В.​П.​Якушка). У ін-тах геал. навук і праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі вывучаюцца азёры як аб’екты намнажэння сапрапеляў. У вытв. мэтах азёры і вадасховішчы даследуюцца ў Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў. Вынікі даследаванняў улічваюцца ў рыбнай гаспадарцы, энергетыцы, курортнай справе, водазабеспячэнні, меліярацыі, здабычы карысных выкапняў і інш.

В.​П.​Якушка.

т. 1, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКІ ЦЭНТР,

цэнтральная зона населенага пункта або яго частак, у якой сканцэнтраваны ўстановы грамадскага, адм.-дзелавога, культ.-асв., гандл.-быт., спарт., рэкрэацыйнага і інш. прызначэння. У буйных гарадах грамадскія цэнтры ствараюцца паводле іерархічнага прынцыпу: агульнагар. цэнтр, цэнтры гар. раёнаў, жылых, вытв., рэкрэацыйных, а таксама мікрараёнаў, жылых і прамысл. комплексаў, спецыялізаваныя цэнтры — навук., навуч., мемар., мед. і інш.

Стараж. грамадскія цэнтры гарадоў фарміраваліся з будынкаў жылога і абарончага (замкі), культавага (храмы), гандл. прызначэння, устаноў самакіравання (ратушы) вакол плошчаў у межах абарончых крапасных умацаванняў. Кампазіцыя сучасных грамадскіх цэнтраў захоўвае традыцыі, адлюстроўвае новы сац.-грамадскі змест і дасягненні навук.-тэхн. прагрэсу. Пры развіцці і рэканструкцыі грамадскіх цэнтраў важнейшая задача — ахова гіст. спадчыны, помнікаў гісторыі, культуры, архітэктуры, горадабудаўніцтва. Сярод буйнейшых сучасных грамадскіх цэнтраў Еўропы і Амерыкі комплекс Дэфанс і Форум у Парыжы, грамадскі цэнтр у новым раёне ў Франкфурцена-Майне (Германія), цэнтры гарадоў-спадарожнікаў Харлаў, Стывенедж у Англіі, Велінгбю, Фарста ў Швецыі, Тапіёла ў Фінляндыі, адм. цэнтры гарадоў Таронта (Канада) Бостана (ЗША), «Лінкальн-цэнтр» у Нью-Йорку.

На Беларусі грамадскія цэнтры развіваюцца паводле праектаў рэгенерацыі, складзеных для ўсіх гіст. гарадоў (Мінска, Віцебска, Гродна, Брэста, Магілёва, Пінска і інш.). У іх ствараюцца ахоўныя зоны помнікаў гісторыі і культуры, свабодныя ад транспарту пешаходныя зоны і вуліцы. Грамадскія цэнтры новых гарадоў (Салігорска, Светлагорска, Наваполацка), пасёлкаў і буйных вёсак (в. Малеч Брэсцкай, Верцялішкі Гродзенскай, Акцябрскі Віцебскай, Сарачы Мінскай, Мышкавічы Магілёўскай абласцей) уяўляюць сабой сучасныя добраўпарадкаваныя грамадскія комплексы і арх. ансамблі.

Літ.:

Соколов Л.И. Административные центры городов. М., 1979;

Моисеев Ю.М., Шимко В.Т. Общественные центры. М., 1987;

Общественные нетры городских населенных мест БССР. Мн., 1991.

В.​І.​Анікін.

Да арт. Грамадскі цэнтр. Форум Цэнтральнага рынку ў Парыжы.
Грамадскі цэнтр у г. Салігорск.

т. 5, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАМЗІ́Н (Мікалай Міхайлавіч) (12.12.1766, с. Міхайлаўка Бузулукскага р-на Арэнбургскай вобл., Расія — 3.6.1826),

рускі пісьменнік, гісторык; заснавальнік рус. сентыменталізму. Чл. Рас. акадэміі (1818). У 1775—81 вывучаў ням. і стараж. мовы, філасофію, рыторыку, логіку, паэтыку; наведваў лекцыі ў Маск. ун-це. Дэбютаваў у 1787 перакладамі англ., франц., ням. пісьменнікаў. Выдаваў альманахі, часопісы (1789—1803). Працаваў у жанры гіст. аповесці: «Наталля, баярская дачка» (1792), «Марфа Пасадніца, або Заваёва Ноўгарада» (1803). У нататках «Лісты рускага падарожніка» (1791—95), аповесцях «Бедная Ліза» (1792), «Востраў Борнхальм» (1794), «Сьера-Марэна» (1795), незакончаным рамане «Рыцар нашага часу» (1802—03) і інш. ставіў пытанні лёсу рус. культуры, прыроды чалавечага пачуцця, маральнай роўнасці людзей, раскрыў багацце ўнутр. свету асобы, яе духоўнае самаўдасканаленне. Асн. праца «Гісторыя дзяржавы Расійскай» (т. 1—12, 1816—29) — новы этап у развіцці рус. гістарыяграфіі. Яна створана на аснове разнастайнага гісторыка-дакумент. матэрыялу (летапісаў, судзебнікаў, мемуараў, грамат і інш.) і ’ахоплівае перыяд ад старажытнасці да пач. 17 ст. Гісторыю краіны К. атаясамліваў з гісторыяй дзяржавы і манархічнай улады. У кантэксце развіцця рас. дзяржаўнасці разглядаў і гісторыю Беларусі. «Гісторыя...» — твор не толькі гіст., а і літаратурны, вылучаецца афарыстычнай дакладнасцю, элементамі архаізацыі лексікі. Аўтар вершаў, крытычных і публіцыстычных артыкулаў, рэцэнзій на літ. і тэатр. тэмы.

Тв.:

История государства Российского: В 12 т. Т. 1—5. М., 1989—93;

Избр. соч. Т. 1—2. М.; Л., 1964;

Полн. собр. стихотворений. 2 изд. М.; Л., 1966;

Письма русского путешественника: Повести. М., 1982;

Избр. статьи и письма. М., 1982.

Літ.:

Канунова Ф.З. Из истории русской повести: (Ист-лит. значение повестей Н.​М.​Карамзина). Томск, 1967;

Эйдельман Н.Я. Последний летописец. М., 1983. Лотман Ю.М. Сотворение Карамзина. М., 1987.

С.​Ф.​Кузьміна.

М.М.Карамзін.

т. 8, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКІ ФІЛЬМ,

1) фільм, які ствараецца сродкамі ігравога кіно (сцэнарны сюжэт, акцёрскае выкананне, рэжысёрская і выяўл. трактоўка і інш. 2) Твор кінамастацтва — фільм, што мае маст. каштоўнасць, вобразныя творчыя вырашэнні і выступае ў маст. функцыі. Ствараецца ў формах ігравога (мастацкага кіно), а таксама дакументальнага кіно, анімацыйнага кіно і навукова-папулярнага кіно.

М.ф. з’явіўся адначасова з узнікненнем кінематографа (гл. Нямое кіно). Пэўны ўклад у стварэнне першых ігравых фільмаў зрабілі Ж.​Мельес (Францыя), У.​Пол (Англія), Э.​Портэр (ЗША). Вял. роля ў развіцці выразных сродкаў М.ф. (драматургіі. акцёрскай творчасці, мантажу) належыць амер. рэжысёру Д.У.Грыфіту. Сярод класікаў сусв. маст. кіно Ч.Чаплін, Р.Клер, Ф.Феліні, М.Антаніёні, І.Бергман. У Расіі у 1907 створаны першы М.ф. «Сценька Разін і княжна» («Панізовая вольніца», рэж. А.​Дранкоў). Да класічных кінатвораў, якія ў значнай ступені абумовілі ўзровень далейшага развіцця ігравога кінематографа, належаць М.ф. сав. кіно 1920-х г.: «Браняносец Пацёмкін» С.Эйзенштэйна, «Маці» У.Пудоўкіна, «Зямля» А.Даўжэнкі. Сярод майстроў сав. маст. кіно браты Васільевы, Р.Аляксандраў, І.Пыр’еў, С.Герасімаў, М.Ром, М.Хуцыеў, А.Таркоўскі, М.Міхалкоў.

На Беларусі ў 1926 першы М.ф. «Лясная быль» пастаўлены рэж. Ю.Тарычам паводле аповесці М.​Чарота «Свінапас». У фільмах Тарыча «Лясная быль» і «Да заўтра», У.​Корш-Сабліна «Першы ўзвод», Э.​Аршанскага «Двойчы народжаны» закладзены асновы бел. маст. кіно. Створана мноства кінастужак высокага маст. ўзроўню, сярод іх «Канстанцін Заслонаў» Корш-Сабліна і А.​Файнцымера, «Праз могілкі» (паводле П.​Ніліна) і «Людзі на балоце» (паводле І.​Мележа) В.​Турава, «Альпійская балада» Б.​Сцяпанава (паводле В.​Быкава), «Дзікае паляванне караля Стаха» В.​Рубінчыка (паводле У.​Караткевіча), «Ідзі і глядзі» Э.​Клімава (паводле А.​Адамовіча), «Знак бяды» М.​Пташука (паводле Быкава), «Сведка» В.​Рыбарава (паводле В.​Казько).

А.​В.​Красінскі.

т. 10, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЫ́ННАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

стадыя станаўлення матэрыяльнай асновы індустр. вытв-сці, на якой адбылася замена мануфактуры фабрыкай; характарызуецца выкарыстаннем машын. Узнікла ў 2-й пал. 18 ст. ў выніку прамысл. перавароту.

У прам-сці Беларусі першыя машыны (паравыя рухавікі) з’явіліся на суконных прадпрыемствах у мястэчках Хомск Кобрынскага і Косава Слонімскага паветаў. У 1840-я г. яны выкарыстоўваліся ўжо ў суконнай, вінакурнай, мукамольнай і цукр. вытв-сцях. З канца 1850-х г. на Беларусі пачаўся тэхн. пераварот, які ў адрозненне ад Зах. Еўропы і рас. губерняў ажыццяўляўся не ў лёгкай, а ў жалезаапрацоўчай і вінакурнай прам-сці. Напр., у металургіі крычны спосаб атрымання жалеза заменены пудлінгавым (у домнах). Пудлінгавыя печы ўзведзены на Старынкаўскім чыгуналіцейным і Барысаўшчынскім металургічным з-дах (на іх вырабляліся паравыя машыны), на Налібоцкім металургічным камбінаце. Прамысл. рэвалюцыя адбывалася і ў інш. галінах (харч., дрэваапр., хімічнай). Завяршылася яна ў канцы 1890-х г.; аб’ём фабрычнай прадукцыі да гэтага часу павялічыўся ў 37 разоў.

З моманту ўзнікнення М.в. прайшла шэраг этапаў развіцця. Напр., у 2-й пал. 19 ст. ў прам-сці пачаўся пераход ад пары да электрычнасці, што прывяло да павышэння ўзроўню механізацыі, карэнных змен М.в. ў традыц. галінах (апрацоўчая прам-сць) і яе развіцця ў галінах з бесперапыннымі тэхнал. працэсамі (металургія, хімія). Новая ступень у развіцці М.в. звязана з навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй, якая ў сваю чаргу была падрыхтавана якаснымі зменамі ў самой М.в. (выкарыстанне новых прылад працы, машын-аўтаматаў, пераход да 4-звеннай сістэмы машын). Гал. кірункам навук.-тэхн. прагрэсу і павышэння прадукцыйнасці працы сучаснай М.в. з’яўляецца выкарыстанне аўтаматычных ліній і вытв-сцей, ЭВМ, камп’ютэраў, станкоў з лікавым праграмным кіраваннем, аўтаматызаваных сістэм кіравання. Гл. таксама Аўтаматызацыя, Аўтаматызацыя вытворчасці, Матэрыяльна-тэхнічная база.

т. 10, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛІЎНЫ БАЛА́НС,

баланс здабычы, перапрацоўкі і выкарыстання розных відаў паліва.

У сусветным развіцці П.б. выразна прасочваюцца перыяды перавагі пэўнага віду паліва. Даіндустрыяльны перыяд характарызуецца выкарыстаннем аднаўляемых рэсурсаў, найперш драўніны. З пачатку прамысл. рэвалюцыі і да сярэдзіны 1950-х г. асн. энергарэсурсам быў вугаль; у 1953 яго ўдзельная вага дасягнула 70% у сусв. П.б. Спрыяльная эканам. кан’юнктура пасля 2-й сусв. вайны і навук.-тэхн. прагрэс у сферы вытв-сці і спажывання паліўна-энергет. рэсурсаў садзейнічалі хуткаму развіццю энергаёмістых галін прам-сці, а таксама агульнаму росту энергаспажывання, што абумовіла павелічэнне тэмпаў сусв. спажывання паліва. Адначасова змянілася і структура П.б., гал. чынам за кошт павелічэння долі нафты і газу.

На Беларусі ў эвалюцыі П.б. прасочваюцца заканамернасці, характэрныя для сусв. П.б. У 1913 87% П.б. прыпадала на дровы. У далейшым яе П.б. фарміраваўся за кошт выкарыстання торфу, які на працягу доўгага часу быў асн. відам паліва. У 1940 аб’ём здабычы торфу даведзены да 3,4 млн. т, яго ўдзельная вага ў П.б. вырасла да 63,5%. У 1960—80-я г. асн. відам паліва былі нафтапрадукты, як вынік развіцця ў рэспубліцы нафтаздабыўной і нафтаперапрацоўчай прам-сці. Рост аб’ёмаў здабычы газу ў СССР, будаўніцтва магістральных газаправодаў спрыялі павелічэнню ўдз. вагі прыроднага газу. У 1990-я г. ў сувязі са скарачэннем імпарту нафты і газу ўзмацніўся працэс уцягвання ў П.б. мясц. відаў паліва (біямасы, адходы вытв-сці).

Структура паліўнага балансу Беларусі, %
Від паліва 1970 1980 1990 1999
100 100 100 100
Нафтапрадукты 63,8 75,6 52,4 27,2
Вугаль 14,2 2,4 4,3 1,5
Газ прыродны 8,4 19,8 34,8 62,5
Торф і торфабрыкеты 10,1 1,6 2,9 2,2
Інш. віды паліва 3,7 0,6 5,9 6,6

т. 12, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЦІ́Н (Plōtinos каля 205, Лікопаль, Егіпет — 270),

старажытнагрэчаскі філосаф, паслядоўнік філас. ідэй Платона і заснавальнік неаплатанізму. Вучыўся ў Амонія Сака ў Александрыі. З 244 у Рыме, выкладаў філасофію. На падставе выбраных платонаўскіх тэкстаў распрацаваў уласную сістэму філас. поглядаў, у цэнтры якой паняцце аб неспасціжным і невыразным боскім першаадзіным пачатку ўсяго існага; яго ён называў дабром і параўноўваў з сонцам. Прынцыпу дабра супрацьпастаўляў прынцып зла, што ўвасабляецца ў цёмнай і пазбаўленай выгляду матэрыі, якая служыць ніжэйшай мяжой усёй структуры быцця. Структуру быцця падзяляў паводле крытэрыяў «там» і «тут». У такой форме супрацьпастаўляюцца сапраўды існае, розум у якасці адзінага самаст. стваральніка «першавобразаў», з аднаго боку, і «тутэйшы свет», дзе выступаюць толькі падабенствы, — з другога. Адначасова сцвярджаў, што толькі пачуццёвы космас знаходзіцца ў пэўным месцы, а свет, які спасцігаецца розумам, — усюды. У зямной частцы універсуму пастаянна адбываецца ўзнікненне і знікненне; вечны характар маюць усе праявы зла (узаемазнішчэнне жывёл і людзей, войны, злачынствы і г.д.). Але ў аснове зямнога свету ляжыць разумны план, які ідзе ад бога, а чалавечая душа заўсёды захоўвае магчымасць адысці ад усяго «тутэйшага» і вярнуцца да свайго сапраўднага прызначэння, якое П. бачыў у развіцці духоўных сіл і ўзыходжанні да першаадзінага, г.зн. да бога. У поглядах П. ёсць элементы містычнай дыялектыкі. Яго філас. вучэнне — пачатак апошняга этапа ў працэсе развіцця ант. філасофіі. Фрагментарныя запісы П. пасмяротна выдадзены яго вучнем Парфірыем, які падзяліў іх на 6 аддзелаў, а кожны аддзел — на 9 частак (адсюль назва ўсіх 54 трактатаў П. — «Энеады», г.зн. «Дзевяткі»).

Літ.:

Лосев А.Ф. История античной эстетики: Поздний эллинизм. М., 2000;

Яго ж. словарь античной философии: Избр. ст. М., 1995.

В.​І.​Боўш.

Плацін.

т. 12, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗУМО́ВАЯ І ФІЗІ́ЧНАЯ ПРА́ЦА,

узаемазвязаныя і ўзаемазалежныя віды мэтанакіраванай дзейнасці людзей у выглядзе затрат інтэлектуальнай, разумовай або фіз. энергіі чалавека ў працэсе стварэння матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей. Падзел працы на разумовую і фіз. адбыўся ў старажытнасці і абумоўлены развіццём прадукц. сіл грамадства, якія дазвалялі невялікаму слою людзей (жрацам, правадырам і інш.) не займацца непасрэдна здабываннем сродкаў для свайго існавання — фіз. працай. У выніку разумовая праца стала прывілеяй асобных сац. слаёў — брахманаў у Стараж. Індыі, свабодных грамадзян у Стараж. Грэцыі і інш. Паводле утапічнай мадэлі ідэальнай дзяржавы Платона, разумовай працай мелі права займацца толькі яе кіраўнікі — філосафы. Супярэчнасць паміж гэтымі відамі працы са старажытнасці мела сац. карані, набыла антрапалагічныя і сац.-псіхал. аспекты і праходзіць праз усю гісторыю чалавецтва, своеасабліва праяўляецца ў розныя гіст. эпохі. Аднак такі падзел працы адыграў і пазітыўную ролю ў развіцці грамадства: вызвалены ад неабходнасці займацца паўсядзённай фіз. працай, пэўны сац. слой людзей атрымаў матэрыяльныя сродкі і магчымасць сканцэнтраваць энергію менавіта на разумовай працы, што дазволіла развіць інтэлект і стварыць складаны і важны прадукт мысліцельнай дзейнасці, які знайшоў увасабленне ў архітэктуры, мастацтве, музыцы, паэзіі і г.д. Самым значным дасягненнем работнікаў разумовай працы сталі навук. веды. У перыяд усталявання рыначных адносін сфарміравалася інтэлігенцыя — сац. слой людзей, разумовая праца для якіх стала прафес. родам заняткаў. Станоўчы ўплыў на развіццё разумовай працы зрабіла прамысл. рэвалюцыя, якая ахапіла прам-сць, сельскую гаспадарку і значна паўплывала на фіз. працу. Найб. дынамічнае развіццё разумовая праца атрымала ў эпоху навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, якая запатрабавала ад чалавека развітога мыслення, глыбокіх навук. ведаў і высокага ўзроўню кваліфікацыі — інтэлектуальнай працы. Праблема суадносін Р. і ф.п. захоўваецца і ў постіндустрыяльным грамадстве.

Т.​І.​Адула.

т. 13, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗІДЫЯ́ЛЬНЫЯ ГРЫБЫ́, базідыяміцэты (Basidiomycetes),

клас вышэйшых грыбоў з асаблівымі органамі размнажэння — базідыямі. У эвалюц. развіцці — сістэматычная група, паралельная сумчатым грыбам. У аснове класіфікацыі базідыяльных грыбоў асаблівасці будовы базідый і пладовых цел. Уключаюць 3 падкласы (гетэрабазідыяміцэты, тэліяспораміцэты, холабазідыяміцэты), 2 групы парадкаў (гастэраміцэты і гіменаміцэты), 20 парадкаў, каля 30 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды. На Беларусі каля 2 тыс. відаў з 12 парадкаў (агарыкальныя, аўрыкулярыяльныя, афілафаральныя, галаўнёвыя грыбы, гіменагастральныя, дакрыміцэтальныя, дрыжалкавыя, іржаўныя грыбы, нідулярыяльныя, лікапердальныя, склерадэрматальныя, фаляльныя). Да базідыяльных грыбоў належаць мікраскапічныя формы і грыбы з буйнымі пладовымі целамі — макраміцэты. Большасць базідыяльных грыбоў — сапратрофы, мікарызаўтваральнікі, многія — паразіты раслін, узбуджальнікі хвароб с.-г. культур (галаўнёвыя і іржаўныя грыбы), гнілі драўніны (губавыя грыбы, дамавыя грыбы), ёсць ядомыя (апенька, баравік, масляк, падасінавік, сыраежка і інш.), лек. (чага, вясёлка) і ядавітыя (мухаморы). Некаторыя віды (шампіньёны, дрэўнавушка і інш.) уведзены ў прамысл. культываванне.

Для базідыяльных грыбоў характэрна поўная страта спецыялізаваных палавых клетак. Канідыяльнае (бясполае) споранашэнне трапляецца рэдка; палавое споранашэнне — базідыяспоры. Палавы працэс ідзе па тыпе саматагаміі праз зліццё дзвюх вегетатыўных (саматычных) клетак гаплоіднага міцэлію, што вырастае з базідыяспораў. Характэрная марфалагічная асаблівасць базідыяльных грыбоў — наяўнасць спражак — дугападобных структур каля папярочных перагародак, што падзяляюць клеткі гіфы. На дыкарыятычным міцэліі ў большасці базідыяміцэтаў фарміруюцца пладовыя целы, на паверхні або ўнутры якіх утвараюцца базідыі. Пладовыя целы базідыяльных грыбоў розных тыпаў: гіменіяльныя (спараносны слой — гіменій — на паверхні цела) і гастэральныя (гіменій унутры цела, замкнёнага да поўнага выспявання базідыяспораў); формы — плоскія, канічныя, капытападобныя, плеўкавыя, распасцёртыя на субстраце, падзеленыя на шапку і ножку; кансістэнцыі — мясістыя, дравяністыя, шчыльналямцавыя, скурыстыя.

А.​М.​Капіч.

Базідыяльныя грыбы: 1 — развіццё холабазідый і базідыяспораў (а — холабазідыя; б — базідыяспора); 2 — тыпы базідый (а — холабазідыя; б, в, г — гетэрабазідыі, д — фрагмабазідыя); 3 — цыкл развіцця шапкавага грыба (а — базідыяспоры, б — гаплоідны міцэлій, в — дыкарыяфітны міцэлій, г — пладовае цела, д — базідыя з базідыяспорамі); 4 — гіменій (а — цыстыда, б — парафіза, в — базідыя з базідыяспорамі).

т. 2, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАТО́МІЯ РАСЛІ́Н,

раздзел батанікі, які вывучае ўнутр. будову органаў і тканак раслін.

Узнікненне і развіццё анатоміі раслін звязана з вынаходствам мікраскопа і працамі італьян. біёлага М.​Мальпігі і англ. батаніка Н.​Гру (мікраскапічнае вывучэнне раслінных аб’ектаў; 2-я пал. 17 ст.), стварэннем клетачнай тэорыі (ням. біёлаг Т.​Шван, 1839), даследаваннем раслінных тканак, клетак і іх арганоідаў (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.) паралельна з вывучэннем іх росту, развіцця і дыферэнцыроўкі ў працэсе антагенезу (гл. Фізіялогія раслін). Значную ролю ў развіцці анатоміі раслін адыгралі працы рус. батанікаў І.​В.​Баранецкага, С.​П.​Костычава, В.​Р.​Заленскага, В.​Ф.​Раздорскага, В.​Р.​Аляксандрава, В.​М.​Радкевіч, А.​А.​Яцэнка-Хмялеўскага, В.​К.​Васілеўскай, М.​Ф.​Данілавай і інш.

На Беларусі анатомія раслін развіваецца з 1930-х г. (К.​Г.​Рэнард, А.​Л.​Новікаў, С.​У.​Калішэвіч). Навук.-даследчая работа вядзецца ў БДУ, ін-тах біял. аддзялення АН Беларусі, Бел. с.-г. акадэміі, Гомельскім і Бел. тэхнал. ун-тах і інш. У 1954—66 выкананы работы па экалагічнай, параўнальнай і тэхн. анатоміі раслін (В.​Я.​Віхроў, Р.​Ц.​Пратасевіч, А.​С.​Самцоў). Вывучаецца зменлівасць анат. будовы дзікарослых і культурных раслін пад уплывам генет. і фізіял. фактараў, а таксама дрэвавых раслін пад уплывам экалагічных умоў, вырашаюцца пытанні палягання с.-г. культур (Н.​С.​Суднік, А.​В.​Пятрэнка, Пратасевіч, Т.​Ф.​Дзяругіна, Г.​А.​Новікава, А.​Р.​Тэн, А.​І.​Аляксеева, Н.​С.​Кісялёва і інш.). Даныя анатоміі раслін выкарыстоўваюць у аграноміі, тэхніцы, гісторыі культуры, археалогіі, прам-сці (харч., мэблевай, фармацэўтычнай, цэлюлозна-папяровай і інш.). Істотнае развіццё атрымліваюць эвалюцыйны і экалагічны кірункі вывучэння анатоміі раслін.

Літ.:

Киселева Н.С. Анатомия и морфология растений. 2 изд. Мн., 1976;

Эзау К. Анатомия семенных растений: Пер. с англ. Кн. 1—2. М., 1980.

т. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)