КЕ́РЧАНСКА-ЭЛЬТЫГЕ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,

дэсантная аперацыя войск Паўн.-Каўказскага фронту (камандуючы ген.-палк. І.Я.Пятроў), сіл Чарнаморскага флоту (віцэ-адм. Л.​А.​Уладзімірскі) і Азоўскай ваен. флатыліі (контр-адм. С.Г.Гаршкоў) у Вял. Айч. вайну. Праведзена 31.10—11.12.1943 з мэтай авалодання Керчанскім п-вам. Адначасова планавалася высадзіць сіламі Азоўскай ваен. флатыліі (АВФ) 3 дывізіі 56-й арміі на ПнУ ад г. Керч (асн. напрамак) і сіламі Чарнаморскага флоту пад кіраўніцтвам контр-адм. Г.М.Халасцякова 1 дывізію 18-й арміі каля пас. Эльтыген на Пд ад Керчы (дапаможны напрамак), пасля іх сустрэчнымі ўдарамі авалодаць партамі Керч і Камыш-Бурун. Удзельнічалі 130 тыс. чал., больш за 2 тыс. гармат і мінамётаў, 125 танкаў, 278 катэраў і дапаможных суднаў, больш за 1000 самалётаў 4-й Паветр. арміі і марской авіяцыі. Вечарам 31 кастр. з-за шторму сарвалася высадка дэсантных атрадаў на асн. напрамку. 1 ліст. дэсант 18-й арміі захапіў плацдарм у раёне Эльтыгена. Ва ўмовах адцягнення для блакады плацдарма значных сіл праціўніка АВФ 3 ліст. высадзіла дэсант з часцей 56-й арміі, які да 12 ліст. выйшаў на рубеж Азоўскае м. — паўн.-ўсх. ўскраіна Керчы, дзе і замацаваўся. Дэсант з раёна Эльтыгена 6—7 снеж. прарваўся да паўд. ускраіны Керчы, захапіў пануючую над горадам гару Мітрыдат, але 9 снеж. пад націскам праціўніка пакінуў яе і 11 снеж. быў эвакуіраваны суднамі АВФ. Нягледзячы на незавершанасць, К.-Э.а. стварыла перадумовы (захоп буйнога плацдарма) для вызвалення Крыма ў ходзе Крымскай аперацыі 1944.

т. 8, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЕ НАРО́ДНАЕ АПАЛЧЭ́ННЕ 1941,

ваенізаванае фарміраванне, створанае паводле рашэння Магілёўскага абкома КП(б)Б у адпаведнасці з дырэктывай ЦК КП(б)Б і СНК БССР ад 30.6.1941. Налічвала ў горадзе больш за 10 тыс. чал., аб’яднаных у батальёны. Створаны 2 штабы — гарадскі і абласны. Камандаваў нар. апалчэннем абласны ваен. камісар І.​П.​Ваяводзін. Атрады дзейнічалі на гарбарным, аўтарамонтным, косцеперапрацоўчым з-дах, чыг. вузле, у пед. ін-це і інш., сфарміраваны батальён (камандзір К.​Р.​Уладзіміраў) і атрад (Дз.​С.​Вольскі) з супрацоўнікаў абл. ўпраўлення НКУС і міліцыі. Апалчэнцы вобласці (каля 12 тыс. чал.) вялі барацьбу з дыверсантамі і шпіёнамі, ахоўвалі лініі сувязі і прамысл. аб’екты, удзельнічалі ў эвакуацыі насельніцтва і прадпрыемстваў, у стварэнні абарончых рубяжоў. 3—26 ліп. разам з часцямі і падраздзяленнямі Чырв. Арміі горад абаранялі апалчэнцы: на 3 дзейнічалі атрады ф-кі штучнага шоўку (страціў палову свайго складу), гарбарнага і косцеперапрацоўчага з-даў, на ПнЗ — батальёны супрацоўнікаў міліцыі (з 250 чал. жывымі засталіся 19), і знішчальны (камандзір М.​І.​Калугін), атрады чыг. вузла, з-даў трубаліцейнага і «Адраджэнне»; на левым беразе Дняпра (прыкрывалі тыл) атрады Вольскага (загінулі ўсе), аўтарамонтнага з-да, мясакамбіната і інш. прадпрыемстваў, пед. ін-та (гл. Магілёва абарона 1941). Выкарыстаўшы перавагу ў сілах і сродках, ням. захопнікі 26 ліп. ўварваліся ў Магілёў. Вайскоўцы і апалчэнцы пакінулі горад. Многія з іх прадаўжалі барацьбу ў радах Чырв. Арміі, партыз. атрадах і падполлі. На брацкіх магілах апалчэнцаў у Магілёве і пас. Гаі пастаўлены помнікі.

У.​І.​Лемяшонак.

т. 9, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЯС,

пас, доўгая вузкая стужка (са скуры або плеценая, тканая, вітая з нітак) для падпяразвання. Вядомы з сярэдзіны 1-га тыс. н.э. ў многіх народаў свету. Неад’емная частка нац. адзення беларусаў. Бытавалі пераважна П. тканыя, плеценыя, вітыя, а таксама вязаныя пруткамі і кручком. Яны мелі даўж. 150—300 см, шыр. 1,5—30 см. Арнаментыка нар. П. вызначаецца разнастайнасцю геам. узораў: падоўжаныя, папярочныя і касыя палоскі, крыжыкі, ромбы і інш. Іх аздаблялі кутасамі, махрамі, бісерам, уплеценым паміж тканымі палоскамі, саламянымі ўстаўкамі, нашытымі кавалачкамі тканіны. Пераважала спалучэнне чырвонага колеру з белым фонам (у невял. колькасці ўводзіўся зялёны, сіні, жоўты і інш.). Паліхромнасць уласціва для П. Зах. Палесся. Сусветную вядомасць набылі шаўковыя слуцкія паясы. П. падпяразвалі кашулі і верхняе адзенне (мужчынскія П. былі звычайна шырэйшыя за жаночыя і дзіцячыя). Завязвалі іх вузлом спераду або збоку; у залежнасці ад памераў абкручвалі вакол стану 1—3 разы, падтыкалі па баках так, каб канцы звісалі на 20—40 см. На П. ці за П. насілі сякеру, нож, шабету, капшук, грабеньчык, ключы. У лес або ў поле на П. неслі збан з вадой, каробку, палатняную торбу, спарыш з абедам. Спец. П. — спавівачом — спавівалі немаўлят, вузкія ўзорыстыя П.-подвязкі служылі і аборамі. П.-крайкі прышывалі да спадніц і фартухоў, а вузкімі плеценымі або вітымі П. абшывалі каўняры, барты і рукавы світ, падолы спадніц. П. паўсюдна выраблялі да 1940-х г. У наш час вырабляюцца асобнымі майстрамі і некат. фабрыкамі маст. вырабаў.

В.​І.​Селівончык.

Беларускі народны жаночы касцюм з поясам. Вёска Ляхаўцы Маларыцкага раёна Брэсцкай вобл. 1900—20.
Паясы. Заходняе Палессе. Канец 19 — пач. 20 ст.

т. 12, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯ́ДЗЕЛЬСКІ РАЁН.

Размешчаны на ПнЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2 тыс. км². Нас. 37,2 тыс. чал. (1998), гарадскога 36,8%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр. — г. Мядзел. Уключае г.п. Крывічы і Свір, курортны пас. Нарач, 306 сельскіх населеных пунктаў, Крывіцкі і Свірскі пасялковыя Саветы, 12 сельсаветаў: Будслаўскі, Дзягільскі, Занарачанскі, Княгінінскі, Латвянскі, Мядзельскі, Нарачанскі, Пузырэўскі, Сваткаўскі, Слабадскі, Старагабскі, Сырмежскі.

Большая ч. тэр. раёна размешчана на Нарачана-Вілейскай нізіне, паўн. ч. ў межах Свянцянскіх град. Паверхня пераважна спадзістахвалістая, 90% яе знаходзіцца на выш. 160—200 м, найвыш. пункт 234 м (на У ад курортнага пас. Нарач). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны, мінер. воды. Сярэдняя т-ра студз. -6,7 °C, ліп. 17,3 °C. Ападкаў 660 мм. Вегетац. перыяд 187 сут. Найб. рэкі Страча, Нарач, Вял. Перакоп, Вузлянка, Сэрвач (бас. Віліі), Мядзелка (бас. Дзісны). Найб. азёры: Нарач, Свір, Мядзел, Мястра, Баторына, Бледнае. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (43,6%), тарфяна-балотныя (22,5%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (21,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (10,6%). Пад лесам 42,7% тэр. раёна, пераважна на Пд і ПдЗ. Лясы хваёвыя, бярозавыя, яловыя, альховыя і інш. Пад балотамі 11,2 тыс. га. На тэр. раёна нац. парк Нарачанскі, заказнікі рэсп. значэння: біял. — Некасецкі, Пасынкі, Рудакова, гідралагічны Чарэмшыца, ландшафтны — Блакітныя Азёры. Ахоўваемыя тарфянікі: Баравікі, Баркаўшчызна, Беразнякі, 40 гадоў Кастрычніка, Пронькі, Радняк, Свірскае — Свірнішча, Трудапольскае I, II, Ходнеўшчына, Цалевічы, Чалеі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: бяроза карэльская (участкі каля в. Брэскія і ў Мядзельскім лясніцтве), вял камяні: Баярскі, Венцавіцкі, Высочкінскі, Гуліўскі, Красніцкі, Ляшчынскі, Мацкійскі, Пронькаўскі, Юшкавіцкі; камяні: Альшэўскі, Занарачанскі (седлавы з ямкамі), Чортаў камень Шкленікоўскі; грады (озы): Качаргінская, Лукінская, Цюкшынская; Дубовая гара; паўвыспы Наносы і Чараўкі; Студзянец (геал. агаленне), Сцепянёўскі берагавы ўступ. Помнікі прыроды мясц. значэння: паркі ў вёсках Альшэва, Будслаў, Камарова, Стары Мядзел, парк Перамогі на паўвостраве воз. Мястра; востраў на воз. Нарач, горы Барсучыха і Пуставіны; вял. камяні: Жаснянскі, Качаргінскі, Маргінаўскі; камяні Брылёўскі, Дзягільскі, Юшкавіцкі.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 72,9 тыс. га, з іх асушаных 22,2 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 16 калгасаў, 2 саўгасы, 12 фермерскіх гаспадарак, дапаможныя с.-г. прадпрыемствы Мінскага электрафурнітурнага з-да, Мінскага маторнага з-да («Дзягілі»), адкрытае акц. т-ва «Крывічы», доследная рыбная гаспадарка «Нарач», «Райаграпрамэнерга». Сельская гаспадарка спецыялізуецца пераважна на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, ільнаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Конегадоўля. Прадпрыемствы харч. і харчасмакавай (рыбныя кансервы, масла, спірт, віно, напіткі), металаапр., буд. і кааператыўнай прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Маладзечна—Полацк, аўтадарогі на Мінск, Полацк, Вільнюс, Паставы, Докшыцы, Глыбокае, Вілейку, Маладзечна. У раёне 19 сярэдніх, 9 базавых, 2 пачатковыя, 4 муз., спарт. школы, школа-інтэрнат, цэнтр эстэт. выхавання, Дом дзіцячай творчасці, Дом фальклору, ПТВ, 19 дашкольных устаноў, 32 клубы, 48 б-к, 6 бальніц, 3 урачэбныя амбулаторыі, паліклініка, 22 фельч.-ак. пункты. Курорт Нарач з санаторыямі «Нарач», «Баравое», «Белая Русь», «Будаўнік», «Журавушка», «Прыазёрны»; дом адпачынку «Нарач»; пансіянаты «Спадарожнік» і «Сосны»; турбаза «Возера Нарач», аўтатурбаза «Нарачанка». Раённы музей нар. славы. Помнікі архітэктуры: сядзіба (1887—93) у в. Альшэва; касцёл бернардзінцаў і плябанія (2-я пал. 18 ст.) у в. Будслаў; Успенская царква (1820-я г.) у в. Вузла; Троіцкі касцёл і кляштар кармелітаў (1713—14) у в. Засвір; сядзіба (пач. 20 ст.) у в. Камарова; касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Канстанцінава; царква (19 ст.) у в. Княгінін; Андрэеўскі касцёл, званіца, плябанія (пач. 20 ст.) і царква (2-я пал. 49 ст.) у в. Нарач; царква (канец 19 ст.) у в. Слабада; касцёл Маці Божай і званіца (на мяжы 18—19 ст.) у в. Шэметава. Выдаецца газ. «Нарачанская зара».

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мядзельскага р-на. Мн., 1998.

Н.​М.​Мацюшонак, Г.​С.​Смалякоў.

т. 11, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТКАЎСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ ТВО́РЧАСЦІ.

Засн. ў 1978 у г. Ветка Гомельскай вобл. на базе калекцыі Ф.​Р.​Шклярава, які стаў першым дырэктарам музея, адкрыты для наведвання ў 1987. Размешчаны ў б. купецкім асабняку 19 ст. У музеі 6,5 тыс. экспанатаў, у т. л. 3,5 тыс. асн. фонду (1997), якія характарызуюць нар. культуру і побыт, традыц. мастацтва і промыслы Веткаўшчыны. Гэта старадрукі 16—18 ст: («Евангелле» П.​Мсціслаўца, 1575, кнігі В.​Гарабурды, выданні старавераў, у т. л. з Куцеінскай друкарні, і інш.), рукапісы пач. 16 — пач. 20 ст. (пераважна крукавага нотнага пісьма). Па запісах на кнігах (даравальных, купчых) складзена і экспануецца карта «Шлях кніг на Ветку». Зберагаюцца унікальныя калекцыі прорысяў 17—19 ст., абразоў 17 — пач. 20 ст., старадаўняя і сучасная разьба па дрэве, чаканка і гравіроўка па метале (абклады на абразах), ліццё, шыццё золатам, жэмчугам і бісерам; інструменты майстроў і рамеснікаў, іх дзелавая і асабістая перапіска, калекцыі меднага посуду і самавараў; узоры маст. ткацтва, вышыўкі, нар. касцюмаў; творы жывапісу самадз. мастакоў. Экспазіцыя складаецца з раздзелаў: «Слабада», «Кірмаш», «Манастыр», «Рака», у якіх размешчаны тэматычна аб’яднаныя кампазіцыі з элементамі дыярамы — «Бакалейная крама», «Гандлёвы рад», «Кузня», «Бібліятэка» і інш. Калекцыі іканапісу і дэкар.-прыкладнога мастацтва ўключаюць работы мясц. майстроў рознага часу, у т. л. Р.​Рагаткіна (іканапіс), М.​Свяшчэннікава (чаканка), М.​Смірновай (шыццё бісерам), К.​Карасёва (разьба па дрэве). Сярод твораў маст. ткацтва старадаўнія і сучасныя ручнікі, абрусы і хусткі з в. Неглюбка, пас. Рэпішча і інш., дзявочыя і жаночыя нар. строі.

С.​І.​Лявонцьева.

Абраз «Пакровы» з экспазіцыі Веткаўскага музея народнай творчасці.
Веткаўскі музей народнай творчасці. Рукапісы 16—19 ст., напісаныя крукавым нотным пісьмом.
Брама Веткаўскага музея народнай творчасці.
Адна з залаў Веткаўскага музея народнай творчасці.
Веткаўскі музей народнай творчасці. Фрагмент экспазіцыі.

т. 4, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКАЯ ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ НАРО́ДНАЯ А́РМІЯ (РВНА),

вайсковае фарміраванне з б. грамадзян СССР, арганізаванае ў канцы 1941 ням.-фаш. акупантамі ў Вял. Айч. вайну. Асновай РВНА сталі атрад нар. міліцыі ў пас. Локаць Брасаўскага р-на Арлоўскай вобл. (Расія) і групы мясц. самааховы ў навакольных вёсках пад кіраўніцтвам К.​П.​Васкабойніка (кіраўнік адміністрацыі аўт. раёна, створанага ў тыле 2-й танк. арміі вермахта). Пасля гібелі Васкабойніка фарміраванне ўзначаліў інж. Б.​В.​Камінскі, які разгарнуў актыўную дзейнасць супраць партызан. Пасля рэарганізацыі гітлераўцамі аўт. раёна ў павет, потым у акругу з насельніцтвам каля 600 тыс. чал. Камінскі ў выніку мабілізацыі скамплектаваў брыгаду колькасцю да 12 тыс. байцоў і назваў яе РВНА. Падраздзяленні РВНА ваявалі супраць партызан, неслі ахоўную службу. У 1-й пал. 1943 часці Чырв. Арміі нанеслі РВНА шэраг паражэнняў. У жн. 1943 з дазволу ням. камандавання Камінскі пачаў эвакуацыю РВНА і цывільнага насельніцтва акругі (эвакуіравана каля 30 тыс. чал.) у раён г. Лепель. Аднак у выніку масавага дэзерцірства і пераходу байцоў і жыхароў акругі на бок сав. партызан колькасць РВНА скарацілася больш чым на ​2/3. Брыгада, папоўненая мясц. паліцэйскімі, абараняла тылавыя камунікацыі 3-й танк. арміі вермахта, па якіх наносілі ўдары партыз. брыгады Полацка-Лепельскай партызанскай зоны. У пач. 1944 РВНА разам з бежанцамі пераведзена ў г. Дзятлава Гродзенскай вобл. У крас.—маі 1944 два палкі брыгады ўдзельнічалі ў антыпартыз. аперацыях «Лівень» і «Веснавое свята», у час якіх яны былі ўключаны ў склад баявой групы К. фон Готберга як «штурмавая брыгада РВНА». Потым РВНА разгорнута ў 29-ю грэнадзёрскую дывізію СС. У жн. 1944 асн. сілы дывізіі ўдзельнічалі ў задушэнні Варшаўскага паўстання, дзе панеслі вял. страты. Вызначыліся рабаўніцтвам мясц. жыхароў і марадзёрствам. Камінскі асуджаны ваен.-палявым судом СС і расстраляны. У кастр. 1944 рэшткі дывізіі раззброены і адпраўлены ў Мюнзінген (Германія), дзе ўвайшлі ў склад 1-й дывізіі Рускай вызваленчай арміі ген. А.А.Уласава.

С.​У.​Жумар.

т. 13, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛІ́ВІЯ (Bolivia),

Рэспубліка Балівія (República de Bolivia), дзяржава ў цэнтр. ч. Паўд. Амерыкі. Мяжуе на З з Перу і Чылі, на Пд з Аргенцінай і Парагваем, на У і Пн з Бразіліяй. Пл. 1098,6 тыс. км². Нас. 8,2 млн. чал. (1994). Афіц. сталіца — г. Сукрэ, фактычная — г. Ла-Пас. Падзяляецца на 9 дэпартаментаў. Дзярж. мовы іспанская, кечуа і аймара. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (6 жн.).

Дзяржаўны лад. Балівія — рэспубліка. Дзейнічае Канстытуцыя 1967. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады, узначальвае урад, адказвае за замежную палітыку і абарону краіны, мае права заканадаўчай ініцыятывы, выдае дэкрэты. Заканадаўчая ўлада належыць 2-палатнаму Нац. кангрэсу, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе прэзідэнт і прызначаны ім урад.

Прырода. Балівія займае ўсх. частку Цэнтр. Андаў на З і вял. алювіяльныя раўніны на У. Паміж хрыбтамі Андаў — пласкагор’е Пуна (каля 4 тыс. м над узр. м.), якое абмяжоўваюць Зах. Кардыльера (г. Сахама, 6780 м) на З, Кардыльера-Рэаль і Цэнтр. Кардыльера на У. Карысныя выкапні: волава, свінец, цынк, медзь, серабро, вальфрам, берылій, сурма, вісмут, золата, сера, жал. руда; на ўсх. раўнінах радовішчы прыроднага газу і нафты. Клімат Пуны і Зах. Кардыльеры высакагорны, паўпустынны на З (ападкаў менш як 150 мм за год) і менш засушлівы на У (500—600 мм за год). Т-ра студз. 9—11 °C, чэрв. 3—7 °C. На ўсх. схілах Андаў вышынная пояснасць клімату (ападкаў 1500—2000 мм за год). На ўсх. раўнінах клімат субэкватарыяльны (т-ра ад 17 да 28 °C, ападкаў каля 1000 мм за год). Рэкі на У належаць да бас. Амазонкі (Бені—Мамарэ). Пуна — замкнёны з усіх бакоў, пазбаўлены сцёку ў акіян міжгорны басейн з высакагорнымі азёрамі Тытыкака і Паапо, саланчакамі Кайпаса і Уюні. Расліннасць Пуны пераважна паўпустынная. У гарах вертыкальная пояснасць ландшафтаў. На раўнінах трапічныя лясы (на Пн) і саванны, зараснікі калючых хмызнякоў, рэдкалессі (на Пд). Жывёльны свет асабліва багаты і разнастайны ў трапічных лясах на Пн; на пласкагор’і Пуна водзяцца ламы, гуанака, альпака, грызуны, вадаплаўныя птушкі.

Насельніцтва. Каля 63% — індзейцы, пераважна народы кечуа і аймара (у горнай ч. краіны). Трэцюю частку насельніцтва складаюць іспанамоўныя метысы і крэолы, якія жывуць пераважна ў гарадах. Ёсць невял. групы еўрапейцаў, ураджэнцаў суседніх краін. Паводле веравызнання 95% католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 7,5 чал. на 1 км². Каля 90% яго сканцэнтравана ў Пуне, дзе шчыльнасць дасягае 20—30 чал. На 1 км². У гарадах жыве 51% насельніцтва. Найбольшыя гарады (тыс. ж., 1992): Ла-Пас — 711, Санта-Крус — 695, Качабамба — 404, Арура — 183. Сярэдняя працягласць жыцця не перавышае 55 гадоў.

Гісторыя. У старажытнасці тэр. Балівіі насялялі індзейскія плямёны. У 14 ст. іх заваявалі інкі, у 1535—39 — іспанцы, якія далі краіне назву Верхняе Перу і далучылі ў 1542 да віцэ-каралеўства Перу, з 1776 — віцэ-каралеўства Рыо-дэ-Ла-Плата. Здабыча серабра (з 1545) прыносіла вял. даходы ісп. каланізатарам, што выкарыстоўвалі рабскую працу індзейцаў. Самае вял. паўстанне супраць жорсткай эксплуатацыі адбылося ў 1780—81 пад кіраўніцтвам Тупак-Амару II. У ходзе вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 краіна вызвалена ад калан. прыгнёту войскамі С.Балівара, у гонар якога атрымала назву, у жн. 1825 абвешчана незалежнай. У 1836—39 у складзе канфедэрацыі Перу і Балівіі. Пасля абвяшчэння незалежнасці ў горназдабыўную прам-сць краіны стаў пранікаць замежны капітал. У выніку войнаў Балівіі з Чылі (1879—83) і Парагваем (1932—35) Балівія страціла выхад да Ціхага ак. і амаль ​2/3 першапач. яе тэрыторыі, багатай волавам і салетрай. У 2-ю сусв. вайну Балівія — чл. антыгітлераўскай кааліцыі, але ў вайне не ўдзельнічала. У 1952 у краіне адбылася бурж.-дэмакр. рэвалюцыя, нацыяналізаваны алавяныя руднікі, праведзена агр. рэформа. Прэзідэнтам у 1952—56 і 1960—64 быў лідэр Нацыяналіст. рэв. руху В. Пас Эстэнсора. Пасля дзярж. перавароту 1964 у 1965 у краіне двойчы ўводзілася надзвычайнае становішча. У некаторых раёнах разгарнуўся партыз. рух (лідэр Э.Гевара), які быў разгромлены восенню 1967 з дапамогай ЗША. У 1967 прынята Канстытуцыя. На працягу ўсёй далейшай гісторыі становішча ў краіне вызначалася нестабільнасцю і барацьбой за ўладу розных ваен.-эканам. груповак. У 1980-я г. зроблены спробы пераходу краіны ад ваен. да грамадз. праўлення. На прэзідэнцкіх выбарах 1993 перамог лідэр Нацыяналіст. рэв. руху Г.​Санчэс дэ Ласада, які заявіў пра намер працягваць удасканаленне ўведзенай у 1985 рыначнай мадэлі эканомікі краіны.

Балівія — чл. ААН з 1945, чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Лацінаамер. асацыяцыі інтэграцыі, інш. міжнар. арг-цый; з 1979 чл. Руху недалучэння. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1994. Дзейнічаюць паліт. партыі і рухі: Левы рэв. рух, Нацыяналіст. рэв. рух, Нацыяналіст. дэмакр. дзеянне, Хрысціянска-дэмакр. партыя і інш. Буйнейшыя прафсаюзы — Балівійскі рабочы цэнтр і Нац. канфедэрацыя сялян.

Гаспадарка. Аснова гаспадаркі — гарнарудная прам-сць экспартнага кірунку. Валавы нац. прадукт за год на душу насельніцтва складае каля 750 дол. ЗША. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %): прам-сці каля 25 (у т. л. гарнаруднай 15), сельскай гаспадаркі 20, транспарту і сувязі 6, унутр. гандлю 11. Дзярж. сектар кантралюе 60% нафтаздабыўной, 100% нафтаперапр. і 70% гарнаруднай прам-сці. Каля 60% экспарту прыпадае на руды каляровых металаў. Вывозяцца канцэнтраты волава (4-е месца ў свеце), сурмы, вальфраму, медзі, свінцу, цынку, а таксама серабро і золата. Прыроднага газу здабываецца каля 6 млрд. м³ штогод, нафты — каля 1—2 млн. т. Невялікія з-ды для выплаўкі медзі ў Аруры і Качабамбе. Выпрацоўваецца 1,8 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі (1993). Аснову апрацоўчай прам-сці складаюць тэкст., харчасмакавая, метала- і нафтаперапр. галіны; развіваюцца каляровая металургія і нафтахім. прам-сць. Асн. прамысл. цэнтры: Ла-Пас, Санта-Крус, Сукрэ, Качабамба. У сельскай мясцовасці саматужныя і рамесніцкія харч., тэкст. і гарбарныя прадпрыемствы. Сельская гаспадарка не забяспечвае патрэб краіны, хоць у ёй занята палавіна працаздольнага насельніцтва. Агр. рэформа 1953—65 абмежавала буйное землеўладанне. Апрацоўваецца 3,25 млн. га (каля 3% тэр. краіны), лугі і паша займаюць 25%. Таварнае земляробства (рыс, цукр. трыснёг, бавоўнік, бананы, кава) на ўсх. схілах Андаў і на раўнінах, спажывецкае (кукуруза, пшаніца, бульба, ячмень, авёс, кінаа — мясц. проса) — на пласкагор’і Пуна. Жывёлагадоўля пашавая, разводзяць ламаў, альпака, авечак, козаў, буйн. раг. жывёлу, мулаў. У лясах нарыхтоўка драўніны, соку гевеі, кары хіннага дрэва, лісця кокі. Рыбалоўства на рэках і воз. Тытыкака. Транспарт чыгуначны і аўтамабільны. Даўж. (1992) чыгунак 3,9 тыс. км, аўтадарог — 38,9 тыс. км. Экспарт складае 705,4 млн. дол. ЗША, імпарт — 864,2 млн. дол. ЗША (1992). Вывозяцца пераважна канцэнтраты рудаў каляровых металаў, прыродны газ (трубаправоды ў Аргенціну і Чылі), драўніна, цукар, бавоўна. У імпарце пераважаюць харч. прадукты, бензін, трансп. сродкі, тавары нар. ўжытку. Гал. гандл. партнёры — ЗША і Аргенціна. Грашовая адзінка — балівійскае песа (балівіяна).

Літаратура. Развіваецца на ісп. мове, а таксама на мовах індзейцаў кечуа і аймара (пераважна фалькл. жанры). Асн. літ. помнік даісп. эпохі — балівійска-перуанская драма «Апу-Альянтай» (на кечуа; апубл. 1853). У калан. перыяд (пач. 16 ст. — 1825) пераважалі гісторыка-быт. хронікі. У канцы 18 — пач. 19 ст. на фарміраванне л-ры паўплывалі патрыят. публіцыстыка В.​Пасаса Канкі, паэзія Х.І. дэ Санхінеса і паэта-індзейца Х.​Уальпарымачы Майты. У 19 ст. панаваў рамантызм (паэты Р.​Х.​Бустамантэ, Н.​Галінда, М.​Х.​Мухія, раманісты Н.​Агірэ, М.​С.​Кабальера, С.​Вака Гусман, драматургі Ф.​Рэес Ортыс, Х.​Расенда Гуцьерэс і інш.). У канцы 19 ст. ўзнік «кастумбрызм» — бытапісальныя аповесці і апавяданні Л.​Ансаатэгі дэ Кампера, А.​Самудыо, Х.​Лукаса Хаймеса і інш.; у паэзіі пераважаў мадэрнізм, які арыентаваўся на франц. сімвалістаў, але захоўваў цікавасць да нац. тэмы (Р.​Хаймес Фрэйрэ, Ф.​Тамаё, Г.​Рэйнальдс, Х.​Э.​Гера і інш.). На пач. 20 ст. з’явіліся рэалістычныя («Крэольскае жыццё» і «Бронзавая раса» А.​Аргедаса, «У нетрах Патасі» і «Варварскія старонкі» Х.​Мендосы) і сатыр. (А.​Чырвечэса) раманы, сац. паэзія. З 1930-х г. у прозе ўзнікла т.зв. індыянісцкая л-ра пра жыццё індзейцаў (Аргедас, Р.​Батэльё Гасальвес, А.​Гільен Пінта, Н.​Парда Валье і інш.). Асобнае месца ў л-ры 1950—60-х г. займае творчасць Х.​Лары, стваральніка раманаў пра барацьбу індзейцаў за сац. справядлівасць. У 1960—70-я г. набылі вядомасць празаік Р.​Прада Аропес (раман «Хто запальвае золак»), паэт П.​Шымосе і інш.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У 5—8 ст. тэр. Балівіі — адзін з цэнтраў культуры стараж. Амерыкі. У Тыяуанака (бераг воз. Тытыкака) захаваліся помнікі архітэктуры 1-га тыс. да нашай эры — 1-га тыс. нашай эры (узгорак-піраміда Акапана, комплекс Каласасая, «Палац саркафагаў»), скульптура (рэльефы «Варотаў Сонца»), маст. кераміка, тканіны, ювелірныя вырабы. Спалучэнне еўрап. узораў і мясц. традыцый прывяло да стварэння цікавай барочнай архітэктуры 18 ст. (Манетны двор і царква Сан-Ларэнса ў Патасі, палацы Вільявердэ і царква Сан-Франсіска ў Ла-Пасе і інш.), твораў выяўл. мастацтва (С. дэ ла Крус). З 18 ст. жывапіс прытрымліваўся еўрап. канонаў і меў пераважна рэліг. характар (М.​Перэс дэ Альгуін). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў архітэктуры быў пашыраны эклектызм і мадэрн, з сярэдзіны 20 ст. ўзводзяцца грамадскія будынкі сучаснай архітэктуры. З 1920-х г. фарміравалася нац. школа выяўл. мастацтва. Мастакі С.​Гусман дэ Рохас, Р.​Бердэсіо, М.​Эхіда, А.​Рэке Мерувія, скульптары М.​Нуньес дэль Прада, У.​Альмарас, Э.​Лухан звярталіся да гісторыі і сучаснага жыцця свайго народа, прыгажосці роднай прыроды. На ПдЗ краіны захаваліся традыцыі індзейцаў кечуа (ткацтва, ювелірныя вырабы), на ПнЗ — аймара (кераміка, разьба па камені, ткацтва).

Літ.:

Сашин Г.З. Боливия: Очерк новейшей истории. М., 1976;

Боливия: тенденции экон. и соц.-полит. развития. М., 1990;

Кириченко Е.И. Три века искусства Латинской Америки. М., 1972.

П.​І.​Рогач (прырода, гаспадарка).

Герб і сцяг Балівіі.
Да арт. Балівія. Рэльеф калоны царквы Сан-Франсіска ў Ла-Пасе. 1743—84.
Да арт. Балівія. Пласкагор’е Альтыплана ў раёне г. Ла-Пас і возера Тытыкака.
Да арт. Балівія. Фрагмент партала царквы Сан-Ларэнса ў Патасі. 1728—44.

т. 2, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРБ (польск. herb ад ням. Erbe спадчына), сімвалічная эмблема, візуальны адпаведнік пэўнай асобы, роду, горада, дзяржавы. Узніклі ў канцы 11—12 ст. ў час крыжовых паходаў. Крыніцамі гербавых эмблем найчасцей былі пячаткі, вядомыя са старажытнасці. Ранні герб меў выгляд шчыта з выявай (гал. атрыбут), потым у яго ўвайшлі шлем, клейнод (фігура на шлеме), намёт (напачатку — намочаная тканіна, якой закрывалі шлем ад сонца), карона. У познім сярэдневякоўі ў гербе з’явіліся неабавязковыя элементы — шчытатрымальнікі, стужкі з дэвізам, ордэны. Гербавыя выявы падзяляюцца на фігуры геральдычныя (1-га і 2-га парадку) і звычайныя (натуральныя і штучныя). Гербавыя шчыты маюць розную форму і паходжанне, назвы іх тыпаў утвораны ад тых краін, дзе яны атрымалі найб. распаўсюджанне. У гербе змяшчаюць кароны: княжацкія, графскія, шляхецкія і інш. Колеры ствараюць фарбамі (чырвоная, блакітная, зялёная, пурпуровая, чорная) і металамі (золата — жоўты, серабро — белы), скарыстоўваецца таксама футра (гарнастая і вавёркі). Існуюць сістэмы перадачы колераў і футра штрыхоўкай пры чорна-белым адлюстраванні герба. У гербе бел. шляхты пераважаюць блакітныя і чырв. фарбы. У ВКЛ гербы з’явіліся ў 2-й пал. 14 ст., найб. старажытны вядомы на пячатцы баярына Вайдылы (1380). Легендарная частка літ.-бел. летапісаў згадвае герб «Кітаўрус», «Калюмны», «Урсін», «Ружа» і «Пагоня». У сярэдневякоўі герб быў знакам шляхціца і яго ўлады на пэўнай тэрыторыі. Калі гэта ўлада трымалася працяглы час, герб замацоўваўся ў якасці зямельнага або дзяржаўнага і выконваў сваю функцыю нават пры ўладзе інш. феадала. Пазней узніклі гербы каталіцкіх ордэнаў і гарадоў. Герб вывучае геральдыка, зборы гербаў называюцца гербоўнікамі.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

Элементы герба. Кароны: 1 — імператарская расійская; 2 — каралеўская; 3 — княжацкая; 4 — графская; 5 — баронская французская; 6 — шляхецкая; 7 — гарадская расійская. Шчыты: 8, 9 — нарманскія (фігуры — слуп, пас); 10 — французскі (фігура — спалучэнне слупа і паса); 11 — іспанскі (фігура — перавязь); 12 — італьянскі (фігура —кроква); 13 — нямецкі (фігура — падножжа); 14 — дамскі (фігура — вяршыня). Асноўныя гербавыя колеры: 15 — чырвоны; 16 — блакітны; 17 — зялёны; 18 — пурпурны; 19 — чорны; 20 — сярэбраны; 21 — залаты.
Герб «Налэнч» графаў Рачынскіх, яго элементы: 1 — клейнод; 2 — кароны; 3 — шлем (прылбіца); 4 — намёт; 5 — шчыт; 6 — шчытатрымальнікі; 7 — стужка з дэвізам.

т. 5, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ З’ЕЗД КПЗБ.

Адбыўся 25.6—25.7.1928 у пас. Арэхаўск Аршанскага р-на. Прысутнічалі 31 дэлегат з рашаючым і 21 з дарадчым голасам ад амаль 2 тыс. членаў партыі Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Віленскай, Гродзенскай і Пінскай акр. арг-цый КПЗБ. Выканком Камінтэрна на з’ездзе прадстаўляў В.​С.​Міцкявічус-Капсукас, КПП — В.​Кастшэва, А.​Варскі, Ю.​Ленскі, Э.​Прухняк, КП(б)Б — В.​Г.​Кнорын, М.​М.​Галадзед, КСМЗБ — М.​А.​Давідовіч. Прысутнічаў таксама прадстаўнік ад КПЗУ. Парадак дня: справаздачы ЦК КПП (Кастшэва); ЦК КПЗБ (С.​Т.​Мілер); ЦК КСМЗБ (Давідовіч); паліт. сітуацыя і задачы партыі [І.​К.​Лагіновіч (П.​Корчык)]; аб рабоце ў вёсцы, у прафсаюзах, сярод моладзі; арганізац. пытанні. З’езд прызнаў паліт. лінію ЦК КПЗБ, як і ЦК КПП, у асн. правільнай. Адначасова канстатаваў, што фактычная падтрымка ЦК КПП і ЦК КПЗБ ваен. перавароту Ю.​Пілсудскага ў маі 1926 з’явілася гал. прычынай узнікнення фракцыйнай барацьбы ў кіраўніцтве партыі. Як дадатны момант падкрэслівалася, што ў справаздачны перыяд партыя зрабіла буйны крок на шлях бальшавізацыі, вырасла ідэйна, палітычна і арганізацыйна. У якасці тактычнай лініі КПЗБ упершыню прызнавалася неабходнасць узмацнення барацьбы ў абарону дэмакр. правоў і свабод, разгортвання масавага руху на аснове патрабаванняў дэмакр. характару. Перад партыяй была пастаўлена задача заваяваць большасць пралетарыяту, асабліва ў буйных прамысл. цэнтрах, ствараць на ф-ках і з-дах ячэйкі КПЗБ, узмацніць барацьбу за 8-гадзінны рабочы дзень, павышэнне зарплаты і інш. У сял. пытанні з’езд указаў на неабходнасць спалучэння барацьбы прац. сялянства за зямлю без выкупу з неадкладнымі патрэбамі і клопатамі сялян. У пытанні нац.-вызв. руху адзначалася, што КПЗБ арганізуе барацьбу прац. мас пад лозунгам самавызначэння Зах. Беларусі аж да аддзялення ад Польшчы і ўз’яднання з БССР у адзінай сав. дзяржаве. З’езд выбраў ЦК КПЗБ: чл. А.​А.​Альшэўскі, М.​А.​Блінчыкаў, С.​Я.​Будзінскі, С.​К.​Гарбуз, Г.​М.​Дуа, А.​У.​Канчэўскі, Лагіновіч, Мілер, М.​Л.​Перавалоцкі, А.​М.​Розенштайн, А.​С.​Славінскі; канд. ў чл. Л.​І.​Родзевіч, М.​М.​Словік і інш.

Літ.:

Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 12, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІ́ДЗЕЛЬ,

горад у Гродзенскім р-не на р. Скідзелька. За 30 км ад Гродна. Чыг. станцыя на лініі Гродна—Масты; вузел аўтадарог на Гродна, Ліду, Масты, Азёры, Астрыну. 11,3 тыс. ж. (2001).

Вядомы з пач. 16 ст. як велікакняжацкі двор з воласцю ў Гродзенскім пав. ВКЛ. З 1588 С. — каралеўскі двор Гродзенскага староства Трокскага ваяв., адм.-гасп. цэнтр воласці. Паводле прывілея 1644 караля Уладзіслава IV у С. праводзіліся 2 кірмашы на год, таргі 2 разы на тыдзень. З 1783 мястэчка Гродзенскай эканоміі, цэнтр ключа. З 1795 у Рас. імперыі, у Гродзенскім пав. У 1885 — цэнтр воласці Гродзенскага пав., 1531 ж., гарбарная прамысловасць, бровар, нар. вучылішча (з 1860), 2 царквы, 4 крамы, аптэка, таргі. У 1897—2790 ж., 482 будынкі, бальніца. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 — гар. пасёлак. цэнтр Скідзельскага раёна і сельсавета (з 12.10.1940) Беластоцкай, з 20.9.1944 — Гродзенскай абл. 27.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі ў С. лагер смерці і загубілі там 2330 чал. На тэр раёна дзейнічалі Скідзельская раённая антыфашысцкая арганізацыя і Скідзельскае камсамольска-маладзёжнае падполле. 14.7.1944 С. вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. З 25.12.1962 у Гродзенскім р-не. У 1967 у межы С. ўключаны нас. пункт Саўгас Скідзельскі і пас. Цукровы Завод. У 1973—8,6 тыс. ж. З 30.1.1974 горад.

Працуюць прадпрыемствы: адкрытыя акц. т-вы «Скідзельскі цукровы камбінат» і «Гроднахлебапрадукт», Скідзельскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, з-д жалезабетонных вырабаў, племптушкарэпрадуктар «Юбілейны», камбінат быт. абслугоўвання і інш.; цэнтр саўгаса «Скідзельскі». У горадзе 3 сярэднія, муз. і спарт. школы, З б-кі, 2 дамы культуры, музей бел. паэта Міхася Васілька. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, 2 магілы камсамольцаў-падпольшчыкаў, магіла ахвяр фашызму, помнік камсамольцам-падпольшчыкам. Помнікі архітэктуры: царква Міхаіла Архангела (1851), касцёл Успення Маці Божай (1870-я г.), Скідзельскі парк.

Літ.:

Дзелянкоўскі М.І. Скідзель: Дак.-лір. нарыс. Мн., 1987.

В.​М.​Князева.

т. 14, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)