серыя універсальных лічбавых вылічальных машын агульнага прызначэння. Укаранёна ў вытв-сць Мінскім з-дам ЭВМ імя Арджанікідзе. Выкарыстоўваецца ў вылічальных цэнтрах, вылічальных сістэмах і аўтаматызаваных сістэмах рознага прызначэння.
Выпуск лямпавых машын 1-га пакалення серыі «Мінск-1» распачаты ў 1960 (папярэдняя мадэль — лямпавая выліч. машына М-3М створана ў 1959). Мадыфікацыі вылічальных машын «Мінск-11», «Мінск-12», «Мінск-14» мелі запамінальны блок большай ёмістасці, дадатковыя прылады ўводу-вываду інфармацыі. Выкарыстоўваліся пераважна для рашэння інжынерна-канструктарскіх і навук.-тэхн. задач матэм. і логікавага характару. У 1964 асвоены выпуск вылічальнай машыны «Мінск-2» 2-га пакалення (на дыскрэтных паўправадніковых элементах) з павышанай надзейнасцю, адначасовай работай вылічальніка і выхадных прыстасаванняў; мелі агрэгатную канструкцыю, магчымасць мяняць склад прылад і прыстасаванняў. У мадыфікацый вылічальных машын «Мінск-2», «Мінск-22М» прадугледжваўся ўвод-вывад інфармацыі з перфакартаў, перфастужак, магн. стужак, тэлетайпа і інш. Інфармацыйная вылічальная машына «Мінск-23» (выпуск 1965) максімальна прыстасавана для апрацоўкі розных відаў эканам. інфармацыі. У 1969 асвоены выпуск шматпраграмнай вылічальнай машыны «Мінск-32» (аднапрацэсарная выліч. сістэма), якая мела праграмную сумяшчальнасць з вылічальнай машынай «Мінск-22», ахову адной праграмы ў аператыўнай памяці ад другой, магчымасць далучэння вонкавых прыстасаванняў (у т. л.ЭВМ з утварэннем аднароднай выліч. сістэмы) і інш. У 1970-я г. пачаўся выпуск машын 3-га пакалення адзінай сістэмы электронных вылічальных машын — ЕСЭВМ. У 1990-я г. распрацавана і ўкаранёна ў вытв-сць сям’я машын новага пакалення «Мінск-9000». За стварэнне сям’і вылічальных машын «Мінск» групе спецыялістаў з-да, НДІЭВМ і Выліч. цэнтра АН Беларусі прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1970.
М.П.Савік.
Вылічальная машына «Мінск-9000» (ЕС-1230): 1 — перыферыйныя тэрміналы; 2 — стойка цэнтральнага працэсара; 3 — цэнтральны тэрмінал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАТЫ́НСКІ Вінцэсь Аляксандравіч (15.8.1831, в. Селішча Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 7.2.1891),
бел. і польскі паэт, публіцыст. Працаваў хатнім настаўнікам на Навагрудчыне, з 1850 сакратар У.Сыракомлі. У 1862 падарожнічаў па Беларусі з М.Лясковым. З 1866 у Варшаве. Літ. дзейнасць пачаў у 1856. Супрацоўнічаў у віленскіх і варшаўскіх перыяд. выданнях, друкаваў у іх артыкулы пра Беларусь. На польск. мове выдаў паэт.зб. «Чым хата багата, тым рада» (1857), паэму «Таміла» (1858). У 1858 да прыезду ў Вільню Аляксандра II напісаў бел. верш «Уставайма, братцы, да дзела, да дзела» — напамінанне пра існаванне бел. мовы. Падтрымаў дзейнасць А.Вярыгі-Дарэўскага на ніве адраджэння бел. культуры (вершаванае прысвячэнне «Далібог-то, Арцім...»). На бел. мове напісаў элегію «Туга на чужой старане» (1864). Напярэдадні паўстання 1863—64 прычыніўся да стварэння антыцарскіх вершаваных твораў «Гутарка старога дзеда» і «Гутарка двух суседаў». Аўтар гіст.-краязнаўчых нарысаў, артыкулаў пра А.Міцкевіча, І.Дамейку, С.Рысінскага, К. і Я.Тышкевічаў, Р.Зянькевіча. Для «Усеагульнай энцыклапедыі» С.Аргельбранда (т. 1—28, 1859—68) напісаў артыкулы пра бел. гарады Віцебск, Валожын, Слуцк, Стоўбцы і інш.Дэмакр. погляды выявіліся ў паэт. творчасці пра жыццё бел. вёскі дарэформеннага перыяду. Гуманіст. пафас, асаблівасці паэтыкі К. паўплывалі на станаўленне новай бел. л-ры. Пераклаў на польск. мову творы П.Беранжэ, А.Пушкіна, М.Лермантава, Л.Талстога, Г.Гейнэ. Выдаў збор твораў Сыракомлі (т. 1—10, 1872). На бел. мову польск. творы К. пераклалі Р.Баравікова, Р.Барадулін, П.Бітэль, У.Мархель, Г.Тумаш.
Тв.:
Творы. 2 выд.Мн., 1994.
Літ.:
Мальдзіс А. Вінцэсь Каратынскі // Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX ст.Мн., 1969;
Мархель У. «Чым хата багата...» // Мархель У. Крыніцы памяці. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕКімя С.У.Абразцова.
Створаны ў 1931 у Маскве, з 1981 акад., з 1992 імя С.У.Абразцова, які ў 1931—92 узначальваў т-р. Рэпертуар эстр.-канцэртнай, героіка-рамант., сатыр. накіраванасці, разлічаны на дзіцячую і дарослую аўдыторыю. Сярод спектакляў для дзяцей: «Кот у ботах» Г.Уладычынай (1937), «Церам-Церамок» С.Маршака (1940), «Вясёлыя медзведзяняты» М.Паліванавай (1945), «Хітры Вожык» Н.Гернет і Я.Спяранскага (1979), «Маўглі» паводле Р.Кіплінга (1987), «Тыграня Петрык» Гернет паводле Г.Янушэўскай і Я.Вількоўскага (2000), «Братка Трусік» Б.Галдоўскага паводле Дж.Харыса (2003), для дарослых: «Чароўная лямпа Аладзіна» Гернет (1940), «Кароль-алень» Спяранскага паводле К.Гоцы (1943), «Звычайны канцэрт» А.Бондзі і З.Герта (1946, 1952; яго новая рэдакцыя — «Незвычайны канцэрт» Абразцова, Бондзі, З.Папернага, Герта і У.Кусава, 1968), «Боская камедыя» І.Штока (1961), «Шлягер, шлягер, толькі шлягер» А.Хайта (1985), «Геракл» М.Барценева (1994), «Камедыя памылак» У.Шэкспіра (1998), «Вялікі перасмешнік» Галдоўскага і К.Абразцовай па кн. Абразцова «Па прыступках памяці» (2001), «Тыль» Р.Горына (2002) і інш. У трупе т-ра ў розныя гады нар.арт.СССР Герт, нар.арт. Расіі Кусаў, С.Самадур, Спяранскі, засл. арт. Расіі Н.Абразцова, І.Зайцаў, І.Мазінг, Е.Сінельнікава, К.Успенская, рэж. К.Абразцова, Ф.Віёлін, А.Дзеннікаў, маст. Б.Тузлукаў, А.Спешнева. З 1937 пры т-ры працуе музей тэатр. лялек. На фасадзе будынка т-ра ўстаноўлены гадзіннік з заваднымі лялькамі — адна са славутасцей Масквы.
Літ.:
Смирнова Н.И. Театр Сергея Образцова. М., 1971;
Хорт А., Голдовский Б. Не только куклы. М., 2001;
Духанина Л. Кукольное братство двадцатого века // Куклы и театр. М., 2002.
Цэнтральны тэатр лялек імя С.У.Абразцова Гадзіннік на фасадзе будынка тэатра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШРЫФТдрукарскі,
камплект друкавальных літар, неабходных для ўзнаўлення пэўнага алфавіту, лічбаў і знакаў. Ш. адрозніваюць паводле абрысу літар (прамы, нахілены, курсіў), іх шырыні (нармальны, вузкі, шырокі), насычанасці (светлы, паўтлусты, тлусты), рысунка (гл.Гарнітура), памераў (вызначаецца кеглем). Выкарыстоўваецца ў наборнай вытв-сці (гл.Наборныя працэсы).
Наборны Ш. падзяляецца на металічны (літары або радкі тэксту адліты са спец. сплаву — гарту, бывае літара- ці радковаадліўны) і неметал. (фотанаборны, у выглядзе негатыўных або пазітыўных выяў, і дыгітальны, запісаны ў памяціЭВМ у выглядзе лічбавых даных), тэкставы (для набору тэкстаў), тытульны (для набору загалоўкаў, тытульных лістоў, вокладак), акцыдэнтны (для набору малых друкарскіх форм — атэстатаў, дыпломаў, бланкаў), афішна-плакатны. На Беларусі Ш. падзяляюцца па гал. графічных адзнаках (кантрастнасці, наяўнасці і формах засечак) на 6 асноўных і 1 дадатковую групу, а ўнутры кожнай групы — на аднолькавыя па характары рысунка гарнітуры (напр., літаратурную, акадэмічную). Памеры Ш. — ад кегля, роўнага 4 пунктам (каля 1,5 мм), да буйных (афішных) Ш., кегль якіх роўны 15 квадратам (каля 270 мм). Ш. адліваюць на шрыфталіцейных машынах і аўтаматах, захоўваюць у наборных касах.
Першыя друкарскія Ш. створаны на аснове рукапісных (напр., славянарускі — на аснове паўустава). На аснове ўведзенага ў Расіі ў 1708 грамадзянскага шрыфту сфарміраваліся сучасны рус. Ш., бел. і ўкр. алфавітныя сістэмы. У падрыхтоўцы ўзораў Ш. прымаў удзел бел. асветнік І.Ф.Капіевіч.
Літ.:
Справочник технолога-полиграфиста. Ч. 1. Наборные процессы. М., 1981;
Шицгал А.Г. Русский типографский шрифт. 2 изд. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎТАРСКАЯ ПЕ́СНЯ,
від музычна-паэтычнага мастацтва, дзе паэт, кампазітар і выканаўца аб’яднаны ў адной асобе. Аўтарскую песню наз. таксама бардаўскай ці паэтычнай (літаратурнай) песняй, а яе выканаўцаў — бардамі (ад назвы прафес. паэтаў сярэднявечча ў Ірландыі, Уэльсе і Шатландыі).
Бярэ пачатак у творчасці стараж.нар. спевакоў (скальдаў, бардаў, лірнікаў, гусляроў). Сінкрэтычны від мастацтва, дзе сродкі слова, музыкі і артыстычнага майстэрства ствараюць адзін непадзельны маст. вобраз і служаць перш за ўсё выяўленню сэнсу. Крытэрый паэтычнасці дазваляе далучаць да аўтарскай песні і творчасць выканаўцаў.
Як асобны від мастацтва аўтарская песня сфарміравалася на пач. 20 ст. Яе тыповая рыса — паліт. накіраванасць, вызначальная прыкмета — акампанемент гітары. Сярод вядомых выканаўцаў аўтарскай песні ў Францыі — Ж.Брэль, Ж.Беко, Ш.Азнавур. Палітычныя матывы распрацоўвалі ў сваёй творчасці Дж.Хіл, П.Сігер, В.Гатры, Дж.Баэз, Дз.Рыд (ЗША), В.Хара (Чылі). У б.СССР узнікла ў 1950-я г., пераважна сярод інтэлігенцыі, студэнтаў і турыстаў, і выконвала ролю «ціхай» апазіцыі існуючаму рэжыму. Найб. вядомы рас. барды Б.Акуджава і М.Анчараў (пачынальнікі), А.Галіч і У.Высоцкі, творчасць якіх адметная асаблівай публіцыстычнасцю, а таксама А.Гарадніцкі, Н.Матвеева, Ю.Візбар, Ю.Кім, Я.Клячкін, Ю.Кукін, В.Доліна, А.Дольскі, С.Нікіцін і інш. Сярод рускамоўных бардаў Беларусі А.Круп (пачынальнік, старшыня першага буйнога клуба самадз. песні «Свіцязь», 1966), М.Валодзін, Б.Вайханскі, У.Бобрыкаў, А.Казанцава і інш. З прадстаўнікоў беларускамоўнай аўтарскай песні, якая ўзнікла на хвалі нац. адраджэння на пач. 1980-х г., А.Камоцкі і С.Сокалаў-Воюш (пачынальнікі), А.Атаманаў, А.Мельнікаў, В.Цярэшчанка, В.Шалкевіч і інш. З 1960-х г. праводзяцца фестывалі аўтарскай песні (найб. значны — памяці В.Грушына, 1968, г. Самара), на Беларусі з 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОПТАЭЛЕКТРО́НІКА,
галіна электронікі, якая вывучае і выкарыстоўвае ўласцівасці ўзаемадзеяння эл.-магн. хваль аптычнага дыяпазону з электронамі ў цвёрдых, вадкіх і газападобных рэчывах для генерацыі, перадачы, захоўвання, апрацоўкі і адлюстравання інфармацыі. Як самастойная галіна навукі і тэхнікі пачала фарміравацца ў 1960-я г. Грунтуецца на дасягненнях фіз. оптыкі, малекулярнай фізікі, фізікі і тэхнікі паўправаднікоў, лазераў, схематэхнікі і інш.
Умоўна падзяляецца на фатоніку (даследуе метады стварэння прылад захоўвання, перадачы, апрацоўкі і адлюстравання інфармацыі, выяўленай у выглядзе аптычных сігналаў), радыёоптыку (дастасоўвае прынцыпы і метады радыёфізікі да оптыкі) і аптроніку (даследуе метады стварэння аптронных схем — электронных прылад з унутр. аптычнымі сувязямі). Оптаэлектронныя прылады адрозніваюцца неўспрымальнасцю аптычных каналаў сувязі да ўздзеянняў эл.магн. палёў, поўнай гальванічнай развязкай у прыладах з унутр. аптычнымі сувязямі, падвойнай (прасторавай і часавай) мадуляцыяй святла, што дазваляе апрацоўваць вял. масівы інфармацыі. Перавагі оптаэлектронных прылад (у параўнанні з вакуумнымі і паўправадніковымі) грунтуюцца на эл. нейтральнасці квантаў аптычнага выпрамянення (фатонаў), высокай частаце аптычных ваганняў, малой разбежнасці светлавых прамянёў і магчымасці іх дастаткова вострай факусіроўкі.
На Беларусі даследаванні па праблемах О. вядуцца з пач. 1970-х г. у ін-тах фізікі, электронікі, малекулярнай і атамнай фізікі, прыкладной оптыкі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, фіз.-тэхн.Нац.АН, БДУ, БПА, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш. Развіты метады і створаны прыстасаванні для захоўвання, перадачы і апрацоўкі інфармацыі на эл.-аптычных, фотахромных, фотатэрмапластычных і оптавалаконных структурах; развіта тэорыя аптычных хваляводаў і створаны прылады інтэгральнай оптыкі; распрацаваны дыфракцыйныя прыстасаванні з эл. кіраваннем; тэхналогія знакасінтэзавальных індыкатараў на вадкіх крышталях; метады і сістэмы для атрымання відарысаў, аптычнай памяці з выкарыстаннем бістабільнасці паўправадніковых структур, многаканальнай перадачы інфармацыі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗА́НАЎ Алесь (Аляксандр Сцяпанавіч: н. 5.12.1947, в. Сялец Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел.паэт. Вучыўся ў БДУ (1966—68), скончыў Брэсцкі пед.ін-т (1970). Настаўнічаў. З 1972 у газ. «Літаратура і мастацтва», бюлетэні «Родная прырода», у 1974—86 у выд-ве «Мастацкая літаратура». З 1992 працаваў у Нац.-асветніцкім цэнтры імя Ф.Скарыны. У 1994—99 у час. «Крыніца». Друкуецца з 1961. Аўтар паэт.кн. «Адраджэнне» (1970), «Назаўжды» (1974), «Каардынаты быцця» (1976), «Шлях—360» (1981), «Вастрыё стралы» (1988, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1990), «У горадзе валадарыць Рагвалод» (1992), «Дзверы» (Беласток, 1994, з Н.Артымовіч), «Паляванне ў райскай даліне» (1995), «Рэчаіснасць» (1998), «Гліна. Камень. Жалеза» (2000); літ.-крытычных рэфлексій («Медытацыі наўзбоч «Шляху—360», 1981; «Нататкі на дубовых лістах», 1983; эсэ («Жыта і васілёк: Слова пра Максіма Багдановіча», 1997). Сродкамі сучаснай бел. мовы ўзнавіў творы Кірылы Тураўскага, Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, Я.Руцкага, К.Транквіліёна-Стаўравецкага, М.Сматрыцкага, І.Пацея. Як паэт найб. адбыўся ва ўведзеных у бел. паэзію жанравых формах версэтаў, вершаказаў, квантэмаў, пункціраў, зномаў. Творы Р. звернуты да анталагічных праблем — мінулага і сучаснасці, нац.гіст. памяці, асобы і часу, жыцця і смерці, вечнага і часовага, экзістэнцыяльнага сэнсу рэчы і інш. На бел. мову перакладае з груз., літ., балг., сербахарвацкай, швед., славенскай, рус., чэш. і інш. Выдадзена кн. яго перакладаў з ням. паэзіі (Элькэ Э., Гумэльт Н., Кірш С. «Кропка, кропка, працяжнік», 2000).
Тв.:
[Вершы] // 4+4+4: Швед. і бел. паэзія Мн., 1999;
Танец з вужакамі: Выбр.Мн., 1999.
Літ.:
Кісліцына Г.М. Алесь Разанаў: Прабл. мастацкай свядомасці. Мн., 1997;
Гарадніцкі Я. «І верад свой я ў слова пераклаў...»: Эсэ: пра творчасць А.Разанава // Роднае слова. 1992. № 1;
Лявонава Е.А. Плыні і постаці. Мн. 1998;
Верына У.Ю. Эвалюцыя паэтычнай сістэмы А.Разанава // Весн. БДУ. Сер. 4. 2000. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДНАЯ МО́ВА,
мова, на якой асоба мысліць без дадатковага самакантролю, з дапамогай якой лёгка і натуральна выказвае свае думкі ў вуснай і пісьмовай форме, якая служыць падмуркам яго этн. самасвядомасці, нац. самаідэнтыфікацыі. Як форма сац. быцця чалавека адрозніваецца натуральнасцю, нязмушанасцю, лёгкасцю, зручнасцю выкарыстання яе ў розных сітуацыях камунікавання асобы. Р.м. ўласцівы функцыі: мыслення, унутр. маўлення, слоўнага выражэння і афармлення думак і эмоцый, фарміравання і замацавання своеасаблівай моўнай карціны свету, фалькл. і літ.-маст. творчасці, пазнання свету і назапашвання ведаў у памяці, міфатворчасці і інш. Р.м. звязана з духам народа, нац. ментальнасцю, маральнасцю асобы і выконвае сямейныя, працоўныя і інш. грамадскія функцыі. Яна адна з вызначальных рыс сукупнасцей людзей — этнасу, нацыі, народа. Абавязкова і арганічна ўваходзіць у мноства знакавых сістэм, што фарміруюць т.зв. моўную асобу і вызначаюць багацце яе знешніх і ўнутр. зносін, ступень яе ўключанасці ў нац. і сусв. культуру. Роднай наз. і мову тытульнага этнасу, засвоеную з дзяцінства прадстаўніком інш. этнасу, што ўваходзіць у склад нацыі. Пры двухмоўі і шматмоўі — гэта мова штодзённых зносін. Пры дасканалым веданні дзвюх моў і аднолькава лёгкім валоданні імі можна гаварыць пра дзве родныя для асобы мовы. З паняццем Р.м. звязана ўяўленне пра гіст. існаванне этнасу і яго духоўную і матэрыяльную культуру. Р.м. як выраз не строга тэрміналагічны адносіцца не столькі да лінгвістыкі, колькі да сферы нац. псіхалогіі, этн. самаўсведамлення асобнага чалавека і народа. Р.м. можа для чалавека рэальна мець статус дыялектнай гаворкі, мовы асобнага этнасу, мовы маст. л-ры, нац. і дзярж. мовы і інш. Р.м. — аб’ект любові і гонару яе носьбітаў, дзярж. падтрымкі і аховы.
Літ.:
Этническая психология и общество. М., 1997;
Лыч Л.М. Беларуская нацыя і мова. Мн., 1994;
Навуменка Л. Уяўленні беларусаў аб значэнні ўласнай этнічнай належнасці і месца роднай мовы сярод іх // Język a tożsamość na pograniczu kultur, Białystok 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́РАВІЧЫ,
вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., каля р. Прыпяць (1,5 км). Цэнтр сельсавета. За 31 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Калінкавічы, 153 км ад Гомеля; на аўтадарозе Хойнікі—Калінкавічы. 751 ж., 341 двор (2003). Лясніцтва. Сярэдняя школа і школа-сад, б-ка, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, бальніца, аптэка, амбулаторыя, дом-інтэрнат для састарэлых, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў. Археал. помнік Юравічы. Помнік архітэктуры — Юравіцкі касцёл і рэзідэнцыя езуітаў. Мемарыяльны парк на ўшанаванне памяці жыхароў, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Вядома з 1510 як спадчына зямян Сенкі і Федкі Багданавічаў Сярбінавых. У сярэдзіне 16 ст. сяло Ю. прыпісана для ўтрымання Мазырскага дзярж. замка, належала Касцюшковічу, потым С.Аскерку. У антыфеад. вайну 1648—51 разбураны. У 1680 тут заснавана езуіцкая місія. З 1683 мястэчка, якое ў 1683, 1727, 1778 атрымала каралеўскія прывілеі, у т. л. на вольны гандаль і кірмашы. У 1717—55 пабудаваны мураваны касцёл Раства Багародзіцы, куды 5.9.1758 перанесены цудатворны абраз Юравіцкай Маці Божай. З 1793 у складзе Рас. імперыі, цэнтр воласці Мазырскага, з 1802 Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У 1840 у Ю. паштовая станцыя, прыстань, Свята-Троіцкая царква, касцёл, сінагога. У 1845—528 ж. З 1865 у Ю. валасная і мяшчанская ўправы, мужч. нар. вучылішча, у 1875 — жан. вучылішча, у 1890 — бальніца. У 1901 каля 1000 ж. З 11.7.1919 Ю. ў складзе Гомельскай губ. РСФСР. з 6.12.1926 — у БССР, з 8.12.1926 да 8.7.1931 цэнтр Юравіцкага раёна, з 8.7.1931 у Мазырскім, з 3.7.1939 у Калінкавіцкім р-нах. У Вял.Айч. вайну ў 1941 ням. фашысты загубілі ў Ю. 314 жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТЭ́С Сяргей Альбертавіч (н. 18.2.1935, г. Сан-Антоніо, Чылі),
бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1980). У Мінску з 1955. Скончыў Бел. кансерваторыю (1962, клас А.Багатырова). З 1965 заг.муз. часткі Дзярж.рус.т-ра Беларусі, з 1966 — Бел.т-ра імя Я.Купалы, з 1972 муз. рэдактар, гал.муз. рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». З 1991 дырэктар Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі і маст. кіраўнік оперы, з 1996 дырэктар—маст. кіраўнік Нац.акад.т-ра оперы Рэспублікі Беларусь. У яго творчасці тэмы высокага грамадз. гучання, імкненне да філас. асэнсавання рэчаіснасці. Працуе пераважна ў жанрах, заснаваных на сінтэзе музыкі, слова і сцэн. дзеяння. Інстр. музыка вызначаецца праграмнасцю, канкрэтнай вобразнасцю, характарыстычнасцю. Пры выкарыстанні складаных відаў сучаснай кампазітарскай тэхнікі (дадэкафонія, алеаторыка) музыка К. лёгкая для ўспрымання дзякуючы яркасці меладычных вобразаў, апоры на быт. жанры. Сярод твораў: оперы «Джардана Бруна» (паст. 1977), «Матухна Кураж» паводле Б.Брэхта (паст. 1982, Каўнас; запіс на бел. радыё 1988), «Візіт дамы» паводле Ф.Дзюрэнмата (паст. 1995), балет «Апошні інка» (паст. 1990, Гавана); харэаграфічныя мініяцюры «Першыя чайкі» і «В’етнам» (паст. адпаведна 1967 і 1969); араторыі «Памяці паэта» на словы Я.Купалы (1972), «Бай прыдумаў» для хору хлопчыкаў і аркестра на словы Р.Барадуліна (1975); вак.-сімф. паэма «Попел» на словы Э.Межэлайціса (1966); музыка для струнных (1970), канцэрт для фп. з аркестрам «Капрычас» (1969); уверцюра на бел. тэмы для аркестра бел.нар. інструментаў (1972); санаты, сюіты «Казка» і «Кантрасты» для фп.; струнны квартэт (1996); вак. цыклы на вершы А.Вярцінскага, М.Танка («Закон захавання матэрыі»), У.Шэкспіра, Ф.Гарсія Лоркі і інш.; музыка да драм. спектакляў, кіна- і тэлефільмаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1982.
Літ.:
Ауэрбах Л.Д. Белорусские композиторы: Е.Глебов, С.Кортес, Д.Смольский, И.Лученок. М., 1978;
Друкт А.А. Драматургічная канцэпцыя оперы С.Картэса «Джардана Бруна» // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1984. № 1;
Аладава Р.М. Опера С.Картэса «Візіт дамы» ў яе сувязях з літаратурай // Пытанні культуры і мастацтва Беларусі. Мн., 1994. Вып. 13.