ВАЯВО́ДСТВА 1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—18 ст. Узначальвалася ваяводам. Першыя ваяводствы (Віленскае і Трокскае) як ваен.-адм. акругі ўзніклі адразу пасля Гарадзельскай уніі 1413. У пач. 16 ст. на тэр. Беларусі ўтвораны Віцебскае, Полацкае, Новагародскае, Падляшскае, у ходзе адм. рэформы 1565—66 — Берасцейскае, Менскае, Мсціслаўскае ваяводствы. Кожнае мела свой герб і ваяводскія харугвы (штандары). Звычайна ваяводствы падзяляліся на паветы. У 1793 у ваяводствы ператвораны Браслаўскі і Гродзенскі паветы. Ліквідаваны ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795).
2) Адм.-тэр. адзінка ў Польшчы з 14 ст. Землі Зах. Беларусі ў 1921—39 уваходзілі ў Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы. Пра кожнае ваяводства гл. асобны артыкул.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́РНЫ»,
рачная кананерская лодка Пінскай ваеннай флатыліі, якая вызначылася ў пач.Вял.Айч. вайны. Пабудавана ў 1897—98. З 1919 у складзе Дняпроўскай, з 1940 — Пінскай ваен. флатыліі. Мела 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж 51 чал. 11.8.1941 на Дняпры каля с. Тарасаўка Чаркаскай вобл. (Украіна) прыкрыла пашкоджаную кананерскую лодку «Перадавы», пры прарыве да Чаркасаў знішчыла 15 ням. танкаў і некалькі артыл. батарэй. 17—19.8.1941 прарвалася ў Кіеў, 25.8.1941 адбіла налёт 9 ням. бамбардзіроўшчыкаў, але ў час наступнага бою з 18 самалётамі ворага ўзарвана і патанула на Дняпры; экіпаж загінуў.
Літ.:
Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958. С. 50—52, 67—69.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎНАЯ РУ́СКАЯ РА́ДА,
украінская нац.-культ. і паліт.арг-цыя ў Аўстр. імперыі ў 1848—51. Створана ў Львове прадстаўнікамі ўкр. інтэлігенцыі і уніяцкага духавенства ў час рэвалюцыі 1848—49 у Аўстрыі. Мела філіялы. Паводле праграмнага дакумента рады — адозвы да ўкр. народа ад 10.5.1848 — галіцыйскія ўкраінцы ўпершыню афіцыйна абвешчаны часткай укр. народа. Дамагалася нац.-культ. аўтаноміі ўкраінцаў у складзе Аўстр. імперыі, выкладання ў нар. школах на ўкр. мове і інш. Стварыла культ.-асв.т-ва, адкрыла Нар. дом у Львове, правяла з’езд дзеячаў укр. культуры, выдавала першую ў Галіцыі ўкр.газ. «Зоря галицька». Распушчана аўстр. ўладамі.
Літ.:
Косачевская Е.М. Восточная Галиция накануне и в период революции 1848 г. Львов, 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НА, Аўхар,
протадзяржава, якая існавала ў Зах. Афрыцы на тэр. сучасных Маўрытаніі (паўд.ч.) і Малі (зах.ч.) у 4—13 ст. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 8 ст. Сталіца — г. Кумбі-Сале. Этн. аснова — народ санінке. Мела армію ў 200 тыс.чал., у т. л. 40 тыс. лучнікаў. Была буйнейшым пастаўшчыком золата ў краіны Магрыба. Правіцелі Ганы кантралявалі транзітны гандаль золатам і соллю, абкладалі яго высокай пошлінай. У 1076 сталіцу Ганы заваявалі Альмаравіды. У выніку паўстання 1087 краіна вызвалілася, аднак у хуткім часе пачаўся яе распад. У 1240 Гана канчаткова трапіла пад уладу протадзяржавы Малі. Ад гіст. Ганы назва сучаснай дзяржавы Гана.
Літ.:
Куббель Л.Е. «Страна золота» — века, культуры, государства. 2 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЛЁВАЯ ПЛО́ШЧА, рынак,
адна з галоўных плошчаў стараж. гарадоў і мястэчкаў, дзе праходзілі таргі і кірмашы. На Беларусі ўзніклі ў эпоху Кіеўскай Русі з развіццём гар. паселішчаў як цэнтраў рамяства і гандлю. Звычайна размяшчаліся ў гіст. цэнтры горада, часам каля рэк (дзе былі прыстані), прылягалі да замкаў. Гандлёвая плошча была кампазіцыйным цэнтрам сялібнай тэр. гарадоў і мястэчкаў. Мела прамавугольны, радзей трохвугольны шматгранны план, ад яе ў радыяльных напрамках адыходзілі вуліцы, што вялі да гар.брам. У цэнтры плошчы гарадоў размяшчаліся ратушы (нярэдка аб’яднаныя з гандлёвымі радамі), гасціныя двары, у мястэчках — крамы. Перыферыйныя часткі займалі культавыя будынкі, корчмы і аўстэрыі, важніцы, каморы, жылыя дамы рамеснікаў і гандляроў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЛУ́КТА,
у беларусаў бандарная пасудзіна для запарвання бялізны. Звычайна мела кадзепадобную форму, да 1 м у вышыню, на трох ножках (утвараліся даўжэйшымі клёпкамі). Бялізну складвалі ў Ж. і залівалі шчолакам або перасыпалі попелам (найлепшым лічыўся попел бярозавай драўніны), потым залівалі кіпенем. Праз некаторы час ваду злівалі праз адтуліну ў днішчы, якая закрывалася коркам, а бялізну паласкалі ў балеі ці ночвах. Часам у сял. гаспадарцы выкарыстоўвалі і больш архаічны від Ж. — кадаўб, зроблены са ствала дрэва без днішча, які ставілі ў цэбар ці кадку. У сял. побыце Ж. выкарыстоўвалі да сярэдзіны 20 ст.
В.С.Цітоў.
Выдзеўбаная жлукта-кадаўб без дна ў цэбры. Вёска Запярынне Пухавіцкага раёна Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І,
дзесятая літара бел. і некаторых інш.слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай І («і дзесяцярычнае»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай Ι («ёта»). У старабел. пісьменстве абазначала гук «і» найчасцей перад галоснымі і «й» («великій», «пріехати»), Мела лічбавае значэнне «дзесяць». Паралельна з ёй для абазначэння гука «і» выкарыстоўвалася літара И з Н («іжэ»), што ўзнікла на аснове грэка-візант. устаўнай Η («эта»), У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае нелабіялізаваны галосны гук «і» пярэдняга рада верхняга пад’ёму («ніва»), а ў пач. слова, пасля галосных, «ў», «ь» і апострафа — спалучэнне гукаў «йі» («іней — йіней», «краіна — крайіна», «салаўі — салаўйі», «вераб’іны — в’эрабйіны»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПСІЛА́НЦІ (Аляксандр Канстанцінавіч) (12.12.1792, г. Стамбул — 19.1.1828),
дзеяч грэч.нац.-вызв. руху. Князь, ген.-маёр рас. арміі (1817). У вайну 1812 удзельнічаў у бітвах каля Клясціц і Полацка, у час замежных паходаў рас. арміі 1813—14 падпалк. Гродзенскага гусарскага палка І. вызначыўся ў бітвах каля Баўтцэна і Дрэздэна. З 1816 ад’ютант цара Аляксандра І. У крас. 1820 узначаліў грэч. тайнае т-ва «Філікі Этэрыя», якое мела на мэце вызваленне Грэцыі ад асманскага прыгнёту. У лют. 1821 з невял. атрадам уступіў у Малдавію, дзе ўзначаліў антытур. паўстанне, якое стала сігналам да пачатку Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. 19.7.1821 войскі І. разбіты туркамі пад Драгашанамі; уцёк у Аўстрыю, дзе арыштаваны ўладамі. Вызвалены ў 1827.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕДО́НСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,
эпоха тэктагенезу ў канцы ранняга — пач. сярэдняга палеазою, што папярэднічала герцынскай складкавасці. Тэрмін уведзены франц. геолагам М.Бертранам у 1887. Да класічных каледонскіх структур адносяцца Брытанскія а-вы, Скандынавія, Паўн. і Усх. Грэнландыя. Таксама К.с. развіта ў Цэнтр. Казахстане (зах.ч.), Паўн. Цянь-Шані, Паўд.-Усх. Кітаі, Усх. Аўстраліі; уваходзіць у фундамент Заходнесіб. і Заходнееўрап. маладых платформаў. Вял. значэнне К.с. мела ў развіцці Кардыльераў, асабліва Паўд. Амерыкі, Паўн. Апалачаў і інш.Найб. характэрнымі для К.с. з’яўляюцца структурная няўзгодненасць на ніжняй мяжы сілуру або дэвону і намнажэнне магутнай тоўшчы чырванаколерных кантынентальных адкладаў (маласы). З каледонскім тэктагенезам звязаны радовішчы жалеза, тытану, золата, малібдэну, азбесту, тальку, магнезіту і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁС,
у міфалогіі, ірацыяналістычных філас. сістэмах, паўсядзённым усведамленні незразумелая, недаступная розуму, загадкавая прадвызначанасць падзей і ўчынкаў. У старажытнагрэч. міфалогіі ўвасаблялася ў вобразах Мойраў (трох багінь Л.). Стараж. рымляне называлі іх Паркамі і верылі ў няўхільную прадвызначанасць усяго, што адбываецца з чалавекам, у яго фатальнасць. У хрысціянстве і інш. рэлігіях Л. выступае ў выглядзе боскага прадвызначэння, вышэйшай істоты. Некаторыя рэліг. кірункі (каталіцызм, праваслаўе) імкнуцца паслабіць фатальнасць уяўленняў аб Л. пры дапамозе эклектычнага спалучэння ідэі боскага прадвызначэння і свабоды волі асобы. Вера ў Л. з’яўляецца перадумовай узнікнення існавання астралогіі. У канцы 19 ст. паняцце Л. мела пашырэнне ў філасофіі жыцця. У звычайным жыцці Л. азначае долю, жыццёвы шлях, збег абставін.