буйны вакальна-інструментальны шматчасткавы твор урачыстага ці лірыка-эпічнага характару, асобныя часткі якога аб’яднаны агульнай тэмай, сюжэтам. Звычайны склад выканаўцаў К. — спевакі-салісты, хор, аркестр. Выканальніцкім складам, структурай, адсутнасцю сцэн. дзеяння К. набліжаецца да араторыі, але адрозніваецца ад яе менш развітым сюжэтам, больш сціплымі памерамі.
Узнікла ў пач. 17 ст. ў Італіі, да 2-й пал. 18 ст. развівалася ў свецкай і духоўнай формах (І.С.Бах). Пазней зацвердзілася як канцэртны жанр (у творчасці П.Чайкоўскага, С.Танеева, С.Рахманінава, С.Пракоф’ева, Ю.Шапорына, Г.Свірыдава, К.Орфа і інш.).
У бел. музыцы жанр К. інтэнсіўна развіваўся ў разнастайных паводле формы і зместу рэчышчах. З 1920-х г. ва ўсёй гісторыі жанру прасочваецца традыцыя ўвасаблення грамадска значных тэм («Дзесяць год» М.Аладава, «Песня волі» і «Босыя на вогнішчы» Т.Шнітмана). Героіка-патрыят. вобразы знайшлі глыбокае ўвасабленне ў К. «Беларускім партызанам» і «Ленінградцы» А.Багатырова, «Памяці Канстанціна Заслонава» Ю.Семянякі, «Памяці герояў» Р.Суруса. Гісторыя роднага краю, жыццё народа вызначылі вобразны змест К. «Па шляху барацьбы і перамог» Аладава, «За праўду ўстанем» Я.Глебава, «Палі стэпавыя» І.Кузняцова, «Курган» І.Лучанка, «А хто там ідзе?» Р.Пукста, «Забыты Богам край» С.Бельцюкова. К. для дзяцей стварылі У.Алоўнікаў, П.Падкавыраў, С.Картэс, Сурус, Л.Шлег, В.Войцік, Н.Усцінава і інш.Нац. рысы найб. яскрава выяўлены ў К., непасрэдна звязаных з нар. песеннасцю («Беларускія песні» Багатырова, «Казацкія песні» Войціка, «Вянок» Л.Захлеўнага, «Беларускі край» А.Мдывані, «Наш край» Ф.Пыталева, «Трава-мурава» Шлег, «Сваток» Суруса, «Лірычная кантата» Г.Гарэлавай, «Вясковыя святы» В.Кузняцова, «Песні Белай Русі» А.Хадоскі). Паглыбленым псіхалагізмам вобразнага ладу вылучаюцца К. «У год сусветнага пажару» і «Тысяча гадоў надзеі» Гарэлавай, «Начны матылёк» Бельцюкова, «Гукавыя прасторы» і «Euphonia» В.Кузняцова. Па жанравых прыкметах да К. набліжаюцца некат. творы, вызначаныя аўтарамі як паэма, балада і інш.
Літ.:
Хохловкина А.А. Советская оратория и кантата. М., 1955;
Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;
Белорусская музыка 1960—1980 г.Мн., 1997;
Кулешова Г.Г. Белорусская кантата и оратория. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАІ́, Алішэр Наваі Нізамаддзін Мір Алішэр (10.2.1441, г. Герат, Афганістан — 3.1.1501), узбекскі паэт, мысліцель, дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Гераце, Мешхедзе, Самаркандзе. Вучань і сябар паэта А.Джамі. З 1469 служыў пры султане Хусейне Байкары — школьным сябры паэта. У 1472 атрымаў тытул эміра і стаў везірам. На свае сродкі будаваў ірыгацыйныя сістэмы, масты, школы, майстэрні каліграфіі і пераплёту. Як гуманіст выступаў супраць дэспатызму і схаластыкі. Зазнаў ганенне прыдворных вяльможаў. У 1488 пакінуў службу. Яшчэ юнаком стаў вядомы як паэт. Пісаў на перс., стараўзб. і тадж. мовах. Аўтар каля 30 зб-каў вершаў, паэм, празаічных твораў і навук. трактатаў, у якіх адлюстраваў тагачаснае духоўнае жыццё Сярэдняй Азіі. У 1498—99 склаў збор (каля 47 тыс. радкоў) сваіх вершаў у 4 зборніках («Дзівосы дзяцінства», «Рэдкасці юнацтва», «Дзівосы сярэдніх гадоў», «Карысныя парады старасці»), куды ўвайшлі вершы розных лірычных жанраў: газелі (болей за 2600), касыды (оды), страфічныя вершы і інш. У вершах Н. філас. роздум, думка пра чалавека як носьбіта дабрачыннасці або заганы, малюнкі прыроды, багаты гукапіс. Вяршыня яго творчасці — «Пяцерыца» («Хамсе») з 5 паэм: «Неспакой праведных» (1483), «Лейлі і Меджнун», «Фархад і Шырын», «Сем планет» (усе 1484), «Іскандэраў мур» (1485), асн. ідэя якіх услаўленне навукі, разумнага кіраўніка дзяржавы, любоў да бацькаўшчыны, павага да чалавека працы. Аўтар кн. «Пяцерыца ўзрушаных» (1492, прысвечана Джамі), анталогіі «Збор вытанчаных» (1491—92, з характарыстыкай 336 паэтаў 15 ст.), трактата па вершаскладанні «Вагі памераў» (1494), філас. алегарычнай паэмы «Мова птушак», трактата «Спрэчка дзвюх моў» (абодва 1499), філас.-дыдактычнага твора «Каханы сэрцаў» (1500). Паўплываў на развіццё ўзб. і інш. цюркамоўных л-р. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі В.Жуковіч, Я.Міклашэўскі і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Лірыка: Газелі, урыўкі з паэм. Мн., 1993;
Рус.пер. — Соч.Т. 1—10. Ташкент, 1968—70;
Афоризмы. Ташкент, 1991;
Язык птиц. СПб., 1993.
Літ.:
Захидов В. Мир идей и образов Алишера Навои. Ташкент, 1961;
Бертельс Е.Э. Избр. труды. Навои и Джами. М., 1965;
Султан И. Книга признаний Навои: Жизнь и творчество великого поэта со слов его самого и современников: Пер. с узб. Ташкент, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛУГ Адам (сапр.Пяткевіч Антоні Антонавіч; 23.10.1823, в. Замосце Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 2.11.1903),
польскі і бел. пісьменнік, публіцыст. Скончыў Слуцкую гімназію (1842), вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1845—46). З 1831 жыў у в. Жукаў-Барок на Стаўбцоўшчыне, дзе пасябраваў з У.Сыракомлем. Працаваў настаўнікам на Украіне. У 1856 у Мінску сустракаўся з В.Дуніным-Марцінкевічам, С.Манюшкам. За ўдзел у антыўрадавых маніфестацыях зняволены (1864—66, Кіеў). З 1874 у Варшаве. Адзін з арганізатараў бел.літ.-асв. гуртка. У 1879—90 рэдактар час. «Kłosy» («Каласы») і аўтар шматлікіх матэрыялаў пра Беларусь у ім. У 1891—1903 гал. рэдактар «Вялікай усеагульнай ілюстраванай энцыклапедыі», адначасова літ. кіраўнік час. «Wędrowiec» («Вандроўнік», 1894—99), уваходзіў у склад рэдакцыі газ. «Kurjer Warszawski» («Варшаўскі веснік», 1899—1903). Дэбютаваў у 1847. У 1849 напісаў на бел. мове 4 апавяданні і адну легенду (захавалася апавяд. «Кручаная баба», апубл. ў 1918). Першы паэт.зб. «Родны загон» (1854) заснаваны на рэаліях бел. жыцця. У зб. «Каласы з роднай нівы» (1856) фалькл. і хрысц. матывы. Рэаліст. паказ жыцця шляхты ў цэнтры сац. раманаў «Дух і кроў» (1859), «Афіцыяліст» (1866—67) і інш. Аўтар артыкулаў і нарысаў пра культ.жыццё Беларусі («Некалькі ўражанняў з падарожжа на Літву», 1858; «Уладзіслаў Сыракомля», 1862; «Манюшка ў Мінску», 1896, і інш.), вершаваных прысвячэнняў Дуніну-Марцінкевічу і Сыракомлю. Адзін з першых пераклаў на польскую мову творы Дуніна-Марцінкевіча, Г.Гейнэ, В.Гюго, А.Пушкіна, У.Шэкспіра. Творы П. друкаваліся ў Мінску (у зб. «Голас з Літвы», 1859). Сумесна з В.Каратынскім падрыхтаваў выданне «Выбранай паэзіі» Сыракомлі (т. 1—5, 1890). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі П.Бітэль, У.Мархель, К.Цвірка.
Тв.:
Zupełny zbiór pism. Ser. 1—2. T. 1—6. Żytomierz;
Wilno, 1862—63;
Бел.пер. — Кручаная баба // Спадчына. 1992. № 4;
Да Станіслава Манюшкі. Жукаў Барок // Полымя. 1999. №7.
Літ.:
Мальдзіс А. Адам Плуг // Мальдзіс А.І. Падарожжа ў XIX ст.Мн., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПРАВЯДЛІ́ВАСЦЬ,
сацыяльна-палітычнае і маральна-прававое паняцце, звязанае з гістарычна зменлівымі ўяўленнямі аб правах чалавека; роўныя магчымасці ўсіх членаў грамадства ў рэалізацыі сваіх здольнасцей і задавальненні жыццёвых патрэбнасцей; адпаведнасць паміж практычнай роляй чалавека ці сац. групы і іх сац. становішчам, паміж правамі і абавязкамі, заслугамі і іх грамадскім прызнаннем, працай і ўзнагароджаннем, злачынствам і пакараннем. У сац.-паліт. сферы ажыццяўленне прынцыпу С. прадугледжвае фактычнае раўнапраўе грамадзян, у сферы культуры — у стварэнні спрыяльных умоў для далучэння ўсіх членаў грамадства да духоўных каштоўнасцей. Уяўленні пра С. прайшлі эвалюцыю ад ідэй раўнапраўя у межах саслоўя да ўсеагульнай роўнасці сацыяльнай. Пашырэнне спектра С. звязана з рэалізацыяй ідэй дэмакратыі, развіццём паліт. культуры і разуменнем чалавечай асобы як найвышэйшай каштоўнасці грамадства.
Першай спробай тэарэт. асэнсавання С. стала сац.-этычнае вучэнне Платона, які лічыў С. сумай усіх дабрачыннасцей. Ажыццяўленне прынцыпу С. ў грамадстве ён звязваў з добрасумленным выкананнем сваіх абавязкаў членамі аднаго саслоўя і неўмяшаннем у справы іншага. Арыстоцель вылучаў 2 віды С. (размеркавальную і ўраўняльную) і ўпершыню сфармуляваў прынцып прапарцыянальнасці, згодна з якім размеркаванне даброт паміж членамі грамадства павінна быць прапарцыянальным іх дзейнасці. У хрысціянстве паняцце С. звязваецца з ідэяй пасмяротнай адплаты за дабрадзейнае ці грэшнае жыццё. Стварэнне сац. ладу, які б вызначаўся С. пры размеркаванні матэрыяльных і духоўных даброт, выступала асн. ідэяй сацыялістаў-утапістаў (А.Сен-Сімон, Ш.Фур’е, Р.Оўэн). У 20 ст. вызначыліся супрацьлеглыя погляды на праблему С.: адмаўленне магчымасці сац. С. і прызнанне сац. няроўнасці натуральным спосабам існавання грамадства (тэорыя функцыяналізму Э.Дзюркгейма, Э.Мура, тэорыя статусных груп М.Вебера і інш.) і сцвярджэнні, што шляхам мэтазгоднага рэфармавання дзяржавы ці рэвалюцыі сацыяльнай магчыма дасягнуць сац. С. (неамарксізм, дэмакратычны, этычны, кааператыўны сацыялізм, тэорыя сац. дзяржавы і інш.).
Літ.:
Григорьев С.И. Диалог об очень важном: Критич. очерк немарксистских концепций социал. справедливости. Барнаул, 1985;
Ермолина Г.К. Идеал справедливости и действительность. Иваново, 1991;
Свобода и справедливость: Диалог мировоззрений. Н. Новгород, 1993;
Ролз Дж. Теория справедливости: Пер. с англ. Новосибирск, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫЯ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
— Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь, які замацоўвае яе грамадскі і дзярж. лад, прававое становішча асобы, выбарчую сістэму, парадак фарміравання і кампетэнцыю органаў дзярж. улады, прынцыпы яе ўзаемаадносін з грамадствам і грамадзянамі; юрыдычная база ўсяго дзейнага заканадаўства. Яна валодае вяршэнствам у адносінах да ўсіх іншых прававых актаў. Усе законы і падзаконныя акты дзярж. органаў павінны выдавацца на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. У выпадку разыходжання якога-небудзь нарматыўнага акта з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прынята 15.3.1994 на 13-й сесіі Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. 24.11.1996 праведзены рэферэндум, на які былі вынесены 2 праекты абноўленай Канстытуцыі. За праект, прапанаваны Прэзідэнтам, прагаласавала 5 175 664 чал., або 70,5%, за праект Вярх. Савета — 582 437 чал., або 7,9% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. На падставе вынікаў усенар. галасавання ў Канстытуцыю ўнесены істотныя змяненні і дапаўненні (замацаванне прынцыпу вяршэнства права, разнастайнасці форм уласнасці, паліт. плюралізму, пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж Прэзідэнтам, Парламентам і Урадам, суд. абарона грамадзянінам сваіх правоў і свабод, прызнанне прыярытэту прынцыпаў і норм міжнар. права і інш.). Канстытуцыя складаецца з прэамбулы і 9 раздзелаў, якія змяшчаюць 8 глаў і 146 артыкулаў.
У прэамбуле ў канцэнтраванай форме сфармуляваны асн. ідэі і прынцыпы, якімі павінны кіравацца народ і ўлада ў працэсе дзярж. будаўніцтва і грамадскага развіцця: адказнасць за цяперашні стан і будучыню Беларусі, усведамленне сябе паўнапраўным суб’ектам сусв. супольніцтва, неад’емнае права на самавызначэнне, апора на шматвяковую гісторыю развіцця бел. дзяржаўнасці, зацвярджэнне правоў і свабод кожнага грамадзяніна, забеспячэнне грамадз. згоды і непахісных устояў народаўладдзя і прававой дзяржавы.
Раздзел I «Асновы канстытуцыйнага ладу» абвяшчае, што адзінай крыніцай дзярж. улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ, а чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю, мэтай дзяржавы і грамадства. Рэспубліка Беларусь — унітарная дэмакр.сац. прававая дзяржава, якая валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі. Замацоўвае прынцыпы раўнапраўнага існавання дзярж. і прыватнай уласнасці; ажыццяўлення дэмакратыі на аснове разнастайнасці паліт. інстытутаў, ідэалогій і поглядаў, дзейнасці паліт. партый і грамадскіх аб’яднанняў, падзелу дзярж. улады на заканад., выканаўчую і судовую; роўнасці перад законам усіх сац., нац. і іншых супольнасцей, рэлігій і веравызнанняў, дзяржаўнасці бел. і рус. моў.
Раздзел II «Асоба, грамадства, дзяржава» замацоўвае асабістыя, паліт., сац.-эканам. і культ. правы і свабоды грамадзян. права на годны ўзровень жыцця, на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў; права на жыццё, свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы; права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё, свабоду перамяшчэння і выбару месца жыхарства; права на самаст. вызначэнне сваіх адносін да рэлігіі, раўнапраўе жанчын і мужчын ва ўсіх сферах жыццядзейнасці грамадства; свабоду поглядаў і перакананняў, сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў і дэманстрацый; свабоду аб’яднанняў, права ўласнасці, на ўдзел у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы, на працу, на адпачынак, на ахову здароўя, сац. забеспячэнне, на жыллё, на адукацыю, на захаванне сваёй нац. прыналежнасці і карыстанне роднай мовай, на ўдзел у культ. жыцці, на суд. абарону, юрыд. дапамогу. Вызначае абавязкі грамадзян і кожнага чалавека: выконваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, законы і паважаць нац. традыцыі, годнасць, правы, свабоды і законныя інтарэсы іншых асоб, берагчы гісторыка-культ., духоўную спадчыну і інш.нац. каштоўнасці; ахоўваць прыроднае асяроддзе, абараняць Айчыну, праходзіць вайсковую службу. Вызначае адказнасць дзяржавы перад грамадствам і асобай; яе абавязак забяспечыць матэрыяльныя гарантыі і магчымасці для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян.
Раздзел III «Выбарчая сістэма. Рэферэндум» замацоўвае асн. прынцыпы выбарчай сістэмы: усеагульнае, свабоднае, роўнае і прамое выбарчае права пры тайным галасаванні; забяспечвае права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты за грамадскімі аб’яднаннямі, прац. калектывамі і грамадзянамі; вызначае падставы і парадак адклікання дэпутатаў, парадак правядзення рэсп. і мясц. рэферэндумаў, адмены або змены прынятых імі рашэнняў.
Раздзел IV «Прэзідэнт, Парламент, Урад, суд» вызначае статус і паўнамоцтвы Прэзідэнта; парадак фарміравання, склад, кампетэнцыю, формы і метады дзейнасці органаў дзярж. улады і кіравання. Устанаўлівае, што Прэзідэнт з’яўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Прадстаўнічым і заканад. органам з’яўляецца Парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Урад — Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, які з’яўляецца цэнтр. органам дзярж. кіравання. Устанаўлівае структуру суд. улады і прынцыпы ажыццяўлення правасуддзя ў Рэспубліцы Беларусь, кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве, парадак фарміравання і дзейнасці Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь.
Раздзел V «Мясцовае кіраванне і самакіраванне» вызначае кампетэнцыю, парадак стварэння і дзейнасці органаў мясц. кіравання і самакіравання (мясц. Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў, органаў мясц. грамадскага самакіравання і інш.), назначэння кіраўнікоў мясц. выканаўчых і распарадчых органаў.
Раздзел VI «Пракуратура. Камітэт дзяржаўнага кантролю» змяшчае нормы, якія рэгламентуюць дзейнасць органаў пракурорскага нагляду і дзярж. кантролю, устанаўлівае парадак назначэння Ген. пракурора і ніжэйстаячых пракурораў, утварэння Камітэта дзярж. кантролю.
Раздзел VII «Фінансава-крэдытная сістэма Рэспублікі Беларусь» устанаўлівае, што на тэр. Беларусі праводзіцца адзіная бюджэтна-фін., падатковая, грашова-крэдытная і валютная палітыка. Фін.-крэдытная сістэма ўключае бюджэтную сістэму (рэсп. і мясц. бюджэты), банкаўскую сістэму (Нац. банк і інш. банкі), а таксама фін. сродкі пазабюджэтных фондаў, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадзян. Вызначае парадак фарміравання даходаў бюджэту, ажыццяўлення агульнадзярж. расходаў, складання, зацвярджэння і выканання бюджэтаў і дзярж. пазабюджэтных фондаў.
Раздзел VIII «Дзеянне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і парадак яе змянення» вызначае, што Канстытуцыя можа быць зменена рашэннем, прынятым большасцю не менш як 2/3 галасоў ад поўнага складу кожнай з палат Парламента. Змяненні і дапаўненні Канстытуцыі могуць быць праведзены праз рэферэндум, калі за іх прагаласавала большасць грамадзян, унесеных у спісы для галасавання. Раздзелы I, II, IV, VIII Канстытуцыі могуць быць зменены толькі шляхам рэферэндуму.
Раздзел IX «Заключныя і пераходныя палажэнні» вызначае парадак уступлення ў сілу Канстытуцыі, утварэння і фарміравання прадугледжаных у ёй дзярж. органаў. Устанаўлівае, што законы, указы і інш. акты, што дзейнічалі на тэр. Рэспублікі Беларусь да ўвядзення ў дзеянне гэтай Канстытуцыі, прымяняюцца ў частцы, якая не супярэчыць Канстытуцыі.
Кр.:
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь: 1994 г.: (са змяненнямі і дапаўненнямі): Прынята на рэсп. рэферэндуме 24 лістап. 1996 г.Мн., 1997.
Літ.:
Богданович П.Л., Подупейка А.А. Республика Беларусь — унитарное демократическое социальное правовое государство. Мн., 1998;
Василевич Г.А. Конституция Республики Беларусь: (Научно-практ. коммент.). Мн., 2000;
Яго ж. Конституционное право Республики Беларусь. Мн., 2002;
Круглов В.А. Основы права Республики Беларусь. Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МУЖЫ́ЦКАЯ ПРА́ЎДА»
(«Mużyckaia praūda»),
нелегальная рэв.-дэмакр., першая беларускамоўная газета (друкавалася лацінкаю). Выдавалася ў 1862—63 на Гродзеншчыне (апошні нумар, відаць, надрукаваны ў Вільні) К.Каліноўскім з Ф.Ражанскім, С.Сангіным (Сонгіным), В.Урублеўскім. Мела невял. фармат у выглядзе лісткоў і значны тыраж. Выйшла 7 нумароў: № 1—6 (ліп.—снеж. 1862), № 7 (чэрв. 1863); кожны нумар падпісваўся псеўданімам «Яська—гаспадар з-пад Вільні». Захаваліся асобныя нумары-перадрукі (№ 5 і 7), пра што сведчаць пэўныя адрозненні ў тэксце і шрыфце. Распаўсюджвалася па ўсёй Беларусі, у Польшчы, Літве, Латвіі, а таксама ў паўн.-зах. рэгіёнах Расіі. Вызначалася вострай сац. прапагандысцка-агітацыйнай накіраванасцю. Артыкулы пабудаваны ў форме гутаркі, сваім зместам нагадвалі творы тагачаснай рус. л-ры рэв.-дэмакр. кірунку. Разглядала пераважна пытанні зямлі і волі, паліт. і сац.-эканам. няроўнасці, нац. самастойнасці. Праводзіла ідэю ўсеагульнай узбр. барацьбы за лепшае жыццё, вызначала яе шляхі, сцвярджала, што «...мы пазналі, дзе сіла і праўда, і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і свабоду. Возьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржымся разам!» (№ 1). Паслядоўна выступала з крытыкай антынар. царскага маніфеста 1861, адзначала, што «ніякай у ім няма праўды, няма з яго для нас ніякай карысці» (№ 1). Выкрываючы грабежніцкі характар сял. рэформы 1861, адзначала, што народу патрэбны не маніфест, а рэальная воля, і не тая, «якую цар схоча даці, но якую мы самі, мужыкі, паміж сабою зробімо» (№ 3). Адстойвала права бел. народа самастойна вырашаць свой лёс, атрымліваць адукацыю, выдаваць падручнікі на роднай мове. Закранала пытанні існавання розных канфесій, больш прыхільна ставілася да уніяцтва, з асуджэннем — да праваслаўя, якое выражала інтарэсы царскіх улад (№ 6). Выказвала негатыўныя адносіны да тагачаснай сістэмы рэкруцкіх павіннасцей тэрмінам у 25 гадоў. Асобныя пытанні (паходжанне прыгоннага права, існаванне канфесій) трактаваліся ў газеце спрошчана, аднабакова. Мова «М.п.» глыбока народная, эмацыянальна-вобразная, насычаная фалькл. сімволікай, маст. тропамі (эпітэтамі, метафарамі, параўнаннямі), узбагачаная новымі лексемамі і паняццямі; у ёй вытокі публіцыстычнага жанру, што пачынаў развівацца ў новай бел. л-ры.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988;
К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;
Жыві ў свабодзе: Кн. пра Каліноўскага. Мн., 1996;
Каліноўскі К.: За нашую вольнасць: Тв., дак. Мн., 1999.
Літ.:
Лушчыцкі І.Н. Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палавіне XIX ст.Мн., 1958;
Смирнов А.Ф. «Мужицкая правда» // Восстание 1863 г. и русско-польские революционные связи 60-х гг.М., 1960;
Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст.Мн., 1960;
Баршчэўскі А. Агляд публіцыстычна-літаратурнай спадчыны Кастуся Каліноўскага // Навукова-літаратурны зборнік і беларускі каляндар 1961. Беласток, 1960;
Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
Маляўка М.А. Аб ідэйна-тэматычным і структурным адзінстве «Мужыцкай праўды» // Беларуская літаратура. Мн., 1979. Вып. 7;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ РАЁН.
На Пд Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,6 тыс.км². Нас. 21,1 тыс.чал. (1998, без г. Мазыр). Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Мазыр. Уключае 93 сельскія населеныя пункты, 10 сельсаветаў: Асавецкі, Барбароўскі, Каменкаўскі, Козенскі, Крынічны, Махнавіцкі, Міхалкаўскі, Прудкоўскі, Скрыгалаўскі, Слабадскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Тэрыторыя раёна размешчана пераважна ў межах Мазырскага Палесся, паўн. ўскраіна — Прыпяцкага Палесся. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, 77% яе вышэй за 150 м, найвыш. пункт 221 м на Мазырскай градзе (паміж вёскамі Бабры і Бабраняты). Агульны нахіл з ПнЗ на ПдУ, да даліны р. Прыпяць. Карысныя выкапні: каменная соль, торф, пяскі, гліны і суглінкі, мінер. фарбы, буры вугаль, крыніца мінер. вады. Сярэдняя т-растудз. -6,4 °C, ліп. 18,8 °C. Ападкаў 600 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. Найб. рэкі Прыпяць з прытокамі Трэмля, Іпа, Ненач, Мытва; р. Чэрцень (прыток р. Славечна). Лешнеўскае вадасховішча. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (48,2%), поймавыя (алювіяльныя, 22,4%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (18%), тарфяна-балотныя (7,2%). Пад лесам 53,3% тэрыторыі. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, дубовыя, чорнаальховыя. Найб. лясістасць на З раёна. Пл. балот 14,2 тыс. га, з іх асушана 11,2 тыс. га. Найб. балоты: Майсееўскае, Скалодзінскае, Махнавіцкае, Чэрцень. Ландшафтны заказнік рэсп. значэння Мазырскія Яры. Помнікі прыроды мясц. значэння: валуны «Каменныя быкі» каля пас. Крынічны, дубровы ў Асавецкім, Слабадскім, дуброва і хвойнік у Мазырскім лясніцтвах; бат. мікразаказнікі Белая, Стрэльскі-2, Раманавічы, Качуры.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 43,6 тыс. га, з іх асушаных 11,2 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 13 калгасаў, 4 саўгасы, 14 фермерскіх гаспадарак, Мазырская агароднінная ф-ка (в. Каменка) і птушкафабрыка (в. Ляхаўцы), сортавыпрабавальная станцыя і эксперым. база «Крынічная», Палеская с.-г. доследная станцыя Акадэміі агр.навук.Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля, вырошчванне збожжа, бульбы, кармавых культур, рапсу, агародніны, насенняводства. Прадпрыемствы горназдабыўной, дрэваапр., буд. матэрыялаў, лёгкай і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзіць чыг. Калінкавічы—Оўруч. Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі з Калінкавічамі, Оўручам, Нароўляй, Лельчыцамі, Петрыкавам, Ельскам, Хойнікамі. Суднаходства па р. Прыпяць. У раёне 11 сярэдніх, 9 базавых, 5 пач., 3 муз., дзіцячая спарт. школы, 21 дашкольная ўстанова, 34 дамы культуры і клубы, 33 б-кі, 4 бальніцы, паліклініка, амбулаторыя, 25 фельч.-ак. пунктаў. Філіял Бел.дзярж.маст. музея ў в. Гурыны. Арх. помнікі: сядзіба (19 ст.) у в. Барбароў; капліца (часткова разбурана) і абеліск (1897) у памяць аб мітрапаліце Макарыю ў в. Скрыгалаў. Выдаецца газ. «Жыццё Палесся».
Літ.:
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мазыра і Мазырскага р-на. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТВО́РЧЫ КІНАПАРТРЭ́Т,
жанр дакументальнага кіно, які мае на мэце раскрыць унікальнасць асобы творцы і паэтыкі яго твораў; адзін з вядучых жанраў дакумент. кіно. Яго асаблівасць — у дакумент. фіксацыі герояў фільма і адначасова ў іх аўтарскай трактоўцы сродкамі экраннай мовы: пераважна буйныя планы, ракурсы. асвятленне, мантажныя спалучэнні, рытм камеры, паказ герояў у рэальным асяроддзі. У сусв. кінематографе як жанр пачаў развівацца з пач. 1930-х г.
Першы кінапартрэт у бел. кіно — фільм «Народны паэт» (1952, рэж. Ю.Тарыч) да 70-годдзя Я.Коласа. У бел. кінамастацтве 1950—60-х г. ствараліся пераважна партрэты ўдзельнікаў вайны і герояў працы. Як жанр сцвердзіўся ў 1960-я г., асн. ўвага рэжысёрамі-дакументалістамі аддаецца дзеячам бел. культуры. Т.к. створаны ў аб’яднаннях «Летапіс» («Беларусьфільма»), «Тэлефільм» (Бел. тэлебачання), у «Белвідэацэнтры». Сярод іх: партрэты мастакоў — В.Бялыніцкага-Бірулі («Час цішыні», 1971, рэж. І.Гаско; «Вяртанне ў рай», 1999, рэж. В.Шышоў), Ф.Тулава («Таямніца часу», 2000, рэж. А.Суханава), Я.Драздовіча («Язэп Драздовіч», 1988, рэж. С.Гайдук; «Фантазіі Драздовіча», 1997, рэж. С.Агеенка), М.Шагала («Мой пачатак», 1998, рэж. Н.Гаркунова), М.Савіцкага («Апаленая памяць», 1974, рэж. А.Канеўскі; «Доўг памяці», 1982, рэж. Б.Гарошка; «Міхаіл Савіцкі», 1992, рэж. С.Жыткевіч; «Крыж надзеі», 1997, рэж. В.Шавялевіч; «На фоне стагоддзя», 2001, рэж. Гаркунова), М.Селешчука («Мастак Мікалай Селяшчук», 1992, рэж. Шавялевіч; «Сны вяртання», 1998, рэж. Дз.Міхлееў), А.Кішчанкі («Аляксандр Кішчанка. Гульні генія», 1995, рэж. Я.Росцікаў), Я.Ігнацьева («Дрэва за акном. Мастак Яўген Ігнацьеў», 1999, рэж. М.Якжэн), І.Ахрэмчыка («Іван Ахрэмчык у часе», 1998, рэж. Агеенка), П.Масленікава («На зямлі і ў нябёсах. Павел Масленікаў», 2000, рэж. Агеенка), Н. і Г. Паплаўскіх («Як цяжка паўтарыць жывую прыгажосць», 1979, рэж. А.Чакмянёў; «Наталля і Георгій», 2001, рэж. В.Скварцова), Л.Шчамялёва («Мастак Леанід Шчамялёў», 1998, рэж. Ю.Марухін); музыкантаў — А.Багатырова («Душа мая, элізіум ценяў», 1998, рэж. С.Галавецкі), Я.Глебава («Партрэт», 1978, «Яўген Глебаў: Васемнаццаць гадоў пазней», 1995, рэж. абодвух С.Лук’янчыкаў; «Фантазіі на тэму...», 1981, «Урыўкі з ненапісанага. Яўген Глебаў», 1999, рэж. абодвух У.Арлоў; «Майстар», 2001, рэж. М.Жданоўскі), І.Лучанка («Песні Ігара Лучанка», 1972, рэж. В.Басаў; «Ігар Лучанок», 1989, рэж. Б.Бахціяраў); рэжысёраў і акцёраў бел.т-ра і кіно — Я.Міровіча («Праз усё жыццё», 1978, рэж. Жданоўскі), У.Галубка («Уладзіслаў Галубок», 1982, рэж. Жданоўскі), М.Яроменкі-старэйшага («Антракт». 1989, рэж. В.Сукманаў; «Нерастрачаны час», 1996, рэж. М.Князеў), Р.Янкоўскага («Маналог з адступленнямі». 1987, рэж. Л.Гедравічус); Г.Гарбука («Маналогі за кадрам», 1991, рэж. У.Цяслюк); В.Манаева («Нясыграная роля», 1999, рэж. Гаркунова).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-ДЖЭ́РСІ (New Jersey),
штат на У ЗША. Пл. 20,3 тыс.км². Нас. 8053 тыс.чал. (1997). Адм. ц. — г. Трэнтан. Найб. горад Ньюарк. Паўд.ч. штата ў межах забалочанай Прыатлантычнай нізіны, на Пн адгор’і Апалачаў. Клімат умераны, марскі. Т-ра паветра ад 1 °C у студз. да 23—25 °C у ліп. Ападкаў каля 1000 ммза год. Пераважае культ. расліннасць, у гарах захаваліся шыракалістыя лясы. Адзін з найб. урбанізаваных, густанаселеных і эканам. развітых штатаў ЗША. Тэр. штата ўваходзіць у агламерацыю Вял. Нью-Йорка (Пн) і Філадэльфіі (ПдЗ). Маш.-буд., у т. л. авія- і суднабудаванне, вытв-сцьпрамысл. абсталявання, зборка аўтамабіляў, электратэхн., электронная; паліграф., сілікатна-керамічная, хім., нафтаперапр., фармацэўтычная, тэкст., швейная прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў, каляровая металургія (выплаўка медзі і цынку), металаапрацоўка. Вытв-сць тэлекамунікацыйнага і біятэхнал. абсталявання. Вылучаецца разнастайная харч.прам-сць, у т. л. кандытарская. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Вырошчваюць памідоры, ягады, перац, сою. Малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля. Парнікова-цяплічныя гаспадаркі, аранжарэі, гадавальнікі. Садоўніцтва (персікі, вішня). Прамысл. кветкаводства. На Пд на асвоеных балотах вял. плантацыі буйнаплодных журавін. Марское рыбалоўства. Узбярэжжа — раён курортаў, шмат атэляў і казіно. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі.
Першымі еўрапейцамі, якія ў 1524 з’явіліся на тэр. штат, былі італьянцы і партугальцы. У 1617 галандцы заснавалі тут сваю калонію. Тэр. ўздоўж р. Дэлавэр засялілі шведы. У 1655 Н.-Дж. далучаны да галандскіх Новых Нідэрландаў. У 1664 акупіраваны англічанамі, сюды пачалі перасяляцца англ.квакеры. З 1676 частка Н.-Дж. (з 1682 поўнасцю) стала ўладаннем У.Пена. З 1702 каронная зямля. У час вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83тэр. штата — месца ваен. дзеянняў: бітвы каля Трэнтана (1776), Прынстана (1777), Монмута (1778). З 1787 штат ЗША. У 19—20 ст. пачалася новая хваля еўрап. іміграцыі, у т. л. беларусаў.
Беларусы ў Нью-Джэрсі. Масавая эміграцыя сялян з Беларусі ў Н.-Дж. пачалася ў канцы 19 ст. У 1910-я г. некалькі бел. сем’яў далучыліся да слав. калоніі ў Хантэрдоне. У 1912 беларусы заснавалі ў Вайнлендзе птушкафабрыку, а пазней на гэтых землях рассяліліся больш за 300 сялян-беларусаў. У 1920—30-я г. яны ўваходзілі ў рас. арг-цыі: Рускае нар.т-ва ўзаемадапамогі ў Амерыцы, Амерыкана-рус.т-ва ўзаемадапамогі і інш.Вял. колькасць беларусаў пасялілася ў Н.-Дж. пасля 2-й сусв. вайны, найб. кампактна — у акругах Мідлсекс, Юніён, Самерсет, Гудзон, Пасейік; стварылі свае асяродкі ў г. Саўт-Рывер, Пасейік, Нью-Брансуік. У штате існуе больш за 20 бел. грамадскіх арг-цый, у т. л. аддзелы Беларуска-амерыканскага задзіночання ў Нью-Брансуіку, Бел. каардынацыйнага к-та Амерыкі, Бел. жаночага згуртавання ў Амерыцы, Бел.-амер. студэнцкага аб’яднання (усе ў Саўт-Рыверы), Саюза бел.-амер. моладзі ў Пасейіку, Саўт-Рыверы, Нью-Брансуіку, Арганізацыі беларуска-амерыканскай моладзі, Згуртавання беларуска-амерыканскіх ветэранаў і інш. Штат быў месцам правядзення 6-й (1964), 12-й (1976), 15-й (1982) і 20-й (1992) Сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі (усе ў Нью-Брансуіку); I і II кангрэсаў беларусаў Амерыкі (Саўт-Рывер), Бел. фестываляў (1976, 1977, 1979). Рэліг.жыццё беларусаў штата сканцэнтравана вакол парафій Бел. аўтакефальнай правасл. царквы (Жыровіцкай Божай Маці ў Нью-Брансуіку, св. Троіцы ў Дораце, св. Ефрасінні Полацкай у Саўт-Рыверы). З 1974 у Саўт-Рыверы праводзяцца штогадовыя выстаўкі твораў мастакоў і нар. умельцаў. У штаце жывуць мастакі Т.Стагановіч, В.Шудзейка, Н.Кудасава, Н.Русак, І.Рагалевіч, Л.Махнюк і А.Махнюк. Створаны маст. калектывы: жаночы хор «Каліна», ветэранскі хор, некалькі аркестраў. Выходзілі газеты і часопісы «Беларуская трыбуна», «Шыпшына», «Беларус у Амерыцы», «Царкоўны сьветач», «Беларуская думка» і інш. З 1960 дзейнічае Бел. выдавецкае т-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НЧАНКА Пімен Емяльянавіч (23.8.1917, г. Талін — 2.4.1995),
бел.паэт.Нар. паэт Беларусі (1973). Ганаровы акадэмік Нац.АН Беларусі (1994). Скончыў пед. курсы ў Бабруйску (1934), Мінскі пед.ін-т (1939). У 1933 працаваў рабочым у Бабруйску. З 1934 настаўнічаў на Магілёўшчыне. З 1939 у Чырв. Арміі, удзельнік вызвалення Зах. Беларусі (вер. 1939). У Вял.Айч. вайну спец. карэспандэнт армейскіх і франтавых газет. З 1946 заг. аддзела час. «Вожык», з 1948 заг. аддзела, нам.гал. рэдактара газ. «Літаратура і мастацтва». З 1953 гал. рэдактар альманаха «Советская Отчизна», з 1958 — час. «Маладосць». У 1966—71 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1934. У першых зб-ках «Упэўненасць» (1938), «Вераснёвыя сцягі» (1940) настрой і пачуцці яго пакалення — рамантычна-ўзнёслыя парыванні, летуценні маладосці і кахання, трывога ў прадчуванні нарастаючай пагрозы вайны. У зб-ках «Табе, Беларусь» (1942), «Дарога вайны» (1943), «Далёкія станцыі» (1945) горыч расстання з Беларуссю, вера ў яе вызваленне, героіка нар. змагання вызначаюць унутр. напружанне, палымянасць лірычнага перажывання паэта. Шырока выкарыстоўваў фалькл. вобразы і прыёмы. Вершы ваен. часу («Краіна мая», «Будуць вечна сады расцвітаць...», «Сінія касачы», «Дзеці вайны», «Герой» і інш.) спалучаюць адухоўленыя, чыстыя, светлыя малюнкі жыцця, задушэўныя перажыванні з драм., нярэдка па-баладнаму сціслым і ёмістым паказам ваен. выпрабаванняў. Уражанні ад знаходжання з сав. войскамі ў Іране (1944—45) сабраны ў патрыят. цыкле «Іранскі дзённік» (1944—47). У зб-ках «Гарачыя вятры» (1947), «Вершы» (1948), «Прысяга» (1949), «За шчасце, за мір!» (1950), «Вершы і паэмы» (1952), «Шырокі свет» (1955) тэма мірнай працы, суровая памяць вайны, услаўленне прац. энтузіязму, імкненне да сац. значнасці і дзейснасці паэзіі. Вынік паездак у ЗША і інш. краіны — зб-кі «Кніга вандраванняў і любові» (1959), «Нью-Йоркскія малюнкі» (1960), «Тысячы небасхілаў» (1962), «Чатыры кантыненты» (1964). Сведчаннем творчай сталасці з’яўляюцца зб-кі «Пры святле маланак» (1966, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1968), «Снежань» (1972), «Крык сойкі» (1976), «Вячэрні цягнік» (1977), «Дзе начуе жаўранак» (1979, у пер. на рус. мову, Дзярж. прэмія СССР 1981), «Маўклівая малітва» (1981), «Лясныя воблакі» (1985) і інш., дзе найб. поўна рэалізаваліся магчымасці і выявіліся лепшыя рысы таленту П. Яго паэзія псіхалагічна чуйная, незвычайна багатая на рэаліі жыцця і чалавечыя адносіны, павернута да штодзённых спраў, прасякнута людскімі клопатамі і трывогамі, раскрывае свет сучасніка — грамадзяніна і патрыёта, які жыве напружана, дзейна. Паэт ярка выражанага грамадзянска-публіцыст. тэмпераменту, глыбока ўражлівы, па-маладому няўрымслівы; ён усё жыццё працягваў змаганне за маральна-этычную вартасць і сутнасць чалавечай асобы, занац. свядомасць, мову і культуру беларусаў. З сярэдзіны 1980-х г. яго творчасць вылучаецца публіцыст. адкрытасцю, трыбуннасцю, вастрынёй прамаўлення, сатыр. пафасам і адначасова застаецца па-ранейшаму глыбока лірычнай, уражлівай, чуйнай да чужога болю (кн. «І вера, і вернасць, і вечнасць», 1986; «Горкі жолуд», 1988; «Высокі бераг», 1993). У пасмяротную кнігу паэзіі розных гадоў «Зямля ў мяне адна» (1996) увайшла і напісаная ў гады вайны паэма «Вандраванне ў нянавісць». Аўтар лірычных паэм «Беластоцкія вітрыны» (1940), «Маладосць у паходзе» (1946), «Патрыятычная песня» (1957, Літ. прэмія імя Я.Купалы 1959) і інш. Выступаў як крытык: кн. «На паэтычным небасхіле» (1977) і «Высокі бераг» (1993) у якіх змешчаны артыкулы, эсэ, успаміны пра Я.Купалу, Я.Коласа, А.Куляшова, А.Фадзеева і інш., пра падзеі літ. жыцця. Пераклаў на бел. мову асобныя творы А.Міцкевіча, М.Нагнібеды, Я.Райніса, А.Суркова, Ф.Шылера і інш.
Тв.:
Зб. твораў. Т. 1—3. Мн., 1967—71;
Зб. твораў. Т. 1—4. Мн., 1981—83;
Млечны шлях. Мн., 1980;
Неспакой. Мн., 1988;
Выбранае: Вершы. Паэма. Мн., 1993.
Літ.:
Лазарук М.А. Пімен Панчанка. Мн., 1959;
Бярозкін Р.С. Пімен Панчанка. Мн., 1968;
Гілевіч Н. Іменем чалавечнасці // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;
Бечык В. Хвалявацца за ўсіх і ўсё... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Стральцоў М. Пімен Панчанка: (Фотаальбом). Мн., 1987.