КАРНА́К (стараж.-егіп. Іпет-Ісут),

комплекс храмаў 20 ст. да н.э. — канца 1-га тыс. да н.э. на тэрыторыі стараж. г. Фівы і гал. дзярж. свяцілішча ў перыяд Новага царства ў Егіпце. Вылучаўся складанай планіроўкай гіганцкіх арх. мас, пышным убраннем. Храм бога Амона-Ра (16—12 ст. да н.э., дабудоўваўся ў эліністычны і рым. перыяды) — чаргаваныя па падоўжнай восі вял. і малыя залы, двары з рознымі па часе ўзвядзення капэламі і храмікамі. Гал. славутасць К. — грандыёзная шматкалонная гіпастыльная зала з каляровымі рэльефамі на сценах і калонах. Кожны вял. буд. перыяд завяршаўся ўзвядзеннем вакол храма сцяны з 2 пілонамі на фасадзе, фланкіраванымі статуямі і абеліскамі. У комплексе храмы бога Хансу (12 ст. да н.э.), багіні Мут (16—15 ст. да н.э.), алея сфінксаў. Сярод дойлідаў К. — Аменхатэп Малодшы.

Калоны гіпастыльнай залы ў Карнаку.

т. 8, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРО́САС (Іонас Пятровіч) (20.3.1912, Вільня — 3.4.1975),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, журналіст. Засл. дз.

культ. Літ. ССР (1962). З 1930 сакратар Літоўскага бюро ЦК КПЗБ, рэдактар нелегальных камуніст. выданняў «Barikada» («Барыкада»), «Bediãvis» («Бязбожнік»), легальнай газ. «Žinios» (Паведамленні»), літ.-маст. выданняў. У 1932, 1934—35 зняволены польск. ўладамі ў турму. У 1940—41 рэдактар польскай газ. «Prawda Wileńska» («Віленская праўда»). У 1942—44 у 16-й Літ. дывізіі Чырв. Арміі. З 1944 нам. рэдактара літоўскай газ. «Tiesa» («Праўда»), з 1955 гал. рэдактар час. «Komunistas» («Камуніст»). З 1959 старшыня праўлення Саюза журналістаў Літ. ССР і сакратар праўлення Саюза журналістаў СССР. З 1961 гал. рэдактар час. «Mosklas ir gyvenimas» («Навука і жыццё»). Аўтар успамінаў і прац па гісторыі рэв. руху ў Зах. Беларусі, у т. л. «Гавораць камяні Вільнюса» (1963), «Бурныя вёсны» (т. 1—2, 1978—79).

т. 8, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ,

помнік архітэктуры сталага барока. Пабудаваны ў г. Клецк Мінскай вобл. па фундацыі С.​К.​Радзівіла, Е.​Булгака і А.​Сангушкі. Касцёл Звеставання Маці Божай узведзены ў 1683. Будынак цагляны. Неф (у плане выцягнуты прамавугольнік) і алтарная апсіда з паўцыркульным завяршэннем накрыты высокім агульным дахам. З Пн невял. сакрысція. Гал. фасад вырашаны як аб’ёмная 2-вежавая пласціна і падзелены карнізам на 2 роўныя па вышыні часткі. Масіўныя чацверыковыя вежы спачатку завяршаліся пакатымі, потым высокімі 4-схільнымі шатрамі (вярхі разбураны), тарэц даху закрываўся трохвугольным франтонам, па вышыні амаль роўным з вежамі. Фасады рытмічна расчлянёны шырокімі пілястрамі, пластыка гал. фасада ўзбагачана нішамі, франтончыкамі, скульптурай і лепкай. Значна пашкоджаны перабудовамі. Пераабсталяваны пад правасл. царкву. 2-павярховы будынак кляштара ўзведзены ў 1784—1810. У 1832 кляштар зачынены.

Т.​В.​Габрусь.

Клецкі касцёл дамініканцаў.

т. 8, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́СГАФТ (Пётр Францавіч) (3.10.1837, С.-Пецярбург — 11.12.1909),

расійскі педагог, анатам і ўрач, адзін з заснавальнікаў школьнай гігіены і ўрачэбнапед. кантролю ў фіз. выхаванні. Д-р медыцыны (1865), хірургіі (1868). Скончыў Медыка-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1861). Працаваў ва ун-тах Пецярбурга, Казані, у Гал. упраўленні ваенна-навуч. устаноў. Выступаў за развіццё нар. адукацыі, у т. л. жаночай. У 1896 стварыў Курсы выхавальніц і кіраўніц фіз. выхавання, на базе якіх у 1919 адкрыты Дзярж. ін-т фіз. адукацыі імя Л. (Ін-т фіз. культуры імя Л.). Гал. прынцып адукац. тэорыі Л. — адзінства фіз. і разумовага развіцця чалавека. Сістэму накіраваных практыкаванняў разглядаў як сродак фіз., разумовага, маральнага і эстэт. выхавання.

Тв.:

Собр. пед. соч. Т. 1—5. М., 1951—54;

Избр. пед. соч. М., 1988.

Літ.:

Шабунин АВ. П.​Ф.​Лесгафт (1837—1909). М., 1982.

т. 9, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛІКАЎ (Піліп Іванавіч) (16.7.1900, в. Барысава Курганскай вобл., Расія — 29.7.1980),

савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1961). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1933). У арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны, паходу Чырв. Арміі ў Зах. Украіну (1939). Чл. Ваен. савета БВА (1938). З ліп. 1940 нам. нач. Генштаба, кіраўнік сав. ваен. місіі ў Англіі і ЗША. У Вял. Айч. вайну з кастр. 1941 на фронце: каманд. 10-й і 4-й арміямі, войскамі Бранскага і Варонежскага франтоў. Са жн. 1942 каманд. 1-й гв. арміяй і нам. каманд. войскамі Паўд.-Усх. і Паўн.-Зах. франтоў, з кастр. 1942 каманд. войскамі Варонежскага фронту. У 1943—50 нач. Гал. ўпраўлення кадраў. З 1958 нач. Гал. палітупраўлення Сав. Арміі і ВМФ, з 1962 ген. інспектар Мін-ва абароны СССР. Аўтар успамінаў «Чырвоныя арлы» (1959), «У Маскоўскай бітве» (1967).

т. 5, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАЯ ШАТЛА́НДЫЯ (англ. Nova Scotia, франц. Notivelle Écosse),

правінцыя на ПдУ Канады. Займае п-аў Новая Шатландыя і в-аў Кейп-Брэтан. Пл. 54,6 тыс. км². Нас. каля 1 млн. чал. (1998), гал. чынам англа-канадцы. Адм. і прамысл. цэнтр, гал. порт — г. Галіфакс. Паверхня нізінная, узгорыстая, на в-ве Кейп-Брэтан месцамі нізкагорная (да 532 м). Сляды стараж. зледзянення. Клімат умераны, вільготны, ападкаў да 1200 мм за год. Рэкі кароткія, мнагаводныя, з парогамі і вадаспадамі; шмат азёр. Захаваліся хваёвыя лясы з дамешкамі клёна і бярозы. Радовішчы барыту, каменнага вугалю, кухоннай солі. Найб. развіты чорная металургія, нафтаперапрацоўка, коксахімія, трансп. машынабудаванне, харч. (пераважна рыбакансервавая), цэлюлозна-папяровая, дрэва-апрацоўчая прам-сць. ГЭС. З-ды па вытв-сці цяжкай вады. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу (агародніцтва, сеяныя травы, малочная жывёлагадоўля). Садоўніцтва (яблыкі экспартуюцца). Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.

т. 11, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКАЯ ГАЛЕРЭ́Я рэспубліканская Беларускага саюза мастакоў. Адкрыта ў 1973 у Мінску, да 1991 наз. Палац мастацтваў. Мае 3 выставачныя залы — жывапісу (пл. 1450 м²), графікі (пл. 670 м²), дэкар.-прыкладнога мастацтва (пл. 500 м²), вестыбюль з антрэсолямі (пл. 745 м², выкарыстоўваецца для экспазіцый), канферэнц-залу (на 100 месцаў). Невял. дворык з дэкар. вадаёмамі і малымі арх. формамі з’яўляецца дадатковай экспазіцыйнай плошчай для скульптуры і керамікі пад адкрытым небам. Прызначана для правядзення перыяд. выставак (персанальных, групавых, рэсп., замежнага мастацтва) і прапаганды мастацтва.

Пабудавана паводле праекта арх. С.​Мусінскага, Н.​Краўковай. 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак, асіметрычны гал. ўваход якога падкрэслены вял. казырком. Пілоны падтрымліваюць гал. верхні аб’ём, прарэзаны жалезабетоннымі рэбрамі і падзелены на 2 часткі: ніжняя абліцавана керамічнай пліткай. верхняя мае стужачнае шкленне і завяршаецца вельмі высунутым карнізам.

Б.​А.​Крэпак, А.​А.​Воінаў (архітэктура).

Мастацкая галерэя рэспубліканская.

т. 10, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАМЕ́ДАЎ (Мехты Асадула аглы) (22.5.1918—1985),

азербайджанскі рэжысёр. Нар. арт. Азербайджана (1958). Нар. арт. СССР (1974). Д-р мастацтвазнаўства. Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1941). З 1945 працаваў (з перапынкамі) у Азербайджанскім т-ры імя М.​Азізбекава (у 1960—63 гал. рэжысёр), у 1956—60 гал. рэжысёр Азербайджанскага т-ра оперы і балета імя М.​Ахундава (абодва ў Баку). З 1960 праф. Азербайджанскага тэатр. ін-та. У пастаноўках імкнуўся дасягнуць жыццепераканаўчай і паэт. атмасферы спектакля. Паставіў: у драм. т-рах — «Мадрыд» М.​Ібрагімава, «Вагіф» С.​Вургуна, «Яшар» Дж.​Джабарлы, «На далёкіх берагах» І.​Касумава і Г.​Сеідбейлі, «Хаям» Г.​Джавіда, «Рэвізор» М.​Гогаля, «Жывы труп» Л.​Талстога і інш.; у т-ры оперы і балета — «Севіль» Ф.​Амірава, «Азад» Дж.​Джангірава, «Кёр-аглы» У.​Гаджыбекава, «Тоска» Дж.​Пучыні і інш. Аўтар шэрагу тэатразнаўчых работ.

т. 10, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЛАНЕ́ТА»,

гасцініца ў Мінску. Пабудавана ў 1980 на праспекце Машэрава (арх. Г.​Бенядзіктаў, У.​Начараў, Т.​Раманоўская). Дынамічная асіметрычная аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя складаецца з 12-павярховага жылога корпуса на 601 месца і 2-павярховага аб’ёму рэстарана. Архітэктура жылога корпуса заснавана на рытме гарыз. міжпаверхавых керамзітабетонных панэлей і верт. навясных рэбраў. Сцены звонку аздоблены верт. цягамі з алюмінію. У афармленні інтэр’ераў выкарыстаны ракушачны туф, чорны лабрадарыт, шэры мармур, шпон, ціснёная скура. Прамавугольны ў плане аб’ём рэстарана выступае перад гал. фасадам гасцініцы і скампанаваны вакол унутр. двара. На гал. фасадзе асіметрычна размешчана дэкар. пано. Кесонная столь абедзеннай залы аздоблена сюжэтнай арнаментальнай фрэскавай размалёўкай, сцены аформлены серыяй дэкар. керамічных пано (маст. М.​Байрачны, С.​Каткова, В.​Прыешкін і інш.). Дэкар. акцэнт інтэр’ера — люстра з нёманскага шкла. Пры ўваходзе ў рэстаран керамічнае пано «Садоўніца» (маст. Я.​Кузняцоў).

А.​М.​Кулагін.

Гасцініца «Планета».

т. 12, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТУА́ (Artois),

гістарычная вобласць на Пн Францыі, асн. частка дэпартамента Па-дэ-Кале. Пл. каля 4 тыс. км². Нас. 1 млн. чал. (1982). З 2-й пал. 9 ст. да 1180 тэр. Артуа належала Фландрыі; у сярэднія вякі частка аўстр. і ісп. Нідэрландаў. Адышла да Францыі ў 1659. Гал. горад — Арас.

т. 1, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)