найбольш значная тайная рэв. народніцкая арг-цыя (партыя) у Расіі ў 1879—86. Узнікла ў выніку расколу «Зямлі і волі». Узначальваў выканаўчы к-т (Пецярбург), члены: А.І.Жалябаў, С.Л.Пяроўская, В.М.Фігнер, М.І.Кібальчыч, М.А.Марозаў, А.Дз.Міхайлаў і інш. У 1879—83 падп. сетка «Н.в.» ў 50 гарадах налічвала 80—90 мясц., 100—120 рабочых, 30—40 студэнцкіх, 20—25 гімназічных, каля 50 афіцэрскіх (былі аб’яднаны ў Ваен. арг-цыю «Н.в.») гурткоў; колькасць членаў да 500 чал., са спачуваючымі да 5 тыс., з іх 1,5 тыс. рабочыя. Друкаваныя органы: газ. «Народная воля» (1879—85), «Листок «Народной воли» (1880—86), час. «Вестник Народной воли» (1883—86) і інш. «Н.в.» прытрымлівалася тэорыі утапічнага «сялянскага сацыялізму». Яе праграмныя дакументы прадугледжвалі рэв. знішчэнне самадзяржаўя, перадачу зямлі сялянам, увядзенне дэмакр.дзярж. ладу з усеагульным выбарчым правам, раўнапраўе нацый і іх права на самавызначэнне і г.д. Практычная дзейнасць па падрыхтоўцы паліт. перавароту ў Расіі падзялялася на прапагандысцкую і разбуральную (індывід. тэрор як гал. метад барацьбы з урадам). Члены «Н.в.» разлічвалі, што група рэвалюцыянераў-змоўшчыкаў шляхам знішчэння вышэйшых чыноўнікаў і імператара здолее дэзарганізаваць дзярж. кіраванне, выклікаць масавыя нар. паўстанні і захапіць уладу. «Н.в.» ажыццявіла шэраг тэрарыст. актаў супраць буйных чыноўнікаў і агентаў паліцыі і забойства (пасля некалькіх няўдалых замахаў) імператара Аляксандра II (яго ажыццявіў 13.3.1881 ураджэнец Беларусі І.Я.Грынявіцкі), але сваёй мэты — выклікаць у краіне сацыяліст. рэвалюцыю — не дасягнула.
У Беларусі дзейнічалі прадстаўнікі выканкома «Н.в.» М.Ф.Грачэўскі, М.М.Рагачоў, М.П.Аўчыннікаў і інш. У Мінску, Магілёве, Гродне, Віцебску, Пінску існавалі яе ваен. і вучнёўскія гурткі. У пач. 1882 ваен. гурткі ўвайшлі ў нарадавольскую арг-цыю Віленскайваен. акругі, астатнія — у Паўн.-Зах. краявую арг-цыю «Н.в.». У Пецярбургу існавала бел. фракцыя ў «Н.в.», на базе якой у 1884 узнікла рэв. група «Гоман». Пасля забойства Аляксандра 11 пачаліся масавыя арышты ўдзельнікаў «Н.в.». Жалябаў, Пяроўская, Кібальчыч і інш. пакараны смерцю, сотні нарадавольцаў асуджаны на катаргу і турэмнае зняволенне. Да вясны 1883 паліцыя разграміла выканком і асн. арг-цыі «Н.в.». Адначасова нарастаў ідэйны і арганізац. крызіс партыі. «Н.в.» як арганізаваная сіла фактычна спыніла існаванне пасля арышту кіраўніка яе Распарадчай камісіі Г.А.Лапаціна (кастр. 1884). Спробы яе аднаўлення, пачатыя ў 1880-я г. (у т. л. А.І.Ульянавым у 1886—87) поспеху не мелі. Асабістая самаахвярнасць і высакародныя памкненні нарадавольцаў сталі натхняльным прыкладам для наступных пакаленняў рэвалюцыянераў. Аднак тэрарыст. тактыка «Н.в.» справакавала ўрад на ўзмацненне паліт. рэакцыі і згортванне рэформ. Традыцыі і праграмныя ўстаноўкі «Н.в.» ў пач. 20 ст. імкнулася адрадзіць партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў).
Літ.:
Волк С.С. Народная воля, 1879—1882. М.; Л., 1966;
Багдановіч А. Да гісторыі партыі «Народная воля» ў Мінску і Беларусі (1880—1892) // Маладосць. 1995. № 11—12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НАЎ (Еўдакім Раманавіч) (11.9.1855, мяст. Нова-Беліца, цяпер у межах г. Гомель — 20.1.1922),
бел. этнограф, фалькларыст, археолаг, краязнавец, педагог. Правадз.чл.Рус.геагр.т-ва (РГТ, 1886), Маскоўскага т-ва аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі (1888), Маскоўскага археал.т-ва (1890, чл.-кар. з 1886). Скончыў Гомельскую прагімназію (1870), курсы настаўнікаў рус. мовы і гісторыі (1872). З 1872 працаваў настаўнікам, у 1886—1906 інспектарам нар. вучылішчаў Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай губ. У 1906—16 чл. Часовай камісіі па ўладкаванні Віленскай публічнай б-кі і музея. У 1897—1903 рэдактар неафіц. аддзела газ.«Могилевские губернские ведомости», у 1900—03 пад яго рэдакцыяй выдадзены 3 вып.«Магілёўскай даўніны». З 1910 заг. секцыі этнаграфіі і археалогіі Паўн.-Зах. аддзялення РГТ. У 1917—22 жыў у г. Стаўрапаль (Расія). Друкаваўся з 1880. Вывучаў матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў: жыллё, адзенне, нар. абрады, сямейны побыт, нар. каляндар і медыцыну, вераванні, дзіцячыя гульні. Апублікаваў працы па археалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыцы, гісторыі, мова-, літ.- і музеязнаўстве, археаграфіі. Скразной лініяй навук. дзейнасці Р. стала яго думка пра самабытнасць нац. культуры бел. народа. Меркаваў выдаць бел.фалькл.-этнагр. матэрыялы ў 15 кн. Пры яго жыцці выйшла 9 тамоў «Беларускага зборніка» (1886—1912), 10-ы том выпусціў Інбелкульт, падрыхтаваныя 11—14-ы зб-кі матэрыялаў загінулі ў Вял.Айч. вайну, лёс 15-га невядомы. У 1886—94 вёў археал. раскопкі ў Магілёўскай і Віцебскай губ., адкрыў помнік эпіграфікі 12 ст. Барысаў камень (каля в. Высокі Гарадзец Талачынскага р-на). Склаў археал. карты Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай губ. Сабраў звесткі пра 1 тыс. гарадзішчаў Беларусі, выявіў шмат стаянак першабытнага чалавека, вёў антрапалагічныя даследаванні. Удзельнічаў у рабоце 9-га археал. з’езда ў Вільні (1893). Звяртаў увагу вучоных на вывучэнне геагр. назваў. Вывучаў гарады Полацкай зямлі, у прыватнасці Лукомль, яго манастыр. Выступаў у абарону помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Шмат знаходак перадаў у Магілёўскі, Віцебскі, Віленскі музеі. Працуючы ў музеі ў Вільні, на кожны экспанат даваў падрабязную анатацыю. Сярод прац: «Матэрыялы па этнаграфіі Гродзенскай губерні» (вып. 1—2, 1911—12), «Крыніцы для гісторыі Магілёўскага краю» (вып. 1, 1916). У 1901 апублікаваў (са скарачэннямі) працу А.Меера «Апісанне Крычаўскага графства 1786 г.». У 1900 выдаў зб. «Тарас на Парнасе» і іншыя беларускія вершы» (у 1902 дап. выданне). Папулярызаваў бел. л-ру, асабліва творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча. Дзейнасць Р. адзначана залатым і вял. сярэбраным медалямі, дыпломамі навук. т-ваў.
Тв.:
Материалы по исторической топографии Витебской губернии. Уезд Велижский. Могилев, 1898;
Учебник русской грамматики. 4 изд. Могилев, 1904;
Беларускія народныя казкі: (Са зборнікаў Е.Р.Раманава). Мн., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЛА́М (араб., літар. пакорнасць, адданне сябе волі Бога),
мусульманства, адна з трох сусв. рэлігій (разам з будызмам і хрысціянствам). Узнік у Аравіі ў пач. 7 ст. Заснавальнік — Мухамед. Веравызнанне І. выкладзена ў свяшчэннай кнізе Каран. Яно грунтуецца на 7 догматах веры: у адзінага Бога — Алаха; у анёлаў; ва ўсе кнігі Гасподнія (Тора, Евангелле, Псалмы і Каран); ва ўсіх пасланнікаў Алаха, у т. л. Адама, Майсея (Муса) і Ісуса Хрыста (Іса бен Марыям), якія прызнаюцца папярэднікамі Мухамеда; у прадвызначэнне; у канец свету і судны дзень; уваскрэсенне памерлых. Культ І. абапіраецца на 5 «слупоў веры»; спавяданне веры — абвяшчэнне, што «няма бога акрамя Алаха, і Мухамед — пасланнік божы» (шахада); штодзённая 5-разовая малітва (салят); падатак у суме 1/40 ад гадавога прыбытку (для асоб, якія валодаюць пэўным мінімумам маёмасці) на карысць бедных (закят); пост саўм (цюрк. — ураза) у месяц рамадан (цюрк. — рамазан); паломніцтва ў свяшчэнны горад Мекку (хадж). Вял. значэнне надаецца рэліг. святам; ід-аль-адха (цюрк. — курбан-байрам), ід-аль-фітр (цюрк. — ураза-байрам) і інш., існуюць шматлікія абрады і рытуалы. Акрамя Карана мусульмане прызнаюць Суну (свяшчэннае паданне, выкладзенае ў апавяданнях пра жыццё і дзеянні прарока Мухамеда). На Каране і Суне грунтуецца шарыят — збор норм мусульманскага права. Сучасны І. падзяляецца на 2 асн. кірункі: сунізм (лічыцца артадаксальным кірункам) і шыізм (у ім Суна прызнаецца толькі часткова). Духавенства ў І. (мулы, імамы, муфтыі і інш.) выбіраецца вернікамі і не мае такой складанай іерархіі, як хрысціянскае, няма пасвячэння і ступеняў свяшчэнства. Паслядоўнікі І. складаюць большую частку насельніцтва многіх краін Азіі і Афрыкі. У краінах СНД І. пашыраны ў народаў Паволжа, Каўказа, Сярэдняй Азіі. Паводле Ісламскай лігі, І. вызнае больш за 1 млрд. вернікаў. Дзейнічае Арганізацыя Ісламская канферэнцыя (з 1971, аб’ядноўвае 45 краін), створаны Ісламскі банк развіцця. На землях Беларусі І. (сунізм) вызнае татарскае насельніцтва. У канцы 14 ст. з’явіліся ў Беларусі першыя мячэці. У 1591 у Рэчы Паспалітай пражывала каля 100 тыс. татар, якія мелі амаль 400 мячэцяў. У 17 ст. мусульмане трапілі пад уплыў каталіцкай царквы, іх колькасць зменшылася да 30 тыс. Працэс адыходу ад І. і асіміляцыі бел. татар працягваўся і ў наступным стагоддзі. Паводле перапісу 1897 у Гродзенскай, Мінскай і Віленскайгуб. пражывала 13 877 мусульман. У 1939 у Зах. Беларусі было 17 мячэцяў і 2 малітоўныя дамы. Пасля Вял.Айч. вайны у БССР дзейнічала адзіная мячэць у Іўі. У 1980-я г. пачалося ажыўленне рэліг. і грамадска-культ. дзейнасці сярод татар. У Беларусі дзейнічаюць 2 незалежныя рэліг. аб’яднанні: Мухтасібат Рэспублікі Беларусь (з 1993) і Муфтыят Рэспублікі Беларусь (з 1994). І. спрыяе захаванню нац. самасвядомасці бел. татар у іншаэтнічным і іншарэліг. асяроддзі.
Літ.:
Думін С.У., Канапацкі І.Б. Беларускія татары: мінулае і сучаснасць. Мн., 1993;
Лакотка А.І. Бераг вандраванняў, ці Адкуль у Беларусі мячэці. Мн., 1994;
Encyclopaedia of Islam. T. 1—7. Leiden, 1956—93 (выд. працягваецца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДА,
горад у Гродзенскай вобл., на р. Лідзея (бас.р. Нёман). Цэнтр Лідскага р-на. За 112 км на ПнУ ад Гродна. Вузел чыгунак на Гродна, Вільнюс, Маладзечна, Баранавічы. 99,9, тыс.ж. (1998).
Датай узнікнення Л. лічаць 1323 — пач.буд-ваЛідскага замка, вакол якога паступова вырас горад. У 15—16 ст. горад быў значным цэнтрам рамяства і гандлю, звязаны з Вільняй, Навагрудкам, Мінскам, Полацкам. У гэты час горад складаўся з рыначнай плошчы і 4 вуліц; да яго прымыкала прадмесце Зарэчча. З 1568 цэнтр Лідскага павета Віленскага ваяводства. У 1590 Л. атрымала магдэбургскае права і герб (у левай частцы шчыта выява льва на чырвоным і ў правай — 2 скрыжаваныя ключы на блакітным фоне). З 2-й пал. 17 ст. ў выніку войнаў і феад. анархіі Л. прыйшла ў заняпад, з сярэдзіны 18 ст. пачалося адраджэнне яе эканомікі. У 1756—1834 дзейнічаў Лідскі піярскі калегіум. У 1786 у Л. 514 ж. 3 1795 у Рас. імперыі, пав.цэнтр. Слонімскай (1795), Літоўскай (1797), Гродзенскай (1801) губерняў. З 1842 пав. горад Віленскайгуб. У 1863 і 1873 у Л. пабудаваны піўзаводы, у 1870—80-я г. — гарбарныя прадпрыемствы, тытунёвая ф-ка, крухмальны з-д. У 1884 пракладзена чыг. лінія Вільня—Лунінец, у 1907 — Маладзечна—Масты. У 1897 у Л. было 8626 ж., дваранскае і пав. двухкласнае вучылішчы, прыходскае вучылішча з жаночым аддзяленнем, яўр. школа. У 1899 адкрыта бальніца, у канцы 19 — пач. 20 ст. пушчаны чыгуналіцейны, лесапільны іінш. з-ды, развіты промысел па вырабе Лідскіх куфраў. У 1901—18 існавалі Лідскія гімназіі. У 1904 у Л. 1 тыс. дамоў (275 мураваных), 14 дробных прадпрыемстваў, 170 рамесных майстэрань, 4 бальніцы, 6 пач.навуч. устаноў. У 1921—39 у складзе Польшчы, павятовы цэнтр Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Лідскага раёна Баранавіцкай вобл., горад абл. падпарадкавання. З 27.6.1941 да 9.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія ў Л. і раёне загубілі 25 149 чал. Дзейнічала Лідскае патрыятычнае падполле. У 1972—49,7 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы машынабудавання (Лідскі доследны завод «Нёман», Лідскі завод сельскагаспадарчых машын, Лідскі завод электравырабаў, з-ды прыладабудаўнічы, аўтарамонтны), харчовай (Лідскі завод харчовых канцэнтратаў, Лідскі малочнакансервавы камбінат, піваварны з-д), буд. матэрыялаў (камбінат буд. матэрыялаў, з-д жалезабетонных вырабаў), дрэваапр. прам-сці, Лідскі лакафарбавы завод, Лідская абутковая фабрыка, Лідскі краязнаўчы музей, Лідскі індустрыяльны тэхнікум. Брацкія магілы сав. воінаў, падпольшчыкаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, курган Бессмяротнасці і інш. Помнікі чырвонаармейцам, якія загінулі ў вер. 1920, сав. воінам і партызанам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Лідскі замак, Лідскі Крыжаўзвіжанскі касцёл, Лідскі Іосіфаўскі касцёл піяраў.
Літ.:
Лида: Ист.-экон. очерк. Мн.,1976.
І.І.Коўкель.
Герб Ліды. 1590.Ліда. Курган Бессмяротнасці.Ліда. Плошча імя 600-годдзя горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІЯ ГІМНА́ЗІІ,
сярэднія навуч. ўстановы, якія існавалі ў 1858—1918 у г. Пінск Брэсцкай вобл. Падпарадкоўваліся Віленскай навучальнай акрузе. Мужчынская дзяржаўная гімназіязасн. ў 1858 на базе мясц. 5-класнага дваранскага пав. вучылішча як класічная гімназія. У 1859—60 адкрыты 6-ы і 7-ы класы. Выкладаліся закон Божы, рус., франц., ням., польск. і лац. мовы, геаграфія, гісторыя, матэматыка, хімія, законазнаўства, чарчэнне, маляванне і інш. Пры гімназіі працавалі: падрыхтоўчы клас, фіз. і прыродазнаўчы кабінеты, хім. лабараторыя, царква, кнігарня. Ў кастр. 1861 адбыліся хваляванні сярод вучняў старэйшых класаў, у выніку 6-ы і 7-ы класы былі часова закрыты, каля 60 юнакоў пакінулі гімназію. У лютым 1863 частка выкладчыкаў і вучняў далучылася да паўстанцаў; у 1864 заменены рускімі 6 выкладчыкаў-палякаў. У 1858 вучыліся 130, у 1863—300, у 1871—154 юнакі. Скарачэнне колькасці навучэнцаў звязана з пераўтварэннем у 1865 яе ў рэальную гімназію, выпускнікі якой не мелі права паступаць ва ун-ты. За гады дзейнасці гімназіі ў ёй вучыліся 2764 выхаванцы. У 1872 рэарганізавана ў Пінскае рэальнае вучылішча. Жаночая эксперыментальная гімназія адкрыта ў 1860 пры мужчынскай гімназіі «ў выглядзе доследу» на правах прыватнай навуч. установы. Вучэбная праграма адпавядала 1—3 класам гімназіі. У 1860 было 39 вучаніц. У 1862 зачынена. Жаночая дзяржаўная гімназія засн. 26.8.1906. Мела падрыхтоўчае гадавое аддзяленне, 7 асн. класаў, 8-ы пед. курс і дадатковыя курсы па латыні і законах яўр. веры. Выкладаліся рус., франц. і ням. мовы, матэматыка, прыродазнаўства, гісторыя, геаграфія, графіка, педагогіка, музыка, рукадзелле, гігіена. У 1911 было 375 вучаніц. У 1915 гімназія эвакуіравана ў г. Ялец Арлоўскай губ. Скасавана ў 1917. Прыватная жаночая яўрэйская гімназія Л.Л.Валер арганізавана 8.6.1906 з прыватнага вучылішча. Дзейнічалі падрыхтоўчае аддзяленне і 7 асн. класаў. Выкладаліся рус., франц. і ням. мовы, матэматыка, гісторыя, геаграфія, законы яўр. веры, прыродазнаўства, музыка, рукадзелле. У 1911 былі 264 вучаніцы. Закрыта ў 1915. Прыватная жаночая яўрэйская гімназія Л.І.Лабзоўскай-Шапіра адкрыта ў 1908 на базе пач. жаночага вучылішча (засн. ў 1900). Дзейнічалі падрыхтоўчае аддзяленне і 7 асн. класаў. Выкладаліся рус., ням. і франц. мовы, законы яўр. веры, педагогіка, касмаграфія, фізіка, матэматыка, прыродазнаўства, гісторыя, геаграфія, музыка, рукадзелле і інш. У 1911 было 299 вучаніц. У 1915 эвакуіравана ў г. Елізаветград Херсонскай губ. Скасавана ў 1918. Прыватная жаночая прагімназія В.Е.Семавой утворана 10.12.1906 з 2-класнага жаночага вучылішча (дзейнічала з 1872). Мела 5 класаў. Выкладаліся рус., франц. і ням. мовы, матэматыка, прыродазнаўства, гісторыя, геаграфія, маляванне, чыстапісанне, рукадзелле. Штогод вучыліся 120—140 вучаніц. У 1915 эвакуіравана ў г. Пераяслаўль Палтаўскай губ. Скасавана ў 1918.
Літ.:
Краткий список учреждений и учебных заведений Виленского учебного округа на 1917 г. Могилев, 1917;
Памятная книжка Виленского учебного округа за 1911/1912 учебный год. Вильна, 1912.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬНЮС (Vilnius; да кастр. 1939 Вільня),
горад, сталіца Літвы. Размешчаны на р. Нярыс (Вілія). 582 тыс.ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (стэрэамагнітафоны, персанальныя камп’ютэры, металаапр. станкі, паліўная апаратура, радыёвымяральныя прылады, электрарухавікі, гандл. абсталяванне, с.-г. машыны, інструменты і тэхнал. аснастка і інш.), лёгкая (тэкст., абутковая, футравая, трыкат., швейная), хім. (смолы, мыйныя сродкі), хім.-фармацэўтычная, харч. (мясная, малочная, кандытарская і інш.), дрэваапр. (піламатэрыялы, вытв-сць мэблі), шкляная (вітражы, посуд) прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў.
На думку літ. даследчыка К.Бугі, славяне-крывічы з’явіліся тут у 6—7 ст. і жылі цераспалосна з мясц. балцкім насельніцтвам. У 11—12 ст. тут існавала заснаванае крывічамі паселішча гар. тыпу пад назвай Крывы (ці Крывіч-горад), які пазней паводле слав. традыцыі атрымаў назву Вільня (ад р. Вільня). У 2-й пал. 11 ст. горад стаў цэнтрам Віленскага княства — феад. ўдзела Полацкай зямлі. У 1070 тут княжыў полацкі кн. Расціслаў Рагвалодавіч, пасля 1129 — яго сыны. Сярод тагачасных жыхароў Вільнюса пераважала ўсх.-слав. насельніцтва; жылі таксама тубыльцы-аўкштайты. У часы княжання Гедзіміна [1316—41] Вільнюс стаў сталіцай Вялікага княства Літоўскага. Як сталічны горад з замкам і велікакняжацкім палацам Вільнюс упершыню ўпамінаецца ў мірным дагаворы ВКЛ з Лівонскім ордэнам і г. Рыга ад 2.10.1323. У 1387 горад атрымаў права на самакіраванне паводле магдэбургскага права. З 1413 цэнтр Віленскага ваяводства. З 1416 у Вільні знаходзілася рэзідэнцыя правасл. мітрапаліта; існавалі правасл. цэрквы, адна з якіх — Мікалаеўская — пабудавана пры Гедзіміне. У канцы 15 — пач. 16 ст. ў Вільнюсе каля 10 тыс.ж. У 1511 тут дзейнічалі 14 цэркваў і 7 касцёлаў, што сведчыць пра колькасную перавагу праваслаўнага, г.зн. бел., насельніцтва. У пач. 16 ст. ў Вільнюсе (Вільні) бел. першадрукар Ф.Скарына абсталяваў друкарню, у якой выдаў «Малую падарожную кніжку» (1522) і «Апостал» (1525). Паслядоўнік Скарыны бел. друкар П.Мсціславец у 1569 заснаваў у Вільні друкарню з кірылічным шрыфтам. Тут дзейнічала друкарня Мамонічаў, у якой на царк.-слав., старабел., лац. і польск. мовах выдаваліся падручнікі, рэліг.л-ра, законы ВКЛ, у т. л.Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, інш. творы бел. пісьменства. У 1579 езуіты заснавалі Віленскую акадэмію (гл.Віленскі універсітэт). У Вільні быў створаны саюз бел. і літ. шляхты супраць палітыкі абсалютызму караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II — Віленская канфедэрацыя 1716. У 1773 тут заснавана Адукацыйная камісія. З 1795 Вільня у складзе Рас. імперыі, цэнтр Літоўскай, пазней Віленскай губерні, Віленскага генерал-губернатарства. Пасля вайны 1812 у Вільні існавалі патрыят. т-вы шубраўцаў, філаматаў, філарэтаў, «прамяністых». З Вільняй звязаны пэўныя перыяды жыцця і дзейнасці А.Міцкевіча, Я.Чачота, Т.Зана, А.Кіркора, С.Манюшкі, Ф.Багушэвіча і інш. З 1855 працавала Віленская археалагічная камісія, з 1864 — Віленская археаграфічная камісія. У час паўстання 1863—64 у Вільні дзейнічаў Выканаўчы аддзел Літвы на чале з К.Каліноўскім. У 1894—95 у горадзе 286 прадпрыемстваў. Паводле перапісу 1897, у Вільні 154 532 ж. У 1902—03 культ.-асв. гурткі бел. вучнёўскай і студэнцкай моладзі Вільні ўдзельнічалі ў стварэнні бел.рэв. грамады (гл.Беларуская сацыялістычная грамада). З 1906 тут выдаваліся першыя бел. легальныя газ.«Наша доля», «Наша ніва», пазней — час.«Саха», дзейнічалі Беларускае выдавецкае таварыства, выдавецкае т-ва«Наша хата», Кухты М. друкарня. У 1906—15 у Вільні жылі бел. пісьменнікі Я.Купала, Я.Колас, Цётка, К.Буйло, З.Бядуля, Ядвігін Ш. і інш. У галіне бел. адраджэння працавалі каардынацыйныя органы бел.паліт. і грамадскіх арг-цый Беларускі народны камітэт, Віленская беларуская рада, Беларускі нацыянальны камітэт, знаходзілася кіраўніцтва Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групы, адбылася Беларуская канферэнцыя 1918, выдаваліся газ.«Гоман» і інш. 1.1.1919 заснавана Віленская беларуская гімназія. З 27.2 да 21.4.1919 Вільня — адм. цэнтр Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 9.10.1920 войскі пад камандаваннем ген. Л.Жалігоўскага занялі Вільню, што выклікала Віленскі канфлікт 1920—39. З кастр. 1920 Вільня у складзе Сярэдняй Літвы. У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 Вільня стала паліт. і культ.-інтэлектуальным цэнтрам Заходняй Беларусі. У горадзе ствараліся і дзейнічалі бел.паліт. партыі, гасп.-эканам., асветныя арг-цыі, установы і т-вы. Актыўнасцю вызначаліся Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Беларуская хрысціянская дэмакратыя, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, Беларускі пасольскі клуб, Блок нацыянальных меншасцяў і інш. У 1920—30-я г. ў Вільні дзейнічалі Беларускі музей, управа Таварыства беларускай школы, Беларускі студэнцкі саюз, Беларускі сялянскі саюз, Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый. У сярэдзіне 1920-х г. тут знаходзіліся Гал. сакратарыят і ЦКБеларускай сялянска-работніцкай грамады, выдавалася больш за 100 беларускамоўных газет і часопісаў. У Вільні жылі і працавалі А.Луцкевіч, М.Гарэцкі, Б.Тарашкевіч, У.Самойла, А.Станкевіч, С.Рак-Міхайлоўскі, І.Дварчанін, Р.Шырма, Г.Цітовіч, М.Танк, П.Сергіевіч, Я.Драздовіч і інш. 19.9.1939 Вільнюс заняты сав. войскамі. 10.10.1939 паводле сав.-літ. дагавора аб узаемадапамозе Вільня і Віленскі край перададзены Літве. У ліст. 1939 літ. адміністрацыя ўзяла Вільнюс пад кантроль. 21.7.1940 абвешчана Літоўская ССР, з 3.8.1940 яна ў складзе СССР. 25.8.1940 Вярх. Савет Літвы абвясціў Вільнюс сталіцай. Адбыўся моцны прыток у Вільнюс літ. насельніцтва. У Вял.Айч. вайну 24.6.1941 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Аднавілася дзейнасць дасав. літ. адміністрацыі ў асобе т.зв.Літ. самакіравання. У 1941 у Вільнюсе ўзнікла бел.паліт.арг-цыя — Бел.нац.к-т; выдавалася газ.«Беларускі голас». Дзейнічалі бел. гімназія, настаўніцкая семінарыя, Бел. музей. Акупанты стварылі ў Вільнюсе яўр. гета (каля 42 тыс.чал.), вязні якога былі знішчаны ў 1942. Вызвалены 13.7.1944 у ходзе Вільнюскай аперацыі 1944. Пры адступленні фашысты знішчылі каля 40% жыл. фонду горада, 30% буйных прамысл. прадпрыемстваў. За час акупацыі загінула каля 70 тыс. жыхароў горада. У Вільнюсе быў створаны адзін з трох рэгістрацыйных пунктаў для жыхароў горада, якія жадалі выехаць у Польшчу. Да 10.8.1946 у Польшчу выехалі 86,9 тыс. жыхароў горада і наваколля, пазней — яшчэ каля 24 тыс. Адначасова праводзілася масавае перасяленне ў Вільнюс сялян, пераважна з этнічнай Літвы. Да пач. 1950 у горад прыбыло каля 150 тыс. новых жыхароў. Нац. склад жыхароў мяняўся ў бок паступовага павелічэння колькасці літоўскага насельніцтва. Адначасова праводзілася масавая паланізацыя беларусаў-католікаў. У пасляваен. перыяд бел.культ. і паліт. жыццё ў Вільнюсе было амаль поўнасцю спынена. Практычна ўсе бел. дзеячы і іх сем’і трапілі пад арышты і дэпартацыю.
З канца 1980-х г. Вільнюс — гал. цэнтр руху за незалежнасць Літвы (абвешчана 11.3.1991). У Вільнюсе створаны Т-вабел. культуры (1987), клуб аматараў бел.нар. творчасці «Сябрына» і інш. З 1989 у Вільнюсе вядуцца беларускамоўныя перадачы на літ. тэлебачанні і радыё, у 1991 адноўлена выданне газ. «Наша ніва», на ф-це славістыкі Віленскага пед. ун-та дзейнічае кафедра бел. мовы, л-ры і этнакультуры. У 1993 адноўлена Т-вабел. школы, адкрыта бел. сярэдняя школа. Дзейнічае Каардынацыйная рада Бел. згуртавання ў Літве (1992).
Цэнтр горада мае рэгулярную, новыя раёны — радыяльна-змешаную планіроўку. Стары горад (пл. 256,14 га; адзін з самых вялікіх ва Усх. Еўропе) — помнік горадабудаўніцтва і археалогіі, дзе сканцэнтравана большасць помнікаў архітэктуры, 7 плошчаў (гал. — Кафедральная), рэшткі культавага будынка сярэдзіны 13 ст. пад цяперашнім Кафедральным саборам і рэшткі вежы 13 ст. пад званіцай сабора. Арх. помнікі: Пятніцкая царква (13 ст.), Верхні замак (замак Гедзіміна, 2-я пал. 14 — пач. 15 ст.), гатычныя касцёлы св. Мікалая (1387), св. Яна (1387—1429, 16 ст.), св. Ганны (1501—80), бернардзінцаў (канец 15 ст. — 1581) і інш. Помнікі рэнесансу: Вострая Брама (1503—22) з рэшткамі гар. сцяны, Вял. двор ун-та (1570—18 ст.), алюмнат (пансіён; 1582—1622); касцёлы францысканцаў (канец 15 ст. — 1610), св. Міхала (1594—1625); св. Стафана (1600—12); жылыя дамы 16 — пач. 17 ст. на вул. Замкавай (Пілес). Помнікі барока: касцёлы св. Казіміра (1604—18, рэканструяваны 1749—55), Усіх святых (1620—31), св. Тэрэзы (1633—50), святых Пятра і Паўла на Антокалі (1668—75); палацы Слушкаў (1690—1700), Сапегаў (1691—97) і інш. У канцы 17 — сярэдзіне 18 ст. сфарміраваўся стыль т.зв.віленскага барока (арх. І.Глаўбіц, Т.Жаброўскі і інш.), да якога адносяцца касцёлы св. Кацярыны (1619—22, перабудаваны ў 1741—43) і місіянераў (1695—1730), брама Базыльянскіх муроў (1761). Будынкі класіцызму: Кафедральны сабор (перабудаваны ў 1777—1801), ратуша (1781—99, цяпер Маст. музей), палац у Верках (Вяркяй; 1781—1810, усе арх. Л.Гуцэвіч); палацы Тызенгаўзаў, Агінскіх, Тышкевічаў (18 — пач. 19 ст.). Помнікі ў стылях ампір — б. губернатарскі палац (1824—32, арх. В.Стасаў), неаготыкі — палац Радушкевічаў (1896, цяпер Дом архітэктараў), рус.-візант. — Знаменская царква (1899—1903), неабарока — дом Вілейшы (1904—06, цяпер Ін-тліт. мовы і л-ры). У 1920—30-я г. пераважала забудова ў стылях мадэрну, канструктывізму, функцыяналізму: будынак гар.т-ра (1926—29, цяпер Рускі драм.т-р Літвы), мікрараён на Антокалі (1933—35, арх. Л.Вітан-Дубейкаўскі), будынак банка (1938) і інш. Пасля 1950-х г. будынкі ўзводзіліся па тыпавых і індывід. праектах. Індывід. праекты, захоўваючы функцыян. мэтазгоднасць, прапаноўваюць больш свабодную планіроўку, пластычнасць формаў, гарманічную сувязь з наваколлем, арыгінальныя па вырашэнні інтэр’еры (Выставачны палац, арх. В.Чэканаўскас; Т-р оперы і балета Літвы, арх. Э.Бучутэ; Палац спорту і Палац шлюбу, арх. Г.Баравікас; Т-р драмы Літвы і гасцініца «Летува», арх. А. і В.Насвітысы; жылыя раёны Жырмунай, Каралінішкес, Лаздзінай і інш). Стары горад уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У Вільнюсе знаходзяцца АН Літвы, 5 ВНУ, у т. л.ун-т, кансерваторыя. Б-кі: Літоўская Нацыянальная бібліятэка імя Мажвідаса, Бібліятэка цэнтральная Акадэміі навук Літвы, Вільнюскага універсітэта бібліятэка. 12 музеяў, у т. л.этнагр., архітэктуры, мастацкі з філіяламі — Карціннай галерэяй, Музеем т-ра і музыкі і інш. Філармонія. Т-ры: оперы і балета, драмы, рус.драм., моладзі, лялечны.
З 14 ст. Вільнюсу належыць важная роля ў развіцці бел. мастацтва. Працы бел. мастакоў з Вільні, абразы віленскага паходжання сведчаць пра існаванне ў 15 ст. жывапіснай школы візант. арыентацыі. Закладзеныя Скарынам традыцыі маст. афармлення кнігі прадоўжыла Віленская школа гравюры. З віленскай брацкай Святадухаўскай друкарняй звязана дзейнасць гравёраў П.Камара, Я.Лапацінскага, Я.Перлі. Многія віленскія архітэктары і мастакі працавалі на Беларусі (І.Глаўбіц, Л.Гуцэвіч, П.Перці, І.Шрэтар, М.Шульц і інш.), майстры з бел. зямель — у Вільнюсе (архітэктар і матэматык Т.Жаброўскі, разьбяр Г.Кунтцан, архітэктары Т.Лянкевіч і К.Падчашынскі, мастак Т.Макоўскі). З 16 ст. ў В. існавала першая на Беларусі школа маст. адукацыі ў езуіцкай Віленскай акадэміі, пры ёй М.Радзівілам Сіроткам была створана друкарня. На маст. кафедрах Віленскага ун-та ў канцы 18 — 1-й трэці 19 ст. атрымалі адукацыю многія мастакі, выхадцы з Беларусі (гл.Віленская мастацкая школа). У 1866—1914 існавала Віленская школа малявання. Значны ўклад у маст. жыццё Вільні зрабілі Віленскі мастацкі гурток (1901—08) і Віленскае мастацкае таварыства (1908—15). У гэты час ладзіліся маст. выстаўкі з удзелам многіх мастакоў з Беларусі, найб. значная з іх (1910) паказала творы навучэнцаў школ Полацка, Віцебска, Маладзечна, Гродна, Слоніма і інш. На з’ездзе настаўнікаў графічных мастацтваў і рамёстваў Віленскайнавуч. акругі (1912) прыняты зварот-прапанова да навучэнцаў школ Беларусі і Літвы рабіць замалёўкі помнікаў архітэктуры і памятных мясцін. У 1920—39 у Вільні канцэнтравалася маст. жыццё Зах. Беларусі. Тут жылі і працавалі мастакі М.Васілеўскі, Я.Горыд, Я.Драздовіч, Н.Сасноўская, Р.Семашкевіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, В.Сідаровіч, К.Чурыла, П.Южык і інш., у творчасці якіх выявіўся бел. рамантызм, звязаны з ідэямі нац. адраджэння. Выдаваліся шматлікія ілюстраваныя перыяд. выданні і кнігі. Значную ролю адыгрываў сатыр. часопіс «Маланка» (1926—28), дзе змяшчаліся малюнкі бел. мастакоў. Цэнтрам падрыхтоўкі маст. кадраў быў ф-т прыгожых мастацтваў Віленскага ун-та, якім кіраваў праф. Ф.Рушчыц. У фондах Беларускага музея імя І.Луцкевіча ў Вільні была сабрана вял. калекцыя твораў стараж.бел. мастацтва. У 1950—90-я г. ў Літоўскай АМ атрымалі адукацыю педагогі і мастакі А.Аблажэй, І.Васільеў, А.Куцікаў, А.Лось, Д.Раманюк і інш. У Вільнюсе жывуць і працуюць бел. мастакі: А.Аблажэй, А. і К.Балаховічы, С.Зялёнка, У.Кузьменка, У.Падбярэзскі, А. і С.Поклады і інш. З 1991 дзейнічае Аб’яднанне бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар». Рэгулярна адбываюцца маст. выстаўкі.
Літ.:
Архитектура Вильнюса: [Альбом]. Вильнюс, 1982.
Ю.Шаўцоў (гісторыя пасля 1939), С.В.Харэўскі (архітэктура, бел. мастацкае жыццё ў Вільнюсе).
Герб Вільнюса 16 ст.Панарама Вільнюса. Невядомы мастак 17 ст.Да арт.Вільнюс. Панарама горада.Да арт.Вільнюс. Знаменская царква. 1899—1903.Да арт.Вільнюс. Вострая Брама (1503—22) з рэшткамі гарадской сцяны.Да арт.Вільнюс. Касцёл св. Ганны. 1501—80.Да арт.Вільнюс. Верхні замак (замак Гедзіміна). 2-я пал. 14 — пач. 15 ст.Да арт.Вільнюс. Касцёл Усіх святых. 1620—31.Да арт.Вільнюс. Касцёл св. Казіміра. 1604—18.Да арт.Вільнюс. Выставачны палац. 1967. Арх. В.Чэканаўскас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАКАВО́ДСТВА,
галіна земляробства па вырошчванні буракоў для цукровай прамысловасці, а таксама на харч. і кармавыя патрэбы. На долю цукр. буракоў прыпадае прыкладна 1/3 цукру, які вырабляюць у свеце, а ў краінах умеранага пояса яны адзіная крыніца яго атрымання. На кармавыя мэты выкарыстоўваюць прамысл. адходы — жамерыны і патаку, а таксама буракі ў сырым выглядзе. Частка адходаў ідзе на ўгнаенне. Цукр. буракі параўнальна маладая с.-г. культура, выведзеная ў 18 ст. ў Германіі. У выніку селекцыі, развіцця насенняводства і ўдасканалення тэхналогіі вырошчвання яны шырока культывуюцца ў краінах Еўропы і Паўн. Амерыкі, найб. у лесастэпавай зоне. У залежнасці ад умоў вырошчвання колькасць цукру ў караняплодах вагаецца ад 15 да 23%. Сусв. плошчы пад цукр. буракамі каля 8 млн.га. Найб. плошчы пасеваў на Украіне (лесастэпавая зона), у Расіі (Чарназёмны цэнтр, Кубань), ЗША, Францыі, Германіі, Польшчы. Невял. пл. маюць Малдова, Беларусь, Літва, Латвія, а таксама Казахстан і Кыргызстан (на арашальных землях), з краін Зах. Еўропы — Нідэрланды, Вялікабрытанія. Найб. ўраджаі атрымліваюць у краінах Зах. Еўропы — 550—600 ц/га.
Вырабляць цукар з цукр. буракоў на Беларусі пачалі ў 1830-я г., калі ў Віленскай, Мінскай і Магілёўскай губ. былі пабудаваны невял. цукр. з-ды. У 1860-я г. іх было больш за 30, але з-за канкурэнцыі больш таннага цукру з Украіны да канца 19 ст. яны былі ліквідаваны. Вырошчванне цукр. буракоў на Беларусі аднавілася ў 1950-я г. адначасова з буд-вам цукр. заводаў у Скідзелі (працуе з 1951), Гарадзеі Нясвіжскага р-на (1959), Жабінцы (1963), Слуцку (1965). У Беларусі ў 1995 цукр. буракі займалі 55,4 тыс.га, або 0,9% агульнай пасяўной плошчы. Ураджайнасць каля 200—300 ц/га, штогадовы валавы збор каля 1000—1500 тыс.т (гл.табл.). Пасевы цукр. буракоў канцэнтруюцца ў 28 адм. раёнах вакол цукр. з-даў. Доля цукр. буракоў у агульных пасевах гэтых раёнаў вагаецца ад 3 да 7%. Колькасць цукру ў бураках 15—17% — значна ніжэйшая, чым на Украіне (20—22%), выхад цукру з 1 т буракоў на заводах Беларусі 12—13%. Цукр. буракі ў Беларусі сеюць на сугліністых і супясчаных мінеральных, а таксама на асушаных і акультураных тарфяна-балотных глебах. Раянаваны сорт Гала.
Буракі сталовыя пашыраны на ўсіх кантынентах і ва ўсіх земляробчых зонах, але больш ва ўмераным поясе. Ураджайнасць 400—500 ц/га (да 1000 ц), на Беларусі каля 200 ц/га. Раянаваныя сарты — Бардо 237, Холадаўстойлівыя 19, Пушкінскія К-18 і інш. Кармавыя буракі вырошчваюць у краінах умеранага пояса: ЗША, Канадзе, Польшчы, Вялікабрытаніі, Германіі, у краінах СНД і інш. Ураджайнасць у еўрап. краінах, у т. л. ў Беларусі, 300—400 ц/га. Вырошчваюць сарты бел. (Бел. чырвоныя) і замежнай (Экендорфскія жоўтыя і інш.) селекцыі.
Н.І.Жураўская.
Пасяўная плошча і валавыя зборы цукровых буракоў у Беларусі (на тэхнічныя мэты)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРА́РНЫ КРЫ́ЗІС,
эканамічны крызіс перавытворчасці ў сельскай гаспадарцы. Абумоўлены характарам аграрных адносін: узнікае не ад празмернасці і непатрэбнасці атрыманага аб’ёму с.-г. прадукцыі, а з-за асаблівасцяў умоў яе вытв-сці і размеркавання.
Карыстанне зямлёй, асабліва ва ўмовах прыватнага землеўладання, абумоўлівае зямельную рэнту, якая ўплывае на ўзровень цэн на зямлю, арэнднай платы і г.д. Асваенне новых урадлівых зямель, тэхн. аснашчанасць агр. сектара, паляпшэнне транспартных зносін і інш. змены ва ўмовах вытв-сці і рэалізацыі с.-г. прадукцыі вядуць да змяншэння цаны на с.-г. прадукцыю. У выніку адбываецца канфлікт паміж новай цаной і старымі рэнтавымі адносінамі: знікае крыніца (дадатковы прыбытак) для выплаты рэнты. Гэта і выклікае аграрны крызіс, які характарызуецца ростам нерэалізаваных запасаў с.-г. прадукцыі, змяншэннем аб’ёму яе вытв-сці, паскарэннем працэсу дробных і сярэдніх вытворцаў, ростам беспрацоўя і зніжэннем аплаты працы работнікаў агр. сектара.
Аграрны крызіс мае пераважна зацяжны характар. Так, аграрны крызіс, які пачаўся адначасова з прамысловым у 1873 і ахапіў Зах. Еўропу, Расію, а потым і ЗША, працягваўся да сярэдзіны 1890-х г. Ён найб. закрануў краіны Еўропы, на рынкі якіх пайшлі патокі таннага збожжа з ЗША, Канады, Аўстраліі і інш. краін. На гэты час вытв-сць збожжа павялічылася і ў Расіі. У 5 зах. губернях (Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай) сярэднегадавы збор збожжа ў 1871—80 у параўнанні з 1851—60 вырас на 62%. Беларусь стала адным з важнейшых рэгіёнаў Рас. імперыі па вытв-сці таварнага збожжа. Аднак у 1886—88 гандаль ім на Беларусі зусім разладзіўся. Скараціўся і вываз збожжа: прыкладна з 10,8 млн. пудоў у 1875—80 да 7,5 млн. пудоў у 1880-я г. А ў 1890-я г. Беларусь стала рэгіёнам завозу збожжа: пастаўлялася прыкладна 9,2 млн. пудоў (вываз 7,5 млн. пудоў). Нізкія цэны на збожжа, змяншэнне попыту на яго ў час аграрнага крызісу абумовілі перабудову сельскай гаспадаркі Беларусі — пачала хутка развівацца малочная жывёлагадоўля, пашырыўся выраб розных гатункаў малочных прадуктаў, павялічылася вытв-сць лёну, паскорылася развіццё вінакурэння. Гэтая прадукцыя пастаўлялася на рас. і замежныя рынкі. Больш хутка ўкаранялася с.-г. тэхніка. Адбыліся змены і ў землеўладанні.
Аграрны крызіс, што ўзнік у пач. 1-й сусв. вайны, быў пераадолены толькі ў час 2-й сусв. вайны. Перапляценне яго з прамысл. крызісам 1929—33 выклікала небывалае зніжэнне цэн на с.-г. прадукцыю (у ЗША за 1929—32 на 58%). Каб змякчыць вынікі аграрнага крызісу, знішчаліся запасы таварнага збожжа, каўчукавыя, кававыя і чайныя плантацыі, змяншалася пагалоўе жывёлы і г.д. Урад ЗША выплачваў вял. грашовыя сродкі фермерам, каб яны скарачалі пасяўныя плошчы пад асн.с.-г. культуры. Пасля 2-й сусв. вайны ў ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. краінах пачаўся новы аграрны крызіс. У выніку ў ЗША з 1948 зноў пачало дзейнічаць заканадаўства аб скарачэнні пасяўных плошчаў. У розных формах ён выяўляецца і ў краінах Зах. Еўропы. Каб не дапусціць аграрнага крызісу ці зменшыць яго адмоўныя вынікі, у развітых капіталіст. краінах ажыццяўляецца дзярж. рэгуляванне агр. сектара — устанаўленне цвёрдых цэн на с.-г. прадукцыю, вызначэнне аб’ёмаў яе вытв-сці, экспарту і імпарту пры моцнай фін. падтрымцы фермераў і тэхн. перааснашчэнні с.-г. вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ З’ЕЗД КП(б)Б [VI Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б)]. Адбыўся 30—31.12.1918 у Смаленску. Прысутнічалі 175 дэлегатаў з рашаючым і 31 з дарадчым голасам
(паводле інш. звестак адпаведна 162 і 25) ад 17771 камуніста парт. арг-цый Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Смаленскай губ., а таксама бел.парт. арг-цый Віленскай і Чарнігаўскай губ. Падрыхтоўка асн. дакументаў да канферэнцыі вялася ў ЦК РКП(б) і Нар. камісарыяце па справах нацыянальнасцей РСФСР пад кіраўніцтвам І.В.Сталіна. Актыўны ўдзел у гэтай рабоце прымалі супрацоўнікі Беларускага нацыянальнага камісарыята, Беларускіх секцый РКП(б) З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны),
І.В.Лагун, А.Р.Чарвякоў і інш. Асноўнымі былі пытанні пра стварэнне Камуніст. партыі (бальшавікоў) Беларусі (гл.Камуністычная партыя Беларусі), бел. дзяржаўнасці і вызначэнне дзярж. межаў. Парадак дня: бягучы момант (А.Ф.Мяснікоў); даклады абл.к-та партыі (В.Г.Кнорын); аб становішчы на месцах (Мяснікоў); з месцаў ад раёнаў; арганізац. пытанні (Я.Ф. Пярно); выбары; бягучыя справы. Дэлегаты з’езда выказаліся за неабходнасць стварэння бел.сав. дзяржаўнасці. З’езд прыняў рэзалюцыю «Аб назве канферэнцыі»; канферэнцыя абвясціла сябе «I з’ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларускай Рэспублікі» і накіравала ў ЦК РКП(б) тэлеграму з просьбай зацвердзіць гэтае рашэнне. Адзначалася, што партыя трымае курс «на рэвалюцыю еўрапейскую, сусветную». З’езд выказаўся за канцэнтрацыю «ўсёй рэвалюцыйнай партыйнай улады ў руках яе камітэтаў. Ад гэтага — бязмежная ўлада, поўная дыктатура Цэнтральнага Камітэта ва ўсерасійскім маштабе і такая ж дыктатура на месцах абл. камітэтаў. Пры такой пастаноўцы Саветы з’яўляюцца органамі дзяржаўнай улады, выконваюць прадвызначэнні партыі, якія праводзяць у жыццё тактычную лінію партыі». У рэзалюцыі «Аб становішчы на месцах» выказвалася неабходнасць «рашучым чынам выкараняць усялякія недысцыплінаваныя паступкі ў радах партыі». Пры вырашэнні пытання пра бел. дзяржаўнасць з’езд выказаўся за абвяшчэнне былой Заходняй камуны «самастойнай Савецкай Рэспублікай Беларусі». На аснове прапаноў, распрацаваных Камісіяй (створана перад з’ездам), была прынята пастанова «Аб граніцах Беларусі». У ёй адзначалася, што асн. ядром Бел. Рэспублікі лічацца Мінская, Смаленская, Магілёўская, Віцебская і Гродзенская губ. з часткамі прылеглых да іх этнічных мясцовасцей суседніх губерняў, населеных пераважна беларусамі. У адпаведнасці з гэтым з’езд вызначыў адм.-тэр. падзел рэспублікі на 7 раёнаў — Мінскі, Смаленскі, Віцебскі, Магілёўскі, Гомельскі, Гродзенскі, Баранавіцкі, якія падзяляліся на 54 падраёны. Былі накіраваны тэлеграмы на адрас ЦК РКП(б) і СНК РСФСР з просьбай зацвердзіць рашэнні з’езда. З’езд прыняў «Палажэнне аб партыйных арганізацыях», у якім давалася схема арг-цый: ЦККП(б)Б, райкомы (губпарткомы), падрайкомы (валасныя к-ты), ячэйкі (валасныя і сельскія). Быў прыняты зварот «Да рабочых, батракоў, сялян і салдат Чырвонай Арміі Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі» з заклікамі змагацца за ўмацаванне сав. улады і перамогу рэвалюцыі ва ўсім свеце. Выбраў ЦБКП(б)Б у складзе 15 чл.: І.Я.Алібегаў, А.А.Андрэеў, Жылуновіч (Ц.Гартны), С.В.Іваноў, М.І.Калмановіч, Кнорын (сакратар ЦБ), Лагун, Мяснікоў (старшыня), Р.П.Найдзёнкаў, Р.В.Пікель, Пярно, І.І.Рэйнгольд, У.С.Селязнёў, В.З.Собалеў, В.І.Яркін.
Літ.:
Пратакол 1-га з’езда Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. Мн., 1934;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. I. 1918—1927. Мн., 1983. С. 11—27.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА (БВА),
ваенна-адм. аб’яднанне вайск. часцей, злучэнняў, ваен. навучальных і інш.ваен. устаноў, улікова-мабілізацыйных органаў (ваенкаматаў), якія дыслацыраваліся на тэр. Беларусі. Існавала ў 1918—92. Утворана 28.11.1918 як Мінская ваен. акруга. 14.12.1918 перайменавана ў Зах.ваен. акругу, у склад якой увайшлі Мінская, Смаленская, Віцебская, Магілёўская і Віленскайгуб. Кіраванне ажыццяўляў акруговы ваен. камісарыят (размяшчаўся ў Смаленску). 20.12.1918 створаны ваен.-акруговы штаб; фарміраваліся мясц. ваенна-адм. органы. Першыя акр. камісары — І.Я.Алібегаў і У.С.Селязнёў. У крас. 1918 ва ўмовах грамадз. вайны і іншаземнай інтэрвенцыі створаны Зах. ўчастак атрадаў заслоны, потым Заходні раён абароны 1918, які перайменаваны ў Заходнюю Армію 1918—19, з 19.2.1919 у Заходні фронт 1919—24. 8.4.1924 Зах. фронт перайменаваны ў Зах.ваен. акругу. У 1924—25 у войсках акругі праводзілася ваен. рэформа, якая прадугледжвала пераход да адзінаначалля, змену структуры кіравання акругай, перавод войскаў на новыя штаты, увядзенне тэр. прынцыпу камплектавання і падрыхтоўкі злучэнняў і часцей Чырв. Арміі, стварэнне нац. злучэнняў і часцей. Першае ў акрузе нац. фарміраванне — 2-я Бел.стралк. дывізія. 2.10.1926 Зах.ваен. акруга перайменавана ў БВА. У 1930-я г. на яе тэр. вялося будаўніцтва ўмацаваных раёнаў (Полацкага, Мінскага і Палескага), праводзілася тэхн. перааснашчэнне, упраўленне акругі аб’яднана са штабам. У 1935—38 тэрытарыяльныя стралк. дывізіі БВА пераўтвораны ў кадравыя. Беспадстаўныя рэпрэсіі ў 1937—38 супраць кіруючых работнікаў, камандзіраў і палітработнікаў сур’ёзна аслабілі ваен. кадры акругі. У 1938 БВА названа Бел. асобай ваен. акругай, у 1939 яе ўпраўленне пераведзена ў Мінск. 11.7.1940 БВА перайменавана ў Зах. асобую ваен. акругу, войскі пачалі аснашчацца новымі відамі зброі і тэхнікі. На пач.Вял.Айч. вайны 22.6.1941 акруга пераўтворана ў Заходні фронт 1941—44, які 24.4.1944 перайменаваны ў 3-і Бел. фронт. З 15.10.1943 на базе ўпраўлення Маскоўскай зоны абароны ў Смаленску (са жн. 1944 у Мінску) сфарміравана ўпраўленне БВА (камандуючы В.Ф.Якаўлеў). У ліп. 1944 у склад акругі ўключана тэр.Літ. ССР, і са студз. 1945 БВА стала называцца Бел.-Літ.ваен. акругай. 9.7.1945 яна падзелена на 2 акругі: Мінскую (аб’ядноўвала Мінскую, Полацкую, Маладзечанскую, Віцебскую і Магілёўскую вобл., упраўленне ў Мінску) і Баранавіцкую (Баранавіцкая, Брэсцкая, Гродзенская, Пінская, Бабруйская, Палеская і Гомельская вобл., упраўленне ў Бабруйску). 4.12.1946 яны зноў аб’яднаны ў адну акругу — БВА (упраўленне напачатку размяшчалася ў Бабруйску, са студз. 1947 — у Мінску). З 1950-х г. войскі БВА аснашчаліся новымі відамі зброі, у т. л. ракетнай зброяй рознага прызначэння, адбываліся змены ў арганізац. структуры існуючых злучэнняў, уведзены новыя роды войскаў, у т. л. ракетныя. 6.5.1992 БВА ліквідавана ў сувязі са стварэннем Мін-ва абароны Рэспублікі Беларусь і будаўніцтвам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.