ЧУПРЫГІ́НА Людміла Трафімаўна (н. 20.5.1938, в. Прусы Капыльскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне інфарматыкі. Скончыла БДУ (1960). З 1960 у НДІ ЭВМ (у 19 74—94 нач. аддзела). Навук. працы па сістэмным праграмным забеспячэнні ЭВМ, аперацыйных сістэмах ДОС і ОС для ЭВМ Адзінай сістэмы. Кіраўнік распрацоўкі праграмнага забеспячэння сістэмы раздзялення часу, дысплейных комплексаў ЕС 7920, «Сегмент», «Эдэльвейс». Дзярж. прэмія СССР 1978.
М.П.Савік.
т. 17, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮСІ́ПАВА Натэла Алімжанаўна (н. 12.2.1938, с. Уразаўка Ніжагародскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р біял. н. (1984), праф. (1995). Скончыла Горкаўскі мед. ін-т (1961). З 1967 у Цэнтр. н.-д. лабараторыі (у 1975—84 і ў 1988—95 заг., у 1981—88 кіраўнік) Мінскага мед. ін-та. Навук. працы па праблемах рэўматоіднага артрыту, распрацавала спосаб прафілактыкі хранічнага гіперімуннага артрыту.
т. 18, кн. 1, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙЗЕЛЬ Веньямін Міхайлавіч (20.6.1900, Мінск — 28.2.1943),
украінскі вучоны ў галіне механікі. Чл.-кар. АН Украіны (1939). Скончыў Харкаўскі тэхнал. ін-т (1921). З 1922 працаваў інжынерам-канструктарам. З 1928 выкладаў у ВНУ Харкава (з 1928 праф.). Навук. працы па тэорыі гідратурбамашын, дынаміцы машын, тэорыі пругкасці і тэрмапругкасці. Распрацаваў эксперым. метад вызначэння мех. напружанняў, якія ўзнікаюць пад уплывам тэмпературы ў пругкіх сістэмах (метад М.).
т. 18, кн. 1, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАНЧУ́К Андрэй Мікалаевіч (н. 31.10.1962, Мінск),
бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1999), праф. (2003). Скончыў Бел. нац. тэхн. ун-т (1984), дзе і працуе (з 2002 праф. кафедры). Навук. працы па раменных перадачах. Распрацаваў новыя тэхналогіі іх вытв-сці, запатэнтаваныя за мяжой (у т. л. ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі і інш.).
Тв.:
Ременные передачи. Мн., 1995 (разам з А.Ц.Скойбедам).
т. 18, кн. 1, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТАЛО́ГІЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ,
галіна навукі, якая вывучае ўплыў клімату і надвор’я на арганізм чалавека і метады выкарыстання іх у лек. і прафілакт. мэтах; аснова клімататэрапіі і курарталогіі. Вывучае фіз. і хім. паходжанне гідраметэаралагічных і ландшафтных раздражняльнікаў, характар і механізмы фізіял. і паталаг. працэсаў у арганізме чалавека ў розных кліматах, геагр. пашырэнне хвароб (гл. Геаграфія медыцынская).
Першыя звесткі па К.м. у працах Гіпакрата, Галена. Навук. асновы заклалі Парацэльс, англ. вучоны Т.Сідэнхем. У сярэдзіне 19 ст. выдадзены спец. працы па К.м. (франц. вучоны Г.Ламбар і інш.). У Расіі ў 1893 А.І.Ваейкаў абагульніў тагачасныя дасягненні па К.м. у працы «Даследаванне кліматаў з мэтамі кліматычнага лячэння і гігіены».
На Беларусі даследаванні па К.м. пачаў А.Меер у 2-й пал. 18 ст. Мінскае т-ва ўрачоў у пач. 20 ст. даследавала стан насельніцтва Беларусі ў залежнасці ад пражывання ў розных прыродных, у т. л. кліматычных, умовах. Навук. даследаванні па К.м. вядуцца ў НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі Мін-ва аховы здароўя Беларусі і інш. Вывучаюцца кліматычныя і прыродныя фактары, механізмы ўздзеяння іх на жыццёвую ёмістасць лёгкіх, работу сардэчна-сасудзістай сістэмы, сілу і рухомасць нерв. працэсаў, тэрмарэгуляцыйныя механізмы, скуру і г.д.
т. 8, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУ́ХАЎ Генадзь Аляксеевіч (н. 18.6.1924, чыг. ст. Сляпцоўская Сунжэнскага р-на, Чэчня),
бел. вучоны ў галіне псіхіятрыі. Д-р мед. навук (1973), праф. (1974). Засл. ўрач Беларусі (1975). Скончыў Паўн.-Асецінскі мед. ін-т (1949). Працаваў у Маскве, Іране, Кішынёве. З 1962 у Гродзенскім мед. ін-це. Даследаванні ў галіне пагранічнай псіхіятрыі і алкагольнага псіхозу.
Тв.:
Пневмоэнцефалография при шизофрении. Кишинев, 1968 (разам з Г.І.Брэгман, В.М.Міхліным).
т. 1, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНШТЭ́ЙН Самуіл Барысавіч (н. 3.11.1911, г. Баргузін, Бурація),
рускі вучоны-славіст. Д-р філал. н. (1946). Праф., чл.-кар. Балг. і Македонскай АН. Асн. працы ў галіне слав. і балканскага мовазнаўства. У манаграфіях «Нарыс параўнальнай граматыкі славянскіх моў» (т. 1, 1961) і «Нарыс параўнальнай граматыкі славянскіх моў: Чаргаванні. Іменныя асновы» (т. 2, 1974) даследуюцца праблемы марфаналогіі і лінгвістычнай геаграфіі, паслядоўна выкарыстоўваецца матэрыял бел. літаратурнай і дыялектнай моў.
Р.М.Малько.
т. 3, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЦЭНАГЕНЕ́З (ад біяцэноз +...генез),
гістарычны працэс фарміравання і развіцця біяцэнозаў. Адбываецца праз змену (экзагенез) відаў, якія дамінуюць (з іх кансорцыямі), змену складу біяцэнозаў уключэннем і выключэннем (трансгенез) відаў і некаторай іх трансфармацыяй (спецыягенез). Кожны этап біяцэнагенезу ва ўмераным клімаце дынамічны і адбываецца на працягу некалькіх тысячагоддзяў; на раўнінах трапічнай зоны доўжыцца мільёны гадоў. Суправаджаецца фарміраваннем новых рознасцяў глебаў, жывых арганізмаў і інш. Сінонімы біягенацэнозу — філацэнагенез і фітацэнагенез — прапанаваў сав. вучоны У.М.Сукачоў.
т. 3, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛУ́ЕЎ Валянцін Васілевіч (н. 25.8.1936, г. Горкі Магілёўскай вобл.),
бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1990). Скончыў БСГА (1959). З 1959 на Зах. машынна-выпрабавальнай станцыі, з 1965 у Бел. НДІ бульбаводства, з 1994 у Бел. НДІ эканомікі і інфармацыі аграпрамысл. комплексу. Працы па эканоміцы, планаванні і арганізацыі галін сельскай гаспадаркі.
Тв.:
Пути становления и развития белорусского картофелеводства. Мн., 1987;
Самообеспеченность зерном: Реальность и перспектавы. Мн., 1996.
т. 3, с. 486
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ВІЧ Рыгор Аляксеевіч (н. 13.2.1955, Мінск),
бел. вучоны-прававед. Д-р юрыд. н. (1994). Засл. юрыст Беларусі (1994). Скончыў БДУ (1980). З 1983 на выкладчыцкай рабоце ў БДУ, з 1986 — у сакратарыяце Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. З 1994 член, з 1997 Старшыня Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь. Даследуе праблемы прац. і канстытуцыйнага права. Аўтар прац: «Адказнасць бакоў працоўнага дагавору за нанесеную шкоду» (1989), «Парламент Рэспублікі Беларусь. Канстытуцыйна-прававы аспект» (1995) і інш.
т. 4, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)