афганская дзяржава ў 1747—1818. Створана ў выніку ваен. паходаў Ахмад-шаха Дурані (1747—73), які да 1761 аб’яднаў афг. (пуштунскія) землі (тэр. ядро дзяржавы — Кандагар, Газні, Кабул, Пешавар, Герат), заваяваў Паўн.-Зах. Індыю (у т. л. Кашмір), Усх. Іран, Паўд. Туркестан. Сталіца — г. Кандагар, з 1773 Кабул (перанесена пры сыне і пераемніку Ахмад-шаха Цімур-шаху, які правіў у 1773—93). Эканам. аснову дзяржавы складала феад.-дзярж. ўласнасць на зямлю (зямельныя падаткі з падуладных тэрыторый). Найб. прывілеяванае становішча ў ёй мела афг. племя абдалі (дурані; да яго належаў і вярх. правіцель — шах), якое было вызвалена ад падаткаў. Распалася ў выніку сепаратызму ханаў афг. плямён і нац.-вызв. паўстанняў падуладных неафг. народаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАТЫ́ЧНАЕ ПІСЬМО́,
позні від іерагліфічнага егіпецкага пісьма для хуткага запісу на папірусе вял. тэкстаў. Д.п. прыйшло на змену іератычнаму пісьму каля 6—7 ст. да н.э. і заставалася пісьмом егіпцян да 3 ст.н.э., калі змянілася копцкім пісьмом і значэнне іерогліфаў было забыта. У 1799 каля г. Разета (дэльта Ніла) знойдзены т.зв. Разецкі камень, на якім былі высечаны 2 іерагліфічныя надпісы і 1 на стараж.грэч. мове; адзін з іерагліфічных надпісаў выкананы манументальнымі іерогліфамі, другі — Д.п. У 1822 франц. вучоны Ж.Ф.Шампальён расшыфраваў іх і прыйшоў да высновы, што Д.п. максімальна набліжана да фанетычнага пісьма і складаецца з 3 відаў знакаў: ідэаграфічных, фанетычных і дэтэрмінатываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЛЁВАЕ ПРА́ВА,
у шэрагу краін (Францыі, Германіі, Японіі і інш.) самастойная частка цывільнага права, якая рэгулюе адносіны ў сферы гандл. абароту. Гістарычна склалася ў сярэдневяковай Італіі ў сувязі з развіццём міжнар. гандлю ў Міжземнамор’і як купецкае права. Першапачатковай яго крыніцай былі статуты гарадоў і купецкіх гільдый, што змяшчалі правілы пра сухапутны і марскі гандаль, гандл. звычаі. У далейшым гандлёвае права набыло агульны характар і было кадыфікавана. Акрамя еўрап. краін пашырылася ў многіх краінах Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. Некат. дзяржавы (у т. л. Італія) уніфікавалі цывільнае і гандлёвае права — выдалі адзіны кадыфікацыйны акт. У краінах, дзе гандлёвае права існуе як самаст. галіна, яно рэгламентуе парадак арганізацыі, дзейнасць і спыненне гандл. т-ваў, пытанні іх рэгістрацыі, вядзенне дакументацыі, прадстаўніцтва, гандл. здзелкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЙНА́ВА, Дайнова,
гістарычная вобласць на тэр. Літвы і ПнЗ Беларусі. Ахоплівала правабярэжжа Нёмана на ПнУ ад Гродна, у ніжнім цячэнні р. Мяркіс (Варэнскі р-н Літвы) і прылеглыя часткі сучасных Гродзенскага, Шчучынскага і Воранаўскага р-наў Гродзенскай вобл., адкуль дайноўцы рассяляліся на Пд і на У. Упершыню ўпамінаецца ў 1255 у грамаце (магчыма, падробленай) вял.кн. Міндоўга крыжакам. Першапачаткова займала, напэўна, тэрыторыю аднайм.зах.-балцкага (яцвяжскага) племяннога княства, якое ў 2-й пал. 13 ст. ўвайшло ў склад ВКЛ і паступова было асімілявана на Пн літоўцамі, на Пд беларусамі. Для насельніцтва Д. характэрна пахаванне нябожчыкаў у каменных курганах, пазней у каменных магілах. З 15 ст. большасць тэр. Д. займала маланаселеная Дайнаўская пушча, традыц. месца паляванняў вял.кн. літоўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗРА́ІЛЬСКАЕ ЦА́РСТВА,
старажытная дзяржава (каля 928—722 да н.э.) у Паўн. Палесціне. Узнікла пасля распаду адзінага Ізраільска-Іудзейскага царства і аб’ядноўвала 10 з 12 ізраільска-іудзейскіх плямён. Першы цар — Іераваам I [928—907 да н.э.]. Сталіцы — г. Сіхем (сучасны Наблус), пасля 876 да н.э. — Самарыя. Аснова эканомікі — земляробства, рамёствы і гандаль (праз Палесціну праходзілі шляхі міжнар. гандлю). Падтрымлівала эканам. і культ. сувязі з Фінікіяй, Егіптам і інш. краінамі. Бесперапынныя войны з суседзямі, у т. л. з Іудзейскім царствам, аслаблялі дзяржаву. Найб. трывалае становішча І.ц. было пры цару Омры [882—871 да н.э.] і яго пераемніках у 871—842 да н.э. Цар Йеху [841—814 да н.э.] быў вымушаны плаціць даніну Асірыі. У 722 да н.э. заваявана асірыйскім царом Сарганам II.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНЬ-КАШЫ́РСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
баі партыз. брыгады імя Молатава супраць ням.-фаш. захопнікаў у Вял.Айч. вайну 22.7.1943 на чыг. ст. Камень-Кашырскі Валынскай вобл. (Украіна) і 23.7.1943 на ст. Янаў-Палескі Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Задачай аперацыі было знішчыць варожы гарнізон на ст. Камень-Кашырскі і спыніць рух эшалонаў праціўніка. Атрад імя Суворава (70 байцоў, камандзір А.С.Кузічкін) скрытна зрабіў 55-кіламетровы марш і раптоўным ударам у ноч на 22 ліп. знішчыў станцыйныя збудаванні, склады з маёмасцю чыгункі. Развіццём аперацыі з’явіўся удар па ст. Янаў-Палескі 23 ліп. атрадам імя Чапаева (камандзір І.С.Зайкоў). Партызаны спалілі дэпо з 3 паравозамі, цыстэрну з гаручым. У выніку аперацыі ўчастак чыгункі Камень-Кашырскі—Янаў-Палескі быў надоўга выведзены са строю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМО́НЕРА ЗАКО́НЫ ЭКАЛО́ГІІ,
чатыры законы, сфармуляваныя амер. эколагам Б.Камонерам (1974): 1-ы закон — усё звязана з усім — звяртае ўвагу на ўсеагульную сувязь працэсаў і з’яў у прыродзе; 2-і — усё павінна куды-небудзь дзецца — перафразуе фундаментальны фіз. закон захавання матэрыі, у дачыненні да прыкладной экалогіі вызначае праблему асіміляцыі біясферай адходаў чалавечай цывілізацыі; 3-і закон — прырода «ведае» лепш — заклікае да асцярожнасці ў карыстанні прыроднымі экасістэмамі; 4-ы — нішто не даецца дарма — аб’ядноўвае ў сабе 3 папярэднія законы. У гэтых законах аўтар уяўляе глабальную экасістэму як адзінае цэлае, у рамках якой нічога не можа быць выйграна ці страчана і якая не можа быць аб’ектам усеагульнага паляпшэння; усё, што было здабыта з яе чалавечай працай, павінна быць вернута.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАБЕ́ЙНІКАЎ (Трыфан) (? — пасля 1594),
маскоўскі купец, пазней дзяк. У 1582 па даручэнні Івана IV Грознага ездзіў на святую гару Афон (Грэцыя) з міласцінай на супакаенне душы забітага бацькам царэвіча Івана. У час другога падарожжа (1593—94) наведаў Канстанцінопаль і Палесціну, прывёз у Маскву мадэль труны Гасподняй. Пра другое падарожжа напісаў «Хаджэнне Трыфана Карабейнікава...» (было распаўсюджана больш чым у 200 спісах), у якім падрабязна апісаны гарады Беларусі, праз якія ён праязджаў на шляху з Масквы ў Канстанцінопаль (Орша, Бобр, Крупкі, Нача, Барысаў, Мінск, Слуцк, Лістапады, Хвастова, Тураў), дадзены цікавыя характарыстыкі Слуцка і Турава. К. належаць «Апісанне шляху ад Масквы да Царграда» (1594) і «Справаздача маскоўскаму ўраду аб раздадзеных грашах у час другога пасольства ў Канстанцінопаль разам з дзякам Агаркавым па даручэнні цара Фёдара» (1594).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗНЯЦО́Ў (Мікалай Іванавіч) (27.7.1911, с. Зыранка Таліцкага р-на Пермскай вобл., Расія — 9.3.1944),
савецкі разведчык. Герой Сав. Саюза (1944). Працаваў інжынерам у Пермі і Маскве. У Вял.Айч. вайну з жн. 1942 ў партыз. атрадзе Дз.М.Мядзведзева «Пераможцы», які дзейнічаў на Укр. Палессі. Пад імем ням. обер-лейтэнанта Паўля Зіберта вёў разведку ў г. Роўна (Украіна), збіраў і перадаваў у партыз. атрад каштоўныя звесткі і дакументы. Разам з партызанамі рабіў дыверсіі, даставіў у партыз. атрад некалькі ням.-фаш. генералаў і чыноўнікаў. Загінуў у баі з прыхільнікамі С.А.Бандэры каля с. Барацін Бродаўскага р-на Львоўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РЫЯ [лац. curia ад co(cum) з, разам + vir муж, мужчына],
1) у Стараж. Рыме з 8—6 ст. да н.э. аб’яднанне некалькіх родаў патрыцыяў. Звычайна было 30 К., па 10 у кожнай родавай трыбе (акрузе); паводле іх збіралі курыятныя нар. сходы (каміцыі). Кожная К. мела асобнае месца для сходаў і свае святыні. У часы рэспублікі (510/509—30 або 27 да н.э.) усе К. ўзначальваў вял. курыён, да галасавання ў каміцыях былі дапушчаны і плебеі.
2) У сярэдневяковых краінах Зах. Еўропы савет і суд пры феадале.
3) Сукупнасць устаноў, падпарадкаваных рым. папу (гл.Рымская курыя).
4) У шэрагу дзяржаў, у т. л. былой Рас. імперыі, асобыя разрады (выбарчыя К.), на якія падзяляліся выбаршчыкі паводле маёмасных, нац. і інш. адзнак.