знешняя абалонка «цвёрдай» Зямлі, якая ўключае зямную кару і верхнія ўчасткі мантыі да паверхні астэнасферы. Тэрмін «Л» прапанаваў амер. геолаг Дж.Барэл у 1916. Магутнасць Л. ад 5—100 км пад акіянамі (мінім. пад сярэдзінна-акіянічнымі хрыбтамі) да 25—200 км пад кантынентамі (макс. пад шчытамі стараж. платформаў). Падзяляецца на верхні пругкі (магутнасць некалькі дзесяткаў кіламетраў) і ніжні пластычны слаі. На розных узроўнях у тэктанічна актыўных абласцях назіраецца расслоенасць Л. па гарызонтах паніжанай вязкасці (паніжанай скорасці сейсмічных хваль). Найб.буйныя структурныя адзінкі Л. — літасферныя пліты (памерамі ў папярочніку 1—10 тыс.км). У сучасную эпоху Л. падзелена на 7 галоўных (2 амерыканскія, еўраазіяцкую, афр., аўстрал., антарктычную і ціхаакіянскую) і некалькі больш дробных пліт. Граніцы пліт з’яўляюцца зонамі макс. тэктанічнай, сейсмічнай і вулканічнай актыўнасці. Паводле тэорыі тэктонікі пліт (гл.Вегенера гіпотэза, Дрэйф кантынентаў, Мабілізм, Тэктанічныя гіпотэзы) літасферныя пліты рухаюцца па астэнасферы са скорасцю да дзесяткаў сантыметраў за год. Вертыкальныя рухі (са скорасцю ад 1 см да некалькіх дзесяткаў сантыметраў за год) адбываюцца па сістэме субвертыкальных глыбінных разломаў, якія разбіваюць літасферныя пліты на блокі памерамі ад дзесяткаў да соцень кіламетраў. Блокі знаходзяцца ў стане, блізкім да ізастатычнай раўнавагі (гл.Ізастазія). Структуру і рухі літасферных пліт і блокаў вывучаюць геадынаміка, геафізіка, тэктоніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ГАРАДСКІ́ ТЭА́ТР Будынак т-ра пастаўлены ў 1886—88 паводле праекта арх. П.Камбурава і інж. У.Мільяноўскага. Сваёй трупы не меў. У 19 — пач. 20 ст. ў ім выступалі рус. трупы Пецярбургскага літ.-маст.т-ра і кабарэ «Лятучая мыш», Малога т-ра пад кіраўніцтвам А.Яблачкінай, трупы Г.Волгіна, Ф.Карскага, П.Максімава, С.Няволінай, Р.Неўскага, Ф.Корша, Ф.Хмары; польск. трупы В.Ашпергера, К.Фядзецкага, Ю.Кондрата, Я.Хелмікоўскага. Гастраліравалі буйныя майстры сцэны В.Камісаржэўская, П.Арленеў, бр. Адэльгеймы, В.Далматаў, Ю.Жукоўская, М.Занькавецкая, М.Петыпа. М.Садоўскі, Г.Фядотава, Ю.Юр’еў і інш. У 1910—16 выступала трупа рус. акцёраў пад кіраўніцтвам У.Кумельскага. Канцэрты і спектаклі наладжвалі аматарскія калектывы. З 1954 у будынку т-ра дзейнічае Магілёўскі абласны драматычны тэатр.
Будынак т-ра мае складаную кампазіцыю аб’ёмаў. Цэнтр. месца займае прамавугольная ў плане глядзельная зала з закругленай задняй сцяной. На гал. фасадзе выступаюць 2 вежападобныя чацверыковыя аб’ёмы і тамбур з тэрасай над ім пры ўваходзе, да якога вядзе 2-баковая крывалінейная ў плане лесвіца. Вакол глядзельнай залы згрупаваны вестыбюль, фае, кулуары, калідоры, службовыя памяшканні. У арх. вырашэнні фасадаў выкарыстана спалучэнне адкрытай чырвонай муроўкі і белых атынкаваных дэталей псеўдарускага стылю (зубчыкі, сухарыкі, абрамленні аконных праёмаў разнастайных форм). Інтэр’ер аздоблены разьбой па дрэве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСАЧУ́СЕТС (Massachusetts),
штат ЗША на Пн Атлантычнага ўзбярэжжа, у Новай Англіі. Пл. 21,4 тыс.км². Нас. 6,1 млн.чал. (1997), у т. л. гарадскога каля 84%. Адм. ц., найб. горад і порт, эканам. і культ. ц. — г.Бостан. На У хвалістая Прыатлантычная нізіна, у цэнтр.ч. — плато выш. 200—300 м, парэзанае шырокай далінай р. Канектыкут, на З адгор’і Апалачаў (выш. да 1064 м). Клімат умераны акіянічны, ападкаў больш за 1000 мм за год. Каля 65% плошчы, пераважна ў гарах, займаюць хвойныя і лісцевыя лясы. М. — адзін з самых густанаселеных (шчыльн. насельніцтва каля 290 чал. на 1 км²) і эканамічна развітых штатаў. Вядучае месца належыць апрацоўчай прам-сці, асабліва разнастайнаму машынабудаванню і лёгкай прам-сці. Буйныя прадпрыемствы радыёэлектроннай прам-сці. Развіты таксама электратэхніка, вытв-сць рознага прамысл. абсталявання, суднабудаванне, тэкст., гарбарна-абутковая, хім., гумавая, папяровая, паліграф.прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі 17,4 млрд.кВт∙гадз (1996). Электрастанцыі працуюць на каменным вуглі, нафце, газе. Ёсць АЭС і ГЭС. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу, спецыялізавана на вытв-сці натуральнамалочных прадуктаў, яец, агародніны, ягад. На ўзбярэжжы рыбалоўства і перапрацоўка рыбы. Транспарт — аўтамаб., чыг., марскі. У М. — Гарвардскі (у Кеймбрыджы) і Кларкскі (у Вустэры) ун-ты, Масачусецкі тэхнал.ін-т. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІКАРДЫ́Я (Picardie),
гістарычная вобласць на Пн Францыі, каля берагоў Ла-Манша. Уключае дэпартаменты Эна, Сома, Уаза. Пл. 19,6 тыс.км². Нас. каля 2 млн.чал. (2000). Гал. горад — Ам’ен. Рэльеф раўнінны. Клімат умераны (ападкаў 600—800 мм за год). Натуральная расліннасць — дубовыя і букавыя лясы. Прам-сць: маш.-буд. і металаапр., хім., гумавая, тэкст., харч., асабліва цукровая. Інтэнсіўная сельская гаспадарка. Асн. культуры — пшаніца і цукр. буракі. Агародніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і авечак. Транспарт чыг. і аўтамабільны.
У старажытнасці тэр. П. насялялі кельцкія плямёны. У сярэдзіне 1 ст. да н.э. заваявана рымлянамі, у 5 ст.н.э. — франкамі і ўвайшла ў склад франкскага каралеўства. У 9—12 ст. распалася на некалькі графстваў, якія трапілі ў васальную залежнасць ад Фландрыі. У 12 ст. гарады П. (Нуаён, Сен-Кантэн, Ам’ен, Бове, Абвіль і інш.) — буйныя цэнтры сукнаробства. У канцы 12 ст. П. ў складзе дамена франц. караля. Яе насельніцтва ўдзельнічала ў сял. паўстаннях «пастушкоў» (1251) і Жакерыі (1358). У Стогадовую вайну 1337—1453 моцна пацярпела ад нападаў англічан. З 1435 у складзе Бургундскага герцагства. У 1477 Людовік XI зноў далучыў П. да каралеўскага дамена. З 16 ст. правінцыя Францыі, у 16—17 ст. арэна ваен. сутыкненняў паміж Францыяй і Іспаніяй (1557, 1595, 1636). Пасля падзелу тэр. Францыі на дэпартаменты (1790) прав. П. перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ЭНЕРГЕТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
адзіная сетка цеплавых электрастанцый (ДРЭС і ЦЭЦ), трансфарматарных падстанцый і ліній электраперадач, размешчаных на тэр. Беларусі; аснова нац. энергетыкі. Уключае 22 электрастанцыі агульнай устаноўленай магутнасцю каля 7 млн.кВт, 1200 падстанцый, больш за 250 тыс.км ліній электраперадач усіх напружанняў.
Пачала фарміравацца ў 1930 з пракладкі першых ліній электраперадач ад Асінаўскай ДРЭС (цяпер Беларуская ДРЭС). У 1950-я г. з ростам электраэнергетыкі электрастанцыі аб’яднаны ў мясц.энергет. сістэмы: Цэнтральную, Паўд., Паўн.-Заходнюю. У 1962 з уводам у дзеянне лініі электраперадачы Бярозаўская ДРЭС — Баранавічы — Мінск мясц. энергасістэмы злучаны ў Беларускую энергетычную сістэму, у складзе якой 6 абл. электрасістэм.
Сярод электрастанцый Беларускай энергетычнай сістэмы найбольшыя Лукомская ДРЭС (2400 тыс.кВт), Бярозаўская ДРЭС (940 тыс.кВт), Мінская ЦЭЦ-4 (1030 МВт); ёсць інш.буйныяЦЭЦ у Мінску, Наваполацку, Віцебску, Светлагорску, Гомелі і інш. гарадах. У складзе Беларускай энергетычнай сістэмы 25 буйных кацельняў і каля 2000 км цеплавых сетак. У 1994 выпрацавана 31,4 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. З электрастанцый і інш. электрасістэм электраэнергія паступае ў агульную сетку, аснова якой — лініі электраперадач напружаннем 220, 330 і 750 кВ. Пасля электраэнергія перадаецца ў размеркавальныя сеткі напружаннем 0,4, 6, 10, 35 кВ. Беларуская энергетычная сістэма звязана з энергасістэмамі Літвы, Украіны, Польшчы і Расіі лініямі электраперадач напружаннем 330 і 750 кВ; частка электраэнергіі ў яе паступае з Літвы і Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНАРО́БНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прам-сці, якая вырабляе віно вінаграднае, пладова-ягаднае, шампанскае, каньяк.
Вінаробства вядома з даўніх часоў у краінах развітога вінаградарства. Усяго ў свеце вырабляецца 26 млн.т вінаграднага віна, найб. (1994; млн.т) у Італіі (6,0), Францыі (5,5), Іспаніі (2,3), ЗША (1,7), Аргенціне (1,4) і Германіі (1,0). У 1969 СССР займаў 4-е месца ў свеце па памерах плошчаў вінаграднікаў і вырабе вінаграднага віна (240 млн. дал). У канцы 1980-х г. у сувязі з антыалкагольнай кампаніяй паменшыліся плошчы вінаграднікаў, многія вінаробныя з-ды былі закрыты. У 1994 Расія знаходзілася на 7-м месцы ў свеце па вырабе вінаградных він (0,7 млн.т). Значная вінаробная прамысловасць на Украіне, у Малдове, Азербайджане, Арменіі і інш.
Вінаробная прамысловасць Беларусі спецыялізуецца на вытв-сці пладова-ягаднага віна з мясц. і вінаграднага віна з прывазной сыравіны. Першыя вінзаводы пабудаваны ў 1925 у саўгасах «Лошыца» Мінскага і «Вымна» Віцебскага р-наў. У 1940 іх было 13 (выраблена каля 1 млн. дал віна), у 1975 — 21 з-д. Да 1990 большасць з іх закрыта. Дзейнічаюць буйныя вінзаводы ў Магілёве, Пінску, Гомелі і Полацку, з-д шампанскіх він у Мінску. У 1994 выпушчана 0,6 млн. дал вінаграднага віна (у 1985 — 11,6), 5,5 млн. дал пладова-ягаднага (у 1985 — 9,9), 670 тыс. дал шампанскіх він (у 1985 — 544).
Да арт.Вінаробная прамысловасць. На заводзе па выпуску херасу НВА «Ялавены» (Малдова).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНГ, Ганга,
рака ў Азіі, у Індыі і Бангладэш. Даўж. 2700 км, пл.бас. 1120 тыс.км². Пачынаецца ад зліцця 2 вытокаў (Бхагіратхі і Алакнанда) з ледавікоў у Гімалаях на выш. 4500 м. Прарэзаўшы горы Сівалік (ніжэй горада Хардвар), выходзіць на Інда-Гангскую раўніну, якую перасякае ў паўд.-ўсх. напрамку. Упадае ў Бенгальскі заліў, утвараючы разам з Брахмапутрай велізарную дэльту (пл. больш за 80 тыс.км²). Асн. прытокі: Джамна, Сон, Дамодар (справа), Гоматы, Гхагхра, Гандак, Косі (злева). У вярхоўях Ганга цячэ сярод гор па цесных каньёнападобных далінах, мае вял. падзенне рэчышча, утварае шэраг вадаспадаў. У сярэднім і ніжнім цячэнні — павольная і мнагаводная рака. Дэльта Ганга мае густую і складаную сетку рэк, каналаў і азёр, укрыта ўрадлівымі глебамі, шчыльна заселена; нізоўі яе затоплены, заняты джунглямі. Рэжым мусонны, летнія паводкі з пад’ёмамі ўзроўню вады да 15 м; частыя і моцныя навадненні. Сярэдні расход вады 13 тыс.м³/с, каля вусця разам з Брахмапутрай 38 тыс.м³/с. Гадавы сцёк 1200 км³ (3-е месца пасля Амазонкі і Конга). Вада мутная; цвёрды сцёк больш за 200 млн.т наносаў за год. У ніжнім цячэнні ўплыў марскіх прыліваў. Суднаходная на 1450 км (ад г. Хардвар да вусця). Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Гангу буйныя гарады — Алахабад, Варанасі, Патна, у дэльце — марскі порт Калькута (Індыя). Ганг — свяшчэнная рака індусаў, па берагах — месцы рэліг. паломніцтваў (гл.Ганга).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАЗДЗІ́К (Dianthis),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 300 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Азіі, Паўн. Афрыцы і Паўн. Амерыцы. На Беларусі як дзікарослыя трапляюцца 9 відаў, з іх 7 мясцовых — гваздзік армерыяпадобны (D. armeria), Борбаша (D. borbasii), вузкачашачкавы (D. stenocalyx), дэльтападобны, або травянка (D. deltoides), картузіянскі (D. carthusianorium), пышны (D. Superbus), пясчаны (D. arenarius); 2 занесеныя — гваздзік раўнінны (D. campestris), і Фішэра (D. ficheri). Растуць у сухіх барах і шыракалістых лясах, на пясчаных мясцінах, лугах і ў поймах рэк. Гваздзік армерыяпадобны і картузіянскі занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь; Борбаша, вузкачашачны і пышны патрабуюць прафілактычнай аховы. У культуры вырошчваюць каля 20 відаў. Найб. вядомыя: Гваздзік Андржаеўскага (D. andrzejowskianus), барадаты, або турэцкі гваздзік (D. barbatus), кітайскі (D. chinensis), перысты (D. plumaris), садовы, або галандскі (D. caryophyllus), з буйнымі адзіночнымі махрыстымі кветкамі і шаравата-блакітны (D. gratianopolitanus). Многія з іх маюць садовыя формы; гваздзік барадаты лёгка дзічэе.
Шмат-, рэдка аднагадовыя травяністыя расліны і паўкусты з прамастойным, прыўзнятым, простым або галінастым вузлаватым сцяблом Лісце суцэльнае, супраціўнае, сядзячае, звычайна ланцэтнае, падоўжана-ланцэтнае, лінейнае, шылападобнае, ніжняе часта ў разетцы. Чашачка зрослалістая, пры аснове з лускападобнымі, прыціснутымі прыкветнікамі (характэрная прыкмета роду). Кветкі звычайна буйныя, духмяныя, белыя, зеленаватыя, ружовыя, пурпуровыя і інш., 5-членныя, адзіночныя, сабраныя ў верхавінкавыя раскідзістыя або шчыльныя суквецці. Плод — каробачка. Лек., меданосныя, кармавыя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКІ (Міхаіл Львовіч) (мянушка Мажны, каля 1470 — 1534),
дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ і Маскоўскага вял. княства. З роду Глінскіх. Вучыўся ў Зах. Еўропе, служыў у войску герм. імператара Максіміляна I. У канцы 1490-х вярнуўся ў ВКЛ, стаў набліжанай асобай вял.кн. Аляксандра. Маршалак дворны літоўскі (1500) намеснік мерацкі (1502), бельскі (1505). Атрымаў буйныя маёнткі на Падляшшы, Мажэйкава (пад Лідай), Тураў і інш. У 1506 на чале войска ВКЛ разбіў татар у Клецкай бітве 1506. Узвышэнне Глінскага і яго братоў выклікала востры канфлікт са старой знаццю, непрыязна паставіўся да Глінскага і новы вял.кн. Жыгімонт I Стары. Глінскі імкнуўся паказаць сябе абаронцам праваслаўя і заклікаў бел. і ўкр. шляхту падтрымаць яго (хоць сам яшчэ ў маладосці прыняў каталіцтва і вярнуўся ў праваслаўе толькі значна пазней у Маскве). Усе гэтыя супярэчнасці прывялі да Глінскіх мяцяжу 1508. Пасля няўдалага выступлення ўцёк у Маскву, атрымаў у Расіі ўладанні (Малаяраславец, Бароўск) замест канфіскаваных у ВКЛ. Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22. За намер вярнуцца на радзіму зняволены ў турму, дзе прабыў да 1527 (паводле інш. звестак да 1526). Вызвалены па просьбе пляменніцы Алены, жонкі вял. князя маскоўскага Васіля III, стаў ваяводам. У 1533 увайшоў у склад Вярхоўнай думы. У 1534 у выніку інтрыг зноў кінуты ў турму, дзе і памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́СЫсацыяльныя,
буйныясац. групы, якія аб’ядноўваюць людзей з агульным сац.-эканам. і паліт. статусам і якасна адрозніваюцца паводле такога статуса. У навуцы і дзярж.-паліт. практыцы са стараж. часоў назіраюцца розныя падыходы да паняцця К. Найб. распаўсюджаны аб’ектыўныя крытэрыі, якія звязаны пераважна з сутнаснымі фактамі эканам. жыцця грамадства, напр., з месцам у пэўнай гістарычна абумоўленай сістэме грамадскай вытв-сці, памерамі прыватнага матэрыяльнага багацця (А.Сміт, Д.Рыкарда, Ф.Гізо і інш.), роляй у арганізацыі сучаснай высокатэхнал. вытв-сці і кіраванні ёю. Паводле К.Маркса, Ф.Энгельса і У.І.Леніна, К. — гэта вял. групы людзей, якія адрозніваюцца адносінамі да сродкаў вытв-сці (што юрыдычна замацоўваецца ў адпаведных законах), сваёй роляй у грамадскай арганізацыі працы, а ў канчатковым выніку — спосабамі атрымання і памерамі той часткі грамадскага багацця, якою яны карыстаюцца; з прыватным прысваеннем вынікаў грамадскай працы звязана існаванне ў класавым грамадстве К. эксплуататарскіх і эксплуатуемых. М.Вебер лічыў, што К. — гэта спалучэнне разнародных груп людзей, якія адрозніваюцца ўзроўнем адукацыі, занятасцю, даходамі і валодаюць аднымі і тымі ж жыццёвымі шанцамі і перспектывамі. У.Л.Уорнер адносіў да К. групы людзей, якія самі залічвалі сябе да пэўнай пазіцыі ў сістэме сац. іерархіі (вышэйшы, ніжэйшы, сярэдні К.). Сучасныя зах. сацыялогія і паліталогія пры характарыстыцы сац. структуры грамадства зыходзяць з тэорыі сацыяльнай стратыфікацыі.