КІВЕ́ЙША (Алена Іванаўна) (н. 5.12.1932, хутар Львоўшчына Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1987), праф. (1988). Скончыла Бел. дзярж. ін-т нар. гаспадаркі (1954). З 1967 працуе ў Бел. дзярж. эканам. ун-це. Даследуе праблемы эканомікі кормавытворчасці і агр. рэформы ва ўмовах пераходу да рыначнай эканомікі. Аўтар навуч. дапаможнікаў па эканоміцы АПК.

Тв.:

Повышение экономической эффективности кормопроизводства. Мн., 1980;

Организация отрасли кормопроизводства. Мн., 1984.

т. 8, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАНО́ЎСКІ (Анатоль Васілевіч) (н. 9.5.1937, г. Мінск),

бел. жывапісец, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1992). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). З 1966 выкладчык, з 1993 праф. Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа, нацюрморта. Яго творам уласцівы эмацыянальнасць, лірычнасць, каларыстычная насычанасць. З паэт. пранікнёнасцю перадае прыгажосць бел. краявідаў: «Беларускі матыў» (1968), «Воблакі плывуць над зямлёй роднай» (1977), «Мазырскі край» (1980), «Вясна на Прыпяці» і «Зямля мая залатых бяроз» (1981). Сярод інш. твораў: «Маці. 1941 год» (1972), «Партрэт Капыловіча Пятра Мікалаевіча» (1980), «Купалле» (1982), «Гнёзды» і «Дарога дзяцінства» (абодва 1993), «Мелодыі восені» і «Нараджэнне вясны» (1995).

А.В.Бараноўскі. Гнёзды. 1993.

т. 2, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАНО́ЎСКІ (Фёдар Міхайлавіч) (н. 3.7.1924, Мінск),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1959). Выкладаў ў Бел. тэатр.-маст. ін-це, з 1964 у Бел. політэхн. акадэміі. Як жывапісец працуе ў батальным, гіст., быт. жанрах, а таксама пейзажы, партрэце. Творам уласцівы разнастайнасць маст. вырашэнняў, свабодная манера пісьма, дакладнасць вобразных характарыстык. Сярод работ: «Цаною жыцця» (1961), «Захоп моста ў Віцебску ў 1944 годзе» (1962), «Уцёкі з палону» (1963), «Ішоў салдат, ішоў...» (1970), «Лазня» (1975), «Будаўнікі метро» (1979), «Салдаты 1943 года» (1981), «Мінск наш» (1992), «3 чэрвеня 1944» і «Вуліца Танкавая» (1994), шэраг лірычных пейзажаў і партрэтаў.

Н.М.Бараноўская.

Ф.Бараноўскі. Лазня. 1975.

т. 2, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БАРАЦЬБА́»,

газета, орган ЦК КПЗБ. Выдавалася з кастр. 1932 да лют. 1933 у Берліне на бел. мове. Выходзіла нерэгулярна. Выйшла 5 нумароў. Была разлічана на зах.-бел. рэв. і камуніст. актыў, беларусаў-эмігрантаў, што жылі ў краінах Зах. Еўропы і ў Амерыцы. Выступала за сац. і нац. вызваленне і ўз’яднанне з БССР, у абарону дэмакр. арг-цый (ТБШ і інш.). Пісала пра рэв. выступленні ў Зах. Беларусі, бел. эміграцыю ў Францыі, Латвіі, асвятляла паліт. і эканам. становішча ў СССР і БССР. Вяла палеміку з кіраўнікамі Бел. хрысціянскай дэмакратыі і інш. партый. Спыніла існаванне пасля прыходу да ўлады ў Германіі Гітлера.

С.В.Говін.

т. 2, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РЫШАЎ (Гурый Іларыёнавіч) (н. 30.4.1928, Ташкент),

бел. тэатразнавец і мастацтвазнавец. Д-р мастацтвазнаўства, праф. (1990). Скончыў Ташкенцкі тэатр. ін-т (1950). Працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (1955—67, 1973—78), Бел. тэатр.-маст. ін-це (1961—67), Гал. рэдакцыі БелСЭ (1967—73). З 1983 у Бел. ун-це культуры. Даследуе гісторыю і тэорыю бел. прафес. і нар. т-ра, т-р Беларусі 18 ст., сцэнаграфію. Аўтар раздзелаў у кн. «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1, 1983), «Музычны тэатр Беларусі: Дакастрычніцкі перыяд» (1990), «Беларускі народны тэатр батлейка» (1962, з А.Саннікавым) і інш.

Тв.:

Театральная культура Белоруссии XVIII века. Мн., 1992.

А.А.Саламаха.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТВІ́ННІК (Марат Барысавіч) (н. 22.12.1928, Мінск),

бел. гісторык. Канд. гіст. н. (1970). Скончыў БДУ (1951). Працаваў ва ўстановах нар. асветы, у 1977—92 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследуе гістарыяграфію эпохі феадалізму, гісторыю культуры і асветы Беларусі, ролю спадчыны Ф.Скарыны ў дзейнасці бел. друкароў і выдаўцоў 16—17 ст., гісторыю бел. л-ры, славістыку. Аўтар кніг і артыкулаў пра жыццё і дзейнасць бел. вучоных (М.М.Нікольскага, У.М.Перцава, Г.М.Ліўшыца), адзін з аўтараў кн. «Беларускі асветнік Францыск Скарына і пачатак кнігадрукавання на Беларусі і ў Літве» (1979), «Іван Фёдараў і ўсходнеславянскае кнігадрукаванне» (1984), аўтар кн. «Адкуль ёсць пайшоў буквар» (1983) і інш.

т. 2, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ХА́ТКА» ў Мінску,

клуб бел. мастацкай інтэлігенцыі, які ў 1916—20 праводзіў культ.-асв. работу, прапагандаваў бел. тэатр. і муз. мастацтва, садзейнічаў стварэнню бел. дзярж. т-ра. Напачатку ў «Беларускай хатцы» наладжваліся вечарынкі (удзельнічалі У.Галубок, М.Багдановіч, З.Верас, У.Фальскі і інш.), на якіх чыталі творы бел. пісьменнікаў, спяваў хор. Потым тут працавалі Першае таварыства беларускай драмы і камедыі, тэатр. трупа пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча, Мінскае таварыства працаўнікоў мастацтва, Драматычная секцыя Беларускай вучнёўскай грамады і інш. Дзейнасць клуба асвятлялася ў перыяд. друку (газ. «Вольная Беларусь», «Беларусь»). Спроба адрадзіць культ.-асв. дзейнасць клуба ў 1921 не падтрымана афіц. ўладамі.

Літ.:

Рамановіч Я. «Беларуская хатка» // Горад і годы. Мн., 1967.

Ю.Р.Васілеўскі.

т. 2, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНЕ́ЦКІ (Фама Сільвестравіч) (н. 23.3.1938, в. Траскоўшчына Мінскага р-на),

бел. акцёр, педагог. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1961). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.Коласа. З 1971 у Нац. т-ры імя Я.Купалы. Адначасова (з 1990) выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Напачатку выконваў ролі герояў, потым пераважна характарныя. Сярод лепшых роляў у т-ры імя Я.Коласа: Раскольнікаў («Злачынства і кара» паводле Ф.Дастаеўскага), Леанідзік («Мой бедны Марат» А.Арбузава), Віктар («Варшаўская мелодыя» Л.Зорына); у т-ры імя Я.Купалы: Салянік («Радавыя» А.Дударава), Паніч («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Жабрак («Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева), Настаўнік («Безыменная зорка» М.Себасцьяна), Клеон («...Забыць Герастрата!» Р.Горына).

т. 4, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШНЕ́ЎСКІ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 17.2.1955, в. Балотчыцы Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. мастак, графік. Чл. Бел. акадэміі выяўл. мастацтва (1995). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). З 1988 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе пераважна ў галіне станковай і кніжнай графікі. Выкарыстоўвае складаныя графічныя тэхнікі. Сярод станковых твораў: серыі афортаў «Будаўніцтва чалавека» (1987—88), «Птушкаловы» (1987—89); «Дзяды», «Pieta (Чарнобыльская)» (1995—96), афорты «Сейбіт», «Белы і чорны анёлы», «Рука-пісьмо» (усе 1991) і інш. Аформіў зб. вершаў Я.Коласа «Родныя вобразы», выканаў іл. да кніг «Вянок беларускіх народных песень» (1988), «Палата кнігапісная» М.Нікалаева, «Янка і Ружа» і «Ці вернецца князь Кук?» У.Ягоўдзіка (усе 1993).

Л.Ф.Салавей.

т. 4, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛКАЎ (Віталь Васілевіч) (н. 16.6.1939, г. Екацярынбург, Расія),

бел. выканаўца на трубе. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Уральскую кансерваторыю (1964). У 1968—88 саліст і канцэртмайстар групы труб Дзярж. акад. сімф. аркестра Рэспублікі Беларусь, з 1990 — мінскага духавога аркестра «Няміга». Адначасова педагог Бел. акадэміі музыкі (праф. з 1991), Мінскага ін-та культуры (1976—78). Выступае як трубач-саліст. Яго выкананне адметнае сакавітым, прыгожым гучаннем інструмента, тэхн. свабодай. Першы выканаўца многіх твораў для трубы бел. кампазітараў М.Аладава, А.Туранкова, П.Падкавырава, А.Мдывані, У.Дамарацкага і інш. Аўтар апрацовак бел. нар. мелодый, аранжыровак і транскрыпцый для духавога аркестра, саліруючых інструментаў і ансамбляў рознага складу. Чл. Сусв. гільдыі трубачоў (1995).

І.І.Зубрыч.

т. 4, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)