сістэма вершаскладання, заснаваная на раўнамерным чаргаванні доўгіх і кароткіх складоў у вершаваных радках. Уласціва тым мовам, у якіх галосныя адрозніваюцца па працягласці гучання. Найб. развіццё атрымала ў антычным вершаскладанні. У аснове М.в. — вымярэнне верша ўмоўнымі часавымі адзінкамі — морамі, якія аб’ядноўваюцца ў такты (стопы і групы стоп); звычайна кароткі склад лічыцца роўным адной моры, доўгі — дзвюм (радзей — некалькім) морам. Адрозніваюць чыста-метрычнае вершаскладанне, у якім зададзены толькі часавы аб’ём такта, што запаўняецца любымі спалучэннямі складоў, і сілаба-метрычнае вершаскладанне, у якім унутры тактаў адрозніваюцца складовыя пазіцыі, што дапускаюць адны варыянты запаўнення і не дапускаюць іншых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ КІ́РХА.
Існавала ў 19 — пач. 20 ст. ў Мінску. Пабудавана ў 1846 з цэглы ў стылі класіцызму на б. Захар’еўскай вул. (цяпер праспект Скарыны). Прамавугольны ў плане асн.аб’ём з паўкруглай алтарнай апсідай і прытворам, завершаным вежай-званіцай у выглядзе ратонды з 8 калонамі тасканскага ордэра і паўсферычным купалам. Сцены будынка рытмічна расчлянёны атыкамі. З ПнУ да кірхі прыбудаваны 2-павярховы будынак, дзе жыў пастар. Сіметрычны па кампазіцыі гал. фасад завершаны ступеньчатым атыкам. У 1930-я г. перабудавана пад дзіцячы кінатэатр. Разбурана ў 1940-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́ЛЬНЫЯ ЎМО́ВЫў фізіцы,
1) умовы, што вызначаюцца ціскам p = 101325 Па (нармальная атмасфера) і тэмпературай T0 = 273,15 К (0 °C), пры якіх аб’ём 1 моль ідэальнага газу V0 = 2,24136∙10−2м³. Нармальнае паскарэнне свабоднага падзення прымаецца роўным gn = 9,80665 м/с2.
2) Умовы выкарыстання вымяральных прылад, пры якіх т-ра, сілкавальнае напружанне і інш. велічыні, што ўплываюць на іх паказанні, маюць нармальныя значэнні або знаходзяцца ў дапушчальных межах. Для эл. прылад за Н.ў. прымаюцца: т-ра 20 ±2 °C, сілкавальнае напружанне — названае па шкале прылады ±2%, частата ў межах 49—51 Гц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ТРАНЫЯ МЯШКІ́ў жывёл,
паветраносныя поласці, спалучаныя з дыхальнымі шляхамі, ротавай поласцю або страваводам, дзе газаабмен не адбываецца. Да П.м. належаць галасавыя мяшкі бясхвостых земнаводных, лёгачныя вырасты паўзуноў. У птушак сістэма П.м. (5 пар), аб’ём якіх мяняецца пры дыханні, прызначана для аэрацыі лёгкіх (асабліва ў час палёту), тэрмарэгуляцыі арганізма, змены шчыльнасці цела пры плаванні і ныранні. Вырасты П.м. заходзяць і ў поласці касцей (пнеўматызацыя шкілета). У млекакормячых П.м. характэрны для некат. няпарнакапытных, даманаў, самцоў паласатага цюленя і маржа, кашалота. У раслін узнікаюць у зернях пылку пры разыходжанні слаёў экзіны (у многіх ветраапыляльных раслін, пераважна хвойных).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСХО́Д ВАДЫ́,
аб’ём вады, які працякае праз папярочнае сячэнне патоку за адзінку часу. Выражаецца ў кубічных метрах за секунду (м³/с), для малых вадацёкаў у літрах за секунду (л/с). Рэгулярнае вымярэнне Р.в. праводзіцца на гідралагічных пастах. Вымяраецца гідраметрычнымі вяртушкамі, радзей паплаўкамі, на малых вадацёках — з дапамогай вадазліваў, на гідратэхн. збудаваннях — расхадамерамі. На аснове сістэматычных вымярэнняў Р.в. вылічаюць іх сярэднясутачныя, сярэднямесячныя, сярэднешматгадовыя, а таксама макс. і мінім. велічыні і характарыстыкі сцёку. Для падліку сцёку вады паводле даных штосутачных вымярэнняў выкарыстоўваецца крывая расходу вады — графік, які паказвае сувязь паміж расходамі і ўзроўнямі вады ў дадзеным сячэнні патоку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГА ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНАЯ,
стан тэрмадынамічнай сістэмы, у які яна самаадвольна пераходзіць, калі знаходзіцца ў пастаянных знешніх умовах ці з’яўляецца замкнутай. Працэс такога пераходу наз.рэлаксацыяй.
Пры Р.т. спыняюцца неабарачальныя працэсы (напр., дыфузія, цеплаправоднасць, тэрмадыфузія). Неабходныя ўмовы Р.т. — роўнасць ва ўсіх пунктах сістэмы тэмпературы, ціску, хімічных патэнцыялаў для кожнай яе кампаненты і інш. Гэтыя параметры могуць мець у невялікіх аб’ёмах малыя ваганні адносна сваіх сярэдніх значэнняў (флуктуацыі). Дастатковая ўмова Р.т. — экстрэмум аднаго з патэнцыялаў тэрмадынамічных. Напр., у ізаляванай сістэме (мае фіксаваныя энергію і аб’ём) Р.т. адпавядае максімум энтрапіі, у сістэме з фіксаванымі т-рай і аб’ёмам — мінімум свабоднай энергіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭА́ЛЬНАЯ ЗАРАБО́ТНАЯ ПЛА́ТА,
эканамічны паказчык, што вызначае аб’ём прадметаў спажывання і паслуг, які работнік можа набыць на свае грошы, атрыманыя ў форме аплаты працы; састаўная частка рэальных даходаў насельніцтва. Яе велічыня залежыць ад памеру аплаты ў адпаведнасці з колькасцю і якасцю працы і ад цэн на тавары і паслугі, падаткаў і інш. Вылічваецца ў працэнтах ці як каэфіцыент і вызначае суадносіны паміж намінальнай (грашовай) заработнай платай і індэксам цэн на тавары і паслугі ў дадзены перыяд за вылікам спагнаных падаткаў і ўзносаў. Памяншэнне Р.з.п. звязана з інфляцыяй, калі яна не кампенсуецца павелічэннем, індэксацыяй заработнай платы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВІ́СЛАЧ»,
гасцініца ў Мінску. Пабудавана ў 1938 (арх. А.П.Воінаў). Да 1987 наз. «Беларусь». У кампазіцыі 5-павярховага будынка вылучаны 6-павярховы вуглавы паўкруглы ў плане аб’ём з цэнтр. уваходам. Да яго пад прамым вуглом прымыкаюць бакавыя крылы. Пластыку фасадаў ствараюць рытмічна пастаўленыя трохчвэртныя калоны без баз і капітэлей, якія падтрымліваюць атыкавы паверх. Калоны цэнтр.ч.найб. па маштабе. У Вял.Айч. вайну гасцініца спалена, адноўлена паводле праекта аўтара ў 1947. У 1978 рэстаран гасцініцы рэканструяваны і расшыраны (арх. Л.Мельнік, інтэр’еры аформлены скульпт. А.Глебавым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ПАВІЦКІ КА́МЕНЬ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). Размешчаны за 300 м на ПдЗ ад в. Сіпавічы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Валун шэрага дробназярністага граніту кіроўнага тыпу. Даўж. 3,9 м, шыр. 2,7 м, выш. 1,4 м, у абводзе 10,9 м, аб’ём 7,8 м³, маса каля 20,7 т. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. гадоў назад з У Швецыі. Мае прасападобную форму, на верхняй пляцоўцы захавалася паўсферычная выемка (дыяметр 5 см, глыб. 3 см) з адшліфаванымі сценкамі. Ямка зроблена чалавекам каля 2—2,5 тыс. гадоў назад. У старажытнасці валун меў культавае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́НЕЦ,
пярэдняя частка праваслаўнага ці каталіцкага храма. На Беларусі вядомы з 11—12 ст. (Сафійскі сабор і Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку). Пашыраны ў архітэктуры культ. пабудоў 15—18 ст. як частка аб’ёму над хорамі (цэрквы ў в. Мураванка Шчучынскага, Сынковічы Зэльвенскага р-наў Гродзенскай вобл., касцёлы ў в. Дзераўная Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., Ішкалдзь Баранавіцкага р-на) або самастойны аб’ём, злучаны прамавугольным ці арачным праёмам з асноўным (цэрквы ў в. Яглевічы Івацэвіцкага, Здзітава Жабінкаўскага р-наў Брэсцкай вобл.). У кампазіцыі бабінец часам вылучаюць асобным верхам ці вежай-званіцай (цэрквы ў в. Вяжное Пружанскага, Рубель Столінскага р-наў Брэсцкай вобл.).