ЧУДАКО́Ў Барыс Сцяпанавіч (н. 8.6.1932, станіца Сляпцоўская Сунжанскага р-на, Інгушэція),

бел. ваенны дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1981). Скончыў Ін-т ваен. дырыжораў Мін-ва абароны СССР (1954). З 1954 дырыжор вайск. часці БВА, з 1961 у Мінскім сувораўскім ваен. вучылішчы, з 1968 дырыжор аркестра штаба БВА, з 1979 нач. арк. службы БВА. З 1989 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Сярод пералажэнняў Ч. для духавога аркестра творы бел. кампазітараў У.​Алоўнікава, І.​Вагнера, Я.​Глебава, І.​Лучанка, Ю.​Семянякі, Дз.​Смольскага, муз. класікі і інш. Інструментаваў для духавога аркестра Дзярж. гімн Рэспублікі Беларусь (2002). Гал. дырыжор Рэсп. (1987) і абл. «Майскі вальс» (штогодняе, з 1992) свят духавой музыкі.

А.​Л.​Карацееў.

т. 17, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАБО́ВІЧ Мікола (Мікалай Віктаравіч; н. 4.1.1959, в. Бадзені Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Мінскі пед. ін-т (1981). У 1981—86 настаўнічаў. З 1989 працуе ў Бел. пед. ун-це, адначасова ў 1992—2002 заг. літ.-драм. часткі Мінскага абл. драм. т-ра ў г. Маладзечна. Друкуецца з 1976. У паэт. зб-ках «Дом», «Яшчэ пакуль не лістапад...» (абодва 1996), «Падары мне сваю адзіноту» (2002) філас. роздум, любоў да родных мясцін, тэма кахання. Многія яго вершы пакладзены на музыку.

Тв.:

Каб вымавіць: «Люблю!» // Крыло. Мн., 1984.

Літ.:

Старасценка Т. «Мой светлы дом адкрыты для гасцей...»: (Штрыхі да творчага партрэта Міколы Шабовіча) // Крыніца: Славянскі свет. 2003. №3.

А.​В.​Спрынчан.

т. 17, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТАБЫ́ ПАРТЫЗА́НСКАГА РУ́ХУ (ШПР),

спецыяльныя органы кіравання партыз. рухам на акупіраванай тэр. СССР у Вял. Айч. вайну. Былі створаны рэсп., краявыя і абл. ШПР, пры Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага — Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР, з 30.5.1942), які ўзначаліў 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б П.К.Панамарэнка. ШПР пры ваен. саветах шэрагу франтоў 28.9.1942 перафарміраваны ў прадстаўніцтва ЦШПР на тых жа франтах (акрамя Ленінградскага фронту і Укр. ШПР). Існаваў таксама Польскі штаб партыз. руху, нач. штаба якога ў 1944—45 быў В.С.Прытыцкі. Сваю дзейнасць штабы згортвалі па меры вызвалення акупіраванай тэр. ад праціўніка і выхаду партыз. фарміраванняў у сав. тыл. Укр. ШПР дзейнічаў да канца 1944 (расфарміраваны 1.1.1945). Гл. таксама Беларускі штаб партызанскага руху.

т. 17, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЬЕ́Р [Molière; сапр. Паклен (Poquelin) Жан Батыст; 15.1.1622, Парыж — 17.2.1673],

французскі драматург; найбуйнейшы прадстаўнік класіцызму, стваральнік жанру «высокай камедыі», якая паклала пачатак новаму этапу развіцця франц. і сусв. драматургіі. Скончыў Клермонскі калеж (1639). Адзін з заснавальнікаў «Бліскучага тэатра» (1643, Парыж). У 1645—58 з трупай вандроўных камедыянтаў раз’язджаў па франц. правінцыі. Першыя камедыі «Шалёны» (паст. 1655), «Любоўная сварка» (паст. 1656) заснаваны на традыцыях італьян. камедыі дэль артэ і франц. нар. фарса. П’еса «Цырымонлівыя паненкі» (паст. 1659) скіравана супраць прэцыёзнага, манернага і надуманага мастацтва. У блізкай да фарса камедыі «Школа мужоў» (паст. 1661) і першай «высокай камедыі» «Школа жонак» (паст. 1662) выступіў супраць сямейнага дэспатызму, у абарону натуральнага пачуцця. Свае эстэт. і грамадз. прынцыпы выклаў у п’есах «Крытыка «Школы жонак» і «Версальскі экспромт» (абедзве паст. 1663). Вяршыня яго творчасці — камедыі «Тарцюф» (паст. 1664), «Дон Жуан» (паст. 1665), «Мізантроп» (паст. 1666), «Скупы» (паст. 1668), «Мешчанін у дваранах» (паст. 1670), «Хітрыкі Скапэна» (паст. 1671), «Прытворнахворы» (паст. 1673) і інш., у якіх выкрываецца душэўная фальшывасць і рэліг. ханжаства, крывадушнасць і хцівасць, прыкрытыя ідэямі хрысціянства, патрыятызму, нар. карысці. Развіваючы традыцыі нар. тэатра, М. дасягнуў сапр. рэалізму пры стварэнні вобразаў людзей з народа (слугі Сганарэль, Маскарыль і інш.), галерэі «вечных тыпаў» (Тарцюф, Дон Жуан, Гарпагон і інш.). Аўтар камедый балетаў на музыку Ж.​Б.​Люлі: «Надакучлівыя» (1661), «Шлюб пад прымусам» (1664), «Спадар дэ Пурсаньяк» (1669) і інш. На Беларусі ўпершыню п’есы М. паст. ў Нясвіжскім т-ры Радзівілаў, перакладзеныя і пераробленыя для т-ра У.​Радзівіл («Цырымонлівыя паненкі», 1749; «Сганарэль», «Мешчанін у дваранах», «Жорж Дандэн», усе 1751; «Лекар паняволі», 1752; «Маскарыль», 1756). На бел. сцэне ставіліся спектаклі: «Мешчанін у дваранах» (Бел. т-р імя Я.​Купалы, 1924, 1967, пер. Ю.​Гаўрука), «Жорж Дандэн» (т-р імя Я.​Купалы, 1926; Гродзенскі абл. драм. т-р, 1979), «Цырымонлівыя паненкі» (т-р імя Я.​Купалы, 1926), «Шлюб пад прымусам» (т-р імя Я.​Купалы, 1926), «Тарцюф» (Бел. ТРАМ, 1934; Дзярж. рускі драм. т-р, 1935; т-р імя Я.​Купалы, 1987), «Скупы» (т-р імя Я.​Купалы, 1937), «Хітрыкі Скапэна» (Бел. рэсп. т-р юнага гледача, 1940; рускі драм. т-р, 1955), «Лекар паняволі» (Бел. т-р імя Я.​Коласа, 1940), «Прытворнахворы» (Гомельскі абл. драм. т-р, 1973), «Школа жонак» (Гродзенскі абл. драм. т-р, 1986), «Нежанаты мнагажэнец» (т-р імя Я.​Купалы, 1993, пер. Р.​Барадуліна, своеасаблівая пераробка камедыі «Спадар дэ Пурсаньяк»).

Тв.:

Рус. пер. — Полн. собр. соч. Т. 1—3. М., 1985—87.

Літ.:

Бояджиев Г.Н. Мольер: Ист. пути формирования жанра высокой комедии. М., 1967;

Бордонов Ж. Мольер: Пер. с фр. М., 1983;

Булгаков М.А. Жизнь господина де Мольера. [4 изд]. М., 1991;

Барысава Т.Ц. Мальер на беларускай сцэне. Мн., 1972.

Г.​В.​Сініла, Г.​М.​Малей.

Мальер.

т. 10, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САФРО́НАЎ Анатоль Уладзіміравіч (19.1.1911, Мінск — 10.10.1990),

рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1981). Скончыў Растоўскі пед. ін-т (1937). У 1948—53 сакратар Саюза пісьменнікаў СССР. У 1953—86 гал. рэдактар час. «Огонек». Друкаваўся з 1929. У паэт. зб-ках «Сонечныя дні» (1934), «Марш пераможцаў» (1947), «Нішто не забываецца...» (1971), «Лірыка» (1982), паэмах «Вяселле» (1935), «Залаты бераг» (1945), «Паэма часу» (1970), «Бессмяротнасць» (1973) і інш. любоў да роднай зямлі, апяванне яе прыроды, тэма кахання. У п’есах «У адным горадзе» (паст. 1947, Дзярж. прэмія СССР 1947), «Маскоўскі характар» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Мільён за ўсмешку» (1959), «Беражыце жывых сыноў» (1963), «Паўліна» (1965), «Зямное прыцягненне» (1978), «Катаракта» (1982) маральна-этычная праблематыка. Аўтар рамана ў вершах «У глыб часоў» (ч. 1—6, 1978—83), п’ес-памфлетаў «Гібель багоў» (1961), «Лабірынт» (1968), кн. нарысаў «Замежныя сустрэчы» (1952), «Дарогі» (1972), «На землях Азіі і Афрыкі» (1973), нарысаў і ўспамінаў «Час развітанняў і сустрэч» (1977), тэкстаў песень («Шумеў сурова бранскі лес», «Ад Волгі да Дона» і інш.), апавяданняў, публіцыст. артыкулаў, перакладаў і інш. П’есы С. ставіліся ў т-рах Беларусі: у Бел. т-ры імя Я.​Купалы — «Маскоўскі характар» (1948), «Мільён за ўсмешку» (1960); у Дзярж. рус. драм. т-ры — «У адным горадзе» (1949), «Беражыце жывых сыноў» (1963); у Гродзенскім абл. драм. т-ры — «Маскоўскі характар» (1948), «Сэрца не даруе» (1955); у Брэсцкім абл. драм. т-ры — «Маскоўскі характар» (1949), «Інакш жыць нельга» (1952). Асобныя яго вершы на бел. мову пераклалі А.​Звонак, П.​Панчанка, У.​Шахавец.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1971—72;

Океания: Избр. М., 1980;

Пока живешь и сердце бьется...: Стихи и поэмы. Мн., 1981;

На трех континентах: Путешествия. Встречи. Воспоминания. М., 1986.

Літ.:

Толченова Н.П. Веление времени: Очерк творчества А.​Софронова. М., 1972;

Зубков Ю.А. На сквозном ветру: Драматургия А.​Софронова. М., 1985.

А.У.Сафронаў.

т. 14, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАЛЕ́НСКАЕ КНЯ́СТВА,

феадальная дзяржава ў 12—15 ст. Цэнтр — г. Смаленск. Займала тэр. сучасных Смаленскай, часткі Маскоўскай, Калужскай, Цвярской, Бранскай абл. Расіі, усх. раёнаў Магілёўскай і Віцебскай абл. Беларусі. Паліт. адасабленне Смаленска пачалося ў 11 ст., але да пач. 12 ст. ён заставаўся кіеўскай воласцю. Самастойным С.к. стала пры Расціславе Мсціславічу [1125—59], пры якім дасягнула найб. памераў. На тэр. сучаснай Беларусі былі размешчаны гарады С.к. Орша, Копысь, Мсціслаў, Лучын, Прупой (Слаўгарад), Крэчут (Крычаў), воласці Басея, Вітрына, Мірачыцы; у 2-й пал. 12—1-й пал. 13 ст. пад кантролем Смаленска часта знаходзіліся Віцебск і Друцк. Пры Расціславе Мсціславічу пачалося драбленне С.к. на ўдзелы. У 12 ст. вылучыліся Васілеў, Красн, Мсціслаў, у 13 ст. — Таропец, Вязьма, Мажайск. У пач. 14 ст. Смаленск канчаткова страціў кантроль над Віцебскам, але ў сферу яго ўплыву трапіў Бранск. У пач. 14 ст. ад С.к. адышлі да ВКЛ землі Падняпроўя, басейн Проні і верхняе Паволжа. Пры кн. Іване Аляксандравічу [1313—58] Смаленск трывала трапіў пад уплыў ВКЛ. Кн. Святаслаў Іванавіч [1358—86] імкнуўся да захавання незалежнасці С.к., але ў выніку паходаў войск ВКЛ яно страціла значную частку тэрыторыі на Пд і Пн, у т. л. Мсціслаў і Ржэў. Святаслаў Іванавіч загінуў у Мсціслаўскай бітве 1386. Апошнія смаленскія князі Юрый Святаславіч [1386—92] і Глеб Святаславіч [1392—96] знаходзіліся пад уплывам ВКЛ. Скарыстаўшы міжусобіцу паміж Глебам і Юрыем, вял. князь ВКЛ Вітаўт у 1396 захапіў Смаленск і пасадзіў там сваіх намеснікаў. Юрый Святаславіч з дапамогай разанскага князя ў 1401 вярнуў Смаленск. Вітаўт спрабаваў заняць горад у 1401, 1402 і 1403; у 1403 ён захапіў Мажайск, і Смаленск апынуўся ў акружэнні зямель ВКЛ. Скарыстаўшы нейтралітэт Масквы і смерць разанскага князя ў 1404, Вітаўт вярнуў Смаленск. С.к. ліквідавана і на яго аснове створана Смаленскае ваяводства.

А.​А.​Мяцельскі.

т. 15, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УА́ЙЛЬД, Уайлд (Wilde) Оскар Фінгал О’Флаэрці Уілс (16.10.1854, Дублін — 30.11.1900), англійскі пісьменнік і крытык; прадстаўнік дэкадэнцтва. Скончыў Оксфардскі ун-т (1879). Дэбютаваў у 1876. У зб. «Вершы» (1881) блізкі да франц. імпрэсіяністаў, імкнуўся да сінтэзу паэзіі, музыкі і жывапісу. Аднавіў жанр літ.-філас. казкі (зб-кі «Шчаслівы прынц», 1888; «Гранатавы домік», 1891), паставіўшы ў цэнтр праблемы стасункаў мастацтва і рэчаіснасці, ролі фантазіі, пакут і міласэрнасці. Аўтар паэмы «Равена» (1878), трагедый «Герцагіня Падуанская» (1883), «Саламея» (1893; на яе аснове напісана аднайм. опера Р.​Штрауса, 1905). У камедыях «Веер лэдзі Уіндэрмір» (паст. 1892), «Ідэальны муж», «Як важна быць сур’ёзным» (абедзве паст. 1895) праявіў сябе як майстар парадокса, знаўца псіхалогіі і свецкага жыцця. У кн. эсэ «Задумы» (1891) выклаў канцэпцыю эстэтызму, дэкларуючы прымат мастацтва над рэчаіснасцю і непадуладнасць яго законам абмежаванай маралі. Маст. ілюстрацыяй тэорыі У. і вяршыняй яго творчасці стаў сац.-філас. раман «Партрэт Дарыяна Грэя» (1891; неаднаразова экранізаваны), у якім сцвярджаў абс. перавагу мастацтва над жыццём і адначасова абвяргаў ідэю незалежнасці прыгажосці ад маралі. Стылістыка рамана адзначана спалучэннем рыс рэалізму, імпрэсіянізму, неарамантызму. Позняя творчасць У. нясе адбітак перажытай ім асабістай трагедыі — турэмнага зняволення («Балада Рэдынгскай турмы», 1898, і інш.). На бел. сцэне паводле яго твораў пастаўлены спектаклі «Зорны хлопчык» (1973, Гродзенскі абл. драм. т-р; 1978, Дзярж. т-р лялек), «Хлопчыкзорка» (1995, Бел. т-р «Лялька»), «Кентэрвільскі прывід» (1987, Бел. т-р юнага гледача), «Чыё дзіця ў сакваяжы» («Як важна быць сур’ёзным», 1997, Гомельскі абл. драм. т-р). На бел. мову паасобныя творы У. пераклаў М.​Дуброўскі.

Тв.:

Бел. пер. — Балада Рэдынгскай турмы. Мн., 1926;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—3. М., 2000.

Літ.:

Соколянский М.Г. Оскар Уайльд: Очерк творчества. Киев;

Одесса, 1990;

Эллман Р. Оскар Уайльд: Биогр.: Пер. с англ. М., 2000;

Образцова А.Г. Волшебник или шут?: Театр Оскара Уайльда. СПб., 2001.

Г.​В.​Сініла.

О.Уайльд.

т. 16, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРО́НЕЖСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

біясферны запаведнік у Расіі, на мяжы Варонежскай і Ліпецкай абл., у цэнтр. ч. Усх.-Еўрап. раўніны на водападзеле р. Варонеж і Усмань. За 40 км на Пн ад Варонежа. Засн. ў 1927 для аховы і аднаўлення колькасці рачнога бабра. З 1984 біясферны запаведнік. Пл. 31 053 га, у т. л. 28 481 га пад лесам, 535 га займаюць лугі і 121 га — вадаёмы. У запаведніку, размешчаным у паўн. ч. Усманскага бору, зберагаюцца астраўныя бары і дубровы лесастэпавай зоны, якія маюць водаахоўнае значэнне. У фауне звычайныя бабёр, высакародны алень, дзік, казуля, з рэдкіх відаў — хахуля, сярод птушак — шэры журавель, няясыць і інш. Доследны гадавальнік па вывучэнні і развядзенні бабра.

Літ.:

Заповедники СССР: Заповедники Европейской части РСФСР. Ч. 2. М., 1989.

т. 4, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ ПРА́ВА,

сістэма юрыд. нормаў, якая замацавала аўтаномныя правы Віцебскай зямлі ў складзе ВКЛ, а таксама рэгламентавала прававое становішча насельнікаў гэтай зямлі. Было зафіксавана прывілеямі 1503 і 1561 вял. князёў Аляксандра і Жыгімонта Аўгуста, таму што ранейшыя віцебскія прывілеі вял. князёў былі страчаны. Нормы Віцебскага права выпрацаваны яшчэ ў часы Віцебскага княства. Князі, якія ўступалі на віцебскі прастол, абавязаны былі даць згоду правіць паводле Віцебскага права, што фіксавалася дагаворам. Пасля далучэння Віцебскага княства да ВКЛ нормы Віцебскага права без значных змен гарантаваліся вял. князямі ВКЛ. Паводле прывілея 1503 ваявода прызначаўся толькі са згоды віцяблян, судзіць і караць апошніх належала ў Віцебску. Прывілеі 1503 і 1561 разам з інш. абл. прывілеямі сталі крыніцамі Статутаў ВКЛ.

І.​А.​Юхо.

т. 4, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛАГІ́ЧНЫЯ ПО́МНІКІ ПРЫРО́ДЫ,

гідралагічныя аб’екты натуральнага або штучнага паходжання, каштоўныя ў экалагічных, навуковых, эстэтычных, гісторыка-культурных адносінах. Да гідралагічных помнікаў прыроды могуць належаць азёры, балоты, вадасховішчы, сажалкі, участкі рэк з поймамі, старых каналаў, крыніцы. На Беларусі (на 1.1.1997) 2 помнікі рэсп. значэння (Палыкавіцкая крыніца ў Магілёўскім і Блакітная крыніца ў Слаўгарадскім р-нах Магілёўскай вобл.) і 41 мясц. значэння, з іх 19 у Мінскай, 14 у Магілёўскай і 8 у Віцебскай абл. На іх тэр. ўстаноўлены асобы рэжым аховы і выкарыстання: забаронены меліярац. работы, змяненне рэчышчаў, парушэнні берагоў і поймы, знішчэнне берагаахоўнай воднай і балотнай расліннасці, скідванне сцёкавых вод, здабыча карысных выкапняў і інш. мерапрыемствы, якія выклікаюць засмечванне, забруджванне, вычарпанне вадаёмаў ці змяненне хім. саставу вод.

П.​І.​Лабанок.

т. 5, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)