КАНТРАБА́НДА (італьян. contrabando ад contra супраць + bando ўрадавы ўказ),
міжнароднае правапарушэнне ў сферы мытнай справы. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь К. — тайнае перамяшчэнне праз дзярж. граніцу грузаў, тавараў, валюты і інш. каштоўнасцей, а таксама забароненых або абмежаваных для перамяшчэння прадметаў і рэчываў у абход мытнага заканадаўства. К. з’яўляецца злачынствам і караецца ў адпаведнасці з крымін. заканадаўствам. Адказнасць за адм. мытныя правапарушэнні (пералічаны ў Мытным кодэксе Рэспублікі Беларусь) устанаўліваецца Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІРАВА́ЛЬНЫ СТАНО́К,
метала- або дрэварэзны станок для апрацоўкі крывалінейных паверхняў па капіры (мадэлі, шаблоне, чарцяжы, якія служаць аналагам паверхні, якая капіруецца). Абсталяваны спец. капіравальным вузлом — мех., эл.-мех., гідраўл. прыстасаваннем, якое кіруе перамяшчэннямі супарта з разцом. Да К.с. адносяць і фрэзерна-гравіравальныя станкі, што ўзнаўляюць па капіры розныя знакі (літары, лічбы і г. д.), узоры, рысункі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАДА́Г (цюрк. чорная гара),
вулканічны масіў у Крыме, на беразе Чорнага м., за 20 км на ПдЗ ад г. Феадосія, на Украіне. Складаецца з купалападобнай Святой гары, абог.Вял. Карадаг (выш. 577 м), і Берагавога хр. з арыгінальнымі формамі выветрывання. Складзены з туфаў і лаў. Радовішчы паўкаштоўных камянёў (сердалік, агат, яшма). З боку мора — бухты (Сердалікавая, Блакітная і інш.). Каля ўсх. падножжа — курорт Планёрскае ( б. Кактэбель). З 1979 К. — у складзе Карадагскага запаведніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЛЫ (грэч. korallion),
марскія кішачнаполасцевыя жывёлы, пераважна з класа каралавых паліпаў, часткова з гідроідных (падатр. гідракаралы). Пашыраны ўсюды. На Беларусі выяўлены выкапнёвыя К., якія ўдзельнічалі ў стварэнні арганагенных пабудоў.
Даўж. ад некалькіх міліметраў да 1 м. Большасць К. утвараюць вапнавы, радзей рагавы шкілет разнастайнай формы. Зараснікі мадрэпоравых К. складаюць аснову каралавых рыфаў. К. называюць таксама шкілеты высакароднага карала, або чырвонага і чорнага К. (з атр. гарганарый), з якіх вырабляюць ювелірныя ўпрыгожанні і сувеніры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́СНЫХ ВЫ́КАПНЯЎ КА́РТЫ,
карты дзённай або пахаванай (палеа) паверхні, што паказваюць размяшчэнне радовішчаў карысных выкапняў, а таксама іх прыкметы — пункты мінералізацыі, рудапраяўлення, пошукавыя прыкметы карысных выкапняў, межы рудных раёнаў і інш. Складаюцца для характарыстыкі і ацэнкі мінер. рэсурсаў раёна, у розных маштабах, на спец. аснове — спрошчанай геал. карце, якая адлюстроўвае рэльеф паверхні, геал. межы, разрыўныя парушэнні, індэксы стратыграфічных падраздзяленняў і інш. Суправаджаюцца легендай, схемамі мінерагенічнага раянавання, элементамі прагнозу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАСАРЫ́»,
«Касец», бел.нар. танец. Муз. памер перыядычна пераменны 2/4або 3/4. Тэмп умераны. Танцоры імітавалі рухі касцоў, рэзка ўзмахваючы рукамі. Выконваўся пад песню. Зафіксаваны ў 19 ст. на Гомельшчыне і Гродзеншчыне. У некат. рэгіёнах быў вядомы як карагод з адным салістам — «касцом» — у цэнтры, які выбіраў сабе дзяўчыну. Падобны танец існуе таксама ў Літве і Малдове.
Літ.:
Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978. С. 44-45, 272—273.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНЕТЫ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ АНА́ЛІЗУ,
метады аналізу хімічнага, заснаваныя на залежнасці скорасці хім. рэакцыі ад канцэнтрацыі рэагуючых рэчываў. Прыдатныя для вызначэння аднаго з рэагентаў рэакцыі або каталізатара і рэчываў, якія з ім узаемадзейнічаюць (каталітычныя метады, ці каталіметрыя). Рэакцыя, скорасць якой вымяраюць, наз. індыкатарнай. Звычайна ў якасці індыкатарных выкарыстоўваюць гамагенныя рэакцыі — акісляльна-аднаўляльныя, унутрысфернага замяшчэння ў комплексных злучэннях, ізатопнага абмену, ферментатыўныя. Выкарыстоўваюць пры аналізе вады, паветра, біяхім. даследаваннях, для вызначэння мікраэлементаў у геал. і біял. аб’ектах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕЙСТАГА́МІЯ (ад грэч. kleistos закрыты + gamos шлюб),
самаапыленне і самаапладненне раслін у нераскрытых кветках. Бывае пастаянная (у фіялкі, кісліцы), звязана з рэдукцыяй калякветніка і памяншэннем памераў кветкі. Асобная форма пастаяннай К. — развіццё і апладненне кветак у глебе (у арахісу). Непастаянная К. абумоўлена неспрыяльнымі ўмовамі (засуха, высокая або нізкая т-ра навакольнага асяроддзя) і не суправаджаецца рэдукцыяй калякветніка (у аўса, кавылю, пшаніцы і інш.). На адной расліне бываюць клейста- і хазмагамныя (адкрытыя) кветкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РАБАЎ (Іван Кузьміч) (1700 або 1701—1747),
рускі архітэктар. У 1718—27 як пенсіянер Пятра I вучыўся ў Бельгіі і Галандыі. У Пецярбургу перабудаваў у духу ранняга рус. барока будынак Адміралцейства, будаваў Партыкулярную верф на Фантанцы (пачата ў 1735, разабрана), магчыма, царкву Панцеляймона (1735—39). Удзельнічаў у складанні першага рус.арх. трактата-кодэкса. З 1741 працаваў у Маскве. Сярод яго вучняў С.І.Чавакінскі, А.П.Какорынаў, Дз.В.Ухтамскі і інш.