1) група музыкантаў-інструменталістаў або спевакоў, аб’яднаных для сумеснага выканання. Ансамблі падзяляюцца паводле складу (аднародныя і мяшаныя), колькасці ўдзельнікаў (дуэт, трыо, квартэт, квінтэт і інш.); пашыраны эстрадныя вак.-інстр. ансамблі, рок-групы. Ансамблем наз. таксама і вял. выканальніцкія калектывы, якія ўключаюць групы вакалістаў, інструменталістаў, танцораў (ансамбль песні і танца, ансамбль танца). Сярод вядомых бел. ансамбляў: Беларускі вакальны квартэт, Дзяржаўны смыковы квартэт БССР, вак. квартэт «Купалінка», вак.-інстр. ансамбль «Песняры», «Верасы», «Сябры», ансамбль нар. музыкі «Свята» і «Крупіцкія музыкі», ансамбль салістаў «Класік-Авангард», ансамбль старадаўняй музыкі «Кантабіле», рок-група «Сузор’е», харэагр. Ансамбль «Харошкі». Устойлівыя тыпы ансамбляў склаліся і ў вясковым муз. побыце розных народаў, у т. л. беларусаў (гл.Гурт, Народныя інструментальныя ансамблі).
2) Муз. твор для ансамбля выканаўцаў (дуэт, трыо, квартэт і інш.) ці структурна завершаны фрагмент для групы салістаў у оперы, араторыі, кантаце.
3) Стройнасць, зладжанасць выканання.
4) У тэатральным мастацтве — зладжанае, узгодненае выкананне сцэнічнага твора ўсімі ўдзельнікамі спектакля. Садзейнічае найб. поўнаму раскрыццю маст. сутнасці драм. твора, гарманічнаму спалучэнню ў адзінае цэлае знешніх і ўнутр. кампанентаў тэатр. дзеяння, выяўляе стылявое адзінства спектакля. Выдатнымі ўзорамі ансамбля з’яўляюцца лепшыя спектаклі бел. т-раў імя Я.Купалы («Паўлінка» Я.Купалы, «Трыбунал» А.Макаёнка), імя Я.Коласа («Несцерка» В.Вольскага, «Раскіданае гняздо» Я.Купалы), юнага гледача («Папараць-кветка» І.Козела) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІ́ЧНАЯ АРХІТЭКТУ́РА,
творчы кірунак, у аснове якога ляжыць прынцып падпарадкавання формы архітэктурнага твора яго зместу. Узнікла ў 1-й пал. 20 ст. як рэакцыя супраць акадэмізму, рацыяналізму і эклектыкі. Ідэі арганічнай архітэктуры закладзены ў 1890-я г.амер.арх. Л.Салівенам, развіты ў тэорыі і практыцы буд-ва яго вучнем Ф.Л.Райтам. Канцэпцыі арганічнай архітэктуры зыходзяць з цеснай сувязі архітэктуры з прыродай, грунтуюцца на бесперапыннасці арх. прасторы, на праектаванні «з сярэдзіны — да навакольнага асяроддзя», рацыянальным выкарыстанні якасцяў буд. матэрыялаў, увядзенні элементаў нар. творчасці; сама функцыя будынка не абмяжоўвалася тэхнал. і фізіял. фактарамі, а ўключала і эстэтычны, таму арх. твор уяўляў сабой цэласны арганізм.
Пад уздзеяннем ідэй арганічнай архітэктуры склаліся рэгіянальныя арх. школы ў сканд. краінах (творчасць А.Аалта і інш.); у ЗША прынцыпы арганічнай архітэктуры выкарыстоўвала т.зв. каліфарнійская школа на чале з Р.Нейтрай. У 1940-я г. тэорыя падхоплена ў Італіі арх. Б.Дзэві; у 1945 у Рыме створана група АРАО (Associazione per Architettura Organica, Асацыяцыя арганічнай архітэктуры), якая падкрэслівала гуманіст. кірунак асн. палажэнняў арганічнай архітэктуры. Дыяпазон арганічнай архітэктуры быў абмежаваны гал. чынам буд-вам асабнякоў, вілаў, загарадных атэляў; у 1960-я г. арганічная архітэктура растварылася сярод рацыяналістычных кірункаў архітэктуры. Прынцыпы формаўтварэння, выпрацаваныя арганічнай архітэктурай, выкарыстоўваюцца ў бел. архітэктуры.
Літ.:
Райт Ф.Л. Будущее архитектуры: Пер. з англ.М., 1960;
Zevi B. Towards an organic architecture. London, 1950.
Да арт.Арганічная архітэктура. Дом над вадаспадам. Арх. Ф.Л.Райт. 1937.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ МУЗЕЙ СТАРАЖЫ́ТНАСЦЕЙ.
Існаваў у Вільні з 1856 да пач. 1-й сусв. вайны. Засн. 29.4.1855 Я.П.Тышкевічам, адкрыты 1.12.1856. Аддзелы: археалогія, этнаграфія, мастацтва, зброя, мінералогія, арніталогія. Свае калекцыі музею перадалі Я.П. і К.П.Тышкевічы, У.Сыракомля, А.К.Кіркор, Т.У.Нарбут, М.І.Балінскі, Ф.К.Багушэвіч, А.А.Плятар і інш. У канцы 19 ст. ў фондах налічвалася больш за 12 тыс. экспанатаў, у т. л.стараж. рукапісы, інкунабулы, рэдкія выданні 15—18 ст., багатыя калекцыі зброі, слуцкіх паясоў, габеленаў, графікі, скульптуры, партрэтаў прадстаўнікоў магнацкіх родаў Радзівілаў, Тышкевічаў, Хадкевічаў, Храптовічаў, Сапегаў, гербаў гарадоў Беларусі і Літвы, этрускіх ваз, яп., італьян. і кіт. тканін, фарфору, бронзавых вырабаў, нумізматычныя калекцыі (у 1858 былі 3264 антычныя, усх., рус., польска-літ., зах.-еўрап. манеты). Пераважная большасць матэрыялаў была з Беларусі. У фондах музея ўпершыню выкарыстаны метад захавання прадметаў па аднароднасці матэрыялаў, з якіх яны зроблены (метал, дрэва, шкло, косць, папера і г. д.). Пры Віленскім музеі старажытнасцей дзейнічала Віленская археалагічная камісія. У сувязі з паўстаннем 1863—64 музей падвергнуты рэвізіі, пасля якой шмат экспанатаў адпраўлена ў Маскву, але пазней частка іх вернута. Большасць экспанатаў цяпер зберагаецца ў гіст.-этнагр. музеі АН Літвы і Рэсп. мастацкай галерэі Літвы, Музеі бурштыну (г. Паланга), Дзярж.гіст. музеі (г. Масква), Нар. музеі (г. Варшава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШНЕВА,
вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл., на р. Альшанка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на ПнЗ ад г. Валожын, 98 км ад Мінска, за 7 км ад чыг. ст. Багданаў, на аўтадарозе Валожын—Ашмяны. 537 ж., 211 двароў (1996).
З 14 ст. ў складзе Крэўскага княства. З 15 ст. ўласнасць Гедыголдавічаў, Гальшанскіх, Пацаў, Гаштольдаў, з канца 17 да канца 19 ст. — Храптовічаў. У 1583 мястэчка, цэнтр воласці Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. У канцы 17 — 1-й пал. 18 ст. дзейнічала школа базыльян. У 1780—1870 у Вішневе працаваў Вішнеўскі металургічны завод. З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Ашмянскага пав. Віленскай губ. У 1865 дзейнічалі шкляная гута, цагельна-ганчарны з-д, сукнавальня, спіртзавод, вадзяны млын, царк.-прыходская школа, нар. і яўр. вучылішчы, праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1919—20 і 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Валожынскага р-на. З чэрв. 1941 да 6.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі тут 2060 жыхароў. У Вішнева жыў і памёр бел. асветнік С.Будны, жылі і пахаваны бел. паэтэса К.Буйло, мастак Ф.Рушчыц.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Вішнеўскі касцёл Марыі і Казьмадзям’янская царква (1865).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАПРАМЫСЛО́ВАЯ ІНТЭГРА́ЦЫЯ,
форма арганізацыі вытв.-эканам. сувязяў сельскай гаспадаркі з інш. галінамі матэрыяльнай вытв-сці, якія яе абслугоўваюць. З’яўляецца спецыфічнай формай тэр.-вытв. міжгаліновага кааперавання прадпрыемстваў розных галін з адасобленымі, але арганічна звязанымі паміж сабой тэхнал. працэсамі. Аграпрамысловая інтэграцыя забяспечвае ўмацаванне кааперацыі працы і вытв-сці, завершанасць тэхнал. цыкла, павышэнне якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі.
Дыферэнцыруецца на вертыкальную і гарызантальную. Вертыкальная аграпрамысловая інтэграцыя — міжгаліновае каапераванне прадпрыемстваў і вытв-сцяў розных галін нар. гаспадаркі, якое забяспечвае аптымальнае праходжанне таварнай масы ў адзіным тэхнал. працэсе з адной фазы ў другую (вытворчасць — перапрацоўка — рэалізацыя). Уключае прадпрыемствы сельскай гаспадаркі, па перапрацоўцы с.-г. сыравіны і вытв-сці прадуктаў харчавання, па захаванні і збыту прадукцыі, а таксама нарыхтоўчыя і транспартныя. У АПК вылучаюць шэраг інтэгравальных блокаў: мясны (прадпрыемствы па дагадоўванні і адкорме буйн. раг. жывёлы, свіней і авечак; птушкафабрыкі па вытв-сці бройлераў, мясакамбінаты, халадзільнікі, гандаль; буракацукровы (бураканасенняводчыя, буракасеючыя гаспадаркі, цукровыя і рафінадныя з-ды) і інш. Гарызантальная аграпрамысловая інтэграцыя — унутрыгаліновае каапераванне прадпрыемстваў і вытв-сцяў адной ці некалькіх падгалін, якое забяспечвае паглыбленне спецыялізацыі асобных звенняў адзінага тэхнал. працэсу (напр., вытв.-эканам. сувязі ў малочнай і мясной жывёлагадоўлі на аснове пастадыйнай спецыялізацыі, інтэграцыя насенняводчых, рэпрадукцыйных гаспадарак і прадпрыемстваў па вытв-сці таварнага зерня і г.д.). Гарызантальная інтэграцыя развіваецца на аснове доўгатэрміновых устойлівых вытв.-эканам. сувязей на прынцыпах куплі-продажу, а таксама праз стварэнне сумесных і змешаных прадпрыемстваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́МБЕЛЬ (Андрэй Ануфрыевіч) (30.10.1905, г. Веліж Смаленскай вобл. Расія — 13.10.1986),
бел. скульптар. Нар. мастак Беларусі (1955). Праф. (1962). Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1924—27) у М.Керзіна. Скончыў Ленінградскую АМ (1934). З 1947 на пед. рабоце, з 1953 у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працаваў у галіне манум. і станковай скульптуры. Яго творчасці ўласцівы апавядальнасць, імкненне да абагульнення, лаканічнасць і выразнасць формы. Першая манум. работа (з У.Рытарам) — рэльефы для Дома ўрада і Дома афіцэраў у Мінску (1932—36). Сярод работ, створаных у гады вайны, скульптура Героя Сав. Саюза М.Ф.Гастэла. У пасляваенны час ім выкананы гарэльеф для Манумента Перамогі ў Мінску — «9 мая 1945 года», помнік Дз.І.Мендзялееву перад будынкам хім. ф-та Маскоўскага ун-та, статуя «Беларусь сацыялістычная» для бел. павільёна на ВДНГ у Маскве, партрэты бел. акцёра П.С.Малчанава, партыз. камандзіраў Дз.Ц.Гуляева, П.З.Калініна і інш. Аўтар Кургана Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі (арх. А.Стаховіч, 1969, Дзярж. прэмія Беларусі 1970), мемар. комплексу Брэсцкая крэпасць-герой (1971). У 1970—80-я г. стварыў партрэты Я.Купалы, А.Блока, І.Шамякіна і інш. У 1995 у Мінску ў яго доме-майстэрні створаны Музей сучаснай бел. скульптуры імя А.Бембеля.
Літ.:
Крэпак Б.А. Андрэй Бембель. Мн., 1988.
Н.В.Шаранговіч.
А.А.Бембель.А.Бембель. Герой Савецкага Саюза М.Ф.Гастэла. 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАЗІНО́,
горад у Беларусі, цэнтр Бярэзінскага р-на Мінскай вобл., прыстань на р. Бярэзіна. За 101 км ад Мінска, 50 км ад чыг. ст. Градзянка, на аўтадарозе Мінск—Магілёў. 13,3 тыс.ж. (1995). У Беразіно прадпрыемствы паліўнай, харч., лясной, лёгкай прам-сці. Помнік архітэктуры 19 ст. — сядзібны дом.
Упершыню ўпамінаецца ў 1501 як мястэчка ў Любашанскім старостве ВКЛ. З 1560-х г. у Мінскім пав., наз. Ніжняе Беразіно, належала Сапегам, з 1671 — Тышкевічам. У 1641 пабудаваны драўляны касцёл (у 1914 згарэў). З 1668 Беразіно мела прывілей на гандаль і штогадовы кірмаш. У час антыфеад. вайны 1648—51 тут адбыліся вял. баі. З 1793 у Пагосцкай вол. Ігуменскага пав.Рас. імперыі, належала Патоцкім. У 1-й пал. 19 ст. дзейнічала суконная мануфактура. У 1880 у Беразіно 3181 ж. Купцы з Беразіно гандлявалі дрэвам, пянькой, прадуктамі са смалы. З 1892 працавалі бровар, канатная ф-ка, млын. У 1897 — 4987 ж., нар. вучылішча, школа. У 1905 адбыліся забастоўкі рабочых і рамеснікаў. У лютым—снеж. 1918 акупіравана герм., са жн. 1919 да ліп. 1920 — польск. войскамі. У 1924—62 і з 1965 цэнтр раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. З 3.7.1941 да 3.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі тут 1,2 тыс.чал.; дзейнічала падп. група. У 1962—65 у Чэрвеньскім р-не. З 7.3.1968 горад. У 1989 — 12,7 тыс.ж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ВЕНСКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення ў Падзвінні. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Віцебскай вобл., часткова на Смаленшчыне. У строі пераважалі блакітныя фарбы (паўплывала набіванка) і дробнаклятчастыя ўзоры на паясных адзежынах. Старадаўні жаночы касцюм складаўся з кашулі, спадніцы (андарак, саматканка), ільнянога фартуха і курты, больш позні — з кашулі, фартуха, спадніцы з прышыўным ліфам і поясам (саян — накшталт сукенкі без рукавоў). Святочную кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, гесткай, будзённую і споднюю — тунікападобнай, з разрэзам па цэнтры грудзей; стаячы каўнер зашпіляўся шпонкай ці гузікам або сцягваўся чырв. стужкай. Узорыстае ткацтва, вышыўка спалучаліся з разнаколернай аплікацыяй, аблямоўкамі, устаўкамі чырвонай або сіняй крашаніны ці кумачу. Чырвоны арнамент (строгія геам. формы, шматпялёсткавыя зоркі, раслінныя ўзоры) дапаўняўся блакітным. чорным, зрэдку паскамі медна-чырв. бліскавак. Спадніцу кроілі ў 4—6 полак з пярэстатканага сіне-белага, чырвона-бурачковага палатна. Спадніцу з ліфам шылі з 2, часам розных па якасці і колеру тканін, дапаўнялі белым ці набіваным фартухом і поясам, на канцы якога нашывалі бісер. Суконную світу ў выглядзе безрукаўкі пацягвалі белым каленкорам, аздаблялі нашыўкамі чырв. сукна, лапікамі чорна-белай аўчыны ўздоўж зрэзаў. Галаўныя ўборы жанчын — хусткі, чапцы. У мужчынскі гарнітур уваходзілі кашуля, нагавіцы, пояс. Жаночай і мужчынскай вопраткай былі армяк, світа, бурка, кажух.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Дубровенскі строй. Жанчына ў летнім адзенні. Вёска Ланенка Дубровенскага раёна Віцебскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАТЭМА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1944—54, «Дзесяць гадоў вясны», антыфеадальная, бурж.-дэмакр. рэвалюцыя ў Гватэмале. Асн. прычына — цяжкае становішча мясц. насельніцтва, жорсткая эксплуатацыя індзейцаў плантатарамі. Ваен. хунта, якая ў 1944 скінула дыктатара Х.Убіка, не правяла неабходных рэформаў, што выклікала ўсенародную незадаволенасць. 20.10.1944 група афіцэраў на чале з Х.Арбенсам Гусманам пры падтрымцы насельніцтва ўзяла ўладу ў свае рукі. На свабодных выбарах 1945 перамог і стаў прэзідэнтам лідэр Нар.-вызв. фронту Х.Х.Арэвала. Прынятая ў сак. 1945 канстытуцыя абвясціла дэмакр. свабоды і ліквідацыю памешчыцкага землеўладання; у 1946 прыняты закон пра сац. забеспячэнне, у 1947 — першы ў краіне прац. кодэкс. Урад Арбенса Гусмана, які стаў прэзідэнтам у 1951, у чэрв. 1952 прыняў закон аб агр. рэформе, паводле якога ў латыфундыстаў і амер. «Юнайтэд фрут компані» (ЮФКО) экспрапрыіравана 555 тыс.га зямлі, 400 тыс.га з іх размеркавана паміж 100 тыс. сялян. Урад ЗША заявіў афіц. пратэст супраць экспрапрыяцыі зямель у ЮФКО. Пры падтрымцы ЗША ў Гандурасе былі падрыхтаваны ўзбр. атрады гватэмальскіх эмігрантаў на чале з палк. К.Кастыльё Армасам, якія 18.6.1954 уварваліся на тэр. Гватэмалы. Кіраўніцтва гватэмальскай арміі адмовілася падтрымаць прэзідэнта Арбенса Гусмана, і ён вымушаны быў падаць у адстаўку. 28.6.1954 уладу захапіў Кастыльё Армас. Рэформы, праведзеныя ў гады рэвалюцыі, былі адменены.