бел. вучоны ў галіне гігіены; арганізатар аховы здароўя на Беларусі. Д-р медыцыны (1873). Скончыў Кіеўскі ун-т (1859). Працаваў урачом у Харкаўскай губ., у мед. дэпартаменце МУС. У 1876—1904 інспектар Гродзенскай урачэбнай управы. Стварыў у Гродзенскай губ. сістэму сельскіх мед. устаноў. Удзельнік ліквідацыі небяспечных эпідэмій. Ініцыятар склікання і старшыня з’ездаў урачоў Гродзенскай губ. (1892, 1893).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКІ́ДВАЛЬНІКсельскагаспадарчы,
машына (агрэгат, прыстасаванне) для раскідвання і раўнамернага размеркавання на полі, лугах і ў садах арган. і мінер. угнаенняў, атручаных прынад (для барацьбы са шкоднікамі), вапны, гіпсу і інш. Адрозніваюць гное- і тукараскідвальнікі, Р. сеялкі, Р. вадкіх угнаенняў, універсальныя машыны-Р. і прыстасаванні для мех. ўгнаення глебы. Бываюць прычапныя і навясныя, агрэгатуюцца з гусенічнымі і колавымі трактарамі, аўтамабілямі. На Беларусі выпускаюцца з-дам «Бабруйскаграмаш».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СКІН (Віктар Ільіч) (н. 30.1.1933, в. Ачоса Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне біяфізікі. Д-рбіял.н. (1985). Скончыў БДУ (1965). У 1969—90 у Ін-це фотабіялогіі АНБеларусі. Навук. працы па пытаннях фотабіялогіі раслін.
Тв.:
Фотовосстановление протохлорофиллида. Мн., 1981.
Раскідвальнік: а — арганічных угнаенняў (1 — падкатная цялежка, 2 — самазвальная секцыя, 3 — асноўная секцыя, 4 — раскідвальнік); б — жыжкараспырсквальнік (I — помпы, 2 — трубаправод, 3 — цыстэрна, 4 — рукавы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЧНЫ́ ВАКЗА́Л,
комплекс збудаванняў для абслугоўвання пасажыраў рачнога транспарту і выканання грузавых, паштовых і багажных аперацый у рачных партах. Да Р.в. адносяцца прывакзальная плошча, пасажырскі будынак (з памяшканнямі для чакання і адпачынку пасажыраў і інш.) і прычал. Пасажырскі будынак Р.в. ўзводзяць на прыбярэжных участках з улікам навігацыйных патрабаванняў, гідрагеал. умоў, зручнасці сувязі з асн. магістралямі нас. пункта. На Беларусі Р.в. ў Гомелі, Мазыры, Пінску і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІ́ЛА,
прылада працы стараж. чалавека, якая выкарыстоўвалася ў эпоху ніжняга палеаліту (шэльская і ашэльская культуры). Выраблялася з каменю двухбаковай адбіўкай. Мела міндале- або коп’епадобную, часам авальную форму. Адзін канец Р. быў завостраны з зігзагападобнымі лёзамі па баках, другі — авальны, часта неапрацаваны. Памеры да 20 см. Падобнае на Р. вастрыё знойдзена на адным з самых стараж. паселішчаў на тэр.Беларусі — Бердыжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСЛАНО́ГІЯ РАЧКІ́ (Copepoda),
атрад беспазваночных кл. Ракападобных. 3 падатрады: цыклопы, каланіды (Calanoida), гарпактыцыды (Harpacticoida). Каля 7500 відаў. Пашыраны ў марскіх і прэснаводных вадаёмах усяго зямнога шара. Цыклопы жывуць пераважна ў прэсных, каланіды ў прэсных (дыяптомусы) і марскіх (каланусы) водах, гарпактыцыды — на дне ў морах і прэсных вадаёмах. На Беларусі некалькі дзесяткаў відаў. Найб. вядомыя 2 віды: цыклоп і дыяптомус (Diaptomus gracioides), які жыве ў тоўшчы вады азёр і сажалак; лімнакалянус занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Цела (даўж. 0,1—30 мм, зрэдку да 32 см) членістае, падзелена на галавагрудзі і брушка, укрыта хіцінавым покрывам, у паразітычных відаў вельмі змененае. Афарбоўка яркая, разнастайная. На галаве 5 пар прыдаткаў, у грудным аддзеле 5 пар членістых канечнасцей, падобных на вёслы (адсюль назва). Жавалы моцныя, вока адно, дыхаюць усёй паверхняй цела. Актыўныя драпежнікі (цыклопы), фільтратары (каланіды), дэтрытафагі (гарпактыцыды). Весланогімі рачкамі кормяцца маляўкі і многія прамысл. рыбы, вусатыя кіты. Раздзельнаполыя, яйцы адкладваюць у ваду; у развіцці — 12 стадый метамарфозы. Некаторыя весланогія рачкі — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей (круглых і стужачных). Асобныя прэснаводныя віды выклікаюць хваробы ці гібель рыб у сажалкавых і азёрных рыбных гаспадарках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНА́Я БЕ́ЛАЯ ПАРО́ДАсвіней.
Выведзена ў сярэдзіне 19 ст. ў Вялікабрытаніі складаным узнаўленчым скрыжаваннем мясц. познаспелых даўгавухіх свіней са скараспелымі кітайскімі і мнагаплоднымі неапалітанскімі. У канцы 19 — пач. 20 ст. завезена ў Расію, дзе на яе аснове выведзены буйныя белыя свінні трох тыпаў прадукцыйнасці: мясны, мяса-сальны і сальны. Пашыраны ў краінах Еўропы, ЗША Канадзе, Кітаі, Карэі, Японіі, Новай Зеландыі. На Беларусі выведзены бел. тып буйной белай пароды — БКБ-1 (1975) і заводскія тыпы — «Мінскі» адкормачны і «Віцебскі» мясны (1990). Буйная белая парода — асн. планавая парода універсальнага кірунку прадукцыйнасці на Беларусі (больш за 70% ад агульнага пагалоўя пародных свіней). Гадуецца амаль паўсюдна, выкарыстоўваецца для прамысл. скрыжавання з інш. пародамі, для мяснога і беконнага адкорму маладняку і для сальнага — дарослых жывёл.
Свінні моцнай канстытуцыі, з тулавам сярэдняй даўжыні, сярэднім кумпяком, з моцнымі правільна пастаўленымі нагамі, маюць невял. галаву, прамастаячыя вушы. Маса дарослых кныроў 310—350 кг, матак 230—250 кг і больш, даўж. тулава адпаведна 183 і 167 см, пладавітасць 11—12 парасят за апарос.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫТАВЫ́ ТА́НЕЦ,
танец, які служыць для масавага развесялення і выконваецца на балях, дыскатэках, вечарынках, сямейных урачыстасцях; блізкі да бальнага танца (часта гэтыя паняцці атаясамліваюцца). Адмежаваўся ад фальклорнага сялянскага ў працэсе сац. расслаення грамадства і росту гарадоў. Развіваўся на аснове бальнага танца, найб. інтэнсіўна ў 15 ст. ў Італіі, у 16—17 ст. у Францыі. На Беларусі вядомы з 17 ст. пры дварах магнатаў і ў калегіумах, куды пранік з Зах. Еўропы. З канца 18 ст. ў гар. побыце Беларусі былі пашыраны тыя ж танцы, што і ў Расіі. У 1-й пал. 19 ст. ў гарадах, а потым і вёсках надзвычайную папулярнасць набылі кадрыля, полька, вальс. На пач. 20 ст. ў выніку інтэнсіўнага перамешвання гар. і сельскага насельніцтва на Беларусь трапілі аранжыраваныя і трансфармаваныя бальныя танцы, узоры гар. харэагр. фальклору, танцы-імправізацыі на аснове вядомых песень («Венгерка», мазурка, кракавяк, падэспань, «Сербіянка», «Сямёнаўна», «Страданні», «Каробачка» і інш.). Сучасная быт. харэаграфія вызначаецца частай зменай танц. моды, пранікненнем на Беларусь быт. танцаў з замежных краін («летка-енка», «качаняты» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДМІНТО́Н (англ. badminton),
спартыўная гульня з ракеткай і валанам. Радзіма бадмінтона — Індыя. У 2-й пал. 19 ст. завезены ў Англію, назва ад англ.г. Бадмінтан, дзе ў 1872 прайшлі першыя спаборніцтвы па бадмінтоне.
У бадмінтон гуляюць на пляцоўцы 13,4 × 5,2 м (для адзіночных) ці 13,4 × 6,1 м (для парных сустрэч) праз сетку памерам 6,10 × 0,75 м, нацягнутую на выш. 155 см. Мэта гульні не дапусціць падзення валана на сваім баку, а прызямліць яго на пляцоўцы саперніка. Гуляюць 3 партыі да ліку 15 ачкоў у кожнай, у жаночых і дзіцячых сустрэчах да 11 ачкоў. З 1934 дзейнічае Міжнар. федэрацыя бадмінтона, чэмпіянаты свету з 1977, Еўропы з 1968; з 1992 (Барселона) бадмінтон у Алімпійскай праграме.
На Беларусі развіваецца з 1960-х г. Зборная Беларусі па бадмінтоне неаднаразовы чэмпіён і прызёр чэмпіянатаў СССР, Кубкаў СССР і летніх Спартакіяд народаў СССР. Бел. бадмінтаністы С.Розін і А.Скрыпко (1977, 1979), Скрыпко і С.Балясава (1979) уладальнікі Кубка Еўропы ў камандным першынстве. З 1993 Беларусь член Міжнар. федэрацыі і Еўрап. саюза па бадмінтоне.
Да арт.Бадмінтон. Пляцоўка для гульні, ракетка і валан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФРЫКЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ (ад анты... + лац. frictio трэнне),
матэрыялы для дэталяў машын, якія працуюць ва ўмовах трэння слізгання (падшыпнікі, укладышы, утулкі і інш.). Антыфрыкцыйныя матэрыялы маюць высокую ўстойлівасць да зносу і карозіі, добрую прыработку, мінім. каэфіцыент трэння, вытрымліваюць мех. нагрузкі без змены ўласцівасцяў. Антыфрыкцыйныя ўласцівасці антыфрыкцыйных матэрыялаў залежаць ад структурнага стану паверхневых слаёў, мікратапаграфіі кантактуючых паверхняў і ўмоў фрыкцыйнага ўзаемадзеяння.
Найб. пашыраныя антыфрыкцыйныя матэрыялы: сплавы на аснове каляровых металаў (бабіты, бронза, латунь і інш.), чыгун, пластычныя масы, драўніна (у т. л. мадыфікаваная), кампазіты на аснове металаў, металакерамікі і палімераў. Асобная група антыфрыкцыйных матэрыялаў — самазмазвальныя матэрыялы; яны змяшчаюць кампаненты (напр., графіт), якія выконваюць пры трэнні ролю змазвальнага асяроддзя. Для надання матэрыялам антыфрыкцыйных уласцівасцяў іх паверхню мадыфікуюць хіміка-тэрмічнай, лазернай, іонна-прамянёвай апрацоўкай, нанясеннем зносаўстойлівых пакрыццяў, паверхнева-пластычным дэфармаваннем. Антыфрыкцыйныя матэрыялы выкарыстоўваюць ва ўмовах сухога трэння (у газах, паветры, вакууме); для работы з малавязкімі вадкасцямі без змазвальнага дзеяння (вада, арган. растваральнікі), з вадкімі ці пластычнымі змазкамі. На Беларусі вывучэннем і стварэннем антыфрыкцыйных матэрыялаў займаюцца ін-ты механікі металапалімерных сістэм і фізіка-тэхнічны АНБеларусі, Беларускае НВА парашковай металургіі.