МАНГО́ЛЬСКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1921,

нацыянальна-вызв. рэвалюцыя ў Манголіі за аднаўленне нац. дзяржаўнасці і паскарэнне развіцця манг. грамадства. У 1919 кіт. войскі ген. Сюй Шучжэна занялі Манголію Знешнюю і ўстанавілі там жорсткі акупац. рэжым. У гэтых умовах манг. патрыёты (прадстаўнікі інтэлігенцыі, духавенства, арыстакратыі, пастухоў-аратаў) стварылі ў г. Урга 2 падп. гурткі, якія ў чэрв. 1920 аб’ядналіся ў Манг. нар. партыю (МНП, з 1925 Манг. нар.-рэв. партыя). У сярэдзіне 1920 МНП накіравала ў Маскву дэлегацыю ў складзе Д.​Бода, С.​Данзана, Д.Сухэ-Батара і інш. па дапамогу ад РСФСР. Зачэпкай для ўмяшання Сав. Расіі ў справы Манголіі паслужыла ўварванне сюды восенню 1920 рус. белагвардзейскай дывізіі ген. Р.Ф.Унгерна фон Штэрнберга, якая 4.2.1921 заняла Ургу і да крас. выгнала кіт. войскі са Знешняй Манголіі. Унгерн афіцыйна абвясціў незалежнасць краіны і аднавіў уладу богда-гэгэна (кіраўніка ламаісцкай царквы, з 1911 свецкага і духоўнага правіцеля манг. дзяржавы), фактычна ж стаў правіць сам і сваім тэрарыст. рэжымам хутка выклікаў нянавісць насельніцтва. 1—3.3.1921 у г. Кяхта (Расія) адбыўся 1-ы з’езд МНП, на якім старшынёй партыі выбраны Данзан. 13.3.1921 утвораны Часовы нар. ўрад на чале з Бода. Пачалося фарміраванне Манг. нар.-рэв. арміі (МНРА, галоўнакамандуючы — Сухэ-Батар). Пасля звароту Часовага нар. ўрада ў чэрв. 1921 урад Сав. Расіі накіраваў на дапамогу манг. рэвалюцыянерам экспедыцыйны корпус войск Чырв. Арміі пад камандаваннем К.​А.​Неймана, які сумесна з МНРА вызваліў 6.7.1921 Ургу і да жн. ліквідаваў атрады Унгерна. 10.7.1921 ва Урзе створаны Нар. ўрад на чале з Бода. Паводле дагавора з богда-гэгэнам (ліст. 1921) Нар. ўрад пакінуў за ім пасаду намінальнага кіраўніка дзяржавы і засяродзіў у сваіх руках рэальную ўладу. У працэсе выбару шляхоў далейшага развіцця ў кіраўніцтве МНП разгарнулася жорсткая барацьба, на якую аказвалі моцны ўплыў прадстаўнікі сав. кіраўніцтва. У 1922 ад улады адхілены і пакараны смерцю Бода, у 1924 — Данзан (пасля смерці ў лют. 1923 Сухэ-Батара таксама каманд. МНРА). У выніку перамаглі прыхільнікі прасав. лініі. У 1921—24 у М. праведзена нацыяналізацыя зямлі, ліквідавана прыгонніцтва, адменены феад. званні і прывілеі, анулявана запазычанасць працоўных купцам і ліхвярам, рэфармавана мясц. самакіраванне. 3-і з’езд МНП (жн. 1924) афіцыйна прыняў курс на некапіталіст. развіццё краіны. 26.11.1924 (пасля смерці богда-гэгэна) абвешчана Манг. Нар. Рэспубліка.

Літ.:

Рощин С. Они возглавили революцию // Азия и Африка сегодня. 1995. № 9;

Грайворонский В. Исторический выбор // Там жа. 1996. № 7.

В.​У.​Адзярыха.

т. 10, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТЭВІДЭ́О (Montevideo),

горад, сталіца Уругвая, на левым беразе эстуарыя Ла-Плата. Адм. ц. дэпартамента Мантэвідэо. Засн. ў 1726 іспанцамі. 1,3 млн. ж. (1997). Гал. порт краіны ў заліве Ла-Плата. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Караска. Прам-сць: нафтаперапр., металаапр., эл.-тэхн., эм., хім., харч. (мясахаладабойная, кансервавая, мукамольная), гарбарна-абутковая, тэкст., паліграфічная. Кліматычны марскі курорт.

Да порта М. прымыкае Стары горад, пабудаваны паводле рэгулярнага плана 1724 (арх. П.​Мільян, Д.​Петрарка). У ім размешчана гал. пл. Канстытуцыі з саборам (1790—1804, арх. К. дэ Са-і-Фарыя, Х. дэль Поса-і-Маркі; рысы класіцызму і барока; фасад 1859—61, арх. Б.​Панчыні; 1941, арх. Р.​Руана) і старой ратушай (1804—08. арх. Т.​Тарыб’ё; класіцызм; завершана ў 1867—69), дамы калан. перыяду з унутр. дварамі. На З ад порта — прамысл. і рабочы раён Вілья-дэль-Сера (18—19 ст.) з прамавугольнай сеткай вуліц, абмежаваных з боку заліва ўзгоркам з крэпасцю (1801—09, інж. дэль Поса-і-Маркі). Паўн.-ўсх. ўзбярэжжа заліва забудавана фешэнебельнымі дамамі, курортнымі будынкамі і атэлямі. На Пн — жылыя раёны (Уньян і інш.) Новы горад склаўся ў 19—20 ст., мае свабодную планіроўку. Найб. значныя збудаванні: т-р «Саліс» (1841—74, арх. К.​Цукі, Ф.​Х.​Гармендыя, В.​Рабю; класіцызм), будынак парламента (1908—20, арх. Я.​Васкес Варэла, А.​Бачыні. Г.​Марэці; эклектыка), палац Сальва (1923—28, арх. М.​А.​Горы), у сучасных стылях — новая ратуша (1930), «Рамбла-атэль» (1931, абодва арх. М.​Кравота), інж.-геад. ф-т Рэсп. ун-та (1937—38, арх. Х.​Віламахо), комплекс Рамбла-і-Гуаякі (1952) і будынак «Панамерыкана» ў Бусеа (1957, абодва арх. Р.​Січэра Бурэ), мікрараён Касавалье (1960, арх. А.​Р.​Страта). Манументы: калона «Свабода» (1865—67, арх. І.​Гапрагоры, скульпт. Дж.​Ліві), «Праметэй прыкаваны» (1893, Х.​М.​Ферары), 2 помнікі Х.​Х.​Артыгасу (1913—23. італьян. скульпт. А.​Дзанелі; 1957, арх. Х.​Л.​Сарылья дэ Сан-Марцін), каланістам-перасяленцам «Фургон» (1929—34) і «Дыліжанс» (1953, абодва арх. Х.​Бельёні) і інш. У М. ун-ты, Нац. акадэмія. Ін-т геаграфіі і гісторыі. Нац. б-ка. Нац. кансерваторыя (з 1849), Ін-т Вердзі (з 1890), Муз. акадэмія Ф.​Ліста. Музеі: Нац. пластычных мастацтваў, гістарычны, муніцыпальны прыгожых мастацтваў. Т-ры «Вікторыя», «Саліс» і інш.

Т.​Р.​Мартыненка (архітэктура).

Палац Сальва (злева) на плошчы Незалежнасці ў Мантэвідэо.

т. 10, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТО́ЎСКІ РАЁН.

На З Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,3 тыс. км². Нас. 40,9 тыс. чал. (1998), гарадскога 45 %. Сярэдняя шчыльн. 31 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Масты. Уключае 154 сельскія нас. пункты, 14 сельсаветаў: Азёркаўскі, Галубоўскі, Глядавіцкі, Гудзевіцкі, Дубненскі, Зарудаўеўскі, Курылавіцкі, Лунненскі, Малькавіцкі, Мастоўскі, Мікелеўшчынскі, Пацавіцкі, Пескаўскі, Харціцкі.

Амаль уся тэр. раёна размешчана ў межах Верхнянёманскай нізіны. Паверхня раўнінная, агульны нахіл з Пд на Пн да даліны р. Нёман, 80 % яе — на выш. да 120 м, найвыш. пункт 167 м (за 2 км на Пд ад в. Вял. Рагозніца). Карысныя выкапні: торф, цэментныя мел і гліны, гліны і суглінкі для грубай керамікі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -5,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 540 мм за год. Вегетац. перыяд 198 сут. Найб. рака Нёман з прытокамі Шчара з Сіпай, Зальвянка, Рось, Ельня. Меліярацыйныя каналы: Нацкава, Ланцавічы, Міклашоўскі. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (54,3 %), тарфяна-балотныя (14,8 %), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (14,4 %), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8 %). Пад лесам 33 % тэр. раёна. Суцэльныя масівы лесу захаваліся ўздоўж р. Нёман (часткі Нёманскіх лясоў і Ліпічанскай пушчы). Лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя і чорнаальховыя, трапляюцца дубовыя, грабавыя, ясянёвыя. Пад балотамі 20,7 тыс. га, з іх асушана 17,2 тыс. га. Помнікі прыроды рэсп. значэння: катлавіны Гумнішча і Падбярэззе, Пабоеўскі вял. камень з ямкамі, Княжаводскае і Пашынскае агаленні стараж. адкладаў Княжаводскае агаленне стараж. адкладаў, роў Яна і Цэцыліі (з агаленнем Самастрэльнікі), Дубненскае і Пескаўскае агаленні азёрных і рачных адкладаў. Зоны адпачынку Масты, Воўпа, Скідзель.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 64,8 тыс. га, з іх асушаных 22,3 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 16 калгасаў, 2 саўгасы, 10 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля і буракаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы дрэваапр. (мэбля, піламатэрыялы), харч. (крухмал, маянэз), металаапр. (рамонтны з-д у в. Пескі) прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў (цэгла). ГЭС каля в. Пацавічы. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Ліда—Масты—Ваўкавыск і Гродна—Масты; аўтадарогі Шчучын—Масты—Ваўкавыск, Масты—Слонім, Масты—Гродна і інш. У раёне 19 сярэдніх, 9 базавых, 4 пач. школы, школа-інтэрнат для дзяцей са слабым зрокам, муз. школа, 23 дашкольныя ўстановы, 32 клубы, 37 б-к, 6 бальніц, 5 амбулаторый, 22 фельч.-ак. пункты. Гудзевіцкі дзярж. літ.-краязнаўчы музей, мастоўскі музей «Лёс і чалавек». Арх. помнікі: касцёл Ганны (1782) у в. Лунна, Троіцкі касцёл (1740) у в. Струбніца. Выдаецца газ. «Зара над Нёманам».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 10, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́РНЫ ДАГАВО́Р ПАМІ́Ж ЛІТВО́Й І РСФСР 1920.

Падпісаны 12.7.1920 у Маскве. 11.9.1919 урад РСФСР звярнуўся да ўрада Літвы з прапановай заключыць мір на аснове прызнання незалежнасці літ. дзяржавы. 31.3.1920 урад Літвы заявіў пра гатоўнасць заключыць мір з Сав. Расіяй пры ўмове прызнання незалежнасці Літвы ў яе этн. межах са сталіцай у Вільні. 7.5.1920 у Маскве пачаліся перагаворы: літ. дэлегацыя настойвала на ўключэнні ў склад Літвы тэр. Ковенскай, Віленскай, Сувалкаўскай і Гродзенскай губ. (з гарадамі Беласток, Бельск, Гродна, Брэст, Кобрын, Пружаны), Навагрудскага пав. Мінскай губ., часткі Ілуксцкага і Гробінскага пав. Курляндскай губ. Выкарыстоўваўся і такі аргумент, як права беларусаў на самавызначэнне. 9.5.1920 член літ. дэлегацыі Д.​Сямашка выступіў з заявай аб намеры «пры ўстанаўленні граніц абараняць беларускія землі на моцы беларуска-літоўскіх пагадненняў ад імперыялістычных памкненняў Польшчы... і Савецкай Расіі». Заява выклікала пратэст з боку кіраўніка сав. дэлегацыі на перагаворах А.​А.​Іофе, які паставіў пад сумненне правамоцтвы Сямашкі выступаць ад імя бел. народа. Падпісаны дагавор прадугледжваў з боку РСФСР безагаворачнае прызнанне самастойнасці і незалежнасці Літвы; урэгуляванне маёмасных, фін. і эканам. пытанняў; аказанне Літве бязвыплатнай эканам. дапамогі ў памеры 3 млн. руб. золатам; вяртанне Літве культ. каштоўнасцей, што былі вывезены ў час 1-й сусв. вайны і знаходзіліся на тэр. РСФСР; прадугледжваліся далейшыя перагаворы пра заключэнне гандл. і транзітных пагадненняў і інш. Фіксавалася дзярж. граніца паміж РСФСР і Літвой; прадугледжвалася ўключэнне ў склад Літвы г. Вільні і часткі зямель, заселеных пераважна беларусамі, у т. л. Гродна, Паставы, Браслаў, Ашмяны, Ліда. Факт заключэння такога дагавора выклікаў супрацьдзеянне з боку органаў БНР і кіраўніцтва Польшчы. 11.9.1920 польскі Савет абароны дзяржавы вырашыў дамагацца далучэння Віленшчыны і Гродзеншчыны да Польшчы. Пад уздзеяннем Антанты Польшча прызнала права Літвы на Вільню (замацаваны Сувалкаўскім пагадненнем 7.10.1920), аднак у выніку т.зв. бунту Л.​Жалігоўскага (8—9.10.1920) і ўтварэння Сярэдняй Літвы Вільня і Віленскі край былі далучаны да Польшчы. Такім чынам, дагавор не быў выкананы ў поўным аб’ёме. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі ў кастр. 1939, карыстаючыся палажэннямі гэтага дагавора, Прэзідыум Вярх. Савета СССР прыняў рашэнне аб перадачы Літве Вільні і Віленскага краю.

Кр.: Документы внешней политики СССР. Т. 3. М., 1959; Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 1 (1917—1922 гг.). Мн., 1997.

Літ.:

Коўкель І. Польска-літоўскі канфлікт і роля ў ім беларускіх палітычных партыяў і арганізацыяў (1920—1923 гг.) // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1994. Кн. 3.

А.​В.​Ціхаміраў.

т. 10, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАЎЁЎ (Міхаіл Мікалаевіч [12) (ці 5).10.1796, С.-Пецярбург —10.9.1866], расійскі дзярж. і ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1856),

граф (1865, вядомы як М.-Віленскі). Брат М.М.Мураўёва (Карскага). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1809—11). Удзельнік войнаў з Напалеонам 1812—13, у т. л. Барадзінскай бітвы. Удзельнік першых дзекабрысцкіх арг-цый, у т. л. «Саюза выратавання» (1816) і «Саюза працвітання» (1818; чл. Карэннай управы, адзін з аўтараў яго статута). У 1826 арыштаваны па справе дзекабрыстаў, але апраўданы. З 1827 віцебскі віцэ-губернатар, з 1828 магілёўскі цывільны губернатар. Ініцыіраваў увядзенне ў Віцебскай і Магілёўскай губ. агульнарас. заканадаўства (з 1831) і закрыццё Віленскага універсітэта. У час паўстання 1830—31 быў пры галоўнакамандуючым Рэзервовай арміяй ген. П.А.Талстым. Ліквідаваў асяродкі супраціўлення ў Дзісенскім і Лепельскім пав. Віцебскай губ. Са жн. 1831 гродзенскі цывільны губернатар. Пры ліквідацыі рэшткаў паўстання прымяняў жорсткія меры аж да смяротнага пакарання (з таго часу атрымаў мянушку «вешальнік»). Быў прыхільнікам пераводу уніятаў у праваслаўе, падтрымліваў дзейнасць епіскапа І.Сямашкі. З 1835 курскі ваен. губернатар, з 1839 дырэктар Дэпартамента падаткаў і збораў; з 1842 сенатар і кіраўнік Межавага корпуса. З 1850 чл. Дзярж. Савета, у 1856—62 адначасова старшыня Дэпартамента ўдзелаў. У 1857—62 міністр дзярж. маёмасцей, прыхільнік захавання прыгоннага права. У час паўстання 1863—64 прызначаны 13.5.1863 віленскім, гродзенскім і мінскім ген.-губернатарам, камандуючым войскамі Віленскай ваен. акругі (з паўнамоцтвамі камандзіра асобнага корпуса ў ваен. час) і гал. начальнікам Віцебскай і Магілёўскай губ. Пры задушэнні паўстання выкарыстоўваў як рэпрэсіўныя меры (пакаранне смерцю актыўных удзельнікаў, масавыя высылкі ў Сібір, спальванне вёсак), так і папярэджвальныя меры (секвестр маёнткаў, абкладванне штрафамі кляштараў і каталіцкага духавенства, закрыццё міравых устаноў, замена чыноўніцкага апарату, арганізацыя ў паветах жандарскіх каманд і сялянскай узбр. варты, наданне сельскім т-вам права нагляду за памешчыкамі і інш.). З мэтай пазбаўлення паўстання сац. апоры ініцыіраваў у зах. губернях перагляд «Палажэння» аб адмене прыгоннага права 1861 на карысць сялян. Да вер. 1863 задушыў асн. асяродкі паўстання ў Літве і Беларусі. З 29.4.1865 у адстаўцы. У крас. 1866 прызначаны старшынёй асобай Следчай камісіі па справе няўдалага замаху Дз.У.Каракозава на Аляксандра II. Памёр за 2 дні да вынясення Каракозаву смяротнага прыгавору. Аўтар «Запісак» (1882—85).

Літ.:

Мосолов А.Н. Виленские очерки 1863—1865 гг.: (Муравьевское время). СПб., 1898;

Паўловіч І., Лукашэвіч А. Талент, аддадзены праклёну // Культура. 1994. 26 студз., 2 лют.;

Таляронак С.В. Генерал М.​М.​Мураўёў-Віленскі. Мн.. 1998.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 11, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБІВА́НКА, набойка, выбойка,

спосаб аздаблення тканіны ўзорам з дапамогай дошкі-клішэ з рэльефным малюнкам; тканіна, аздобленая такім спосабам; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Вядома з 3-га тыс. да н.э. ў Індыі, пашырана ў многіх народаў свету. На Беларусі існавала са старажытнасці, была развітым відам мастацтва ў 12 ст. Найб. росквіту дасягнула ў 16—17 ст. у сувязі з дзейнасцю рамесніцкіх цэхаў. Цэнтрамі вырабу Н. ў 19 ст. былі Бабруйск, Веліж (цяпер Смаленская вобл.), Віцебск, Магілёў, Невель (цяпер Пскоўская вобл.), Орша, Полацк, была пашырана ў вёсках Віцебшчыны, Гомельшчыны, Магілёўшчыны. У канцы 19 ст. рамяство заняпала ў сувязі з фабр. вытв-сцю набіваных тканін. Да сярэдзіны 20 ст. Н. выраблялі асобныя майстры.

Н. рабілі двума спосабамі: дошку з афарбаваным плоскім рэльефным малюнкам клалі на тканіну і прыціскалі ўдарам драўлянага малатка, у выніку каляровы малюнак адбіваўся на натуральным неафарбаваным фоне (набойка); на афарбаваную дошку з контррэльефным малюнкам клалі тканіну і прыціскалі валікам, у выніку атрымлівалі неафарбаваны малюнак на каляровым фоне (выбойка; спосаб пашыраны да 18 ст.). Звычайна Н. рабілі ў адзін колер, найчасцей сіні (таму набойшчыкаў часта называлі сінейшчыкамі). Рысунак набівалі і на афарбаваную тканіну (крашаніна). Выкарыстоўвалі пераважна алейныя фарбы. У 19 ст. быў пашыраны спосаб «набойкі глінай»: тканіну з нанесеным белай глінай, купарвасам, вішнёвым клеем і інш. рысункам фарбавалі (пераважна ў сіні колер), пасля чаго гліну і інш. адмывалі, у выніку атрымлівалі неафарбаваны рысунак на сінім фоне. Пры вырабе рознакаляровых Н. для кожнага колеру рабілі асобную дошку, якую цалкам выразалі з дрэва. З 19 ст. для перадачы тонкіх ліній і кропак разны ўзор дошак сталі чаргаваць з метал. (тонкімі пласцінамі і цвікамі, набітымі ў дошку), што давала магчымасць ствараць тонкі разнастайны рысунак. У зах. раёнах Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. для Н. выкарыстоўвалі штампікі з нескладаным геам. узорам (разеткі, крыжыкі, елачкі, галінкі і інш.), выразаныя з бульбы або рэпы. Рысунак бел. Н. лаканічны, найчасцей закампанаваны «ў клетачку», «у сетку», «у шлячкі». Найб. пашыраны геам. (зорачкі, кругі, клеткі) і стылізаваны расл. арнамент (кветкі, пупышкі вярбы, лісце, хвалістыя сцяблінкі і інш.). Трапляюцца зааморфныя матывы (выявы жывёл, фантаст. птушак). Бел. Н. характэрна выкарыстанне ў адным рысунку невял. колькасці дэкар. элементаў, што пры рапортным паўторы стварала гармонію форм і рытму. Стылістычна бел. Н. звязана з інш. відамі нар. мастацтва (ткацтва, вышыўка, размалёўка).

Я.​Ф.​Шунейка.

Узоры беларускіх набіванак.

т. 11, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАКЛА́Д,

1) па магчымасці поўнае і дакладнае ўзнаўленне інфармацыі, увасобленай у тэксце на адной мове, тымі самымі ці функцыянальна аналагічнымі сродкамі другой мовы.

2) Тэкст, што ўзнікае ў выніку працэсу перакладу. У адпаведнасці з тым, у якой форме ажыццяўляецца П., ён падзяляецца на 2 тыпы: пісьмовы і вусны, у т. л. паслядоўны і сінхронны. Вылучаюць наступныя віды пісьмовага П.: маст., грамадска-паліт., навук.-тэхнічны. Кожны з гэтых відаў мае свае жанравыя разнавіднасці. Напр., у маст. адрозніваюць П. паэзіі, прозы, драматургіі і дзіцячай л-ры, у грамадска-паліт. — П. газетна-інфарм. паведамленняў, публіцыстыкі і аратарскіх прамоў, у навук.-тэхн. — П. навук. твораў, афіц.-дзелавых дакументаў і тэхн. тэкстаў. У сярэдзіне 20 ст. ўзнік машынны пераклад, які выконваецца з дапамогай электронна-выліч. тэхнікі. Паводле паўнаты ўзнаўлення арыгінала П. бывае поўным, скарочаным і адаптаваным (у ім дапускаюцца ці пераказваюцца неістотныя, з пункту гледжання пэўнага чытача, моманты арыгінала). Інфармацыя пра іншамоўны тэкст можа быць атрымана перакладчыкам у выніку непасрэднага (у арыгінале) успрымання або апасродкаванага — праз іншы П. ці падрадкоўнік (паслоўная — радок у радок — перадача сэнсу вершаванага твора без захавання яго фармальных адзнак: рытму, рыфмы, гукапісу). У апошніх выпадках інфармацыя пра першакрыніцу значна абмежаваная. Найб. пашыраны і складаны — пераклад мастацкі. Найб. раннія ўзоры пісьмовага П. — вавілонскі П. шумерскага эпасу пра Гільгамеша і перакладныя тэксты дакументаў з б-кі асірыйскіх цароў у Ніневіі (2-е тыс. да н.э.). Асаблівае пашырэнне П. набыў у перыяд бурнага развіцця чалавечай цывілізацыі, у век навук.-тэхн. рэвалюцыі. Калі ў 19 ст. перакладалі з некалькіх дзесяткаў моў, то ў наш час — прыкладна з 1500 моў свету. На Беларусі, як і ў большасці краін Еўропы, развіццё ўласнага пісьменства пачалося з П. У сярэднія вякі перакладалі рэліг. кнігі (Біблія, Евангелле), свецкія і рэліг. аповесці (гл. Перакладная аповесць), творы вучэбныя і навуковыя. Найвыдатнейшы тагачасны бел. перакладчык Ф.​Скарына. Вял. ўклад у развіццё П. зрабілі таксама С.​Будны, В.​Цяпінскі і інш. У 19 ст. разам са станаўленнем новай бел. л-ры адраджаецца маст. пераклад (В.​Дунін-Марцінкевіч, А.​Абуховіч, Я.​Лучына і інш.), які ў 20 ст. займае пануючае становішча сярод інш. відаў бел. П. Тэорыю і практыку П. вывучае перакладазнаўства.

Літ.:

Комиссаров В.Н. Слово о переводе. М., 1973;

Бархударов Л.С. Язык и перевод. М., 1975;

Теорія і практика перекладу. Вип. 1—11. Київ, 1979—84.

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЯНЕ́РСКІЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ,

грамадскія арг-цыі дзяцей і дарослых, члены якіх называюць сябе піянерамі (франц. pionnier даследчык). Існуюць у Расіі, Украіне, Беларусі, Казахстане, Кітаі, Францыі, Партугаліі, Фінляндыі і інш. краінах, адрозніваюцца структурай, мэтамі і формамі дзейнасці. Упершыню ўзніклі ў Расіі ў маі 1922 як дзіцячыя камуніст. арг-цыі, якія ў кастр. 1922 аб’яднаны ва ўсерас. дзіцячую камуніст. арг-цыю «Юныя піянеры імя Спартака» (з 1926 Усесаюзная П.а. імя У.​І.​Леніна). П.а. СССР (у 1988 больш за 20 млн. 10—15-гадовых піянераў-школьнікаў) дзейнічала пад кіраўніцтвам камсамола як яго рэзерв і памочнік, мела сетку пазашкольных устаноў — палацы і дамы піянераў і школьнікаў, піянерскія лагеры і інш., выдавала (1988) 34 газеты і 53 часопісы. Ў яе ўваходзіла Бел. П.а. імя У.​І.​Леніна (створана ў 1922, каля 900 тыс. чл. у 1977). З 1920-х г. П.а. існавалі пры камуніст. і левых сацыяліст. і рабочых партыях многіх краін (у т. л. ў Зах. Беларусі). Распад сусв. сацыяліст. сістэмы і СССР выклікаў крызіс піянерскага руху. Усесаюзная П.а. імя У.​І.​Леніна 1.10.1990 пераўтворана ў Саюз П.а. — Федэрацыю дзіцячых арг-цый, якая ў 2001 аб’ядноўвала на ўмовах свабоднай асацыяцыі 65 піянерскіх і інш. дзіцячых арг-цый у большасці б. рэспублік СССР. Яе членам з’яўляецца грамадскае аб’яднанне Бел. рэсп. піянерская арг-цыя (БРПА, утворана 13.9.1990) — добраахвотная непаліт. грамадская арг-цыя дзяцей (ад 7 гадоў) і дарослых (узрост неабмежаваны) са свабодным членствам, правапераемніца Бел. П.а. імя У.​І.​Леніна. Налічвае (2001) 280 тыс. членаў. Гал. мэта — дапамагчы падлеткам у іх грамадз. станаўленні, арыентаваць іх на актыўную стваральную дзейнасць, накіраваную на пазнанне свету і паляпшэнне навакольнага жыцця. Кіруючыя органы — Цэнтр. савет (Мінск), абласныя, гар. і раённыя саветы піянераў. Вышэйшы орган — рэсп. злёт, які раз у 3 гады выбірае старшыню Цэнтр. савета. Асн. праца БРПА вядзецца ў школах, дзе ствараюцца піянерскія дружыны (5 і больш піянераў), якія могуць аб’ядноўвацца ў атрады. Членства ў арг-цыі падзяляецца на 4 ступені: «наследнікі» (папярэдняя ступень, школьнікі 7—10 гадоў), «даследчыкі» (уласна піянеры, дзеці з 10 гадоў), «выпрабавальнікі» (старэйшыя піянеры), «лідэры» (кіраўнікі аб’яднанняў). «Даследчыкі», «выпрабавальнікі» і «лідэры» носяць чырв. гальштукі з адпаведнай колькасцю каляровых стужак-нашывак. БРПА працуе па 5 асн. праграмах: «Сем Я» — самапазнанне і развіццё асобы; «Наследнікі» — праца з малодшымі школьнікамі; «Спадчына» — засваенне сац.-культ. традыцый, фарміраванне экалагічнага мыслення, «Гульня — справа сур’ёзная» — выкарыстанне патэнцыялу гульні ў гуманізацыі адносін паміж падлеткамі; «Дзіцячы ордэн міласэрнасці». Вынікі выканання праграм падводзяцца ў штогадовых летніх палатачных лагерах.

А.​Л.​Бабіцкі.

т. 12, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛО́ШЧА,

архітэктурна арганізаваная прастора, уключаная ў вулічную сетку населенага пункта і абмежаваная будынкамі, скверамі, паркамі або натуральным рэльефам (бераг ракі, яр, гара). Бываюць П. адм.-грамадскія, тэатр., прывакзальныя, мемарыяльныя (ствараюцца ў гонар вял. гіст. падзей, дзярж. дзеячаў, вучоных, майстроў мастацтва), П. гандл., трансп. і інш. Гал. П. або сістэма П. уваходзяць у склад ядра цэнтра горада, звычайна маюць вял. памеры, значныя прылеглыя пабудовы (адм.-грамадскія будынкі); служаць месцам масавых мерапрыемстваў. П., у кампазіцыю якіх уключаюцца творы архітэктуры, манум. скульптуры і жывапісу, часам утвараюць асн. арх. ансамблі, якія і вызначаюць аблічча населеных месцаў. П. рознага прызначэння могуць мець азеляненне па перыметры, у цэнтр. ч. (партэр) або мяшанае. Партэрная частка П. бывае звычайна ў выглядзе газона ці спалучаецца з дрэва-кустовымі насаджэннямі, кронам якіх надаюць геам. форму, або з курцінамі зялёных масіваў, што абрамляюць П.

Правобразам гар. П. былі парадныя прамавугольныя ў плане двары палацавых і храмавых комплексаў Крыта, Егіпта, Вавілоніі, Асірыі. У Стараж. Грэцыі прамавугольныя ў плане П. — агоры, Рыме — форумы. У сярэдневяковых гарадах П. мела нерэгулярны план, у перыяд барока і класіцызму — чатырохвугольныя, круглыя, складаных абрысаў, шматвугольныя і інш формы, часта сіметрычныя (П. св. Пятра ў Рыме, Трафальгарская ў Лондане, дэ Голя ў Парыжы). У рас. гарадах ствараліся крамлёўскія, гар., саборныя, гандлёвыя плошчы. Выдатныя ўзоры П. у Расіі створаны архітэктарамі класіцызму 18—19 ст. (Тэатральная ў Маскве, Дварцовая плошча ў С.-Пецярбургу і інш.).

На Беларусі П. вядомы са старажытнасці. З развіццём гар. паселішчаў як цэнтраў рамяства і гандлю, гал. ролю ў структуры гарадоў адыгрывалі гандл. П., вядомы яны і ў мястэчках. У 18 ст. ў гарадах на гал. П. узводзілі адм., гандл. і культавыя будынкі, стваралася ансамблевая забудова (Варнянскі архітэктурны ансамбль, Гарадніца, Пастаўскі архітэктурны ансамбль, Полацкая Парадная плошча). У канцы 18 — пач. 19 ст. многія гарады (Барысаў, Бабруйск, Віцебск, Мінск і інш.) былі распланаваны паводле рэгулярнай схемы, кампазіцыйныя восі іх складалі гал. вуліцы, на перасячэнні якіх ствараліся цэнтр. П. З 2-й пал. 20 ст. П. выконваюць ролю грамадскіх цэнтраў, маюць значныя памеры, вылучаюцца ансамблевасцю забудовы (Перамогі плошча, Якуба Коласа, Кастрычніцкая, Прывакзальная ў Мінску, Перамогі плошча ў Віцебску, пл. Цырыманіялаў у Брэсцкай крэпасці-героі, Тэатральная ў Магілёве, Будаўнікоў у Наваполацку).

Літ.:

Заславский Е.Л. Проблема формирования архитектурных ансамблей главных городских площадей // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1981. №4;

Общественные центры городских населенных мест БССР. Мн., 1991.

Плошча святога Пятра ў Рыме.
Плошча Кастрычніцкая ў Мінску.

т. 12, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ САФІ́ЙСКІ САБО́Р,

помнік архітэктуры 11—18 ст. у г. Полацк Віцебскай вобл. Пабудаваны ў сярэдзіне 11 ст. пры кн. Усяславе Брачыславічу як правасл. храм. Будынак 5-нефавы крыжова-купальны (7 купалаў, паводле інш. звестак 5) з 3 гранёнымі апсідамі. На кожным фасадзе (акрамя ўсходняга) было 6 прамавугольных плоскіх лапатак, якія адпавядалі ўнутр. падзелу памяшкання 16 слупамі на нефы, 3 сярэднія нефы заканчваліся апсідамі. Над сяродкрыжжам сабора быў цэнтр. купал на барабане. Сцены складзены з прыроднага каменю і плінфы ў тэхніцы паласатай муроўкі (муроўка са «схаваным радам», што стварала 2-колерную гаму паверхні), характэрнай для Полацкай школы дойлідства. У канцы 15 — пач. 16 ст. перабудаваны ў 5-вежавы храм абарончага тыпу. Неаднаразова быў разбураны (у 1607 і 1643 спалены, у 1710 пашкоджаны выбухам). Паміж 1738—50 перабудаваны (арх. І.​К.​Глаўбіц, каменшчык Б.​Касінскі) у стылі позняга барока. Храм арыентаваны з Пд на Пн. У 18 ст. сабор — 3-нефавая мураваная базіліка з 2 шмат’яруснымі вежамі на гал. фасадзе. З усх. боку ў кампазіцыю сабора ўключаны рэшткі сцен і гранёныя апсіды храма сярэдзіны 11 ст. (даўжыня старой пабудовы вызначыла шырыню новай). Стараж. апсіды і сіметрычная прыбудова да зах. фасада ўтвараюць своеасаблівы трансепт, гранёныя крылы якога завершаны ў цэнтры купалам з ліхтарыкамі. Цэнтр. неф на гал. фасадзе і з боку алтарнай апсіды завершаны фігурнымі атыкавымі франтонамі. Гал. фасад дэкарыраваны ляпнымі гірляндамі на пілястрах, авальнымі нішамі на гранёных крылах, пінаклямі на вуглах ярусаў вежаў і франтонаў. Бакавыя фасады аздоблены спаранымі пілястрамі і ляпнымі гірляндамі. У інтэр’еры 3-ярусная каменная алтарная перагародка, на якой захаваліся маляўнічыя кампазіцыі 18—19 ст., у т. л. «Тайная вячэра», «Спас нерукатворны» і скульпт. кампазіцыя «Тройца новазапаветная». У стараж. частцы храма (усх. апсіда) захаваліся рэшткі фрэсак 11 ст. У будынку сабора пасля рэстаўрацыі (1985, арх. В.​Слюнчанка) размешчана канцэртная зала з арганам і Музей гісторыі і архітэктуры Сафійскага сабора. П.С.с. уваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.

Літ.:

Ткачоў М.А. Новае пра Сафійскі сабор // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. №2;

Трусов О.А. Археологическое изучение Полоцкой Софии // Древности Белоруссии и Литвы. Мн., 1982;

Церашчатава В.В. Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVIII стст. Мн., 1986;

Слюнченко В.Г. Полоцкий Софийский собор: Ист.-архит. очерк. Мн., 1987.

У.​А.​Чантурыя, Т.​І.​Чарняўская, В.​В.​Церашчатава.

Полацкі Сафійскі сабор. Галоўны фасад.
Полацкі Сафійскі сабор. Выгляд з боку апсіды.
Полацкі Сафійскі сабор. Канцэртная зала з арганам.

т. 12, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)