раздзел геаметрыі, што вывучае ўласцівасці фігур, якія не змяняюцца пры праектыўных пераўтварэннях. Такія ўласцівасці наз. праектыўнымі, напр., датычнасць прамой і лініі, парадак лініі. Існуюць таксама непраектыўныя ўласцівасці, напр., паралельнасць ці перпендыкулярнасць прамых, роўнасць адрэзкаў і вуглоў. Асн. тэарэмы класічнай П.г.: Брыяншона тэарэма, Дэзарга тэарэма, Паскаля тэарэма.
Асновы П.г. закладзены Ж.Дэзаргам у сувязі з развіццём вучэння аб перспектыве і Б.Паскалем пры вывучэнні ўласцівасцей канічных сячэнняў. Як самастойная дысцыпліна выкладзена франц. матэматыкам Ж.Панселе, які вылучыў праектыўныя ўласцівасці фігур у асобны клас і вызначыў адпаведнасці паміж іх метрычнымі і праектыўнымі ўласцівасцямі. Пры праектаванні (гл.Праекцыя) пунктаў адной плоскасці П на другую П’ не кожны з іх мае вобраз на П’ і наадварот — не кожны пункт П мае правобраз на П. Гэта прывяло да неабходнасці дапаўнення эўклідавай плоскасці бясконца аддаленымі элементамі (няўласнымі пунктамі і няўласнай прамой; гл.Праектыўная плоскасць), што зрабіла праектаванне ўзаемна адназначным. Аналагічна эўклідава прастора пераўтвараецца ў праектыўную прастору. Паняцці «пункт» і «прамая» ў П.г. звязаны паміж сабою адным з асн. паняццяў — інцыдэнтнасцю: пункт і прамая інцыдэнтныя, калі пункт належыць прамой ці (што тое самае) прамая праходзіць праз пункт. Прынцып дваістасці сцвярджае: калі справядліва выказванне ў дачыненні пунктаў, прамых і суадносін інцыдэнтнасці паміж імі, то справядліва і дваістае выказванне, атрыманае з зыходнага, калі памяняць месцамі словы «пункт» і «прамая», напр., двум розным пунктам інцыдэнтная прамая (і прытым толькі адна); двум розным прамым інцыдэнтны пункт (і прытым толькі адзін). Гэты прынцып адлюстроўвае фундаментальную ўласцівасць праектыўнай плоскасці: прамыя і пункты на ёй — цалкам раўнапраўныя геам. аб’екты. П.г. знаходзіць дастасаванні ў намаграфіі, квантавай тэорыі поля, канструяванні пячатных схем і інш.
Літ.:
Хартсхорн Р. Основы проективной геометрии: Пер. с англ.М., 1970;
Ефимов Н.В. Высшая геометрия. 6 изд. М., 1978;
Алгебра и аналитическая геометрия. Ч. 2. Мн., 1987.
А.А.Гусак.
Да арт.Праектыўная геаметрыя. Цэнтральнае праектаванне акружнасці, якая ляжыць у плоскасці П, з пункта S на плоскасць П′: прамыя AQ і AP праектуюцца ў паралельныя прамыя q і p, акружнасць — у парабалу, датычная да акружнасці QN — у датычную да парабалы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКО́Ф’ЕЎ (Аляксандр Андрэевіч) (2.12.1900, с. Кабона Волхаўскага р-на Ленінградскай вобл. — 18.9.1971),
рускі паэт.Герой Сац. Працы (1970). Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Вучыўся ў Пецярбургскай настаўніцкай семінарыі (1913—17). Друкаваўся з 1919. Першыя зб-кі вершаў — «Поўдзень», «Вуліца Чырвоных Зор» (абодва 1931), «Перамога» (1932). У паэт. зб-ках «Атака», «Гармонік» (абодва 1943) і паэме «Расія» (1944, Дзярж. прэмія СССР 1946) услаўленне подзвігу народа ў Вял.Айч. вайну. Аўтар кніг паэзіі «Дарога праз мост» (1933), «Летапіс» (1934), «На абарону закаханых» (1939), «У краі маім» (1948), «У дарозе» (1953), «Прызнанні» (1957), «Яблыня над морам» (1958), «Запрашэнне да падарожжа» (1960, Ленінская прэмія 1961), «Пад сонцам і пад ліўнямі» (1964), «Развітанне з Прымор’ем» (1969), паэм «Сад» (1948), «Юнацтва» (1955), вершаў для дзяцей і інш. Паэзіі П. ўласцівыя грамадз. пафас, глыбокі лірызм, эмацыянальнасць і шчырасць, творчае выкарыстанне фальклору, нар. гумару і жарту, быліннасці і казачнасці. Некат. яго вершы пакладзены на музыку. Шэраг вершаў П. прысвяціў Беларусі, яе прыродзе («Беларусі», «Сябрам», «То ляцелі гусі...», «Лявоніха», «Ой, ляціце», думы...»), а таксама Я.Купалу, Я.Коласу, П.Броўку, С.Прытыцкаму. На рус. мову пераклаў многія творы Я.Купалы, Я.Коласа, паасобныя М.Багдановіча, З.Бядулі, М.Чарота, П.Броўкі, П.Глебкі, М.Танка, П.Панчанкі, У.Дубоўкі, М.Лужаніна, А.Вялюгіна, Е.Лось і інш. Беларусі і яе л-ры прысвяціў арт. «У нагу з часам», «Веліч слова», «Слова пра веліч талента», «Сэрца народнае», «Рысы вялікага натхнення» і інш. Неаднаразова прыязджаў на Беларусь. На бел. мову яго вершы перакладалі М.Аўрамчык, Броўка, В.Вітка, А.Вольскі, Н.Гілевіч, Глебка, С.Грахоўскі, Дубоўка, М.Калачынскі, А.Куляшоў, Лось, Лужанін, П.Пестрак, Ю.Свірка, Я.Семяжон, М.Танк, У.Шахавец і інш.
Тв.:
Собр соч. Т. 1—4. М., 1978—80;
Бел.пер. — Выбр. вершы. Мн., 1948;
Прызнанне ў любві. Мн., 1961;
Святло над светам. Мн., 1976.
Літ.:
Молдавский Д.М. Александр Прокофьев. Л., 1975;
Александр Прокофьев: Вспоминают друзья. М., 1977;
Панчанка П. На паэтычным небасхіле. Мн., 1977;
Ліякумовіч Ц. У сугучнасці з купалаўскім словам // Бел.літ. 1982. Вып. 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТРЫЯ (Österreich),
Аўстрыйская Рэспубліка (Republic Österreich), дзяржава ў Цэнтр. Еўропе. Мяжуе на Пн з ФРГ і Чэхіяй, на У з Славакіяй і Венгрыяй, на Пд з Славеніяй і Італіяй, на З з Швейцарыяй і Ліхтэнштэйнам. Пл. 83,8 тыс.км², нас. 8 млн.чал. (1994). Афіц. Мова — нямецкая. Сталіца — г.Вена. Складаецца з 9 федэратыўных адзінак — зямель: Бургенланд, Карынтыя, Ніжняя Аўстрыя, Верхняя Аўстрыя, Зальцбург, Штырыя, Ціроль, Форарльберг, да зямлі прыраўнаваны г. Вена. Нац. свята — гадавіна прыняцця закону аб нейтралітэце (26 кастр.).
Дзяржаўны лад. Паводле федэральнага канстытуцыйнага закону 1920 у рэдакцыі 1929 Аўстрыя — дэмакр. парламентарная і федэратыўная рэспубліка. На чале дзяржавы — федэральны прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 6 гадоў. Вышэйшы орган заканад. улады — парламент, які складаецца з 2 палат: Нац. савета (183 дэпутаты, выбіраюцца на 4 гады) і Федэральнага савета (63, прызначаюцца ландтагамі — парламентамі зямель). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з федэральным канцлерам, якога прызначае прэзідэнт. Кожная зямля мае сваю канстытуцыю.
Прырода. Аўстрыя — пераважна горная краіна. 70% тэрыторыі займаюць Усх. Альпы, 10% — ускраінныя ўзвышшы Чэшскага масіву (на Пн ад Дуная), 20% — узгорыстыя і раўнінныя мясцовасці (на ПнУ і У). Найб. вышынёй і расчлянёнасцю вылучаюцца Альпы на З краіны, дзе ў масіве Высокі Таўэрн найвыш. пункт г. Гросглокнер (3797 м). Снегавая лінія на выш. 2500—2800 м, ёсць ледавікі. З перавалаў найважнейшы Брэнер (1371 м) на З краіны, праз які (у тунэлях) праходзяць чыгунка і шаша з ФРГ у Італію. Карысныя выкапні: магнезіт, графіт, вальфрамавая руда, невял. запасы нафты, прыроднага газу, бурага вугалю, жал., свінцова-цынкавай і меднай рудаў і інш. Мінеральныя крыніцы. Клімат раўнін і перадгор’яў умераны (сярэдняя т-растудз. ад -1 да -5 °C, ліп. 17—19 °C). Ападкаў 600—1000 мм, у гарах да 1500—2000 мм за год. Амаль усе рэкі Аўстрыі (Ін, Зальцах, Энс, Драва, Марава і інш.) належаць бас. Дуная (даўж. ў межах Аўстрыі 350 км). Вял. азёры Бодэнскае, Нойзідлер-Зе. Пад лясамі каля 40% краіны. На схілах гор да ўзроўню 600 м сады і вінаграднікі, да 2000—2200 м лясы (дуб, бук, елка, піхта, лістоўніца), вышэй субальпійскія і альпійскія лугі.
Насельніцтва. Каля 97% — аўстрыйцы. Ёсць славенцы, харваты, чэхі, венгры, яўрэі. Паводле веравызнання больш за 90% католікаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 95 чал. на 1 км², ва ўсх.ч. — каля 200 чал. на 1 км², у горных раёнах — каля 15—20 чал. на 1 км². З агульнай колькасці насельніцтва, занятага ў нар. гаспадарцы (каля 3,4 млн.чал. у 1990), у прам-сці і на буд-ве 37%, у сельскай і лясной гаспадарках 8%, у гандлі і на транспарце 24%; астатнія пераважна ў сферы абслугоўвання. У гарадах жыве больш за 2/3 насельніцтва. Буйнейшыя гарады (тыс.ж., 1991): Вена (1600), Грац (232,2), Лінц (203), Зальцбург (144), Інсбрук (115).
Гісторыя. Чалавек на тэр. Аўстрыі жыве з эпохі палеаліту. У апошнія стагоддзі да нашай эры тут пераважалі кельцкія плямёны. З канца 1 ст. да нашай эры да 5 ст. нашай эры тэр. Аўстрыі ў складзе Рымскай імперыі. З пач. 6 ст. ў прыдунайскай і прыальпійскай абласцях (сучасныя Ніжняя і Верхняя Аўстрыя, Зальцбург, Паўн. і Паўд. Ціроль) пасяляліся бавары, на У краіны ў час існавання там Аварскага каганата (гл.Авары) — славяне (славенцы). Пасля ўключэння баварскіх уладанняў у склад Франкскай дзяржавы і разгрому авараў Карл Вялікі стварыў на тэр. сучаснай Ніжняй Аўстрыі пагранічную вобласць (марку) і назваў яе Аварскай. У 9 ст. яна трапіла пад уладу венграў. Пасля іх паражэння ў 955 на р. Лех (каля сучаснага г. Аўгсбург у ФРГ) ад войска герм. караля Атона I была адноўлена як Усходняя марка. У 996 яна ўпершыню названа Аўстрыяй (Ostarrîchi — Усходняя імперыя). У 976 створана герцагства Карынтыя, ад яго ў 1180 аддзялілася герцагства Штырыя, у 13 ст. ўтварылася графства Ціроль. Годам заснавання Аўстр. дзяржавы лічыцца 1156, калі баварская Усх. марка (Ніжняя Аўстрыя) стала самаст. герцагствам. Першымі правіцелямі Аўстрыі былі Бабенбергі (976—1246), якія далучылі тэр. сучаснай Верхняй Аўстрыі (12—13 ст.) і Штырыі (1192). Пасля спынення дынастыі Бабенбергаў іх уладанні трапілі да чэш. караля Атакара II Пшэмысла, у 1278 іх заваяваў Рудольф I Габсбург (з 1273 герм. кароль). З 1282 герцагствы Аўстрыя і Штырыя сталі леннымі ўладаннямі сыноў Рудольфа. Пазней Габсбургі (правілі ў Аўстрыі да 1918) набылі Карынтыю і Крайну (1335), Ціроль (1363), Унутр. Істрыю (1374), Трыест (1382), Герц (1500). З 1453 Аўстрыя — эрцгерцагства. У 1438—1806 землі Аўстрыі былі цэнтрам «Свяшчэннай Рымскай імперыі» на чале з Габсбургамі. У выніку дынастычных шлюбаў Максіміляна I і яго сына Філіпа Прыгожага Габсбургі набылі ўладу над Нідэрландамі і Іспаніяй разам з яе калоніямі, у 1526 атрымалі ў спадчыну землі венг. і чэш. карон. Унук Максіміляна Карл V (з 1519 імператар) зрабіў наследнікам аўстр. уладанняў свайго малодшага брата Фердынанда (з 1556 імператар), які стаў заснавальнікам аўстр. лініі Габсбургаў. У 16—18 ст.цэнтр. праблема знешняй палітыкі Аўстрыі — барацьба з Асманскай імперыяй (гл.Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.). Шырокі водгук у Аўстрыі мела Рэфармацыя: імператар Максімілян II (1564—76) даў аўстр. дваранам свабоду веравызнання. Аднак пры Рудольфе II (1576—1612) краіна стала апорай каталіцызму і Контррэфармацыі ў Цэнтр. Еўропе. Антыпратэстанцкая палітыка Габсбургаў у Чэхіі прывяла да Трыццацігадовай вайны 1618—48 і паслаблення пратэстантызму. Вестфальскі мір 1648 захаваў пазіцыі Габсбургаў у Аўстрыі, якая стала пераважна каталіцкай дзяржавай. У 1687 аўстр. Габсбургі атрымалі ў спадчыну венг. карону і стварылі аўстра-венг. «падвойную манархію». У выніку вайны за іспанскую спадчыну 1701—14 імператар Карл VI далучыў да Аўстрыі ісп. ўладанні ў Нідэрландах і Італіі. Пасля яго смерці (1740) актуальнасць набыло пытанне пра аўстрыйскую спадчыну, паколькі не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі, а супраць перадачы кароны дачцэ Карла VI Марыі Тэрэзіі выступілі Прусія, Баварыя, Саксонія, Францыя і Іспанія. У выніку вайны 1740—48 Аўстрыя страціла Сілезію і землі ў Італіі (Парма, П’ячэнца). На троне Аўстрыі замацавалася Марыя Тэрэзія, якая рэфармавала дзярж. кіраванне ў чэш. і аўстр. спадчынных землях. Яе сын Іосіф II (1780—90) скасаваў прыгон, секулярызаваў уласнасць царквы. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай да Аўстрыі адышлі Галіцыя (1772) і Букавіна (1795). У канцы 18 — пач. 19 ст. Аўстрыя (з 1804 Аўстр. імперыя) удзельнічала ў войнах з рэвалюцыйнай, потым напалеонаўскай Францыяй, у стварэнні Свяшчэннага Саюза 1815. Нявырашаныя сац. і нац. праблемы ўнутры краіны выклікалі рэвалюцыю 1848—49 у Аўстрыі. Пасля яе паражэння аўстр. ўлады правялі ў 1850-я г. шэраг рэформаў, у т. л. аграрную. Саперніцтва з Прусіяй за гегемонію ў Германіі скончылася паражэннем Аўстрыі ў аўстра-прускай вайне 1866. У 1867 Аўстр. імперыя пераўтворана ў двухадзіную манархію Аўстра-Венгрыю. З распадам Аўстра-Венгрыі і адрачэннем ад трона імператара Карла I дэпутаты ад ням. партый Аўстрыі 21.10.1918 канстытуіраваліся ў Часовы Нац. сход краіны і 12.11.1918 абвясцілі «Нямецкую Аўстрыю» часткай Герм. рэспублікі. З гэтага часу да сак. 1938 існавала Першая Аўстрыйская Рэспубліка. Пад націскам дзяржаў — пераможцаў у 1-й сусв. вайне аўстр. дэлегацыя на чале з канцлерам К.Рэнерам вымушана была прыняць цяжкія ўмовы Сен-Жэрменскага мірнага дагавора 1919: адмовіцца ад Паўд. Ціроля і зямель у Судэцкай вобл., прызнаць новыя дзяржавы (Чэхаславакію, Польшчу, Венгрыю і Каралеўства Сербаў, Харватаў, Славенцаў), адмовіцца ад аншлюса, выплаціць высокія рэпарацыі за развязванне вайны і прычыненыя страты. У пасляваен. час Аўстрыя эканамічна аслабла. Пры канцлеры І.Сейпелу (з 1921) эканам. заняпад спынены. Пад гарантыі Лігі нацый Аўстрыя атрымала ад Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і Чэхаславакіі вялізныя пазыкі. Дзякуючы знешняй палітыцы канцлера І.Шобера (1929—30) Аўстрыя дамаглася адмены ўсіх рэпарацыйных абавязацельстваў, палепшыла адносіны з Італіяй і Венгрыяй. Але беспрацоўе, працяглыя парламенцкія крызісы, правал у 1931 мытнага саюзу з Германіяй і інш. сталі прычынай уступлення часткі грамадзян Аўстрыі ў Саюз франтавікоў і Хаймвер. У процівагу ім левыя сілы ўзмацнілі «Шуцбунд». Канцлер Э.Дольфус забараніў дзейнасць у Аўстрыі нацыянал-сацыялістаў і іх паўваен. арг-цый. У лют. 1934 «Шуцбунд» (таксама забаронены) падняў паўстанне, якое задушылі Хаймвер і ўрадавыя войскі. У ліп. 1934 адбыўся няўдалы путч аўстр. фашыстаў, у час якога забіты Дольфус. Новы канцлер К.Шушніг пад націскам Гітлера і яго прыхільнікаў у Аўстрыі вымушаны быў перадаць уладу А.Зейс-Інкварту, які даў згоду на аншлюс. 12.3.1938 герм. войскі акупіравалі Аўстрыю, і яна абвешчана адной з зямель Германіі пад назвай «Усходняя марка». У 1939—45 у складзе ням.-фаш. войскаў знаходзілася больш за 1,5 млн. аўстрыйцаў, на тэр. Аўстрыі дзейнічала больш за 600 ваен. прадпрыемстваў, існаваў канцлагер Маўтгаўзен. 13.4.1945 сав. Войскі вызвалілі Вену (святкуецца як дзень незалежнасці Аўстрыі), да пач. мая 1945 уся тэр. Аўстрыі занята войскамі антыгітлераўскай кааліцыі. Пытанне пра аднаўленне незалежнай Аўстрыі вырашана на падставе Маскоўскай дэкларацыі саюзнікаў ад 1.11.1943. Новаўтвораны ўсепартыйны ўрад К.Рэнера 27.4.1945 абвясціў незалежнасць Другой Аўстрыйскай Рэспублікі. У 1946 і 1953 саюзныя дзяржавы (СССР, ЗША, Вялікабрытанія і Францыя) добраахвотна змякчылі акупац. рэжым у Аўстрыі.
На першых пасляваен. выбарах у Нац. савет краіны (восень 1945) перамаглі Аўстр.нар. партыя (АНП) і сацыял-дэмакраты. З 1951 прэзідэнт Аўстрыі выбіраецца ўсенародна. Унутр. палітыка пасляваен. Аўстрыі была скіравана на аднаўленне эканомікі. Нацыяналізаваны энергетыка і горная прамысловасць. Дапамога паводле Маршала плана, паспяховая барацьба з інфляцыяй, дзярж. інвестыцыі і інш. спрыялі эканам. росту краіны. Поўны дзярж. суверэнітэт Аўстрыі замацаваны Дзярж. дагаворам ад 15.5.1955 паміж СССР, ЗША, Францыяй, Вялікабрытаніяй і Аўстрыяй. Нейтралітэт краіны зафіксаваны законам ад 26.10.1955. Да 1966 аўстр. ўрады фарміраваліся з кааліцыі АНП і сацыял-дэмакратаў, пасля — папераменна. На пач. 1980-х г. у Аўстрыі назіраўся эканам. спад. У 1986 створаны ўрад вял. кааліцыі на чале з Ф.Враніцкім, які пасля выбараў 1990 захаваў і пасаду федэральнага канцлера. У маі 1992 федэральным прэзідэнтам Аўстрыі выбраны Т.Клесціль. Аўстрыя — член ААН (з 1955) і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламатычныя адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы: Сацыял-дэмакр. партыя Аўстрыі (засн. ў 1991), Аўстр.нар. партыя (засн. ў 1945), Аўстр. партыя свабоды (засн. ў 1955), партыя «Зялёная альтэрнатыва» (засн. ў 1987), Аўстр. аб’яднанне прафсаюзаў (створана ў 1945).
Гаспадарка. Аўстрыя належыць да найб. развітых краін Еўропы. У апошнія гады яе эканоміка развіваецца параўнальна хуткімі тэмпамі. У структуры валавога ўнутр. прадукту на долю прамысловасці прыпадае каля 30%, буд-ва — каля 7, сельскай і лясной гаспадарак — каля 3, транспарту і сувязі — каля 6, гандлю — каля 16, сферы паслуг — 38%. Горназдабыўная прамысловасць базіруецца на невялікіх, але разнастайных рэсурсах карысных выкапняў. Здабыча жал. руды, магнезіту, бурага вугалю, графіту, свінцова-цынкавай і вальфрамавай рудаў, каменнай солі. Здабыча нафты складае 1,2 млн.т (1991). Дзейнічае нафтаперапр.з-д (Швехат), дзе перапрацоўваюць айч. і імпартную (з краін Б.Усходу) нафту, якая паступае па нафтаправодзе з Трыеста (Італія). Аўстрыя ўвозіць каменны і буры вугаль, прыродны газ.Вытв-сць электраэнергіі складае 49,5 млрд.кВт∙гадз (1992), большую палавіну яе даюць ГЭС у горных раёнах (найб. на рэках Ін, Зальцах, Дунай). Каля Вены працуе АЭС. Частка электраэнергіі экспартуецца ў ФРГ, Італію, Швейцарыю. Вытв-сць чыгуну 3,5 млн.т, сталі 4,3 млн.т, пракату 3,7 млн.т (1991; асн. цэнтры Лінц і Леобен). Значная ч. чорных металаў ідзе на экспарт, легіравальныя металы і кокс імпартуюцца. Важнае значэнне мае вытв-сць алюмінію (Рансгофен). У невял. аб’ёмах выплаўляюць медзь і свінец. Машынабудаванне сканцэнтравана пераважна ў Вене, Грацы, Лінцы, Штайры. Вырабляецца абсталяванне для лёгкай і харч. прамысловасці, электраэнергетыкі, хатняй гаспадаркі. Развіты трансп. машынабудаванне і галіны ляснога комплексу (нарыхтоўка драўніны, вытв-сць цэлюлозы, паперы і кардону). Хім.прам-сць прадстаўлена вытв-сцю мінер. угнаенняў (0,3 млн.т у 1991), хім. валокнаў і нітак (200 тыс.т), сінт. смолаў і пластмасаў (920 тыс.т); буйнейшыя цэнтры — Лінц (азотныя ўгнаенні), Ленцынг (штучныя валокны, віскозны шоўк). На Пд ад Вены і на З краіны прадпрыемствы тэкст. (170 млн.м² тканін у 1990), гарбарна-абутковай (17,2 млн. пар абутку ў 1991), швейнай шкляной прам-сці. Сельская гаспадарка. Аўстрыя амаль цалкам забяспечвае патрэбы насельніцтва ў большасці відаў с.-г. прадукцыі, па асобных відах мае значныя экспартныя лішкі. С.-г. землі займаюць каля палавіны тэр. Аўстрыі, з іх каля 40% ворыва, 38 лугі і пашы, 22% альпійскія лугі. Асноўныя вытворцы таварнай прадукцыі — фермы памерам больш як па 100 га, пераважна ў даліне Дуная і на У. Больш за 2/3 прадукцыі дае жывёлагадоўля. Пагалоўе (млн.гал., 1991): буйн. раг. жывёлы 2,5, свіней 3,6. Развіта птушкагадоўля. Земляробства характарызуецца спалучэннем паляводства, агародніцтва, садоўніцтва, вінаградарства. У пасевах пераважаюць збожжавыя (пшаніца, жыта, кукуруза), кармавыя, бульба і тэхн. культуры, у т. л.цукр. буракі. Збор (млн.т, 1990): пшаніцы 1,4, бульбы 0,9, цукр. буракоў 2,8. Большая ч. пасяўных плошчаў, садоў і вінаграднікаў ва ўсх.ч. краіны, асн.ч. лугоў і пашы ў зах. горных раёнах. Транспарт. У агульным грузаабароце асн. роля належыць чыг. транспарту. Даўж.чыг. сеткі 6350 км (1990), з іх большая палавіна электрыфікавана. Гал.чыг. вузлы — Вена, Лінц, Інсбрук. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 107 тыс.км (1989). У Аўстрыі больш за 3 млн. легкавых і 250 тыс. грузавых аўтамашын. Суднаходства па Дунаі і ніжніх участках яго прытокаў. Агульная даўж. суднаходных водных шляхоў каля 1,7 тыс.км. Аўстрыя — вузел паветр. шляхоў паміж У і З, Пн і Пд Еўропы. Буйнейшы з 9 міжнар. аэрапортаў — Швехат каля Вены. Замежны турызм (зімовы і летні, каля 15 млн.чал. штогод) — адна з найб. прыбытковых галін эканомікі (штогадовыя паступленні больш за 160 млрд. шылінгаў). Аўстрыя гандлюе больш як са 150 краінамі свету. Каля 65% экспарту і 68% імпарту прыпадае на краіны — члены Еўрап. супольніцтва, каля 10% экспарту і 7% імпарту — на Еўрап. аб’яднанне свабоднага гандлю. Асн.гандл. партнёры — ФРГ (каля 40%), Італія і Швейцарыя; доля краін СНД — каля 2%. Беларусь экспартуе ў Аўстрыю нафтапрадукты, азотныя ўгнаенні, халадзільнікі, трактары; імпартуе з Аўстрыі цукар, збожжа, гербіцыды, легкавыя аўтамабілі і аўтобусы, вылічальныя машыны, мед. прылады і інструменты, абутак і інш. На Беларусі заснавана 36 сумесных бел.-аўстр. прадпрыемстваў (1993). Грашовая адзінка Аўстрыі — аўстрыйскі шылінг.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухапутных войскаў і ВПС. Узначальвае ген. інспектар (прафесійны вайсковец), які падпарадкоўваецца міністру нац. абароны (цывільная асоба, прадстаўнік кіруючай партыі). У ваен. час вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Ва ўзбр. сілах 44 тыс.чал. (1991). Сухапутных войскаў 38 тыс.чал., у т. л. сіл пастаяннай баявой гатоўнасці 15 тыс.чал. На ўзбраенні танкі, артылерыя, стралк. зброя і інш. У ВПС 6 тыс.чал.; на ўзбраенні баявыя і трансп. самалёты, верталёты. Камплектуюцца ўзбр. сілы на аснове воінскай павіннасці (прызыўны ўзрост 18 гадоў) і па найме (узрост 17 гадоў). Тэрмін вайск. службы для прызыўнікоў 6 месяцаў, для рэзервістаў 60 дзён. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміі і шэрагу ваен. школ; радавы і малодшы камандны склад — у навуч. цэнтрах і непасрэдна ў часцях і падраздзяленнях.
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя падпарадкавана мін-ву аховы здароўя і навакольнага асяроддзя, у якое ўваходзяць 14 ведамстваў, адказных за сан.-эпідэміял. стан краіны і кантроль за лек. прэпаратамі. Страхавы фонд, што ствараецца з адлічэнняў работадаўцаў, аплачвае выдаткі па мед. дапамозе насельніцтву і знаходжанне ў шпіталі. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць — 6,7 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 70, у жанчын 77 гадоў (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Аўстрыі ўключае: дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў, 8-гадовыя нар.агульнаадук. школы абавязковага навучання 1-й і старэйшай (гал. школы) ступеняў, сярэднія агульнаадук. павышаныя школы 3 тыпаў (гімназіі, рэальныя гімназіі, жаночыя эканам. рэальныя гімназіі), прафес.навуч. ўстановы, ВНУ. Навучанне ў нар. школах сумеснае, у гімназіях — раздзельнае. Існуюць прыватныя школы, пераважна канфесійныя (каталіцкія). У 1985/86 навуч.г. ў Аўстрыі: 3,6 тыс. дашкольных дзіцячых устаноў (175 тыс. дзяцей); 4,9 тыс. школ, у т. л. 3,4 тыс. 1-й ступені (341,9 тыс. вучняў), 1218 гал. школ (285, 5 тыс. вучняў), 316 павышаных школ (170 тыс. навучэнцаў); 30 ВНУ (160,9 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты ў Вене (з 1365), Грацы (з 1585), Зальцбургу (з 1622, адноўлены ў 1962), Інсбруку (з 1669), вет.-мед.ун-т у Вене (з 1767), тэхн. ун-ты ў Грацы (з 1811) і Вене (з 1815) і інш. Акадэмія выяўл. мастацтваў у Вене (з 1692), ін-ты сусв. гандлю, с.-г. ў Вене, сац.-эканам. навук у Лінцы. Найбольшыя б-кі: Нацыянальная ў Вене, універсітэцкія ў Вене, Грацы, Інсбруку. Музеі: Аўстр. галерэя; збор карцін Акадэміі выяўл. мастацтваў; Мастацка-гістарычны; Гістарычны ў Вене; музеі Л.Бетховена, І.Гайдна, В.А.Моцарта, Ф.Шуберта і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Аўстрыйскай АН (з 1847), ва ун-тах, даследчых цэнтрах, навук. т-вах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У Аўстрыі каля 2500 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Neue Kronen Zeitung» («Новая каралеўская газета», з 1900), «Kurier» («Кур’ер», з 1954), «Die Presse» («Прэса», з 1848). Агенцтвы друку: Аўстрыя Прэсэ Агентур (АПА, з 1946), Католішэ Прэсэ Агентур (КАТПРЭС, з 1946). Радыё дзейнічае з 1924, тэлебачанне — з 1954. У 1960 створана Эстэррайхішэр Рундфунк унд Фэрнзэер (ОРФ), якая з 1974 мае статус грамадскага радыё і тэлебачання. ОРФ мае федэральную структуру. Яе дзейнасцю кіруе савет, куды ўваходзяць прадстаўнікі гал.Паліт. партый, урада, грамадскасці і Цэнтр. рады супрацоўнікаў ОРФ. Радыё ОРФ трансліруе 3 агульнанац., 9 мясц. праграм, праграму для іншаземцаў (на англ. і франц. мовах) і для замежжа (на англ., ням., ісп. і эсперанта мовах). Тэлебачанне ОРФ (з 1969 каляровае) вядзе перадачы па 2 агульнанац. праграмах; з 1959 дзейнічае кабельнае тэлебачанне. Аўстрыя належыць да тэлекамунікацыйнай спадарожнікавай сістэмы ІНТЭЛЬСАТ, супрацоўнічае з міжнар. арг-цыяй ІНТЭРСПАДАРОЖНІК, удзельнічае ў стварэнні праграмы спадарожнікавага тэлебачання 3САТ.
Літаратура. У 11—12 ст. у манастырах развівалася духоўная л-ра на лац. мове. У 12—13 ст. у Аўстрыі створаны агульнагерм. помнікі гераічнага эпасу («Песня пра Нібелунгаў», «Плач пра Нібелунгаў», «Дзітрых Бернскі», «Кудрун»), развіваліся мінезанг (гл.Мінезінгеры) і прыдворная рыцарская паэзія (У. фон Ліхтэнштайн). Рэакцыяй на рыцарскую л-ру стала «прыдворная вясковая паэзія» (Н. фон Роенталь). Уздым гарадоў у 13 ст. выклікаў з’яўленне бюргерскай л-ры, скіраванай супраць феадалаў, рыцараў, духавенства (Штрыкер, Вернер-Садоўнік, Г.Тэйхнер і інш.). Выразнікам ідэй Адраджэння ў аўстр. л-ры стаў паэт, драматург і гісторык К.Цэльтыс. З 16 ст.л-ра пад уплывам рэакц. палітыкі Габсбургаў і каталіцкай царквы. У канцы 16 — пач. 17 ст. яна стала вылучацца з агульнагерм. рэчышча, набываць нац. рысы. Адметную афарбоўку мела ў Аўстрыі культура барока, якая прадвызначыла развіццё л-ры па шляху сінтэзу каталіцызму і асветніцкага рацыяналізму: «Запіскі аб маскоўскіх справах» З.Герберштэйна, пропаведзі і духоўна-дыдактычныя творы Абрахама а Санкта-Клара, містэрыі і міраклі «тэатра езуітаў», камедыі І.А.Страніцкага і інш. У творах 2-й пал. 18 ст. адчуваецца ўплыў ідэй франц. і ням. Асветніцтва (журналісты І.Рыхтэр і І.Пецль, паэт А.Блумаўэр). Буйнейшыя прадстаўнікі рамантызму ў л-ры 1-й пал. 19 ст. — Ф.Грыльпарцэр (пачынальнік самабытнай аўстр. л-ры), Н.Ленаў з яго цягай да бідэрмеера («камернага» рэалізму). Бідэрмеер расквітнеў у венскім нар. т-ры (драматургія Ф.Раймунда і І.Н.Нестрая). У 2-й пал. 19 ст. ўзмацніліся тэндэнцыі крытычнага рэалізму (творы Нестрая, А.Штыфтэра, Л.Анцэнгрубера). У творчасці Ф. фон Заара, П.Розегера, М. фон Эбнер-Эшэнбах, Л.Захер-Мазаха і інш. проціборствуюць рэаліст. і натуралістычныя тэндэнцыі. На мяжы 19—20 ст. узніклі разнастайныя літ.-эстэт. канцэпцыі і кірункі. На развіццё л-ры уплывалі махізм, фрэйдызм, неапазітывізм, фенаменалогія Э.Гусерля, «дыялектычная фізіягноміка» Р.Каснера, «містычны іудаізм» М.Бубера, ідэалогія сіянізму Т.Херцля. Тэарэтыкам мадэрнісцкіх плыняў стаў пісьменнік і крытык Г.Бар. У канцы 19 ст. на літ. арэну выйшаў імпрэсіянізм (П.Альтэнберг). Пераадольваючы неарамант. дэкаданс і эстэтызм, у рэаліст. кірунку развівалася творчасць прадстаўнікоў венскай школы мадэрну (Г. фон Гофмансталь, А.Шніцлер, Альтэнберг). Вяршыня нямецкамоўнай і еўрап. лірыкі пач. 20 ст. — паэзія Р.М.Рыльке. У рэчышчы экспрэсіянізму працавалі Г.Тракль, Ф.Верфель. З пазіцый класічна-нарматыўнага рэалізму палеміку з экспрэсіяністамі вёў сатырык К.Краўс, выдавец апазіцыйнага час. «Die Fackel» («Факел», 1899—1936). У перыяд паміж сусв. войнамі развівалася творчасць Ф.Кафкі, С.Цвэйга, Верфеля, Р.Музіля, Г.Броха, І.Рота, Х. фон Додэрэра, Э. фон Хорвата і інш. Распад Аўстра-Венгрыі, успрыняты імі як трагедыя, спрыяў пошуку новых маст. сродкаў у адлюстраванні рэчаіснасці, глыбокаму пранікненню ў сутнасць грамадскіх адносін. У перыяд далучэння Аўстрыі да гітлераўскай Германіі многія пісьменнікі эмігрыравалі (Цвэйг, Рот, Музіль, Брох). У пасляваен. час найб. значныя дасягненні звязаны з творчасцю паэтаў філас. складу П.Цэлана і І.Бахман. Пасля «Новай хвалі» і ўспышкі неаавангардызму ў 1970-я г.аўстр. літаратары вярнуліся да рэаліст. прыёмаў (Т.Бернхард, П.Хандке, Б.Фрышмут). З гуманіст. пазіцый выступілі Г.Айзенрайх, Ф.Каін, К.Буста.
На бел. мове выйшлі асобнымі выданнямі: «Санеты Арфею» (1982) Рыльке, «Зірні ў паток» (1991) Ленаў, «Пякучая таямніца» (1994) Цвэйга. У бел. перыёдыцы друкаваліся паасобныя творы В. фон дэр Фогельвайдэ, Рыльке, Ленаў, Тракля, В.Томана, Верфеля, Т.Крамера, Ф.Хабека, Кафкі, Цвэйга і інш. На бел. мову іх перакладалі В.Сёмуха, М.Навіцкі, А.Зарыцкі, М.Танк, Л.Баршчэўскі, У.Чапега.
Архітэктура. У ант. перыяд тут будавалі крэпасці рым. гарнізонаў з форумам у цэнтры, акведукамі, тэатрамі, храмамі, тэрмамі. У сярэднявеччы напачатку панаваў раманскі стыль (базілікі ў Гурку і Зекаў, 11—13 ст.), потым гатычны (сабор св. Стэфана, 1340—1435, царква Санкт-Марыя-ам-Гештадэ ў Вене і замак Рабенштайн у Ціролі, 12 ст.). У эпоху Адраджэння вызначальнымі тыпамі пабудоў былі бюргерскія дамы і муніцыпальныя будынкі, упрыгожаныя рэнесансавым дэкорам і кампазіцыямі ў тэхніцы сграфіта. У гарадах ствараліся рыначныя плошчы з ратушай, вежай з гадзіннікам і званамі. У эпоху барока (17—18 ст.) вакол Вены будаваліся палацы, якія разам з рэгулярнымі садамі стваралі адкрытыя ансамблі; асабліва вылучаюцца Бельведэр (арх. І.Л.Гільдэбрант) і пабудовы І.Б.Фішэра фон Эрлаха. Велічныя палацы, манастыры і цэрквы пабудаваны ў правінцыяльных гарадах (Зальцбург, Мельк і інш.). У 2-й пал. 18 ст. архітэктары Аўстрыі пераймалі прынцыпы франц. класіцызму (паркавыя збудаванні «Гларыета» ў Шонбруне). У 1850—80-я г. ў Вене на месцы крапасных валоў і ўздоўж іх пабудавана шырокая кальцавая магістраль Рынгштрасэ са шматкватэрнымі жылымі дамамі, дамамі палацавага тыпу, грамадскімі будынкамі. Параднасць т.зв. «стылю Рынгштрасэ» паўплывала на ўсталяванне эклектызму ў еўрап. архітэктуры. З канца 19 ст. супраць засілля эклектызму выступілі прадстаўнікі венскага мадэрну, якія ўваходзілі ў аб’яднанне «Венскі Сецэсіён» (І.Ольбрых, О.Вагнер, І.Гофман) і стварылі свой варыянт стылю мадэрн. Адмаўленне ад дэкар. празмернасці мадэрну, імкненне да геам. прастаты і яснасці аб’ёмаў найб. выявілася ў творчасці арх. А.Лоза. Для архітэктуры 1920—30-х г. характэрны рацыянальная планіроўка жылых масіваў, рабочых пасёлкаў, грамадскіх будынкаў (Ф.Шустэр, І.Франк), нац. рамантыка (К.Гольцмайстэр). У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваюць дасягненні «Сецэсіёна», прыёмы і метады функцыяналізму, што вядзе да стварэння унікальных арх. аб’ектаў (гар. зала універсальнага прызначэння Штатгале ў Вене і інш.).
Выяўленчае мастацтва. На тэр. Аўстрыі выяўлены шматлікія помнікі мастацтва палеаліту і неаліту (у т. л. «Венера з Вілендорфа»), керамічныя і бронзавыя вырабы часоў гальштацкай культуры, узоры мастацтва кельтаў, рымскай эпохі (1 ст. да нашай эры — 5 ст. нашай эры). Вядомы фрэскавыя цыклы ў Зальцбургу, рукапісы, упрыгожаныя мініяцюрамі («Евангелле Бертольда», каля 1050). У скульптуры доўга захоўвалася арнаментальна-плоскасная трактоўка фігур. У гатычнай скульптуры і станковым жывапісе ўзмацніліся рэаліст. тэндэнцыі. У статуях сабора св. Стэфана ў Вене (каля 1375—90) прыкметнае ўздзеянне мастацтва кола П.Парлера. З 15 ст. выяўляюцца рысы Адраджэння (творы скульпт. Я.Кашаўэра, жывапісца Р.Фруаўфа Старэйшага, асабліва М.Пахера). У 16 ст. пабольшала цікавасць да быт. сюжэта, партрэта, пейзажа, вылучаліся работы майстроў дунайскай школы. Міжнар. прызнанне атрымала мастацтва эпохі барока (17—18 ст.), яго вяршыня — творчасць жывапісца Ф.А.Маўльберча, скульптараў Б.Пермазера, Г.Р.Донера, Ф.К.Месершміта. Для рамантызму 19 ст. характэрна цікавасць да дэталяў побыту, імкненне да непасрэднасці і лірычнасці (І.А.Кох). Гэтыя рысы развіты прадстаўнікамі бідэрмеера (М. фон Швінд, Ф.Вальдмюлер і інш.). З канца 19 ст. цэнтрам новых плыняў у выяўл. мастацтве стаў «Сецэсіён». Яго вядучы прадстаўнік Г.Клімт стварыў поўны вытанчанай фантазіі венскі варыянт стылю мадэрн. На пач. 20 ст. сфарміравалася прасякнутая фантастыкай і містыкай творчасць А.Кубіна. Гал. прадстаўнік экспрэсіянізму — О.Какошка. У 2-й пал. 20 ст. побач з абстракцыянізмам (скульпт. Ф.Вотруба), т.зв. венскім неасюррэалізмам (жывапісец Э.Фукс) і інш. мадэрнісцкімі плынямі развіваюцца традыцыі рэалізму (творы І.Добраўскі, кола О.Файля і інш.).
Музыка. Да пач. нашай эры на тэр. Аўстрыі асноўнай была культура кельтаў. У 1 ст. да нашай эры — 5 ст. нашай эры пашырыўся эліністычны ўплыў. Да канца 19 ст.аўстр. музыка развівалася па шляху аб’яднання многіх нац. традыцый (аўстр., славенскай, харвацкай, сербскай, мараўскай, чэш., венг., цыганскай, рум., укр., ням., італьян. і інш.). Найб.стараж. формамі аўстр. фальклору з’яўляюцца імітацыйныя песні-іодлі горцаў-пастухоў, рэчытатыўныя песні-прытчы (т.зв. шпрухі). У 19 ст. пашыраны нар. песні і танцы, харавое і інстр. музіцыраванне.
У 8—12 ст. цэнтрамі прафес., у асноўным царк., муз. культуры былі манастыры і храмы, дзе існавалі школы пеўчых і арганістаў. У 12—14 ст. са свецкай муз.-паэт. культуры шпільманаў і вагантаў сфарміраваліся прыдворная капэла і цэх гар. музыкантаў, узнікла прыдворнае мастацтва мінезінгераў. Муз. мастацтва эпохі Адраджэння (14—16 ст.) развівалася пераважна ў прыдворным асяроддзі: засн. Венская прыдворная капэла (1498), муз. капэлы ў Зальцбургу, Інсбруку, Грацы; актывізавалася нотадрукаванне (Вена, Зальцбург, Грац); склаўся і пласт гар.быт. музыкі. У 17 ст. пачалося станаўленне аўстр.т-ра. У 1620 адкрыты т-р у Венскім калегіуме езуітаў, муз.-драм. пастаноўкі якога папярэднічалі оперным спектаклям у Гельбруне і т-ры бенедыкцінскага ун-та ў Зальцбургу. Пад уплывам італьян. музыкі ў сярэдзіне 17 ст. ў Вене створана італьян. прыдворная трупа. У 1708 адкрыты прыдворны т-р, у якім разам з італьян. выступалі і аўстр. спевакі, ставіліся аўстр. оперы. У творчасці аўстр. кампазітараў барока (Г.І.Ф.Бібер і Г.Муфат) упершыню выявілася нац. спецыфіка. У сярэдзіне 18 ст. пашыранымі сталі арыстакратычныя хатнія т-ры і капэлы, канцэртныя аб’яднанні. Муз. цэнтрам Вены стаў «Бургтэатр» (1741). З 1712 у «Кернтнертортэатры» (засн. ў 1709) ставіліся спектаклі венскай муз. камедыі і нац. камічнай оперы — аўстр. зінгшпіля, вяршыня якога — «Чароўная флейта» (1791) В.А.Моцарта. У сярэдзіне 18 — пач. 19 ст. ў Вене працавалі прадстаўнікі ранняй венскай (Муфат, Г.К.Вагензайль, М.Мон) і венскай класічнай школы (І.Гайдн, Моцарт, Л.Бетховен, блізкі да іх К.В.Глюк), якія зацвердзілі класічныя формы сімфоніі, уверцюры, санаты, канцэрта, квартэта і інш.Вял. значэнне для рэфармавання опернага жанру мелі оперы Моцарта («Вяселле Фігера», 1786; «Дон Жуан», 1787), Глюка і Гайдна. «Рэквіем» і меса c-moll Моцарта — кульмінацыя развіцця традыцый аўстр. духоўнай музыкі. У 19 ст. традыцыі венскай класічнай школы прадаўжалі кампазітары-рамантыкі, у т. л. Ф.Шуберт, І.Брамс, А.Брукнер, Г.Малер. У творчасці сям’і Штраусаў і І.Ланера зацвердзілася танцавальная музыка, пераважна венскі вальс, і інш.быт. жанры. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. склалася венская аперэта. Яе класічныя ўзоры — «Цудоўная Галатэя» (1865) Ф.Зупе, «Лятучая мыш» (1874) І.Штрауса-сына, «Сільва» (1915) І.Кальмана. Другім муз. цэнтрам Аўстрыі ў сярэдзіне 19 ст. стаў Зальцбург, дзе ў 1841 адкрыты міжнар. цэнтр моцартазнаўства Моцартэум. Вял. ўклад у развіццё муз. культуры Аўстрыі зрабілі Малер і Р.Штраус, пад кіраўніцтвам якіх у Венскай прыдворнай оперы (з 1918 Венская дзярж. опера) адбыліся прэм’еры многіх значных сучасных опер. У 1922 у Зальцбургу засн.Міжнар.т-ва сучаснай музыкі. Новая венская школа зрабіла моцны ўплыў на развіццё сусв.муз. мастацтва. Яе прадстаўнікі А.Шонберг, А.Берг, А.Веберн распрацоўвалі новыя маст.-эстэт. і тэхніка-кампазіцыйныя прынцыпы (дадэкафонія, серыяльнасць і інш.). Музыка Аўстрыі 20 ст. ўключае розныя кірункі, у т. л. неакласіцызм (Э.Тытэль, А.Уль), неафалькларызм (В.Келер), авангардызм (Э.Кшэнек), творчасць паслядоўнікаў новай венскай школы (Э.Велес, Г.Э.Апостэль, Г.Елінек), аўтараў аперэт (Р.Штольц, Н.Досталь), опер (Г.Айнем). Сярод выканаўцаў: дырыжоры К.Бём, Г.Караян; піяністы П.Бадура-Скода, Ф.Гульда, І.Дэмус; спевакі Х.Гюдэн, А.Дэрмота, І.Зефрыд, К.Людвіг, Э.Шварцкопф. У Вене працуюць Венская дзярж. опера (з 1918), т-р «Фольксопер» (з 1898), Венскі філарманічны аркестр (з 1842), муз. выд-вы, т-вы, Саюз кампазітараў (з 1913), Акадэміі музыкі і сцэнічнага мастацтва ў Вене (з 1817), Грацы (з 1963), Зальцбургу (з 1914), кансерваторыі ў Клагенфурце (з 1931) і Вене (з 1938). У буйных гарадах праводзяцца міжнар.муз. конкурсы і фестывалі.
Тэатр. Станаўленне нац.т-ра ў Аўстрыі пачалося ў 16 ст., калі вандроўныя трупы акцёраў-імправізатараў паказвалі сцэнкі з нар. жыцця, гал. герой якіх — камічны персанаж Гансвурст. У 17—18 ст. у Вене існавалі прыдворны т-р і школьны т-р езуітаў. У 1628 пабудаваны т-р у Інсбруку, пазней — у Грацы, Лінцы, Зальцбургу, Бадэне. У 1712 акцёр і драматург І.А.Страніцкі стварыў у Вене пастаянны нар.т-р, у 1741 адкрыты «Бургтэатр», дзейнасць акцёраў і рэжысёраў якога грунтавалася на рэаліст. традыцыях нац.тэатр. мастацтва (у 19 ст. — С.Шродэр, М.Корн, Г.Аншуц, К.Фіхтнер, І.Шрэйфогель, Г.Лаўбе, А.Зоненталь, І.Левінскі, Ш.Вольтэр, Ф.Дзінгельштэт, у 20 ст. — І.Кайнц, Р.Аслан, Э.Бальзер, К.Дорш і інш.). У канцы 18 — пач. 20 ст. ў прадмесцях Вены працавалі дэмакр. т-ры, якія працягвалі традыцыі нар.т-ра, а іх акцёры-драматургі Ф.Раймунд і І.Н.Нестрай стварылі своеасаблівы жанр нац. камедыі. У рэпертуары т-раў 19 — пач. 20 ст. пераважалі п’есы аўстр. драматургаў Ф.Грыльпарцэра, Л.Анцэнгрубера, Г.Гофмансталя, А.Шніцлера, ставіліся і класічныя замежныя творы. У 1920—30-я г. асаблівую вядомасць набыў «Іозефштаттэатр» (засн. ў 1778), якім у 1924—38 кіраваў М.Райнгарт. Пасля 2-й сусв. вайны аднавілі дзейнасць нац. т-ры, у т. л. «Бургтэатр» і «Фольксопер». У 1948 створаны т-р «Скала». З канца 1940-х г. папулярнымі сталі паўпрафесійныя калектывы, т.зв. «келертэатры» («падвальныя тэатры»). Цэнтр тэатр. мастацтва краіны — Вена, дзе знаходзяцца «Бургтэатр», «Штатсопер», «Фольксопер», прыватныя т-ры, Ін-т тэатразнаўства. У Зальцбургу штогод адбываюцца міжнар.тэатр. фестывалі (з 1920).
Кіно. З 1896 у Вене дэманстраваліся фільмы вынаходнікаў кінематографа братоў Люм’ер. Першыя айч. кінастужкі знялі каля 1908 Ф.Дорман, І.Якабсан і Г.Ганус. З 1912 кінавытворчасцю займаліся фірмы «Саша-фільм» і «Вінер Кунстфільм» (рэж. Г.Марышка і К.Зоскі). Пасля 1-й сусв. вайны ствараліся пераважна відовішчныя карціны (рэж. А.Корда, М.Кертыц). Уклад у экспрэсіянізм зрабілі фільмы Г.В.Пабста, Э.Куна, В.Краўса, Р.Віне. З’яўленне гукавога кіно на некалькі гадоў зрабіла Вену сталіцай сентыментальных камедый і муз. фільмаў (рэж. В.Форст, Г.Якобі, Марышка, Г. фон Больвары, Э.В.Эма; акцёры і спевакі М.Іорыц, І.Новатна, З.Ліндэр, П.Веселі, В.Чэхава, М.Шнайдэр, В.Альбах-Рэці). Пасля 2-й сусв. вайны ў кіно Аўстрыі працавалі рэжысёры Г.Койтнер («Апошні мост»), Пабст («Працэс», «Апошняя дзея»); значнае месца па-ранейшаму займалі муз. фільмы («Гераічная сімфонія», «Франц Шуберт», «Улюбёнец Вены») і фільмы-рэвю («Дзіця Дуная», «Залатая сімфонія», «Чароўнае рэвю»). Дэбютавалі рэжысёры К.Штайнвендэр, Э.Збоўска, П.Кубелка. Многія акцёры Аўстрыі выехалі за мяжу (Максімілян і Марыя Шэл, Н.Тылер, К.М.Брандаўэр, Р.Шнайдэр). З 1966 у Вене кожныя 2 гады адбываецца міжнар. кінафестываль Венале.
Беларусы ў Аўстрыі з’явіліся ў 2-ю сусв. вайну, якая выклікала 3-ю хвалю эміграцыйнага руху. Найб.бел. асяродкі былі ў г. Зальцбург і ў акрузе Рыд. Некаторы час у 1944 на ваен. фабрыцы ў Швадорфе намаганнямі А.Змагара працавала школа для дзяцей. Тут выкладалі паэт А.Салавей, мастак П.Мірановіч. Група бел. літаратараў на чале з Салаўём выдавала ў Зальцбургу часопісы «Пагоня» (№ 1—4, 1946), «З беларускага жыцця» (№ 1—38, 1946—47). У Верхняй Аўстрыі працавалі 2 бел. школы: у Кірхсгайме (1945) і ў лагеры для перамешчаных асоб ДП 701—А Рыд (1948), дзе настаўнікам быў А.Яцэвіч. З пач. 1950-х г. у Вене дзейнічае т-ва «Родина», якое займаецца культ.-асв. работай сярод выхадцаў з Беларусі, Расіі, Украіны. Узначальвае т-ва А.Э.Кухар; яго аддзелы працуюць у Зальцбургу (старшыня Т.Н.Гаўрылюк), Інсбруку (старшыня А.П.Радл).
Літ.:
Сакалоўскі У.Л. Нямецкая і аўстрыйская літаратура ў Беларусі // Сакалоўскі У.Л. Пара станаўлення. Мн., 1986;
Schmidt A. Dichtung und Dichter Österreich im. 19. und 20. Jahrhundert. Bd. 1—2.Salzburg;
Stuttgart, 1964;
Feuchtmuller R. Kunst in Österreich. Bd. 1—2. Wiena, 1972—73;
Die Kunst der 70-er Jahre in Österreich. Wiena, 1980;
Беккер П. Симфония от Бетховена до Малера: Пер. с нем. Л., 1926;
Черная Е. Моцарт и австрийский музыкальный театр. М., 1963;
Яе ж. Австрийский музыкальный театр до Моцарта. М., 1965.
Герб і сцяг Аўстрыі.Да арт.Аўстрыя. Ландшафт у паўночным Ціролі.Да арт.Аўстрыя. Статак кароў на пашы на ўсходзе краіны (зямля Бургенланд).Да арт.Аўстрыя. Сялянская сядзіба ў Альпах (зямля Зальцбург).Да арт.Аўстрыя. Вінаграднікі ў даліне Дуная (зямля Ніжняя Аўстрыя).Да арт.Аўстрыя. Царква на Рынгштрасэ ў Вене. Арх. Г.Ферстэль. 1856—79.Да арт.Аўстрыя. Адна з залаў палаца Разумоўскага ў Вене. Арх. Л.Мантуае. 1805— 11.Да арт.Аўстрыя. Фрагмент інтэр’ера манастыра ў г. Мельк.Да арт.Аўстрыя. Марыя-Тэрэзіенштрасэ з калонай св. Ганны (1706) у Інсбруку.Да арт.Аўстрыя. Панарама Зальцбурга.Да арт.Аўстрыя. Дом Штайнера ў Вене.Да арт.Аўстрыя. І.А.Кох. Каскад. 1796.Да арт.Аўстрыя. «Маёлікавы дом» у Вене. Арх. О.Вагнер. 1898—99.Да арт.Аўстрыя. Клавікорды венскай работы. Майстар М.Зейферт. Чырвонае дрэва, бронза. Каля 1810.Да арт.Аўстрыя. М.Швінд. Сімфонія. 1840-я г.Да арт.Аўстрыя. Г.Клімт. Чырвоныя рыбкі. 1901-02.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́НІЯ (Danmark),
Каралеўства Данія (Kongeriget Danmark), дзяржава ў Зах. Еўропе. Размешчана на п-ве Ютландыя, а-вах Зеландыя, Фюн, Лолан, Фальстэр, Мён, Борнхальм і інш. На Пд мяжуе з Германіяй (даўж. сухапутнай граніцы 68 км). На З абмываецца Паўночным м., на Пн — прал. Скагерак, на У — прал. Катэгат, Эрэсун, Балтыйскім м.Пл. 43,1 тыс.км², у т. л. 19,3 тыс.км²пл. астравоў. Нас. 5165 тыс.чал. (1993). Дзярж. мова — дацкая. Сталіца — г. Капенгаген. Падзяляецца на 14 амтаў (раёнаў). У склад Д. ўваходзяць Грэнландыя і Фарэрскія астравы, якія маюць унутр. аўтаномію. Нац. святы — Дзень нараджэння каралевы Маргрэтэ II (16 крас.) і Дзень Канстытуцыі (5 чэрв.).
Дзяржаўны лад. Д. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1953. Кіраўнік дзяржавы — манарх.Заканад. ўлада належыць манарху і аднапалатнаму парламенту — фолькетынгу (179 дэпутатаў), што выбіраецца на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які назначае манарх і ўзначальвае прэм’ер-міністр. Урад адказны перад фолькетынгам.
Прырода. Рэльеф пераважна раўнінны са шматлікімі марэннымі ўзгоркамі. Найвыш. пункт г. Аер-Баўнехёй (173 м). Зах. і паўн.-зах. ўзбярэжжа — нізіна з паласой дзюн, якія аддзяляюць шматлікія лагуны ад мора. Усходнія берагі п-ва Ютландыя і в-ва Зеландыя моцна расчлянёныя, месцамі абрывістыя, ёсць шмат бухтаў. Карысныя выкапні: нафта і прыродны газ (у Паўночным м.), торф, буд. матэрыялы і інш. Клімат умераны, марскі, з мяккай няўстойлівай зімой, халаднаватым летам. Сярэдняя т-растудз. каля 0 °C, ліп. 16 °C. Ападкаў ад 600 мм на У да 800 мм на 3. Рэкі невялікія, найб. Гудэна (158 км). Шмат невял. азёр. Пад лесам 10% тэр., пераважаюць бук і дуб. Ёсць саджаныя лясы з елкі, хвоі, піхты і лістоўніцы. На З верасовыя пусткі. Запаведнікі Хеселё, Ворсё і інш.
Насельніцтва. Датчане складаюць каля 98% насельніцтва. На Пд Ютландыі жыве 40 тыс. немцаў. Ёсць невял. групы выхадцаў з Турцыі, б. Югаславіі, Швецыі, Вялікабрытаніі. Сярод вернікаў пераважаюць лютэране (91%), ёсць прыхільнікі інш. галін пратэстанцтва, католікі. Сярэдняя шчыльн. 120 чал. на 1 км², больш шчыльна заселены У краіны, асабліва в-аў Зеландыя. У гарадах 85% насельніцтва (1993). Больш за 25% насельніцтва краіны жыве ў Капенгагене з прыгарадамі (1,35 млн.ж., 1994). Значныя гарады (тыс.ж., 1993): Орхус — 274,5, Одэнсе — 181,8, Ольбарг — 158,1.
Гісторыя. Засяленне тэр. Д. чалавекам пачалося ў эпоху позняга палеаліту. У мезаліце тут існавала археал. культура маглемазэ. З апошніх стагоддзяў да н.э. на землях сучаснай Д. жылі стараж.германцы. Пасля перасялення большасці англаў, саксаў, ютаў на Брыт. а-вы (гл.Англасаксонскае заваяванне) на тэр. Д. ў 5—6 ст.н.э. з Пд Скандынаўскага п-ва прыбылі германамоўныя даны, вядомыя паводле пісьмовых крыніц прыблізна з 550 (адсюль назва Данія), якія сталі тут пануючым племем. У эпоху вікінгаў (канец 8 — сярэдзіна 11 ст.) продкі датчан каланізавалі б.ч. Брытаніі, абклаўшы яе насельніцтва данінай (т.зв. «дацкімі грашыма»), потым стварылі ў вусці Сены герцагства Нармандыя (911). Гэта садзейнічала іх паліт. кансалідацыі і ўтварэнню раннедацкага каралеўства (першым каралём быў Годфрэд, памёр у 810), што ўмацавалася пры Горме Старым (памёр каля 950) і яго сыне Харальдзе Сінязубым (памёр каля 985, пры ім у Д. каля 960 прынята хрысціянства). У эпоху вікінгаў узніклі першыя дацкія гарады, значную ролю ў грамадстве пачалі адыгрываць бонды, якія складалі аснову ваенна-марскога апалчэння (ледунга). Пры Кнудзе I Вялікім [1018—35] кароткі час існавала англа-дацка-нарв. дзяржава. Пазней пад уладу Д. трапіла герцагства Шлезвіг (гл.Шлезвіг-Гольштэйн; з 1460 у асабістай уніі). У 2-й пал. 12 — пач. 13 ст. Д. заваявала паўд. і частку ўсх. ўзбярэжжа Балтыйскага м. (пасля бітвы 1227 з немцамі пры Борнхёведзе б.ч. гэтых тэр. страчана). Вайна 1367—70 з Ганзай за панаванне на Балтыцы скончылася паражэннем Д. У 1397—1523 пад уладай дацкіх каралёў (Кальмарская унія) аб’яднаны Нарвегія і Швецыя (у 1523 вызваліліся з-пад дацкага панавання). У 2-й пал. 16 ст. Д. дамаглася перавагі на Балтыйскім м. Яна ўдзельнічала ў Трыццацігадовай вайне 1618—48. У 17 ст. ў краіне ўстаноўлена абсалютная манархія (1660), з’явіліся першыя мануфактуры. Працяглыя сял. выступленні прывялі да скасавання прыгону (1788—1800). Д. ўдзельнічала (фактычна безвынікова) разам з Расіяй і Саксоніяй у Паўночнай вайне 1700—21 супраць Швецыі, была адной з дзяржаў-ініцыятараў першага ўзбр. нейтралітэту (1780) у Вайну за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. У выніку нападу англічан на Капенгаген і захопу імі дацкага ВМФ (1807) Д. ўцягнулася ў напалеонаўскія войны на баку Францыі. Паводле Кільскіх мірных дагавораў 1814 яна страціла Нарвегію, в-аў Гельгаланд і інш., аднак захавала пад сваёй уладай нарв. заморскія тэр. — Ісландыю, Грэнландыю, Фарэрскія а-вы. Пасля часовага эканам. застою ў Д. ў 1830—40-я г. пачалася прамысл. рэвалюцыя (у т. л. ў 1847 пабудавана першая чыгунка). Адначасова пад націскам апазіц. ліберальнага руху прынята канстытуцыя 1849, паводле якой устаноўлены рэжым абмежаванай манархіі з 2-палатным парламентам (рыксдагам) і ўрадам, адказным перад каралём. У гэты ж час абвастрылася шлезвіг-гольштэйнская праблема, што выклікала дацка-прускую вайну 1848—50. Наступны крызіс узнік у 1863 у сувязі з прыняццем новай дацкай канстытуцыі, прывёў да дацкай вайны 1864 і адмовы Д. ад прэтэнзій на тэр. герцагстваў. Да ўлады ў краіне прыйшлі кансерватыўныя сілы, якія ў 1866 дамагліся перагляду канстытуцыі 1849: за каралём прызнана права абсалютнага вета і выдання законаў паміж сесіямі парламента, дэпутаты верхняй палаты парламента (ландстынга) сталі выбірацца буйнымі землеўладальнікамі або прызначацца каралём. У 1870 кансерватары ўтварылі кабінет з удзелам правых лібералаў, а іх праціўнікі (левыя лібералы) стварылі аб’яднаную левую партыю (Венстрэ) і разгарнулі паліт. барацьбу за дэмакр. рэформы. У 1901 з дапамогай Сацыял-дэмакратычнай партыі Даніі (СДПД, засн. ў 1876) Венстрэ атрымала большасць у ніжняй палаце парламента (фолькетынгу) і з санкцыі караля Крысціяна IX [1863—1906] сфарміравала першы адказны перад парламентам урад (у 1905—08 яго ўзначальваў Е.К.Крыстэнсен). Рэфарматары палепшылі становішча батракоў і беззямельных сялян, пашырылі аўтаномію Ісландыі (дадзена ў 1874). У 1905 з-за рознагалоссяў вакол ваен. бюджэту і буд-ваўзбр. сіл з Венстрэ выйшлі пацыфісцкія колы, якія ўтварылі партыю Радыкальная Венстрэ. Нейтральная знешняя палітыка Д. пасля 1864 (у т. л. ў 1-ю сусв. вайну) садзейнічала яе эканам. росту (асабліва ў с.-г. вытв-сці) у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. У 1915 прынята папраўка да канстытуцыі краіны (набыла сілу пасля 1-й сусв. вайны), паводле якой выбарчае права дадзена датчанам абодвух полаў з 25-гадовага ўзросту. У 1917 Д. прадала падуладную ёй частку Віргінскіх а-воў ЗША. У 1918 дацкія ўлады далі яшчэ большую самастойнасць Ісландыі ў межах міждзярж. уніі (скасавана Ісландыяй у 1944). У 1920 краіна прынята ў Лігу нацый, па выніках плебісцыту, праведзенага згодна з умовамі Версальскага мірнага дагавора 1919, да Д. далучаны Паўн. Шлезвіг. З 1924 найб. ўплыў у парламенце працяглы час мелі сацыял-дэмакраты, дзейнічаў кааліцыйны ўрад на чале з У.Стаўнінгам (прэм’ер-міністр у 1924—26 і 1929—42), які рабіў захады па змяншэнні сац. напружанасці і аслабленні знешняй пагрозы (пакт аб ненападзе з нацысцкай Германіяй 1939). У 1933 Міжнар. суд у Гаазе вырашыў на карысць Д. яе спрэчку з Нарвегіяй з-за Грэнландыі. У 2-ю сусв. вайну краіна ў парушэнне дагавора 1939 акупіравана ням.-фаш. войскамі (9.4.1940). Акупац. ўлады захавалі ўрад Стаўнінга і дацкі парламент. У 1941 Д. вымушана стала чл.«Антыкамінтэрнаўскага пакта»; адначасова ў эміграцыі (Лондан) узнік Дацкі савет, які садзейнічаў актывізацыі Руху Супраціўлення ў краіне (з 1942). Пасля серыі антыфаш. забастовак і акцый сабатажу дацкіх працоўных акупац. ўлады 29.8.1943 ліквідавалі ўрад Э.Скавеніуса (прэм’ер-міністр з 1942), раззброілі дацкую армію. Дацкі ВМФ часткова самазатапіўся. 5.5.1945 акупац. войскі ў Д. капітулявалі перад брыт.ўзбр. сіламі і падпольнай дацкай арміяй, 9.5.1945 сав. марскія пехацінцы вызвалілі в-аў Борнхальм. Першы пасляваенны ўрад на чале з В.Булем (1945) ануляваў усе заканад. акты, навязаныя краіне ў перыяд акупацыі, выключыў з дзярж. апарату былых калабарацыяністаў. Знешняя палітыка пасляваен. урадаў, якія ўзначальваліся пераважна прадстаўнікамі СДПД (у 1947—50, 1953—68, 1971—73, 1975—82 і П.Н.Расмусенам з 1993), была накіравана на інтэграцыю краіны ў зах.-еўрап. рэгіянальныя арг-цыі (НАТО, Савет Еўропы, Еўрап.эканам. супольніцтва і інш.). Дацкія ўлады далі самакіраванне Фарэрскім а-вам (1948) і Грэнландыі (1979, з 1953 састаўная ч. Дацкага каралеўства). Стабілізацыі эканомікі краіны пасля 2-й сусв. вайны садзейнічала эканам. дапамога паводле Маршала плана. Пры каралю Фрэдэрыку IX прынята сучасная канстытуцыя, паводле якой уведзены аднапалатны парламент (фолькетынг) і пераемнасць манархіі па жаночай лініі. З 1972 каралевай Д. з’яўляецца Маргрэтэ Л. У 1992 і 1993 праведзены рэферэндумы па пытанні ўступлення краіны ў Еўрап. саюз (на апошнім большасць выбаршчыкаў дала станоўчы адказ). Д. — чл.ААН (з 1945), НАТО (пры ўмове неразмяшчэння на яе тэр. ў мірны час замежных войск, ваен. баз і ядз. зброі), Савета Еўропы (у абодвух арг-цыях з 1949), Еўрап. саюза. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. СДПД (найбуйнейшая), Сацыяліст.нар. партыя, Радыкальная Венстрэ, Венстрэ, Дэмакраты цэнтра, Хрысц.нар. партыя, Кансерватыўная нар. партыя, Партыя прагрэсу, Шлезвігская партыя, Цэнтр. аб’яднанне прафсаюзаў і інш.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных сухап. войск, ВПС, ВМС (на пач. 1995 агульная колькасць 27 тыс.чал.), і рэгулярных ваенізаваных фарміраванняў войск абароны (хемверн). Вярх. галоўнакамандуючы — манарх. Камплектуюцца паводле змешанага прынцыпу (да прызыву або найму не прыцягваюцца карэнныя жыхары Грэнландыі і Фарэрскіх а-воў). Сухап. войскі (16,3 тыс.чал.) уключаюць Ютландскую мотапяхотную дывізію, 2 мотапяхотныя брыгады на Зеландскіх а-вах, Борнхальмскую пяхотную брыгаду і інш. У складзе ВПС (6,1 тыс.чал.) 72 баявыя самалёты і часці ППА. ВМС (каля 4,5 тыс.чал. у пач. 1996) маюць 35 баявых караблёў (у т. л. 5 падводных лодак) і 30 баявых катэраў. Хемверн фарміруецца паводле тэр.-вытв. прынцыпу для дапамогі ўзбр. сілам. Каля 2 тыс. дацкіх вайскоўцаў — у войсках ААН (пераважна ў Босніі і Герцагавіне і на Кіпры).
Гаспадарка. Д. — высокаразвітая індустр.-агр. краіна. Па вытв-сці валавога нац. прадукту на душу насельніцтва (26 730 дол., 1993) займае адно з вядучых месцаў у свеце. Доля прам-сці каля 18% (у т. л. апрацоўчай 17%), сельскай гаспадаркі (разам з лясной гаспадаркай і рыбалоўствам) каля 5, буд-ва 5,5, транспарту і сувязі 7, гандлю 12, інш. абслуговых галін каля 50%. У структуры прамысловасці пераважаюць галіны, цесна звязаныя са знешнім рынкам — з увозам сыравіны і паўфабрыкатаў і вывазам гатовых вырабаў. На знешнім рынку рэалізуецца больш як 1/3прамысл. і больш за 1/2с.-г. таварнай прадукцыі. Вядучыя галіны прам-сці: машынабудаванне, харч., хім. і тэкстыльная. У здабыўной прам-сці асн. значэнне маюць здабыча нафты (8,3 млн.т) і прыроднага газу (1,5 млрд.т, 1993). Здабываюць таксама буд. матэрыялы, каалін, дыятаміт, кухонную соль, торф і інш.Вытв-сць электраэнергіі 32,7 млрд.кВт∙гадз (1993), пераважна на ЦЭС. У машынабудаванні вылучаецца суднабудаванне (прыкладна 3% штогадовага сусв. танажу; у Одэнсе, Хельсінгёры, Накскаве, Капенгагене, Ольбаргу), вытв-сць суднавых дызеляў (Капенгаген). Развіта вытв-сць абсталявання (пад’ёмна-трансп., для цэм., харч., суднабуд., цэлюлозна-папяровай прам-сці), мед. і быт. электратэхнікі. Гал. цэнтры: Капенгаген, Орхус, Одэнсе, Ольбарг (асабліва абсталяванне для цэм. прам-сці), Ранерс (лакаматыва- і вагонабудаванне), Хорсенс. Харч.прам-сць вылучаецца высокім узроўнем механізацыі. Акрамя малочных з-даў і бойняў у краіне шмат мукамольных, хлебапякарных, піваварных, кансервавых, спіртагарэлачных, цукровых, кандытарскіх, тытунёвых і інш. прадпрыемстваў. Асн. цэнтры: Капенгаген, Орхус, Одэнсе, Эсб’ерг (рыба- і мясакансервавыя прадпрыемствы), Ольбарг (рыбаперапрацоўка), Хорсенс (перапрацоўка тытуню, мяса, малака). Хім.прам-сць прадстаўлена вытв-сцю мінер. угнаенняў, сінт. смол, фарбаў, кіслот. Цэнтры нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі — Калунбарг і Фрэдэрысія. Развіта фармацэўтычная прам-сць. З галін лёгкай прам-сці найб. развіта тэкстыльная (Капенгаген, Орхус, Одэнсе, Ольбарг, Ранерс, Колінг і інш.). Прадпрыемствы швейнай, абутковай, цэм. (штогод выпускаюць каля 2,5 млн.т цэменту), шкляной, фарфоравай, мэблевай прам-сці і інш. Каля палавіны прамысл. прадукцыі выпускаецца ў Капенгагене і яго прыгарадах. Д. — адна з вядучых у свеце краін па эфектыўнасці сельскай гаспадаркі. Характэрна высокая ступень выкарыстання машын. Каля 200 тыс.чал., занятых у с.-г. вытв-сці (78,8 тыс. фермаў, сярэдні памер 35 га), выпускаюць прадукцыю, якой можна пракарміць 15 млн.чал. Сярэдні надой малака каля 7 тыс.кг (тлустасць больш за 4%), сярэдняя ўраджайнасць збожжавых 50,5 ц/га. Доля с.-г. угоддзяў складае 64% тэрыторыі. Вядучая галіна — жывёлагадоўля, якая дае каля 90% таварнай с.-г. прадукцыі. Пагалоўе (млн. галоў, 1993): буйн. раг. жывёлы 2,2, свіней 11,1, птушкі 18,9. Штогадовая вытв-сць мяса дасягае 2 млн.т, малака — 5 млн.т, масла — 0,1 млн.т, сыру — 0,3 млн.т, яец — каля 90 млрд. штук. Земляробства абслугоўвае патрэбы жывёлагадоўлі. Каля палавіны с.-г. зямель пад кармавымі культурамі. Вырошчваюць (млн.т, 1993): пшаніцу — 4,3, ячмень — 3,3, жыта — 0,4, бульбу — 1,7, цукр. буракі — 3,6, авёс, бабовыя, рапс. Развіта агародніцтва, садоўніцтва. Штогадовы ўлоў рыбы каля 2 млн.т.Асн. рыбалавецкі порт Эсб’ерг. На адходах рыбалоўства развіта футравая зверагадоўля — вырошчванне норкі. Д. — краіна развітога міжнар. турызму. Штогод краіну наведвае больш за 10 млн.чал., гал. чынам з суседніх краін. Унутр.транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 71,1 тыс.км (1993), чыгунак 2,5 тыс.км, больш за 2 тыс.км электрыфікавана. Асноўныя астравы звязаны паміж сабой і з мацерыковай ч. краіны аўтамаб. і чыг. мастамі. Паромныя сувязі з Германіяй, Швецыяй, Нарвегіяй. Праз тэр. Д. праходзяць міжнар. аўтадарогі і чыгункі з Цэнтр. Еўропы ў Скандынавію. Грузападымальнасць марскога флоту 5 млн.т. На яго долю прыпадае каля 1/3унутр. і 80% знешніх перавозак. У перавозках дацкіх суднаў да 80% складаюць грузы замежных краін. Гал. порт Капенгаген. Развіты авіятранспарт заняты пераважна знешнімі перавозкамі пасажыраў. Д. мае дадатны штогадовы гандл. баланс. У агульным кошце экспарту (35,9 млн.дол., 1993) 69% прыпадае на прадукцыю прам-сці і 16% — на с.-г. прадукцыю, у імпарце 56% — на сыравіну і паўфабрыкаты і 18,5% — на машыны, абсталяванне і трансп. сродкі. Замежны гандаль вядзецца пераважна з Германіяй (1/4 экспарту і імпарту), Швецыяй (10% экспарту і 11% імпарту), Вялікабрытаніяй (9% экспарту і 8% імпарту), Нідэрландамі, Нарвегіяй, Францыяй, ЗША і інш. Д. ў асобныя гады экспартуе ў Беларусь лекі, пшаніцу, цукар, імпартуе трактары, прадукты дрэваапрацоўкі, ільняныя тканіны. Грашовая адзінка — дацкая крона.
Ахова здароўя. Сістэмай мед. абслугоўвання ахоплена ўсё насельніцтва Д. Лячэнне ў шпіталі і хатні мед. догляд за хворым бясплатныя. Дзеці і моладзь перыядычна праходзяць абавязковае бясплатнае мед. абследаванне. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 73, у жанчын 79 гадоў. Смяротнасць 11 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 184 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 360 чал. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць — 7 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Д. заснавана на законе 1974, паводле якога ўведзена адзіная абавязковая 9-гадовая школа (з 6 гадоў). Дашкольнае выхаванне ў Д. праводзіцца ў дзіцячых яслях і садах (да 6 гадоў). З 1976 уведзена перадшкольнае навучанне для дзяцей 5—6 гадоў (праводзіцца ў спец. класах пры школах і садах). Агульную адукацыю дае адзіная абавязковая нар. школа, якая складаецца з падрыхтоўчага класа, 9-гадовай асн. школы і 10-га (дадатковага) класа для тых, хто хоча працягваць навучанне ў сярэдніх навуч. ўстановах (гімназіі і сярэднія тэхн. ўстановы). Права паступлення ў ВНУ даюць гімназіі; з 1968 такое права маюць і асобы, якія не закончылі гімназію, але здалі вышэйшы падрыхтоўчы экзамен. Прафес. падрыхтоўку даюць прафес.-тэхн. навуч. ўстановы і спец. цэнтры ў выглядзе вучнёўства. Буйнейшыя ВНУ: ун-ты ў Капенгагене (з 1479), Орхусе (з 1928), Одэнсе (з 1964), Дацкая вышэйшая тэхн. школа (з 1829), Каралеўская вышэйшая вет. і с.-г. школа (з 1856), Вышэйшая камерцыйная школа (з 1917), Дацкая вышэйшая пед. школа (з 1856), Дацкая інж. акадэмія (з 1957). Найб. бібліятэкі: Нац. (Каралеўская, засн. паміж 1657 і 1664), б-ка ун-та (з 1482) і Муніцыпальная (з 1885) у Капенгагене, Дзярж. і б-ка ун-та ў Орхусе і інш.Найб. музеі: Нац. (з 1807), Дзярж.маст. музей, Каралеўскі музей прыгожых мастацтваў, Музей Торвальдсена — усе ў Капенгагене, Дом-музей Х.К.Андэрсена, Музей пад адкрытым небам даўніх вясковых забудоў у Одэнсе, Музей нац. гісторыі ў замку Фрэдэрыксбарг, Музей караблёў вікінгаў у Роскіле і інш.Навук. даследаванні праводзяцца ва ун-тах, галіновых ін-тах і акадэміях, цэнтрах і інш.н.-д. установах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Першая рэгулярная газета выйшла ў 1666. Буйнейшыя сучасныя выданні: «Berlingske Tidende» («Ведамасці Берлінга», з 1749), «Aktuelt» («Актуальна», з 1872), «Fyns Tidende» («Фюнскія ведамасці», з 1872), «Politiken» («Палітыка», з 1884), «Ekstrabladet» («Экстранная газета», з 1904), «Land og Folk» («Краіна і народ», з 1941) і інш.Нац.інфарм. агенцтва Рытсаўс-бюро (РБ; з 1866; акц.т-ва). Радыёвяшчанне з 1925, тэлебачанне з 1951. Радыё- і тэлеперадачы кантралюе дзярж. служба Дацкага радыё.
Літаратура. Самыя стараж. помнікі дацкага пісьменства — рунічныя надпісы 9—12 ст. Першыя літ. помнікі — зборнікі законаў і хронік на лац. мове («Учынкі данаў» Саксона Граматыка, нап. ў 1208). У сярэдневякоўі апрача лац. хронік ствараліся нар. балады і песні (фольквізер). Першая друкаваная кніга на дацкай мове — гіст. праца «Рыфмаваная хроніка» (1495). У 16 ст. развіццю л-ры садзейнічалі Рэфармацыя і кнігадрукаванне. Пераклад Бібліі К.Педэрсена (1550) стаў асновай для фарміравання дацкай літ. мовы. У гэты час у Д. пранікае л-раітальян. і галандскага Адраджэння, франц. класіцызму. Найб. значныя творы — «Візітная кніга» П.Паладыуса і «Хроніка дацкага каралеўства» А.Гуітфельда. У 17 ст. ў дацкай л-ры адзначаецца заняпад. У творчасці А.К.Арэба знайшла адбітак паэзія барока, якая дасягае завершанасці ў царк. песнях Т.Кінга. Пачынае выходзіць першы часопіс «Дацкі Меркурый». У 18 ст. ў Д. набываюць папулярнасць ідэі Асветніцтва, выдатным прадстаўніком якога быў Л.Хольберг — пісьменнік, філосаф, гісторык, заснавальнік сучаснай дацкай л-ры, стваральнік нац. тэатра (1722), рэфарматар мовы. У сярэдзіне 18 ст. пашыраецца сентыменталізм (І.Эвальд, А.А.К.Стуб). У 19 ст. ў дацкай л-ры пануе рамантызм, найб. значны прадстаўнік якога паэт і драматург А.Г.Эленшлегер. Да рамант. кірунку адносіцца творчасць Н.Ф.Грунтвіга — філосафа, мараліста, «дацкага Лютэра». У 1830-я г. ў дацкую л-ру ўваходзіць Х.К.Андэрсен, казкі і гісторыі якога ўзнялі дацкую л-ру на сусв. ўзровень. У сярэдзіне 19 ст. развіваюцца паліт. лірыка і сатыра, асабліва ў творчасці Ф.Палудан-Мюлера (вершаваны раман «Adam Homo»). Пісьменнік і філосаф С.К’еркегор заснавальнік сучаснай л-ры экзістэнцыялізму, зрабіў значны ўплыў на скандынаўскую і еўрап. л-ры. Важная роля ў развіцці рэалізму ў дацкай л-ры належала крытыку і гісторыку Г.Брандэсу. Выдатны пісьменнік-рэаліст Е.П.Якабсен у рамане «Нільс Люне» паказаў трагічны лёс інтэлігента, які апынуўся адзінокім ва ўмовах тагачаснага жыцця. У 1880-я г. ў л-ры Д. пераважае сімвалізм: Г.Банг, І.Ёргенсен, нават у пісьменнікаў рэаліст. кірунку Х.Драхмана, Х.Гёлерупа. У 1890-я г. адбываецца паварот да рэалізму: Г.Пантопідан («Шчасліўчык Пер»), І.В.Енсен («Хімерландскія гісторыі»); сатыр. драмы пісаў Г.І.Від, псіхал. раманы і навелы — К.Мікаэліс. На пач. 20 ст. развіццё крытычнага рэалізму звязана з творчасцю М.Андэрсена-Нексё. У канцы 1920-х г. адзначаецца паварот да рэаліст. прозы (Андэрсен-Нексё, Х.Р.Кірк, Х.Шэрфіг, Э.Крыстэнсен, К.Бекер), гуманістычнай паэзіі (О.Гельстэд); у творчасці К.Мунка развіваецца філасофска-рэаліст. кірунак. У пасляваен. час у л-ры працуюць маладыя літаратары, аб’яднаныя вакол час. «Heretica» («Ерась», 1948—53), творчасць якіх характарызавалася ўцёкамі ад рэчаіснасці ў філас.-эстэт. разважанні (О.Сарвіг, О.Вівель, Т.Б’ёрнвіг, Ф.Егер). У 1950-я г. ў л-ру прыйшлі т.зв. новыя мадэрністы, якія абвясцілі абнаўленне ў галіне формы і грамадскі радыкалізм (В.Сёрэнсен, К.Рыфб’ерг, П.Себерг, Л.Пандура). Маст. і філас. пошукі гэтых розных па сваёй індывідуальнасці пісьменнікаў не супадалі з агульнымі працэсамі ў грамадстве і прывялі большасць з іх да чарговай эстэт. пераацэнкі, у рэчышча «новага» рэалізму (К.Кампман, Х.Стангеруп, Х.Ё.Нільсен, Е.Х.Сёрэнсен, У.Далеруп, С.О.Мадсен).
Архітэктура. Ад «эпохі вікінгаў» (канец 8 — сярэдзіна 11 ст.) захаваліся рэшткі крэпасцей Трэлебарг на в-ве Зеландыя, Агерсбарг каля Лім-фіёрда. З часу стварэння дацкага каралеўства (10 ст.) і прыняцця хрысціянства (каля 960) пачалося буд-ва драўляных, а з сярэдзіны 11 ст. — каменных (царква Божай Маці ў Роскіле) базілікальных цэркваў. У раманскі перыяд (12 — пач. 13 ст.) будавалі крыжова-купальныя саборы ў Рыбе і Вібаргу. Помнікі готыкі (13 — пач. 16 ст.): саборы ў Роскіле і Одэнсе. У 16 — 1-й пал. 17 ст. будавалі палацы, грамадскія і жылыя будынкі (біржа і палац Росенбарг у Капенгагене), у дэкоры якіх выявіўся ўплыў Адраджэння. Выдатны помнік архітэктуры 18 ст. — ансамбль Амаліенбарг (арх. Н.Эйтвед, Н.Жардэн). Перайманне стыляў інш. эпох і эклектызм характэрны для 2-й пал. 19 ст. У канцы 19 ст. ўзнік нац. рамантызм (арх. М.Нюрап, П.В.Енсен-Клінт і К.Клінт). Шляхі развіцця сучаснай архітэктуры Д. супадаюць са шляхамі яе развіцця ў Швецыі. Разам з тым захаваліся традыцыі дацкай цаглянай архітэктуры. З 1930-х г. пашыраны функцыяналізм (ун-т у Орхусе, 1932—46, арх. К.О.Фіскер і інш.; Дзярж. радыёцэнтр у Капенгагене, 1938—45, арх. В.Т.Лаўрытсен). Сярод найб. вядомых архітэктараў Д. — А.Якабсен (ратуша ў Рэдаўрэ, 1954—56, будынак авіякампаніі «САС» у Капенгагене, 1959—61, і інш.), аўтар праекта сусв. вядомага опернага т-ра ў Сіднеі (Аўстралія, 1966) Ё.Утсан.
Выяўленчае мастацтва. Помнікі маст. культуры вядомы з 8-га тыс. да н.э.: кромлехі і дальмены эпохі неаліту і бронзы; наскальныя выявы сцэн войнаў і палявання на в-ве Борнхальм эпохі бронзы; сярэбраны посуд і залатыя манеты жал. веку. У размалёўках раманскіх цэркваў («Хрыстос у славе», царква Себю на в-ве Зеландыя) — выявы ў візант. традыцыях у спалучэнні з мясц. арнаментам, які дамінуе і ў скульптуры (алтар з царквы ў Лісб’ергу). З 2-й пал. 15 ст. ў Д. імпартавалася шмат маст. твораў з Германіі, Нідэрландаў, Францыі, прыязджалі майстры, што працавалі тут да сярэдзіны 18 ст. Заснаванне ў Капенгагене АМ (1754) спрыяла развіццю класіцызму, які панаваў у Д. ў 2-й пал. 18 ст. — 1-й пал. 19 ст. У гэты час складваецца нац.маст. школа (скульпт. І.Відэвельт, Б.Торвальдсен, жывапісец Н.Абільгар). У партрэтным і пейзажным жывапісе (В.Эрыксен, Е.Юль) спалучаюцца рысы стыляў барока, ракако і класіцызму. Вызначальнае месца ў жывапісе 1-й пал. 19 ст. належала К.В.Экерсбергу і яго паслядоўнікам К.Кёбке, В.Бендсу, І.Т.Лунбю і інш., творы якіх блізкія да бідэрмееру. Жывапіс мастакоў наступнага пакалення (К.Хансен, В.Марстран) набыў рысы акадэмізму. З 1880-х г. пачаўся росквіт маст. фарфору (сервізы і статуэткі з падглазурнай размалёўкай мяккіх тонаў). Новаму ўздыму жывапісу садзейнічала творчасць мастакоў аб’яднання «Вольная выстаўка» (засн. ў 1891), якія пасяліліся ў в. Скаген (Паўн. Ютландыя) і займаліся вырашэннем праблемы пленэру (рэалісты П.С.Кроер, В.Іохансен, А.Ерндарф, пачынальнік дацкага імпрэсіянізму Т.Філіпсен). Творчасць Філіпсена істотна паўплывала на групу пейзажыстаў і анімалістаў, што паявіліся на в-ве Фюн, — П.Хансена, Ф.Сюберга, І.Ларсена, П.Крысціянсена. Тэму гісторыі Д. ўвасабляў К.Сартман. Мастакі Е.Ф.Вілумсен, В.Хамерсхёй, Э.А.Нільсен імкнуліся да сімвалізму і т.зв. нардычнага экспрэсіянізму. У 1910-я г. ў мастацтве заўважны ўплыў фавізму, кубізму і інш. новых плыней (Х.Гірсінг, Э.Вее). З 1930-х г. у мастацтве панаваў эклектызм (Э.Альфельт, Э.Біле, Э.Якабсен), якому процістаялі рэаліст. жывапіс О.Рудэ, Х.Енсена, графіка І.Крыстэнсена, паліт. і быт. карыкатуры Х.Бідструпа. У скульптуры 1-й пал. 20 ст. працавалі К.Нільсен, Ж.Гоген, І.К.Б’ерг і інш.
Музыка Д. была адносна развітой ужо ў першыя стагоддзі да н.э. Сярод стараж.муз. інструментаў духавыя рог і лур (4 ст. да н.э.). У сярэдневякоўі былі пашыраны героіка-эпічныя песні — драпы, сагі, якія выконвалі скальды. З 12 ст. развіваецца прафес. культавая, у 15—16 ст. і свецкая музыка (прыдворныя капэлы). У 16 ст. на музыку Д. значна паўплывала нідэрландская школа. Найб. значны кампазітар 17 — пач. 18 ст. Дз.Букстэхудэ. Узнікненне дацкай нац. оперы падрыхтавалі зінгшпілі і музыка да драм. спектакляў Ф.Кулаў, а таксама Ф.Кунцэна, І.А.П.Шульца, К.Э.Ф.Вайсе і інш. З 19 ст. вывучаецца нац. фальклор. Лепшыя прадстаўнікі дацкага муз. рамантызму Н.Гадэ, стваральнік першай нац. оперы І.П.Э.Хартман («Маленькая Кірстэн» паводле Х.К.Андэрсена, 1846), К.Хорнеман, П.А.Хейсе. Вял. ролю ў станаўленні нац. балета адыграла дзейнасць А.Бурнанвіля. Заснавальнік сучаснай кампазітарскай школы К.Нільсен. У розных муз. жанрах вылучыліся кампазітары П.Э.Ланге-Мюлер, К.Рысагер, Ф.Хёфдынг, С.Э.Тарп, А.Хамерык, Э.Хамерык, Ё.Ерсіль, В.Хольмбу, Н.В.Бентсан, П.Нёргар, П.Р.Ольсен і інш. Сярод выканаўцаў дырыжор Э.Туксен, спявак Л.Мельхіяр і інш. У Д. працуюць (1988): 5 кансерваторый, 5 хар. саюзаў, 2 саюзы кампазітараў і інш. Выдаюцца 15 муз. часопісаў.
Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва былі ў творчасці стараж. скандынаўскіх спевакоў — скальдаў. У сярэднія вякі пашыраны паказы «нараў», містэрый, літургічных драм, маралітэ. У 1722 у Капенгагене адкрыты т-р «Дацкая сцэна» (з 1770 наз. Каралеўскі т-р). Драматургія 18 ст. (асабліва Л.Хольберга) і творчасць выдатных акцёраў (К.А.Г’ельструп і інш.) залажылі асновы нац.камед. акцёрскай школы. У 1-й пал. 19 ст. творы А.Эленшлегера вызначылі развіццё школы акцёраў-рамантыкаў (І.К.Руге, Н.П.Нільсен і інш.). П’есы І.Л.Хейберга, Е.К.Хострупа, Г.Херца спрыялі росквіту сцэн. рэалізму. У канцы 19 ст. ставіліся востракрытычныя, гуманіст. драмы Г.Ібсена. У пач. 20 ст.т-р перажываў крызіс, у 1930-я г. — уздым, які прывёў да росквіту тэатр. мастацтва і драматургіі. Ставіліся антыфаш. спектаклі па п’есах К.Абеля, К.Э.Соі, К.Мунка. У час ням.-фаш. акупацыі ставіліся гіст. п’есы, дацкая класіка, пасля вызвалення — п’есы пра ваенныя гады, гераізм удзельнікаў Руху Супраціўлення. У 1950—70-я г. ставіліся пераважна п’есы сучасных зах.-еўрап. і амер. драматургаў. Да твораў нац. і сусв. класікі звяртаўся найчасцей Каралеўскі т-р, які і цяпер прадаўжае рэаліст. традыцыі. Працуюць Нар.т-р (засн. ў 1857), «Новы тэатр» (1908), «Гладсакс-тэатр» (1964), «Ню Скала» (1912) — усе ў Капенгагене, т-ры ў Ольбаргу, Одэнсе, Орхусе і інш. Дзейнічае Дзярж.драм. школа ў Капенгагене. З 1979 праходзяць міжнар. «Фестывалі блазнаў», дзе прадстаўлены тэатр. калектывы ўсіх жанраў.
Кіно. Пачынальнік дацкага кінематографа — фатограф Л.П.Эльфельт, які ў 1896—97 зняў першы дакумент., а ў 1903 — маст. фільмы. З 1906 дзейнічала кінастудыя «Нордыск фільмс компані» (засн. О.Ольсен), што набыла міжнар. вядомасць дзякуючы фільмам В.Ларсена, П.У.Гада, А.Блома, АВ.Сандберга з удзелам вядомай актрысы нямога кіно А.Нільсен. У пач. 20 ст. кіно Д. займала вядучае месца ў Еўропе (штогод стваралася каля 150 фільмаў). Далейшае яго развіццё прыпыніла эміграцыя вядучых кінарэжысёраў. У 1920-я г. здымаліся камедыі Л.Лаўрытсена з удзелам комікаў Х.Мадсена і К.Шэнстрэма (вядомыя як Пат і Паташон). У канцы 1920-х—30-я г. вытворчасць фільмаў рэзка знізілася. У гады ням.-фаш. акупацыі развівалася дакумент. кіно (К. і Ё.Рос, Т.Крыстэнсен, A. і Б.Хенінг-Енсен, О.Пальсба). У 1950-я г. кіно Д. аддавала ўвагу сац. праблемам. Але яго развіццё стрымлівала ўзнікненне тэлебачання. У 1972 у Д. створаны Дзярж.ін-т кіно. У 1960-я г. маніфестам кіно Д. стала творчасць П.К’ерульфа-Шміта. У 1970—80-я г. вылучыліся карціны, прысвечаныя моладзі (рэж. Н.Мальмрас, М.Арнфрэд, Б.Аўгуст). Папулярнасцю карыстаецца серыя камедый Э.Балінга пра шайку Ольсена (з удзелам коміка О.Спрогё), а таксама фільмы Х.Карлсена і Е.Б.Карлсена, Э.Клаўсена, А.Хенінг-Енсен, Г.Акселя, К.Рострупа з удзелам акцёраў Г.Бюрне, Х.Мірэн, К.Бале.
Літ.:
Лебедев Г.С. Эпоха викингов в Северной Европе: Ист.-археол. очерки. Л., 1985;
Славяне и скандинавы: Пер. с нем. М., 1986;
Коган М.А. Просвещенный абсолютизм в Дании. Реформы Струензе. Лекция. М., 1972;
Кудрина Ю.В. Дания в годы второй мировой войны. М., 1975;
Карлсен А.-В. Современная Дания. М., 1981;
Неустроев В.П. Литература скандинавских стран (1870—1970). М., 1980;
Искусство стран и народов мира. Т. 1. М., 1962;
Danmarks arkitektur. Bd 1—5. Lund;
København, 1979—80;
Мохов Н. Некоторые страницы истории датской музыки // Исследования исторического процесса классической и современной зарубежной музыки. М., 1980;
Schirring N. Musikkens historie i Danmark. Bd 1—3. København, 1977—78.
Герб і сцяг Даніі.Да арт.Данія. Будынкі фахверкавай канструкцыі ў г. Орхус.Да арт.Данія. Узбярэжжа зал. Орхус-Бугт на паўвостраве Ютландыя.Да арт.Данія. Краявід паблізу г. Капенгаген.Да арт.Данія. Карона караля Крысціяна IV.Да арт.Данія. Б.Торвальдсен. Ганімед. 1804.Да арт.Данія. Вадзяны млын на востраве Фюн. 1700—1800.Да арт.Данія. І.Т.Лунбю. Царква ў Калунбаргу. 1837.Да арт.Данія. Ратуша ў Орхусе. Арх. А.Якабсен і інш. 1938—42.Да арт.Данія. Адна з залаў Музея Торвальдсена ў Капенгагене.Да арт.Данія. К.Кёбке. Сястра мастака. 1831.Да арт.Данія. Царква Грунтвіга ў Капенгагене. Арх. П.В.Енсен-Клінт, К. Клінт 1921—40.Да арт.Данія. Інтэр’ер жылога пакоя сялянскага дома з вострава Зеландыя. 1800.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ПААЗЕ́Р’Е,
фізіка-геаграфічная акруга Беларуска-Валдайскай правінцыі. Уключае частку правінцыі Усх. Прыбалтыка. Займае Віцебскую і невял. часткі ПнУ Гродзенскай і Пн Мінскай абласцей. Мяжуе на Пд з акругай Беларуская града. Працягнулася з З на У на 300 км, з Пн на Пд на 150—200 км; пл. 44,6 тыс.км². Падзяляецца на фіз.-геагр. раёны: Браслаўскія грады, Латгальскае ўзвышша, Нешчардаўскае ўзвышша, Полацкая нізіна, Свянцянскія грады, Ушацка-Лепельскае ўзвышша, Чашніцкая раўніна, Гарадоцкае ўзвышша, Віцебскае ўзвышша, Суражская нізіна, Лучоская нізіна, Верхнебярэзінская нізіна, Нарачана-Вілейская нізіна (гл. карту да арт.Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі).
Крышталічны фундамент залягае на глыб. ад -300 да -500 м (на паўн. схіле Бел. антэклізы, на Латвійскай седлавіне) да -1500 м (у Аршанскай упадзіне). У платформавым чахле найб. пашыраны палеазойскія адклады (дэвон, на ПдЗ ардовік, сілур), усюды іх перакрываюць кайназойскія пароды, пераважна антрапагенавай сістэмы (магутнасць 40—270 м), у якіх вылучаюцца ўтварэнні ўсіх зледзяненняў і міжледавікоўяў плейстацэну і адклады галацэну. Формы рэльефу ўтварыліся ў час дэградацыі паазерскага зледзянення, складзены з марэнных суглінкаў, водна-ледавіковых пяскоў і пяскоў са жвірам, азёрна-ледавіковых глін і суглінкаў. Рэльеф фарміраваўся ў час некалькіх стадыялаў, з якіх найб. выразныя аршанскі стадыял і браслаўскі стадыял.
Рэльеф Беларускага Паазер’я самы малады на тэр. Беларусі (узнік 14—18 тыс. гадоў назад). Паверхня мае катлавінападобную форму (у цэнтры абс. адзнакі 120—160 м), павышаныя ўскраіны створаны краявымі ўзвышшамі і градамі, якія маюць значныя абс. вышыні: Віцебскае да 296 м, Гарадоцкае да 259 м, Свянцянскія грады ў межах Беларусі 229 м. Канцова-марэнны рэльеф (градавы, дробна-, сярэдне- і буйнаўзгорыста-азёрны) узвышаецца над суседнімі нізінамі да 80—100 м, на ім развіты камы, озы і друмліны, шматлікія глыбокія (да 40—70 м) азёрныя катлавіны, тэрмакарставыя западзіны, ледавіковыя лагчыны і лагчыны сцёку талых ледавіковых водаў. Марэнныя раўніны маюць плоскі і спадзістахвалісты рэльеф (з адноснымі перавышэннямі 5—7 м), азёрныя катлавіны, шматлікія тэрмакарставыя западзіны, камы і озы, на водна- і азёрна-ледавіковых нізінах рэльеф плоскі і плоскахвалісты, з азёрамі, якія зарастаюць. Рачныя даліны на б.ч.тэр. Беларускага Паазер’я слаба выпрацаваныя, а на ўзвышшах урэзаныя на 30—40 м, маюць надпоймавыя тэрасы, скразныя ўчасткі, у рэчышчах трапляюцца парогі. Карысныя выкапні: даламіты, легкаплаўкія гліны, пясок, жвір, торф, сапрапель. Пра клімат гл. ў арт.Беларуска-Валдайская правінцыя.
Рэкі належаць да бас. Балтыйскага мора — Зах. Дзвіна з прытокамі Обаль, Палата, Дрыса (справа), Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна (злева), на З Вілія, на ПнУ Ловаць — і да бас. Чорнага мора — Бярэзіна з прытокамі. У Беларускім Паазер’і каля 4 тыс. азёраў (наз. азёрным краем). Многія азёры злучаны пратокамі і рэкамі і ўтвараюць групы (Нарачанская група азёраў, Браслаўская група азёраў, Ушацкая група азёраў і інш.). У асобных раёнах азёры займаюць да 10% тэрыторыі. Тут самае вялікае ў Беларусі воз. Нарач (пл. 79,6 км²) і самае глыбокае воз. Доўгае (глыб. 53,7 м). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на ўзвышшах і раўнінах сугліністыя і супескавыя, часткова завалуненыя і змытыя, на нізінах пясчаныя. Да нізін прымеркаваны дзярнова-падзолістыя залішне ўвільготненыя і глеяватыя глебы, у стараж. азёрных катлавінах, у паніжэннях рэльефу і рачных далінах — дзярнова-балотныя і тарфяныя глебы, на поймах — алювіяльныя. Банітэт глебаў с.-г. угоддзяў 45—60 балаў. Лясы займаюць на нізінах 50%, на ўзвышшах менш за 30% тэрыторыі, належаць да Заходнядзвінскай геабат. акругі падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Нізіны занятыя лясамі з хвоі, узвышшы — яловымі і шыракаліста-яловымі лясамі; пашыраны драбналістыя лясы. Балоты на 8% тэрыторыі, пераважна вярховыя (найб.Жураўлёўскае балота, Габы, Ельня, Сэрвач і інш.). Пад ворывам каля 30% тэрыторыі. Ахоўныя тэрыторыі: нац. парк «Браслаўскія азёры», Бярэзінскі біясферны запаведнік; заказнікі ландшафтныя Сялява, Сіньша, гідралагічныя Белае, Вял. Мох, Вял. Астравіта, Глыбокае Чарбамысла, Доўгае, Крывое, Ельня, Карыценскі Мох, Сосна, Верхневілейскі, Сэрвач, Швакшты, Галубіцкая пушча, Сарачанскія азёры, біялагічныя Вял. Балота, Забалоцце, Запольскі, Лонна, Мошна, Фаміно, Чысцік, Юхавіцкі і інш. Сярод помнікаў прыроды рэсп. значэння — самы вял. ў Беларусі валун «Вялікі камень». Курорты Нарач, Ушачы, Лётцы, Верхнядзвінскі.
Літ.:
Якушко О.Ф. Белорусское Поозерье: История развития и современное состояние озер Северной Белоруссии. Мн., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛКА́Н (ад лац. vulcanus агонь, полымя),
геалагічнае ўтварэнне над каналамі і трэшчынамі ў зямной кары, якое ўзнікае ў выніку вывяржэння з глыбінных магматычных ачагоў на паверхню Зямлі лаў і вулканакластычнага матэрыялу. На Зямлі вядома больш за 13 тыс. вулканаў, з іх каля 950 дзеючых. Дзеючыя вулканы тыя, што вывяргаліся або выдзялялі гарачыя газы і ваду праз сальфатары за апошнія 3,5 тыс. гадоў; да заснулых (патэнцыяльна дзеючых) адносяць тыя, што вывяргаліся 3,5—13 тыс. гадоў назад. Умоўна патухлымі лічаць вулканы, якія не праяўлялі актыўнасці на працягу апошніх 13—100 тыс. гадоў, але захавалі вонкавыя формы (напр., вулкан Макензі на найб. вулканічным масіве Кіліманджара ў Афрыцы). Вывучае вулканы вулканалогія.
Вывяржэнне вулкана адбываецца, верагодна, пад уздзеяннем гідрастатычных сіл пры пад’ёме магмы праз астэнасферу і літасферу і бурнага выдзялення газаў пры дасягненні магматычнымі расплавамі верхніх гарызонтаў зямной кары.
Прадукты вывяржэння вулкана — вулканічныя газы, вулканічны попел, вулканічныя бомбы, лава, шлакі і інш., з якіх утвараюцца вулканічныя горныя пароды, у залежнасці ад сілы ўзрыву ўзнімаюцца на выш. 1000—5000 м, зрэдку да 45 000 м і разносяцца на дзесяткі тысяч кіламетраў, лававыя патокі распасціраюцца па схілах і каля падножжа вулкана да 1000—5000 м, рэдка болей. Вулканы пашыраны на кантынентах і ў акіянах, яны выносяць на паверхню Зямлі за год каля 3—6 млрд.т вулканічнага матэрыялу (80% падводныя, 20% наземныя). Найб. інтэнсіўны вынас уздоўж рыфтаў сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў. Каля 75% усіх актыўных вулканаў знаходзіцца ў пераходных зонах ад кантынентаў да акіянаў (у межах астраўных дуг). У размеркаванні вулканаў на Зямлі існуе прамая залежнасць іх колькасці ад тэктанічнай актыўнасці рэгіёнаў. Найб. вышыні дасягаюць вулканы ў акіяне — 9000 м, на астраўных дугах — 6000 м, у гарах — 3000 м. Большасць наземных вулканаў — асобныя конусападобныя горы (вулканічныя конусы) з кратэрам на вяршыні. Самыя вялікія кантынентальныя вулканы вядомы ў Афрыцы, у зоне Усходне-Афрыканскай рыфтавай сістэмы. Паводле формы падводнага канала вулканы падзяляюцца на цэнтральныя (з трубчастым жаралом) і трэшчынныя. У залежнасці ад глыбіні мантыйнага ачага адрозніваюць вулканы мантыйнага (30—70 км і глыбей, вывяргаюць базальтавыя лавы), коравага (5—45 км, пераважна андэзітавыя, дацытавыя і ліпарытавыя лавы) і змешанага (лавы ўсіх тыпаў) жыўлення. У акіянах вядомы вулканы толькі мантыйнага жыўлення (Кілаўэа і інш.), на астраўных дугах і кантынентальных платформах — усіх тыпаў жыўлення (Ключаўская Сопка, Везувій і інш.), у горных сістэмах — толькі коравага (Эльбрус, Ласен-Пік у Паўн. Амерыцы і інш.).
Вывяржэнні вулканаў бываюць працяглымі (ад некалькіх гадоў да стагоддзяў) і кароткачасовымі (некалькі гадзін). Ім папярэднічаюць вулканічныя землетрасенні, акустычныя з’явы, змяненні магнітнага поля Зямлі і саставу фумарольных газаў (гл.Фумаролы), па якіх магчымы прагноз пачатку вывяржэння. Вывяржэнне вулкана — грозная з’ява прыроды, якая можа прыводзіць да гібелі паселішчаў пад слоем попелу і лавы (Пампеі і інш. гарады пры вывяржэнні Везувія ў 79 г.н.э.) або цэлых культур (мяркуюць, што пры вывяржэнні вулкана Сантарын у 1400 г. да н.э. загінула мінойская культура). Падводныя вывяржэнні мала вывучаны. У наземных вулканах вылучаюць 4 гал. тыпы. Гавайскі тып вывяржэння (ад вулкана Кілаўэа ў Гавайскім архіпелагу) характарызуецца адносна спакойным выліваннем вадкай (базальтавай) лавы і ўтварэннем шчытападобных вулканаў. Стромбаліянскі тып (ад вулкана Стромбалі на Ліпарскіх а-вах у Міжземным м.) звычайна стварае стратавулканы, дзе пераважаюць невялікія выбухі з выкідамі кавалкаў шлаку і вулканічных бомбаў і выліваецца шмат вадкіх (базальтавых і андэзітабазальтавых) лаў. Купальнаму тыпу ўласціва выцісканне і выштурхоўванне вязкай (андэзітавай, дацытавай або рыялітавай) лавы і ўтварэнне купалоў (напр., Цэнтр. Сямячык на Камчатцы), крыптакупалоў (напр., Сёва-Сіндзан у Японіі) і абеліскаў (Шывелуч на Камчатцы). Вульканскі тып вывяржэння (ад вулкана Вулькана на Ліпарскіх а-вах) вылучаецца вял. вывяржэннем газаў, што выклікае выбухі і выкіды вялізных хмар, перапоўненых абломкамі горных парод, лаў і вулканічным попелам; вязкія лавы (андэзітавыя, дацытавыя або рыялітавыя) ствараюць конусападобныя вулканы. Пры моцных выбухах разбураецца вулканічны конус або яго частка, утвараецца кальдэра.
На тэр. Беларусі вывяржэнні вулканаў адбываліся ў вендзе (600—650 млн. гадоў назад) у Падляска-Брэсцкай упадзіне і ў дэвоне (330—350 млн. гадоў назад) у Прыпяцкім прагіне. У вендзе пераважалі трэшчынныя вывяржэнні ў кантынентальных умовах, утварыліся вялізныя вулканічныя покрывы (трапавыя плато) з базальтаў, туфаў і інш. парод. Дэвонскі вулканізм адбываўся ў падводных умовах, пераважалі вулканы цэнтральнага тыпу, вывяргаліся лавы шчолачнага саставу (трахіты, нефелініты і іх туфы).
Літ.:
Апродов В.А. Вулканы. М., 1982.
Г.У.Зінавенка.
Да арт.Вулкан. Выкіды вулканічнага попелу пры вывяржэнні.Да арт.Вулкан. Развіццё вулкана Сантарын: 1 — 1500 да н.э.; 2 — пасля выбуху ў час вывяржэння ў 1400 да н.э.; 3 — 1939.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІ́ГА,
пэўная колькасць збрашураваных аркушаў (аб’ём больш за 48 с.) з рукапісным або друкаваным тэкстам, злучаных у адно цэлае і прызначаных для распаўсюджвання ведаў; твор маст., навук., грамадскай л-ры як сродак масавай, навук. і тэхн. інфармацыі, адукацыі і фактар культуры. К. — прадукт кніжнай справы, якая ўключае яе стварэнне і размнажэнне (гл.Кнігадрукаванне, Выдавецкая справа), распаўсюджванне, захаванне і выкарыстанне (гл.Бібліятэка, Бібліяграфія), вывучэнне ў гіст. і сучасных аспектах (гл.Кнігазнаўства). Важную ролю ў афармленні К. адыгрывае мастацтва кнігі.
Узнікненне і развіццё К. звязана з развіццём пісьменнасці і мовы, л-ры і мастацтва, навукі і тэхнікі, з гісторыяй развіцця чалавечага грамадства. У старажытнасці для пісьма скарыстоўвалі каменныя і гліняныя пліты, дошчачкі, тканіну, папірус, бяросту, пергамент, паперу (вынайдзена ў 2 ст.н.э., у Еўропе як асн. пісчы матэрыял з 13 ст.). Вядомы 2 асн. тыпы канструкцыі К.: стужка-скрутак як адна з найб.стараж. яе форм (4—3 ст. да н.э.) і сукупнасць пласцін ці аркушаў, злучаных у блок (паліпціх, які развіўся ў т.зв. кодэкс, 2—4 ст.). Папярэднік друкаванай К. — рукапісная кніга. Найб.стараж. друкаванай К. лічыцца тэкст, узноўлены шляхам ксілаграфіі ў Карэі паміж 704—751. Першыя спробы кнігадрукавання зроблены ў сярэдзіне 11 ст. ў Кітаі. Першую друкаваную К. ў Еўропе выдаў І.Гутэнберг (15 ст.), першую бел. К. — Ф.Скарына (1517). К., выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501, называюцца інкунабулы, у 1-й пал. 16 ст. — палеатыпы. На тэр. сучаснай Беларусі першыя К. на старабел. мове выдадзены С.Будным у 1562 у Нясвіжы.
Сучасная К. — звычайна неперыядычнае выданне, якое складаецца з шэрагу элементаў матэрыяльнай канструкцыі і паліграф. афармлення; уяўляе сабой блок знітаваных у карашку старонак з тэкстам і ілюстрацыямі і вонкавых ахоўных элементаў (пераплёт, вокладка, супервокладка). Першы загалоўны аркуш К. — тытульны ліст (тытул) змяшчае т. зв. выхадныя звесткі (прозвішча аўтара, назву К., выдавецтва, месца і год выдання і інш.). Тытул можа быць ардынарным (аднастаронкавым), з авантытулам і контртытулам (1-й і 2-й старонкамі). Упершыню тытульны ліст ужыў венецыянскі друкар Э.Ратдальт (1476), ва ўсх.-слав. друку — Скарына (1517). У рукапісных К. і старадруках у канцы К. змяшчалі калафон — пасляслоўе з выхаднымі звесткамі, часам з друкарскай або выдавецкай маркай. Першай бел. выдавецкай маркай з’яўляецца сыгнет Скарыны з выяваю сонца і месяца. На авантытуле змяшчаюць назву кніжнай серыі, выдавецтва, выдавецкую марку і інш., на яго адвароце можа быць фронтыспіс — ілюстрацыя, партрэт, карта або контртытул, які ўтрымлівае звесткі пра шматтомнае ці серыйнае выданне або з’яўляецца тытульным лістом на мове арыгінала ў перакладных выданнях. Тытульнаму лісту і раздзелам К. можа папярэднічаць шмуцтытул, які ў старадруках быў прызначаны для засцярогі К. ад забруджвання. На ім змяшчаюць кароткі загаловак К. або назву раздзела, эпіграф, прысвячэнне, выдавецкую марку, застаўку і інш. Для зручнасці карыстання ў верхняй частцы К. змяшчаюць калонтытулы — загалоўкі асобных раздзелаў. На старонках К. ставіцца парадкавы нумар — калонлічба, сукупнасць якіх называецца пагінацыяй. Упершыню калонлічбы выкарыстаў А.Мануцый (Венецыя, 1494). Сістэмай калонтытулаў і фаліяцыяй (нумарацыяй выдавецкіх аркушаў з дапамогай калонлічбаў) карыстаўся Скарына. У рукапісных К. і старадруках унізе старонак змяшчалі кустоды — першыя словы тэксту наступных старонак. Кожная К. мае свой фармат, які залежыць ад памеру старонкі. Памер старонкі К. і фармат выдання пазначаецца ў міліметрах (напр., 143 × 225) або фарматам аркуша паперы ў сантыметрах і долі, якую складае ад гэтага аркуша старонка пасля брашуроўкі кніжнага блоку (напр., 60 × 90 1/16). Фарматы выданняў склаліся ў 15 ст., у наш час яны стандартызаваныя (на Беларусі іх каля 40). У залежнасці ад таго, як у час друкавання складваўся аркуш паперы, фарматы мелі назву in folio (2°, складзены ўдвая), in guarto (4°, складзены ў чатыры столкі), in octavo (8°, складзены ў восем столак) і г.д. Даведачны апарат К. ўключае выхадныя звесткі, змест, анатацыю, рэферат, паказальнікі, заўвагі, каментарыі, бібліяграфічны спіс, дадаткі, зноскі, спасылкі, заўважаныя памылкі друку. Выпускае друкаваную прадукцыю, у т. л. К., паліграфічная прамысловасць. Рэдкія К. захоўваюцца ў спецыялізаваных аддзелах буйных бібліятэк. У 1990 адкрыты першы на Беларусі музей К. — Полацкі музей беларускага кнігадрукавання.
Літ.:
Баренбаум И.Е., Давыдова Т.Е. История книги. М., 1971;
Сидоров А.А. Книга и жизнь. М., 1972;
Из истории книги, библиотечного дела и библиографии в Белоруссии. Вып. 1—3. Мн., 1970—74 (вып. 3 наз.: Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии);
Из истории книги в Белоруссии. Мн., 1976. Гл. таксама пры арт.Выдавецкая справа, Кнігадрукаванне, Кнігазнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАРАТУ́РНЫ ПРАЦЭ́С,
функцыянаванне і развіццё літаратуры ў пэўную эпоху і на працягу ўсёй гісторыі нацыі, дзяржавы, рэгіёна, свету. Уключае самі творы, формы іх грамадскага існавання (публікацыі, выданні, літ.-крытычныя ацэнкі і тэарэт. інтэрпрэтацыі, чытацкія рэагаванні), дзейнасць творцаў (пісьменніцкія з’езды, канферэнцыі, літ. дыскусіі), узаемадзеянне нац. л-р, л-ры з інш. відамі мастацтваў (тэатр, кіно, музыка) і агульнакульт. з’явамі. На Л.п. уплываюць грамадска-паліт. абставіны, якія могуць абмяжоўваць, паралізоўваць літ.-маст. жыццё ці, наадварот, спрыяць яго ўсебаковаму развіццю. Сувязь паміж грамадска-эканам. і літ.-маст. працэсамі не заўсёды прамая і адназначная. Бывае, што ва ўмовах рэакц. ладу паспяхова развіваецца вял.л-ра (напр., у Расіі ў 19 ст.). Такім чынам, Л.п. з’яўляецца часткаю грамадска-гіст. працэсу, але валодае і пэўнай аўтаномнасцю, бо духоўна-эстэт. памкненні пісьменнікаў як элітарна-самакаштоўныя нярэдка апярэджваюць свой час. У цэлым Л.п. прагрэсіўна-паступальны і вызначаецца ў адпаведнасці са зменамі грамадскіх ідэй, густаў, інтарэсаў зменамі стыляў творчасці [міфалагічны, рэнесанс (гл.Адраджэнне), барока, класіцызм, рамантызм, рэалізм, мадэрнізм], станаўленнем і развіццём родаў (эпас, лірыка, драма) і жанраў, удасканаленнем маст.-эстэт. культуры, узоры якой гістарычна карэкціруюцца.
Л.п. стараж. часоў спецыфічны развіццём пераважна вершаваных форм творчасці. На мяжы 18—19 ст. зацвярджаецца як эстэтычна паўнацэнны тып творчасці проза, якая ў 19—20 ст. пацясняе верш і развіваецца вельмі прадуктыўна (у эпасе, драме). Л.п. у яго сусв.-гіст. тэндэнцыях — агульны комплекс маст. рухаў. Каб больш выразна высветліць змест Л.п., у ім звычайна вылучаюць найб. адметныя рэгіёны (заходнееўрап., усходнеслав., паўднёваамер., блізкаўсходнія л-ры і інш.). У межах рэгіёнаў вылучаюць асобныя над. л-ры, якія канкрэтызуюць гэты змест. Л.п. даследуе літаратуразнаўства.
Бел. л-ра развіваецца з 11—12 ст. (летапісы Полацкай зямлі, жыціі і апокрыфы, словы Кірылы Тураўскага і Клімента Смаляціча, пераклады евангелляў). Для Л.п. эпохі Адраджэння характэрна з’яўленне новых відаў і жанраў л-ры (кніжная паэзія, рэфармацыйная публіцыстыка, гіст.-мемуарная проза, драматургія), узмацненне працэсаў секулярызацыі і гуманізацыі л-ры. У гэты перыяд склалася плеяда таленавітых літаратараў (Ф.Скарына, Мікола Гусоўскі, С.Будны, В.Цяпінскі, С. і Л. Зізаніі, Л.Сапега, А.Рымша). У перыяд Контррэфармацыі на першы план выходзяць барочныя вершы Сімяона Полацкага і А.Белабоцкага, палемічная публіцыстыка, гіст.-мемуарная л-ра. Асветніцтва прыўнесла ў л-ру парадыйна-сатыр. прозу, школьную драматургію, пераклады з еўрап. крыніц. У 2-й пал. 17—18 ст. адбываецца пераход ад сярэдневяковай л-ры з рэлігійнасцю яе зместу, утылітарна-службовымі задачамі і царкоўна-слав. канонамі да новай л-ры з нар.-дэмакр. ідэямі, свецкімі інтарэсамі, эстэт. арыентацыяй на збліжэнне з рэальнасцю. Ва ўмовах фарміравання нацыі сял.-быт. прыхільнасці і рамантычна-асв. захапленні дзеля салідарызацыі грамадства спалучаюць у сваёй творчасці бел.-польск. (Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, В.Каратынскі, У.Сыракомля, А.Плуг), польск. (А.Міцкевіч, Э.Ажэшка), бел. (В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч) пісьменнікі 19 ст. На пач. 20 ст. нац.-адраджэнскую ідэю ў л-ры сцвярджалі Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка, Ядвігін Ш., А.Гарун, М.Гарэцкі, Ф.Аляхновіч, З.Бядуля і інш., якія сумяшчалі ў творчасці рамант., рэаліст. і мадэрнісцкія прынцыпы. Л-ра гэтага перыяду паскорана развівала жанры, стылі, рэалізоўвала еўрап. стандарты. У БССР ў 1920-я г. ўзнялося пакаленне маладых рэв. рамантыкаў (М.Чарот, У.Дубоўка, У.Хадыка, К.Чорны, П.Трус, К.Крапіва, Я.Пушча); у 1930-я г. Л.п. разбураўся ў выніку рэпрэсій. У л-ры Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. апяваліся вызв. рух (М.Васілёк, В.Таўлай, П.Пестрак, А.Салагуб і інш.), вечныя каштоўнасці і родныя краявіды; розныя плыні спалучаліся ў творчасці М.Танка. У 2-й пал. 1950-х—1960-я г. ў л-ры зацвярджаюцца гуманістычныя і нац.-патрыят. ідэі. Паэтызуецца сав. рэчаіснасць. У апошнія дзесяцігоддзі Л.п. ўласціва больш глыбокае асэнсаванне чалавека ў сістэме жыццёвых каардынат, аналіз рэчаіснасці як аб’екта дзейнасці асобы, жанрава-стылявое багацце. На Беларусі Л.п. развіваецца ў кантэксце часу. Гл. таксама раздзел Літаратура ў арт.Беларусь.
Літ.:
Благой Д.Д. Литературный процесс и его закономерности // Благой Д.Д. От Кантемира до наших дней. М., 1972. Т. 1;
Литературный процесс и русская журналистика конца XIX — начала XX в., 1890—1904. М., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́ВІЦКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫР,
мужчынскі правасл. манастыр у в.Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. Размешчаны на ўзвышаным беразе р. Шчара. Упершыню згадваецца ў 1587, засн. на месцы з’яўлення Жыровіцкага абраза Маці Божай (напачатку была пабудавана драўляная, потым мураваная царква). У 1609 манастыр стаў уніяцкім, з 1613 належаў ордэну базыльян і ў 17—19 ст.наз.Жыровіцкі манастыр базыльян. Першым грэка-каталіцкім ігуменам быў І.Кунцэвіч. У 1613—18 Д.Солтан, Я.Мялешка і Л.Сапега падарылі манастыру ворныя землі вакол Жыровіч. Тут адбываліся кангрэгацыі (з’езды) базыльян (1629, 1658, 1659, 1661, 1675, 1679, 1694). Пры манастыры існавала школа для свецкіх асоб. Не пазней як з 1709 тут дзейнічалі ніжэйшыя і філас. школы, якія ператвораны Адукацыйнай камісіяй у 3-класнае вучылішча. У пач. 19 ст. манастыру належалі фальваркі Боцькаўшчына, Яцукі, частка в. Квасевічы і палавіна в. Ахонава (усяго 376 рэвізскіх душ), у Жыровічах — 19 валок 12 маргоў зямлі. У 1810—28 тут знаходзілася кафедра Брэсцкай уніяцкай епархіі, у 1828—39 — Літ. уніяцкай епархіі. У 1828 на базе пав. вучылішча створана Літ. духоўная семінарыя. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр зноў стаў праваслаўным. У 1842 амаль усе яго зямельныя ўладанні перададзены ў казну, манастыр залічаны да 2-га класа. Да 1845 тут знаходзілася кафедра Літ.правасл. епархіі і духоўная семінарыя. З сярэдзіны 19 ст. да 1915 дзейнічала Жыровіцкае духоўнае вучылішча. У манастыры былі вял.б-ка з рэдкімі рукапісамі (у т. л.Жыровіцкае евангелле) і архіў. З 1945 (з перапынкам у 1963—89) у манастыры дзейнічае Мінская духоўная семінарыя. У 1960—90 на тэр. манастыра часова жылі насельніцы закрытых жаночых манастыроў — Гродзенскага Раства Багародзіцы і Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага. Узначальвае манастыр намеснік у сане епіскапа. Сучасны арх. ансамбль склаўся ў 17—18 ст. На працягу 1629—1828 былі пабудаваны мураваныя Успенскі сабор, Крыжаўзвіжанская і Яўленская цэрквы, званіца, семінарыя (новы будынак узведзены ў 1956), жылы манастырскі корпус, гасп. пабудовы, пасаджаны пладовы сад, зроблена сажалка; комплекс часткова абнеслі мураванай сцяной з брамамі. Ансамбль нерэгулярнай планіроўкі, мае маляўнічую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю і выразны шматпланавы сілуэт. У яго архітэктуры спалучаюцца рысы барока, ракако і класіцызму. Ядро кампазіцыі — Успенскі сабор, злучаны крытымі пераходамі з будынкам семінарыі (на Пн) і з жылым корпусам (на Пд), у 1-м паверсе якога зроблены праезд на тэр. манастыра. Будынак семінарыі фарміруе парадны двор перад апсідай сабора. Каля ўсх. крыла семінарыі вял. прамавугольны гасп. двор, абкружаны 1-павярховымі карпусамі. На ПдУ ад сабора Яўленская царква. Ва ўсх.ч. манастыра на самым высокім месцы Крыжаўзвіжанская царква — верт. дамінанта ансамбля. Успенскі сабор, пабудаваны ў 1629—80 як гал. храм манастыра, уяўляе сабой мураваную 3-нефавую крыжова-купальную базіліку (даўж. 55 м, выш. каля 40 м) з паўкруглай апсідай. Да яго прымыкаюць 3 цёплыя прыдзелы: Пакрова Прасвятой Маці Божай, Раства Іаана Хрысціцеля і св. цудатворца Мікалая. Першапачаткова сабор пабудаваны ў стылі барока з 2-вежавым гал. фасадам. Пасля рэканструкцыі 1828 храм набыў рысы класіцызму: вежы разабраны, зменена форма светлавога барабана і купала, у дэкоры выкарыстаны дарычны ордэр (4-калонны порцік з трохвугольным франтонам, фрыз з трыгліфамі). У яго інтэр’еры драўляны разны 3-ярусны іканастас у стылі барока (ракавіны, гірлянды, херувімы, арнамент у выглядзе вінаграднай лазы і лістоў аканта). Плошчу перад саборам фарміруе квадратная ў плане 2-ярусная званіца, звязаная з саборам адзінай падоўжнай планіровачнай воссю. Яе архітэктура заснавана на класічнай ордэрнай сістэме. Крыжаўзвіжанская царква, пабудаваная ў 1769 як уніяцкі храм-кальварыя ў стылі ракако, адназальная, са званіцай над уваходам, без вылучэння апсіды ў самаст. аб’ём. Яе гал. фасад адметны стройнасцю і лёгкасцю 3-яруснай кампазіцыі. 3-і ярус — 4-гранная вежачка з фігурнай барочнай галоўкай. Падобная вежачка і над алтарнай часткай. Яўленская царква, пабудаваная ў 1796 у стылі барока ў цэнтры манастыра, — бязвежавы адназальны храм. Яе гал. 2-ярусны фасад выходзіць за межы асн. аб’ёму. Семінарыя, пабудаваная з паўн.-ўсх. боку сабора ў 17—18 ст. у стылі барока, — П-падобны трохпавярховы будынак з мансардавым дахам, вырашаны ў манум. формах, мае сім. планіровачнае і аб’ёмна-планіровачнае вырашэнне. Жылы корпус, што прымыкае да сабора пры дапамозе надбрамнага пераходу, — выцягнуты 2-павярховы аб’ём галерэйнай планіроўкі. Гаспадарчы корпус — 1-павярховае П-падобнае ў плане збудаванне; з паўн.-зах. фасадам семінарыі ён утварае вял.гасп. двор. У спрошчаным арх.-дэкар. вырашэнні корпуса прасочваюцца матывы барока (фігурны тарцовы шчыт) і класіцызму (карнізныя сухарыкі, франтоны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЯ КАМУ́НА 1871,
орган улады ў Парыжы ў час нар. рэвалюцыі 18.3—28.5.1871, а таксама пашыраная ў гіст. л-ры назва гэтай рэвалюцыі. Паражэнне Францыі ў франка-прускай вайне 1870—71, абвастрэнне бедстваў і нястачы рабочых і дробнай буржуазіі, выкліканае цяжкімі ваен. абставінамі, няздольнасць «урада нац. абароны», які прыйшоў да ўлады пасля вераснёўскай рэвалюцыі 1870, і наступнага (з лют. 1871) урада А.Цьера палепшыць становішча, стварылі ў Парыжы і інш. гарадах Францыі ў пач. вясны 1871 перадрэв. сітуацыю. У лют.-сак. члены 215 рабочых і дробнабурж. батальёнаў Нац. гвардыі (нар. апалчэння) Парыжа стварылі масавую паліт. арг-цыю — Рэсп. федэрацыю Нац. гвардыі. 18.3.1871 пры спробе ўрада Цьера раззброіць Нац. гвардыю ў Парыжы пачалося паўстанне, у выніку якога ўлада ў горадзе перайшла да ЦК федэрацыі Нац. гвардыі, а ўрад Цьера ўцёк у Версаль, дзе пачаў збіраць сілы для барацьбы з рэвалюцыяй. ЦК федэрацыі Нац. гвардыі правёў выбары ў П.к., якая была ўрачыста абвешчана 28 сакавіка. Пасля дадатковых выбараў 16 крас. агульная колькасць дэпутатаў П.к. склала 81 чал. (33 рабочыя, 11 служачых, 3 прадпрымальнікі, 2 афіцэры, 32 інтэлігенты). З іх 60 належалі да розных не аформленых паліт. груповак: 26 прытрымліваліся ідэй Л.А.Бланкі, 23 — пруданізму, 2 — марксізму, 9 неаякабінцаў падзялялі ідэалы свабоды, роўнасці, братэрства. Сярод дэпутатаў было 30 чл.Інтэрнацыянала 1-га і некалькі масонаў (гл.Масонства). У дэпутатаў П.к. не было адзінства поглядаў па пытаннях улады, кіравання, узбр. сіл, развіцця эканомікі і культуры. Бясконцая палеміка паміж двума асн. блокамі — «большасцю» (бланкісты і неаякабінцы) і «меншасцю» (пруданісты) — аслабляла Камуну. П.к., якая спалучала функцыі заканад. і выканаўчай улады, складалася з 10 камісій: выканаўчай; ваен.; грамадскай бяспекі; юстыцыі; харчавання; фінансаў; працы, прам-сці і абмену; грамадскіх службаў; асветы; знешніх зносін. Эканам. і сац. палітыка Камуны аб’ектыўна ўлічвала, хоць і ў рознай ступені, інтарэсы ўсіх пластоў гар. насельніцтва. Дэкрэтам ад 29 сак. яна замяніла армію і паліцыю Нац. гвардыяй, 1 крас. ўстанавіла максімальны памер акладу служачых, іншымі актамі ўвяла суд прысяжных і выбарнасць суддзяў, вызваліла кватэранаймальнікаў ад аплаты за перыяд з кастр. 1870 да чэрв. 1871, забараніла штрафы і адвольныя вылікі на прадпрыемствах і ва ўстановах, павялічыла ў 2—4 разы аклады настаўнікаў, павысіла жалаванне радавым служачым, загадала ламбардам бязвыплатна вярнуць уладальнікам закладзеную маёмасць коштам да 20 франкаў, адтэрмінавала на 3 гады аплату даўгоў па вэксалях; пакінутыя ўладальнікамі прадпрыемствы перадаваліся ў кіраванне рабочым каап. асацыяцыям. Дэклараванае ёю аддзяленне царквы ад дзяржавы забяспечвала свабоду сумлення, вызваляла дзяржаву ад утрымання царквы, рыхтавала секулярызацыю царк. маёмасці. П.к. дзейнічала ва ўмовах блакады. Ням.акупац. войскі кантралявалі ўсх. і паўн.-ўсх. подступы да Парыжа, астатнія подступы занялі войскі Цьера, т.зв. «версальцы», колькасць якіх дасягала 130 тыс.чал. На баку Камуны змагаліся 40—50 тыс.нац. гвардзейцаў. Ваен. дзеянні пачаліся 2 крас. нападам версальцаў. 3—4 крас.Нац. гвардыя зрабіла няўдалыя вылазкі ў бок Версаля. Потым яна вяла абарончыя баі і да 20 мая на гал. напрамку ваен. дзеянняў адступіла за крапасны вал Парыжа.
1 мая выканаўчая камісія Камуны заменена Камітэтам грамадскага выратавання. Нац. гвардыя была падзелена на 2 арміі пад камандаваннем генералаў Я.Дамброўскага і В.Урублеўскага. Але гэтых захадаў і гераізму камунараў было недастаткова, каб супрацьстаяць арміі Цьера. 21 мая версальцы ўварваліся ў Парыж і пасля тыдня ўпартых барыкадных баёў 28 мая захапілі горад, а 29 мая — апошні апорны пункт камунараў форт Венсен. Задушэнне П.к. суправаджалася крывавым тэрорам: салдаты Цьера забілі ў Парыжы 30 тыс.чал. У выніку суд. працэсаў над камунарамі, што працягваліся са жн. 1871 да 1877, каля 40 тыс.чал. сасланы на катаргу ці кінуты ў турмы. К.Маркс, Ф.Энгельс і У.І.Ленін вызначалі П.к. як дыктатуру пралетарыяту, хоць фактычна яна была ўладай усяго насельніцтва Парыжа, у т. л. пралетарыяту, які ўпершыню быў дапушчаны да кіравання. Да ўлады была дапушчана і буржуазія, але найб. багатая яе частка не прыняла Камуну. Народапраўства ў выглядзе Камуны не прыняла франц. правінцыя, асабліва буйныя землеўласнікі і сяляне. Гар. камуны, абвешчаныя ў Ліёне, Марселі, Сент-Эцьене, Тулузе, Нарбоне, Бардо, Крэзо, былі задушаны на працягу 22—26 сакавіка. Гал. прычынамі паражэння П.к. былі яе ізаляванасць, адсутнасць апоры ўнутры і па-за межамі краіны, а таксама прысутнасць ням.акупац. войск.
Літ.:
История Парижской коммуны 1871 г.М., 1971;
Парижская коммуна 1871 г.: Время, события, люди. 2 изд. М., 1981.
Р.А.Чыкалаў.
Да арт.Парыжская камуна 1871. Абвяшчэнне Парыжскай камуны 28.3.1871. Мастак Э.Ламі.Да арт.Парыжская камуна 1871. Пасяджэнне Парыжскай камуны ў ратушы. Мастак Дэруа.