горад, цэнтр Ровенскай вобл. на Украіне, на р. Вусце (бас.р. Прыпяць). Вядомы з 1282. Каля 245 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне і металаапрацоўка (высакавольтная электраапаратура, станкі і інш.), хім. (мінер. ўгнаенні, ВА «Азот»), харч., лёгкая (ільняная). 3 ВНУ, 2 тэатры, музеі: гіст.-краязн., разведчыка М.І.Кузняцова. Успенская царква (18 ст.).
У пісьмовых крыніцах згадваецца з 1282 як горад Галіцка-Валынскага княства. З 2-й пал. 14 ст. ў ВКЛ. У канцы 15 ст. атрымаў магдэбургскае права. Пасля Люблінскай уніі 1569 у складзе Рэчы Паспалітай, пасля 2-га яе падзелу (1793) разам з Правабярэжнай Украінай далучаны да Расіі. З 1793 павятовы горад Валынскай губ. У 1-ю сусв вайну акупіраваны (1918) аўстра-герм., з 1920 — польскімі войскамі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у складзе Польшчы. У 1939 далучаны да УССР, са снеж. 1939 абл.цэнтр. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1941—44) ням.-фашыстамі, цэнтр рэйхскамісарыята «Украіна». Каля Р. дзейнічалі партыз. атрад Дз.М.Мядзведзева «Пераможцы» і разведчык М.І.Кузняцоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСІЛЬЁН (Roussillon),
гістарычная вобласць на Пд Францыі, каля граніцы з Іспаніяй, на ўзбярэжжы Міжземнага мора. Уключае дэпартамент Усходнія Пірэнеі. Пл. 4,1 тыс.Нас.каля 400 тыс.чал. (2000). Адм. ц. — Перпіньян. Рэльеф пераважна горны, на З да 2921 м (пік Карліт). Клімат міжземнаморскі (на ўзбярэжжы), умераны (у гарах). Ападкаў 800—900 мм за год. У гарах захаваліся дубовыя і дубова-грабавыя лясы. Раён вінаградарства, садоўніцтва, агародніцтва; на горных пашах — жывёлагадоўля. Харч.прам-сць. ГЭС. На беразе мора — курорты (Сен-Сіпрыен і інш.). Турызм.
У старажытнасці тэр. Р. насяляла племя сардонаў з цэнтрам у Русцыно (адсюль назва). У 8—9 ст. графства ў дзяржаве Карла Вялікага (уваходзіла ў Ісп. марку); з 915 улада графаў стала спадчыннай.З 1172 пад уладай каралёў Арагона, але да 1258 заставаўся пад франц. суверэнітэтам. У 1276—1344 у складзе каралеўства Маёрка. У 1463 анексіраваны франц. каралём Людовікам XI. У 1943 Францыя вярнула Р. Іспаніі. Шматвяковая вайна за Р. паміж Францыяй і Іспаніяй скончылася Пірэнейскім мірам 1659, паводле якога правінцыя канчаткова замацавана за Францыяй. Пасля Франц. рэвалюцыі 1789—99 Р. падзелены на дэпартаменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСО́ ((Rousseau) Анры Жульен Фелікс) (Русо Мытнік; 20.5.1844, г. Лаваль, Францыя — 2.9.1910),
французскі жывапісец, прадстаўнік інсітнага мастацтва. Служыў на парыжскай мытні (адсюль мянушка). З 1880-х г. капіраваў карціны ў маст. музеях. З 1886 выстаўляў свае творы ў «Салоне незалежных» і пры падтрымцы постімпрэсіяністаў набыў вядомасць. Творы вызначаюцца наіўнай непасрэднасцю, вобразнай метафарычнасцю, плоскаснасцю і дакладнасцю форм, яркім стракатым каларытам. Аўтар фантаст. карцін, навеяных экзотыкай далёкіх краін: «Цыганка спіць» (1897), «Тыгр атакуе разведчыкаў» (1904), «Адпачынак ільва», «Фламінга» (абедзве 1907), «У трапічным лесе. Бітва тыгра і быка» (1908), «Ягуар нападае на негра» (1909), «Ягуар нападае на каня», «Каскад» (абедзве 1910). Пісаў краявіды Парыжа («Карнавальны вечар», 1886, «Прагулка ў лесе», каля 1886—90; «Від парку Мансуры», 1895; «Булонскі лес», 1898), алегарычныя творы патрыят. тэматыкі («Стагоддзе Незалежнасці», 1892; «Артылерысты», каля 1893; «Вайна», 1894; «Сон», 1910), партрэты, у якіх падкрэслена шматзначнасць асобы, абвостраная сувязь вонкавага аблічча з таемнымі захапленнямі (аўтапартрэт, 1890; «Партрэт Лаці»; «Муза натхняе паэта», 1909), сцэны з нар. жыцця («Вяселле ў вёсцы», 1905) і інш. Пісаў музыку. Творчасць Р. паўплывала на развіццё прымітывізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМТА́ЎРСКІ МО́ГІЛЬНІК,
вялікі (каля 18 га) розначасовы могільнік на паўн. ускраіне стараж.г. Мцхета (Грузія). Назва ад манастыра Самтаўра, каля якога знаходзіцца могільнік. Даследавана больш за 3 тыс. пахаванняў ад сярэдзіны 3-га тыс. да н.э. да 10 ст.н.э. С.м. з’яўляецца могілкамі жыхароў паселішча бронзавага веку г. Мцхета (стараж. сталіца Картлі), які ўзнік на месцы паселішча ў эліністычны час.Найб. багатыя знаходкамі грунтавыя пахаванні эпохі позняй бронзы (2-я пал. 2-га тыс. да н.э.) і ранняга жалеза (9—5 ст. да н.э.): глянцаваная з геам. арнаментам і каляровая глазураваная кераміка, бронзавая і жал. зброя, упрыгожанні з бронзы, косці, сердаліку, агату, бронзавыя статуэткі жывёл і інш. Да 2—1 ст. да н.э. належаць збанавыя пахаванні, да 1—3 ст.н.э. — пахаванні ў каменных, чарапічных, цагляных скрынях і саркафагах. Знойдзены манеты, помнікі эпіграфікі, творы мастацтва, упрыгожанні (залатыя, сярэбраныя, бронзавыя бранзалеты, пярсцёнкі, завушніцы, падвескі, медальёны з каляровымі камянямі, гемы і інш.), сярэбраны і шкляны маст. посуд. Знойдзена шмат шклянога посуду мясц. вытв-сці і рэчаў туалету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКА́ТЫ (Batomorpha, або Batoidei),
надатрад пласцінажабравых рыб. Вядомы з верхняй юры, шматлікія з верхняга мелу (каля 200—140 млн.г. назад). 5 атр.: піларылападобныя (пілы-рыбы), гнюсападобныя, або эл. С. (Torpediniformes), хвастаколападобныя (Dasyatiformes), ромбаскатападобныя (Rajiformes) і рохлепадобныя (Rhinobatiformes). 14 (16) сям., каля 50 родаў, 350 відаў. Пашыраны ў акіянах, трапляюцца на мелкаводдзі і да глыб. 2700 м, ёсць прэснаводныя (у бас.р. Амазонка і інш.). Прыдонныя рыбы, акрамя мантавых і хвастаколавых, якія жывуць у тоўшчы вады.
Даўж. ад некалькіх сантыметраў да 7 м, маса да 2,5 т. Цела плазаватае, шырокае, дыска- або ромбападобнае. Скура голая або ўкрыта шыпамі. Зубы шыпападобныя ці пляскатыя, закругленыя Жабравых адтулін 5, на брушным баку. Грудныя плаўнікі вял., іх краі зрошчаны з бакамі галавы і тулава. Спінныя плаўнікі на хвасце або адсутнічаюць. Хвастаколападобныя маюць калючыя хваставыя шыпы з яданоснай залозай, гнюсападобныя — эл. органы па баках цела. Бентафагі і драпежнікі. Жывародныя і яйцажывародныя; ромбаскатападобныя адкладваюць яйцы. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБО́Н (Gabon),
Габонская Рэспубліка (République Gabonaise), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. На З абмываецца Атлантычным ак., на Пн мяжуе з Экватарыяльнай Гвінеяй і Камерунам, на У і Пд — з Конга. Падзяляецца на 9 правінцый. Пл. 267,7 тыс.км², нас. 1123 тыс.чал. (1993). Сталіца — г. Лібрэвіль. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (17 жн.).
Дзяржаўны лад. Габона — рэспубліка. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1990.
Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 7 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход са 120 дэпутатаў, 111 з якіх выбіраюцца насельніцтвам, 9 прызначаюцца прэзідэнтам — усе на 5 гадоў. Выканаўчы орган — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. Большую ч.тэр. Габона займае Паўд.-Гвінейскае ўзвышша. Яно складзена з пясчанікаў і ўзнімаецца на 300—800 м над узр. мора. На З горы Шаю (з найвышэйшым пунктам краіны г. Ібунджы, 1580 м), Хрустальныя і Маюмба, складзены з дакембрыйскіх парод. На ўзбярэжжы забалочаная раўніна з мелавых, палеагенавых і неагенавых марскіх адкладаў. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, марганцавыя, уранавыя, жал. руды, золата, калійныя солі, буд. матэрыялы. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны на Пн, з пераходам да субэкватарыяльнага на З і Пд. Т-ра паветра 24—28 °C у крас., 20—24 °C у ліпені Ападкаў 1600—2000 мм, на ўзбярэжжы да 4000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй, найб. Агаве. 80% тэр. пад вільготнымі экватарыяльнымі лясамі на чырвона-жоўтых латэрытных глебах. Шмат парод дрэў з кашт. драўнінай (акуме, чырвонае, жоўтае, эбенавае, сандалавае, лімба і інш.). На Пд і У лясы часткова замешчаныя другаснымі высакатраўнымі саваннамі. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, сланы, буйвалы, лясныя антылопы, гіены і інш., у рэках гіпапатамы, кракадзілы. Шмат птушак, змей, насякомых (у т. л. муха цэцэ). Нац. паркі Бонга-Бонг, Аканда; некалькі запаведнікаў і заказнікаў.
Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва належыць да моўнай групы паўн.-зах.банту, народы фанг (каля 35%), бакеле (30%), мпонгве, бакота і інш.; ёсць банту Конга, пігмеі, якія гавораць на мовах банту; невял. групы эмігрантаў з суседніх краін і еўрапейцаў (пераважна французаў). Большасць вернікаў католікі (55—75%), мусульман 1%, астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў (анімісты). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 4,2 чал. на 1 км², у асобных раёнах узбярэжжа да 10—50 чал. на 1 км². У гарадах жыве 48% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1993): Лібрэвіль — 300, Порт-Жантыль — 164, Франсвіль — 75. У сельскай гаспадарцы занята 65% насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 30, у абслуговых галінах і кіраванні — па 2,5%.
Гісторыя. Стараж. і сярэдневяковая гісторыя Габона мала даследавана. Першымі яго насельнікамі, верагодна, былі пігмеі. У пач.н.э. тут пасяліліся плямёны банту. З 13 ст. ўзбярэжжа заселена народамі мпонгве. У канцы 18 ст. з Пн праніклі плямёны фанг, якія да 1875 засялілі даліну р.Агаве. Да з’яўлення еўрапейцаў (першымі былі партуг. мараплаўцы ў 1472) народы Габона знаходзіліся на стадыі разлажэння родаплемяннога ладу. Краіна стала адным з гал. раёнаў захопу рабоў. У 1839 французы заснавалі апорны пункт на левым беразе бухты Габон і прымусілі караля мпонгве прыняць французскі пратэктарат. Пазней яны замацаваліся і на правым беразе і заснавалі г. Лібрэвіль. Да канца 19 ст. Францыя пашырыла свой кантроль на ўсю тэр. краіны. З 1886 Габон — асобная калонія Францыі. У 1910—58 у складзе Франц. Экватарыяльнай Афрыкі. Насельніцтва цярпела ад жорсткай эксплуатацыі і прымусовых работ. У 2-ю сусв. вайну Габон прызнаваў «Змагарную Францыю».
З 1946 Габон — заморская тэр. Францыі. Тут узніклі паліт. партыі, найбуйнейшыя з іх — Габонскі дэмакр. і сац. саюз (ГДСС; выражаў інтарэсы народа фанг) і Габонскі дэмакр. блок (ГДБ; аб’ядноўваў прадстаўнікоў усіх народаў краіны). 28.9.1958 Габон атрымаў самакіраванне ў складзе Франц. Супольнасці. 17.8.1960 абвешчана незалежнасць у рамках Супольнасці. 17.2.1961 прынята новая канстытуцыя (перагледжана ў 1975). Прэзідэнтам стаў лідэр ГДБ Л.Мба. У ліст. 1967 яго змяніў віцэ-прэзідэнт А.Бонга. У сак. 1968 ГДБ і ГДСС зліліся ў Габонскую дэмакр партыю (ГДП), іншыя партыі былі забаронены. Паводле часовай канстытуцыі 1990 адноўлена шматпартыйнасць. На выбарах 1990 перамагла ГДП і стварыла кааліцыйны ўрад з прадстаўнікамі апазіцыі. Габон — чл.ААН з 1960. Паліт. партыі — Габонская дэмакр. партыя, Габонская партыя прагрэсу, Рух за нац. адраджэнне і інш. — усяго 70 партый. Адзіны прафс. цэнтр — Габонская канфедэрацыя прафсаюзаў.
Гаспадарка. Габон — адна з самых багатых краін Афрыкі (2-е месца на кантыненце па сярэднестат. узроўні жыцця). Гал. месца ў эканоміцы належыць горназдабыўной прам-сці, у якой вылучаюцца здабыча нафты і марганцу, нарыхтоўка дзелавой драўніны. Нафтавы сектар дае 30% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) і забяспечвае 80% экспартнай выручкі. Нафту і прыродны газ здабываюць пераважна на марскім шэльфе. Гадавая здабыча нафты каля 16 млн.т (1994), амаль уся яна экспартуецца. Здабываецца марганцавая руда (3-е месца ў свеце, каля 1,5 млн.т, 1994), золата і жал. руды. У 1994 вытв-сць уранавага канцэнтрату складала каля 600 т, нарыхтавана драўніны каштоўных парод каля 3 млн.м³, выпрацавана электраэнергіі каля 1 млрд.кВт∙гадз. У Габоне самы буйны ў Афрыцы з-д клеенай фанеры (у Порт-Жантылі), 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць каля 2 млн.т за год), прадпрыемствы па вытв-сці цэменту, цэлюлозы, тэкстыльных і швейных вырабаў, невял. рачных і марскіх суднаў, пальмавага алею, піва, мыла, па абагачэнні урану, ачыстцы і сартаванні кавы, металарамонтныя майстэрні; традыцыйныя мясц. рамёствы — ганчарнае, ткацкае, кавальскае. Сельская гаспадарка дае каля 3% ВУП краіны, хоць з’яўляецца крыніцай даходаў для большасці насельніцтва. Пераважаюць прымітыўнае матычнае земляробства, дробныя паўнатуральныя гаспадаркі. На сельгасугоддзі прыпадае каля 0,5% пл. краіны. З харч. культур найб. значэнне маюць маніёк, кукуруза, ямс, бананы, гародніна. Гал. экспартныя прадукты — кава, какава, цукр. трыснёг, пальмавы алей, арахіс. Жывёлагадоўля амаль не развіта з-за абмежаванасці кармавой базы і распаўсюджанасці ў большасці раёнаў мухі цэцэ. Дапаможнае значэнне маюць акіянскае і рачное рыбалоўства, паляванне, збор дзікарослых пладоў алейнай пальмы, бананаў. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 7,5 тыс.км, з іх 560 км асфальтаваных. З 1987 дзейнічае трансгабонская чыгунка Лібрэвіль—Бове (даўж. 649 км). Даўж. суднаходных участкаў рэк 1600 км. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Гал. парты: Авенда, Порт-Жантыль, Лібрэвіль. У краіне 68 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л.міжнар. аэрапорт каляг. Лібрэвіль. Габон экспартуе нафту, марганец, драўніну, уран, імпартуе машыны, хім. і нафтавыя прадукты, тавары лёгкай і харч. прам-сці. Больш за палову гандл. абароту прыпадае на Францыю, інш.гандл. партнёры — ЗША, ФРГ, Японія, суседнія краіны. Грашовая адзінка — франк Афрыканскага фінансавага супольніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІ́НЫ (Athēnai),
горад, сталіца, паліт., эканам. і культ. цэнтр Грэцыі. Адм. ц. нома Атыка. Размешчаны на п-ве Атыка, непадалёку ад Эгейскага м., на раўніне, якую арашаюць Кіфісос і яе прыток Ілісос. Раўніну перасякае ланцуг вапняковых узгоркаў, асн. вяршыні якіх — Акропаль (каля 125 м) і Лікавіт (каля 275 м) — пануюць над горадам; з трох бакоў раўніна абмежавана гарамі, з чацвёртага — заліў Саранікос. Разам з прыгарадамі і г. Пірэй (аванпорт Афін на Эгейскім м.) утварае агламерацыю Вял. Афіны. 748 тыс.ж., у агламерацыі (пл. 433 км²) больш за 3,5 млн.ж. (1991). Важны трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт Элінікон. У Вял. Афінах сканцэнтравана каля 2/3прамысл. вытв-сці краіны. Асн. галіны: металургія, машынабудаванне (у т. л. суднабудаванне, аўтамабільнае), нафтаперапр., хім., цэлюлозна-папяровая, тэкст., гарбарна-абутковая, швейная, харч.прам-сць, турызм. Праз Аыіны праходзіць каля 70% імпарту і 40% экспарту Грэцыі. Метрапалітэн. Ун-т. Акадэмія навук.Нац.б-ка. Музеі.
Афіны — стараж. горад Грэцыі; горад-дзяржава (гл.Афіны Старажытныя). Паводле паданняў, першыя паселішчы на месцы сучасных Афін з’явіліся ў 16—13 ст. да нашай эры. З 146 (паводле інш. звестак 86) да нашай эры Афіны знаходзіліся пад уладай Рыма. З 4 ст. ўваходзілі ў склад Візант. імперыі. З 1204 сталіца Афінскага герцагства. У 1458 захоплены туркамі. З 1834 сталіца Грэцыі.
Спалучэнне выдатных помнікаў антычнасці (гал.ч. на Афінскім акропалі) з помнікамі візант. дойлідства і буйнымі раёнамі новабудоўляў надае Афінам непаўторную своеасаблівасць. Стыхійная планіроўка ант. Горада склалася да 7 ст. да нашай эры. Гіст. ядро Афін — скала Акропаля. Сярод інш. помнікаў стараж.-грэч. і рым. дойлідства: плошча Агары з храмам Гефеста, Дыпілон — гал. гарадскія вароты стараж. Афін, Дыпілонскі некропаль са скульпт. надмагіллямі 5—4 ст. да н.э, храм Зеўса Алімпійскага, тэатр Дыяніса, б-ка і арка Адрыяна, стадыён, т.зв. «Вежа вятроў», помнік Лісікрата. Да візант. эпохі належаць цэрквы 11—12 ст. Малая Мітраполія, св. Апосталаў на Агары, Капнікарэя і інш.Найб. значныя грамадскія будынкі 19 ст. ўзведзены ў стылі неакласіцызму: парламент, Нац.б-ка, ун-т, Акадэмія навук, Нац. музей і інш. Сучасныя Афіны будуюцца паводле рэгулярнага плана ва ўсіх напрамках ад цэнтр. вуліц. Сярод збудавання 20 ст.: тэатр «Алімпія», Хілтан-атэль і інш. Музеі: Нац. археалагічны, Акропаля, Агары, Візантыйскі, Нац. галерэя жывапісу, керамікі.
Літ.:
Сидорова Н.А. Афины. 2 изд. М., 1984.
Афіны.Да арт.Афіны. Царква Капнікарэя. 12 ст.Афіны. Агульны выгляд (на пярэднім плане музей Агары).Да арт.Афіны. Тэатр Дыяніса. 6—4 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́ЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
фізіка-геаграфічны раён на ПнУБеларускага Паазер’я, у Віцебскай вобл. Мяжуе з Суражскай нізінай на У, Віцебскім узв. на ПдУ, Полацкай нізінай на ПдЗ і З, на Пн адгор’і ўзвышша зліваюцца з Невельскім узв. у Пскоўскай вобл. Расійскай Федэрацыі. Выцягнута з Пн на Пд да 70 км, з З на У да 45 км. Пл.каля 3 тыс.км². Выш. ад 135 м (урэз р.Зах. Дзвіна каляв. Курына Віцебскага р-на) да 263 м (каляв. Загараны Гарадоцкага р-на).
У геаструктурных адносінах Гарадоцкае ўзвышша прымеркавана да паўн.-зах.ч.Аршанскай упадзіны, дзе да канца дэвону завяршылася структурная перабудова і ўтварылася плато, расчлянёная паверхня якога служыць цокалем Гарадоцкага ўзвышша. Магутнасць адкладаў антрапагенавай сістэмы 40—170 м, асноўная частка іх складзена з 5—6 комплексаў ледавіковых (марэнных, патокава-ледавіковых і азёрна-ледавіковых) утварэнняў. Карысныя выкапні: даламіт (блізка ад паверхні на Рубаўскім выступе парод дэвону і ў адорвенях), пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі і легкаплаўкія гліны, прэсныя і мінер. падземныя воды.
Сучасны рэльеф аформіўся ў час адступання ледавіка паазерскага зледзянення. На Пн знаходзіцца ўласна Гарадоцкае ўзвышша, якое ўзнікла як астраўны лёдападзельны масіў. У рэльефе яго выражана сістэма канцова-марэнных град. На Пн вылучаецца больш высокі ўнутр. клінападобны пояс канцовых марэнных град (даўж. 20—22 км), складзеных пераважна з валунных суглінкаў. Знешні дугападобны пояс канцова-марэннага рэльефу складаюць грады, валы і ўзгоркі. У паўн.ч. знешняга пояса буйна- і сярэднеўзгорысты рэльеф. На Пд ад канцова-марэннага масіву пераважае камава-ўзгорысты рэльеф, які ўзнік у паласе «мёртвага лёду», што заставаўся некаторы час пасля адступання краю ледавіка на Пн. Трапляюцца ўчасткі спадзіста-хвалістага рэльефу асн. марэны, далінныя зандры, озы. Рачная сістэма належыць да бас.Зах. Дзвіны і Ловаці. На зах. схілах прытокі Обалі — Усыса, Чарняўка, Чарнуйка, на ўсх. — Ловаць, Аўсянка (прыток Усвячы), на Пд пачынаецца р. Лужасянка. Найб. азёры: Езярышча, Лосвіда, Кашо, Вымна, Заронава. Сярэдняя т-растудз. -7,9 °C, ліп. 17,6 °C, ападкаў 625 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя і поймавыя. Пад ворывам каля 25%, пад лесам да 30% тэрыторыі. Пашыраны хваёвыя, шыракаліста-яловыя, другасныя бярозавыя, асінавыя і шэраальховыя лясы, вярховыя і пераходныя балоты, у катлавінах азёр — лугі. Раён вылучаецца маляўнічасцю ландшафтаў. У межах Гарадоцкага ўзвышша заказнікі: гідралагічныя Карыценскі Мох, Цёста; біял. Езярышчанскі, Паташэнскі, Сурміно і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́ЎСКАЯ ВАЕ́ННАЯ ФЛАТЫ́ЛІЯ,
1) фарміраванне ВМФ Расіі ў рус.-тур. вайну 1735—39. Утворана ў 1737 у Бранску (пад камандаваннем віцэ-адм. Н.А.Сянявіна, пабудавана каля 300 невял. драўляных парусна-вёславых суднаў) і накіравана ў Дняпроўскі ліман (б.ч. суднаў разбілася на дняпроўскіх парогах). Садзейнічала рас. войскам у баях за Ачакаў. Скасавана у канцы вайны.
2) Фарміраванне сав.ВМФ у бас. Дняпра ў грамадз. і польска-сав. вайну 1920 і ў 1925—40. Створана ў сак. 1919 у Кіеве. У вер. 1919 перабазіравалася ў Гомель, папоўнілася суднамі расфарміраванай Прыпяцкай ваеннай флатыліі. Вясной 1920 мела каля 40 баявых караблёў, у т. л. 18 кананерскіх лодак. 5 бранякатэраў і 48 дапаможных суднаў. Камандуючыя: А.В.Палупанаў, П.І.Смірноў, М.Г.Сцяпанаў. Вяла баі (з крас. 1919) на Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы, вызначылася ў Лоеўскім прарыве 1920 і інш. Расфарміравана 21.3.1921. Адноўлена ў кастр. 1925 у Кіеве як атрад суднаў Д.в.ф., з 27.6.1931 зноў наз. Д.в.ф. У вер. 1939 удзельнічала ў паходзе Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь, у т. л. ў падняцці затопленых суднаў польскай Пінскай флатыліі. З кастр. 1939 гал. база — Пінск. Мела больш за 120 караблёў. Камандуючыя: М.В.Траццякоў, Б.У.Харошхін, Г.Н.Чубуноў, М.В.Абрамаў. Расфарміравана ў чэрв. 1940, караблі перададзены на фарміраванне Пінскай ваеннай флатыліі і Дунайскай ваен. флатыліі.
3) Аператыўнае аб’яднанне сав. рачных суднаў на зах. напрамку ў Вял.Айч. вайну і пасля яе. Сфарміравана 14.9.1943 з караблёў Волжскай ваен. флатыліі. Гал. база — Чарнігаў, з ліст. 1943 Кіеў, з ліп. 1944 Пінск. Уваходзіла ў склад Бел. і 1-га Бел. франтоў. Мела каля 200 суднаў (1945), ударную сілу складалі бранякатэры. Камандуючы — В.В.Грыгор’еў. Удзельнічала ў Беларускай аперацыі 1944, баях на Зах. Бугу на тэр. Польшчы, Берлінскай аперацыі 1945 (фарсіраванне Шпрэе і інш.). 20 маракам прысвоена званне Героя Сав. Саюза. Злучэнням і часцям, якія вызначыліся ў баях, нададзены ганаровыя найменні «Бабруйскіх», «Лунінецкіх», «Пінскіх», «Берлінскіх». Расфарміравана ў 1945 (паводле інш. звестак у 1951). У Пінску на месцы высадкі дэсанта Д.в.ф. ў 1944 створаны мемарыяльны комплекс, пастаўлены помнік маракам Д.в.ф.
Літ.:
Кравцов И.Я. Моряки Днепровской военной флотилии в борьбе за власть Советов // Судостроение. 1990. № 5;
Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958.
Р.К.Паўловіч.
Помнік маракам Дняпроўскай ваеннай флатыліікаляв. Чыркавічы Светлагорскага р-на (злева) і бранякатэр флатыліі — фрагмент мемарыяльнага комплексу вызваліцелям у Пінску (справа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЙСКАЯ ВАЙНА́ 1950—53,
баявыя дзеянні на Карэйскім п-ве паміж войскамі Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (КНДР, Паўн. Карэя) пры падтрымцы Кітая і СССР з аднаго боку і ўзбр. сіламі Рэспублікі Карэя (РК, Паўд. Карэя) пры падтрымцы ЗША і 15 інш. краін пад эгідай Савета Бяспекі ААН з другога. Падставай для вайны паслужылі пагран. канфлікты на лініі падзелу Карэі па 38-й паралелі паўн. ш., якая склалася пасля 2-й сусв. вайны. 25.6.1950 войскі КНДР (каля 10 дывізій, 250 танкаў і інш.), перайшлі дэмаркацыйную лінію, да пач.жн. разбілі паўд.-кар. часці (каля 8 дывізій), занялі да 90% тэр.Паўд. Карэі. 25.6.1950 Савет Бяспекі асудзіў дзеянні КНДР як агрэсію супраць РК і 27 чэрв. ў адсутнасць прадстаўніка СССР вырашыў (7 і 14 ліп. пацвердзіў) накіраваць для абароны Паўд. Карэі сілы ААН (пераважна з вайскоўцаў ЗША, якіх спачатку паслана каля 200 тыс., потым да 1 млн.чал.; камандуючы з 7.7.1950 да 11.4.1951 ген. Д.Макартур). 15.9.1950 ЗША і іх саюзнікі высадзілі дэсант (60 тыс.чал.) у тыле войск КНДР у раёне г. Інчхон і на наступны дзень разгарнулі паспяховае наступленне з раёна г. Пусан, у ходзе якога ў кастр. наблізіліся да межаў Кітая і СССР. У кастр. 1950 у вайну ўступілі кітайскія «добраахвотнікі» (12 дывізій, каля 200 тыс.чал.; камандуючы Пэн Дэхуай), якія разам з войскамі КНДР і партызанамі адкінулі праціўніка за 38-ю паралель, 6 снеж. занялі Пхеньян, а 4.1.1951 сталіцу РК г. Сеул (пакінулі яго 14.3.1951). З ліст. 1950 (фактычна з вясны 1951) у баях на баку КНДР удзельнічаў сав. 64-ы асобы знішчальна-авіяц. корпус пад камандаваннем ген.-лейт. Г.А.Лобава (22 лётчыкам, у т. л. грамадзянам Беларусі Я.М.Стэльмаху, Л.К.Шчукіну прысвоена званне Героя Сав. Саюза). Пазней вайна ішла з пераменным поспехам і з чэрв. 1951 стала пазіцыйнай. З 10.7.1951 вяліся мірныя перагаворы, якія 27.7.1953 завяршыліся падпісаннем двухбаковага перамір’я. У асноўным была захавана даваен. дэмаркацыйная лінія, да КНДР адышоў г. Кэсон, а да РК некалькі населеных пунктаў на ўсх. узбярэжжы паўвострава. У вайне загінула ад 3 да 5 млн.чал., значна разбураны гарады і гаспадарка.
Літ.:
История Кореи. М., 1974. Т. 2. С. 223—224;
Пэн Дэхуай. Мемуары маршала: Пер. с кит. М., 1988;
Лобов Г. В небе Северной Кореи // Авиация и космонавтика. 1990. № 10—12;
1991. № 1—5;
Качук Н. Покрышкин из нашего города // Армия. 1996. № 1.
Ю.В.Бажэнаў.
Высадка амерыканскіх войск у Інчхоне ў пачатку Карэйскай вайны 1950—53.