МАРА́НДЗІ ((Morandi) Джорджа) (20.7. 1890, г. Балоння, Італія — 18.6.1964),
італьянскі жывапісец і графік. Вучыўся ў АМ у Балонні (1907—13), выкладаў у ёй (1930—56). Майстар нацюрморта. У ранні перыяд зазнаў уплывы П.Сезана і кубізму («Кактус», 1917), метафізічнага жывапісу («Метафізічны нацюрморт», «Вялікі метафізічны нацюрморт», абодва 1918). Пазней выпрацаваў уласны стыль, які вызначаўся геаметрызмам форм і ліній, яснасцю і рытмічнай ураўнаважанасцю кампазіцыі, аскетызмам прыглушанай колеравай гамы, паэт.-сузіральным ладам, змяшэннем рэальнасці і ідэала мастака: «Ваза з кветкамі» (1924), «Краявід» (1925), «Ракавіны і ваза для садавіны» (1931), «Нацюрморт з кубкамі», «Нацюрморт» (абодва 1953) і інш. Ствараў афорты. Іл.гл.таксама да арт.Італія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРК ((Marc) Франц) (8.2.1880, г. Мюнхен, Германія — 4.3.1916),
нямецкі жывапісец; адзін з заснавальнікаў экспрэсіянізму. Вучыўся ў АМ у Мюнхене (1900—02). Стваральнік (з В.Кандзінскім) маст. аб’яднання «Сіні коннік» (1911). Зазнаў уплывы мадэрну, кубізму, футурызму, таксама В. ван Гога, Р.Дэланэ. Захапляўся пантэізмам, пісаў пераважна выявы жывёл у натуральным прыродным асяроддзі. Творы вызначаюцца дынамічнасцю кампазіцыі, сімвалічнасцю вобразнага ладу і яркага, насычанага каларыту: «Конь у пейзажы» (1910), «Жоўтыя коні» (1911), «Сон», «Тыгр» (абодва 1912), «Конь на беразе мора», «Кампазіцыя з бычкамі», «Ціроль» (усе 1913—14) і інш. Ствараў абстрактныя кампазіцыі «Маленькая кампазіцыя I», «Лань у лесе II», «Формы ў змаганні» (усе 1913—14) і інш., малюнкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАРС»,
серыя сав.аўтаматычных міжпланетных станцый (АМС) для даследавання Марса і касм. прасторы, а таксама праграма іх распрацоўкі і запускаў.
У 1962—74 адбыліся палёты 7 «М.». «М.-1» — першая ў свеце АМС, запушчаная 1.11.1962 ў бок Марса для даследаванняў пры блізкім пралёце. Капсула «М.-2» дасягнула Марса (снеж. 1971). Спускальны апарат «М.-З» (2.12.1971) здзейсніў пасадку на Марс. У 1973 упершыню па міжпланетнай трасе адначасова адбыліся палёты 4 АМС: «М.-4» — «М.-7». Арбітальныя адсекі «М.-2», «М.-З», «М.-5» сталі штучнымі спадарожнікамі Марса. Спускальны апарат «М.-6» дасягнуў паверхні Марса. АМС «М.» далі магчымасць атрымаць навук. даныя пра касм. прастору, атмасферу і паверхню Марса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СЫ ЗАХАВА́ННЯ ЗАКО́Н,
адзін з захавання законаў, які ўстанаўлівае пастаянства масы рэчыва пры яго ператварэннях і ўзаемадзеяннях. Адкрыты эксперыментальна пры вывучэнні хім. рэакцый (М.В.Ламаносаў, 1756; А.Лавуазье, 1770).
Як асобны закон М.з.з. дзейнічае ў класічнай механіцы, дзе скорасць часціц V значна меншая за скорасць святла ў вакууме C (V≪C) і не адбываецца пераўтварэнняў часціц. У адноснасці тэорыі ўстаноўлена ўзаемасувязь энергіі спакою часціцы з яе масай і таму законы захавання масы і энергіі аб’яднаны ў энергіі захавання закон, які пры пэўных умовах выконваецца ў класічнай і ў рэлятывісцкай механіцы (дзе V~C), а таксама ў ядз. рэакцыях і інш. працэсах пераўтварэння элементарных часціц (гл.Дэфект мас, Энергія сувязі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭРЫА́ЛЬНА-ТЭХНІЧНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,
працэс забеспячэння патрэб прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў сродкамі і прадметамі працы для выкарыстання ў сферах матэрыяльнай вытворчасці і невытворчай дзейнасці. Уключае вызначэнне патрэб у матэрыяльных рэсурсах, іх размеркаванне (праз дзярж. заказ або праз рынак), арганізацыю паставак у месцы непасрэднага выкарыстання, а таксама фарміраванне гасп. сувязей паміж пастаўшчыкамі і спажыўцамі. Патрэбы ў неабходных рэсурсах вызначаюцца, зыходзячы з аб’ёму выпуску прадукцыі, норм затрат сыравіны і матэрыялаў, запасаў. Гасп. сувязі паміж пастаўшчыкамі і спажыўцамі арганізуюцца з улікам вытворчасці, транспарціроўкі і спажывання прадукцыі. Адрозніваюць прамыя гасп. сувязі, калі ўсе ўмовы паставак вызначаюцца і ўзгадняюцца самімі вытворцамі і спажыўцамі, і апасродкаваныя, калі ўмовы паставак вызначаюцца пры ўдзеле органаў забеспячэння і інш. пасрэдніцкіх арг-цый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЯРЫ́К, кантынент,
буйны масіў зямной кары, б.ч. паверхні якога выступае над узроўнем Сусветнага акіяна ў выглядзе сушы, а перыферычная ч. апушчана пад узровень акіяна. У сучасную геалагічную эпоху існуе 6 мацерыкоў: Еўразія, Паўночная Амерыка, Паўднёвая Амерыка, Афрыка, Аўстралія, Антарктыда. Для іх характэрны кантынентальны тып будовы зямной кары магутнасцю 35—70 км з прысутнасцю гранітна-метамарфічнага слоя. Вылучаюць унутрыкантынент. і ўскраінна-кантынент. структуры. Да першых адносяцца раўнінныя вобласці, развітыя на стараж. і маладых платформах, і горныя ўтварэнні, якія ўзніклі на месцы геасінклінальных складкавых абласцей. Другі тып структур уключае выраўнаваныя падводныя прадаўжэнні кантынентаў (шэльф, схіл) пасіўных (атл.) ускраін і шэльф, схіл, глыбакаводныя катлавіны, жалабы, акіянічныя астраўныя дугі актыўных (ціхаакіянскіх) ускраін, якія чаргуюцца. Гл.таксамаЗямля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫ́ННАЯ МО́ВА,
спосаб запісу праграм, які дазваляе выконваць іх непасрэдна на тэхн. сродках ЭВМ. Праграма на М.м. з’яўляецца паслядоўнасцю каманд (гл.Каманда ў ЭВМ), адрасоў, даных у любым парадку. Працэсар успрымае і выконвае каманды, выражаныя двайковымі кодамі і размешчаныя ў ячэйках памяці ЭВМ.
Пераважна выкарыстоўваецца ў сістэмным праграмаванні для распрацоўкі найб. аптымальных і эфектыўных праграм, напр., аперацыйнай сістэмы, манітора, кіравальных праграм. У большасці выпадкаў М.м. «схавана» слаямі базавага і прыкладнога праграмнага забеспячэння, што дазваляе працаваць з папярэдне складзенымі праграмамі, а таксама запісваць іх на мовах праграмавання высокага ўзроўню. Пры распрацоўцы базавага праграмнага забеспячэння звычайна карыстаюцца больш зручным спосабам запісу каманд (гл.Асемблер).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ МАРСКА́Я АРГАНІЗА́ЦЫЯ (International Maritime Organization; IMO),
спецыялізаваная ўстанова AAH, міжнар. міжурадавая арг-цыя. Засн. ў 1959 як Міжурадавая марская кансультатыўная арг-цыя (да 1982) у мэтах садзейнічання міжнар. супрацоўніцтву ў галіне марскіх перавозак і марскому гандлю. Мэты ІМО: служыць апаратам для супрацоўніцтва і абмену інфармацыяй паміж урадамі па тэхн. пытаннях, якія адносяцца да міжнар.гандл. суднаходства; садзейнічаць адмене дыскрымінацыйных дзеянняў і залішніх абмежаванняў урадаў, закранаючых міжнар.гандл. суднаходства, а таксама прыняцце норм па забеспячэнні бяспекі на моры і папярэджанні забруджвання мора з суднаў. Вышэйшы орган ІМО — Асамблея, якая склікаецца раз у 2 гады. Паміж сесіямі Асамблеі работай ІМО кіруе Савет. Штаб-кватэра ІМО размешчана ў Лондане (Вялікабрытанія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАЭВАЛЮ́ЦЫЯ (ад мікра... + эвалюцыя),
сукупнасць эвалюцыйных працэсаў, якія адбываюцца ў папуляцыях віду і вядуць да змены іх генафондаў і ўтварэння новых відаў. У сучасным сэнсе тэрмін «М.» ўведзены рас. вучоным М.У.Цімафеевым-Расоўскім (1938). Мутацыі — адзіная крыніца з’яўлення якасна новых прыкмет, адбор — адзіны творчы фактар М., які накіроўвае элементарныя эвалюц. змяненні па шляху фарміравання адаптацый арганізмаў да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя. На характар працэсаў М. ўплываюць колькасныя ваганні папуляцый, абмен генет. інфармацыяй паміж імі, іх ізаляцыя і дрэйф генаў. М. вядзе або да змены ўсяго генафонду біял. віду як цэлага (філетычная эвалюцыя) або (калі папуляцыя ізаляваная) да яе адасаблення ад зыходнага віду ў якасці новай формы. Гл.таксамаВідаўтварэнне, Макраэвалюцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРМЕКАФІЛІ́Я [ад грэч. myrmēx (myrmēkos) мурашка + ...філія],
адна з форм сімбіёзу, заснаваная на выкарыстанні мурашкамі асаблівасцей будовы або выдзяленняў некат. раслін і жывёл. Расліны-мірмекафіты (да 3 тыс. відаў) пашыраны пераважна ў тропіках Паўд.-Усх. Азіі і Амерыкі. Мурашкі селяцца ў пустых ствалах раслін, калючках, міжвузеллях або кормяцца выдзяленнямі раслін. Адначасова яны ачышчаюць і абараняюць расліны ад шкоднікаў. Жывёлы-мірмекафілы (больш за 2 тыс. відаў членістаногіх) прыстасоўваюцца да жыцця ў мурашніках. Большасць іх корміцца адкладамі мурашак ці гніючым буд. матэрыялам мурашнікаў, некат. ператвараюцца ў нахлебнікаў — сімфілаў (напр., у энтамафауне Беларусі — жукі-ашчупнікі, некат. стафілініды, тлі). Мурашкі кормяць сімфілаў, як і свае лічынкі, сімфілы маюць спец. залозы і выдзяляюць рэчывы, якімі кормяцца мурашкі. Гл.таксамаКаменсалізм.